Сінанімія. Варыянтнасць. Дублетнасць

Праблема сінаніміі і сінонімаў у тэрміналогіі застаецца найменш распрацаванай і найбольш складанай. Адны даследчыкі зусім адмаўлялі з’яву сінаніміі ў тэрміналогіі (А.М.Талікіна) і сцвярджалі, што сінаніміі ў тэрміналагічных сістэмах няма, а тое, што лічыцца тэрміналагічнай сінаніміяй – гэта з’ява дублетнасці, бо паміж дублетамі няма тых адносін, якія ствараюць сінанімічны рад. На думку В.П.Даніленкі, сінанімія ў тэрміналогіі разглядаецца як натуральнае праяўленне законаў развіцця лексікі літаратурнай мовы. «У тэрміналогіі сінонімы суадносяцца з адным і тым жа паняццем і аб’ектам, гэтыя адзінкі не характарызуюць розныя яго ўласцівасці» [4, с.73]. Таму іх можна назваць тэрміналагічнымі дублетамі. З гэтай думкай пагаджаліся В.С.Ахманава, В.М.Галавін, Р.Ю.Кобрын і інш.

С.І.Коршунаў, Д.С.Лотэ, Э.А.Натансон і інш. прызнавалі ў тэрміналогіі абсалютную і адносную сінанімію. А.А.Рэфармацкі пад дублетнасцю разумеў розныя варыянты слоў. А.В.Косаў выдзяляў сінонімы-дублеты, якія з’явіліся ў выніку паралельнага ўжывання айчыннага і запазычанага тэрміна, у выніку скарачэння састаўнога тэрміна або паралельнага выкарыстання поўных тэрмінаў і іх абрэвіятур і інш. В.П.Красней выяўляе ідэаграфічныя (маюць сэнсавыя адценні іх паняційнага зместу) і дублетныя (адценні ў паняційным змесце адсутнічаюць) сінонімы. Як бачым, з’явы сінаніміі, дублетнасці, варыянтнасці або змешваюцца, або размяжоўваюцца на аснове фармальных і семантычных прыкмет.

Тэрміны-сінонімы – гэта найменні, якія адрозніваюцца паміж сабой адценнямі значэння або аб’ёмам семантыкі. Прыкладаў такіх сінонімаў у даследуемых тэрмінасістэмах [16, 22, 23] не адзначалася.

Тэрміны-дублеты – гэта найменні, якія поўнасцю супадаюць па значэнні і ўжыванні, суіснуюць у сінхронных моўных пластах. Многія з іх характэрны для дакладных навук (фізіка, матэматыка, хімія) (дыстыляцыя – перагонка, квазізоркі – квазары, счапленне – кагезія, сублімацыя – узгонка і інш.), юрыспрудэнцыі (фальсіфікацыя – падлог, выпадак – казус, стандарт – норма, вымаганне – рэкет, рэкламацыя – прэтэнзія і інш.), спорту (перашкода – бар’ер, арбітр – суддзя, сэт – партыя, бой – паядынак, нападаючы (нападнік) – бамбардзір, вароты – брамка, гнуткасць – гібкасць, жгут – скрутак, закалка – гарт і інш.), эканомікі (андэррайтэр – гарант, ануітэт – рэнта, залог – заклад, ін’екцыя – упрыскванне, улік – справаздачнасць і г.д.). У сінанімічныя адносіны ўступаюць найменні славянскага паходжання, найменне славянскае і запазычаны тэрмін, два або больш запазычаныя тэрміны і інш.

У тэрмінасістэме батанікі сустракаюцца стылістычныя сінонімы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Напрыклад: лотаць – лопух, нюнькі, бабоўнік, жаўтушнік, мядзведжая лапка; купальнік – буквіца, гарнік, касцян, пералёт; гарлачык – лілея, калітка, булдаўка, вадзяніца, макаўка, гладышыкі, бубэнчыкі, куўшынкі; трыпутнік – прыдарожнік, бабка, серпарэзнік, міжперсніца; лопух – лапушнік, дзядоўнік, рапей, брылі, калюгі, ранік і інш.

Лінгвістамі неаднаразова падкрэслівалася, што ў рэальнай тэрміналогіі значнае месца займаюць шматкампанентныя тэрміны тыпу імпульс – колькасць руху, браканьерства – незаконнае паляванне і рыбны промысел, бліцтурнір – маланкавы турнір і пад. Куды іх адносіць – да сінтаксічных сінонімаў-дублетаў ці да сінтаксічных варыянтаў (Я.М.Сцепановіч лічыць іх дэфініцыйнымі сінонімамі) – застаецца адкрытым пытаннем.

На нашу думку, пары найменняў тыпу «слова – словазлучэнне» або «словазлучэнне – словазлучэнне», якія маюць тоеснае значэнне, варта лічыць сінтаксічнымі сінонімамі-дублетамі. Напрыклад, дэзерцірства – ухіленне ад вайсковай службы, экспарт – знешні гандаль, бікамералізм – двухпалатная сістэма, халатнасць – нядбайнасць злачынная, бюлетэнь – лісток непрацаздольнасці, біпатрыды – двайное грамадзянства (юрыд.), гандбол – ручны мяч, звеславаць – пачаць веславаць, ватэрпола – воднае пола (спорт), арбітр – трацейскі суддзя, банкнота – банкаўскі білет, трата – пераводны вэксаль, распіска – пацвярджэнне атрымання (эканом.) і інш.

Шматкампанентныя пары сінонімаў-дублетаў розняцца галоўнымі кампанентамі (адміністрацыйнае правапарушэнне – адміністрацыйная правіннасць)або залежнымі кампанентамі (завочнае навучанне – навучанне без адрыву ад вытворчасці, фіктыўны шлюб – несапраўдны шлюб, Сусветны банк – Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, выгады пераліву – пабочныя выгады, выдаткі накладныя – выдаткі агульныя) і інш.

Варыянтамі з’яўляюцца тэрміны, якія адрозніваюцца паміж сабой фанетычнымі або словаўтваральнымі элементамі і поўнасцю супадаюць сваім значэннем (адыманне – адніманне, арбітражор – арбітражыст, аўкцыянер – аўкцыяніст), а таксама кароткія варыянты поўнага тэрміна. Скарачэнне здзяйсняецца пропускам аднаго з кампанентаў тэрміналагічнага словазлучэння (дысперсія хуткасці гуку – дысперсія гуку), заменай словазлучэння тэрмінам, утвораным шляхам усячэння (імпульсны сігнал – імпульс, іскравы разрад – іскра, намінальная вартасць – намінал). Важным сродкам у дасягненні кароткасці тэрміна лічыцца абрэвіяцыя (біялагічны эквівалент рэнтгена – бэр, ЦПК – цывільны працэсуальны кодэкс, МВФ – Міжнародны валютны фонд, ЕВФП – Еўрапейскае валютна-фінансавае пагадненне, ФІФА – Міжнародная федэрацыя футбольных асацыяцый). Скарачэнне можа дасягацца таксама сродкамі сімволікі (γ-прамяні – электрамагнітнае выпрамяненне з вельмі кароткай даўжынёй хвалі (менш 0,1 нм) і інш.).

З’ява антаніміі ў айчынным мовазнаўстве пачала разглядацца ў 50-я г.г. XX ст. Антонімы разглядаліся вучонымі як суадносныя, карэлятыўныя паняцці, якія не могуць існаваць адзін без другога. На суадноснасць семантыкі антонімаў звярталі ўвагу Р.А.Будагаў, В.І.Іванова, Л.А.Новікаў і інш. У прыватнасці, М.М.Шанскі адзначаў, што «антонімы з’яўляюцца словамі рознага гучання, якія выражаюць супрацьлеглыя, але суадносныя адно з другім паняцці» [20, с. 64]. Для антанімічных пар і радоў характэрны ўзаемадапаўняльнасць, узаемазалежнасць, узаемавыключальнасць кампанентаў. Яны выступаюць як спецыфічнае моўнае адлюстраванне відазмяненняў і супрацьлегласцей у прадметах і з’явах аб’ектыўнага свету [14]. Антонімамі можна назваць словы, якія «супрацьпастаўляюцца па самай агульнай і істотнай для іх значэння семантычнай прыкмеце і знаходзяцца на палярных пунктах адпаведнай лексіка-семантычнай парадыгмы» [21, с.202].

З’ява антаніміі, якая праяўляецца ў існаванні слоў з супрацьлеглым значэннем, у мове навукі мае свае асаблівасці. Так, напрыклад, словы, якія ўтвараюць антанімічную пару ў агульналітаратурнай мове лёгкі – цяжкі (камень) у мове спорту антонімамі не з’яўляюцца: лёгкая – цяжкая (атлетыка) (лёгкая атлетыка – від спорту, які ахоплівае хадзьбу, бег, скачкі, кіданне кап’я, дыска, штурханне ядра і пад.; цяжкая атлетыка – комплекс фізічных практыкаванняў па падыманні цяжараў (штангі, гіры, гантэлі і інш.). Выкарыстанне літаратурнага антоніма мокры да тэрміналагічных словазлучэнняў сухі плод (плод з сухім каляплоднікам), сухая касцянка (касцянка з сухім мезакарпам (у какосавай пальмы)) мяняе іх значэнне: мокры плод (касцянка) = якія трапілі пад дождж і намоклі.

Значэнне супрацьлегласці можа ўзнікаць у слове як вынік яго спецыфічнага выкарыстання ў мове навукі. Напрыклад, зменная ў матэматычнай логіцы – моўны выраз, які служыць для абазначэння адвольнага аб’екта з нейкага фіксаванага мноства аб’ектаў. Зменная называецца свабоднай, калі ў выраз, у які яна ўваходзіць, магчымая падстанова замест зменнай імёнаў аб’ектаў з абсягу яе значэнняў. Калі названая падстанова немагчымая (па сэнсе выразу), то зменная называецца звязанай. Такім чынам, узнікае антанімічная пара свабодны – звязаны; у эканоміцы бык (удзельнік таргоў, які чакае павышэння цэн і іграе на павышэнне цэн на біржы) – антанімічны слову мядзведзь (спекулянт, які іграе на паніжэнне цэн на біржы).

У тэрмінасістэмах розных галін навукі рэалізуюцца два структурныя тыпы антанімічных адносін – лексічны і словаўтваральны. Лексіка-словаўтваральны тып (цеплаўстойлівасць – холадаўстойлівасць) непрадуктыўны.

У лексічным тыпе антаніміі супрацьлегласць значэнняў выражаецца рознымі каранямі. Напрыклад: упарадкаванне (поўная заканамернасць, парадак, сіметрыя ў размеркаванні атамаў, малекул, крышталяў, якія ўтвараюць цвёрдае цела) – хаатычнасць (адсутнасць парадку, сіметрыі ў размеркаванні чаго-небудзь); алігаполія (стан рынку, пры якім абмежаванай колькасці прадаўцоў супрацьстаіць вялікая колькасць пакупнікоў) – алігапсонія (стан рынку, пры якім абмежаванай колькасці пакупнікоў супрацьстаіць вялікая колькасць прадаўцоў). Лексічны тып антаніміі асабліва пашыраны сярод назоўнікаў аддзеяслоўнага (ці адпрыметнікавага) паходжання: выпарэнне (пераход рэчыва з вадкага ці цвёрдага стану ў газападобны) – кандэнсацыя (пераход рэчыва з газападобнага стану ў вадкі ці крышталічны); крохкасць (здольнасць цвёрдых цел разбурацца пры механічных уздзеяннях без прыкметных пластычных дэфармацый) – пластычнасць (уласцівасць цвёрдых цел вытрымліваць без разбурэння дэфармацыі і захоўваць іх пасля таго, як знешнія сілы перастаюць дзейнічаць). Яшчэ прыклады: нацыяналізацыя – прыватызацыя, пакаранне – памілаванне, страты – даходы, шлюб – развод, аналогія – неадпаведнасць, ісцец – адказчык, крэдытор – даўжнік, штраф – узнагарода, правы – абавязкі (юрыд.) і інш.

У словаўтваральны тып антонімаў уключаюцца тэрміны, у якіх процілегласць значэнняў выражаецца словаўтваральнымі сродкамі. Як правіла, значэнне антаніміі ўзнікае як вынік карэляцыі супрацьлеглых па сэнсе прыставак, якія далучаюцца да аднаго і таго ж тэрміна, або як вынік выкарыстання прыстаўкі, якая надае тэрміну супрацьлеглы сэнс. Напрыклад: адліў – прыліў, негатыў – пазітыў, сіметрыя – асіметрыя, часцінка – антычасцінка, рэчыва – антырэчыва, свет – антысвет і інш.

Сярод састаўных тэрмінаў-антонімаў можна вылучыць дзве групы:

1) антанімічныя пары з рознакаранёвымі кампанентамі, дзе супрацьлегласць выражаецца: а) лексічнымі асновамі відавых кампанентаў састаўных тэрмінаў: высокі мяч – нізкі мяч, высокае вядзенне мяча – нізкае вядзенне мяча, гол у свае вароты – гол у чужыя вароты, задняя лінія – пярэдняя лінія, левы абаронца – правы абаронца; аферта вольная – аферта цвёрдая; палітыка «танных грошай» – палітыка «дарагіх грошай»; б) лексічнымі асновамі родавых кампанентаў састаўных тэрмінаў: запаволіць тэмп – павялічыць тэмп;

2) найменні з аднакаранёвымі кампанентамі, антанімічнасць якім надаюць супрацьлеглыя па сэнсе прыстаўкі ў складзе відавых кампанентаў або (што назіраецца значна часцей) супрацьлеглы сэнс надае прыстаўка ў складзе толькі аднаго з відавых кампанентаў антанімічнай пары: згінальныя рухі – разгінальныя рухі, рацыянальны лік – ірацыянальны лік; акрэдытыў адзыўны – акрэдытыў безадзыўны і інш.

Супрацьлеглы па сваім значэнні можа быць адзін і той жа тэрмін (яго лексіка-семантычныя варыянты). Параўнаем: пячэ (сонца, мароз). Такая здольнасць слова выражаць супрацьлеглыя значэнні без змянення сваёй формы ў лінгвістыцы атрымала назву энантыясемія. Напрыклад, ваяка – 1) воін, баец, салдат і 2) пра таго, хто не апраўдвае званне воіна, байца.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: