Знешняя палітыка вялікакняскай улады ВКЛ

Знешняя палітыка ВКЛ не была свабоднай ад развіцця ўнутрыпалітычных працэсаў у дзяржаве.

Унія з Польшчай, нягледзячы на складаныя ўнутраныя вынікі, умацавала міжнародныя пазіцыі княства, дазволіла аб’яднаць сілы абедзвюх дзяржаў супраць агульных знешніх ворагаў.

У XIV – першай палове ХV ст. галоўнымі ворагамі, з якімі ВКЛ даводзілася весці напружаную барацьбу, былі немцы Тэўтонскага і Лівонскага Ордэнаў. У 1409 г. пачалася так званая “вялікая вайна” паміж Польшчай, ВКЛ, з аднаго боку, і Тэўтонскім Ордэнам, з другога. Вырашальны ўдар быў нанесены Тэўтонскаму Ордэну ў бітве пад Грунвальдам (Польшча) 15 ліпеня 1410 г.

У сярэдзіне XIV і пачатку ХV ст. працягваліся набегі татар на тэрыторыю ВКЛ.

У 1362 г. у бітве на рацэ Сінія Воды (Падолія) Альгерд ушчэнт разбіў татара-мангольскае войска. Гістарычнае значэнне сіняводскай перамогі ў тым, што ў выніку яе Кіеўшчына і Падолія былі вызвалены ад татара-манголаў і далучаны да ВКЛ. Залатая Арда пачала развальвацца. Узмацнілася барацьба за ўладу.

У 1395 г. залатаардынскі хан Тахтамыш пацярпеў паражэнне ад сярэднеазіяцкага хана Цімура, які свайго саперніка выгнаў за межы дзяржавы. Вітаўт паабяцаў Тахтамышу пасадзіць яго “На Орде...”. Тахтамыш паабяцаў пасадзіць Вітаўта на княжанне ў Масковіі.

12 жніўня 1399 г. войскі Вітаўта і Тахтамыша сустрэліся з войскамі Цімура на р. Ворскла (Палтаўшчына). Войскі Вітаўта і Тахтамыша былі разбіты ўшчэнт. Для Вялікага княства Літоўскага гэта была катастрофа: на полі бітвы засталіся ляжаць прадстаўнікі 12 княжацкіх родаў, 40 князёў, лепшыя людзі краіны.

У сярэдзіне XV ст. набегі Вялікай Арды на тэрыторыю ВКЛ практычна спыніліся. З другой паловы XV ст. у знешняй палітыцы Вялікага княства паўстае пытанне ўзаемаадносін з мацнеючым суседам на поўдні – Крымскім ханствам. Амаль штогод крымскія татары наведвалі Кіеўшчыну, Падолію, Валынь, былі і далей, на Палессі.

У 1527 г. літоўскімі, беларускімі і ўкраінскімі атрадамі было нанесена паражэнне крымскім татарам пад Каневам на Украіне. З гэтага часу яны ўжо не маглі рушыць далёка на поўнач.

З канца XV ст. абвастрыліся адносіны паміж ВКЛ і Расійскай дзяржавай. Таму было некалькі прычын.

К канцу XV ст. амаль скончылася палітычнае аб’яднанне паўночна-усходняй Русі пад уладай Вялікага князя Маскоўскага. Ён лічыў сябе нацыянальным рускім гаспадаром і ўзяў на сябе місію аб’яднання ўсіх рускіх зямель. Так гістарычна вылучыліся два цэнтры, вакол якіх сталі аб’ядноўвацца землі былой Старажытнарускай дзяржавы. Два цэнтры не маглі ўрэшце рэшт не сутыкнуцца. Гэта стала адной з падстаў абвастрэння іх адносін. Ва ўмовах пашырэння цэнтралізатарскіх тэндэнцый у Рускай дзяржаве дыпламатыя ВКЛ імкнулася ўбіць клін у гэты працэс і падтрымаць тыя княствы Русі, якія засталіся самастойнымі.

Другая прычына варожых адносін ВКЛ з Масквой была ў асаблівасцях вырашэння канфесійнага пытання ў Вялікім княстве Літоўскім. Маскоўскі Вялікі князь прэтэндаваў на ролю адзінага праваслаўнага гасудара – абаронцу інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва. Між тым, у Вялікім княстве Літоўскім праваслаўная вера прыціскалася. Гэта абвастрыла рэлігійную барацьбу ў яе нетрах. Некаторыя з беларускіх феадалаў па сваёй волі пераходзілі разам са сваімі маёнткамі пад уладу Масквы.

Канфрантацыя паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім княствам прывяла спачатку да неабвешчанай прымежавай вайны працягласцю з 1487 па 1494 гг. У выніку яе была зламана абарона ўсёй літоўскай прымежавай паласы з Маскоўскім княствам.

У 1500 г. канчаткова былі разарваны адносіны паміж Рускай і Літоўскай дзяржавамі. Прычынай быў пераход шэрагу буйных феадалаў Вялікага княства Літоўскага ў межы Рускай дзяржавы. Іван ІІІ прыняў іх на службу і абвясціў вайну Вялікаму княству Літоўскаму.

Ваенная кампанія 1501–1503 гг. складвалася надта няўдала для Вялікага княства Літоўскага. У лістападе 1501 г. былы саюзнік Івана Ш, Менглі-Гірэй, канчаткова разбіў Вялікую Арду, саюзніцу ВКЛ. Няўдалым для княства быў і Смаленскі паход рускага войска, які вызначыў пералом у ваенных дзеяннях. У выніку 2 красавіка 1503 г. было заключана перамір’е тэрмінам на 6 гадоў. ВКЛ вымушана было адмовіцца на карысць Масквы ад усёй верхнеокскай Украіны, ад Чарнігава-Северскай зямлі, у тым ліку і ад Гомеля, ад значнай часткі Смаленскай і Віцебскай зямель.

Палітыку Івана Ш (ён памёр 27 кастрычніка 1505 г.) праводзіў яго сын Васілій Ш. 19 жніўня 1506 г. ў Вільні памёр Аляксандр Казіміравіч. На прастол быў абраны брат Аляксандра – Жыгімонт. 8 снежня 1506 г. Жыгімонт быў абраны польскім каралём. Абедзве дзяржавы адразу пачалі рыхтавацца да новай вайны. Жыгімонт пайшоў на саюз з некаторымі рускімі князямі.

У сваю чаргу Васілій Ш уступае ў блок з Міхалам Глінскім, усемагутным фаварытам Аляксандра, што трапіў у няміласць пры яго пераемніку Жыгімонце.

Ваенная кампанія пачалася ў вясну 1507 г. Яна цесна звязана з пачатым у лютым 1508 г. феадальным паўстаннем у Вялікім княстве Літоўскім, якім кіраваў князь Міхал Львовіч Глінскі. Разам са сваімі братамі ён прысягнуў Васілію Ш.

Але ж вырашальнай бітвы так і не адбылося. Вайна 1507–1508 гг. скончылася “адвечным мірам”, што быў заключаны ў Маскве 8 кастрычніка 1508 г. Вялікае княства Літоўскае афіцыйна прызнала пераход да Расіі зямель, далучаных да яе ў выніку войн канца ХV – пачатку ХVІ стст. Вялікае княства Літоўскае атрымала тэрыторыі 5 смаленскіх воласцяў.

Аднак Васілій Ш меў на мэце захоп Смаленска. У 1514 г. Смаленск капітуляваў.

У 1537 г. было заключана перамір’е на 5 гадоў да 25 сакавіка 1542 г. Яно працягвалася да самай Лівонскай вайны.

Такімі былі асноўныя напрамкі знешняй палітыкі ВКЛ у ХІV–ХVІ стст.


САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ У СКЛАДЗЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА

· § 1. Асаблівасці дзяржаўнага і саслоўнага ладу Вялікага княства Літоўскага

· § 2. Эканамічнае развіццё беларускіх зямель. Станаўленне фальварачна-паншчыннай гаспадаркі і масавае запрыгоньванне сялян. Беларускі феадальны горад

§ 1. Асаблівасці дзяржаўнага і саслоўнага ладу Вялікага княства Літоўскага

У ХІV – першай палове ХVІ стст. завяршылася фарміраванне адносін феадальнай уласнасці, катэгорый феадалаў і залежнага насельніцтва, а таксама форм іх землеўладання і землекарыстання.

На чале класа зямельных уласнікаў стаяў вялікі князь літоўскі (гаспадар), які з’яўляўся вярхоўным уладаром усёй зямлі ў дзяржаве, а таксама меў свае ўласныя зямельныя ўладанні (гаспадарскі дамен). На прыступак ніжэй на іерархічнай лесвіцы стаялі буйныя феадалы – князі і зямельныя магнаты, што валодалі зямлёй на правах вотчыны (спадчыннага ўтрымання). Далей ішлі баяры, самая шматлікая група сярод пануючага класа. Ад князёў яны адрозніваліся тым, што валодалі зямлёй умоўна (пры ўмове нясення вайсковай службы князю або буйным магнатам). Гэта быў прыклад часовага ўтрымання. Баярства па маёмасным палажэнні было таксама неаднародным. Былі буйныя баяры, якія блізка стаялі ад князёў. Былі сярэднія – складалі асноўную частку баярства. Але былі і такія, што мала адрозніваліся ад сялян і самі апрацоўвалі зямлю. Гэта група мела польскую назву “шляхта”. Пасля шляхтай пачалі называць феадалаў, што належалі да ваенна-служылага саслоўя.

Першым сістэматызаваным агульнадзяржаўным зборнікам законаў феадальнага права стаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 г., які меў другую (1566 г.) і трэцюю (1588 г.) рэдакцыю. Вялікае княства Літоўскае, нягледзячы на поспехі ў цэнтралізацыі, дасягнутыя Вітаўтам, паступова набывала статус абмежаванай, канстытуцыйнай манархіі.

Страціўшы сацыяльную базу ў асобе буйных землеўладальнікаў, князёў, Вітаўт зрабіў стаўку на іншую сацыяльную сілу – баярства, шляхту. На працягу ХV–ХVІ стст. ідзе працэс пашырэння саслоўных і палітычных правоў гэтай групы пануючага класа за кошт астатніх. Гарадзельскі прывілей 1413 г. забяспечваў не толькі маёмасныя і асабістыя, але і саслоўна-палітычныя правы баярства.

Адзнакай шляхецтва стала не толькі прыналежнасць да таго ці іншага гербу, але і проста баярская вайсковая служба. Паступова баяры-шляхта спляліся з верхнімі пластамі сялянства. Ад апошніх яны адрозніваліся толькі тым, што пры любых абставінах заставаліся вольнымі людзьмі і ім гарантавана асабістая і маёмасная недатыкальнасць.

Фактарам, спрыяўшым узвышэнню ваенна-служылага саслоўя, сталі войны, якія Вялікае княства Літоўскае ўвесь час вяло і якіх стала асабліва шмат з канца ХV ст. Да таго ж вялікакняская ўлада бачыла ў шляхце асноўную сілу ў барацьбе з магнатамі – буйнымі зямельнымі ўласнікамі. Выкарыстоўваючы гэта, шляхта дабілася спадчыннага права на зямлю, стала пераўтвараць яе ў вотчыны. Выпрасіла для сябе і прывілеі ў гандлі.

Паступова шляхта ўзвышаецца палітычна. Урэшце ў першай пал. ХVІ ст. шляхта была ўроўнена ў правах з феадальнымі магнатамі, ёй была гарантавана палітычная, асабовая і маёмасная недатыкальнасць.

Галоўным кіраўніком княства лічыўся вялікі князь літоўскі. Ён узначальваў узброеныя сілы, мог абвяшчаць вайну, заключаць мір, уступаць у саюзы з іншымі дзяржавамі. У ХІV ст. пры ім існавала вялікакняская Дума, па аналогіі з Маскоўскай. Але ж у адрозненне ад апошняй, Дума ў Вялікім княстве Літоўскім не была дзяржаўнай структурай. Гэта была Рада пры Вялікім князі, да якой ён далучаў усіх (з яго пункту погляду) усіх карысных і патрэбных людзей.

Дума трансфармавалася ў прадстаўнічую ўстанову – паны-раду.

Для беларускага праваслаўнага баярства ўваход туды быў закрыты. У склад Рады ўваходзілі каталіцкі епіскап, ваяводы, кашталяны (камандзіры мясцовых палкоў), дзяржаўныя чыны. Але асноўныя справы вырашаліся поўным зборам гаспадарскай Рады. Такія сходы называліся сеймамі паноў-рады.

Асаблівую ролю ў сістэме дзяржаўнага кіравання меў вальны сейм. У яго паседжаннях удзельнічалі ўсе сябры Рады, важнейшыя чыны цэнтральнага і мясцовага кіравання, прадстаўнікі каталіцкага і праваслаўнага духавенства, а таксама па два дэпутаты ад шляхты з кожнага павета. Сейм абмяркоўваў галоўныя пытанні ўнутранай палітыкі, заканадаўчыя акты, устанаўляў падаткі, вырашаў судовыя справы, выбіраў Вялікага князя і зацверджваў кандыдатаў на важнейшыя дзяржаўныя пасады. Так палітычны рэжым Вялікага княства Літоўскага ўсё больш прымаў абрысы парламенцкай манархіі.

Арганізацыя мясцовага кіравання была дастаткова складанай. У краіне захоўваліся яшчэ некаторыя старажытныя княствы на чале з князямі, праўда, пазбаўленымі сваіх былых прывілеяў. Частка княстваў была ператворана ў ваяводствы на чале з ваяводамі. Больш дробнай тэрытарыяльнай адзінкай былі паветы, галоўнай асобай у якіх з’яўляўся стараста.

Мясцовае кіраванне таксама мела свой прадстаўнічы орган – сеймік. Сеймікі збіраліся ў паветах. У іх працы ўдзельнічалі ўсе мясцовыя феадалы. На сейміках выбіраліся дэпутаты і ў вальны сейм.

Такім чынам, у ХІV–ХVІ стст. у Вялікім княстве Літоўскім складалася дакладная і акрэсленая сістэма прадстаўнічай манархіі. Прадстаўнічыя ўстановы сур’ёзна абмяжоўвалі ўладу Вялікага князя, спрыялі замацаванню федэратыўных асноў дзяржавы, якія мелі тэндэнцыю да легітымнага развіцця. Гэта вынікала з умоў, у якія было пастаўлена княства, гэта значыць з поліэтнічнасці манархіі, з наяўнасці моцнай і шматлікай зямельнай арыстакратыі, выбарнасць вялікакняскай улады і цесных палітычных зносін з канстытуцыйнай Польшчай.

§ 2. Эканамічнае развіццё беларускіх зямель. Станаўленне фальварачна-паншчыннай гаспадаркі і масавае запрыгоньванне сялян. Беларускі феадальны горад

Пачаткова вялікі князь літоўскі лічыўся вярхоўным уласнікам усёй зямлі. Паступова ўся зямля ў Вялікім княстве Літоўскім падзялілася на катэгорыі ў залежнасці ад таго ці іншага ўладальніка: дзяржаўную (гаспадарскую), прыватна-уласніцкую і царкоўную. Сяляне, якія жылі на гэтых землях, адпаведна падзяліліся на дзяржаўных, прыватных і царкоўных.

Поўнай уласнасцю феадалаў была “чэлядзь нявольная”. Яна не вяла сваёй уласнай гаспадаркі і жыла пры дварах феадалаў. Крыніцы набору гэтага саслоўя былі: купля-продаж, шлюб з нявольным чалавекам, нараджэнне ў няволі, пакаранне за злачынства. Акрамя працы на полі, чэлядзь выконвала і іншую працу ў гаспадарцы: абрабляла агароды, сады, пасвіла статкі і г.д. Жанчыны ткалі лён.

Асноўную частку насельніцтва складалі “цяглыя” сяляне ўсіх найменняў. Яны мелі меньшую ступень асабістай залежнасці ад ўладальніка. Акрамя таго, яны карысталіся зямельнымі надзеламі, рознымі па меры і гаспадарчым складзе. Сялянскія надзелы складаліся звычайна з сядзібнай і агародніннай зямлі, поля, сенажаці, часам бабровых і рыбных ловен.

Для сялянскага землекарыстання была характэрна надзвычайная цераспалосіца ў размеркаваннях надзелаў і сядзіб. Уся зямля, як і тая, што знаходзілася ў карыстанні асобнай сям’і, ці “дыму”, так і тая, якой карысталіся ўсе жыхары сяла (лясы, балоты, азёры, рэкі і г.д.), лічылася маёмасцю складаных сялянскіх згуртаванняў – абшчын. Абшчына несла адказнасць за своечасовае выкананне сялянскіх павіннасцяў, а пазней стала браць удзел і ў землеўпарадкаванні сялянства.

За карыстанне зямлёй сяляне былі абавязяны плаціць уласніку пэўную рэнту. Формы рэнты былі розныя і падзяляліся на тры асноўныя віды: адработачную, грашовую і прадуктовую.

Адработачная рэнта была адной з самых распаўсюджаных на тэрыторыі Беларусі, яна называлася паншчынай. Паншчыну селянін абавязаны быў адрабіць у гаспадарскім маёнтку. Часцей за ўсё гэта былі палявыя работы, на якіх селянін быў двойчы на тыдзень разам з канём і са сваімі прыладамі: сякерай, касой, бараной. Цяглыя сяляне адбывалі паншчыну не толькі на полі.

Некаторая частка сялянства ў якасці асноўнай павіннасці абкладалася чыншам. Такія сяляне называліся асаднымі ці чыншавымі. Чынш уяўляў сабой грашовую форму рэнты.

Разам з паншчынай і чыншам, якія былі асноўнымі павіннасцямі, сяляне выконвалі і дадатковыя: “талокі” – агульныя сязонныя гаспадарчыя работы, “гвалты”, ці “згоны” – агульныя тэрміновыя работы, прывязаныя да пэўных выпадкаў: для рамонту дарог, гацей, для аблавы на звяроў, у выпадку стыхійных бедстваў і інш.

К канцу ХV ст. адным з асноўных відаў павіннасцяў была дзялка-даніна прадуктамі. Яна была мядовай, бабровай, кунічнай, збожжавай, піўной, сеннай і г.д.

У залежнасці ад ступені асабістай свабоды цяглыя сяляне падзяляліся на “пахожых” і “непахожых”. На першых часах усе цяглыя сяляне мелі права пераходу ад аднаго ўладара да іншага, права сыходу з абшчыны. З развіццём інстытута феадальнага права на зямлю выяўлялася акрэсленая зацікаўленасць феадалаў у яго ліквідацыі.

Прывілей 1447 г. пачаў працэс юрыдычнага абгрунтавання прыгоннага права ў Вялікім княстве Літоўскім. Ён зацвярджаў, што сяляне, якія пражылі на зямлі феадала 10 год, становяцца “непахожымі”, старажыхарамі. Адзнакай старажыхарства было і спадчыннае валоданне зямлёй селяніна.

Разам з “непахожымі” у феадальных маёнтках жылі і сяляне “пахожыя”, ці вольныя.

Людзі служэбныя, ці служкі, складалі трэцюю, даволі шматлікую катэгорыю насельніцтва. Па сваім эканамічным палажэнні яны былі блізкія да цяглавага сялянства. Яны таксама былі землекарыстальнікамі, што сядзелі з сем’ямі на сваіх вотчынах. Але ад сялян яны адрозніваліся сваёй асаблівай службай. Галоўнай іх павіннасцю была вайсковая служба. У мірны час яны раз’язджалі па справах княскай і феадальнай адміністрацыі.

Вялікакняскі двор стаяў перад праблемай павелічэння прыбытковасці. Частыя войны паставілі вялікага князя літоўскага ў залежнасць ад феадалаў, якім ён вымушаны быў раздаваць землі, каб захаваць у іх асобе сацыяльную апору. Гэта прывяло да моцнага скарачэння вялікакняскага дамену. Таму каб павысіць прыбытковасць маёнткаў, Жыгімонт II Аўгуст у 1557 г. абвясціў аб правядзенні ў дзяржаўных землях рэформы, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай “валочная памера”. Уся зямля падзялялася на роўныя надзелы, “валокі”, памерам 21,3 га кожны. Лепшыя пладародныя землі забіраліся пад княскія фальваркі, у якіх сяляне адбывалі паншчыну. Кожная сялянская гаспадарка замацоўвалася за часткай валокі. Селянін губляў права пераходу да іншага гаспадара і станавіўся прыгонным. З валокі вызначалася і сума розных павіннасцяў. Яны былі рознымі для цяглых і асадных сялян. Так, цяглыя сяляне павінны былі за кожную валоку працаваць па два дні на тыдзень у фальварку, а таксама плаціць натуральны аброк аўсом, сенам, свойскай птушкай, уносіць невялікі грашовы чынш і выконваць працоўную павіннасць у княскіх замках. Асадныя (чыншавыя) сяляне павінны былі плаціць чынш ад 66 да 106 грошаў у год. Пасля дзяржаўных маёнткаў “валочная памера” была праведзена і ў маёнтках феадалаў. К канцу XVI ст. яна ўжо скончылася ў заходніх і цэнтральных абласцях Беларусі, некалькі пазней – ва ўсходніх і паўднёвых.

Цяпер уся зямля, маёмасць сялян і самі сяляне сталі ўласнасцю феадала ці дзяржавы ў залежнасці ад таго, на чыёй зямлі яны сядзелі. Прынятыя ў хуткім часе статуты 1566 і 1588 гг. устанавілі спачатку 10-, а потым 20-гадовы тэрмін вышуку беглых сялян і вяртання іх гаспадарам. Гэта азначала канчатковае юрыдычнае афармленне прыгоннага права на Беларусі і ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім.

У XIV–XVI стст. адбываецца значны рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Гарады былі цэнтрамі рамяства і гандлю. Па памерах яны адрозніваліся, большая частка з іх былі невялікія. Гэта былі паселішчы з некалькіх вуліц з 200–300 дварамі. Найбольш буйнымі гарадамі на тэрыторыі Беларусі ў гэты час былі Полацк, Магілёў, Віцебск, Мінск, Брэст, Гародня, Слуцк, Навагародак. Растуць і паселішчы гарадскога тыпу – мястэчкі. Гарады і мястэчкі ўзнікалі як на дзяржаўных, так і на прыватнаўласніцкіх землях. Мястэчкі ў асноўным належалі феадалам. Каля 40% усіх гарадоў таксама былі прыватнаўласнымі. Гарады, што належалі феадалам, былі адміністрацыйнымі, гаспадарчымі і культурнымі цэнтрамі іх зямель. Жыхары гэтых гарадоў неслі феадальныя павіннасці на карысць свайго гаспадара.

Разам з прыватнаўласнымі былі і дзяржаўныя, ці вялікакняскія гарады. Іх насельніцтва лічылася асабіста вольным. Аднак у XVI ст. у гэтых гарадах з’явіліся ўладанні вяльможных і духоўных феадалаў разам з залежным ад іх людам. Прыватныя ўладанні ў вялікакняскіх гарадах атрымалі назву “юрыдык”. Яны складалі адасобленую частку горада і не падпарадкоўваліся ўладзе гарадскога самакіравання. Да другой паловы XVI ст. магдэбургскае права атрымалі амаль усе буйнейшыя гарады Беларусі. Мінску было даравана магдэбургскае права ў 1499 г.

Што ж сабой уяўляла гарадское самакіраванне? Галоўным органам адміністрацыйнага кіравання горада быў магістрат. Ён складаўся з Рады (выбарнага органа кіравання) і лавы (суда). На чале Рады стаяў войт, як правіла, прызначаны літоўскімі князямі. Сябры Рады (райцы) выбіраліся з гарадскіх багацеяў. Радзе належалі не толькі функцыі кіравання жыццём горада, але і суда. Але ж судовыя функцыі яна выконвала толькі па маёмасных і грамадзянскіх справах. Крымінальныя справы разбіраліся лавай. Лаўнікі (сябры лавы) выбіраліся гараджанамі. Месцам знаходжання Рады ў гарадах былі адмыслова пабудаваныя для гэтай мэты будынкі-ратушы.

Насельніцтва гарадоў фарміравалася за кошт беглых сялян, а таксама з рамеснікаў, пераселеных феадаламі ў горад. Сярод жыхароў гарадоў большасць (каля 80%) складалі беларусы. Акрамя іх, жылі рускія, украінцы, літоўцы, палякі, яўрэі, немцы, татары. Большую частку насельніцтва складалі рамеснікі і гандляры. Яны называліся мяшчанамі.

Рамеснікі адной спецыяльнасці былі аб’яднаныя ў цэхі. Яны ствараліся з мэтай абароны грамадскіх, палітычных і маёмасных правоў горада. Гэта былі своеасаблівыя манапалізаваныя структуры, якія дапамагалі рамеснікам пазбегнуць канкурэнцыі, а таксама засцерагчы мясцовы гарадскі рынак ад вырабу іншагародніх і іншаземных рамеснікаў. Падчас ваенных дзеянняў цэхі пераўтвараліся ў вайсковыя атрады.

У XIV–XVI стст. развіваецца ўнутраны і знешні гандаль гарадоў Беларусі. Таргі і ярмаркі становяцца атрыбутам гаспадарчай дзейнасці гарадоў і мястэчак. Таргі, як правіла, наладжваліся 1–2 разы на тыдзень. Ярмаркі існавалі толькі ў буйных гарадах і ладзіліся раз на год. На знешні рынак Беларусь пастаўляла жыта, сала, лес, паташ, футра, скуры, вырабы рамяства. Імпартавалася жалеза, медзь, волава, свінец, металічныя вырабы, фламандскае і англійскае сукно, галандскае палатно, віно, соль, селядзец, прадметы раскошы.

Такімі былі асноўныя асаблівасці сацыяльна-эканамічнага жыцця Беларусі ў XIV–XVI стст. Мацнела феадальная залежнасць сялян ад феадалаў. Ішоў працэс іх масавага запрыгоньвання. Цэнтрамі культурнага жыцця, развіцця рамёстваў і гандлю станавіліся гарады. Іх роля ў эканоміцы Беларусі ўзрастае.



Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: