Грамадска-палітычнае развіццё Рэспублікі Беларусь

Пасля распаду СССР перад Рэспублікай Беларусь паўстала задача пабудовы незалежнай дэмакратычнай дзяржавы. Важнай падзеяй стала распрацоўка асноўнага закона Рэспублікі Беларусь – Канстытуцыі. Канстытуцыйная камісія працавала да 1994 года. 15 сакавіка Вярхоўны Савет прыняў Канстытуцыю Беларусі, згодна з якой у краіне ўводзіўся пост Прэзідэнта. У гэтых умовах у чэрвені 1994 г. адбыліся выбары прэзідэнта Беларусі. На выбарах у другім туры перамог Аляксандр Лукашэнка, праграма якога прадугледжвала правядзенне радыкальных эканамічных рэформ, пабудову справядлівага грамадства і барацьбу з карупцыяй і цеснае эканамічнае супрацоўніцтва з Расіяй. Рэалізацыя праграмы цеснага супрацоўніцтва з Расіяй прывяла да падпісання 2 красавіка 1996 г. Дамовы аб стварэнні Саюза Беларусі і Расіі. Расія адкрыла для Беларусі свае рынкі і стала пастаўляць сыравіну і энергію па льготных цэнах. Беларусі былі спісаны даўгі больш чым на мільярд долараў за папярэднія пастаўкі энергарэсурсаў.

Канстытуцыя 1994 г. ўяўляла сабой варыянт прэзідэнцкай рэспублікі пры дамінуючай ролі парламента. Гэта не адпавядала палітычнай сітуацыі ў краіне, калі большасць насельніцтва выказвала давер прэзідэнту. Ступень даверу да калектыўнага прадстаўнічага органа была значна ніжэй. У выніку ў 1995-1996 гг. адбыўся шэраг сутыкненняў паміж выканаўчай і заканадаўчай галінамі ўлады, якія заканчваліся нязменна на карысць прэзідэнта. Так, на рэферэндуме 11 мая 1995 г. большасць грамадзян выказалася за змяненне сімволікі дзяржавы згодна з прапанаваным прэзідэнтам праектам. Тады ж было вырашана пытанне аб наданні рускай мове роўных правоў з беларускай, паскорылася інтэграцыя з Расіяй і былі ўнесены некаторыя змяненні ў Канстытуцыю, згодна з якімі Прэзідэнт атрымаў права распусціць ВС, калі апошні груба парушыць асноўны закон краіны. Адначасова з рэферэндумам былі праведзены выбары ў Вярхоўны Савет новага сазыва. Аднак толькі ў снежні, у выніку давыбараў, парламент прыступіў да работы – адмячалася нізкая яўка выбаршчыкаў на выбары народных дэпутатаў.

У лістападзе 1996 г. быў праведзены другі рэферэндум па ініцыятыве Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, па выніках якога народам быў адобраны прапанаваны прэзідэнтам варыянт змяненняў у Канстытуцыі. Улада прэзідэнта – кіраўніка дзяржавы была значна пашырана. Замест Вярхоўнага Савета ўводзіўся новы двухпалатны парламент. Дата нацыянальнага свята пераносілася з 27 ліпеня на 3 ліпеня – дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Народ не абодрыў свабодную, без адмежаванняў, куплю-продаж зямлі і адмену смяротнага пакарання. У лістападзе адбыўся Першы Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які адобрыў “ Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на 1996-2000 гады ”, якая падугледжвала дасягнення ў 2000 годзе паказчыкаў эканамічнага развіцця 1991 года – лепшага за гады існавання БССР.

Пачынаючы з 1996 г., адзначаецца рост валавага нацыянальнага прадукта. На парламенцкіх выбарах 2000 г. насельніцтва падтрымала палітыку прэзідэнта, у Нацыянальнае Сабранне прайшлі толькі адзінкі апазіцыйна настроеных дэпутатаў. Спробы апазіцыі правесці альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары былі беспаспяховымі. У 2001 г. прэзідэнт Беларусі А.Р.Лукашэнка быў абраны на другі тэрмін. Паскорыліся інтэграцыйныя працэсы. 2 красавіка 1997 года ў Маскве было падпісана пагадненне аб стварэнні Саюза Беларусі і Расіі, а 8 снежня 1999 года – Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі.

Урад краіны праводзіць палітыку будаўніцтва сацыяльна-арыентаванай дзяржавы, якая будуецца на прынцыпах канстытуцыйных гарантый асабістых правоў і свабод грамадзян, свабоды прадпрымальніцтва, выбару прафесіі і месца працы, роўнасці ўсіх формаў уласнасці, гарантыі яе недатыкальнасці і выкарыстання ў інтарэсах асобы і грамадства, забеспячэння ўзаемасувязі дабрабыту работніка і вынікаў яго працы, сацыяльнай абароны непрацаздольных і іншых сацыяльна ўразлівых пластоў насельніцтва, сацыяльнага партнёрства (паміж дзяржавай, прафсаюзамі і саюзамі прадпрымальнікаў). “ Беларуская мадэль ” дзяржавы дазваляе, з аднаго боку, захаваць сацыяльныя заваёвы народа, а з другога – выкарыстоўваць рынкавыя механізмы для павышэння эфектыўнасці эканамічнай сістэмы, яе ўспрымальнасці да навукова-тэхнічнага прагрэсу.

3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь. Пошук, ста­наўленне і рэалізацыя беларускай мадэлі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі.

27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР абвясціў суверэнітэт БССР, а ў кастрычніку 1990 г. ён прыняў “ Праграму пераходу да рыначных адносін у БССР ”, якая была распрацавана СМ БССР на аснове радыкальнай праграмы “500 дзён”. Асноўнымі прынцыпамі беларускай урадавай праграмы было гарантаванне свабоды прадпрымальніцтва, свабода эканамічнага выбару, свабоднае цэнаўтварэнне, максімальная адкрытасць рынкавай сістэмы Беларусі, суверэннае права рэспублікі распрацоўваць і ажыццяўляць свае законы і нарматыўна-прававыя акты.

У кастрычніку 1991 г. паміж Расіяй, Беларуссю, Арменіяй, Кыргыстанам, Таджыкістанам, Туркменістанам і Ўзбекістанам, Украінай, Малдовай і Азербайджанам быў падпісаны дагавор аб адзінай эканамічнай прасторы. Ен прадугледжваў правядзенне ўзгодненай палітыкі ў галінах транспарту, энергетыкі, інфармацыі, развіцця прадпрымальніцтва, фінансаў, падаткаў і цэн, грашовай і банкаўскай сістэм, мытных правіл і тарыфаў, стандартаў, статыстыкі, бухгалтарскага ўліку, развіццё замежных эканамічных адносін; прызнанне прыватнай уласнасці, свабоды прадпрымальніцтва і свабоднай канкурэнцыі.

Была распрацавана дзяржаўная праграма па стабілізацыі эканомікі і сацыяльнай абароне насельніцтва. Былі створаны рэспубліканскі фонд стабілізацыі эканомікі, рэфармавалася грашова-крэдытная сістэма. Насельніцтву было дазволена выкупляць ва ўласнасць кватэры, дачы, гаражы і г.д. Пачалося стварэнне суб’ектаў рынкавай эканомікі – незалежных, самастойных, эканамічна адказных таваравытворцаў, якія павінны былі займацца прадпрымальніцтвам ва ўмовах здаровай канкурэнцыі. Пачалося раздзяржаўленне і прыватызацыя, якія павінны былі скончыцца на на працягу 5-10 гадоў.

Утваралася сістэма дзяржаўнага рэгулявання эканомікі, асноўныя элементы якой: ўласная банкаўская і крэдытная сістэмы (Нацыянальны банк Беларусі, Знешэканомбанк, Ашчадны і шэраг камерцыйных банкаў); уласны бюджэтны і падатковы механізм; планавае рэгуляванне (комплексны прагноз эканамічнага і сацыяльнага развіцця рэспублікі), абласцей, раёнаў і гарадоў; распрацоўка механізма цэнаўтварэння, і сістэмы аплаты працы. Складвалася рынкавая інфраструктура (спажывецкі рынак, рынак сродкаў вытворчасці, фінансавы рынак, рынак працоўнай сілы) і механізм яе дзеяння.

Не заставалася забытай і сацыяльная абарона насельніцтва. Яна пра­водзілася праз вызначэнне мінімума аплаты працы і прыняцце законаў «Аб сацыяльнай абароне малазабяспечаных грамадзян», «Аб індэксацыі прыбыткаў насельніцтва», «Аб абароне правоў інвалідаў» і інш. Быў створаны Пенсійны фонд і фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Асаблівасцю эканамічнага развіцця Беларусі ў пачатку 90-х гг. было тое, што крызісныя з’явы тут выявіліся пазней, чым у іншых рэспубліках СССР. У 1990 г. выдаткі дзяржавы на сацыяльна-культурныя мерапрыемствы поўнасцю пакрываліся прыбыткамі, якія перавышалі выдаткі на 2,6%. Практычна адсутнічалі беспрацоўе і інфляцыя. У 1991-1992 гг. па індэксу развіцця чалавечага патэнцыялу Беларусь займала 40-е месца сярод 174 краін свету і адносілася да групы краін з яго высокім узроўнем.

Толькі ў 1991 г. у Беларусі ўпершыню адбылося абсалютнае падзенне вытворчасці прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі (ВНП склаў 98%, а нацыянальны даход 97% ад 1990 г.). У наступныя гады адбылося рэзкае абвастрэнне эканамічнага крызісу, што супала з першымі гадамі незалежнага існавання Беларусі і наклала негатыўны адбітак ў масавай свядомасці на ідэю незалежнасці краіны. Народная гаспадарка рэспублікі стаяла на мяжы абвалу.

За 1991–1994 гг. адбылося падзенне выпуску прамысловай прадукцыі на 31%. Спад меў усеагульны характар (закрануў усе галіны вытворчасці). Узнікла праблема збыту прадукцыі, рэзка падаражалі матэрыяльные рэсурсы, звычайнай з’явай сталі хранічныя неплацяжы. У спадчыну ад савецкай эканомікі дастаўся нізкі ўзровень канкурэнтаздольнасці прадукцыі, што было вынікам скарачэння інвестыцый у навуку і новыя тэхналогіі. Страчваліся традыцыйные рынкі збыту.

У сельскай гаспадарке зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці склала 14% з прычыны дрэннага забеспячэння рэсурсамі, недахопа рэспубліканскіх крыніц фінансавання, негледзячы на тое, што ў 1990-1994 гг. калгасам выдзялялася 50-60% рэспубліканскага бюджэта, нізкага ўзроўня закупачных цэн, засухі 1994 г.

Праводзілася палітыка штучнага стрымлівання цэн на сельскагаспадарчыя тавары, тавары прамысловасці, паслугі сувязі і транспарту, камунальнай гаспадаркі і г.д. Адбылося рэзкае зніжэнне даходаў насельніцтва. На 1994 г. рэальная зарплата склала чвэрць ад узроўню снежня 1991 г. Узнікла вялікая знешняя запазычанасць, асабліва перад Расіяй за энергарэсурсы. За 1994 г. яна вырасла ў 10 разоў і дасягнула 500 млн. долараў. Наглядалася высокая інфляцыя, асабліва пасля лібералізацыі цэн, праведзенай у 1992 г.

У 1994 г. ВВП у адносінах да 1990 г склаў толькі 72%, аб’ём прамысловай вытворчасці 67%, капітальныя ўкладанні 57%, рэйтынг Беларусі па індэксу развіцця чалавечага патэнцыялу знізіўся да 62-га месца сярод 175 краін свету.

Ва ўмовах жорсткага крызісу былі праведзены першыя прэзідэнцкія выбары. Каманда першага Прэзідэнта Беларусі А.Р. Лукашэнкі прапанавала Праграму неадкладных мер па выхаду эканомікі Рэспублікі Беларусь з крызісу (1994 г.). Яна прадугледжвала аздараўленне фінансавай і грашова-крэдытнай сістэм (у першую чаргу), нармалізацыю знешнеэканамічных адносін, стабілізацыю нацыянальнай валюты, сацыяльную падтрымку найбольш неабароненых слаёў насельніцтва, узмацненне дзяржаўнага рэгулявання ў эканоміцы, пераадоленне спаду вытворчасці. Рэалізацыя праграмы дазволіла ў 1994-1995 гг. на зменшыць інфляцыю, знізіць дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту, затармазіць падзенне ўзроўню жыцця народа, прыпыніць абвальны спад вытворчасці.

Актуальнай стала новая задача – стварыць перадумовы для пераходу ад спаду вытворчасці да яго стабілізацыі і некатораму росту. У гэтых мэтах былі распрацаваны і зацверджаны Асноўныя накірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996-2000 гг. Прыярытэты праграммы – гэта экспарт, жыллё, харчаванне.

У якасці перспектыўнай была прынята мадэль сацыяльна арыентаванай рынкавай эканомікі, якая павінна будавацца па прынцыпах канстытуцыйных гарантый асабістых правоў і свабод грамадзян, свабоды прадпрымальніцтва, выбару прафесіі і месца працы, роўнасці ўсіх форм уласнасці, гарантыі яе недатыкальнасці і выкарыстання ў інтарэсах асобы і грамадства, забеспячэння ўзаемасувязі дабрабыту работніка і вынікаў яго працы, сацыяльнай абароны непрацаздольных і іншых сацыяльна ўразлівых пластоў насельніцтва, сацыяльнага партнёрства (паміж дзяржавай, прафсаюзамі і саюзамі прадпрымальнікаў). Сацыяльная арыентацыя рынкавай эканомікі дазваляе, з аднаго боку, захаваць сацыяльныя заваёвы народа, а з другога – выкарыстоўваць рынкавыя механізмы для павышэння эфектыўнасці эканамічнай сістэмы, яе ўспрымальнасці да навукова-тэхнічнага прагрэсу. Ствараючы ўмовы для рынкавай эканомікі, дзяржава ў сваёй эканамічнай палітыцы павінна імкнуцца да дасягнення такіх прынцыповых мэтаў, як рост дабрабыту народа, высокая ступень занятасці, спрыяльная для жыцця навакольнага асяроддзя.

У канцы 1990-х гг. згодна з апублікаванымі дадзенымі Беларусь па індэксе развіцця чалавечага патэнцыялу займала ўжо 57-е месца ў свеце. Гэта быў лепшы паказчык сярод дзяржаў СНД (Расійская Федэрацыя – 62-е месца, Казахстан – 73-е, Украіна – 78-е), хаця ў апошнія гады нас значна апярэдзілі краіны Прыбалтыкі і дзяржавы Усходняй Еўропы, якія мелі аднолькавыя з намі стартавыя пазіцыі ў пачатку 1990-х гг. і якія правялі рэфармаванне эканомікі метадам “шокавай тэрапіі”.

“Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2010 г.” зацверджаны СМ РБ у красавіку 2000 г. У дакуменце вызначаны стратэгічныя мэты, задачы, базавыя прынцыпы і асноўныя прыярытэты на новае тысячагоддзе. У праграме ўлічваюцца асаблівасці Беларусі як малой краіны з адкрытай эканомікай, улічваецца працэс глабалізацыі сусветнай эканомікі, адзначаецца неабходнасць удзелу беларускіх прадпрыемстваў у фінансава-прамысловых групах (ФПГ) і транснацыянальных кампаніях (ТНК) з мэтай прыцягнення ў гаспадарку краіны новых тэхналогій і інвестыцый.

Паскарэнне працэсаў інтэграцыі Беларусі ў сусветную эканоміку з’яўляецца важнай перадумовай для паспяховай сістэмнай трансфармацыі яе эканомікі і далейшага прагрэсу чалавечага патэнцыялу.

У сацыяльнай палітыке стратэгічнымі мэтамі з’яўляюцца: аздараўленне народа; павышэнне ўзроўню яго дабрабыту на аснове збалансаванага і ўстой­лі­вага эканамічнага росту; забеспячэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця чалавека.

Іх дасягненне звязана з паскарэннем росту і паляпшэннем якасных параметраў усяго народнагаспадарчага комплексу краіны. Неабходна пераўзброіць вытворчасць на аснове навейшых тэхналогій, каб перайсці на выпуск прадукцыі сучаснага ўзроўню. Толькі ўдзел у сусветным падзеле працы дасць магчымасць вырашыць ў бліжэйшай будучыні стратэгічныя задачы і перш за ўсё забеспячэнне росту даходаў насельніцтва, стварэнне годных умоў жыцця і асяроддзя пражывання чалавека.

У адрозненне ад эканамічна развітых краін структура выдаткаў дамашніх гаспадараку Беларусі характарызуецца высокай доляй затрат на харчовыя тавары, нізкай – на набыццё тавараў культурна-бытавога і гаспадарчага прызначэння і яшчэ больш нізкай – на платныя паслугі. Удзельная вага кошту прадуктаў харчавання ў бюджэце сям’і ў 1999 г. склала 59,5% спажывецкіх выдаткаў. Другі па значэнні артыкул выдаткаў насельніцтва – пакупка нехарчовых тавараў. Нязначныя выдаткі ў сярэдняй беларускай сям’і на культуру, адукацыю, адпачынак і спорт.

Дзяржава вызначыла асноўныя прыярытэты сацыяльнай палітыкі – гэта рост рэальных даходаў насельніцтва праз увязванне зарплаты з ростам эфектыўнасці вытворчасці, распрацоўка дасканалага пенсійнага заканадаўства, калі дзяржава гарантуе пенсійнае забеспячэнне, але грамадзянін так сама нясе асабістую адказнасць за фарміраванне свайго пенсійнага фонду, рэформу сацыльных ільгот, адмену неапраўданых сацыльных выплат. Адначасова пашыраюцца платныя паслугі ў сферы аховы здароўя (акрамя пешай дапамогі і базавага комплекса паслуг) і адукацыі (акрамя абавязковай сярэдняй адукацыі).

На Другім Нацыянальным сходзе была прынята Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001-2005 гг. Яе выкананне павінна стварыць ўмовы, якія забяспечваюць стабілізацыю і ўстойлівы эканамічны рост і на яго аснове – павышэнне ўзроўню жыцця народа. Валавы ўнутраны прадукт павінен павялічыцца за гэты час у 1,24-1,33 разоў, прадукцыя прамысловасці – у 1,24-1,28, у тым ліку спажывецкіх тавараў – у
1,28-1,33 разоў, сельскай гаспадаркі – у 1,2-1,3, а прадукцыя сфер паслуг – у 1,4-1,5 разоў. Палепшыцца галіновая структура ВВП: доля прамысловасці складзе 31-32%, сельскай гаспадаркі – 8,8-9%, будаўніцтва – 6-6,3%, а доля сферы паслуг узрасце да 37-37,5%. Прадукцыйнасць грамадскай працы павялічыцца на 28-36%. Матэрыялаёмістасць вытворчасці тавараў і паслуг знізіцца на 4-5%, а энергаёмістасць ВВП – на 15-20%. Асноўнымі прыярытэтамі на гэты тэрмін вызначаны жыллёвае будаўніцтва, пашырэнне экспарту беларускіх тавараў, забеспячэнне прадуктовай бяспекі, правядзенне іннавацыйнай палітыкі – мадэрнізацыі вытворчасці, прыцягненне ўнутраных і замежных інвестыцый, распрацоўка механізмаў інтэгрыравання ў сусветную эканоміку. У сацыяльнай сферы прыярытэты – гэта здароўе нацыі і рост даходаў насельніцтва.

Дасягненню прадуктовай бяспекі павінна садзейнічаць выкананне “Праграмы павышэння эфектыўнасці аграпрамысловага комплексу да 2005 года”. Галоўная задача – гэта ліквідацыя зерневай залежнасці краіны. Так, валавыя зборы зерня павінны скласці 8-9 млн. тон штогод, бульбы – 9-10, гародніны – 1,5-1,7, цукровых буракоў – 2-2,2 млн.тон, малака – 7-7,5 млн.тон, мяса –
1,3-1,5 млн.тон. Выкананне гэтых паказчыкаў дазволіць цалкам забяспечыць краіну харчаваннем і пятую частку накіроўваць на экспарт. Асноўны ўпор зроблены на захаванне на вёске буйнатаварнай вытворчасці (мадэрнізіраваных калгасаў), пашырэння навукаёмкіх тэхналогій, выкарыстоўванне палепшаных сартоў насення і парод жывёлы.

Зразумела, аб тым, што мы зможам жыць у багацці, не можа быць размовы. Але пасля пэўнага перыяду, хаця і з мінімальным запасам трываласці, мы ўсё жа зможам развівацца на ўласнай аснове, прыцягваючы крэдыты і інвестыцыйныя рэсурсы.

4. Суверэнітэт і шматвектарнасць знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Рэспубліка Беларусь у сусветным супольніцтве ва ўмовах глабалізацыі.

Развіццё знешніх сувязей. У 1987 г. сацыялістычныя краіны-удзельніцы Варшаўскага Дагавора абвясцілі аб тым, што не пачнуць ваенных дзеянняў супраць іншай дзяржавы або саюза дзяржаў, калі самі не стануць аб’ектамі іх узброенага нападу. Яны ніколі не прыменяць першымі ядзернай зброі, не будуць мець тэрытарыяльных прэтэнзій ні да адной краіны свету і не будуць лічыць іх сваімі ворагамі.

У другой палове 80-х гадоў пашыраўся палітычны дыялог паміж СССР і ЗША. Савецка-амерыканскія перамовы на вышэйшым узроўні адбыліся ў Жэневе (1985), Рэйк’явіку (1986), Вашынгтоне (1987), на востраве Мальта (1989). У выніку гэтых сустрэч былі вызначаны асноўныя стратэгічныя накірункі знешняй палітыкі абедзвюх дзяржаў, якія ў далейшым прывялі да кардынальных перамен ва ўсім міжнародным супольніцтве.

У 1989 г. была завершана вайна ў Афганістане. Ажыццяўляўся вывад савецкіх войск з краін Усходняй Еўропы і Манголіі, сярод якіх было шмат ваеннаслужачых-беларусаў. Краіна прызнала прыярытэт міжнароднага права, і перш за ўсё Дэкларацыю правоў чалавека, абавязалася прывесці ўсё ўнутранае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнародным правам.

У канцы 80-х гадоў у сацыялістычных краінах Усходняй Еўропы адбыліся так званыя “аксамітныя рэвалюцыі”, у выніку якіх улада перайшла ад камуністаў да іх палітычных праціўнікаў. Была ліквідавана Берлінская сцяна, адбылося аб’яднанне Германіі. Вясной 1991 г. былі распушчаны Савет Эканамічнай Узаемадапамогі і арганізацыя Варшаўскага Дагавора. ЗША сталі адзінай у свеце звышдзяржавай, уступілі на шлях усталявання ў ім “свайго новага парадку”. Пасля ліквідацыі СССР пачалося прызнанне Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы. Былі падпісаны з сумежнымі дзяржавамі дагаворы аб граніцы і абвешчана аб тым, што ў Беларусі няма тэрытарыяльных прэтэнзій да іх. 26 лютага 1992 г. Рэспубліка Беларусь падпісала Хельсінкскі Заключны акт. З гэтага моманту яна не толькі стала раўнапраўным удзельнікам хельсінкскага працэсу, але і нясе разам з іншымі дзяржавамі адказнасць за захаванне міру і бяспекі ў Еўропе.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 г. вызначыла асноўныя прынцыпы знешняй палітыкі суверэннай дзяржавы. У артыкуле 18 запісана: “Рэспубліка Беларусь у сваёй дзяржаўнай палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права”. Рэспубліка Беларусь далучылася да Дагавора аб скарачэнні войск у Еўропе. Яна зменшыла колькасць агульных узбраенняў. У 1992 г. Беларусь вывела са сваёй тэрыторыі тактычную ядзерную зброю, нягледзячы на тое, што стратэгічныя і тактычныя ядзерныя ракеты ЗША і блока НАТА заставаліся нацэленымі на яе. Толькі ў чэрвені 1994 г. афіцыйныя колы ЗША інфармавалі аб перанацэленасці іх ракет. У 1996 г. ядзерная зброя была поўнасцю выведзена за межы краіны.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 3 ліпеня 1996 г. прапанаваў стварыць у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе прастору, свабодную ад ядзернай зброі. Рэспубліка Беларусь – нейтральная бяз’дзерная дзяржава ў цэнтры Еўропы. У эканамічным супрацоўніцтве Рэспубліка Беларусь развівала сувязі з краінамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, перш-наперш з Расіяй. 2 красавіка 1996 г. быў падпісаны Дагавор аб Супольнасці суверэнных дзяржаў – Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Гэты дагавор забяспечыў грамадзянам абедзвюх краін роўныя правы ў атрыманні адукацыі, ахове здароўя, працаўладкаванні, аплаце працы, заканадаўстве і іншых галінах. Важным крокам у далейшым паглыбленні інтэграцыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі стала падпісанне 2 красавіка 1997 г. у Маскве Дагавора аб Саюзе Беларусі і Расіі. Яго неад’емнай часткай стаў Статут Саюза Беларусі і Расіі, якім прадугледжваецца забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі, іх бяспекі, абараназдольнасці, узаемавыгаднага супрацоўніцтва з краінамі Еўропы і свету. 8 снежня 1999 г. у Маскве быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Беларуска-расійская інтэграцыя ўзнялася на якасна новую ступень. На долю Расіі прыходзіцца больш паловы агульнага аб’ёму знешняга гандлю Беларусі.

Рэспубліка Беларусь развівала гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва не толькі з краінамі СНД, але і з дзяржавамі далёкага замежжа. У яе знешняй палітыцы выразна вызначыліся ўсходні і заходні вектары. Важнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі з’яўляюцца еўрапейскія краіны, у іх ліку Германія, Вялікабрытанія, Польшча, Нідэрланды, Літва, Латвія і інш. У 2002 г. аб’ём гандлю з імі склаў каля 5 млрд. дол. Рэспубліка Беларусь прыцягвала ў сваю эканоміку капіталы і вопыт замежных інвестараў і міжнародных валютна-фінансавых арганізацый, стварала сумесныя прадпрыемствы, дазваляла замежным фірмам займацца на сваёй тэрыторыі бізнесам і прадпрымальніцтвам. Развівалася супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і замежных краін у галіне навукі, літаратуры і мастацтва. Гэта – сумесныя распрацоўкі беларускімі і замежнымі вучонымі навукова-даследчых тэм, пераклад і выданне за мяжой твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, гастролі майстроў беларускай сцэны і дэманстрацыя работ беларускіх мастакоў і скульптараў у іншых краінах і г. д. Адным з напрамкаў міжнароднай дзейнасці Рэспублікі Беларусь з’яўлялася вырашэнне праблем, звязаных з ліквідацыяй вынікаў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У атмасферу была выкінута вялікая колькасць радыеактыўнага рэчыва, 70 % якога прыйшлося на тэрыторыю Беларусі. Забруджанай аказалася трэцяя частка плошчы рэспублікі, на якой пражывала больш за 2,2 млн. чалавек. У крытычным стане апынуліся 20 % лясоў, 73 рэспубліканскія і 162 мясцовыя заказнікі, 336 помнікаў прыроды. Сярод іх – Белавежская і Налібоцкая пушчы, Бярэзінскі і Прыпяцкі запаведнікі, Асвейскае возера і інш.

Нягледзячы на вялікія намаганні, зробленыя кіраўніцтвам краіны па пераадоленню наступстваў чарнобыльскай катастрофы, а таксама на дапамогу ўрадавых арганізацый і грамадскасці замежных краін, праблема Чарнобыля па сённяшні дзень застаецца вострай. Патрабуюцца яшчэ нямалыя сродкі і пэўны час. Наогул, пераадолець вынікі такой буйной тэхнагеннай катастрофы, як чарнобыльская, Беларусі магчыма толькі з дапамогай міжнароднага супольніцтва.

Удзел спартсменаў Беларусі ў Алімпійскіх гульнях. Спартсмены Беларусі ўпершыню ўдзельнічалі на XV Алімпійскіх гульнях у Хельсінкі (Фінляндыя) у 1952 г. У складзе зборнай каманды СССР тады былі 4 беларускія лёгкаатлеты і 2 фехтавальшчыкі. Першы алімпійскі сярэбраны медаль сярод беларускіх спартсменаў заваяваў М. Крываносаў (кіданне молата) на XVI Алімпійскіх гульнях у 1956 г. у Мельбурне (Аўстралія). На XXVI Алімпійскіх гульнях у 1996 г. у Атланце (ЗША) Рэспубліка Беларусь упершыню была прадстаўлена самастойнай нацыянальнай камандай. У яе складзе было 162 спартсмены. Залатыя медалі заваявала К. Хадатовіч (акадэмічнае веславанне, байдарка-адзіночка). Беларускія спартсмены на гэтых гульнях атрымалі яшчэ 6 сярэбраных і 8 бронзавых медалёў. На XXVIII Алімпійскіх гульнях у Афінах (Грэцыя) у 2004 г. у камандзе Беларусі налічвалася 147 спартсменаў па 23 відах спорту. Заваявана 15 медалёў: 2 залатыя (Ю. Несцярэнка – бег на 100 м і І. Макараў – дзюдо), 6 сярэбраных і 7 бронзавых. У неафіцыйным камандным заліку Беларусь заняла 26-е месца сярод 202 краін-удзельніц, а па колькасці медалёў – 18-е месца. У зімовых Алімпійскіх гульнях беларускія спартсмены ўдзельнічаюць з 1964 г. Першым з беларускіх спартсменаў, які атрымаў бронзавы медаль на XV зімовых Алімпійскіх гульнях у 1988 г. у Калгары (Канада), быў канькабежац І. Жалязоўскі на дыстанцыі 100 м. На XVII зімовых Алімпійскіх гульнях у 1994 г. у Лілехамеры (Нарвегія) Беларусь упершыню выступала асобнай нацыянальнай камандай. На XIX зімовых Алімпійскіх гульнях у 2002 г. у Солт-Лейк-Сіці (ЗША) каманда Беларусі ў складзе 62 спартсменаў у неафіцыйным камандным заліку заняла 19-е месца, а хакейная зборная каманда – 4-е месца.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: