Культура Беларусі XIV – XV стст

Станаўленне беларускай культуры адбывалася на аснове багатай спадчыны мінулага. Яна развівалася ў цесным узаемадзеянні з літоўскай, польскай, рускай, украінскай і іншымі культурамі суседніх народаў. У Беларусі сталі зараджацца перадумовы для перамены поглядаў людзей на навакольнае асяроддзе. Гэта было выклікана ростам гарадоў, узмацненнем цэнтральнай улады, фарміраваннем беларускай народнасці, пашырэннем сувязей з еўрапейскімі краінамі.

Беларуская культура ўсё больш набывала непаўторныя і адметныя рысы. Яе своеасаблівасць праяўлялася ва ўсім – народнай творчасці, літаратуры, драўляным і мураваным дойлідстве, выяўленчым мастацтве. Да таго ж старабеларуская мова выконвала ў княстве Літоўскім ролю агульнадзяржаўнай. Ёю шырока карысталіся ў школах, летапісцы, сяляне, мяшчане і шляхта, прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады. Першымі помнікамі беларускай пісьменнасці былі граматы, дагаворы, акты, вопісы маёмасці і іншыя дакументы службовага прызначэння.

Рукапісная кніга. Віднае месца ў гэты час на Беларусі займала кніжная справа. Бібліятэкі і цэнтры рукапіснага мастацтва існавалі ў Полацку, Віцебску, Оршы, Друцку, Тураве. Значным цэнтрам перапіскі кнігі і бібліятэчнай справы быў Наваградак, а таксама Лаўрышаўскі манастыр, які знаходзіўся недалёка ад яго. Выдатнымі помнікамі беларускай кніжнай культуры XIV ст. з’яўляюцца Друцкае, Мсціжскае і Лаўрышаўскае евангеллі, а XV ст. Жыровіцкае евангелле. Назва апошняга помніка пісьменнасці паходзіць ад в. Жыровічы Слонімскага раёна. Усе богаслужэбныя кнігі напісаны на царкоўнаславянскай мове. У XV ст. на старабеларускую мову былі перакладзены і перапісаны некаторыя помнікі сусветнай літаратуры. Сярод іх аповесці «Троя», «Александрыя», «Страсці Хрыстовы» і інш. Як і раней, у гэты час спачатку пераважаў старажытны від пісьма. Ён вызначаўся стройным і выразным абрысам літар. Кожную літару выводзілі асобна. Аднак паступова ўсё часцей сталі ўжывацца новыя віды пісьма. Адзін з іх адрозніваўся меншай фігурнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і большай колькасцю скарачэнняў. Пачаў выкарыстоўвацца і скорапіс, які характарызаваўся звязным напісаннем літар у слове. Вельмі раскошна ўпрыгожваліся ў гэты час рукапісныя кнігі. Іх мастацкая аздоба залежала ў многім ад прызначэння. Яны размалёўваліся, як і ў папярэднія вякі, яркімі фарбамі, малюнкамі людзей, звяроў і птушак, кветак і дрэў, розных казачных істот. Прычым менавіта ў гэты час для ўзораў былі найболып характэрнымі фантастычныя выявы, дзівосна пераплеценыя разнастайнымі раслінамі. Асабліва вялікая ўвага прыдавалася ўпрыгожванню загалоўнай або першай літары слова, з якога пачыналнсм кніга, раздзел, самастойная частка тэксту. Вельмі старанна аздаблялася і заключная чі стка кнігі ці яе раздзела. Вокладкі рукапісных кніг рабілі, як правіла, з дзвюх дубовых дошчачак, абцягнутых скурай і ўпрыгожаных каштоўнымі пласцінкамі і каменнямі. Да вокладкі звычайна прымацоўвалі металічныя засцежкі, каб кнігу можна было зашпільваць.

Значную цікавасць выклікае мастацкае афармленне Лаўрышаўскага евангелля. Яно змяшчае вялікую колькасць па-мастацку вырабленых загалоўных літар і 19 малюнкаў невялікіх памераў (мініяцюр). У цэнтры пераплёту на срэбранай пласціне знаходзіццн выява святога з дзідаю і шчытом. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў святым увасоблены заснавальнік Лаўрышаўскага манастыра Наваградскі князь Войшалк.

Беларуска-літоўскія летапісы. Да XV ст. на Беларусі вяліся пагадовыя запісы важнейшых гістарычных падзей. Яны давалі звесткі галоўным чынам аб сваіх землях. Затым мясцовыя летапісы ўступілі месца агульнадзяржаўным, якія складаліся на старабеларускай мове. 3 такіх пазіцый напісаны невядомым аўтарам у Смаленску гісторыка-літаратурны твор «Летапісец вялікіх князёу літоўскіх» (20-я гг. XV ст.). Асноўны яго змест абгрунтаванне неабходнасці аб’яднання беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх зямель у адной дзяржаве. Першая частка твора – аповесць пра гібель князя Кейстута ў барацьбе з Ягайлам. Другая частка «Летапісца...» складаецца з кароткіх апавяданняў пра дзейнасць Вітаўта. Твор напісаны як першы вопыт кароткай гісторыі Вялікага княства Літоўскага. У ім упершыню праведзены пагадовы запіс гістарычных падзей.

Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. прысвечаны гісторыі ўсходніх славян і Літвы. Ён ахоплівае падзеі з сярэдзіны IX ст. Звесткі па гісторыі Русі запазычаны з рускіх летапісаў. 3 мясцовых твораў увайшлі смаленскія пагадовыя запісы апошніх дзесяцігоддзяў, «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» і «Пахвала Вітаўту». Шмат увагі ўдзяліў аўтар гістарычнай ролі беларуска-літоўскай дзяржавы ва Усходняй Еўропе. Цэнтральнай фігурай летапісу стаў Вітаўт. Адначасова ў творы сцвярджаецца магутнасць і міжнародны аўтарытэт гэтага князя. Аўтару ўдалося таксама значна змяніць характар летапісу. Ім выпрацаваны лаканічны і выразны спосаб выкладання гістарычнага матэрыялу. Прычым адметнай рысай твора з’яўляюцца спалучэнні пагадовага запісу тагачасных падзей са звязным апавяданнем пра мінулае і кароткімі дзелавымі запісамі.

Мураванае дойлідства. Значны ўплыў на яго развіццё ў той час аказвала ўнутранае і знешняе становішча Вялікага княства Літоўскага. Для мураванага дойлідства Беларусі ў XIV – XV стст. былі характэрны абарончыя збудаванні. Паўсюдна ўдасканальваліся ўмацаванні гарадоў, крэпасцей і замкаў. Нетрывалыя драўляныя сцены і вежы замяняліся мураванымі. Пры будаўніцтве ўжывалі трохслаёвую муроўку. Спачатку з цэглы ці спецыяльна падабраных камянёў выкладвалі вонкавыя паверхні сцен. Затым прамежкі паміж імі запаўнялі кавалкамі цэглы і дробным каменнем і залівалі вапнавым растворам.

Да сягонняшняга дня хвалююць людзей рамантычныя руіны тагачасных замкаў. Найбольш магутныя абарончыя збудаванні былі ўзведзены ў XIV ст. у Наваградку, Лідзе, Крэве (сучасны Смаргонскі раён) і Віцебску. У пачатку XV стагоддзя створаны не менш умацаваны замак у Гародні, а ў канцы XV ст.Геранёнскі замак (цяперашні Іўеўскі раён). Абарону Наваградскага замка ўзмацнялі 7 вежаў, Гародненскага – 5, Лідскага і Крэўскага – 2. Таўшчыня ж мураваных сцен дасягала некалькі метраў. Так, сцены Крэўскага замка мелі таўшчыню 2,5 – 2,75 м, а вышыню – 12 – 13 м. У асобных жа абарончых збудаваннях сустракаюцца рысы раманскай архітэктуры і готыкі. Часам яны аздабляліся адпаведнымі ўзорамі і скульптурамі. Але замкі не страцілі сваёй масіўнасці і суровасці.

У гэты ж час узніклі некаторыя асаблівасці царкоўных збудаванняў. Пачала складвацца, напрыклад, беларуская готыка. Асноўнай прыкметай готыкі з’яўлясцца адмысловы тып скляпення – крыжовы. Ён дазволіў узводзіць больш высокія будынкі з менш тоўстымі сценамі. Першым гатычным мураваным храмам на тэрыторыі сучаснай Беларусі стаў Троіцкі касцёл, які пабудаваны ў в. Ішкалдзь Баранавіцкага раёна ў XV ст. Яго будынак прамавугольнай формы пакрыты высокім двухсхільным дахам. Сцены храма ў ніжняй частцы ўпрыгожаны ўзорамі, якія выкладзены з дапамогай перапаленай цэглы амаль чорнага колеру. Звонку касцёл умацаваны папярочнымі выступамі, што зменшыла нагрузку з унутраных калон апорных частак сцен. Гэта давала магчымасць патончваць ненагружаныя часткі сцен, павялічыць прастору памяшкання. Заходні шчыт храма аздоблены плоскімі нішамі – паглыбленнямі ў сцяне будынка, якія абагачаюць яго вонкавы від. Памяшканне ўнутры храма падзелена 4 слупамі на 3 часткі. Уверсе слупы пераходзяць у паўкруглае перакрыццё.

Для тагачаснага беларускага мураванага дойлідства ўласціва спалучэнне рыс раманскіх збудаванняў, готыкі і айчыннага будаўніцтва. Гэта сведчыць аб цесных яго сувязях з усходнеславянскай і заходнееўрапейскай архітэктурай, што надало яму непаўторную мастацкую каштоўнасць.

Выяўленчае мастацтва. Найбольш пашыраным у XIV – XV стст. было пісанне ікон (абразоў)1. Яны выконваліся на дошках, пакрытых тоўстым мелавым слоем. Звычайна выявы на іх змяшчаліся на паглыбленнях або на так званых каўчэгах. Як правіла, паглыбленні знаходзіліся ад краю дошкі за 2 – 7 см і мелі глыбіню 2 – 3 мм. Вобраз маці Іісуса Хрыста стаў тады галоўным у іканапісе Беларусі. 3 тых даўніх часоў дайшлі да нас іконы: «Маці боская Замілаванне» з Маларыты, «Маці боская Адзігітрыя Смаленская» з Столінскага раёна, «Маці боская Адзігітрыя» з Дзісны і інш.

3 пісьмовых крыніц вядома, што ў XIV ст. беларускія майстры размалёўвалі храмы і замкі на ўсёй тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага і Польшчы. Ёсць таксама звесткі пра партрэты, напісаныя жывапісцамі Беларусі таго часу. Пераважна гэта былі творы аб канкрэтных гістарычных асобах. У іх ліку – партрэт Ягайлы работы Якуба Венжыка, віцебскай княжны Пракседы (XIV ст.), вялікага князя Аляксандра (XV ст.) і інш. У той час развівалася і скульптура. Яе творамі ўпрыгожваліся палацы і замкі феадалаў, цэрквы і касцёлы. Яны былі, відаць, пераважна драўлянымі. Вельмі ж цікавай скульптурай з каменя з’яўляецца «Маці боская Жыровіцкая» (XV ст.). Суровыя раманскія рысы бачны ў драўлянай выяве «Распяцце» (XIV ст.) з Глыбоцкага раёна, а прыметы готыкіу скульптуры Святога Гжэгажа з Полацка.

Тагачасная культура Беларусі была цесна звязана з украінскім, літоўскім і польскім мастацтвам. У беларускай скульптуры ўзмацняўся ўплыў заходнееўрапейскага мастацтва. Гэта тлумачыцца пранікненнем каталіцызму, якое стала асабліва адчувацца пасля заключэння Крэўскай уніі. У касцёлах з’яўляецца рознакаляровая драўляная і каменная скульптура.

Шырока распаўсюджваўся ў гэты час беларускі арнамент пры афармленні рукапісных кніг. Характэрнай яго асаблівасцю стала спалучэнне фігурнага, расліннага і жывёльнага ўзораў. Прычым з фігурных узораў пераважалі варыянты ромба, квадрата і крыжа, а з раслінных – елачкі, кляновыя лісты, валошкі, лён, жалуды і сланечнік. Сярод жывёльных выяў дамінавалі пчолы, гусі, валовыя вочы і інш. Адметнасць беларускіх узораў выяўлялася ў іх мяккіх лініях і разрэджанасці.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: