Статыстычныя матэрыялы. 4.1. Агульная характарыстыка і этапы развіцця статыстычных матэрыялаў

4.1. Агульная характарыстыка і этапы развіцця статыстычных матэрыялаў.

Статыстыка (ад ням. Statistik) – від практычнай дзейнасці па зборы, апрацоўцы, аналізе, абагульненні і распаўсюджванні звестак аб з'явах і працэсах грамадскага жыцця[37]. Статыстыка – гэта колькаснае выяўленне пэўнай з'явы ці працэса, гэта ўлік таго, што маецца ў наяўнасці.

Статыстычныя крыніцы характарызуюцца сваiм стварэннем на аснове навукова-абаснаванай праграмы, колькасным (апісальна-лічбавым) характарам інфармацыі, масавым характарам вывучаемых аб'ектаў, вызначэннем крытэрыяў і прынцыпаў збору і групоўкі матэрыялу, комплексным характарам звестак, рысамі, уласцівымі масавым крыніцам.

Зразумела, што азначаныя характарыстыкі складаліся не адразу. Генезіс статыстычных крыніц у Вялікім княстве Літоўскім акрэсліваецца ў канцы XV – пачатку XVI стст. Статыстычныя крыніцы фарміруюцца ў выніку эвалюцыі дакументаў фіскальнага і гаспадарча-ўліковага характару (попісы войска, пісцовыя кнігі, рэвізіі і інвентары). І калі на працягу XVI ст. ініцыятыва ў арганізацыі і правядзенні ўліку належала дзяржаве, то ў XVII ст. звязаная з ім дакументацыя распаўсюджваецца на прыватнаўласніцкую сферу, што вызначыла змены і ў саміх формах уліку (інвентарныя апісанні).

З уключэннем у склад Расійскай імперыі складваюцца такія дакументы фіскальнага ўліку насельніцтва як рэвізіі, адміністрацыйна-паліцэйскі ўлік, матэрыялы Генеральнага межавання і інш. Па-сутнасці, гэта яшчэ не статыстычныя крыніцы ў поўным сэнсе гэтага слова, а матэрыялы статыстычнага характару. Але без іх вывучэння складана акрэсліць генезіс дакументаў статыстыкі.

У 1860-я гг. узнікаюць статыстычныя ўстановы. Развіццё статыстыкі ў гэты час абумоўліваецца паскарэннем і ўскладненнем працэсаў сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця. Менавіта ў гэты час фарміруюцца асноўныя накірункі статыстыкі: дэмаграфічная статыстыка (статыстыка насельніцтва), статыстыка сельскай гаспадаркі і прамысловасці.

Статыстычныя крыніцы ўтрымліваюць масавыя, пераважна колькасныя дадзеныя. Правільнае іх выкарыстанне дазваляе выявіць у сукупнасці з'яў, што здаюцца выпадковымі, характэрныя для іх заканамернасці развіцця. Выяўленне азначаных заканамернасцей адбываецца шляхам параўнання колькасных дадзеных, але для таго неабходна супаставімасць (аднароднасць) статыстычных дадзеных.

Статыстычныя звесткі маюць не толькі колькасныя, але і якасныя характарыстыкі. Змены тэрыторыі ці іншых параметраў вывучаемага аб'екта, ці яго недакладнае вызначэнне не даюць магчымасці супастаўляць статыстычныя дадзеныя ў поўным аб'ёме[38].

Асноўныя прынцыпы выкарыстання статыстычных дадзеных датычацца, такім чынам, трох бакоў: паўнаты, дакладнасці і аднароднасці статыстычных звестак. Статыстычныя звесткі, заключаныя ў крыніцы, павінны быць дастаткова поўнымі ў сэнсе ахопу імі ўсіх важнейшых элементаў вывучаемай з'явы ці працэса. Каб меркаваць аб ступені дакладнасці статыстычных крыніц, неабходна вызначыць крыніцу іх паходжання: ці запазычаны яны з анкеты, што запаўнялася асобай, зацікаўленай у выніках, ці яны атрыманы ад статыстыка, што абавязаны дакладна запісваць вывучаемыя звесткі; дадзеныя збіраліся падрыхтаванымі спецыялістамі ці выпадковымі асобамі, сярод якіх маглі быць і тыя, хто не меў элементарных ведаў аб правілах статыстычнага ўліку, і ўрэшце, параўноўваемыя звесткі павінны быць аднароднымі (параўноўвацца павінны аднародныя з'явы, працэсы, аб'екты па пэўных, дакладна акрэсленых параметрах).

Фарміраванне статыстычных крыніц ўключае наступныя стадыі: 1) падрыхтоўчая праца, збор звестак, 2) зводка першапачатковых дадзеных і падрыхтоўка іх для друку.

Дэмаграфічная статыстыка вывучае народанасельніцтва і яго змены ў канкрэтных гістарычных умовах грамадскага развіцця. Прадметам яе даследавання служаць колькасць, склад, размяшчэнне і рух насельніцтва як усей краіны ў цэлым, так і асобных яе рэгіенаў.

Першыя звесткі дэмаграфічнага характару з’яўляюцца ўжо ў XVI ст. “Попісы войска ВКЛ” і “Пісцовыя кнігі” даюць прыкладнае ўяўленне аб колькасці насельніцтва ў асобных рэгіенах. З уключэннем у склад Расійскай імперыі іх змяняюць рэвізіі. Дарэчы да гэтага ж часу (апошняя чвэрць XVIII ст.) адносіцца і спроба ўліку механічнага руху насельніцтва. У 1772 г. быў выдадзены указ, у якім мясцовым уладам даручалася весці улік падатнага насельніцтва, якое змяняла месца жыхарства. Да 1830 г. адносіцца арганізацыя ўліку механічнага руху насельніцтва, не ахопленага дзяржаўнымі рэвізіямі. Паліцэйскія ўстановы пачынаюць збіраць звесткі аб перамяшчэннях насельніцтва паміж гарадамі і ў межах гарадоў.

З сярэдзіны ХІХ ст. арганізуецца адміністрацыйна-паліцэйскі ўлік. У другой палове ХІХ - пачатку ХХ ст. шырока праводзіліся масцовыя гарадскія перапісы насельніцтва. Урэшце з 1897 г. з’яўляецца такі від як перапісы насельніцтва.

4.2. Перадвесне статыстыкі. Гаспадарчыя апісанні і дакументы фіскальнага ўліку насельніцтва XVI-XVIII стст.

Статыстычныя матэрыялы ўзнiкаюць як рэалiзацыя зваротнай сувязi ў кiраваннi. Яскрава iлюструюць гэта такiя цiкавыя крынiцы па гiсторыi гаспадаркi i сялянскага насельнiцтва XVI-XVIII стст. як пiсцовыя кнiгi гаспадарскiя, рэвiзii, iнвентары. Азначаны вiд крынiц з'явіўся канчатковым вынiкам улiку i перапiсу: 1) матэрыяльнай маемасцi i 2) павiннасцей сялян, праведзенага ў розны час як па iнiцыятыве дзяржаўнай улады, так i асобных феадалаў.

Пры гэтым неабходна адрознiваць iнiцыятыву ад яе матэрыялізаванага вынiку. У прыватнасцi велiкакняская гаспадарчая iнiцыятыва (цi палiтыка) выявiлася у т.зв. устаўных граматах (уставах). Першай з iх стала "устава" для гаспадарскiх уладальнiкаў Вiленскага i Трокскага паветаў 1514 г., а пасля — ўстава 1529 г. для гэтых жа паветаў i “Наказ старастам i дзяржаўцам”. На аснове мясцовых уставаў была выпрацавана “Устава на валокi 1557 г.”, якая нягледзячы на тое, што напачатку датычылася толькi заходнiх ваяводстваў княства, мела агульнадзяржауны характар. Устава, што паклала пачатак правядзенню аграрнай рэформы (“валочнай памеры”), утрымлiвала прынцыпы, на аснове якiх павiнна была быць пабудавана вялiкакняская дваровая гаспадарка на ўсей тэрыторыi Вялiкага княства Лiтоўскага. Па вызначэнню У.I.Пiчэты “Устава на валокi” — з аднаго боку — эканамiчны трактат, з другога — практычнае гаспадарчае кiраўнiцтва"[39].

Паколькi ўставы — гэта толькi нормы, якiх прадпiсвалася прытрымлiвацца, то на iх аснове складана ахарактарызаваць рэальны стан як гаспадарскай, так i сялянскай гаспадаркi. Але для выканання гэтай iнiцыятывы праводзiлiся рэвiзii, перапiсы маемасцi i складалiся асобныя пiсьмовыя помнiкi — кнiгi рэвiзiй, “ординации”, пiсцовыя книги, iнвентары. У прыватнасцi ў сярэдзiне XVI ст. (1559 г.) была складзена “Рэвiзiя пушч i пераходаў”, у 1631 г. - “ординация”, што ўключала цiкавейшыя звесткi аб лясных угоддзях Вялiкага княства Лiтоускага.

Неабходна зазначыць, што ў той час, як гаспадарчая iнiцыятыва вялiкага князя фiксавалася у пэўных нарматыўных дакументах, то гаспадарчая iнiцыятыва прыватных уладальнiкаў не зауседы фiксавалася пiсьмова. Тут часцей мы ўжо маем справу з пэўным апiсаннем асобных маенткаў, зямель, з указаннем, што яно праведзена па распараджэнню таго цi iншага ўладальнiка. У гэтых адносiнах уяўляе вялікую цiкавасць “Пiсцовая кнiга Пiнскага i Клецкага княстваў, якая складзена пiнскiм старастаю Станiславам Хвальчэўскiм у 1552-1555 гг.”[40] (па распараджэнню мацi Жыгiмонта Аўгуста -- каралевы Боны[41]). Кнiга зафiксавала падзел уладанняў каралевай Бонай на войтаўствы — адмiнiстрацыйныя адзiнкi, створаныя штучна для правядзення ўлiку, шляхам злучэння пад уладай войта пэўнай колькасцi сёл.

Азначаная кнiга — цiкавая крынiца па эканомiцы i быту сялян, па гiсторыi праваслаўнай царквы ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм. Каштоўнасць яе ўзрастае ў сувязi з тым, што колькасць сялянскага насельнiцтва, iх павiннасці зафiксаваны i ў “Пiсцовай кнiзе”, складзенай ужо ў ходзе правядзення рэформы[42]. Апошняя утрымлiвае апiсанне горада Пiнска, пiнскага замку i васьмi войтаўстваў Пiнскага старoства. Супастаўляючы звесткi гэтага апiсання з дадзенымi папярэдняга перапiсу мы маем магчымасць вызначыць змены ў колькасцi насельнiцтва, аб’еме павiннасцяў.

Дарэчы ў 1558 г. было праведзена павалочнае вымярэнне Гродзенскай эканомii i iншых тэрыторый (звесткi таксама апублiкаваны)[43].

Правядзенне гаспадарчых апiсанняў у гэты час праводзiлася не толькi з фiскальнымi мэтамi, але i з мэтамi абароны. Апошняе у прыватнасцi перадвызначыла яшчэ да аграрнай рэформы правядзенне рэвiзii Полацкай зямлi ў 1552 г.[44] Каштоунасць гэтай крынiцы, якая засведчыла не толькi абарончыя магчымасцi Полацкай крэпасцi, але i эканамiчны стан Полацкай зямлi, павялiчваецца тым, што маецца магчымасць параўнаць гэтыя дадзеныя з дадзенымi маскоўскiмi. Справа ў тым, што пасля авалодання царом Iванам Грозным Полацку (1563 г.), на пачатку 1570-х гг. было аддадзена распараджэнне аб рэвiзii[45].

З пачатку XVII ст. усе часцей ужываецца тэрмiн “iнвентары” (ад лац. inventarium — вопiс)[46]. Iнвентары падзяляюць:

1) па аб’ему ахоплiваемай тэрыторыi на iнвентары княстваў, фальваркаў, весак, маенткаў;

2) па аб’ему звестак — на “поўныя” i “кароткiя”.

Да поўных адносяць iнвентары якiя складаюцца з трох частак: 1) апiсанне жылых i гаспадарчых пабудоў феадальнага двара, iх архiтэктуры i планiроўкi; 2) апiсанне валасцей i мястэчак, што ўваходзiлi i склад дадзенага ўладання; 3) пералiк павiннасцей розных груп насельнiцтва на карысць феадала.

“Няпоўныя” альбо “кароткiя” iнвентары апiсваюць толькi адзiн з трох азначаных накiрункаў, пры гэтым яны ў некаторых выпадках больш падрабязныя, чым поўныя. Найчасцей яны складалiся для ўласных патрэб феадалаў.

Большасць iнвентароў маюць два бакi: 1) апiсальны (юрыдычны), 2) нарматыуны. Iнвентары Беларусi XVI-XVIII стст. можна параўнаць з “пiсцовымi” книгамi Маскоўскай (Рускай) дзяржавы[47], разам з тым яны адрознiваюцца ад апошнiх: 1) юрыдычнай прыродай; 2) сваiм прызначэннем; 3) тэрытарыяльным ахопам.

На працягу XVI-XVIII стст. можна прасачыць шэраг змен у змесце i формах iнвентароу Беларусi, а таксама у функцыях апошнiх. На першым этапе (XVI - першая палова XVII ст.) iнвентары абслугоўвалі не эканамiчную, гаспадарчую дзейнасць феадала, а яго уладальнiцкiя правы i iнтарэсы[48]. Найчасцей яны складалiся па прычыне перадачы ў арэнду, вяртання пазыкi i г.д. У XVI ст. iнвентар (“попiс”, “рэестр”) з’яўляўся юрыдычным дакументам пры афармленнi часавога уладання. Таму i змест яго вызначаўся найперш сiстэмай часовага трымання, што шырока распаўсюджвалася на працягу XVI ст.

Да часу, калi вызначаецца такая назва дакумента, як “iнвентар”, апошнi ўжо меў шэраг характэрных рысаў: лаканiчнасць выкладання, абмежаванасць дадзеных (пераважна адсутнiчаюць звесткi аб складзе сям’i, аб цяглавай жывеле). У iнвентарах сярэдзiны XVII ст. знiкае павалочны парадак перапiсу. Надзелы, што знаходзiлiся ў карыстаннi аднаго селянiна цi мешчанiна паказваюцца ў адной лiнii, насупраць яго прозвiшча. У канцы XVII - першай палове XVIII ст. акрэслiваецца наступнае размешчэння матэрыяла (гаспадарскi двор, мястэчка, воласць) пашыраецца аб’ем звестак (дадзеныя аб сынах, зяццях i братах сялян i жыхароў мястэчка, аб колькасцi валоў i коней у сялянскай гаспадарцы); iнвентары набываюць характар масавай крынiцы. Яшчэ ў большай ступенi яны наблiжаюцца па сваей форме i зместу да статыстычных крынiц у XVIII ст. (дапаўняюцца вялiкiмi таблiцамi, дзе маюцца звесткi не толькi аб сялянскай сям’i, але i аб сялянскiх павiннасцях)[49].

Iнвентары сустракаюцца ў арыгiналах, копiях, чарнавiках. Пэўная разнавiднасць iнвентароў — “рэверсальныя”. Яны складалiся адначасова з першымi экзэмплярамi, пры гэтым першы экземпляр даваўся часоваму трымальнiку маентка для практычнага кiраўнiцтва, а рэверсальны падпiсваўся iм i вяртаўся землеуладальнiку для кантроля (таму абодва экзэмпляры маюць аднолькавую каштоўнасць).

У iнвентарах мы можам знайсцi наступныя звесткi:

1) па сялянскай гаспадарцы;

а) надзел i яго змены; б) феадальная рэнта; в) рабочы iнвентар; г) структура селянскай сям’i; д) дэмаграфiчныя звесткi; е) арганiзацыя кiравання сялянамi;

2) па фальварачнай гаспадарцы: а) агратэхнiка; б) гандаль i гiсторыя цэн; в) прыбыткi ад продажу; г) гiсторыя рамяства i вотчыннай прамысловасцi i ўрэшце вельмi цiкавыя звесткi аб пабудовах фальваркаў, а таму гэта цiкавыя крынiцы па гiсторыi архiтэктуры i культуры наогул.

Ступень верагоднасці звестак iнвентара залежыць ад месца, мэтаў i абставiн яго складання, а таксама спосабу яго афармлення. Iнвентары маглi складацца як шляхам непасрэднага агляду ўладання, так i па-за яго межамi на аснове больш раннiх, часам састарэлых запiсаў.

Iнвентары складалiся па iнiцыятыве ўладальнiка цi суда. Найбольш дакладныя звесткi ў iнвентарах, што складалiся для патрэб феадала[50]. У большай ступенi таксама дакладныя двухбаковыя дакументы. Але пры перадачы маентка ў арэнду не выключалася магчымасць змен паказчыкаў даходнасцi па пэўнай дамоўленасцi. Як правiла, у iнтарэсах залогавага уладальнiка цi арандатара запiсвалася меньшая ураджайнасць. У другiх выпадках (па суду), наадварот, iмкнулiся ўраджайнасць завысіць. У iнвентарах таксама шмат арыфметычных памылак (пры падлiках), спрэчных дацiровак i iнш.

Інвентарныя вопісы дзяржаўных, царкоўных і прыватных уладанняў ствараліся не толькі у выніку розных прычын, але і з рознай ступенню перыядычнасці. Дробным і значнай частцы сярэдніх феадалаў не было патрэбы складаць інвентар маентка, яны і так звычайна добра ведалі становішча спраў у маентку, паколькі гаспадарку часцей вялі самі. Такія інвентары ў дачыненні да пэўнага маентка адзінкавыя, яны найчасцей складаліся пры змене ўласнікаў. Інвентары ж буйных магнацкіх уладальнікаў і складаліся часцей і захаваліся лепш. У фондзе Радзівілаў (ф.694) утрымліваецца шэраг такіх інвентароў. У прыватнасці Міхаіл Казімір Радзівіл патрабаваў штогадовага складання валасных перапісаў і адзін раз у тры гады — агульных інвентароў.

Інвентары дзяржаўных уладанняў таксама павінны былі складацца з пэўнай перыядычнасцю. Сеймавай пастановай 1562 г. была вызначана перыядычнасць рэвізій дзяржаўных уладанняў -- раз на пяць гадоў, а сеймавая канстытуцыя 1601 г. рэгламентавала сам парадак арганізацыі інвентарных апісанняў. На справе ж апошнія часцей складаліся пры змене кіраўніцтва альбо адміністрацыйных асоб (адміністратараў, эканомаў, старастаў), пры перадачы зямель у арэнду ці іх продажы[51].

Такім чынам, такія цікавыя гаспадарчыя дакументы як інвентары з часам набываюць пэўныя рысы статыстычных крыніц: масавы характар вывучаемых з’яў і працэсаў, колькасны (апісальна-лічбавы) спосаб перадачы інфармацыі, пэўныя крытэрыі збору інфармацыі, перыядычнасць і г.д. Гэта дазваляе выкарыстоўваць статыстычныя метады пры іх апрацоўцы[52]

4.3.Эканоміка-геаграфічныя і гаспадарчыя апісанні, матэрыялы фіскальнага ўліку канца XVIII - першай паловы ХІХ стст.

4.3.1. Матэрыялы Генеральнага межавання і ваенна-тапаграфічныя апісанні канца XVIII – 60-х гг. ХІХ ст. Сярод шэрагу апісанняў геаграфічнага і статыстычнага характару неабходна адзначыць “Топографические описания” і “Экономические камеральные примечания”. Узнікненне гэтых матэрыялаў звязана з тым велізарным па аб’ему размежаваннем зямель, якое было пачата ў часыКацярыны ІІ, з далейшымі крокамі па вывучэнню народнагаспадарчых рэсурсаў краіны.

Генеральнае межаванне адносіцца да ліку важнейшых мерапрыемстваў унутранай палітыкі абсалютызму, якое праводзілася ў Расійскай імперыі з 1765 г. прыблізна да сярэдзіны ХІХ ст. Сутнасць межавання складалася з работы па здымцы, вымярэнню, картаграфаванню, апісанню, фізіка-геаграфічных і сацыяльна-эканамічных аб’ектаў тэрыторыі.

Пытанне аб Генеральным межаванні далучаных беларускіх зямель упершыню ўзнікла летам 1776 г., у сувязі з патрэбай царскай адміністрацыі ў дакументальных крыніцах па афармленню і замацаванню зямельных падараванняў, i у цэлым саслоўнага упарадкавання фактычнага землеўладання. Ужо да 1782 г. былі распрацаваны неабходныя інструкцыі.

Вызначаліся тры комплексы задач: 1) землеўпарадкавальныя, 2) картаграфічныя і 3) зямельна-ўліковыя. У выніку атрымліваўся апісальна-статыстычны звод даведачных дадзеных для адміністрацыі ў справе распрацоўкі галоўных напрамкаў і бягучых мерапрыемстваў урада.

Лейтматывам межавання з’яўлялася замацаванне манаполіі дваранства на зямлю і пазбаўленне гэтага права тых асоб, якія фармальна-юрыдычна прэтэндавалі на прывіліяванае становішча. Таму новая межавая дакументацыя абвяшчалася адзінай законнай падставай землеўладання. Дакладнай і падрабязнай фіксацыі сеткі населеных пунктаў надавалася асаблівае значэнне пад час картаграфавання тэрыторыі.

Праца праводзілася каморнікамі з дапамогай салдат. Ажыццяўленне Генеральнага межавання на Беларусі (на той час усходняя частка сучаснай тэрыторыі рэспублікі) была ўскладзена на Смаленскую межавую кантору. У цэлым, межавая кантора выступала правадніком русіфікатарскай палітыкі царызму. І справа не толькі ў адхіленні мясцовай шляхты ад непасрэднага ўдзелу ў распрацоўцы і рэалізацыі межавання. Гэта назіралася ў час размежавання спрэчных казенных зямель, асабліва падараваных, якія чакалі каморнікаў для канчатковага зацвярджэння захопаў.

Бясспрэчнай вартасцю колькасных вынікаў межавання з’яўляецца іх храналагічная адначасовасць і паўната стварэння. Аднак па гэтай прычыне выніковыя даныя маюць і пэўныя недахопы. Межавыя ўвагі адрозніваюцца некаторай заніжанасцю колькасці насельніцтва паветаў. Гэта адбылося таму, што межавыя чыноўнікі спадзяваліся на вусныя дэкларацыі саміх уладальнікаў па выніках рэвізіі 1782 г., без уліку "прапіснога[53]" і прыбыўшага насельніцтва.

Самы большы недахоп колькасных вынікаў межавых павятовых апісанняў датычыцца характарыстыкі суадносін форм феадальнай рэнты. Пры апісанні форм павіннасцей складальнікі заўваг кіраваліся вылучэннем толькі паншчыны і грашовага аброку, а астатнія сялянскія гаспадаркі адносілі ў рад змешаных. Натуральны аброк, як правіла, імі не вылучаўся. Тым не менш эканамічныя заўвагі Генеральнага межавання застаюцца адзінай поўнай крыніцай па вывучэнню розных бакоў феадальнага землеўладання і форм эксплуатацыі ўсходнебеларускага сялянства ў апошняй чвэрці XVIII ст. Пасля 1785 г. на разглядаемай тэрыторыі больш не праводзілася здымак і вымярэнняў зямель, як гэта было зроблена каморнікамі ў час межавання.

Адной з цікавейшых крыніц з’яўляюцца камеральныя апісанні. Камералістыка, або навука дзяржавазнаўства, на працягу XVIII ст. кіравалася апісальным метадам, у задачу якога ўваходзілі збор і сістэматызацыя разнастайных звестак аб крыніцах плацежаздольнасці насельніцтва, а таксама даходах дзяржавы ў цэлым. Паколькі такіх фактараў набіралася неабмежавана многа, камеральныя апісанні давалі ўсебаковую характарыстыку фізічна-геаграфічнага і сацыяльна-эканамічнага становішча той альбо іншай тэрыторыі.

У перыяд 1772-1774 гг. былі складзены два камеральныя апісанні ўсходнебеларускіх зямель, а таксама і агульнае – на далучаную тэрыторыю і спецыяльнае – на дзяржаўную веску. Яны былі створаны царскай адміністрацыяй з мэтай збору і ўліку разнастайных статыстычных і дакументальных крыніц аб фактычным становішчы тэрыторыі. Камеральнае апісанне 1772 г. ўяўляе сабой форму статыстычнай характарыстыкі зямель. Галоўнай мэтай стварэння і правядзення апісання дзяржаўнай вескі было вызначэнне велічыні зямельнага фонду для падараванняў і крыніц казенных даходаў.

Апісанне 1774 г. выкарыстоўвалася ўрадам для кантролю за дзейнасцю арандатараў і ў межах рэгулявання фактычнага становішча дзяржаўнага сялянства. У аснову статыстычнага назірання былі пакладзены вусная дэкларацыя землеўладальнікаў і самыя розныя дакументальныя крыніцы.

Камеральныя апісанні 1772-1774 гг. дазваляюць удакладніць не толькі фактычны склад залежнага насельніцтва, але і распаўсюджаныя ў гiстарычнай літаратуры звесткі аб структуры зямельнай ўласнасці на ўсходзе Беларусі. Праведзенае беларускім гісторыкам Я.К.Анішчанкам вывучэнне адзначаных вышэй камеральных апісанняў, паказвае, што вывады многіх даследчыкаў аб прынцыповым адрозненні структуры феадальнай ўласнасці паміж усходняй, цэнтральнай, заходняй тэрыторыямі Беларусі недастаткова абгрунтаваны[54]. Па меркаванню Я.К.Анішчанкі адначасовасць у правядзенні, праграмнае адзінства паказчыкаў, апора на ўлік фактычнага насельніцтва, практыка паслядоўнага ўдакладнення першапачатковых звестак праз новыя органы ўлады, зацікаўленасць у пэўнай дакладнасці і паўнаце матэрыялу – усе гэта дазваляе аднесці камеральнае апісанне 1772-1774 гг. да дастаткова надзейнай і ўнікальнай крыніцы.

Вялікую цікавасць уяўляюць і “Экономические примечания”, “Топографические описания”. Па Мінскай губерні яны складаліся ў 1800 г. чатырма павятовымі землямерамі на аснове архіўных матэрыялаў, дакладаў губернатара, тапаграфічных здымак, апытання мясцовага насельніцтва і асабістых назіранняў аўтараў.

“Тапаграфічныя апісанні” – гэта рукапісы вялікага фармату і значнага аб’ему (па Мінскай губерні -- 170 лістоў). Матэрыял размешчаны наступным чынам. Напачатку акрэсліваецца агульная характарыстыка губерні, пасля кожнага павятовага горада і кожнага павету.

У агульнай характарыстыцы вызначаецца месцазнаходжання губерні, яе межы і плошча, маецца гістарычная даведка аб ўтварэнні губерні, ўсталяванні губернскіх і павятовых гарадоў. Дадзена таксама апісанне рэк, азер, глебы, сельскагаспадарчых прылад, найбольш распаўсюджаных сельскагаспадарчых культур, ураджаяў, жывельнага і расліннага свету. Маюцца звесткі аб занятках, вераспавяданні, адзенні і мове насельніцтва. Дадзеныя аб колькасці насельніцтва, населеных пунктаў, заводаў, фабрык, млыноў і г.д. зведзены ў табліцы. Да агульнай характарыстыкі губерні прыкладзена ведамасць падаткаў, якія штогод паступалі ў дзяржаўную казну.

Характарыстыцы кожнага горада губерні папярэднічае гістарычная даведка. Пасля прыводзяцца дадзеныя аб колькасці насельніцтва, двароў, манастыроў і цэркваў, гандлевых лавак і млыноў, дадзена характарыстыка заняткаў, мовы, звычаяў, адзення жыхароў. Прыводзяцца звесткі аб рамястве і гандлі, аб рамесных спецыяльнасцях, аб выпускаемай прадукцыі. Маецца таксама ведамасць падаткаў, якія штогод збіраліся з насельніцтва кожнага горада.

У дачыненні да кожнага павету матэрыял выкладаецца гэтак жа як і ў характарыстыцы губерні ў цэлым, але больш падрабязна. Так, напрыклад, паведамляючы аб заводах і фабрыках, складальнікі адзначаюць, дзе яны размешчаны, каму належаць, хто на іх працуе. Больш падрабязныя звесткі дадзены таксама аб гандлі. Да характарыстыкі кожнага павета прыкладзена таксама падатковая ведамасць.

“Экономическое камеральное примечание” -- рукапіс таксама вялікага фармату і значна большага аб’ему (да 600 лістоў). У нейкай ступені гэта яшчэ больш падрабязнае выкладанне зместу “Топографического описания”. Разам з тым тут маецца і шмат новага матэрыялу. Усе лісты “Камерального примечания” падзелены на 8 графаў.

У першай графе пазначаны нумары уладанняў па плану генеральнага межавання, у другой -- імены уладальнікаў і назвы населеных пунктаў, што належалі гэтым уладальнікам, у трэцяй – даецца адлеглаць ад павятовых гарадоў да населеных пунктаў (азначаных у другой графе), у чацвертай – колькасць двароў у кожным населеным пункце, у пятай – колькасць падатнага насельніцтва, у шостай – колькасць непадатнага насельніцтва, у семай – прыведзены некаторыя дадзеныя аб колькасці зямлі, што знаходзяцца пад засяленнямі гарадоў і ва ўладанні духоўных і свецкіх феадалаў, у восьмай графе маецца падрабязнае геаграфічнае і эканамічнае апісанне кожнага населенага пункта. Апісанне кожнага павета заканчваецца зводнай табліцай.

Такім чынам, “Топографическое описание” и “Экономические камеральные примечания” з’яўляюцца вельмі каштоўнай і разнастайнай па аб’ему звестак крыніцай па гісторыі Беларусі XVIII ст.

У сярэдзіне XIX ст. ствараецца найбольш буйная серыя ваенна-тапаграфічных апісанняў – 18 томнае выданне “Военно-статистического описания губерний и областей Российской империи”, падрыхтаванае Генеральным штабам (1848-1863 гг.). Гэтае выданне фундаментальнае як па ахопу сюжэтаў, так і па глыбіні і падрабязнасці іх апісання. Кожны том складаецца з шасці аддзелаў: агульныя звесткі аб губерні, звесткі аб жыхарах губерні, характарыстыка прамысловасці, сельскай гаспадаркі і гандлю, нарыс аб асвеце і ваенна-тапаграфічны раздзел, характарыстыка павятовых гарадоў. Характэрнай рысай гэтай працы было імкненне не толькі даць комплекс нейкіх фактычных звестак, але і ўяўленне аб сутнасці апісваемых з’яў. Так, ў апісаннях сялянскіх промыслаў побач з фактычнымі дадзенымі часам прыводзяцца каштоўныя звесткі аб тэхналогіі таго ці іншага промыслу і эканамічныя разлікі.

Асноўныя статыстычныя звесткі для выдання браліся з канцэлярыі грамадзянскага губернатара. Але выдадзеныя экземпляры апісанняў гэтай серыі вельмі скарочаны ў параўнанні з рукапісамі, якія захоўваюцца пераважна ў Цэнтральным дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве РФ.

Цікавейшай крыніцай з’яўляюцца “Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба”. Тут маюцца звесткі і аб народанасельніцтве, і аб стане шляхоў сувязі, і аб ураджаях. Прыводзяцца нават гістарычныя даведкі аб гарадах і звесткі аб звычаях насельніцтва. Разам з тым, нельга не адзначыць і істотныя недахопы гэтай серыі. Праграма апісанняў сапраўды вельмі разнастайная, аднак тэрміны іх правядзення з’яўляліся занадта сціслымі (1861-1863 гг.). Гэта не дазволіла праверыць тыя звесткі, якія збіраліся афіцэрамі з самых розных крыніц. Будучы адукаванымі людзьмі, яны, аднак, не маглі з’яўляцца спецыялістамі ў самых розных галінах. Спешка прывяла і да таго, што ў тэксце сустракаюцца паўтарэнні, супярэчнасці ў дадзеных. Бадай самым лепшым з’яўлялася падрыхтаванае П.Баброўскім выданне матэрыялаў па Гродзенскай губерні у дзвюх частках. Гістарычныя і этнаграфічныя звесткі былі ўзяты ім з рукапісу святара Парчэўскага, які шмат гадоў пражыў у губерні, а гэта перадвызначыла і іх больш дакладны змест.

4.3.2. Інвентары памешчыцкіх маёнткаў першай паловы ХІХ ст. Найперш неабходна адзначыць, што азначаныя інвентары падзяляюцца на дзве групы:

1. Інвентары, што складаліся і дзейнічалі ў першай трэці ХІХ ст.,

2. Абавязковыя інвентары сярэдзіны 40-х – 50-х гг. ХІХ ст.

Першая з азначаных груп уключае інвентары па свайму прызначэнню і зместу роднасныя інвентарам ХVІ-XVIII стст. у Рэчы Паспалітай. Разам з тым, у першай палове ХІХ ст. яны не мелі юрыдычнай сілы і разглядаліся як памесныя, "хатнія" дакументы. Разам з тым, з распаўсюджваннем на Беларусі сістэмы арэнды памешчыцкіх маёнткаў, інвентары выступаюць у ролі афіцыйных актаў, што прымаюцца за аснову пры перадачы маёнткаў у арэнду. Інвентароў гэтай групы захавалася няшмат. Гэта цікавая крыніца аб сацыяльным складзе і маёмасным становішчы, павіннасцях сельскага насельніцтва Беларусі першай паловы ХІХ ст.

Другая група інвентароў узнікае ў сувязі з пераглядам расійскім урадам накірункаў сваёй палітыкі. Ад пошукаў шляхоў супрацоўніцтва са шляхтай пасля паўстання 1830-31 гг. расійскія ўлады пераходзяць да спробаў раскалоць польскі нацыянальна-вызваленчы і сялянскі антыфеадальны рухі. Адным з элементаў азначанай палітыкі і павінна было стаць увядзенне абавязковых інвентароў у адпаведнасці з інвентарнай рэформай 40-50-х гг. ХІХ ст. У аснову абавязковых інвентароў былі пакладзены папярэднія (гэта вызначае шэраг магчымасцей для параўнання). У тых жа маёнтках, дзе не захаваліся старыя інвентары, былі складзены новыя, у адпаведнасці з нормамі, распрацаванымі Галоўным камітэтам інвентароў для беларусіх і літоўскіх губерняў[55].

Абавязковыя інвентары ўтрымліваюць звесткі аб народанасельніцтве, часам са статыстычнымі дадаткамі (колькасці душ, у тым ліку працаздольных, колькасць дваровых людзей), а таксама матэрыялы, што дазваляюць ахарактарызаваць сялянскую і памешчыцкую гаспадарку (колькасць сялянскіх гаспадарак і вёсак, агульная колькасць сялянскай і фальваркавай зямлі ў дзесяцінах). Гэтыя дадзеныя у найбольшай ступені патрабуюць удакладнення. Найчасцей завышаны звесткі аб прыбытковасці сялянскіх гаспадарак. Дарэчы, дакладнасць інвентароў як гістарычных крыніц залежала ад цэлага шэрагу суб'ектыўных фактараў – падрыхтаванасці чыноўніка, часу, што меўся ў яго распараджэнні, паўнаты вотчыннага архіва, пажаданняў памешчыка і г.д. Фактычна гэтыя дакументы не адлюстроўвалі рэальных спраў (можна назваць іх пэўнай дэкларацыяй аб намерах, вызначэннем таго, як павінна было быць). Іх дадзеныя могуць выкарыстоўвацца даследчыкамі толькі выбарачна і з вялікай асцярожнасцю, і, безумоўна, у спалучэнні з іншымі крыніцамі (найперш, сялянскімі "суплікамі")[56].

4.3.3. Матэрыялы рэвізій як гістарычная крыніца па гісторыі Беларусі. Асноўнай крыніцай для вывучэння дынамікі народанасельніцтва Расійскай дзяржавы XVII - першай паловы ХІХ стст з’яўляюцца рэвізіі [57]. Асноўнай мэтай гэтага мерапрыемства з’яўляўся ўлік ўсіх падаткаплацельшчыкаў (з часоў Пятра І – падушная подаць замест падворнага падаткаабкладання). Шэраг рэвізій фіксаваў і непадатнае насельніцтва (з 1833 г.).

У выніку таго, што рэвізіі часам праводзіліся даволі працяглы тэрмін, вызначаюць “асноўны год” кожнай рэвізіі (гэта значыць год, калі была ўлічана найбольшая колькасць насельніцтва). Усяго было праведзена 10 рэвізій і першым годам першай рэвізіі лічаць 1719 г. (далей 1744, 1762-1763, 1782, 1795, 1811, 1815, 1833, 1850, 1857). Першай рэвізіяй, якая закранула Беларусь, з’яўлялася IV рэвізія (1781-1782). Наступная V рэвізія ахапіла ўжо амаль усю яе тэрыторыю (1794-1796).

Першапачатковым матэрыялам рэвізій з’яўлялася рэвізская казка, што складалася на пэўную асобу альбо сям’ю. У ходзе рэвізіі складаліся зводныя рэвізскія казкі на асобныя пасяленні, воласці і г.д. Да часу распаўсюджання рэвізіі на тэрыторыю Беларусі склалася прыкладная форма казкі, якая ўтрымлівае назву (дата, губерня, павет, сяло, уладальнік прыгоннага насельніцтва – у выпадку памешчыцкай вескі), графу з нумарам сям’і, лічбы складу сям’і “па апошняй рэвізіі”, колькасць і склад “выбыўшых” і “прыбыўшых” асоб, часова адсутнічаючых і выніковыя дадзеныя “ныне налицо”. У заключэнні ставіліся подпісы адказных асоб. Казка утрымлівае звесткі аб саслоўнай прыналежнасці, этнічнае вызначэнне, аб памеры падаткаў і г.д. Звесткі рэвізскіх казак абагульняліся ў зводнай дакументацыі рэвізіі, якая складалася з перачневых ведамасцей, генеральных табеляў і акладных кніг. Перачневыя ведамасці з'яўляліся першым этапам абагульнення, у той час як генеральныя табелі фіксавалі звесткі на момант поўнага заканчэння рэвізій.

Аднак патрэбна даволі асцярожна адносіцца да апублікаваных матэрыялаў, скажам зборніка "Матэрыялы да гісторыі мануфактуры Беларусі ў часы распаду феадалізму". Справа ў тым, што нягледзячы на штрафы і іншыя санкцыі па заканчэнню рэвізіі заўседы выяўлялася вялікая колькасць тых, каго не палічылі, ці беглых (хто хаваўся ад уліку)[58] і пасля рэвізіі пачыналі выяўляць такіх асоб і гэта працягвалася да наступнай рэвізіі. А гэта значыць, найбольш поўныя звесткі аб колькасці жыхароў ўтрымліваюцца не ў тых зводках, што складаліся на момант заканчэння рэвізіі, а ў тых, што меліся напярэдадні наступнай.

Але ж апублікаваныя дадзеныя аб рэвізіях на Беларусі якраз і ўтрымліваюць у большасці выпадкаў вынікі, атрыманыя адразу пасля заканчэння рэвізіі, гэта значыць вельмі няпоўныя. Расійскі ўрад двойчы - у 1799 і 1808 гг. выдаваў указы аб дадатковай падачы рэвізскіх казак. У 1809 г.быў выдадзены указ сената, які вызначыў пакаранне яўрэям, што ухіляліся ад перапісу (яны высяляліся ва ўкраінскія губерні з забаронай сяліцца ў гарадах і правам займацца толькі земляробствам). Гэта было выклікана тым, што многія бяднейшыя жыхары гораду, у тым ліку яўрэйскай нацыянальнасці, ухіляліся ад перапісу, каб не плаціць падаткі (чаму садзейнiчала iснаванне кагала, бо менавiта ён выступаў ў якасці прадстаўнічай арганізацыі перад царскімі адміністрацыйнымі органамі. Кагал нес адказнасць за выплату агульнай сумы падаткаў, якая залежала ад агульнай колькасці членаў гарадскога грамадства).

VІ рэвізія была праведзена у другой палове 1811 г. Зборам рэвізскіх казак ведалі павятовыя рэвізскія камісіі. Рэвізскія казкі аб купцах і мяшчанах павінны былі падаваць гарадскі галава і старасты, а дзе такіх не было — магістраты ці ратушы. Рэвізія праводзілася ў вялікай спешцы. Былі ўлічаны толькі мужчыны. Апынуліся не улічанымі непадатныя саслоўі. Такім чынам, што датычыцца VI рэвізіі, то з-прычыны вайны 1812 г. праверка прапісных па ей амаль не праводзілася і мы маем толькі самыя прыблізныя звесткі. На думку М.М.Улашчыка карыстацца ею наогул не мае сэнсу. У той жа час VII рэвізія была праведзена ва ўмовах умацавання расійскага дзяржаўнага апарату і яе дадзеныя значна больш дакладныя. Таму параўнанне звестак VI і VII рэвізій на Беларусі не выяўляецца мэтазгодным.

Увогуле вывучэнне дадзеных рэвізій неабходна праводзіць з іх удакладненнем (асабліва па непадатных саслоўях). Для гэтага можна выкарыстаць матэрыялы царкоўнага уліку насельніцтва. Найперш неабходна адзначыць бягучыя запісы духавенства ў метрычных кнігах і штогадовых кліравых ведамасцях.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: