Пытанні і заданні для самакантролю. 1. Якое месца падкласа разідных у філагенетычнай сістэме?

1. Якое месца падкласа разідных у філагенетычнай сістэме?

2. Характарыстыка раслін парадку ружакветных. Сям’я ружавых, яе прадстаўнікі, іх выкарыстанне і ахова. Напрамкі эвалюцыі кветкі раслін сям’і ружавыя.

3. Характарыстыка раслін парадку бабовакветныя, іх сістэматыка, прадстаўнікі, практычнае значэнне, выкарыстанне і ахова.

4. У якім напрамку прасочваецца эвалюцыя будовы кветкі бабовакветных?

Парадак рутакветныя (Rutales)

Сям’я рутавыя (Rutaceae) прадстаўлена дрэвамі, хмызнякамі, рэдка травамі. Яна ўключае каля 150 родаў і 900 відаў трапічных, субтрапічных і часткова цёплаўмераных паясоў абодвух паўшар‘яў, але галоўным чынам у паўднёвай Афрыцы і ў Аўстраліі. Рутавыя – пераважна вечназялёныя дрэвы ці хмызнякі, іншы раз ліяны, вельмі рэдка шматгадовыя і аднагадовыя травы.

Лісты складаныя, перыстыя, радзей простыя. У вегетатыўных органах, іншы раз і ў пладах маюцца ёмістасці з эфірнымі алеямі, бальзамамі і смоламі.

Кветкі двухполыя, іншы раз аднаполыя, большай часткай правільныя, звычайна з двайным 5-4-членным калякветнікам, часта з нектарным дыскам паміж андрацэем і гінецэем. Чашалісцікі свабодныя, іншы раз зрослыя. Тычынак у два разы, радзей у некалькі разоў больш чым пялёсткаў; іншы раз яны зрастаюцца ў аснове. Каляпялёсткавыя тычынкі ператвараюцца ў нектарнікі ці адсутнічаюць. Пладалісцікаў 5-4, радзей менш (да аднаго), яшчэ радзей пладалісцікаў шэсць-некалькі. Яны зрастаюцца, іншы раз не заўсёды поўнасцю, а толькі каля слупка. Завязь, як правіла, шматгняздовая, з 1-2-ма семязачаткамі ў гняздзе, верхняя. Плады разнастайныя, бываюць сухімі ці сакавітымі. Сухія плады часта распадаюцца на 4-5 ці 1-3 скурыстыя плодзікі, ці яны лопасцевыя каробачкападобныя або падобныя на крылаткі клёна ці льну. Сакавітыя плады касцянка- ці ягадападобныя, маюць або дравяністы экзакарпій і сакавіты эндакарпій, або наадварот. Плод гесперыдый уласцівы многім прадстаўнікам падсям’і цытрусавых роду цытрус (Citrus), куды ўваходзяць апельсін, лімон, мандарын і іншыя віды. Гесперыдый уяўляе сабой вельмі своеасаблівую разнавіднасць ягадападобнага плода. Для яго характэрна наяўнасць даволі тоўстай, двухслойнай скуры і мякаці, якая запаўняе цалкам гнёзды плода. Мякаць складаецца з мноства верацёнападобных валаскоў, запоўненых сокам, называемых сокавымі мяшочкамі. Пры паспяванні плода мякаць некаторых цытрусавыях лёгка можа быць раздзелена на долі, гнёзды плода. У кожным гняздзе спелага плода знаходзіцца адно ці два семя, размешчаных адзін на другім. Скура геперыдыя складаецца з двух слаёў. Вонкавы слой – экзакарпій жоўтага ці аранжавага колеру, утрымлівае вялікую колькасць залозак з эфірным алеем. Другі слой – мезакарпій, у спелых пладоў белай губчастай структуры.

Сям‘ю рутавых падзяляюць на 5-6 падсямей, з якіх разгледзім дзве.

Падсям’я рутавыя (Rutoideae) з‘яўляецца самай буйной (86 родаў) у сям‘і. Сюды ўваходзяць усе травяністыя прадстаўнікі сям‘і (5-6 родаў), характэрных толькі для ўсходняга паўшар‘я. Да іх належыць рута (Ruta), якая складаецца з 7-мі відаў. Адін з прадстаўнікоў – рута пахучая (R. gravealens, малюнак 120). Гэта шматгадовая моцна араматычная травяністая расліна з двойчы і тройчы перыстарассечанымі лістамі. Кветкі ў верхавінным суквецці, пратаандрычныя, апыляюцца галоўным чынам дробнымі кветкавымі мухамі.

У раскрытай кветцы ляжачыя на пялёстках тычынкі адна за другой уздымаюцца, а пасля ўскрывання пыльнікаў (рыльца песціка ў гэты час амаль не развіта) апускаюцца на пялёсткі. У канцы цвіцення яны зноў уздымаюцца, сутыкаюцца з рыльцам і, калі да гэтага часу яно не апылілася чужым пылком, самаапыляецца.

Расліна ядавітая, утрымлівае эфірны алей. Здаўна культывуецца ў Еўропе і Прыбалтыцы як харчовая прыправа і лекавая расліна.

Падсям’я цытрусавыя (Citroideae) уключае род цытрус (Сitrus), да якога належаць важнейшыя культурныя пладовыя расліны: апельсін, лімон, мандарын, грэйпфрут, а таксама памяранец, пампельмус, бергамот і некаторыя іншыя. Цытрусавыя – гэта вечназялёныя, звычайна невялікія дрэвы ўвышыню 4-8, рэдка 12-20 м, іншы раз хмызнякі, часта з калючкамі ў пазухах лістоў. Кветкі ў іх даволі буйныя, белыя (у лімона звонку чырванаватыя), вельмі духмяныя, адзіночныя ці, часцей, у шчытападобных малакветкавых суквеццях. Плады-гасперыдыі цытрусавых адрозніваюцца высокім утрыманнем розных карысных рэчываў, а некаторыя з іх і цудоўнымі смакавымі ўласцівасцямі.

Цытрусавыя шырока культывуюцца ў многіх субтрапічных і трапічных абласцях зямнога шара. Радзімай культурных цытрусаў лічаць Індыю, а таксама Паўднёвы Кітай і Індакітай.

Апельсін (Citrus sinensis) – асноўная пладовая культура ў субтрапічных і часткова трапічных (Паўднёвая Амерыка, Індыя, Паўднёвы Кітай) абласцях абодвух паўшар‘яў.

Памяранец, кіслы ці горкі, апельсін (C. aurantium). У свежым выглядзе яны неядомыя, выкарыстоўваюцца для атрымання соку, які цэніцца сваімі лекавымі ўласцівасцямі. З кветак атрымліваюць эфірны алей для вытворчасці духоў. Памяранец служыць асноўным падвоем для апельсіна і іншых цытрусавых.

Бергамот, апельсін-бергамот (C. bergamia) лічаць разнавіднасцю памяранца (C. aurantium). Са скуры яго пладоў, а таксама з кветак, лістоў і маладых парасткаў атрымліваюць бергамотавы алей, які выкарыстоўваюць у парфумерыі.

Мандарын (С. reticulata) адрозніваецца ад іншых мандарынавых лёгкасцю аддзялення скуры яго пладоў ад мякаці.

Грэйпфрут (C. paradisi) мае буйныя акруглыя плады з зеленавата-жоўтай, гладкай, даволі тоўстай скурай і своеасаблівым гаркаватым смакам мякаці, падобным на смак мякаці пампельмуса.

Лімон (C. limon) характарызуецца высокім утрыманнем вітаміна С. Гэту расліну разводзяць і ў пакаёвых умовах.

Вядомы і іншыя прадстаўнікі падсям‘і цытрусавыя: сапраўдны, ці кіслы, лайм (C. aurantiifolia), салодкі лайм, ці салодкі лімон (C. limetta) і іншыя.

Многія рутавыя служаць крыніцай для атрымання драўніны: шаўковае, ці атласнае, дрэва (Chloroxylon swietenia), фагара буйналістая (Fagara macrophylla), фагара крылападобная (F. pterota) і іншыя.

Феладэндрон, аксаміт (Phellodendron), род двухдомных дрэў вышынёй да 25 м. Лісты няпарнаперыстыя, са спецыфічным пахам. Кветкі дробныя, несамавітыя. Плады касцянкападобныя, чорныя. Існуе каля 10 відаў ва Усходняй Азіі і Японіі. Прадстаўнік – феладэндрон амурскі (P. amurense), расце ў Прыморскім і Хабараўскім краях Расіі. Ствол пакрывае невысокай якасці коркавы слой таўшчынёй да 5-7 см. Ён толькі часткова можа замяняць корак коркавага дуба. Драўніна трывалая, выкарыстоўваецца ў мэблевай вытворчасці.

З іншых рутавых неабходна адзначыць від ясянец белы (Dictamnus albus). Ён расце на поўдні і паўднёвым усходзе еўрапейскай часткі Расіі. Гэта травяністая расліна з мноствам залозістых валаскоў, якія выдзяляюць лятучыя эфірныя алеі. Ад запаленай запалкі вакол ясенца ўспыхвае полымя, але куст пры гэтым не пашкоджваецца. Ад сутыкнення з раслінай на адкрытай частцы цела ўзнікаюць апёкі.

Сярод рутавых шмат лекавых і востраараматычных раслін (рута пахучая, зантаксілон Бунге (Zanthoxylоn bungei), японскі перац (Z. piperita) – насенне).

Шэраг рутавых выкарыстоўваецца як дэкаратыўныя расліны.

Парадак рутакветныя, верагодна, паходзіць ад прымітыўных каменяломкавых.

Парадак лёнакветныя (Linales)

Гэта дрэвы, хмызнякі і травы з чарговымі ці, радзей, процілеглымі простымі, часта цэльнымі лістамі з дробнымі прылісткамі або без іх. Сасуды з лесвічнай або простай перфарацыяй, валакністыя элементы з аблямаванымі або простымі порамі. Кветкі ў верхавінных ці пазушных, большай часткай цымозных суквеццях, двухполыя ці, іншы раз, аднаполыя, актынаморфныя ці амаль актынаморфныя (чашалісцікі іншы раз няроўныя), (4)5-членныя, з двайным калякветнікам. Чашалісцікі свабодныя ці больш-менш зрослыя. Пялёсткі свабодныя, часта з пазногцікам. Нектарны дыск інтра – ці экстраста-мінальны, іншы раз чашападобны, ці з 2-5 экстрастамінальных залозак, або язычкападобныя прыдаткі на ўнутраным баку пялёсткаў. Тычынкі ў 1-м ці 2-х кругах (унутраны круг часта стамінадыяльны), ці ў 3-х або 4-х кругах, ці нават шматлікія; ніці звычайна зрастаюцца ўнізе ў трубачку. Гінецэй цэнакарпны, з 2-5 карпел; завязь верхняя, з 1-2-ма вісячымі семязачаткамі ў кожным гняздзе. Стылодыі свабодныя ці больш-менш зрослыя. Плады касцянкападобныя або каробачкі, іншы раз арэхі ці дробныя плады.

Па ўсёй верагоднасці, Linales паходзяць ад адносна прымітыўных Rutales. У парадак уваходзіць 6 сямей.

Сям‘я лёнавыя (Linaceae). Яна шырока распаўсюджана, асабліва ва ўмераных і субтрапічных абласцях зямнога шара. Уключае 6 родаў і каля 250 відаў. У Рэспубліцы Беларусь – 2 роды і 3 віды.

Гэта травяністыя расліны, паўхмызнякі, радзей хмызнякі ці дрэвы з простымі лістамі з прылісткамі ці без іх. Маюць чарговае, рэдка процілеглае лістаразмяшчэнне.

Род лён (Linum) уключае каля 200 відаў, прадстаўнік – лён звычайны (L. usitatissimum, малюнак 121).

Гэта травяністая аднагадовая расліна з чарговымі вузкімі лістамі з простым ці даволі моцна разгалінаваным амаль да асновы сцяблом.

Кветкі сабраны ў дыхазіяльныя ці монахазіяльныя суквецці. Формула кветкі: ÛСа5Со5А(5)G (5). Цвіценне працягваецца на працягу аднаго дня. У льну адбываецца самаапыленне, але часам мае месца перакрыжаванае апыленне. Плод – каробачка. У гняздзе па 2 семязачаткі. Насенне пласкавата-яйцападобнай формы, бурае ці жоўтае. Абалонкі насення льну аслізняюцца ў вадзе. Дзякуючы гэтаму, семя прыклейваецца да глебы і карэньчык зародка атрымлівае ўпор і лёгка ўкараняецца ў глебу. Вада, якая ўтрымліваецца семенем, ахоўвае яго ад высыхання. Культура льну вядома са старажытныха часоў. Яшчэ чалавек каменнага веку (неаліт) выкарыстоўваў льняное валакно і насенне льну.

У батанічным відзе льну звычайнага адрозніваюць тры групы сартоў: лён-даўгунец, лён-кучараш і лён-недамерак. Асноўнае гаспадарчае значэнне мае лён-даўгунец, які выкарыстоўваюць на валакно. Гэта высокая расліна (70-125 см), мала разгалінаваная ў верхняй частцы. Лубяныя валокны ўтвараюцца ў сцяблах і выдзяляюцца пры мачэнні (мацэрацыя ў выніку пекцінавага браджэння, якое выклікаецца бактэрыямі). Сувязь паміж пучкамі валокан і асноўнай парэнхімай разбураецца. Пасля гэтага выконваюць трапанне – аддзяленне валакна ад кастрыцы. Валакно дасягае 25–30 мм даўжыні. Батыст – прыклад тканіны з ільну.

Лён-кучараш і лён-недамерак вырошчваюць для атрымання алею. Сцяблы іх невысокія (25 – 30 см), моцна галінуюцца. Насенне ўтрымлівае да 35% алею. Льняны алей выкарыстоўваюць як харчовы і тэхнічны (пакост) прадукт. Макуха ідзе на корм жывёле.

Лён-даўгунец вырошчваюць у Расіі, Беларусі, краінах Балтыі і ў іншых рэгіёнах; лён-кучараш – у паўднёвых раёнах, Сярэдняй Азіі, Заходняй Сібіры, на Паўночным Каўказе і іншых краінах розных кантынентаў.

Парадак геранекветныя (Geraniales)

Гэта ў большасці травы, часам хмызнякі, рэдка невялікія дрэвы. Лісты чарговыя ці радзей працілеглыя, простыя цэльныя ці глыбока рассечаныя, з прылісткамі ці без іх. Кветкі звычайна ў цымозных суквеццях, двухполыя ці радзей аднаполыя, актынаморфныя ці рэдка злёгку зігаморфныя, з двайным калякветнікам. Чашалісцікаў 5 ці рэдка 4, свабодных ці зрослых у аснове, рэдка пялёсткі адсутнічаюць. Тычынак 10 у 2-х кругах, рэдка іх 15 у 3-х кругах. Гіняцэй цэнакарпны з 5(2-3, 8) карпел са стылодыямі, што зрасліся ў просты слупок. Завязь верхняя, з 2(1), некалькімі і больш-менш вісячымі семязачаткамі ў кожным гняздзе. Плады розных тыпаў.

Парадак уключае 9 сем’яў. Разгледзім некаторыя з іх.

Сям’я кіслічныя (Oxalidaceae). Гэта шматгадовыя, іншы раз аднагадовыя травы, рэдка драўнінныя расліны з чарговымі, звычайна складанымі чаранковымі лістамі, большай часткай без прылісткаў. Кветкі двухполыя, актынаморфныя, з 5-ці пяцічленных кругоў (малюнак 122). Чашачка захоўваецца пры пладах. Пялёсткі свабодныя, іншы раз некалькі зрослыя ў аснове. Тычынак, як правіла, 10 (іншы раз 5 з іх пераўтвораны ў стамінодыі), у двух кругах. Тычынкавыя ніці данізу зрослыя. 5 пладалісцікаў зрастаюцца ніжнімі часткамі, утвараюць пяцігняздовую верхнюю завязь з некалькімі, двума ці адным семязачаткам у кожным гняздзе. Верхнія часткі пладалісцікаў застаюцца свабоднымі, 5 стылодыяў з галоўчатымі рыльцамі. Плады – каробачкі, рэдка ягады.

Сям’я ўтрымлівае 6 родаў і 900 відаў, якія галоўным чынам расцуць у трапічных і субтрапічных абласцях, з нешматлікімі прадстаўнікамі ва ўмераных абласцях. У Беларусі – 2 роды і 4 віды, 3 з іх сінантропныя і адзін дзікарослы.

Прадстаўнік: кісліца звычайная (Oxalis acetosella) расце ў яловых, сасновых лясах. Карэнішчы сцелістыя, з лускавінкамі (рэшткі апалых лістоў), лісты тройчастыя, чаранковыя. Формула кветкі:ÛСа5Со5А5+5G (5). Тычынкі абдыпластэмонныя, плод – каробачка.

Сям’я гераніевыя (Geraniaceae). Гэта травяністыя аднагадовыя і шматгадовыя расліны, рэдка паўхмызнякі і хмызнякі. Лісты звычайна простыя, большай часткай з пальчатым жылкаваннем, цэльныя ці рассечаныя, іншы раз складаныя з прылісткамі, размяшчаюцца спіральна ці супрацьлегла. Кветкі у верхавінных паўпарасоніках, з пяцічленных кругоў, актынаморфныя, але бываюць больш ці менш зігаморфныя. Тычынак звычайна 10, радзей 15, гінецэй з 5 пладалісцікаў, цэнакарпны з верхняй завяззю і 1-2 (радзей больш) семязачаткамі ў кожным гняздзе. Слупок адзін, рыльца пяціпрамянёвае. Плады – большай часткай каробачкі ці распадальныя на аднанасенныя членікі (арэхі) з падоўжанымі прыдаткамі.

Сям’я ўключае 5 родаў і 750 відаў, у Беларусі – 2 роды і каля 20 відаў. Распаўсюджаны амаль касмапалітна, але галоўным чынам ва ўмераных і субтрапічных абласцях.

У краінах СНД звычайны род герань (Geranium, малюнак 123). Віды герані: герань лясная (G. sylvaticum), герань лугавая (G. pratense), герань крывава-чырвоная (G. sanguineum), герань Роберта (G. robertianum) і інш. Формула кветкі: ÛСа5Со5А(5+5)G (5). Андрацэй абдыпластэмонны. Віды роду часта растуць на лугах, у лясах.

Бусельнік цыкутавы (Erodium cicutarium) вызначаецца некаторай зігаморфнасцю ў будове кветкі. Пяць аднанасенных плодзікаў маюць спіральна закручаныя прыдаткі. Яны здольны скручвацца і раскручвацца пры змяненні вільготнасці, што спрыяе ўвінчванню плодзікаў у зямлю.

Пеларгонія (Pelargonium zonale) мае акругла-ныркападобныя лісты, няправільныя кветкі, чашачку са шпорцам, яркія чырвоныя пялёсткі, неаднолькавыя. Расліна пахучая ад залозак з эфірным алеем, часта разводзіцца ў пакоях. Віды роду паходзяць з Паўднёвай Афрыкі.

Пеларгонія ружовая (Pelargonium roseum) характарызуецца яшчэ большай зігаморфнасцю. Мае вельмі каштоўны эфірны алей.

У гераніевых назіраецца своеасаблівае ўскрыццё, раскідванне і распаўсюджванне дыяспор – плодзікаў і насення: аўтамеханахарыя (самараскіданне), балістахарыя (выпаданне насення пры разгойдванні сцябла), эпізаахарыя (чаплянне за шэрсць і перанос насення жывёламі), аўтакрыптахарыя (самазакопванне дыяспор), анемахарыя (перанос насення пры дапамозе ветру).

Парадак бальзамінакветныя (Balsaminales)

Расліны парадку бальзамінакветныя – шматгадовыя ці часцей аднагадовыя травы з сакавітымі больш ці менш празрыстымі сцябламі, часам паўхмызнякі, хмызнякі. Лісты чарговыя, супраціўныя ці кальчаковыя, простыя, суцэльныя ці зубчастыя. Прылісткі адсутнічаюць. Кветкі адзіночыя ці ў маленькіх, часам парасонікападобных цымозных суквеццях, двухполыя, зігаморфныя. У выніку закручвання тонкай кветаножкі кветкі перавернутыя (рэзупінатныя). Чашалісцікі апушаныя, няроўныя, самы ніжні, марфалагічна задні з іх – вялікі і выцягнуты ў трубчасты шпорац, а 2 бакавыя – маленькія і ссунутыя наперад, у той час як 2 марфалагічна пярэднія чашалісцікі вельмі маленькія ці недаразвітыя. Пялёсткаў 5, пярэдні з іх вялікі і ў пупышкаскладанні самы знешні, а бакавыя і заднія пялёсткі звычайна больш ці менш зрошчаныя, і таму венчык здаецца ўтвораным толькі 3-ма пялёсткамі. Тычынак 5, з кароткімі ці тоўстымі ніцямі і кароткімі пыльнікамі, счэпленымі паміж сабой вакол завязі ў форме пакрывальца, якое потым адрываецца ад асновы і прыпадымаецца падаўжальным гіняцэем. Гіняцэй цэнакарпны, з 5(4) карпеламі, кароткім слупком з 5(4)-ма рыльцамі. Завязь верхняя, 5(4)-гнездавая, з некалькімі ці многімі вісячымі семязачаткамі ў кожным гняздзе. Плады – сакавітыя каробачкі. Balsaminales блізкі да парадку Geraniales. Утрымлівае адну сям’ю Balsaminaceae.

Сям’я бальзамінавыя (Balsaminaceae) складаецца з 4 родаў і 600 відаў. Галоўным чынам распаўсюджаны ў трапічнай Азіі і Афрыцы, нямногія віды прадстаўлены ва ўмераных абласцях Еўразіі, Афрыкі і Паўночнай Амерыкі. У Беларусі 1 род і 4 віды, адзін з іх дзікарослы.

Плод – сакавітая каробачка, якая пры дакрананні каго- ці чаго-небудзь да яе раптоўна адкрываецца і 5 створак хутка скручваюцца, пры гэтым адбываецца раскідванне насення – аўтамеханахарыя.

Род бальзамін (Impatiens) прадстаўлены відам бальзамін звычайны (I. noli-tangere). Лясная расліна, кветка афарбавана ў жоўты колер. Формула кветкі:
↑Ca5Co1(2), (2)А5G (5), а так сама на рудэральных месцах вырастання, зрэдку, культывіруецца і дзіка сустракаецца бальзамін жалезісты (I.glandulifera) ібальзамін дробнакветкавы (I. parviflora).

Бальзамін садовы (I. balsamina) часта з чырвонымі кветкамі, яго называюць яшчэ агеньчык. Гэта пакаёвая расліна, вырошчваецца і ў адкрытым грунце. Радзіма – Індыя. Пры выкладанні батанікі ў сярэдняй школе настаўнікі выкарыстоўваюць яго для дэманстрацыі перамяшчэння вады з растворанымі солямі па сасудах раслін. Для гэтай мэты можна выкарыстаць чырвоную туш ці чарніла.

Парадак настуркакветныя (Tropaeolales)

Гэта сакавітыя травы, часам клубневыя шматгадовыя, якія часта чапляюцца ці абвіваюцца чаранкамі. Лісты чарговыя (часам ніжнія процілеглыя), доўгачаранковыя, простыя або больш-менш лопасцевыя ці пальчатыя, з прылісткамі ці без іх. Кветкі адзіночныя пазушныя, часта на доўгіх кветаножках, двухполыя, больш ці менш зігаморфныя, з двайным калякветнікам. Чашалісцікаў 5, афарбаваных, свабодных. Задні чашалісцік ці задні і 2 латэральныя чашалісцікі ўтвараюць разам з аднабаковым вырастам кветаложа вялікі дарсальны шпорац. Пялёсткаў 5, свабодных, прычым 3 пярэднія звычайна адрозніваюцца ад 2-х латэральных наяўнасцю пазногціка. Тычынак 8, свабодных, у 2-х кругах па 4. Яны адпавядаюць двум 5-членным кругам. Гінецэй цэнакарпны, з 3-х карпел. Плод дробны з 3-х касцянкападобных мерыкарпіяў. У манатыпнага роду магелана (Magellana) з завязі развіваецца адзін плодзік (магелана) з губчастай, іншы раз мясістай абалонкай. Распаўсюджваецца птушкамі і дробнымі жывёламі.

Паходжанне Tropaeolales, верагодней за ўсё, ад Geraniales. Уключае толькі адну сям’ю.

Сям’я настуркавыя (Tropaeolacae) налічвае 3 роды і 92 віды, якія растуць пераважна ў гарах Амерыкі (ад Мексікі да Чылі). У асноўным гэта травы, іншы раз шматгадовыя, моцна пахучыя, з пальчатымі ці лопасцевымі лістамі, звычайна без прылісткаў, з доўгімі чапляльнымі ці абвівальнымі чаранкамі.

Кветкі пераважна жоўтыя, аранжавыя і чырвона-карычневыя, за выключэннем настуркі блакітнай (Tropaeolum azureum) і настуркі ліловакветнай (T. violiflorum).

Кветкі адзіночыя, похвеннныя, двухполыя, зігаморфныя. Чашачка з 5 пялёсткападобных ярка афарбаваных чашалісцікаў. Задні і два бакавыя з іх разам з вырастам кветаложа ўтвараюць вялікі шпорац. Пялёсткаў таксама 5, прычым 3 пярэднія маюць пазногцік, а самі пялёсткі забяспечаны па краі махрыстымі раснічкамі, 8 тычынак утвараюць два рады па 4 тычынкі ў кожным па абодвух баках завязі. Асноўнымі апыляльнікамі з‘яўляюцца насякомыя – як правіла, мухі, чмялі, пчолы. Толькі ў адным выпадку ў настуркі пяцілістай (T. pentaphyllum) апыленне адбываецца з дапамогай аднаго з відаў калібры.

Гінецэй утвараецца трыма пладалісцікамі з ніткападобным слупком, які заканчваецца трыма рыльцавымі галінамі. Пры паспяванні плод распадаецца на 3 аднанасенныя касцянкападобныя плодзікі (у настуркі) ці развіваецца толькі адзін плодзік (магелана) з губчастай, іншы раз мясістай ці рабрыстай абалонкай. Яна прываблівае птушак і дробных жывёлін, якія з‘яўляюцца распаўсюджвальнікамі насення гэтых раслін. Насенне з вялікім зародкам і тоўстымі семядолямі, без эндасперма.

Для ўсіх прадстаўнікоў сям‘і характэрныя востры пах і смак. Гэта абумоўлена прысутнасцю ў іх органах клетак, якія ўтрымліваюць міразін, характэрны яшчэ толькі для парадку каперсавых.

У краінах СНД, у тым ліку і ў Беларусі, звычайна ў культуры настурка (Tropaeolum majus, малюнак 124 ).

Гэта аднагадовая расліна з разгалінаваным сцяблом, якое часта ўецца, чарговымі шчытападобнымі лістамі. Формула кветкі: ↑Са5Со5А4+4G (3). Плод дробны з 3-х касцянкападобных мерыкарпіяў. Радзіма – Перу.

Філагенетычна Geraniales, Balsaminales і Tropaeolales звязаны паміж сабой. Іх развіццё ідзе ў напрамку ад Geraniales, у якіх кветкі пентамернага тыпу правільныя, актынаморфныя і часткова няправільныя, зігаморфныя (бусельнік цыкутавы – Erodium cicutarium), цалкам зігаморфныя (Pelargonium) да Balsaminales і Tropaeolales, у якіх кветкі выключна зігаморфныя, са шпорцам. Пры гэтым у Tropaeolales наглядаецца рэдукцыя андрацэя і гінецэя.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: