Калектывізацыя заходняй Беларусі

Самай вялікай праблемай беларускай сельскай гаспадаркі пасляваеннага перыяду быў дэфіцыт цяглавай сілы. І хаця ў 1945 г. з Расіі ў Беларусь было дастаўлена 1 542 трактары і 70 тыс. коней, аднак гэтая дапамога толькі ў невялікай ступені змякчыла патрэбы ў гэтай галіне. Кожны з ліку 4 тыс. калгасаў распараджаўся 2—10 коньмі. У некаторых калгасах коні адсутнічалі. У Віцебскай вобласці ў якасці цягла выкарыстоўвалі кароў. Здаралася, што плуг прыводзіўся ў рух пры дапамозе людской сілы. Сітуацыю ўскладняла яшчэ і тое, што большасць сельскіх мужчын папоўніла рады Чырвонай Арміі або была накіравана на работы пры адбудове дарог, мастоў, чыгункі. Менавіта таму, нягледзячы на незвычайныя намаганні застаўшыхся на вёсцы жанчын, значная частка зямлі вясною 1945 г. засталася неабсеянай. Паправілася сітуацыя толькі ў 1947 г., калі частка сялян была дэмабілізавана і калі павялічылася колькасць прывезеных з Расіі трактароў. Паводле савецкіх крыніц, даваенны ўзровень сельскагаспадарчай вытворчасці быў дасягнуты ўжо ў 1950 г.

У заходняй частцы Беларусі пераважалі аднаасобніцкія гаспадаркі. У 1946 г. былі там толькі 133 калгасы, якія ўзніклі на базе ліквідаваных фальваркаў. Першапачаткова метады калектывізацыі ў заходніх абласцях, у параўнанні з тымі, якія прымяняліся ва ўсходняй Беларусі ў дваццатых і трыццатых гадах, былі надзвычай лагоднымі. Заснаванню калгасаў звычайна спадарожнічала прапагандысцкая акцыя. Новаствораныя калектыўныя гаспадаркі атрымоўвалі трактары і сельскагаспадарчыя машыны, калгаснікам у першую чаргу электрыфікавалі дамы. Ствараліся таксама калгасныя партыйныя і камсамольскія камітэты, якія дбалі пра адпаведную атмасферу сярод сялян, прымушаных аддаць вотчыну.

Да 1949 г. калектывізацыя заходняй Беларусі вялася галоўным чынам пры выкарыстанні прапаганды, угаворвання і палітычных метадаў і таму ў пачатку гэтага года было там усяго 909 калгасаў. Вясной 1949 г. савецкія ўлады вырашылі пакарыстацца багатым арсеналам сродкаў, якія прымяняліся ў ходзе калектывізацыі ўсходняй часткі рэспублікі. Рэпрэсіі і дэпартацыі г.зв. кулакоў у глыб СССР зноў аказаліся неабходнымі для паспяховага правядзення “сацыялістычных пераўтварэнняў на вёсцы”. У канцы 1950 г. у заходніх абласцях працавалі ўжо 6 054 калгасы, якія гуртавалі амаль 84% усіх сялянскіх гаспадарак. Калектывізацыя ў Беларусі была завершана толькі ў 1952 г.

У верасні 1951 г. Савет Міністраў СССР прынянў пастанову “Аб высяленні кулакоў з Беларускай ССР”. У прынцыпе, ужо пасля заканчэння калектывізацыі пачалі высылаць былых багатых сялян у Сібір, Казахстан і Якуцію. У 1952 г. вывезеных было амаль 30 тыс. чалавек, у тым ліку дзяцей, жанчын, старэч, якіх віной было тое, што ў мінулым была ў іх большая чым у іншых гаспадарка.

Савецкія ўлады трактавалі калгасы так як і дзяржаўныя прадпрыемствы. Зверху слалі ім указанні аб відах вытворчасці без уліку якасці зямлі і кліматычных умоў на дадзенай тэрыторыі. Строгія пакаранні за невыкананне ўказанняў прымушалі калгаснікаў выконваць работу, якая не давала ніякіх гаспадарчых рэзультатаў. Дзяржаўная адміністрацыя вызначала таксама цэны збыту і велічыню заробкаў калгаснікаў, якія былі значна меншыя за зарплаты рабочых на заводах. Незавіднае становішча калгаснікаў выратоўвалі прысядзібныя ўчасткі, якія на фоне ўраджайнасці ў калектыўных гаспадарках былі цудам агратэхнічных дасягненняў.

У аснове сельскагаспадарчай палітыкі пасляваеннага сталінізму ляжала логіка трыццатых гадоў. Характарызавалася яна цэнтралізаваным кіраваннем і паўнявольніцкай працай сялян, пазбаўленых сваёй зямлі. Калгаснікі мусілі плаціць спецыяльны падатак ад усяго, што знаходзілася ў ягоных дварах і мела рысы прыватнай уласнасці — ад пладовых дрэў, вуллёў, хатняй птушкі, вырошчванай морквы або цыбулі. Такая палітыка, мэтай якой было засяроджанне высілкаў людзей на калгасным полі, забівала ўсялякую актыўнасць і ставіла калгаснікаў у поўную залежнасць ад улады.

Адзінай прыкметай змен у пасляваенны перыяд было змякчэнне пакаранняў за крадзеж “дзяржаўнай і грамадскай уласнасці”. Рашэннем Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР усім, што ўкралі калгасную ўласнасць, хаця і далей называлі іх ворагамі народа, пагражала пакаранне ў памеры ад 5 да 20 гадоў турэмнага зняволення. Было гэта істотнае, у параўнанні з 30 гадамі турмы, змякчэнне рэпрэсіўнасці савецкага правасуддзя, паколькі раней за такія злачынствы віноўнікі прыцягваліся нават да вышэйшай меры пакарання.

Пры цэнтралізаваным адміністрацыйным кіраванні ўраджайнасць калгаснай гаспадаркі была трывожна нізкая і таму ў 1952 г. былі ўчынены спробы стварыць такую сістэму працы, якая змяшчала б элементы эканамічнага заахвочвання і спрыяла б зацікаўленасці работнікаў гаспадарчымі вынікамі калгасаў. Велічыня заработнай платы пастаўлена была ў залежнасць ад колькасці выпрацаваных за месяц чалавекадзён. І хаця некаторыя калгаснікі выконвалі па два чалавекадні (16 гадзін) у суткі, мела гэта невялікі ўплыў на агульную прадукцыйнасць калгасаў.

У 1955 г. Цэнтральны Камітэт Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (КПСС) рашыўся на частковае адмаўленне ад цэнтральнага вызначання задач паасобным калгасам. З вясны 1955 г. кіраўніцтвы калгасаў маглі самастойна вырашаць аб плошчах пасеваў збожжавых культур і відах жывёлагадоўлі. Гэтая невялікая доля свабоды вельмі хутка давяла да росту ўраджайнасці збожжавых і пагалоўя жывёлы. У палове пяцідзесятых гадоў Беларусь стала адной з важнейшых крыніц забеспячэння Расіі ў харчовыя прадукты.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: