Тэма 7. Савецкая Беларусь: дасягненні і праблемы стваральнай працы народа (1945 – 1991 гг.)

Мэта:

Даць ацэнку удзелу БССР у заснаванні і дзейнасці ААН. Вызначыць статус БССР у садружнасці краін свету, а таксама ролю і месца рэспублікі на міжнароднай арэне ў перыяд канфрантацыі дзвюх грамадска-палітычных сістэм у др. пал. 40-х — перш. пал. 80-х гг. XX ст.

План:

1. Аднаўленне народнай гаспадаркі БССР пасля вайны.

2. Спробы дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця ў другой палове 1950-х – першай палове 1960-х гг. Характэрныя рысы і асаблівасці развіцця гаспадаркі БССР у 1950-1960-е гг.

3. Развіццё сельскай гаспадаркі і прамысловасці БССР у другой палове 1960-х − першай палове 1980-х гг. Дасягненні і супярэчнасці савецкай сацыяльна-эканамічнай сістэмы. Нарастанне застойных з’яў (1970-ыя – першая палова 1980-х гг.)

4. Спробы эканамічнай і палітычнай мадэрнізацыі СССР, у ты ліку і БССР, у гады “перабудовы”. Пераход да рынку.

1. Аднаўленне народнай гаспадаркі БССР пасля вайны.

Перад разбуранай эканомікай Беларусі ў першыя паслеваенныя гады стаяла задача цалкам аднавіць народнагаспадарчы патэнцыял і эканамічныя сувязі, забяспечыць далейшае развіццё народнай гаспадаркі, правесці канверсію эканомікі, знайсці рэсурсы для паляпшэння ўмоў жыцця людзей.

Пад канец вайны беларускія прадпрыемствы былі вызвалены ад вытворчасці прадукцыі для патрэб фронту, іх перавялі на выпуск тавараў народнага спажывання (пастанова Дзяржаўнага Камітэта Абароны СССР ад 26 мая 1945 г. “Аб мерапрыемствах па перабудове прамысловасці ў сувязі са скарачэннем вытворчасці ўзбраенняў”). Праходзіла пераразмеркаванне рабочай сілы, сыравіны, матэрыялаў і грашовых сродкаў, змяняліся прапорцыі паміж галінамі вытворчасці, аднаўляліся элементы цывільнага кіраўніцтва гаспадаркай – трэсты, глаўкі, наркаматы. Аднаўленне гаспадаркі ішло з дапамогай ад цэнтра і часткова за кошт рэпарацый з Германіі.

Пад час аднаўлення акрэсліліся асаблівасці, якія паўплывалі на далейшае развіццё гаспадаркі БССР. У прамысловасці больш хуткімі тэмпамі адраджалася машынабудаванне. Марудна адраджалася лёгкая прамысловасць. Асаблівая ўвага надавалася аднаўленню энергетыкі. Торфаздабыча была вызначана як аснова паліўнай базы Беларусі. На пачатак 1946 г. дзейнічала 270 торфапрадпрыемстваў, аб’ём іх вытворчасці дасягнуў даваеннага ўзроўню.

З наладжваннем мірнага жыцця была адноўлена трыдыцыя пяцігадовага планавання развіцця гаспадаркі. У 1946 годзе пачалася чацьвёртая пяцігодка, якая цягнулася да 1950 г. Яе мэтамі было аднаўленне народнай гаспадаркі ў межах даваеннага ўзроўню і перавышэнне даваеннага ўзроўню вытворчасці на 16%. Прадугледжвалася паскорана развіваць машынабудаванне, стварыць новыя галіны прамысловасці – трактара- і аўтамабілебудаванне, выпуск лакаматываў, гідратурбін, матацыклаў, веласіпедаў, швейных машын; аднавіць і развіваць энергетычную гаспадарку, пашырыць паліўную базу рэспублікі. Дзеля выраўнівання эканамічнага патэнцыялу краіны трэбы было павялічыць долю заходніх рэгіёнаў па выпуску валавай прадукцыі ўсёй рэспублікі з 9,1% у 1940 г. да 22,6% у 1950 г.

Хуткімі тэмпамі аднаўляліся і будаваліся новыя прадпрыемствы. У 1947 г. у рэспубліцы ўступілі ў строй 90 буйных прамысловых прадпрыемстваў (Мінскі інструментальны завод імя Чкалава, Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, Магілёўскі металакамбінат, аўтамабільны і веласіпедны заводы ў Мінску, завод «Рухавік рэвалюцыі» ў Гомелі). У 1948 г. валавая прадукцыя прамысловасці заходніх абласцей ў 1,5 раза перавысіла даваенны ўзровень. Аднаўлялася паліўна-энергетычная гаспадарка. Агульная магутнасць электрастанцый рэспублікі на 1949 г. дасягнула 116,3% ад даваеннага ўзроўню.

Лёгкая, харчовая прамысловасць працягвалі атрымліваць дапамогу па рэшткаваму прынцыпу. У 1950 г. (у параўнанні з 1940 г.) выпушчана баваў­няных тканін 17,7%, панчошна-шкарпэткавых вырабаў – 33%, бялізнавага трыкатажу – 31,6%, макаронных вырабаў – 73%, хлебабулачных – 57,3%, пра­дукцыі мясаапрацоўчай прамысловасці – 65%.

У выніку правядзення пяцігодкі змянілася структура прамысловай вытворчасці. Знізілася ўдзельная вага лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай вы­творчасці, вырасла доля электраэнергетыкі, машынабудавання і металаап­рацоўкі. Узніклі дыспрапорцыі ў структуры народнай гаспадаркі. Адначасова тэхнічнае і тэхналагічнае аснашчэнне прадпрыемстваў было на высокім узроўні, што стварала падставу для хуткіх тэмпаў развіцця.

Камандна-адміністрацыйныя метады кіравання гаспадаркай дазволілі вырашыць складаныя праблемы пасляваеннага адраджэння прамысловасці. Але бліжэй да канца чацьвёртай пяцігодкі яны ўжо сталі тормазам далейшага развіцця эканомікі Беларусі.

2. Спробы дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця ў другой палове 1950-х – першай палове 1960-х гг. Характэрныя рысы і асаблівасці развіцця гаспадаркі БССР у 1950-1960-е гг.

У паслеваенны перыяд, у 50-я гг., перад гаспадаркай БССР стаялі вялікія задачы, сярод якіх галоўнымі былі павышэнне матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця савецкага народа; актыўнае ўключэнне ў навукова-тэхнічную рэвалюцыю; вывад з крызісу сельскай гаспадаркі.

Часткова гэтыя задачы былі закладзены ў пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі БССР на пятую пяцігодку (1951-1955 гг.).

На жнівеньскай (1953 г.) сесіі ВС СССР старшыня СМ СССР Г.М. Малянкоў выступіў з абгрунтаваннем эканамічнай палітыкі новага палітычнага кіраўніцтва краіны па сацыяльнай пераарыентацыі народнай гаспадаркі. Адначасова з высокімі тэмпамі развіцця цяжкай прамысловасці трэба было больш хутка развіваць вытворчасць тавараў народнага спажывання; павялічваць капіталаўкладанні ў сельскую гаспадарку; правесці зніжэнне цэн. У Дзяржаўным бюджэце СССР на 1953 г. былі прадугледжаны вялікія датацыі на вытворчасць тавараў народнага спажывання.

Для падтрымкі сельскай гаспадаркі прадугледжвалася павысіць нарыхтоўчыя цэны ў некалькі разоў. Спісваліся нядоімкі з калгасаў і калгаснікаў па сяльгаспадатку за папярэднія гады, адначасова яго памеры зніжаліся, а з 1958 г. ён быў адменены. Была ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база, павялічаны капіталаўкладанні на патрэбы вёскі.

У верасні 1953 г. была распрацавана сістэма эканамічных і сацыяльных мер па далейшаму развіццю сельскай гаспадаркі, пачалося асваенне цаліны. Але гэта адзначала, што кіраўніцтва адмовілася ад інтэнсіўных метадаў пад’ёму сельскай гаспадаркі, таму замарудзіліся тэмпы росту прадукцыйнасці працы ў традыцыйных сельскагаспадарчых рэгіёнах. Тым не менш, у БССР вырасла ўраджайнасць, павялічылася пагалоўе жывёлы і нарыхтоўка мяса, малака. Аднак па шэрагу паказчыкаў заданні і гэтай пяцігодкі не былі выкананы.

Было лібералізавана працоўнае заканадаўства. Адменены рэпрэсіўныя законы 1938-1940 гг., якія забаранялі звальняцца са сваіх прадпрыемстваў і ўстаноў, абмяжоўвалі правы працыючых.

У гады шостай пяцігодкі (1956-1960 гг.) паскорана развіваліся лёгкая, харчовая, дрэваапрацоўчая галіны прамысловасці, якія выпускалі тавары народнага спажывання; далей развівалася энергетыка, машынабудаванне, хімічная, радыётэхнічная вытворчасці. Былі ўведзены буйныя прадпрыемствы – Васі­левічская ДРЭС, аўтамабільны завод у Жодзіне, першы калійны камбінат у Салігорску, нафтаперапрацоўчы завод у Полацку, суперфасфатны завод у Гомелі. Пашыралася ўкараненне элементаў НТР (навукова-тэхнічнага прагрэсу) у розных галінах прамысловасці.

10 мая 1957 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў Закон аб ліквідацыі агульнасаюзных прамысловых міністэрстваў (міністэрства электрастанцый, абароннае, авіяцыйнае, судабудаўнічае, радыётэхнічнае, хімічнае заставаліся). Замест міністэрстваў ствараліся саўнаргасы – саветы народнай гаспадаркі ў рамках буйных адміністрацыйных раёнаў. Так галіновае кіраўніцтва мянялася на тэрытарыяльнае. У межах БССР быў створаны адзін саўнаргас. У выніку рэформы аблегчылася развіццё мясцовай і лёгкай прамысловасці, але ўскладнілася развіцце цяжкай.

Сельская гаспадарка Беларусі з сярэдзіны 50-х гг. упершыню пасля вайны стала рэнтабельнай. У калгасах сталі стварацца грашовыя і прадуктовыя фонды для гарантавання рэгулярнай аплаты працы. З 1956 г. калгаснікі пачалі кожны месяц атрымліваць грашовыя авансы на працадні. У 1958 г. былі ліквідаваны МТС, тэхніка была прададзена калгасам.

50-я гг. ХХ ст. былі паспяховымі для эканомікі нашай рэспублікі. Тэмпы эканамічнага росту былі высокімі. Дасягнута гэта за кошт прыросту рэсурсаў і за кошт лепшага іхвыкарыстання. Прадукцыйнасць працы за дзесяцігоддзе ўзрасла на 62%. Была забяспечана таварна-грашовая збалансаванасць (на здаровую аснову пастаўлена грашовае абарачэнне і фінансы), зніжаліся цэны. Тэмпы прыросту нацыянальнага даходу склалі каля 10% у год за кошт цяжкай індустрыі разам з галінамі, якія выпускалі тавары народнага спажывання, сельскай гаспадаркі, жыллёвага будаўніцтва.

3. Развіццё сельскай гаспадаркі і прамысловасці БССР у другой палове 1960-х − першай палове 1980-х гг. Дасягненні і супярэчнасці савецкай сацыяльна-эканамічнай сістэмы. Нарастанне застойных з’яў (1970-ыя – першая палова 1980-х гг.).

Першая палова 60-х гг. характэрызуецца пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў прамысловасці краіны. Залішняя цэнтралізаванасць кіраваннем эканомікі, крызісны стан у сельскай гаспадарцы СССР, нізкая адукаванасць кіраўніцтва ў пытаннях эканамічнага развіцця, змены ў сусветных цэнах на сыравіну, паліўна-энергетычныя рэсурсы – усё гэта паўплывала на стан народнай гаспадаркі.

Пад час сямігодкі (1959-1965 гг.) хуткае развіццё павінна была атрымаць хімічная прамысловасць (асабліва вытворчасці мінеральных угнаенняў). Быў уведзены першы Салігорскі калійны камбінат, будаваліся другі і трэці камбінаты, азотна-тукавы завод у Гродна, суперфасфатны ў Гомелі. Пабудаваныя комплекс Светлагорскага завода штучнага валакна, Магілёўскі камбінат па вытворчасці лаўсану, Новаполацкі нафтаперапрацоўчы завод, Пінскі завод штучнай скуры, Лідскі завод па вытворчасці лакаў і фарбаў. Удзельная вага хімічнай прамысловасці ў вытворчых фондах прамысловасці Беларусі падвоілася. Апераджальнае развіццё атрымалі новыя неметалаёмістыя галіны – прыборабудаванне і электроніка, высокія тэмпы развіцця захавала машынабудаванне і металаапрацоўка.

На прыканцы сямігодкі адбылася змена кіраўніцтва краіны. З-за пралікаў быў адхілены ад кіравання краінай Н.Хрушчоў, а ў кастрычніку 1964 г. Першым сакратаром ЦК КПСС быў абраны Л.І.Брэжнеў, Старшынёй СМ СССР быў прызначаны А.М.Касыгін. Апошні пачаў рэфармаванне гаспадаркі.

Вераснёўскі (1965 г.) пленум ЦК КПСС прыняў пастанову “Аб паляпшэнні кіравання прамысловасцю, удасканаленні планавання і ўзмацненні эканамічнага стымулявання прамысловай вытворчасці”. Удасканальвалася сістэма планавання ў прамысловасці, скарачаліся планавыя паказчыкі. Асноўным зараз лічыўся аб’ём рэалізаванай прадукцыі, а не аб’ём валавай прадукцыі. Уводзіўся гаспадарчы разлік. Прадпрыемствам дазвалялася: самастойна распараджацца часткай прыбытку. Былі адноўлены міністэрствы па галінах прамысловасці, якія неслі адказнасць за стан галіны, высокі тэхнічны ўзровень прадукцыі, увядзенне стандартызацыі і ўніфікацыі вырабаў, укараненне НТР у вытворчасць.

Першыя гады рэформы эканоміка станоўча адрэагавала на мерапрыемствы ўрада. Але паступова палітычная сітуацыя мянялася, згортваліся дэмакратычныя працэсы ў грамадстве, адначасова згортвалася і эканамічная рэформа. Гэта прывяло да стагнацыі, застою, а потым да самога крызісу.

У пачатку 70-х гг., з узмацненнем кансерватыўнай плыні ў кіраўніцтве партыі, пачалося згортванне гаспадарчай рэформы. Гэта адбілася на тэмпах росту асноўных эканамічных паказчыкаў, аднак планы дзевятай (1971-1975 гг.), дзесятай (1976-1980 гг.) і адзінаццатай (1981-1985 гг.) пяцігодак выкон­валіся.

За годы пяцігодак было ўведзена 170 буйных прадпрыемстваў, у тым ліку шынны камбінат у Бабруйску, нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры, мета­лургічны ў Жлобіне, сінтэтычных валокнаў у Гродна, інструментальны ў Оршы, чацвёрты калійны камбінат у Салігорску, дзесяткі прадпрыемстваў лёгкай і харчовай прамысловасці. Прадукцыя прамысловасці Беларусі ў 1985 г. павялічылася больш чым у 3 разы (ад 1970 г.), вытворчасць сродкаў вытворчасці ў 3,3 разоў, прадметаў спажывання ў 2,6 разоў. Валавы грамадскі прадукт і нацыянальны даход узрос у 2,5 разоў (гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у СССР).

Фінансавая сістэма БССР заставалася стабільнай. Разам з відавочнымі поспехамі трэба адзначыць, што эканоміка страціла былы дынамізм. Асабліва бычна гэта было ў параўнанні з краінамі Захаду, якія далёка выйшлі наперад. Існуючы гаспадарчы механізм стаў тормазам на шляху эканамічнага развіцця краіны, што абумовіла паступовы ўваход савецкай эканомікі ў глыбокі крызіс.

Спробу выправіць эканамічнае становішча зрабіў Ю.У.Андропаў. 12 лістапада 1982 г. ён узначаліў палітычнае кіраўніцтва СССР пасля смерці Л.І.Брэжнева. Пад час кіравання Андропава была дадзена рэалістычная ацэнка стану эканомікі, прыняты жорсткія адміністрацыйныя меры па навядзенню парадка і выкараненню карупцыі і перагледзены некаторыя ідэалагічныя догмы. Так сама вырашаліся пытанні аб пашырэнні самастойнасці прамысловых прадпрыемстваў, калгасаў і саўгасаў. Як вынік, тэмпы развіцця эканамікі выраслі да 4,2%. Але пасля смерці Ю.У.Андропава ў 1984 г. кіраўніцтва вярнулася да ранейшых парадкаў. Эканамічныя паказчыкі зноў знізіліся.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: