Агульная характарыстыка. Класiфiкацыя

Характэрнай рысай летапiсання XV – XVI ст. з’яўляецца яго агульнадзяржаўны характар. Адсюль часам i назва – «лiтоўска-рускiя летапiсы».

Беларускiя летапiсы i хронiкi захавалiся ў шматлiкiх спiсах (каля 22). Узнiкае праблема iх класiфiкацыi, але тут меркаваннi даследчыкаў разышлiся. Шэраг крынiцазнаўцаў (М. Цiхамiраў i iнш.) у адпаведнасцi з памерамi летапiсаў падзяляюць iх на кароткiя i падрабязныя. Згодна іншаму пункту гледжання, iснуюць тры рэдакцыi беларускiх летапiсаў: кароткая, пашыраная i поўная. Найбольш аргументаванай выглядае канцэпцыя беларускага тэкстолага В. А. Чамярыцкага пра iснаванне трох асобных летапiсных зводаў (I, II, III, цi адпаведна — «Летапiсец вялiкiх князёў лiтоўскiх», «Хронiка вялiкага княства лiтоўскага» i «Хронiка Быхаўца»).

1.7.2. І беларуска-літоўскі звод («Летапiсец вялiкiх князёў лiтоўскiх»), гiсторыя яго стварэння, крынiцы i склад

Да I беларуска-літоўскага зводу адносяць Нiкiфараўскi, Акадэмiчны, Супрасльскi, Слуцкi летапiсы. Не ўсе гэтыя спiсы захавалiся ў поўным складзе (асаблiва старэйшы – Нiкiфараўскi), аднак пры параўнальным аналiзе можна заўважыць, што ўсе яны складаюцца з трох асноўных частак: 1) «агульнарускай»; 2) смаленскай; 3) «Летапiсца вялiкiх князёў лiтоўскiх». Толькi ў апошнiм (Слуцкiм) летапiсе парадак размяшчэння азначаных частак адваротны.

Частка першая («агульнаруская») ахоплiвае перыяд з 854 па 1446 г. (дзе не пазначаны гады з 1430 па 1445). Частка другая (смаленская) пачынаецца пасля слоў «река Днепр течет у море Понешьское» i якраз распавядае пра падзеi 1430 – 1445 гг. I ўрэшце, частка трэцяя мае падзагаловак «Летапiсец вялiкiх князёў лiтоўскiх» i ўключае два не вельмi звязаныя памiж сабою апавяданнi, што храналагiчна ахоплiваюць прамежак часу ад 70-х гг. XIV ст. да 30-х гг. XV ст.

Частка першая выяўляе iмкненне летапiсца вызначыць Вялiкае княства Лiтоўскае побач з Маскоўскiм як спадкаемцу Кiеўскай Русi i пранiзана iдэяй агульнарускага адзiнства. Невыпадкова, што крынiцамi яе з’яўляюцца летапiсныя зводы, што складалiся пры ўдзеле агульнарускiх мiтрапалiтаў Кiпрыяна (1408) i Фоцiя. Аднак твор Фоцiя «Палiхрон» (1418), хутчэй за ўсё, толькі падштурхнуў князя Вiтаўта да стварэння ўласнага летапiснага зводу, а не стаў яго асновай. У «агульнарускай» частцы апушчаны цi перапрацаваны ўсе звесткi, якiя б паказвалi вялiкiх князёў лiтоўскiх у непрывабным для iх святле. Апiсанне падзей за шэраг гадоў нагадвае храналагiчную таблiцу, але ўсе факты, звязаныя з палiтычным жыццём ВКЛ, выпiсаны даволi падрабязна. «Агульнаруская» частка заканчваецца апiсаннем падзей за другую палову 1420-х гг., звестка ж за 1446 г. мае характар пазнейшай прыпiскi.

Гэтая частка летапіснага зводу з’яўлялася абгрунтаваннем прэтэнзій вялікіх князёў літоўскіх на «рускія» землі і адначасова акрэсліла гісторыю дзяржавы да часоў Гедыміна[lxxiv].

Частка другая не з’яўляецца цэласнай, а складаецца з трох асобных раздзелаў: Смаленскай хронiкi, пахвалы Вiтаўту i кароткiх запiсаў за 1432 – 1445 гг. У яе аснове – Смаленскi летапiс, якi пачаў весцiся прыкладна ў канцы XIV ст., у 1430 – 1440 гг. быў перапынены, а з 1440 г. – адноўлены (запiсаны падзеi за 1432 – 1440 гг. i звесткi за 1441 – 1445 гг.).

Частка трэцяя («Летапiсец вялiкiх князёў лiтоўскiх»), як ужо адзначалася, таксама складаецца з асобных апавяданняў (уласна «Летапiсца...» i «Аповесцi пра Падолле»). Першае з iх стваралася ў два этапы: першапачаткова (1382 – 1392 гг.) чалавекам, блiзкiм да Вiтаўта. Ён iмкнуўся растлумачыць дзеяннi вялiкага князя ў перыяд барацьбы за ўладу. Пасля апавяданне працягвалася духоўнай асобай у 1420-я гг.
XV ст. (магчыма, напярэдаднi маючай адбыцца каранацыi Вiтаўта). «Аповесць пра Падолле» пачынаецца са слоў: «Коли господар был на Литовской земли князь Ольгерд», – што мела на мэце акрэслiць правы княства на гэтую частку сучаснай Украiны падчас захопу яе палякамi.

Падагульненне зробленага вышэй аналiзу дазваляе вызначыць наступную схему ўзнiкнення летапiснага зводу: 1) ён быў складзены не пазней як у 1446 г. (бо тут нiчога не гаворыцца пра каранацыю Казiмiра ў 1447 г.) i не раней як у 1446 г. (паколькi ёсць адпаведны запiс за гэты год); 2) звод узнiк на падставе папярэднiх «агульнарускiх» (царкоўных) летапiсных зводаў, Смаленскага летапiсу i апавядання аб перыпетыях барацьбы Вiтаўта за ўладу («Origo regis»); 3) падставай для яго стварэння стала вяртанне Вiтаўта да «агульнарускай» палiтыкi (а таксама, магчыма, незадавальненне тлумачэннем асобных падзей у «Палiхроне» Фоцiя
1418 г. i маючая адбыцца каранацыя); 4) першыя запiсы былi зроблены ў Смаленску (смаленская епiскапская кафедра –?) i, можна меркаваць, не без ведама мiтрапалiта Герасiма; 5) смерць Вiтаўта, пачатак мiжусобнай вайны ў княстве i, урэшце, спаленне Герасiма Свiдрыгайлам перапынiлi ход летапiсання. Аднак у Смаленску(?) апошняе было адноўлена, дададзена «Аповесць пра Падолле» i зроблены апошнi запiс агульнарускiх падзей за 1446 г.

Паводле меркавання В. А. Чамярыцкага, першы беларускi летапiсны звод 1446 г. узнiк у выніку злучэння асобнай рэдакцыi (1446 г.) «Палiхрона» Фоцiя i «Пахвалы Вiтаўта». Характэрная рыса летапiснага зводу – яго «агульнарускi» характар.

З 1458 г. узнiкаюць асобныя мiтраполii: Руская Кiеўская i Руская Маскоўская. У апошняй мiтрапалiт таксама паступова страчвае палiтыч-нае значэнне. «Агульнарускiм» летапiсам усё больш становiцца летапiс велiкакняжацкi. Падпарадкаванне летапiсання палiтычным iнтарэсам дзяржавы ва ўмовах абвастрэння барацьбы памiж княствамi Маскоўскiм i Лiтоўскiм за рускiя землi адбiлася на яго далейшым развiццi. У канцы
XV ст. летапiсны звод перапрацоўваецца з мэтай акрэслiць асобную ад Масквы гiсторыю ВКЛ, «агульнаруская» частка скарачаецца i ставiцца на апошняе месца. Так узнiкла Слуцкая рэдакцыя I беларускага зводу. Далейшая гiсторыя беларускага (беларуска-лiтоўскага) летапiсання — гэта гiсторыя ўзнiкнення i развiцця ІІ беларускага зводу.

1.7.3. ІІ беларуска-лiтоўскi звод

Да спiсаў II беларуска-літоўскага зводу адносяць летапiсы: Красiнскага, Патрыяршы А i Б, Альшэўскi, Археалагiчнага таварыства, Румянцаўскi, Цiханравава, Пазнанскi, Еўраiнаўскi. Для ўсiх iх характэрнае злучэнне двух асобных летапiсных помнiкаў: 1) легендарнай гiсторыi аб паходжаннi князёў i шляхты Вялiкага княства Лiтоўскага ад знатных рымлян («Хронiкi») i 2) «Летапiсца вялiкiх князёў лiтоўскiх». З’яўленне легендарнай часткi (уласна «Хронiкi») выклiкана iмкненнем паказаць шляхту ВКЛ не менш, а то i больш радавiтай, чым шляхта Кароны, адказаць на распаўсюджаную ў Еўропе легенду аб паходжаннi дынастыi вялiкiх князёў лiтоўскiх ад конюха і пацвердзіць сваё права на рускія землі (права заваёвы). Легенда была выкарыстана маскоўскiм бокам, каб паказаць узурпацыю лiтоўскiмi князямi ўлады над рускiмi землямi. Калi жонкай Васiля III стала Алена Глiнская з Лiтвы, гэтае пытанне не ставiлася жорстка, аднак iснавала рэальная патрэба абгрунтаваць старажытную радаслоўную ўладароў ВКЛ.

Да таго ж аб’яўленне Івана ІІІ «гасударом усея Русі» выклікала неактуальнасць «агульнарускай» часткі, як і ўжывання назвы «рускае». Неабходна было новае абгрунтаванне правоў на «рускія землі» («па праву мяча»), якое, дарэчы, ёсць ужо ў першым зводзе пры вызначэнні правоў на Падолле. Нельга таксама адмаўляць выразнае ўзмацненне жамойцкага патрыятызму, рост цiкавасцi жамойтаў да сваёй гiсторыi. Узнiкненне ў такiх умовах твора яскрава лiтоўскага па сваім характары было вельмi надзённым.

Першая (легендарная) частка ІІ беларуска-літоўскага зводу мае поўную назву «Хронiка Вялiкага княства Лiтоўскага i Жамойцкага». Слова «рускага» адсутнiчае невыпадкова. «Хронiка...», найбольш верагодна, узнiкла ў 20-я гг. XVI ст. у асяроддзi вядомых магнатаў ВКЛ Гаштольдаў i Гальшанскiх, паходжанне якiх у творы выводзiцца непасрэдна ад нашчадкаў рымскай знацi ва ўмовах, калi гаспадаром усiх рускiх зямель называў сябе маскоўскi вялiкi князь. Аўтар «Хронiкi...» пачынае сваё апавяданне з эпохi рымскага iмператара Нерона (I ст. н. э.). Сваёй жорсткасцю гэты дыктатар наводзiў такi жах на рымлян, што асобныя з iх вымушаны былi, ратуючы сваё жыццё i маёмасць, уцякаць з Iталii. I вось адзiн «княжа» (патрыцый) Палемон, «который же цесар Нерону был кровным», сабраў 500 падначаленых яму людзей – добраахвотнiкаў з сем’ямi i накiраваўся шукаць больш бяспечныя землi. Праз некаторы час «эмiгранты» праз Балтыйскае мора прыплылi да вусця Нёмана, паднялiся ўверх па яго цячэнні. Мясцовасць, дзе яны апынулiся, палiчылi прывабнай i пачалi «размноживатися». Пры гэтым асаблiва падкрэслiваецца значэнне Жамойцi: «и от того часу панство Литовское пачалося звати и множити от Жомоити». Аднаўляючы генеалогiю лiтоўскiх князёў, аўтар «Хронiкi...» «не абцяжарваў сябе пошукамi неабходных iмёнаў: частку з iх ён перайначыў з Iпацьеўскага летапiсу, частку вывеў ад гарадоў i рэк (Каўнас – Кунас, Нёман – Неманас, Гальшаны – Гольша i г. д.) Апавяданне даводзiлася да Гедымiна, якi, згодна легендзе, заснаваў новую сталiцу княства – Вiльню.

Можна меркаваць, што прыкладна ў гэты ж час (1520 – 1530-я гг.) «Хронiка...» была злучана з «Летапiсцам вялiкiх князёў лiтоўскiх», якi пачынаў генеалогiю князёў ад Гедымiна. Пры гэтым ён быў iстотна перапрацаваны. Паказальна, што «агульнаруская» частка (якая ўжо ў Слуцкай рэдакцыi I беларускага зводу аднесена на апошнi план) у ІІ зводзе зусiм адсутнiчае.

Першапачатковы тэкст ІІ беларуска-літоўскага зводу, у склад якога ўвайшла «Хронiка Вялiкага княства Лiтоўскага i Жамойцкага» разам з «Летапiсцам вялiкiх князёў лiтоўскiх», у 40-я гг. XVI ст. быў дапоўнены новымi летапiснымi матэрыяламi. Была таксама зроблена iстотная рэдак-тарская апрацоўка ўсяго тэксту: скарочана адно апавяданне, пашырана другое, унесены дапаўненнi, заменены асобныя прозвiшчы герояў, уведзены падзагалоўкi. Гэта дало падставу даследчыку В. А. Чамярыцкаму вызначыць у складзе ІІ зводу тры рэдакцыi: 1) кароткую (летапiс Красiнскага i блiзкi да яго Патрыяршы А);
2) пашыраную (Патрыяршы Б, Румянцаўскi, Альшэўскi, Археалагiчнага таварыства, Цiханравава); 3) поўную (Пазнанскi i Рачынскага). Узнiкненне поўнай рэдакцыi ён датуе першай паловай 50-х гг. XVI ст.[lxxv].

Такiм чынам, мы можам назiраць паступовую эвалюцыю летапiсання ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, чарговым этапам якой стаў III беларускi звод, цi «Хронiка Быхаўца».

1.7.4. ІІІ беларуска-літоўскі звод («Хронiка Быхаўца»).

Методыка аналiзу легендарных частак летапiсаў

III беларуска-літоўскі звод атрымаў такую назву ад адзiнага вядомага даследчыкам спiса, якi быў выяўлены ў бiблiятэцы памешчыка Быхаўца (маёнтак Магiлеўцы Ваўкавыскага павета Гродзенскай губернi) у
1820-х гг. Хронiка, арыгiнал якой згублены, ахоплiвае гiсторыю ВКЛ ад легендарных часоў да 1506 г. Каштоўнасць хронiкi ў тым, што яна змяшчае арыгiнальныя звесткi (складзеныя па назiраннях, успамiнах хранiста i г. д.) за другую палову XV – пачатак XVI ст. «Хронiка Быхаўца» з’явiлася ў вынiку перапрацоўкi i спалучэння трох летапiсных помнiкаў: 1) Слуцкай рэдакцыi I беларускага зводу; 2) Iпацьеўскага летапiсу; 3) поўнай рэдакцыi «Хронiкi Вялiкага княства Лiтоўскага i Жамойцкага».

ІІІ беларуска-літоўскі звод стаў вынiкам гiсторыка-лiтаратурнага сiнтэзу пагадовых запiсаў i асобных апавяданняў. Складанне новага летапiснага помнiка абумоўлена развiццём геаграфiчных уяўленняў, больш пiльнай увагай да генеалогii. Але адной з галоўных прычын яго ўзнiкнення стаў пачатак Лiвонскай вайны. Iстотныя тэрытарыяльныя страты, якiя панесла ВКЛ, выклiкалi iмкненне лiцвiнскiх патрыётаў нагадаць пра гераiчныя i велiчныя старонкi барацьбы з Маскоўскай дзяржавай, пра тое, што i «лiтоўскае кап’ё стаяла ля сцен Масквы».

Усё адзначанае вышэй дазваляе меркаваць, што ІІІ звод быў створаны ў 60-я гг. XVI ст., а ў 70-я гг. XVI ст. з’явiўся спiс (лацiніцай на беларускай мове), якi ў 1846 г. апублiкаваў складальнiк «Старажытнай гiсторыi лiтоўскага народа» Т. Нарбут. ІІІ беларуска-літоўскі звод быў складзены, магчыма, не адной, а некалькiмi асобамi, блiзкiмi да князёў Слуцкiх. Паводле сцвярджэння беларускага даследчыка М. М. Улашчыка, «Хронiка Быхаўца» была пачата праваслаўным, а падоўжана католiкам.

Месцам узнiкнення летапiсу-хронiкi, хутчэй за ўсё, быў Новагародак. Пры абгрунтаваннi такога пункту гледжання карысна звярнуцца да методыкi аналiзу легендарных звестак летапiсаў, прапанаванай
М. Улашчыкам. У асноўных рысах яе можна сфармуляваць наступным чынам: 1) пачатковыя звесткi па гiсторыi амаль усiх народаў змяшчаюць легенды; 2) легенды, нягледзячы на мiфiчнасць паведамленняў, адлюстроўваюць геаграфiчныя, палiтычныя i iншыя ўяўленнi таго часу, калi яны складалiся; 3) аналiз звестак легенды дазваляе даследчыку ў шэрагу выпадкаў акрэслiць час i месца напiсання (складання).


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: