Масленічныя песні

Масленіца пад рознымі назвамі (карнавал, кукер, запуст і інш.) вядома ўсім еўрапейскім народам. Ва ўсходніх славян яна ўведамлялася як свята праводзін зімы і сустрэчы вясны, прычым у рускіх акцэнт рабіўся на першай функцыі, а ў беларусаў і ўкраінцаў – на другой. У нядзелю Масленічнага тыдня (апошняга перад Вялікім пастом) беларусы першы раз гукалі вясну.

Згодна з былой структурай свята масленічныя песні падзяляюцца на некалькі функцыянальна-тэматычных груп:

§ песні сустрэчы і праводзін Масленіцы;

§ песні на гуляннях;

§ абходныя песні з віншаваннем маладыдых пар;

§ песні на гуляннях, прычым набытак беларускага фальклору – гушкальныя /арэльныя/ песні, украінскага – прысвечаныя Калодзію (калодцы).

Масленічны абход двароў, у адрозненне ад каляднага, функцыянальна абмежаваны. Яго мэта – аддаць увагу маладой пары, якая павянчалася ў мінулы мясаед. Рытуальны сэнс набывала іх каханне і эратычныя здольнасці як умова працягу жыцця роду. У рускіх асаблівае значэнне надавалася публічным пацалункам. Спявалі фрывольна-жартоўныя песні, у якіх муж параўноўваўся з гуллівым жарэбчыкам, а маладзіца – з ласіцай.

Беларусы аддавалі ўвагу маладым у больш прыстойнай форме. Жанчыны вазілі маладзіцу на санях, спявалі ёй песні, прадракаючы нараджэнне дзіцяці адпаведна пачастункам: “ Вазьмі сыра – родзіш сына, вазьмі мачку – родзіш дачку ”. У хаце, быццам абараняючы маладуху, спявалі жартоўныя і дакорлівыя песні ў бок прыдзірлівай свекрыві і свёкра.

Вешанне на хлопцаў “калодкі” ў пакаранне за тое, што яны не выканалі свій абавязак, засталіся халастымі, – агульны звычай украінцаў і беларусаў. На Віцебшчыне калодку з паяском маглі накідваць на шыю гаспадару, а той павінен быў адкупіцца. Мяркуем, што так, відаць, адзначалі бяздзетных. Нам вядомы толькі адзін тэкст беларускай песні пра калодку з в. Ляды Дубровенскага раёна: “ Калода рагочыць, сыра, бліна хочыць. Ці спёкся блін, ці зварыўся сыр?” Украінскія песні пра Калодзія ўключаюць фрывольныя намёкі і разгортваюць “біяграфію” персаніфікаванага вобраза ад нараджэння ў панядзелак да пахавальнага аплаквання ў суботу. Генезіс і семантыка вобраза Калодзія да канца не высветлена. Выказвалася думка, што песні ў абагульненым плане перадаюць “біяграфію” дрэва, але сувязь гэтых твораў з Масленіцай патрабуе дадатковага вывучэння.

Нельга сказаць, што масленічныя песні лёгка размяркоўваюцца па жанрах, хаця дамінантныя жанраўтваральныя рысы выяўляюцца ў іх даволі выразна. Стала традыцыяй вылучаць прысвечаныя Масленіцы велічальныя і дакорлівыя песні, абмяжоўваючыся ў дачыненні да астатніх аналізам зместу і агульнымі разважаннямі.

Кампазіцыйна ў велічальных і дакорлівых песнях вылучаюцца тры істотныя часткі:

1. Характарыстыкі-азначэнні ці апісанні, якія тычацца самога свята і антрапаморфнага персанажа: “ шырокая наша масленіца ”, “ ты весёлая наша Маслена ” з аднаго боку, “ Масленіца-каўзуха ”, “ широкорожая ” Масленіца – з другога.

2. Паэтычныя выказванні, якія пазначаюць стаўленне ўдзельнікаў свята да Масленіцы. Яе чакаюць (“ А мы масленку дажыдалі ”), сустракаюць як дарагую госцю (“ Масленіцу сутракалі, сырам горачку набівалі ”), а потым ад яе пазбаўляюцца, быццам ад госця, які ўжо надакучыў. На Віцебшчыне запісана песня, у якой, відаць, адлюстравалася рытуальнае знішчэнне Масленіцы: “ А мы Масленіцу пракаталі, у пясок яе закапалі ”.

3. Рысы падаўца святочных даброт з’яўляюцца ў беларускай Масленіцы пад уплывам каляднай паэзіі (нагадаем: Каляда сама прывозіць людзям падарункі): “ Ой, сядзела масленіца на калу, на калу, кідала масла па каму ”.

4. Адзін з асноўных матываў песень часу заканчэння свята – нараканні на Масленіцу за падман і кпіны з Масленіцы-палізухі. Песні-звароты да Масленіцы-каўзухі, якая занадта хутка скончылася. Яе папракаюць за тое, што замест сямі тыдняў яна працягнулася толькі сем дзянёчкаў “ ды на большы пост пасадзіла, ды на кіслую на капутсу, ды на горкую на рэдзьку ”.

Беларускія масленічныя песні маюць агульныя рысы з калядкамі і вяснянкамі, але роля носьбіта даброт адводзіцца ў іх ластаўцы, вобраз якой не характэрны для рускай традыцыі. У вялікай колькасці варыянтаў вядома рытуальная песня “А ў нас сёння Масленіца” з глыбокім міфалагічным падтэкстам. Сюжэтная сітуацыя песні тыпалагічна супадае з частакай палеалітычнай мастацкай кампазіцыі, дзе прадстаўлена птушка на жэрдцы ў спалучэнні з салярным знакам. У свядомасці беларусаў ластаўка звязвалася з пачаткам (“ Ластаўка дзень пачынае ”), скінутае ёй масла – з дабром і шчасцем: “ А хто хопіць, дык таму будзе хораша ў даму ”.

Значная колькасць запісаных у наш час масленічных песень з нацыянальна адметнымі матывамі дазваляе сцвярджаць, што Масленіца на Беларусі зусім не выпадковая з’ява, а арганічная частка традыцыйнай народнай культуры.

У параўнанні з рускім фальклорам яскравых велічальных песень у беларусаў няма. Захаваліся толькі творы з выразным зачынам “Шырокая наша Масленіца”, але яны адносяцца да сярэдзіны свята. Большая частка твораў пачынаецца з рытуальнага апавяшчэння пра надыход Масленіцы. Напрыклад, на Віцебшчыне ў вялікай колькасці варыянтаў запісана рытуальная песня “Á ў нас сёння Масленіца” з глыбокім міфалагічным падтэкстам. Яна складаецца з двух матываў. Першы – прыляцеўшая / вылецеўшая з куста/ ластаўка ўладкоўваецца на калу. Прыгадаем абрадавыя атрыбуты “гукання вясны” – печаных “птушачак”, якіх дзеці ўмацоўвалі на доўгія шасты. Другі песенны матыў тычыцца стасункаў ластаўкі і людзей, іх дзеянняў са скінутым ластаўкай маслам. Ластаўка ведае будучыню, у яе пытаюцца пра ўраджай і асабісты лёс: “Á ці скора будзіць лецечка, лецечка? Ці зародзіць бог жыцечка, жыцечка?”, ”Што ў вёсцы дзеецца?”, “Ці будзіць свякроў матуляй?” і г. д.

Á У НАС СЁННЯ МАСЛЕНІЦА

Ад З.К. Купрыянец, А.Р. Купрыянец, В.П. Пажарскай з г. Талачына

Á ў нас сёння масленіца, масленіца,

Выліціла з куста ластавіца, ластавіца.

Села іна на калу, на калу,

Скінула масла на каму, на каму.

Á хто схопіць – то таму, то таму.

Яе дзевачкі спаймалі, спаймалі,

Да ўсю праўду пыталі, пыталі,

Á ці скора будзіць лецечка, лецечка,

Ці зародзіць бог жыцечка, жыцечка.

Запісала В. Шарчанкава ў 1984 г.

Цэнтральным вобразам песень, якія гучалі на гуляннях, з’яўляецца вобраз гары. Станоўчае значэнне ў іх надаецца дзяўчатам і маладзіцам, ухваляецца масленічнае гулянне і нават свавольствы дзяўчат і жанок, адмоўнае – старым бабам, якія абгаворваюць нявестак, нават шкодзяць гару. Умоўна-камічны свет ствараецца ў песнях, якія зневажаюць хлопцаў і ўхваляюць дзяўчат.

Зыходзячы з кантэксту песень, можна сказаць, што, відаць, частка твораў выконвалася пад час карагодаў і танкоў. Пра гэта сведчыць, прынамсі, іх прыпеў ”Люлі-люлі” з паўтарэннем апошняга слова з папярэдняга радка.

МЫ НА ГОРАЧЦЫ ПАБЫВАЛІ...

Ад Р.С. Агеевай (1940) з в. Адаменкі Лёзненскага раёна

Мы на горачцы пабывалі,

Ай, люлі, ай, люлі, пабывалі!*

Сваю маслініцу сустракалі,

Бліны масліцам залівалі,

Ды блінамі ўсіх частавалі.

Нашай маслініцы сем дзянёчкаў

Ды сем нядзель пасточку.

*Прыпеў “Ай, люлі, ай, люлі” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.

Запісала Д. Гардзіевіч

ГУШКАЛЬНЫЯ /АРЭЛЬНЫЯ/ ПЕСНІ

Гушкальныя песні з адмысловымі гукапераймальнымі прыпевамі-воклічкамі складаюць асобную групу. Любоўна-шлюбныя матывы з’яўляюцца ў іх скразнымі. Па кампазіцыйнай форме гушкальныя песні часцей за ўсё маналог дзяўчыны, якая просіць сябровак ускалыхнуць яе так высока, каб убачыць усё далёка: “ дзе міленькі гуляе ”, ” свякроў двор ”, жаніцьбу сямёрых хлопцаў у суседняй весцы і г. д.

А У ПОЛІ КАЛЫСКА, ВІСІЦЬ ЯНА НІЗКА...

Ад М.С. Багуцкай (68) з в. Адрубак Дакшынскага раёна

А ў полі калыска, вісіць яна нізка,

Ой, люлі-палюлі, вісіць яна нізка.*

Калышуцца дзеўкі – слічныя паненкі,

Калышуцца хлопцы – слічныя малойцы,

Як мы, маладыя, туды захацелі,

Туды захацелі – дзіва паглядзелі.

*Паўтараецца з другой часткай кожнага радка

Запісала Н. Багуцкая

НА УЛІЦЫ АРЭЛЬКІ – КАЛЫШАЦЦА ДЕЎКІ...


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: