Архітэктура і жывапіс. Архітэктура першай паловы XIX­ ст

Архітэктура першай паловы XIX­ ст.

З эпохай Асветніцтва звязана ўсталяванне стылю класіцызму ў архітэктуры, адмаўленне ад празмернай складанасці і заблытанасці архітэктурных формаў, характэрных для стыляў барока і ракако. У архітэктурных кампазіцыях пачалі выкарыстоўвацца выразныя геаметрычныя формы, набылі распаўсюджванне простыя дэкаратыўныя ўпрыгожванні.

Станаўленне класіцызму найперш было звязана з інтэнсіўным развіццём горадабудаўніцтва. У беларускіх гарадах сталі з’яўляцца новыя тыпы жылых і грамадскіх будынкаў (бальніцы, канцэлярыі, гімназіі), якія вылучаліся на фоне сярэдневяковай забудовы сваімі правільнымі абрысамі. Упершыню горадабудаўніцтва пачало разглядацца як адзіная прасторавая сістэма, спланаваная на рацыянальных пачатках. У першай палове XIX ст. былі распрацаваны планы забудовы звыш 40 беларускіх гарадоў. Так, ужо к сярэдзіне XIX ст. плошча Мінска павялічылася амаль у тры разы. Поўная перабудова адбылася ў Брэсце і Бабруйску, дзе былі пабудаваны крэпасці.

Яскравае адлюставанне класіцызм набыў у палацава-сядзібнай архітэктуры. Сярод выдатных помнікаў беларускага класіцызму вылучаюцца Гомельскі, Жыліцкі (Кіраўскі раён), Сноўскі (Нясвіжскі раён) палацы. Гомельскі палац быў закладзены ў 1777 г. на правым беразе р. Сож генералам-фельдмаршалам П.А. Румянцавым-Задунайскім, якому Кацярына II падаравала Гомель. Амаль 30 гадоў уладальнікам палаца быў яго сын М.П. Румянцаў. Пры ім быў пабудаваны сабор Святых Пятра і Паўла. У 1835 г. палац перайшоў да генерала-фельдмаршала графа І.Ф. Паскевіча, які сабраў у ім вялікую калекцыю твораў мастацтва. І.Ф. Паскевіч ажыццявіў рэканструкцыю палаца з элементамі рамантызму. У выніку палац захаваў свае класічныя рысы, аднак некаторыя элементы дэкору набылі рысы рэнесанснай ці гатычнай архітэктуры. У гэты ж час быў створаны пейзажны парк, аздоблены гротамі, мосцікамі, керамічнымі вазамі, штучнымі вадаёмамі. Цяпер у палацы Румянцавых-Паскевічаў размешчаны Гомельскі абласны краязнаўчы музей.

Найбольш значныя з культавых пабудоў эпохі класіцызму ў Беларусі – Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, які быў пабудаваны ў 1809-1819 гг. па праекце англійскага архітэктара Дж. Кларка, і сабор Іосіфа ў Магілёве. Апошні будаваўся ў 1780-1798 гг. па праекце архітэктара Н. Львова ў гонар сустрэчы ў Магілёве Кацярыны II з аўстрыйскім імператарам Іосіфам II. Распісваў сабор вядомы рускі мастак В. Баравікоўскі.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: