Якім жа было сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель?

Насельніцтва беларускіх зямель не было аднародным На адным полюсе феадальонага грамадства стаялі князі і баяры. Эканамічную аснову іх панавання і багацця складала ўласнасць на зямлю. Існавалі розныя формы феадальнага землеўладання: вотчыннае – валоданне зямлёй, сядзібай і сялянамі з правам продажу зямлі, раздзелу яе і перадачы ў спадчыну; памеснае – перадача зямлі ў часовае ўладанне за службу без права спадчыны; царкоўнае і манастырскае – знаходжанне зямель ва ўласнасці царквы і манастыроў.

Клас феадалаў меў іерархію. На вяршыні піраміды знаходзіўся вялікі князь, ніжэй – князі-кіраўнікі асобных зямель, княстваў (“отчын”), яшчэ ніжэй – феадалы-уладальнікі вялікіх і малых памесцяў (баяры, дваране). Дробныя феадалы ішлі на службу да багацейшых і знатных, станавіліся іх васаламі і карысталіся іх заступніцтвам.

Феадалы карміліся за кошт сваіх вотчын. Вотчына ўключала замак феадала, абкружаны землянымі валамі і равамі, драўлянай сцяной, за якой размяшчаліся замкавыя пабудовы, а таксама падпарадкаваную феадалу вясковую акругу. Баярскія двары-замкі ўяўлялі сабой своеасаблівыя сталіцы мікраскапічных дзяржаў у дзяржаве. Уладара абслугоўвала залежная ад яго чэлядзь. Ён меў уласнае войска, з дапамогай якога ахоўваў сваё дабро і здзяёсняў уладу над сялянамі вясковай акругі. З уласным войскам феадал выступаў на вайну па патрабаванні князя ці мацнейшага феадала. Войска складалася са старэйшай дружыны вялікіх князёў і князёў буйных зямель, у якой служылі феадалы-баяры, і малодшай дружыны, з якой служылі баярскія і дваранскія дзеці, а таксама з войска феадалаў, якое ўключала ў сябе не толькі васальных баяр, але і служылых людзей, рамеснікаў і вольных сялян, што парвалі з абшчынай. Крыніцы называюць і гарадскія палкі, якія фарміраваліся па тысячах і дзяліліся на сотні.

Большую частку насельніцтва складалі сяляне. Сярод іх крыніцы называюць смердаў (найбольш шматлікая група феадальна залежных сялян), закупаў (часова несвабодныя людзі, якія трапілі ў даўгавую залежнасць за ўзятую пазыку (купу), халопаў і рабоў (асабіста несвабоднае насельніцтва). Вядомы таксама радовічы – сяляне, звязаныя з феадалам нейкімі абавязацельствамі (“радам”, адсюль словы “радзіцца”, “дамаўляцца”), ізгоі – сяляне, якія выйшлі з абшчыны, знаходзіліся на службе ў феадалаў і поўнасцю залежалі ад іх волі.

Асноўнай вытворчай адзінкай з’яўлялася гаспадарка адной сялянскай сям’і (“ дым ”, “ рала ”). Гаспадарча самастойныя сялянскія сем’і сяліліся невялікімі вёскамі, якія называліся “ весямі ”. Адміністрацыйным і рэлігійным цэнтрам некалькіх “весяў” было вялікае сяло – “пагост”. Жыллём служылі невялікія зрубы ці паўзямлянкі з глінабітнымі печамі, у якіх палілася па-чорнаму.

Земляробчае насельніцтва арганізоўвалася ў абшчыны, якія называліся “ вервь ” ці “ мир ”. Абшчына аб’ядноўвала сем’і адной або некалькіх вёсак. Зямля з’яўлялася ўласнасцю абшчыны і перыядычна пераразмяркоўвалася паміж асобнымі сем’ямі. У абшчынным карыстанні заставаліся сенажаці, лугі, лясныя ўгоддзі, рэкі і азёры. Абшчыннікі былі звязаны паміж сабой кругавой парукай: разам адказвалі за здзейсненае на яе тэрыторыі злачынства, калі віноўнік невядомы, узнаўлялі страты, нанесеныя гаспадарцы або рэчы ўласніка. Абшчына была адным са сродкаў супраціўлення наступленню феадалаў на сялянскія землі і ўгоддзі. У працэсе эвалюцыі з абшчыны вылучаліся заможныя сялянскія гаспадаркі.

Асноўныя формы сялянскіх павіннасцей – аброк ці “ павоз ” (аплата натурай часткі сялянскага прыбытку) і паншчына (баршчына) (работа на барскім полі). Сяляне таксама працавалі на будаўніцтве гарадоў, замкаў, абарончых ліній, дарог. У час войнаў і феадальных міжусобіц яны аддавалі сваіх коней, абавязаны былі пастаўляць прадукты харчавання.

Большую частку неабходных для жыцця рэчаў сяляне рабілі самі. Яны пралі і ткалі, шылі адзенне і абутак, будавалі хаты, рабілі мэблю, посуд і г.д. Сыравінай для вытворчасці тканін, напрыклад, служылі шэрсць, лён і каноплі. Ткалі на гарызантальных ткацкіх станках.

Паралельна з падсечнай сістэмай земляробства ў лясной зоне існавала земляробства на адкрытых прасторах – у далінах, на лясных палянах і сухадольных лугах, а таксама на высахлых тарфяніках. Надзелы, якія апрацоўваліся, рана ці позна гублялі сваю ўрадлівасць і зарасталі пустазеллам. Іх пакідалі для аднаўлення натуральнай урадлівасці, каб выкарыстоўваць праз некаторы час. Такую сістэму земляробства называюць пераложнай. Прымянялася двухполле ці трохполле. Пры двухпольнай сістэме зямельны ўчастак дзялілі на дзве часткі. На адной з іх папераменна вырошчвалі яравыя і азімыя культуры, другая ж знаходзілася пад папарам, г.зн. адпачывала. Пры трохпольнай сістэме участак дзялілі на тры часткі: адну засявалі яравымі, другую – азімымі, а трэцюю адводзілі пад папар.

Нягледзячы на прастату, даступнасць і адносную эфектыўнасць падсечнай і пераложнай сістэм земляробства, уласцівыя ім недахопы (хуткае спусташэнне зямлі, неабходнасць падрыхтоўкі новых палёў, пастаянныя перасяленні і г.д.) вызначалі неабходнасць пераводу земляробства да апрацоўкі стараворных, акультураных зямель. Гэты перавод здзяйсняўся ва ўмовах рэгулярнага ўнясення ў глебу арганічных угнаенняў (гною). У сістэме земляробства рашаючае значэнне набыла папарная збожжавая сістэма з двухпольным ці трохпольным севазваротам. Сеялі жыта, пшаніцу, авёс, ячмень, проса, грэчку, гарох, лён, каноплі.

Асаблівасцю развіцця жывёлагадоўлі было тое, што да канца І тысячагоддзя н.э. зацвердзілася стойлавае ўтрыманне жывёлы. Паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва і бортніцтва ігралі падначаленую ролю.

Поспехі, дасягнутыя ў сельскагаспадарчай вытворчасці, стварылі ўмовы для аддзялення рамяства і гандлю ад земляробства. Месцам канцэнтрацыі гэтых відаў гаспадаркі з’яўляліся гарады.

Пад 862 г. летапіс упамінае Полацк, пад 980 г. – Тураў. Апавядаючы пра падзеі ХІ ст., летапісы паведамляюць аб існаванні яшчэ 12 гарадоў: Брэста, Віцебска, Мінска, Заслаўя, Браслава, Оршы, Пінска, Друцка, Лагойска, Лукомля і інш. Падзеі ХІІ ст. пакінулі ў летапісах успаміны яшчэ пра 17 гарадоў: Слуцк, Барысаў, Гародня, Клецк, Камянец, Мсціслаўе, Крычаў, Гомель, Рагачоў, Брагін, Мозыр, Чачэрск і інш. У ХІІІ ст., паводле пісьмовых крыніц, існавалі таксама Рэчыца, Нясвіж, Новагародак, Слонім, Ваўкавыск, Капыль, Кобрын і інш. У ХІV ст. становяцца вядомымі Магілёў, Ліда, Быхаў, Свіслач і інш.

Пісьмовыя крыніцы і археалагічныя матэрыялы, на думку Э.М. Загарульскага, сведчаць аб тым, што ўзнікненне гарадоў звязана са славянскім этапам у гісторыі Беларусі. У аснове большасці гарадоў ляжалі такія феадальныя паселішчы, як феадальны і княжацкі замак або пагранічная крэпасць, ваенна-адміністрацыйны і фінансава-адміністрацыйны цэнтр акругі, феадальная сядзіба. У замку ці каля яго сяліліся рамеснікі і гандляры, бо феадалы з’яўляліся заказчыкамі і спажыўцамі іх прадукцыі. Па меры павелічэння ўдзельнай вагі гэтай катэгорыі людзей паселішча ператваралася ў горад.

Акрамя замка ці пагранічнай крэпасці (магутных абарончых збудаванняў), існавання рамяства і гандлю, для горада ранняга сярэдневечча былі характэрнымі дастаткова вялікая плошча ўмацаванай часткі паселішча (ад 1 да 10 га), радыяльная альбо веерападобная сетка вуліц, якія зыходзіліся да гарадскіх варот, элементы добраўпарадкавання (брук (часта вуліцы масціліся дрэвам, дрэнажная сістэма), наяўнасць рынка, які размяшчаўся каля гарадскіх варот, а таксама манументальных культавых і свецкіх пабудоў (каменныя цэрквы, княжацкія палацы).

Цэнтральная ўмацаваная частка горада называлася дзяцінцам. Гэта – арыстакратычная частка горада, дзе пераважна сяліліся феадалы (князь, дружына, баяры), заможнае купецтва, белае духавенства. Побач з дзяцінцам размяшчаўся, як правіла, неўмацаваны рамесніцка-гандлёвы пасад. З часам узнікалі знешнія ўмацаванні (Пінск) ці ўмацаванні ў частцы пасады (Новагародак). Насельніцтва большасці гарадоў складала ад 1 да 3 тыс. чалавек.

У гарадах існавалі некалькі дзесяткаў відаў розных рамёстваў. Развіты былі металаапрацоўка, дрэваапрацоўка, ганчарная і гарбарная справы, разьба па косці. У буйных гарадах ювеліры валодалі майстэрствам зерні і эмалі, выраблялі складаныя і дарагія ўпрыгожанні з золата і серабра. У Полацку была наладжана вытворчасць шкляных упрыгожанняў, бранзалетаў, якія карысталіся вялікім попытам гараджанак. Гарадскія жыхары занімаліся таксама земляробствам, жывёлагадоўляй, садаводствам і рыбалоўствам, паляваннем.

Развіваўся гандаль. Археалагічныя даследаванні выявілі ў заходніх землях Русі прадметы візантыйскай, заходнееўрапейскай і ўсходняй вытворчасці. З Візантыі ў спецыяльных гліняных пасудзінах – амфарах – прывозілі віно і аліўкавы алей, пастаўляліся таксама з гэтай краіны каштоўны посуд і прадметы хрысціянскага культу. Фаянсавы посуд іранскай вытворчасці знойдзены ў Новагародку і Лукомлі. У Ваўкавыску знойдзены вырабы з косці паўднёва-германскай вытворчасці, а ў Мінску – касцяная разная лыжачка для прычасця французскай вытворчасці. З Заходняй Русі ў суседнія краіны вывозіліся зерне, футра, скура, воск. Вядома аб існаванні ў Кіеве полацкага гандлёвага двара. Сведчаннем развітога гандлю з’яўляюцца знаходкі манет, сярэбраных грашовых злепкаў, якімі аплочваліся буйныя таварныя партыі. Гандляры ўзмацняліся эканамічна і палітычна, стваралі свае аб’яднанні – “братчыны”.

§ 4. Барацьба супраць крыжакоў і татара-манголаў

У пачатку ХІІІ ст. заходнім і паўночна-заходнім землям Русі стала пагражаць сур’ёзная небяспека.

У канцы ХІІ ст. у Прыбалтыцы з’явіліся першыя каталіцкія месіянеры, услед за якімі пачалі прыбываць атрады крыжакоў. У вусці Заходняй Дзвіны ў 1201 г. яны заснавалі крэпасць Рыгу, якая стала апорай нямецкай агрэсіі ў землі балтаў. Неўзабаве датчане напалі на эстонскае ўзбярэжжа, разбурылі старажытную крэпасць Калывань (Талін) і заснавалі сваю – Рэвель (1209).

Якім чынам нямецкія рыцары апынуліся ў Прыбалтыцы, каля рускіх межаў?

З канца ХІ ст. каралі, графы, князі Францыі, Англіі, Германіі і іншых еўрапейскіх краін імкнуліся захаваць багатае ўзбярэжжа Міжземнага мора, неаднойчы адпраўляліся ў крывавыя паходы супраць Егіпта, Сірыі. Гэтыя войны падтрымлівала каталіцкая царква, якая выступіла арганізатарам крыжовых паходаў. Яна аб’явіла іх мэтай вызваленне ад мусульман Палесціны і “гроба гасподня”. У войсках крыжакоў ствараліся асобныя манашаска-рыцарскія арганізацыі: іх звалі духоўна-рыцарскімі ордэнамі. Уступаючы ў ордэн, рыцар заставаўся воінам, але даваў зарок манаства: не мог мець сям’і. З гэтага часу ён пакорліва слухаў галаву ордэна – гросмайстра, ці вялікага магістра.

Першым быў створаны ў 1119 г. ордэн тампліераў (храмоўнікаў), другім – ордэн шпітальераў-янітаў (сваю назву атрымаў ад шпіталя Святога Яна, які дапамагаў хворым пілігрымам – вандроўнікам). У канцы ХІІ ст. стварыўся трэці ордэн – Тэўтонскі, які пазней перасяліўся з Палесціны ў Прусію. У 1202 г. рыжскі епіскап Альберт Буксгаўдэн, жадаючы абярнуць у хрысціянства насельніцтва Прыбалтыкі, заснаваў рыцарскі Ордэн мечаносцаў. Новыя рыцары насілі белы плашч з чырвоным мячом і крыжам, замест якога пазней сталі нашываць зорку. Пацярпеўшы цяжкае паражэнне ў вайне з арабамі, нямецкія князі ў канцы ХІІ ст. вырашылі перанесці вайну ў Прыбалтыку і Русь, заваяванне якіх ім абяцала новыя землі і прыбыткі.

Прыбалтыка, праз якую праходзіў важны для Русі гандлёвы шлях па Заходняй Дзвіне ў Балтыйскае мора, ужо даўно знаходзілася ў сферы інтарэсаў Полацкага княства. Полацкія князі кантралявалі водны шлях, а мясцовыя плямёны ліваў прызнавалі васальную залежнасць ад Полацка і плацілі яму даніну.

Пабудаваўшы ў вусці Заходняй Дзвіны крэпасць Рыгу, рыцары ўстанавілі кантроль над гандлёвым шляхам і паставілі ў залежнасць ад сябе рускіх купцоў. Працягваючы агрэсію, ордэн наблізіў свае ўладанні да Кукенойса, аднаго з падначаленых Полацку рускіх гарадоў-княстваў, і паспрабаваў перахапіць у полацкага князя права на збіранне даніны з ліваў. Летам 1203 г. войскі полацкага князя Уладзіміра асадзілі дзве нямецкія крэпасці – Ікскюль і Гольм. Немцам давялося адкупіцца грашыма. Аднак ордэн працягваў палітыку захопаў. Летам 1206 г. Уладзімір спусціўся на караблях па Дзвіне з вялікім войскам, і 11 дзён працягвалася асада Гольма. Але крэпасць устаяла.

Князь Кукенойса Вячка некалькі разоў атрымліваў перамогу над крыжакамі. Пасля адной з іх ён паслаў полацкаму князю Уладзіміру багатыя падарункі: “лепшых тэўтонскіх коней, панцыры, балісты”. У 1207 г. Вячка разам з літоўскімі атрадамі асадзіў Рыгу, але, не атрымаўшы дапамогі ад полацкага князя, вярнуўся назад, спаліў свой горад і адышоў на Русь. Не змог вытрымаць націску крыжакоў і другі рускі горад-княства на Дзвіне – Герцыке. Яго князь вымушаны быў прызнаць сябе васалам рыжскага епіскапа.

Землі Кукенойса і Герцыке былі далучаны да ордэна. Неўзабаве ордэн і полацкі князь Уладзімір заключылі “вечны” мір. Полацк адмовіўся ад збірання даніны з ліваў. Дзвіна аб’яўлялася свабоднай для праезду купцоў. Але варожасць захавалася. У 1216 г. полацкі князь Уладзімір пачаў рыхтаваць сумесны паход з эстамі і лівамі супраць крыжакоў, але раптоўная смерць перашкодзіла яго ажыццяўленню.

Ваенная экспансія немцаў супраць Полацкага княства і Наўгародскай зямлі прывяла Полацк і Ноўгарад да палітычнага саюзу, які быў замацаваны шлюбам Аляксандра Неўскага з дачкой полацкага князя Брачыслава. У бітве на Няве са шведскімі войскамі ў 1240 г. наўгародцам дапамагалі палачане. У гэтай бітве вызначыўся полацкі воін Якуб. Знішчэнне Аляксандрам Неўскім нямецкіх рыцараў на лёдзе Чудскага возера ў 1242 г. спыніла крыжацкую агрэсію на паўночным захадзе.

Паспяховай барацьбе супраць ордэна перашкаджалі феадальныя міжусобіцы. Так, кукенойскі князь Вячка не ладзіў з полацкім Уладзімірам. Герцынскі князь Усевалад ваяваў не толькі супраць немцаў, але і ў саюзе з Літвой “разбураў землі рускіх хрысціян”. Захоўвалі нейтралітэт князі Турава-Пінскай зямлі. Нават перад тварам грознай небяспекі не спынялі барацьбы паміж сабой полацкія князі. Іх выступленні супраць ордэна насілі разрознены і няўзгоднены характар. Да таго ж на Полацкую зямлю ўсё часцей сталі рабіць спусташальныя набегі літоўцы, якія карысталіся аслабленнем княстваў Заходняй Русі. Аднак нягледзячы на гэта, Полацк змог спыніць наступленне рыцараў у глыбіню Русі і сыграў ролю перашкоды на шляху распаўсюджання нямецкай агрэсіі.

У 30–40-я гг. ХІІІ ст. Русь перажыла самыя трагічныя падзеі ў сваёй гісторыі. Полчышчы татара-манголаў абрынуліся на яе землі. У 1223 г. на р.Калцы сышліся на першую бітву татара-манголы і аб’яднаныя сілы рускіх і полаўцаў. Мужна змагаліся воіны галіцкага, валынскага і іншых княстваў. Аднак полаўцы нечакана кінуліся ўцякаць і змялі рускія палкі. Мангольскія войскі перайшлі ў наступленне і разбілі рускіх. На Калцы Русь пацярпела паражэнне па прычыне сваёй раздробленасці. Але і ворагі, не маючы сіл, не рызыкнулі ісці на Кіеў і пайшлі на Усход.

Трынаццаць гадоў спатрэбілася захопнікам для пыдрыхтоўкі іх нашэсця на Еўропу. З 1236 па 1240 г. татара-манголы з мячом і агнём прайшлі праз землі Паўночна-Усходняй Русі, разбурылі Разань, Маскву, Уладзімір, Суздаль і іншыя гарады. Яны рушылі да Вялікага ноўгарада, але дабрацца туды не змаглі. Гераічна абараняўся Смаленск, які прымусіў заваёўнікаў павярнуць на поўдзень. Татара-манголы як саранча прайшлі праз землі Паўднёвай Русі, захапілі і фактычна знішчылі Кіеў – “маці гарадоў рускіх”, валынскія і галіцкія гарады. Сотні тысяч людзей былі забіты альбо ўзяты ў палон. 1240 г. – год узяцця Кіева – лічыцца пачаткам татара-мангольскага іга на Русі, якое доўжылася 240 гадоў.

Расколатая на княствы і ўдзелы, якія часта ваявалі паміж сабой, Русь не змагла аб’яднаць сілы і даць арганізаваны адпор чужынцым. Калі б аб’ядналіся дружыны ўсіх рускіх князёў, то сабраліся б больш за 100 тыс. воінаў. Такое войска напэўна разбіла б ворага. Але, як пісаў летапісец, у розныя бакі глядзелі баявыя харугвы рускіх князёў. Амаль бесперапынна ваявалі між сабой князі валынскія і чарнігаўскія, суздальскія і смаленскія, полацкія і мінскія; не сціхалі заўзятыя сваркі князёў з баярамі Вялікага Ноўгарада і Пскова.

Разам з тым цаной велізарных страт рускі народ абяскровіў сілы татара-манголаў і пазбавіў іх магчымасці ажыццявіць свае планы заваявання Заходняй Еўропы. Пасля некалькіх бітваў у Польшчы, Чэхіі і Венгрыі яны вярнуліся на Русь і ў нізоўях Волгі заснавалі сваю дзяржаву – Залатую Арду.

Беларускія землі засталіся ў баку ад асноўнага напрамку руху татара-манголаў на захад. Яны не абкладаліся данінай і не ведалі ардынскіх нукераў (дружыннікі мангольскай феадальнай знаці ў ХІІ – ХІІІ стст.) і баскакаў (прадстаўнікі мангольскага хана ў заваяваных землях Русі ў ХІІІ–ХIV стст., якія ажыццяўлялі кантроль за мясцовымі ўладамі). Праўда, летапісы адзначаюць разбурэнне войскамі Батыя Брэста ў 1240 г., паведамляюць, што некаторыя гарады Паўднёвай Беларусі былі абкладзены данінай. Маюцца звесткі аб бітвах з татара-манголамі ў нізіне р.Прыпяць, пад Мазыром. Татара-мангольскія набегі на заходнерускія землі адбываліся ў 1258, 1275, 1277, 1287, 1315, 1325, 1338 гг.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: