double arrow

Адбудова гаспадаркі

Зруйнаваная ў выніку ваенных дзеянняў Беларусь была пазбаўлена аб’ектаў стратэгічнага значэння, якія маглі б быць скарыстаны для падмацавання тылоў савецкага фронту. Нямнога было, паза сельскай гаспадаркай, сектараў, якія маглі б наладзіць вытворчасць без дапамогі звонку. У 1945 г. выпрацавана было 82 млн. кілаватаў электрычнай энергіі, што складала ўсяго 16,1% вытворчасці 1940 г. Найбольшае падзенне вытворчасці наглядалася ў металаапрацоўчай прамысловасці, якая на практыцы ў 1945 г. не існавала, а таксама ў металургічнай, якая выпускала толькі 3,4% гадавой даваеннай вытворчасці. Адносна хутка ўдалося прывесці ў спраўнасць цэментныя заводы, што мела істотнае значэнне для адбудовы краіны. У 1945 г. вытворчасць цэменту дасягнула 50 тыс. тон. І хаця было гэта ўсяго 25% прадукцыі ў параўнанні з 1940 г., аднак стварала нейкія новыя магчымасці для рэканструкцыі гаспадаркі. Паколькі складана было забяспечыць пастаянны прыток энегргетычных рэсурсаў з Расіі, улады БССР рашыліся шырэй скарыстаць залежы торфу ў цэнтральных і паўднёвых раёнах рэспублікі.

Памеры знішчэнняў не дазвалялі, аднак, Беларусі самастойна адбудаваць гаспадарку. Яшчэ ў ходзе вайны паасобныя вобласці Расійскай Федэрацыі заяўлялі аб гатоўнасці дапамагчы вызваленым Чырвонай Арміяй абласцям Беларусі. Хаця фармальна велічыню дапамогі і яе адрасата вызначалі абласныя камітэты ВКП(б), аднак уся акцыя каардынавалася Цэнтральным Камітэтам партыі і Саветам Народных Камісараў. Дапамога гэтая рэалізавалася ў адпаведнасці з пастановай ЦК ВКП(б) ад 21 жніўня 1943 г. “Аб неадкладных мерах па аднаўленню гаспадаркі ў раёнах вызваленых з—пад нямецкай акупацыі”. 27 сакавіка 1944 г. першым аб высылцы ў Беларусь 41 вагона тавараў заявіў Абласны камітэт ВКП(б) у Яраслаўлі. У гэтым транспарце мела быць 25 штук металаапрацоўчых станкоў, 24 электрарухавікоў і трансфарматараў, 7 740 прылад, 41 тона фарб і лакаў, 1 цыстэрна паліва, 13 тыс. штук ботаў, бялізны і вопраткі, 2 748 кг мыла, 53 тыс. экземпляраў літаратуры, 37 тон ільнянога і канаплянага семя, 3,2 тыс. штук барон і конных плугоў. Такую ж дапамогу, з дэталёвым пералікам відаў і колькасці планаваных да высылкі тавараў, заяўлялі іншыя абласныя і гарадскія камітэты тых рэгіёнаў Расіі, якія не пацярпелі ад ваенных дзеянняў. Планаваны прыток тавараў быў аднак значна меншы чым іх вываз летам 1941 г. Тычылася гэта перш за ўсё пагалоўя жывёлы, якой дэфіцыт адчуваўся таксама ў самой Расіі. У Беларусь вярнулася толькі частка чыгуначнага і аўтамабільнага транспарту, металаапрацоўчых станкоў, рухавікоў і трансфарматараў, якія былі вывезены падчас вялікай эвакуацыі летам 1941 г.

Былі выпадкі вяртання ў Беларусь з глыбі Расіі паасобных прамысловых заводаў разам з працоўнымі калектывамі, інжынерскімі кадрамі і дакументацыяй. У сакавіку 1945 г. з Башкірыі ў Віцебск перавезена было абсталяванне станкабудаўнічага завода разам з работнікамі гэтага прадпрыемства. За месяц у адным ацалелым будынку была наладжана вытворчасць. Былі гэта, аднак, спарадычныя выпадкі. Большасць заводаў і працоўных калектываў, якія былі вывезены летам 1941 г., засталіся на тэрыторыі Расіі. У Беларусь пераехалі галоўным чынам тыя прадпрыемствы, якія выпускалі прадукцыю неабходную для забеспячэння патрэб арміі. З—за вялікага знішчэння чыгуначнага рухомага саставу транспарт узбраення з Зауралля быў надта складанай справай. Па гэтай прычыне рамонт пашкоджаных самалётаў, танкаў, машын і гармат трэба было арганізаваць бліжэй лініі фронту і таму ў Беларусі былі адкрыты некаторыя прадпрыемствы па рамонце ваеннай тэхнікі.

Тэмпы адбудовы гаспадаркі замаруджваліся па прычыне дэфіцыту электраэнергіі, нястачы рабочых і накіравання большай часткі вытворчасці на патрэбы арміі. Прадукцыя для войска, хаця і не спрыяла бягучым патрэбам гаспадаркі, аднак стварала прамысловую інфраструктуру, якая з цягам часу стала базай для цывільнага сектара. У пачатку 1946 г., выкарыстоўваючы мясцовыя залежы торфу, прыведзена была ў рух большасць электрастанцый Мінскай, Гомельскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей.

У верасні 1946 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў пяцігадовы план развіцця гаспадаркі, які складаў частку пяцігодкі СССР, якая мела ажыццяўляцца ў 1946—1950 гадах. План прадугледжваў рост вытворчасці беларускай гаспадаркі, якая ў 1950 г. мела на 16% перасягнуць даваенныя паказчыкі. У 1946 г. больш за 6 тыс. прадпрыемстваў гатовых было выпускаць інвестыцыйную і спажывецкую прадукцыю, а іх вытворчыя магутнасці дазвалялі выканаць і перавыканаць усе планы першай пасляваеннай пяцігодкі. Аднак перашкодай аказаўся дэфіцыт сыравіны і электарэнергіі. Гэтай апошняй бракавала асабліва ў заходніх абласцях, у якіх інфраструктура была горшай і да 1941 г. Таксама тэхналогія, якая прымянялася да вытворчасці ваеннага абсталявання, у многіх выпадках не падыходзіла да цывільнай прадукцыі. Сур’ёзнай перашкодай быў таксама дэфіцыт кваліфікаваных кадраў і рабочай сілы. Урон насельніцтва падчас вайны яшчэ доўгі час адмоўна адбіваўся на гаспадарчым жыцці рэспублікі.

Развіццю гаспадаркі перашкаджаў таксама буйны рост партыйнай і дзяржаўнай адміністрацыі. У 1936 г. урад БССР складаўся з 18 камісараў, а ў 1946 г. было іх ужо 44. Разбудова адміністрацыі ў многіх выпадках была формай узнагароды для заслужаных арганізатараў партызанскага руху ў Беларусі, якіх камандзірскія здольнасці не заўсёды сумяшчаліся з гаспадарчымі і адміністрацыйнымі ведамі. Кампетэнцыі паасобных камісараў і падначаленых ім структур часта супадалі, што ў сваю чаргу выклікала хаос у кіраванні гаспадаркай. Выцясненне ўсіх элементаў рыначнай гаспадаркі і бюракратычны спосаб кіравання эканамічнымі працэсамі, паспяховы ў ваенны перыяд, у мірны час быў прычынай гіганцкага марнатраўства людской працы, сыравіны і энергіі.

На хвалі новага энтузіязму сацыялістычнага будаўніцтва кожны чыноўнік, які кіраваў гаспадаркай на прадпрыемстве, у раёне або вобласці, хацеў паказаць вынікі сваёй дзейнасці. Былі яны меркай ягонага сацыялістычнага патрыятызму. Праводзіліся розныя формы “сацыялістычнага спаборніцтва працы”. Рабочыя, працоўныя брыгады, заводы “змагаліся” за выкананне і перавыкананне нормаў. Найлепшыя выконвалі — так прынамсі заяўляла савецкая прапаганда — нават 400% прадугледжанай планам нормы. Работнікі завода “Чырвоны змагар” з Оршы быццам бы ў 1954 г. выканалі план вытворчасці прадугледжаны на 1958 г. Савецкая гістарыяграфія паведамляе, што пяцігадовы план 1946—1950 гадоў быў выкананы датэрмінова.

Несумненна, Беларусь, як і іншыя савецкія рэспублікі, дасягнула вялікіх поспехаў у аднаўленні знішчанай падчас вайны гаспадаркі. Здзяйснялася гэта дзякуючы вялікім намаганням грамадзян і пры іх шчырым удзеле ў гэтым працэсе. Аднак паказчыкі колькасці выпушчанай у гэты час прадукцыі нямнога гавораць аб яе якасці, значыць, аб сапраўдных выніках працы рабочых і інжынераў, якія выконвалі па 400% нормы.

Большасць сродкаў, выпушчаных падчас першай пасляваеннай пяцігодкі, накіроўвалася на чарговыя інвестыцыі, абмяжоўваючы такім чынам спажыванне і ўзровень матэрыяльнага жыцця грамадства. У чарговай пяцігодцы 1951—1955 гадоў у Беларусі паўсталі прадпрыемствы ўсесаюзнага значэння. Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод ці Гомельскі станкабудаўнічы завод выпускалі прадукцыю на патрэбы ўсяго Савецкага Саюза і іншых краін народнай дэмакратыі.

Савецкая гістарыяграфія паведамляе, што ў 1951—1955 гадах прамысловая вытворчасць Беларусі павялічылася на 210%. Найбольшым прамысловым цэнтрам стала сталіца рэспублікі — Мінск. У другой пасляваеннай пяцігодцы больш інвестыцый было накіраваных у заходнія вобласці. Да вялікіх будоў гэтага перыяду належаць электрастанцыя ў Гродне і галоўная аўтамабільная магістраль Мінск— Брэст. Стрыманасць савецкіх улад ад інвеставання ў заходнюю частку рэспублікі была выклікана, здаецца, бояззю, што ў выпадку новага канфлікту гэтыя землі, так як у 1941 г., на нейкі час могуць быць заваяваны патэнцыяльным праціўнікам. Большасць інвестыцый 1951—1955 гадоў, напрыклад магістраль Мінск—Брэст, праводзілася з улікам ваенных інтарэсаў СССР.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



Сейчас читают про: