Рэпрэсіі не спыняюцца

У лютым 1945 г. ЦК КП(б)Б прыняў пастанову “Аб перавыхаванні грамадства ў духу савецкага патрыятызму і нянавісці да нямецкіх акупантаў”. Зважыўшы на тое, што нямецкія акупанты адступілі з Беларусі некалькі месяцаў раней, пастанова ЦК была прынята з мэтай расправы над людзьмі, якія падчас вайны не выказаліся дастатковай адданасцю савецкай радзіме. Савецкая прапаганда намагалася спалучаць нямецкія злачынствы з праявамі беларускага нацыяналізму і паказваць іх як адно цэлае. Калабарацыяністамі называліся не толькі былыя паліцыянты, чыноўнікі, настаўнікі, члены Саюза беларускай моладзі ці салдаты Беларускай самааховы, але таксама прыбіральшчыцы і сторажы, якія падчас акупацыі працавалі ў беларускіх установах. У ліку падазроных апынуліся вучні, якія наведвалі школы ў 1941—1944 гадах, вывезеныя ў Нямеччыну прымусовыя рабочыя і салдаты Чырвонай Арміі, якія вярнуліся з нямецкага палону.

Клеймаванне нямецкіх злачынстваў вялося паралельна са змаганнем з беларускай нацыянальнай элітай, некамуністычнай культурнай спадчынай, знішчаннем беларускай нацыянальнай свядомасці. Пасляваенная інтэграцыя Беларусі з Расіяй патрабавала выключэння з грамадскага жыцця гэтай нацыянальна свядомай праслойкі беларускага грамадства і замянення яе расійскай элітай. Пад шырмай барацьбы з калабарацыяністамі і нацыяналістамі і ў рамках “перавыхавання” ў 1945—1955 гадах з Беларусі было вывезеных каля мільёна чалавек. Было гэта галоўным чынам гарадское і маламестачковае насельніцтва, якое складала беларускую грамадскапрафесійную эліту. Іх месца занялі прышэльцы з Расіі, якія апанавалі партыйныя камітэты, дзяржаўную адміністрацыю і культурнаасветныя ўстановы. Русіфікацыя ахапіла большасць вышэйшх навучальных устаноў ды школ сярэдняга і пачатковага ўзроўню. Мігрыруючая ў гарады вясковая моладзь сустракалася з расійскай культурай і мовай, якіх засваенне станавілася неабходнай умовай грамадскага павышэння.

Пасляваенны кадравы абмен датычыў таксама тых, якія падчас нямецкай акупацыі перайшлі на савецкі бок. У 1946 г. падменена было больш за 90% кіраўнікоў раённай і гарадской адміністрацыі ды 83% дырэктараў калгасаў. Частка з іх атрымала павышэнне па службе разам з пераводам іх у Расію або іншыя рэспублікі, частка была напраўлена на іншую працу. Іх месца занялі прышэльцы з—паза Беларусі. Таксама пераважная большасць партыйнаадміністрацыйнага кіраўніцтва рэспублікі была заменена расіянамі. У 1951 г. ва ўрадзе БССР было 22 расіян, 9 беларусаў, 1 грузін і 1 яўрэй. У 1953 г. з ліку 1 408 работнікаў адміністрацыі акруговага ўзроўню ў заходняй частцы краіны толькі 114 чалавек былі беларусамі мясцовага паходжання. Такое становішча наглядалася таксама і ў гарадской адміністрацыі, дзе на 321 супрацоўніка гарадскіх выканаўчых камітэтаў на гэтай тэрыторыі беларусаў было толькі 7,7 працэнта.

Нямнога вядома аб беларускай пасляваеннай узброенай апазіцыі. Савецкія гісторыкі пісалі, што “ўзброеныя банды ў 1945—1947 гадах здзейснілі шэраг распраў над партыйнымі, савецкімі і камсамольскімі актывістамі. Пры актыўнай дапамозе мясцовага насельніцтва органы бяспекі ліквідавалі 814 антысавецкіх груп і ўзброеных банд”. Безумоўна, большасць беларускіх нацыянальных дзеячаў, паліцэйскіх, чыноўнікаў не сумнявалася наконт свайго лёсу ў выпадку арыштавання іх НКУСам. Нямногім яны рызыкавалі адчайна змагаючыся перш за ўсё за выжыванне чым за якую—небудзь ідэю.

З вайны ў арэоле пераможцаў вярнуліся ў Беларусь сотні тысяч салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. Многія з іх былі таксама ветэранамі партызанскага руху. Сярод гэтай шматтысячнай грамады даволі паўсюдным было чаканне змен, а ў першую чаргу спынення рэпрэсій і роспуску калгасаў. Выйгралі яны вайну з імем Сталіна на вуснах і былі перакананы, што сваёй ахвярнасцю даказалі сваю адданасць “вялікаму правадыру”, камунізму і сацыялістычнай айчыне. Гэтыя настроі савецкія ўлады палічылі надта небяспечнымі і зрабілі шэраг захадаў па іх ліквідацыі. Частка салдат засталася ў гарнізонах на тэрыторыі Расіі, частка была выслана на вайну супраць Японіі. Тэрмін дэмабалізацыі быў расцягнуты на некалькі гадоў, а звольненыя з вайсковай службы асобы падвяргаліся пільнаму нагляду.

У 1946—1949 гадах органы НКУС выявілі больш за дзесяць нелегальных груп у асяроддзі гімназічнай і студэнцкай моладзі. Не вядома, аднак, ці служба бяспекі не была ініцыятарам паўстання некаторых маладзёжных антысавецкіх арганізацый, якія мелі прыцягнуць усіх патэнцыяльных праціўнікаў сталінізму і аблягчыць НКУС іх ліквідацыю. Вясной 1946 г. у Слоніме заснавалася падпольная арганізацыя з назвай “Чайка”. Падпольшчыкі наладзілі супрацоўніцтва з групай слухачоў Баранавіцкага педагагічнага інстытута. Да нелегальнай дзейнасці ўключылася многа асоб з розных асяроддзяў і мястэчак заходняй Беларусі. Мэтай арганізацыі было змаганне за захаванне нацыянальных свабод, абарона беларускай культуры і мовы, а таксама папулярызацыя гісторыі Беларусі ў якасці канкурэнцыі для савецкай міфалогіі. Нефармальныя групы ўзніклі таксама ў Жыровіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, Ганцавіцкім педагагічным вучылішчы. У жніўні 1947 г. арыштаваны былі некалькі дзесяткаў асоб з гэтых цэнтраў і абвінавачаны ў прыналежнасці да арганізацыі з назвай Цэнтр беларускага вызвольнага руху, які меў весці беларускую нацыяналістычную прапаганду і рыхтаваць кадры для тэрарыстычных фарміраванняў. Не вядома ці ў сапраўднасці такая арганізацыя існавала, але за прыналежнасць да яе Мінскі ваенны суд прыгаварыў на шматгадовае зняволенне ў канцэнтрацыйных лагерах 29 чалавек. На пачатку лютага савецкая дзяржбяспека арыштавала 33 слухачоў Глыбоцкага педагагічнага вучылішча, абвінаваціўшы іх у прыналежнасці да Саюза беларускіх патрыётаў. Арганізацыя гэтая існавала са студзеня 1946 г. і займалася прапагандаваннем патрыятычных ідэй сярод моладзі. 20 чэрвеня Мінскі ваенны суд прыгаварыў арыштаваных да шматгадовага турэмнага зняволення. Большасць асуджаных атрымала па 25 гадоў турмы.

Падобныя арганізацыі ў маладзёжным асяроддзі функцыянеры НКУС выявілі восенню 1947 г. у Полацку, Маладзечне, Пінску і Мінску. Ваенныя суды ў прынцыпе не выносілі меншых прыгавораў чым 5 гадоў у г.зв. працоўных калоніях.

У 1949 г. Сталін даў пачатак новай хвалі чыстак у партыйным апараце і сярод кіраўнічых адміністрацыйных кадраў. У Беларусі змаганне са “здраднікамі і рэвізіяністамі” ўзначаліў шэф рэспубліканскага НКУС Лаўрэнцій Цанава. У 1951 г. Цанава ў нацыяналізме абвінаваціў нават героя беларускага камуністычнага руху Сяргея Прытыцкага, тадышняга І сакратара Абласнога камітэта КП(б)Б у Гродне. Іншы заслужаны бальшавік, міністр асветы БССР Пётр Саевіч за нацыяналістычны “ўхіл” быў сасланы на 25 гадоў у канцэнтрацыйны лагер.

Пасляваенным рэпрэсіям у першую чаргу падвяргалася інтэлігенцыя. Сталінізм апускаўся ў акасцянеласць і дагматызм, што стала прычынай ганенняў на тых, якія праяўлялі хаця б цень сумненняў у адносінах да праўд, прапаведаваных тадышняй бальшавіцкай прапагандай. Ацэнкай літаратурнай і мастацкай творчасці займаўся Цэнтральны Камітэт КП(б)Б. У канцэнтрацыйныя лагеры зноў ссылаліся пісьменнікі і паэты, якія не прытрымоўваліся сталінскай этыкі пры апісванні вайны і з’яў грамадскага і палітычнага жыцця ў Беларусі — Андрэй Александровіч, Рыгор Бярозкін, Сяргей Грахоўскі, Барыс Мікуліч, Станіслаў Шушкевіч.

У коле найбольш падазроных апынуліся тыя інтэлектуалы, у якіх былі якія—небудзь кантакты з Захадам. Гучнай стала справа прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі Антона Жэбрака, якога артыкул Савецкая біялогія ў 1945 г. быў апублікаваны ў амерыканскім часопісе “Science” (“Навука”). Жэбрак пераконваў у ім амерыканскіх вучоных аб няслушнасці ацэнкі дасягненняў савецкіх біёлагаў цераз прызму тэорый Трафіма Лысенкі. Публікацыя Жэбрака была прызнана праявай здрады савецкай навуцы і кампраметавання яе выдатнейшых аўтарытэтаў. 14 верасня 1948 г. яго навуковыя погляды былі ацэнены на пасяджэнні Палітбюро ЦК КП(б)Б. Рашэннем гэтага партыйнага органа ліквідаваны быў Інстытут біялогіі АН Беларусі, а ўсе кіраўнікі паасобных яго аддзяленняў, у якіх вяліся доследы ў галіне медыцыны, біялогіі і генетыкі, былі звольнены з працы. Занятак страцілі таксама навукоўцы Беларускага дзяржаўнага універсітэта, у навуковых дасягненнях якіх ставіліліся тэзісы падобныя на палажэнні біёлагаў з Акадэіі навук.

У пасляваенны перыяд культ Сталіна стаў набываць рысы рэлігійнага рытуалу. Савецкая прапаганда прадстаўляла Сталіна як пераможнага правадыра, які ўбярог чалавецтва ад фашысцкіх крэматорыяў і вяртання ў эпоху нявольніцтва. Вярхоўнай уладай у абласцях, раёнах, калгасах, заводах сталіся партыйныя камітэты, якіх функцыянеры выконвалі ролю жрацоў культу правадыра. І хаця праводзіліся выбары ў Вярхоўны Савет і мясцовыя Саветы народных дэпутатаў, іх улада ў большай ступені была сімвалічнай чым сапраўднай. Пры стопрацэнтнай прысутнасці выбаршчыкаў на ўчастках для галасавання прапанаваныя партыйнымі камітэтамі кандыдаты атрымоўвалі стопрацэнтную падтрымку. Выбарчыя кампаніі ў Вярхоўны Савет у 1948 г. і ў мясцовыя Саветы ў 1950 г. сталі своеасаблівымі спектаклямі, падчас якіх на працягу некалькіх месяцаў услаўляліся Сталін і камунізм. Партыйныя камітэты прызначалі і адклікалі старшынь Саветаў народных дэпутатаў, вядома, пры захаванні працэдур, якія абавязвалі ў савецкім заканадаўстве.

Прапагандаванне культу Сталіна з асаблівай інтэнсіўнасцю праводзілася ў маладзёжным асяроддзі. 450-тысячны камсамол у Беларусі быў цесна звязаны з партыяй і верна ўкараняў яе ідэі сярод наймалодшых пакаленняў. Дзеці сталінскіх ахвяр шчыра верылі ў тое, што іхнія бацькі заслужылі долю, якую падрыхтавала ім савецкая ўлада.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: