Лексіка паводле сферы выкарыстання

У адносінах выкарыстання словы беларускай мовы не з’яўляюцца аднолькавымі: адны з іх ужываюцца ўсімі носьбітамі мовы незалежна ад іх пражывання, прафесіі, узросту, роду заняткаў, адукацыйнага і культурнага ўзроўню; другія – актыўна ўжываюцца толькі на пэўнай тэрыторыі, прадстаўнікамі асобных прафесійных ці сацыяльных груп насельніцтва, г. зн. з’яўляюцца тэрытарыяльна, прафесійна ці сацыяльна абмежаванымі. З гэтага вынікае, што лексіка сучаснай беларускай мовы ў залежнасці ад сферы выкарыстання падзяляецца на дзве вялікія групы: агульнаўжывальную і абмежаванага ўжывання.

Агульнаўжывальная (агульнанародная) лексіка з’яўляецца асновай слоўнікавага складу беларускай мовы: без гэтых слоў нельга сфармуляваць і выказаць думку, без іх немагчыма далейшае развіццё і ўдасканаленне самой лексікі. Сюды адносяцца такія словы, якія вядомы ўсім носьбітам і шырока выкарыстоўваюцца імі без усякіх абмежаванняў. Гэта словы розных часцін мовы і розных стылістычных разрадаў (дзень, каліна, заўтра, хадзіць, гаварыць, весела, мы, свой, два і многія іншыя).

Лексіка абмежаванага ўжывання падзяляецца на дыялектную, жаргонную і спецыяльную. Коратка спынімся на гэтых лексічных разрадах.

Дыялектную лексіку складаюць словы, ужыванне якіх абмежавана пэўнай тэрыторыяй, гэта словы мясцовых гаворак (дыялектызмы). На тэрыторыі Беларусі выдзяляюць наступныя дыялекты: паўночна-ўсходні, паўднёва-заходні (асноўныя), сярэднебеларускі (цэнтральныя гаворкі) і заходнепалескі (брэсцка-пінскі). Кожны з гэтых дыялектаў мае свае асаблівасці, якія адрозніваюць іх адзін ад аднаго і ад літаратурнай мовы. Дыялектызмы, безумоўна, вядомы не ўсім носьбітам мовы, а толькі тым, хто жыве на той тэрыторыі, дзе гэтыя словы бытуюць. Напр., савяк (замест літ. падбярозавік), вятроўкі (замест літ. басаножкі), казлы (люцікі), пасоля (фасоля), ля, паля (паглядзі, глянь), гуліца (вуліца), тамака (там), настольніца (настольнік), барыла (бочка) і інш.

Сярод дыялектызмаў вылучаюць параўнальна невялікую групу абласных слоў, г. зн. такіх, якія ўжываюцца на больш-менш значнай тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваюцца ў мастацкіх тэкстах многіх аўтараў, але яшчэ не сталі літаратурнымі ў поўным сэнсе гэтага слова. Абласныя словы падаюцца ў слоўніках літаратурнай мовы з паметай абл. (абласное): нацяты (нацягнуты), нябож (пляменнік), оступам (цесна абступіўшы, вакол), гучок (парастак), гуля і гула (гуз), жбан (збан), заложна (бесперапынна, настойліва, упарта) і інш.

Дыялекты – гэта самыя старажытныя моўныя адзінствы, нават больш старыя, чым сама беларуская мова. У дапісьмовы перыяд дыялекты былі адзінай формай зносін. У наш час дыялекты не ўтвараюцца, а паступова разбураюцца. Тым не менш, для нацыянальнай мовы яны – скарбніца, якую неабходна захоўваць (дастаткова ўспомніць, што менавіта з дыялектаў «вырастала» новая беларуская літаратурна-пісьмовая мова). Узбагачэнне літаратурнай лексікі за кошт народна-дыялектных слоў – гэта такі ж гістарычны працэс, як і папаўненне яе шляхам запазычання іншамоўных слоў.

У творах мастацкай літаратуры пісьменнікі выкарыстоўваюць дыялектызмы з мэтай стварэння мастацкага вобраза, для характарыстыкі дзеючых асоб, перадачы моўнага каларыту мясцовасці, у якой адбываецца дзеянне.

Жаргонная лексіка (фр. jargon – умоўная гаворка) – гэта гутарковая мова пэўнай групы людзей, аб’яднаных агульнасцю інтарэсаў, звычак, заняткаў, сацыяльнага становішча і г. д. Жаргонная лексіка (адвольна выбраныя моўныя элементы) фарміруецца на базе слоў літаратурнай мовы шляхам іх пераасэнсавання, метафарызацыі. Так, у мове моладзі, вучняў, студэнтаў можна пачуць такія жаргонныя словы, як продкі, шнуркі (бацькі), ажур (парадак), гнаць (гаварыць няпраўду), базар (размова), бомбы, шпоры (шпаргалкі), халтурыць (нядобрасумленна выконваць працу), філоніць (ухіляцца ад працы), бабкі (грошы ўвогуле), зелень (долары), драўляныя (айчынная валюта) і інш.; у мове спартсменаў: рамка (вароты), гарчычнік (жоўтая картка), вольнік (барэц вольнага стылю) і інш.; прыклады армейскіх жаргонаў: салага (увогуле малады салдат), дух, чарпак ці чайнік, слон, дзед (радавы салдат у залежнасці ад часу знаходжання на тэрміновай службе), старлей (старшы лейтэнант), кусок (прапаршчык), самаход (самавольна пакінуць воінскую часць), дэмбель (дэмабілізацыя), адкасіць (ухіліцца ад воінскай службы) і інш. У часы Вялікай Айчыннай вайны склаўся франтавы жаргон: самавары (мінамёты), сабантуй (артабстрэл), кацёл (акружэнне), гасцінцы (снарады, міны) і інш.

Пэўным жаргонам карыстаюцца людзі, звязаныя агульнасцю інтарэсаў, часам негатыўнага характару (напр., у лексіконе аматараў выпіць сустракаюцца наступныя жаргонныя словы: налізацца, завязаць, пузыр, чарніла, фауст, псіхатроп, балбанэс і інш.).

Адной з разнавіднасцей жаргонаў з’яўляецца арго (фр. аrgot – замкнуты). Асноўная функцыя арго – быць сродкам адасаблення, аддзялення яго носьбітаў ад іншых людзей. У строга тэрміналагічным сэнсе арго – гэта мова дэкласаваных груп грамадства і крымінальнага асяроддзя: зладзеяў, карцёжных шулераў, кантрабандыстаў, наркаманаў і пад. У Расіі арго пачало складвацца ў 2-ой палове ХІХ ст. пераважна ў гандлёвых цэнтрах, партовых гарадах, месцах ссылак. Аргатычная лексіка стваралася на базе натуральных моў. Аднак, каб ізалявацца ад грамадства, антысацыяльныя элементы выпрацавалі спецыяльны моўны код, незразумелы для іншых людзей. Дасягалася гэта шляхам скажэння і пераасэнсавання агульнанародных слоў: вышка (вышэйшая мера пакарання), стукач (даносчык), сціркі (ігральныя карты), макруха (забойства), дзірка (турма), вывеска (твар), пазычыць (украсці), шырмач (кішэнны злодзей), раскалоцца (прызнацца); выкарыстання запазычаных слоў (напр., бан у мове зладзеяў ‘вакзал’ з ням. bahnhof), а таксама шляхам перастаноўкі складоў у словах або дабаўлення да слоў новых элементаў (напр., чуха замест хачу, шывар замест тавар і інш.).

Жарганізмы не ўваходзяць у лексіка-семантычную сістэму літаратурнай мовы, але могуць выкарыстоўвацца ў мастацкіх і публіцыстычных творах для характарыстыкі персанажаў, сацыяльнага асяроддзя.

Спецыяльнай лексікай карыстаюцца прадстаўнікі пэўнай галіны навукі, прафесіі ці роду заняткаў. Асноўнымі разрадамі спецыяльнай лексікі з’яўляюцца тэрміны, наменклатурныя назвы і прафесіяналізмы. Спынімся на азначэннях гэтых паняццяў і прывядзём прыклады.

Тэрмін (ад лац.terminus – граніца, мяжа) – гэта афіцыйна ўзаконенае слова або словазлучэнне, якое ўваходзіць у тэрміналагічную сістэму пэўнай галіны навукі, культуры, вытворчасці, спорту і г. д., абазначае спецыяльнае паняцце і мае дакладнае лагічнае азначэнне (напр., інтэграл, атмасфера, сінтэз, марфема, гіпотэза, афсайд, пенальці і інш.). Тэрміны могуць быць як агульнанавуковыя (аналіз, дослед, працэс, мадэль, тэорыя і інш.), так і вузкаспецыяльныя (напр., у генетыцы: храмасома, ген, зігота і інш.; у мовазнаўстве: постфікс, фанема, сінтаксіс, тапонімы і інш.; у плаванні: батэрфляй, кроль, брас і г. д.). Заўважым, што словы агульнай лексікі засвойваюцца людзьмі стыхійна, па меры авалодання мовай, ствараюцца для патрэб усяго грамадства. Тэрміны ж прыдумваюцца штучна і патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі ў той ці іншай сферы дзейнасці.

Па сваім функцыянальным значэнні блізка да тэрмінаў стаяць прафесіяналізмы. Гэта словы і выразы, уласцівыя мове прадстаўнікоў якой-небудзь прафесіі або сферы дзейнасці. Калі тэрмінымаюць больш упарадкаваны,унармаваны характар, то прафесіяналізмы з’яўляюцца паўафіцыйнымі лексічнымі адзінкамі, якія выкарыстоўваюцца вузкім колам спецыялістаў, прычым пераважна ў гутарковым стылі (напр., у мове пчаляроў сустракаюцца такія прафесіяналізмы, як дымар, вашчына, раёўня, пропаліс). Рэзкай мяжы паміж тэрмінамі і прафесіяналізмамі няма, і часта прафесіяналізм можа існаваць як сінонім тэрміна. Многія мовазнаўцы ўвогуле не вылучаюць прафесіяналізмы ў асобны разрад слоў спецыяльнай лексікі.

У адрозненне ад тэрмінаў і прафесіяналізмаў наменклатура – гэта сукупнасць назваў канкрэтных аб’ектаў, якія вывучаюцца рознымі навукамі, ужываюцца ў тэхніцы, спорце і пад. Па складзе наменклатура велізарная. Так, толькі наменклатура медыцынскай тэхнікі (інструменты, апаратура і пад.) налічвае звыш 3000 назваў. Тэрміны маюць абстрактныя, адцягненыя значэнні, а наменклатурныя назвы абазначаюць даволі канкрэтнай з’явы. Параўн.: арфаграфія, прэфікс, марфема, злучнік і інш. (прыклады мовазнаўчых тэрмінаў) і най-, без-, пад-, за- і інш. (наменклатурныя назвы канкрэтных прыставак). Сярод наменклатуры сустракаюцца і абрэвіятуры: ЭВМ, ЗІЛ, ЗІС і пад. Падрабязна спецыяльная лексіка (у прыватнасці, тэрміны і тэрмінасістэмы) будзе разгледжана ў асобнай лекцыі.

6. Лексіка актыўнага і пасіўнага запасу

Змены, якія адбываюцца ў грамадска-палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах жыцця, адлюстроўваюцца ў лексіцы, мяняюць слоўнікавы склад мовы. Адны прадметы, з’явы, паняцці існуюць спрадвечна, і словы, якія іх называюць, актыўна выкарыстоўваюцца носьбітамі мовы; другія – адміраюць, а з імі знікаюць і іх назвы; трэція – узнікаюць, і разам з’яўляюцца новыя словы для іх абазначэння. З улікам гэтага вылучаюцца дзве катэгорыі слоў: словы актыўнага ўжытку і словы, якія застаюцца ў пасіўным запасе.

Актыўную лексіку складаюць самыя ўжывальныя словы, значэнне якіх зразумела ўсім носьбітам мовы. Пераважна гэта стылістычна нейтральныя словы найбольш шырокага ўжывання, звязаныя з жыццём чалавека наогул. Найбольш часта сустракаюцца словы, якія абазначаюць асоб (чалавек, мужчына, дзіця мама, дзед і інш.), назвы асоб па прафесіі (доктар, рабочы, настаўнік і інш.), назвы адрэзкаў часу (дзень, год, вечар і інш.), назвы надвор’я (вецер, дождж, снег і інш.), ландшафту (балота, лес, поле, рака і інш.), назвы жылля, раслін і жывёл, назвы адзення, ежы, побыту, розныя віды дзейнасці чалавека і многае іншае.

Да пасіўнай лексікі адносяцца словы, якія рэдка ўжываюцца ў працэсе моўных зносін людзей і маюць адценне ўстарэласці або навізны. Таму ўсю пасіўную лексіку можна падзяліць на два разрады: устарэлыя словы і неалагізмы.

Устарэлыя словы ў сваю чаргу падзяляюцца на гістарызмы і архаізмы. Гістарызмы – гэта такія ўстарэлыя словы, якія з’яўляюцца назвамі тых паняццяў і прадметаў, што зніклі з рэчаіснасці (напр., войт, баярын, рэкрут, феадал, ваявода, бурлак, парабак, лёкай, гайдукі, маёнтак, шляхта, кальчуга, алебарда, мушкет, жупан, земства, эсэр і інш.). Архаізмы – гэта ўстарэлыя назвы прадметаў і з’яў, якія існуюць і ў наш час, але называюцца новымі словамі (напр., бортнік – пчаляр, лемантар – буквар, вакацыі – канікулы, чало – лоб, лік – твар, раць – войска, лілея – лілія, падлоўчы – ляснічы, модлы – малітва, бібліялогія – кнігазнаўства і інш.).

Устарэлыя словы выкарыстоўваюцца і як нейтральныя словы (у навуковых працах па гісторыі, этнаграфіі, археалогіі), і як стылістычны сродак у творах мастацкай літаратуры для перадачы каларыту адпаведнай эпохі.

Неалагізмы (грэч. neos – новы, logos – слова) гэта словы, якія з’явіліся ў мове як назвы новых прадметаў ці з’яў рэчаіснасці і не страцілі адцення навізны (напр., кансэнсус, бартэр, брокер, лецішча, брыфінг, менталітэт, параза, вертыкальшчык, рэфлексія, маніторынг і інш.). Паколькі неалагізмы абазначаюць, як правіла, важныя для грамадства паняцці, прадметы, з’явы, яны хутка страчваюць адценне навізны, свежасці і становяцца спачатку словамі ў пэўнай ступені прафесіянальнымі, а затым і агульнаўжывальнымі. Так, новыя словы 60-80-х гадоў ХХ ст. сваёй разнастайнай тэматыкай звязаны з асваеннем космасу (касманаўт, касмадром, касмапорт, баракамера, касмалогія і інш.), з развіццём новых галін навукі (вірусалогія, геранталогія, мікраэлектроніка, наркалогія, псіхалінгвістыка і інш.), навукова-тэхнічнага прагрэсу (камп’ютэр, лазер, нейлон, ратапрынт, бойлер, батыскаф, электрамабіль і інш.), спорту (аўтаралі, біятлон, юніёр і інш.), медыцыны (алергія, стрэс, халестэрын, канцэраген і інш.) і г. д., сёння ўспрымаюцца як прывычныя, звычайныя. Усе яны знаходзяцца ў нарматыўным тлумачальным слоўніку і ўваходзяць у актыўны пласт лексікі. Пашырэнню неалагізмаў у мове садзейнічаюць сродкі масавай інфармацыі.

Ад неалагізмаў трэба адрозніваць наватворы асобных пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў. Такія выпадковыя наватворы называюць аказіяналізмамі (ад лац. occasio – выпадак) або індывідуальна-аўтарскімі (індывідуальна-стылістычнымі, кантэкстуальнымі) неалагізмамі. Напр.: небазор, вечнабыт, прасветач, нязгледны (Я.Купала); жаўтацвецень, светазор, шаўкарунны, вольнаплынны (Я.Колас) і інш. Аказіяналізмы ствараюцца з пэўнай стылістычнай мэтай і, як правіла, не выходзяць за межы мастацкага твора. Іх значэнне можна высветліць толькі ў кантэксце.

7. Лексікаграфія. Тыпы слоўнікаў

Лексікаграфія (ад грэч. lexikos – які адносіцца да слова і grapho – пішу) – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца тыпы слоўнікаў паводле іх структуры і прызначэння. У задачу лексікаграфіі ўваходзіць таксама вывучэнне будовы слоўнікавых артыкулаў, распрацоўка памет і прыёмаў тлумачэння значэння слова.

Пачатак развіцця беларускай лексікаграфіі звязваюць з дзейнасцю першадрукара і асветніка Ф. Скарыны. Менавіта ён на палях сваіх кніг зрабіў пераклад каля 200 незразумелых царкоўнаславянскіх слоў на старабеларускую мову (такія тлумачэнні называліся глосамі). Пачынанне Скарыны было працягнута яго паслядоўнікамі. Ужо ў канцы ХУІ ст. з’яўляецца першы друкаваны перакладны слоўнік «Лексисъ» Лаўрэнція Зізанія (у ім 1061 слова); у 1627 г. у Кіева-Пячэрскай лаўры выходзіць слоўнік «Лексиконъ славеноросский» Памвы Бярынды (у ім каля 7000 слоў). З тлумачальных слоўнікаў ХІХ ст. найбольш каштоўным з’яўляецца «Слоўнік беларускай мовы» Івана Насовіча (1870 г.). Гэты слоўнік – вынік 16-гадовай працы яго аўтара. Тут поўнасцю адлюстравана лексіка і фразеалогія жывой беларускай мовы таго часу (больш за 30 000 слоў). У сваім слоўніку І. Насовіч выяўляе значэнні мнагазначных слоў, дае граматычную характарыстыку, указвае сферу ўжывання слоў, тлумачыць паходжанне некаторых з іх. Аўтар свядома не ўключаў у рэестр словы, агульныя для беларускай і рускай моў. У якасці ілюстрацыйнага матэрыялу выкарыстоўваў народныя песні, прыказкі, выслоўі, фразеалагізмы. Слоўнік І. Насовіча перавыдадзены ў 1983 г. Пачынаючы з 20-х гадоў ХХ ст. у нашай краіне вядзецца сістэматычная лексікаграфічная праца.

Усе слоўнікі падзяляюцца на энцыклапедычныя і лінгвістычныя.

Энцыклапедычныя слоўнікі – гэта даведнікі, у якіх у сціслай форме выкладзены навуковыя веды. Энцыклапедычныя слоўнікі тлумачаць не словы, а паняцці, апісваюць прадметы, з’явы, падзеі, расказваюць пра гістарычных асоб, дзеячаў навукі, культуры і г. д. Загаловачнае слова ў энцыклапедычных слоўніках не мае граматычнай і стылістычнай характарыстыкі, у ім толькі пазначана месца націску; указваецца паходжанне запазычаных тэрмінаў. Ілюстрацыямі ў слоўніках гэтага тыпу служаць малюнкі, табліцы, дыяграмы, рэпрадукцыі, карты, схемы, фотаздымкі.

Энцыклапедычныя слоўнікі бываюць агульныя і галіновыя. Агульныя энцыклапедычныя слоўнікі даюць сістэматызаваныя звесткі з розных галін ведаў. Прыклады такіх слоўнікаў: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (БелСЭ) у 12-ці тамах (1969 – 1975), «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя» (КЭ БССР) у 5-ці тамах (1978 – 1981), «Беларуская энцыклапедыя ў 18 т.» (1996 – 2004). Галіновыя слоўнікі падаюць звесткі з якой-небудзь адной галіны навукі, культуры, вытворчасці і пад. Напр., «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» ў 5-ці тамах (1984 – 1987), «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» ў 5-ці тамах (1983 – 1986), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» ў 6-ці тамах (1993 – 2003) і інш.

Лінгвістычныя слоўнікі апісваюць словы мовы, тлумачаць іх значэнне, паходжанне і пад. Яны бываюць аднамоўныя, двухмоўныя і шматмоўныя. Двухмоўнымі і шматмоўнымі з’яўляюцца перакладныя слоўнікі. Напр., «Руска-беларускі слоўнік» у 2-х тамах пад рэдакцыяй К. Крапівы (1982 г.), «Беларуска-рускі слоўнік» у 2-х тамах (1988 г.), «Белорусско-русский словарь» (1975 г.) і «Русско-белорусский словарь» (1976) Грабчыкава, прызначаныя для сярэдняй школы, «Украінска-беларускі слоўнік» В. П. Лемцюговай (1980), «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэдакцыяй А. Абрэмбскай-Яблонскай і М. Бірылы (1962), «Англійска-беларуска-рускі слоўнік» пад рэдакцыяй Т. М. Сушы і А. К. Шчукі (2004) і інш.

Найважнейшае значэнне для вывучэння слоўнікавага складу мовы маюць тлумачальныя слоўнікі. Прыкладамі такіх слоўнікаў з’яўляюцца «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» ў 5-ці тамах (1977 – 1984), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» А. Я. Баханькова, І. М. Гайдукевіча, П. П. Шубы (1979) для сярэдняй школы, «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» пад рэдакцыяй М. Р. Судніка (1996).

Разнавіднасцю тлумачальных слоўнікаў з’яўляюцца дыялектныя (абласныя) слоўнікі, у якіх адлюстроўваецца і тлумачыцца лексіка адной гаворкі або групы гаворак: «Дыялектны слоўнік» Ф. М. Янкоўскага (вып. 1, 1959; вып. 2, 1960; вып. 3, 1970), «Дыялектны слоўнік: З гаворак Зэльвеншчыны» П. У. Сцяцко (1970), «Тураўскі слоўнік» А. А. Крывіцкага, Г. А. Цыхуна, І. Я. Яшкіна і інш. у 5-ці тамах (1982 – 1987) і г. д.

У фразеалагічных слоўніках сабраны ўстойлівыя словазлучэнні (фразеалагізмы), растлумачана іх значэнне, прыведзены ілюстрацыі: «Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі» Г. Ф. Юрчанкі (1972), «Фразеалагічны слоўнік для сярэдняй школы» Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешава, Ф. М. Янкоўскага (1973), «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» І. Я. Лепешава, у якім разглядаецца паходжанне фразеалагізмаў беларускай мовы (1981), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. У 2 т.» І. Я. Лепешава (1993) і інш.

Вялікае значэнне ў засваенні правільнага напісання слоў маюць арфаграфічныя слоўнікі: «Арфаграфічны слоўнік для сярэдняй школы» М. П. Лобана, М. Р. Судніка (1982), «Арфаграфічны слоўнік» для пачатковай школы (1982), «Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне» пад рэдакцыяй М. В. Бірылы (1987), «Кароткі слоўнік беларускай мовы: Правапіс. Вымаўленне. Націск. Словазмяненне. Словаўжыванне» Арашонкавай Г. У., Лемцюговай В. П. (1994) і інш.

Даволі шматлікімі з’яўляюцца тэрміналагічныя слоўнікі. У іх тлумачацца тэрміны з розных галін навукі, тэхнікі і г. д.: «Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» (1990), «Слоўнік акцёра і рэжысёра» (1995), «Кароткі тлумачальны слоўнік паліталагічных тэрмінаў» (1997), «Кароткі эканамічны слоўнік» (1993), «Кароткі беларускі слоўнік музычных тэрмінаў» (1992), «Тэрміналагічны слоўнік па вышэйшай матэматыцы для ВНУ» (1993), «Слоўнік фізічных і астранамічных тэрмінаў» (1979), «Руска-беларускі слоўнік па машынабудаванні» (1998), «Лаціна-руска-беларускі батанічны слоўнік» (1967), «Руска-беларускі слоўнік біялагічных тэрмінаў» (1992), «Руска-беларускі агранамічны слоўнік» (1994), «Расейска-беларускі хімічны слоўнік» (1993), «Русско-белорусский словарь спортивной терминологии» (1993), «Краткий русско-белорусский словарь терминов по спортивным играм» (1996), «Русско-белорусский медицинский словарь» (1993), «Расейска-беларускі вайсковы слоўнік» (1997), «Руска-беларускі фізічны слоўнік» (1999) і інш.

Да лінгвістычных таксама адносяцца гістарычныя слоўнікі (адлюстроўваюць лексіку мінулых эпох, час узнікнення і шляхі развіцця слоў), этымалагічныя (паходжанне слоў, змены іх значэнняў), слоўнікі сінонімаў, амонімаў, антонімаў, паронімаў, іншамоўных слоў, слоўнікі мовы пісьменнікаў, тапанімічныя слоўнікі (адлюстраваны геаграфічныя назвы), антрапанімічныя (фіксуюцца ўласныя імёны), марфемныя слоўнікі (вызначаецца марфемная будов слова) і многія іншыя. Безумоўна, гэта далёка не поўны пералік існуючых на сённяшні дзень слоўнікаў у беларускай мове.

Трэба заўважыць, што будова слоўнікавага артыкула (загаловачнае слова разам са звесткамі пра яго) вызначаецца тыпам слоўніка. Так, поўны слоўнікавы артыкул тлумачальнага слоўніка ўключае наступныя элементы: загаловачнае слова; граматычную характарыстыку; стылістычную характарыстыку; сэнсавую характарыстыку; ілюстрацыйны матэрыял; тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні; этымалагічную даведку.

Размяшчаюцца загаловачныя словы ў слоўніку ў алфавітным або алфавітна-гнездавым парадку. Пры алфавітна-гнездавой падачы слоў вытворныя ад агульнага кораня і блізкія значэннем словы аб’ядноўваюцца ў гняздзе (прыкладам можа служыць «Русско-белорусский словарь», 1982). Ілюстрацыямі ў большасці слоўнікаў з’яўляюцца прыклады ўжывання слоў у сказах, што бяруцца з літаратурных крыніц.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: