Старажытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі. Фарміраванне этнічных супольнасцей

· § 1. Засяленне беларускіх зямель. Характарыстыка даіндаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі

· § 2. Індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі, яго балцкі і славянскі этапы

· § 3. Узнікненне Беларусі: розныя падыходы і канцэпцыі. Паходжанне назваў “Белая Русь”, “Чорная Русь”

§ 1. Засяленне беларускіх зямель. Характарыстыка даіндаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі

Чалавек вылучыўся з жывёльнага свету прыблізна два мільёны гадоў таму назад. Гэта адбылося ў Афрыцы. Прыкладна мільён гадоў назад людзі засялілі Міжземнамор’е, а затым Каўказ і поўдзень Украіны. Чалавек з’явіўся на планеце Зямля ў перыяд старажытна-каменнага веку, які ў археалогіі называецца палеалітам. У ніжнім і сярэднім палеаліце жылі людзі, якіх вучоныя назвалі піцекантрапамі і неандэртальцамі, а ў верхнім палеаліце (прыкладна 40 тыс. гг. назад) сфарміраваўся чалавек сучаснага фізічнага тыпу, якога называюць краманьёнцам.

Калі на Зямлі з’явіліся першыя людзі, на тэрыторыі сучаснай Беларусі чалавек яшчэ доўгі час не пражываў. Першае пранікненне людзей на гэтую тэрыторыю адбылося толькі ў верхнім палеаліце, прыкладна 40 тыс. гадоў таму назад. Пачаўся даіндаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі. Яго храналагічныя рамкі: 40 тыс. гг. да н.э. – 3–2 тыс. гг. да н.э.

З верхнім палеалітам звязана ледніковая эпоха (16–8 тыс. гг. да н.э.), калі адбылося некалькі абледзяненняў тэрыторыі сучаснай Беларусі. Магчыма, у час, які папярэднічаў ледніку, магчыма, у межледніковую эпоху, калі адбываліся кароткія пацяпленні, на гэтай тэрыторыі пасяліліся і жылі першыя людзі.

Вядомы дзве самыя старажытныя верхнепалеалітычныя стаянкі чалавека на тэрыторыі Беларусі. Адна з іх – на Прыпяці, каля в. Юравічы, недалёка ад Мазыра, другая – на Сожы, ля в. Бярдыж, недалёка ад Чачэрска. На гэтых стаянках пражывала прыблізна 50 чалавек.

Існавала раннеродавая абшчына. Некалькі абшчын аб’ядноўваліся ў род, спачатку мацярынскі. Род быў уласнікам пэўнай тэрыторыі, вёў калектыўную гаспадарку, меў агульную маёмасць. У вельмі цяжкіх умовах жыцця чалавек вымушаны быў навучыцца здабываць агонь, будаваць прымітыўнае жыллё, удасканальваць спосабы палявання на буйных жывёл.

Па меры таяння і адступлення ледніка ў сярэднім каменным веку, мезаліце (8–5 тыс. гг. да н.э.) адбылося поўнае засяленне чалавекам тэрыторыі Беларусі. Засяленне ажыццяўлялася з розных месц і накірункаў рознымі групамі насельніцтва. У далінах буйных рэк з’явілася першая сталае (аўтахтоннае) насельніцтва. На Беларусі вядома 120 мезалітычных стаянак людзей, агульная колькасць насельніцтва складала прыкладна 4,5–6 тыс. чалавек.

Для жыцця і побыту людзей была характэрна радавая арганізацыя. Радавыя абшчыны аб’ядноўваліся ў плямёны. Асноўныя прылады працы вырабляліся з крэмню (крэмніевыя пласціны, сякеры, цяслы, разцы, скрабкі, скоблі), дрэва або касці. Быў вынайдзены лук, які змяніў характар палявання. Памочнікам чалавека на паляванні стаў сабака. Значнае месца займала рыбалоўства.

Каменны век завяршыўся эпохай новага каменнага веку – неаліту (4–3 тыс. гг. да н.э.). На тэрыторыі сучаснай Беларусі выяўлена больш за 500 паселішчаў эпохі неаліту, агульная колькасць насельніцтва складала 27–36 тыс. чалавек. Вытворчая гаспадарка яшчэ адсутнічала. Насельніцтва па-ранейшаму займалася збіральніцтвам, паляваннем і рыбнай лоўляй. Акрамя лука на паляванні сталі прымяняць лоўчыя ямы і пасткі. Вынаходніцтва сетак зрабіла рыбалоўства больш надзейнай крыніцай забеспячэння людзей харчаваннем. З’явіліся гліняны посуд, прадзенне і ткацтва. Удасканальваліся прылады працы: сякера, цясла, долата.

Прыкладна ў ІІІ тысячагоддзі да н.э. у Падзвінні і Падняпроўі з’явілася фіна-угорскае насельніцтва, а на крайнім паўднёвым захадзе Папрыпяцця – невялікія групы індаеўрапейскага насельніцтва. Пачаўся паступовы пераход да вытворчай гаспадаркі – земляробства і жывёлагадоўлі. Гэты вялікі ў гісторыі чалавецтва гаспадарчы пераварот атрымаў назву неалітычнай рэвалюцыі, або першай цывілізацыйнай рэвалюцыі.

Вызначыць этнічную прыналежнасць старажытнага насельніцтва Беларусі ў палеаліце, мезаліце і на працягу большай часткі неаліту няма магчымасці. Мовы гэтага насельніцтва невядомы. Сляды іх не знайдзены. Узнікае пытанне: “Што такое этнас, якія яго прыкметы?”

Этнас (ад грэч. ethnos – племя, народ) – устойлівая супольнасць людзей, якая склалася гістарычна на пэўнай тэрыторыі, мае агульную мову, культуру, побыт, псіхалагічныя рысы і самасвядомасць. Асноўныя гістарычныя формы этнасу – род, племя, народнасць, нацыя. Паняцце “этнас” блізкае да паняцця “народ” у этнаграфічным сэнсе. Галоўнымі прыкметамі этнасу з’яўляюцца этнічная тэрыторыя, мова, культура, побыт, псіхалагічны склад, самасвядомасць і інш. На паняцці “этнас” грунтуецца значная частка навуковай тэрміналогіі – этнагенез (паходжанне этнасаў), этнонім (назва этнасу) і інш. Навука, якая вывучае бытавыя і культурныя асаблівасці этнасаў, праблемы іх паходжання (этнагенезу), рассялення (этнагеаграфіі) і культурна-гістарычнага ўзаемадзеяння, называецца этнаграфіяй (этналогіяй, народазнаўствам).

§ 2. Індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі, яго балцкі і славянскі этапы

Індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі пачаўся ў бронзавым веку з часу рассялення на яе тэрыторыі індаеўрапейскіх плямён. Яго храналагічныя рамкі: 3–2 тыс. гг. да н.э. – да нашага часу.

Прыкладна 3 – 2 тыс. гг. да н.э. адбыўся дэмаграфічны выбух, пачалося “вялікае перасяленне народаў”. На прасторах Еўропы – ад Рэйна на захадзе да Волгі на ўсходзе, ад Прычарнамор’я на поўдні да Скандынавіі на поўначы – рассяліліся плямёны індаеўрапейскай моўнай групы. Узнікае пытанне: “Дзе знаходзілася прарадзіма індаеўрапейцаў, калі, у выніку якіх прычын пачалася іх міграцыя на прасторы Еўропы і Азіі?”

Інснуе некалькі канцэпцый прарадзімы індаеўрапейцаў. Адна з іх – канцэпцыя еўрапейскай лакалізацыі – Паўночнай Германіі і Паўднёвай Скандынавіі. Гэта канцэпцыя сфарміравана нямецкімі вучонымі пад уздзеяннем іх пангерманскіх настрояў. У больш позні час яна атрымала расісцкую афарбоўку і была ўзята на ўзбраенне кіраўнікамі фашысцкай Германіі. Адзінымі сапраўднымі патомкамі індаеўрапейцаў, без аніякіх прымесяў, “чыстымі” арыйцамі (арыямі называла сябе ў старажытнасці адна з усходніх індаеўрапейскіх груповак) былі аб’яўлены германскія народы. Аднак вучонымі-археолагамі даказана, што ў Еўропе насельніцтва мігрыравала з поўдня на поўнач, а не наадварот, як бездоказна сцвярджаюць вучоныя пангерманскага накірунку. Акрамя таго, у Паўночнай Еўропе жывёлагадоўля распаўсюдзілася пазней, чым, напрыклад, на Балканах.

Пагэтаму ўзнікла ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. так званая балканская канцэпцыя прарадзімы індаеўрапейцаў. Яна ў многім давала адказы на тыя пытанні, на якія не адказвала канцэпцыя паўночнаеўрапейскай лакалізацыі індаеўрапейцаў (шляхі міграцыі насельніцтва і распаўсюджвання жывёлагадоўлі ў Еўропе). Але Балканы не з’яўляліся прарадзімай індаеўрапейцаў, а былі толькі адным з накірункаў іх міграцыі на прасторах Еўропы. Аб гэтым будзе напісана ніжэй.

У якасці прарадзімы індаеўрапейцаў некаторымі даследчыкамі разглядаюцца таксама паўднёвыя стэпы Усходняй Еўропы і значныя раёны Сібіры. Але гэта супярэчыць прынятым у навуцы ўяўленням аб тым, што пачатковая вобласць прарадзімы этнасаў не павінна быць вялікай.

Найбольш навукова абгрунтаванай з’яўляецца канцэпцыя пярэднеазіяцкай прарадзімы індаеўрапейцаў. У адпаведнасці з ёй праіндаеўрапейцы да міграцыі жылі ў Пярэдняй Азіі, там, дзе цяпер знаходзяцца Іран, Ірак, Афганістан. Даныя археалогіі, этнаграфіі, тапанімікі і іншых навук сведчаць аб тым, што праіндаеўрапейцы жылі на поўдні сярод гор. Яны ведалі горныя леднікі, хуткія горныя рэчкі і горную расліннасць. Іх суседзямі былі семіцкія плямёны і картвельскія народы (продкі грузін). Сярод вядомых ім звяроў былі леў і слон.

У 4–3 тысячагоддзі да н.э. пачалася міграцыя праіндаеўрапейцаў са сваёй прарадзімы. Гэта было абумоўлена бурным развіццём земляробства і жывёлагадоўлі, павелічэннем працягласці жыцця, шчыльнасці і колькасці насельніцтва, перанаселенасцю праіндаеўрапейскімі плямёнамі іх прарадзімы і неабходнасцю асваення новых тэрыторый. Міграцыя індаеўрапейцаў адбывалася на працягу тысячагоддзяў.

Рухаючыся на захад, праіндаеўрапейцы прайшлі Малую Азію, выйшлі да Эгейскага мора, засялілі Балканы, якія з’явіліся адным з накірункаў іх міграцыі. Частка праіндаеўрапейцаў абагнула Чорнае мора, прайшла праз тэрыторыю сучасных Балгарыі, Румыніі і Малдавіі, пасялілася на Правабярэжнай Украіне. Пазней праіндаеўрапейцы праніклі на Каўказ.

Частка праіндаеўрапейцаў рухалася на ўсход на тэрыторыю сучасных Кітая і Індыі. Асобная іх група павярнула на поўнач, у Сярэднюю Азію, прайшла паміж Каспійскім і Аральскім морамі, апынулася ў прыволжскіх стэпах і працягвала рух на захад, у Паўночнае Прычарнамор’е. Гэты магутны міграцыйны паток стаў крыніцай рассялення праіндаеўрапейцаў у Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі.

Пры сустрэчы з мясцовым насельніцтвам індаеўрапейцы, якія знаходзіліся на больш высокай ступені сацыяльна-эканамічнага развіцця (прынеслі з сабой земляробства і жывёлагадоўлю, кола і калёсны транспарт, пахаванне ў курганах, патрыярхат і інш.), перамагалі яго і асімілявалі. Выключэннем было насельніцтва Індыі і Кітая, якое асімілявала індаеўрапейцаў, за выключэннем невялікай групы арыяў на тэрыторыі Індыі.

З Паўднёва-Усходняй Еўропы і Паўночнага Прычарнамор’я індаеўрапейцы працягвалі міграцыю ў двух накірунках: першы – на захад і паўночны захад, у Заходнюю Еўропу, другі – на поўнач, – у Сярэднюю і Паўночную Еўропу. На вялікай тэрыторыі, якая ахоплівала басейны Віслы, Нёмана, Заходняй Дзвіны, Верхняга Падняпроўя, у выніку асіміляцыі мясцовага неалітычнага насельніцтва індаеўрапейцамі сфарміраваўся новы этнас – балты (літоўцы, латышы, прусы, яцвягі, куршы, земгалы, селы і інш.). Пачаўся балцкі этап індаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі, які храналагічна супадае з эпохай металу (3–2 тыс. гадоў да н.э. – IV–V стст. н.э.). Балты жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі да прыходу сюды славян.

З рассяленнем індаеўрапейцаў змяніўся не толькі этнічны склад насельніцтва Беларусі, але змянілася і эпоха. Каменны век уступіў месца бронзаваму веку (3–2 тыс. гг. да н.э. – 1 тыс. гг. да н.э.). Старажытная эканоміка, заснаваная на паляванні, збіральніцтве і рыбнай лоўлі, паступова замянялася земляробствам і жывёлагадоўляй. Індаеўрапейцы пакланяліся агню і сонцу, прычым агонь атаясамліваўся з ачышчальнай сілай, з ім асацыіраваўся чырвоны колер. Асноўным тыпам пасяленняў былі ўмацаваныя гарадзішчы, якіх на тэрыторыі Беларусі налічвалася каля 1 тыс. Агульная колькасць насельніцтва ў бронзавым веку магла быць ад 50 да 75 тыс. чалавек.

Бронзавы век уступіў месца жалезнаму веку (1 тыс. гг. да н.э. – IV–V стст. н.э.). Мясцовыя плямёны асвоілі жалезаапрацоўку, вырабы з жалеза былі дастаткова разнастайнымі: сякеры, нажы, сярпы, зброя, упрыгажэнні і г.д.

Новы, славянскі этап этнічнай гісторыі Беларусі пачаўся ў раннім сярэднявеччы. Яго храналагічныя рамкі: IV–V стст. н.э. – да нашага часу.

Калі і адкуль з’явіліся славяне на беларускай зямлі? Дзе іх прарадзіма? Як адбываліся працэсы славянскай міграцыі?

Ёсць некалькі канцэпцый прарадзімы славян. Адны даследчыкі сцвярджалі аб лакалізацыі славян у Прыпяцка-Сярэднедняпроўскім рэгіёне (дзе сёння Беларусь і Украіна), другія вучоныя змяшчалі іх прарадзіму ў Вісла-Одэрскім міжрэччы (дзе сёння Польшча), трэція – на шырокіх прасторах ад Одэра да Дняпра (дзе сёння Беларусь, Польшча і Украіна). Вучоныя пангерманскага накірунку з’яўляюцца аўтарамі так званай канцэпцыі “усходняй лакалізацыі славян”, згодна з якой славяне прыйшлі на нашу тэрыторыю з Азіі і паўднёвых стэпаў Усходняй Еўропы, а таму яны – азіяты, дзікія людзі.

Найбольш навукова абгрунтаванай і распаўсюджанай з’яўляецца канцэпцыя цэнтральнаеўрапейскай лакалізацыі славян, паводле якой прарадзімай славян трэба лічыць тэрыторыю паміж Эльбай, Віслай і Нёманам, дзе сёння знаходзяцца Германія, Чэхія, Славакія, Польшча, самыя заходнія раёны Беларусі. У выніку асіміляцыі мясцовага насельніцтва прышлымі індаеўрапейцамі ў ІІІ тысячагоддзі да н.э. на гэтай тэрыторыі ўтварылася яшчэ адна галіна індаеўрапейскай мазаікі народаў – славянская (усяго ж налічваецца больш за 40 індаеўрапейскіх народаў).

Да першых стагоддзяў нашай эры славяне ўяўлялі сабой адзінае цэлае. Гісторыкі і пісьменнікі VI ст. ведалі славянскі свет ужо падзеленым на тры часткі – венедаў, склавін і антаў. Готскі гісторык Іордан пісаў: “Яны (венеды)… паходзяць ад аднаго племені, маюць цяпер тры імёны, г.зн. венеды, анты і склавіны”. “І некалі нават імя ў славян і антаў было адно і тое ж”, – падкрэсліваў візантыйскі гісторык Пракопій Кесарыйскі. Першапачаткова склавіны жылі на захад ад Днястра і ў Прыкарпацці, анты – паміж Днястром і Дняпром, а таксама на поўнач ад Азоўскага мора, венеды, па Іардану, знаходзіліся на паўночны ўсход ад Карпат, у вярхоўі Віслы.

У IV–VII стст. адбылося другое “вялікае перасяленне народаў”. Аднак яго храналагічныя рамкі можна было б пашырыць у абодва бакі. Маштабныя перамяшчэнні плямён (пераважна з усходу) пачаліся яшчэ да н.э. Гэта – рух скіфаў і сарматаў з-за Дона (з тэрыторыі сучасных Казахстана і Сярэдняй Азіі) у Паўночнае Прычарнамор’е, заняцце імі вялікіх прастораў ад Алтая да Дуная. Перамяшчэнні працягваліся пазней. Гэта – міграцыя ў ІІ – пачатку ІІІ ст. готаў, аднаго з усходнегерманскіх плямён, з тэрыторыі сучаснай Польшчы (на ўзбярэжжы Балтыйскага мора) праз балоты сучаснай Беларусі на поўдзень сучаснай Украіны (ад Балтыкі да Чорнага мора). Гэта – перамяшчэнне гунаў з тэрыторыі Манголіі праз сучасны Казахстан і Сярэднюю Азію і выхад да ІІ ст. н.э. да Волгі, паражэнне, нанесенае імі аланам і готам, далейшы рух у Еўропу, заснаванне на тэрыторыі сучаснай Венгрыі Гунскай дзяржавы ў IV–V стст., яе паражэнне ў час паходу супраць Рымскай імперыі, вяртанне гунаў у прычарнаморскія стэпы. Гэта – перамяшчэнні германскіх плямён на поўдзень і захад, а ўслед за імі славян ад Эльбы на захадзе і па Усходне-Еўрапейскай раўніне на ўсходзе.

Галоўнымі прычынамі міграцыі славян са сваёй прарадзімы былі наступныя: 1) дэмаграфічная перанаселенасць і вялікая шчыльнасць насельніцтва прывялі славян у рух для пошукаў новых зямель; 2) пагалоўнае ўзбраенне мужчын, іх рэгулярныя грабежніцкія паходы, якія з’яўляліся адным з найбольш лёгкіх, эфектыўных і распаўсюджаных спосабаў узбагачэння: Рымская імперыя – багатая і казачная краіна для грабяжоў; 3) прывабнасць новых зямель для земляробства, якое ў славян дасягнула дастаткова высокага ўзроўню; 4) ціск на славян з боку іншых народаў (германцаў, кельтаў, авараў і інш.).

Са сваёй прарадзімы частка славян пачала масавы рух на поўдзень і ў VII–VIII стст. засяліла Балканы, землі сучаснай Югаславіі, Балгарыі, часткова Грэцыі. Некаторыя групы славян дайшлі да Малай Азіі, Іспаніі, Сіцыліі, Паўночнай Афрыкі. У працэсе асіміляцыі смуглатварага фракійскага насельніцтва ўтварылася галіна славян, якіх называюць паўднёвымі славянамі (былыя венеды). Сёння гэта – балгары, сербы, харваты, славенцы, македонцы і інш.

Другая частка славян са сваёй прарадзімы рухалася на ўсход, дайшла да Дняпра і ў VI–VII стст. на тэрыторыі сучаснай украінскай Валыні і Паўднёвай Беларусі (на поўдзень ад Прыпяці) сфарміравалася новая галіна славян – усходнія славяне (былыя анты). У VI–VIII стст. усходнія славяне праніклі на паўднёварускія стэпы, каланізавалі міжрэчча Волгі і Акі, выйшлі да Дона, Ладажскага возера, Невы і Нарвы. Яны асімілявалі мясцовае балцкае, фіна-угорскае і цюркскае насельніцтва. Усходнія славяне сёння – гэта беларусы, рускія і ўкраінцы.

Што датычыць заходніх славян (сёння гэта – палякі, чэхі, славакі і сербы-лужычане), то яны засталіся на сваёй прарадзіме, нікуды не мігрыравалі і ні з кім не змешваліся. Гэта – былыя склавіны.

Паводле даных заходнееўрапейскіх, арабскіх і візантыйскіх крыніц, славяне адрозніваліся высокім ростам, моцным складам цела, вялікай вынослівасцю, цёмна-русым (рыжаватым) колерам валасоў. Прастадушныя, прыветлівыя і гасцінныя ў дамашняй абстаноўцы, славяне на вайне непрымірымыя і бязлітасныя да ворага: воінаў і жыхароў-мужчын забівалі зброяй (коп’ямі, мячамі і інш.), секлі голавы, садзілі на кол, распіналі на крыжы, білі батогамі па галаве, “иных, запёрши вместе с быками и овцами, … безжалостно сжигали”.

У VI–VII стст. славяне пачынаюць пранікаць у балцкі арэал. У VIII–IX стст. пачынаецца масавае рассяленне славян на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Спачатку славяне рассяліліся на правым беразе Дняпра і на Бярэзіне, затым праніклі ў Падзвінне і Падняпроўе, а ў Х ст. рассяліліся ў Верхнім Панямонні. Большая частка балцкага насельніцтва была асімілявана, другая – знішчана ці выціснута на паўночны захад, у Прыбалтыку, дзе прыняла ўдзел у фарміраванні этнічных латышоў і літоўцаў. Трэцяя частка балцкага насельніцтва працягвала жыць на сваіх былых месцах, іх асіміляцыя славянамі працягвалася да XII–XIII стст. і нават пазней.

У выніку славяна-балцкага ўзаемадзеяння ўзніклі новыя этнічныя супольнасці, якія ўпамінаюцца ў сярэдневяковых крыніцах. Да ліку такіх супольнасцей на тэрыторыі сучаснай Беларусі адносіліся крывічы, дрыгавічы, радзімічы. У іх асяроддзі не было сацыяльнай роўнасці, з’явілася палітычнае кіраванне і свае князі. Крывічы, дрыгавічы і радзімічы ўяўлялі сабой не плямёны ці саюзы плямён, як сцвярджалася ў літаратуры раней, а протанароднасці (народнасці, якія пачыналі фарміравацца). Іх дзяржаўныя ўтварэнні называюць протадзяржавамі (дзяржавы, якія пачыналі стварацца).

Вялікая патрыярхальная радавая абшчына, якая стваралася па роднаснаму прынцыпу, саступае месца суседскай (тэрытарыяльнай) абшчыне, што складалася з асобных малых сем’яў. Апошняя станавілася асноўнай сацыяльнай арганізацыяй усходніх славян і пазней стала называцца сялянскай абшчынай. Крывічы, дрыгавічы, радзімічы – не непасрэдныя продкі беларусаў, а этнічныя супольнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў IX – першай палове XII ст.

§ 3. Узнікненне Беларусі: розныя падыходы і канцэпцыі. Паходжанне назваў “Белая Русь”, “Чорная Русь”

Адным з самых складаных у гісторыі Беларусі з’яўляецца пытанне: як і калі з раней названых славянскіх, славяна-балцкіх супольнасцей і іншых груп насельніцтва сфарміравалася беларуская народнасць, як узнікла Беларусь? Адказаць на гэтыя пытанні адназначна нельга. Справа ў тым, што ў навуцы няма адзінай думкі наконт гэтых праблем. Адны даследчыкі сцвярджаюць, што беларусы як этнас ужо існавалі ў ХІІІ ст., а працэс фарміравання беларускай народнасці пачаўся яшчэ ў VII–VIII стст. (Г.Штыхаў, М.Ермаловіч, М.Ткачоў і інш.). Паводле У. Сядова, беларуская этнічная супольнасць склалася ў ХІІІ–ХІV стст. М. Грынблат лічыць, што фарміраванне беларусаў адбывалася ў ХІV–ХVІ стст. Ёсць іншыя меркаванні.

Няма адзінага погляду і на пытанні аб продках беларусаў. Узнікла мноства канцэпцый, якія ўзаемавыключаюць адна адну. У ХІХ ст. з’явіліся польская і велікаруская канцэпцыі, якія адмаўлялі існаванне самастойнага беларускага этнасу на той падставе, што ў насельніцтва Беларусі быццам не было самастойнай славянскай мовы. Прыхільнікі польскай канцэпцыі (Л.Галембоўскі, А.Рыпінскі і інш.) лічылі беларускую мову дыялектам польскай мовы, а беларусаў – часткай польскага этнасу. Творцы велікарускай канцэпцыі (А.Сабалеўскі, І. Сразнеўскі і інш.) сцвярджалі, што Беларусь – частка велікарускай этнічнай тэрыторыі, а беларуская мова – дыялект рускай мовы.

Памылковасць гэтых канцэпцый выяўлена даследаваннямі па беларускай мове. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. выдатны беларускі славіст Я. Карскі ў фундаментальнай працы “Беларусы” (Варшава; Петраград. 1903–1922. Т.1–3) пераканаўча даказаў, што беларуская мова з’яўляецца самастойнай славянскай мовай, якая паводле свайго лексічнага складу, сінтаксісу, фанетыкі і марфалогіі ўваходзіць у групу ўсходнеславянскіх моў нароўні з велікарускай і ўкраінскай.

У пачатку ХХ ст. з’явілася крывіцкая канцэпцыя. Яе аўтарамі былі М.Пагодзін, В.Ластоўскі і інш. Яна заснавана на памылковым уяўленні аб тым, што продкамі беларусаў з’яўляюцца крывічы. Аўтары канцэпцыі атаясамлівалі беларусаў і крывічоў і прапаноўвалі называць беларусаў крывічамі, а Беларусь – Крывіяй. Памылковасць гэтай канцэпцыі заключаецца ў тым, што крывічы займалі толькі паўночную і цэнтральную частку тэрыторыі сучаснай Беларусі. А як жа ўзнікла паўднёвабеларускае насельніцтва? На гэта пытанне крывіцкая канцэпцыя адказу не дае. Няма ў данай канцэпцыі тлумачэння і таго, чаму на частцы тэрыторыі, якую займалі крывічы, пазней сфарміравалася велікаруская народнасць. Аднак самая вялікая памылка крывіцкай канцэпцыі выяўляецца ў храналагічнай неадпаведнасці знікнення крывічоў і з’яўлення беларускага этнасу. Крывічы зніклі да сярэдзіны ХІІ ст., а беларусы як этнас да гэтага часу яшчэ не сфарміраваліся.

Аднабаковасць крывіцкай канцэпцыі вырашылі пераадолець вядомы беларусазнаўца Я.Карскі, гісторык-славіст У.Пічэта, даследчык этнічнай гісторыі Беларусі М.Грынблат, вядомы гісторык М.Доўнар-Запольскі. Яны ўключылі ў склад продкаў беларусаў не толькі крывічоў, але таксама дрыгавічоў і радзімічаў. Адсюль і назва канцэпцыі – крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкая. Аднак і гэта канцэпцыя, як і папярэдняя, не ўлічвае таго факта, што дрыгавічы і радзімічы, як і крывічы, зніклі да сярэдзіны ХІІ ст., калі агульнабеларускі этнічны комплекс яшчэ не сфарміраваўся.

Асаблівую папулярнасць набыла балцкая тэорыя этнагенезу беларусаў. Паводле гэтай тэорыі, змяшэнне славян з даславянскім насельніцтвам – балтамі – прывяло да з’яўлення беларускага этнасу. Балты, такім чынам, адыгралі ролю субстрату (падасновы) у этнагенезе беларусаў. Аўтар гэтай тэорыі археолаг В.Сядоў робіць выснову на падставе таго, што шмат элементаў беларускай культуры і мовы маюць балцкае паходжанне. Аднак В.Сядоў не ўлічыў таго, што гэтыя элементы ўласцівы як славянам, так і балтам. Яны індаеўрапейскага паходжання. Балты з’явіліся продкам, субстратам не непасрэдна беларусаў, а ўсходнеславянскіх супольнасцей – крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў.

Існуе і фінская канцэпцыя паходжання беларусаў. Яе аўтарам з’яўляецца пісьменнік І.Ласкоў. На падставе таго, што на тэрыторыі Беларусі ёсць назвы рэчак і азёраў фінскага паходжання (Дзвіна, Свір і інш.), ён лічыць, што продкамі беларусаў маглі быць і фіны. Для такой высновы няма навуковых падстаў. Фінамоўнае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі жыло ў глыбокай старажытнасці і было асімілявана не славянамі, а старажытнымі балтамі, якія рассяліліся ў Панямонні, Падзвінні і Падняпроўі ў бронзавым веку. Фіны на тэрыторыі Беларусі з’явіліся субстратам не беларусаў, а старажытных балтаў.

У 50-я гады ХХ ст. савецкі этнограф С.Токараў абгрунтаваў новую канцэпцыю. Яе сутнасць заключаецца ў наступным.

У выніку змешвання розных супольнасцей – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, драўлян, палян, вяцічаў і іншых – у Сярэднім Падняпроўі ў ІХ–Х стст. у межах Кіеўскай Русі сфарміравалася новая усходнеславянская этнічная супольнасць – старажытнаруская народнасць. У другой палове Х ст. зацвердзілася і агульная назва гэтай тэрыторыі – Русь. Сярэдняе Падняпроўе стала звацца Рускай зямлёй, кіеўскія князі – рускімі князямі. Затым у працэсе распаду Кіеўскай Русі раз’ядналася і старажытная народнасць. У выніку ўтварыліся тры роднасныя народы: рускі, беларусі і ўкраінскі.

Аднак у гэтай канцэпцыі з’явілася шмат апанентаў (Г. Штыхаў, М. Ермаловіч, М. Ткачоў і інш.). Без дастатковых навуковых абгрунтаванняў яны сцвярджаюць, што ніякай старажытнарускай народнасці не існавала, што не магло быць ніякага падзелу неіснуючай агульнарускай народнасці на тры галіны – беларускую, рускую і ўкраінскую. Уся справа ў тым, на якой тэрыторыі пасяліліся плямёны і з якім карэнным насельніцтвам (субстратам) адбылося змяшэнне. Так, рускі этнас фарміраваўся на аснове фіна-угорскага субстрату, украінскі – цюрскага, беларускі – балцкага. Памылковасць гэтых поглядаў заключаецца ў тым, што ў выніку асіміляцыі, змяшэння прышлых славян з фіна-угорскім, цюркскім і балцкім насельніцтвам сфарміраваліся новыя славянскія этнічныя супольнасці (усяго каля 15) – крывічы, дрыгавічы, радзімічы, славене, паляне, драўляне, валыняне, улічы, ціверцы і іншыя, а не руская, украінская і беларуская народнасці. Фарміраванне гэтых народнасцей адбылося не ў ІХ–Х стст., а значна пазней.

У пачатку 90-х гадоў новую канцэпцыю ўзнікнення беларусаў распрацаваў гісторык-этнограф М. Піліпенка (Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: новая концепция. Мн., 1991). Ён лічыць, што ў выніку шырокага рассялення славян і змешвання іх з усходнімі балтамі ўтварыліся не беларусы, а першапачатковыя ўсходнеславянскія этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Гэта адбылося ў ІХ–Х стст. Затым у канцы Х – пачатку ХІ ст. разам з іншымі ўсходнеславянскімі супольнасцямі крывічы, дрыгавічы і радзімічы кансалідаваліся ў новую агульнаславянскую этнічную супольнасць. Для яе былі характэрны агульнаўсходнеславянская мова, агульная матэрыяльная і духоўная культура. З трансфармацыяй гэтых першапачатковых этнічных славянскіх супольнасцей у агульнаславянскую старажытную супольнасць іх тэрыторыі сталі агульнай этнічнай тэрыторыяй, якая атрымала назву “Русь”. Менавіта з гэтага часу ў дачыненні да тэрыторыі Беларусі, як і да суседніх усходнеславянскіх зямель, пачала ўжывацца назва “Русь”, а насельніцтва стала называцца русамі, русічамі, русінамі, рускімі.

З часу свайго фарміравання этнічная тэрыторыя “Русь” не была аднастайнай. Яна падзялялася на рэгіёны, якія не супадалі з ранейшымі этнічнымі тэрыторыямі першапачатковых усходнеславянскіх этнічных супольнасцей. Тэрыторыя сучаснай Беларусі па лакальных асаблівасцях мовы і культуры ўваходзіла ў дзве дыялектна-этнаграфічныя зоны агульнаўсходнеславянскай этнічнай супольнасці – палескую і падзвінска-дняпроўскую. Акрамя агульнай назвы “Русь”, за паўднёвай часткай тэрыторыі Беларусі замацавалася назва “Палессе”, за цэнтральнай і паўночнай – “Белая Русь”. У паўднёвай папрыпяцкай зоне на аснове трансфармацыі дрыгавічоў, драўлян і паўднёвай часткі радзімічаў ішоў працэс складвання новай этнічнай супольнасці – палешукоў, у паўночным (падзвінска-дняпроўскім) рэгіёне ў выніку трансфармацыі крывічоў, вяцічаў і паўночных радзімічаў – старажытных беларусаў. Піліпенка лічыць, што менавіта яны і сталі непасрэднымі продкамі беларусаў.

З цягам часу, адзначае М. Піліпенка, у выніку інтэнсіўных этнічных працэсаў на аснове ўзаемадзеяння, згуртавання дзвюх значных груп (папрыпяцкай і падзвінска-дняпроўскай) усходнеславянскага насельніцтва, з аднаго боку, і кансалідацыі іх з асобнымі групамі неўсходнеславянскага насельніцтва – заходнеславянскага (польскага), балцкага і цюркскага (татарскага), з другога, на шырокай тэрыторыі, размешчанай паміж Прыпяццю на поўдні і Заходняй Дзвіной на поўначы, Нёманам на захадзе і Дняпром на ўсходзе, да сярэдзіны XVI ст. сфарміраваліся новы комплекс культуры і звязаная з ім сістэма мовы. Усё гэта сведчыла аб з’яўленні новай, усходнеславянскай этнічнай тэрыторыі, якая атрымала з таго часу сваю назву “Белая Русь”.

Паходжанне тэрміна “Белая Русь” канчаткова не высветлена. У розныя часы яго тлумачылі па-рознаму. Яго звязвалі з прыгажосцю зямлі, мноствам снегу, незалежнасцю ад татара-манголаў і літоўскіх князёў (“белая” у дадзеным выпадку – вялікая, незалежная, вольная, свабодная), светлапігментаваным і светлавокім антрапалагічным тыпам жыхароў (бландзіны). Маюцца і іншыя тлумачэнні: назва “Белая Русь” паходзіць ад белага колеру адзення, якое “при дворе царском в почтении было”, ці ад белага колеру світак, сукенак і кашуль, якія насілі жыхары гэтых зямель. Тэрмін “Белая Русь” звязваецца таксама з шырокім распаўсюджваннем у тапаніміцы назваў са словам “белая” і г.д.

Упершыню тэрмін “Белая Русь”, як пісаў рускі гісторык В.М. Тацішчаў, упамінаецца ў летапісах у 1135 г. у дачыненні да зямель Паўночна-Усходняй Русі (Уладзіміра-Суздальскага княства). Гэта тэрыторыя ад вярхоўяў Заходняй Дзвіны і вярхоўяў Волгі да вярхоўяў Нёмана. Яна ўключала ў свой склад Маскоўскі, Цвярскі, Смаленскі, Мсціслаўскі, Друцкі край. Вялікі князь Андрэй Багалюбскі з 1157 г. называўся князем Белай Русі. Сваім баярам ён гаварыў: “Я всю Белую (Суздальскую) Русь городами и сёлами великими населил и многолюдной учинил”.

Для навукі застаецца загадкай, чаму гэта частка Русі (ад Нёмана да Волгі) названа Белай Руссю. На думку М. Піліпенкі, магчыма, слова “Белая” сімвалізавала яе сярэдняе, цэнтральнае месцазнаходжанне ў адрозненне ад “Вялікай” і “Малой” (або “Чырвонай”) Русі, якія знаходзіліся адпаведна на поўначы і на поўдні ад “Белай Русі”.

У ХV ст. тэрмін “Белая Русь” па-ранейшаму ўжываўся для абазначэння Маскоўскай (Рускай) дзяржавы. Пры Іване ІІІ гэты тэрмін быў унесены ў тытул вялікага князя маскоўскага. Паводле М.М. Карамзіна, “исчисляя в титуле своём все особенные владения государства Московского, Иоан наименовал оное Белою Россиею, то есть великою или древнею по смыслу сего слова в языках восточных”. Калі верыць М.М. Карамзіну, першапачаткова тэрмін “Белая Русь” абазначаў “вялікую ці старажытную” Русь.

Ужо ў ХІІ ст. частка сучаснай беларускай этнічнай тэрыторыі (Мсціслаўскі і Друцкі край) уваходзіла ў склад зямель, якія называліся “Белай Руссю”. У “Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі”, напісанай італьянцам А. Гваньіні ў 1578 г., які быў на вайсковай службе ў Віцебску, сказана: “А ёсць траякая Русь: адна Белая, другая Чорная, трэцяя Чырвоная. Белая каля… Мазыра, Мсціслава, Віцебска, Оршы, Полацка, Смаленска і зямлі Северскай…”. Значыць, назва “Белая Русь” першапачаткова адносілася да падзвінска-падняпроўскага рэгіёна, жыхароў якога называлі “беларусцамі”.

Разам з ытм у прадмовах і пасляслоўях да кніг Ф. Скарыны (пачатак ХVI ст.) тэрмін “Белая Русь” не сустракаецца. Землі сваёй радзімы Ф. Скарына называў тэрмінам “Русь” (“братия моя Русь”), які на працягу некалькіх стагоддзяў існаваў побач з назвай “Белая Русь” і даволі часта атаясамліваўся з ёй.

З сярэдзіны XVI ст. тэрмінам “Белая Русь” сталі абазначаць не толькі землі падзвінска-падняпроўскага рэгіёна (традыцыйная “Белая Русь”), але і цэнтральнага (“Літва”) і папрыпяцкага (“Палессе”) рэгіёнаў, ці землі сучаснай Цэнтральнай і Усходняй Беларусі. Беларусцамі называлі цяпер не толькі жыхароў падзвінска-падняпроўскага рэгіёна, але і людзей, якія пражывалі на ўсёй тэрыторыі ад Заходняй Дзвіны да Прыпяці. Побач з формай “беларусцы” у дакументах сустракаецца і сучасная форма этноніма беларускага народа – “беларусы”.

Польскі пісьменнік, гісторык і публіцыст С. Старавольскі ў кнізе “Польшча ці апісанне становішча каралеўства Польскага” (1632 г.) адносіў да Белай Русі 6 ваяводстваў: Навагрудскае, Мсціслаўскае, Віцебскае, Мінскае, Полацкае і Смаленскае. Урад Рускай дзяржавы ў XVII ст. Белай Руссю лічыў Полацкую, Віцебскую, Мсціслаўскую і Смаленскую землі. Астатнія беларускія землі ён называў літоўскімі.

Такім чынам, у другой палове XVI–XVII ст. сфарміравалася агульная назва ўсходняй і цэнтральнай часткі беларускай этнічнай тэрыторыі – “Белая Русь” і агульная назва (этнонім) яе жыхароў – беларусы. Прыкладна ў гэты ж час уся этнічная тэрыторыя ўсходнеславянскага насельніцтва Маскоўскай дзяржавы (у тым ліку Пскоўшчына, Цвярскі край, Смаленшчына) стала называцца Расіяй ці Вялікай Руссю.

Заходнюю частку беларускай этнічнай тэрыторыі доўгі час называлі “Чорная Русь”. Паводле звестак В.М. Тацішчава, граніца Чорнай Русі на поўначы даходзіла да р. Віллі, на ўсходзе – прыкладна да Бярэзіны, на поўдні – да Прыпяці, на захадзе – да Буга. Назва “Чорная Русь” у айчынных крыніцах упамінаецца не раней апошняй чвэрці ХІІІ ст. (1284). Першапачаткова гэта назва не адносілася да заходняй часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі. Так называлася паўднёва-заходняя частка тэрыторыі сучаснай Украіны, тагачасная Галіцкая зямля. У заходнееўрапейскіх пісьмовых помніках назва “Чорная Русь” сустракаецца не раней ХІV–XV стст. і ўжываецца для абазначэння самых заходніх зямель Русі, якія гранічылі з Лівоніяй, Літвой і Польшчай. Як назва заходняй часткі беларускай этнічнай тэрыторыі (у прыватнасці, Беларускага Панямоння) тэрмін “Чорная Русь” пачынае замацоўвацца ў канцы ХVІ–XVII ст. Як сцвярджае В.М. Тацішчаў, назва “Чорная Русь” для абазначэння заходняй часткі сучаснай Беларусі сустракаецца ў граматах цара Аляксея Міхайлавіча пасля таго, як ён авалодаў часткай Рэчы Паспалітай. У граматах Аляксей Міхайлавіч называецца “гасударам усёй Вялікай, Малой Белай, Чорнай і Чырвонай Русі”.

Назва заходняй беларускай этнічнай тэрыторыі “Чорная Русь” тлумачыцца па-рознаму. Часцей за ўсё яе разглядалі як супрацьпастаўленне назве “Белая Русь”. Некаторыя вучоныя (С. Салаўёў) лічылі, што першапачаткова назва “Чорная Русь” абазначала залежную тэрыторыю. Чорны колер разглядаецца прыхільнікамі гэтай канцэпцыі як сімвал залежнасці, белы – як сімвал самастойнасці.

У адносінах да Беларускага Панямоння такое тлумачэнне нельга прызнаць унушальным. Назва гэтага краю “Чорная Русь” замацавалася тады, калі ўся тэрыторыя сучаснай Беларусі ўжо знаходзілася ў складзе Вялікага княства Літоўскага, а затым і Рэчы Паспалітай, і з палітычнага пункту погляду значнай розніцы паміж заходняй і ўсходняй часткамі гэтых тэрыторый не было.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што з’яўленне назвы “Чорная Русь” выклікана тым, што для Верхняга Панямоння было характэрна язычніцтва, а для Падняпроўя – хрысціянства. Але і з такім пунктам погляду нельга поўнасцю пагадзіцца таму, што ў перыяд замацавання гэтага тэрміна амаль ўсё насельніцтва, як усходнеславянскае, так і балцкае было ўжо хрысціянскім. Хрысціянскія цэрквы ў гарадах Верхняга Панямоння былі пабудаваны не пазней, чым у гарадах сучаснага Беларускага Падняпроўя. Што датычыцца некаторых груп нехрысціянскага, язычніцкага балцкага насельніцтва, якое пражывала ў Верхнім Панямонні, то яно Руссю не называлася. Для іх наймення ўжываўся іншы тэрмін – “Литва”.

Нельга пагадзіцца з думкай польскага этнолага Яна Быстраня аб тым, што назву “Чорная Русь” Верхняе Панямонне атрымала ад цёмнага (чорнага) колеру скураных лапцей, якія насілі тутэйшыя жыхары. Наўрад ці такая незначная акалічнасць магла стаць падставай для вызначэння назвы цэлага рэгіёна.

Заслугоўвае ўвагі наступнае тлумачэнне гэтай назвы. Назва “Чорная Русь” была дадзена балтамі. Згодна з балцкай традыцыяй, чорны колер сімвалізуе Захад, а белы – Усход. У сувязі з гэтай традыцыяй самую заходнюю частку Русі, г. зн. Верхняе Панямонне, сталі называць Чорнай Руссю, а ўсходнюю, г. зн. Падняпроўе, – Белай Руссю. Першапачаткова гэтыя назвы абазначалі геаграфічныя напрамкі. З цягам часу яны сталі азначаць два арэалы беларускай этнічнай тэрыторыі і сімвалізаваць этнаграфічныя асаблівасці паміж яе заходняй і ўсходняй часткамі.

З канца ХVІІІ ст. са знікненнем Вялікага княства Літоўскага і далучэннем беларускіх зямель да Расійскай імперыі назва “Чорная Русь” перастала ўжывацца, а “Белай Руссю” сталі называць усю беларускую этнічную тэрыторыю. Прычым гэта назва набыла ў рускай мове сваю заходнееўрапейскую форму – “Белоруссия”. У беларускай мове захавалася старая ўсходнеславянская форма гэтай назвы. Яна стала вымаўляцца і пісацца разам – “Беларусь”.

Такім чынам, у канцы ХVІІІ і на працягу ХІХ ст. тэрмін “Белая Русь” пашырыўся на ўсю беларускую этнічную тэрыторыю і набыў сучаснае гучанне – “Беларусь”.


БЕЛАРУСКІЯ ЗЕМЛІ Ў ІХ - ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ ХІІ ст.

· § 1. Старажытнаруская дзяржава (Кіеўская Русь) – агульная раннефеадальная дзяржава-манархія ўсходніх славян

· § 2. Полацкае і Тураўскае княствы – першыя раннефеадальныя дзяржавы-манархіі на тэрыторыі Беларусі

· § 3. Беларускія землі ў перыяд феадальнай раздробленасці

· § 4. Барацьба супраць крыжакоў і татара-манголаў

· § 5. Культура. Увядзенне хрысціянства на беларускіх землях

§ 1. Старажытнаруская дзяржава (Кіеўская Русь) – агульная раннефеадальная дзяржава-манархія ўсходніх славян

Утварэнне Старажытнарускай дзяржавы было падрыхтавана ўсім ходам сацыяльна-гістарычнага развіцця ўсходнеславянскіх зямель у VI–IX стст. Існуе тры групы ўнутраных і знешніх прычын утварэння гэтай дзяржавы. Першая з іх – група сацыяльна-эканамічных прычын, звязаных з развіццём земляробства і жывёлагадоўлі, рамяства і гандлю.

Старажытнай формай земляробства ў лясных раёнах была вогневая падсечная сістэма. На пэўным участку высякалі лес, калі дрэвы падсыхалі, іх спальвалі, угноеную попелам зямлю апрацоўвалі і засявалі. Праз два – тры гады ўчастак пакідалі і выпальвалі (асвойвалі) новы. Апрацоўвалі зямлю з дапамогай сахі і рала з жалезным наканечнікам. У далейшым з’яўляюцца рала з полазам, саха з прысашніком (лапаткай для пераварочвання зямлі). У якасці цяглавай сілы пачынаюць выкарыстоўвацца коні. Усё гэта сведчыць аб перамозе ворыўнага земляробства.

Развіваліся таксама рамяство і гандаль. З вылітай сталі кавалі рабілі мячы, нажы, кінжалы, шаблі, коп’і, а таксама напільнікі, пілы, ножніцы, стамескі, зброю. Цэнтрамі мясцовага гандлю былі гарадзішчы – пагосты і племянныя “грады”. Важную ролю ў развіцці знешняга гандлю іграў так званы шлях “з вараг у грэкі”. Ён пачынаўся на паўночным беразе Фінскага заліва, ішоў Невой, Ладажскім возерам, Волхавам, Ільмень-возерам з яго ракой Ловаццю, потым волакам на Заходнюю Дзвіну, з яе волакам на Днепр, далей Дняпром і Чорным морам да Канстанцінопаля. Сталі з’яўляцца гарады як цэнтры рамяства і гандлю.

Развіццё земляробства і жывёлагадоўлі, а таксама гарадоў, рамяства і гандлю патрабавала еднасці славянскіх зямель. Удасканальваць вытворчую гаспадарку, паглыбляць эканамічныя сувязі, фарміраваць міжгаспадарчыя адносіны на аснове прынцыпа “куплі-продажу”, авалодваць унутраным і знешнім рынкам і атрымліваць прыбыткі можна было больш паспяхова ў рамках адзінай дзяржавы.

Другая група прычын звязана з унутрыпалітычным развіццём усходнеславянскіх зямель. Працэсы славянізацыі краю і неабходнасць падпарадкавання мясцовага балцкага, фіна-угорскага і цюркскага насельніцтва, з’яўленне мясцовых князёў (“княжанняў”) і сацыяльнай няроўнасці, захоп мясцовай знаццю зямель сваіх супляменнікаў і стварэнне зямельных уладанняў – вотчын (іменняў феадалаў), збор даніны з насельніцтва, прымус залежных сялян працаваць у гаспадарках землеўладальнікаў – усё гэта патрабавала фарміравання інстытута феадальнага права і сістэмы феадальных адносін, узмацнення палітычнай улады і вайсковай сілы феадалаў, іх яднання. Унутрыпалітычная сітуацыя ўзмацняла зацікаўленасць феадалаў і падштурхоўвала іх да стварэння адзінай дзяржавы.

Трэцяя група прычын звязана са знешнепалітычнымі абставінамі. Неабходнасць абароны славянскіх зямель ад нападзення з боку суседніх дзяржаў і ад набегаў з боку авараў, печанегаў, полаўцаў і іншых ваяўнічых вандроўнікаў, пераадолення спусташальных міжкняжацкіх усобіц выклікала ўнутраны пратэст і фарміравала грамадскасцю думку на карысць яднання. Урэшце-рэшт гэта прывяло да аб’яднання ваенных, эканамічных і людскіх рэсурсаў і стварэння вялікай і магутнай дзяржавы – Кіеўскай Русі.

Складальнік “Аповесці мінулых гадоў” расказвае аб існаванні ў усходніх славян да ўтварэння Старажытнарускай дзяржавы шэрагу самастойных мясцовых княстваў. Паляне мелі сваё княства на чале з Кіем, “а в древлях (у древлян) свое, в дреговичи свое, а словени свое в Новгороде, а другое на Полоте иже полочане”. Мясцовыя княжанні ўяўлялі сабой пачатковую форму дзяржаўнасці на Русі ці протадзяржавы. Славене, крывічы і мера плацілі даніну нарманам (варагам) 1, якія рабілі частыя спусташальныя набегі на іх землі, а вяцічы, радзімічы, севяране і нейкі час – паляне плацілі даніну хазарам, якія стварылі моцнае цюркскае дзяржаўнае ўтварэнне з цэнтрам у нізоўі Волгі.

У сучаснай гістарыяграфіі тэрмінам “Кіеўская Русь” абазначаецца раннефеадальная дзяржава – манархія ўсходніх славян на чале з вялікім князем кіеўскім, якая ўзнікла ў выніку аб’яднання двух усходнеславянскіх дзяржаўных утварэнняў – “Куявы” (палітычны саюз палян, северан і вяцічаў, цэнтр – Кіеў) і “Славіі” (чудзь, славене, мера, крывічы, цэнтр – Ноўгарад) і якая існавала ў ІХ–ХІІ стст. на тэрыторыі, блізкай да шляху “з вараг у грэкі”.

Гісторыя Старажытнарускай дзяржавы пачынаецца з 862 г., калі, як сведчыць летапіс, чудзь, славене і весь накіравалі сваіх паслоў за мора – да варагаў, каб аб’явіць ім сваё рашэнне. “Зямля наша вялікая і багатая, а парадку ў ёй няма. Прыходзьце княжыць і валодаць намі”. “І абраліся трое братоў са сваімі родамі, і ўзялі з сабою ўсю русь, і прыйшлі да славян, і сеў старэйшы Рурык у Ноўгарадзе, … Сінеус – на Белавозеры, … Трувар – у Ізборску”.

Летапіснае паданне аб прызванні на Русь варагаў стала падставай для нарманскай тэорыі, згодна з якой нарманы (варагі) з’яўляліся заснавальнікамі Старажытнарускай дзяржавы. Гэта тэорыя была сфармулявана яшчэ ў 2-й чвэрці XVIII ст. Г.З. Байерам, Г.Ф. Мілерам і інш. Яе адвяргалі М.В. Ламаносаў, Д.І. Ілавайскі, С.А. Гедзеонаў і іншыя расійскія вучоныя.

У сучаснай гістарыяграфіі даказана, што ўтварэнне Кіеўскай Русі было падрыхтавана ўсім папярэднім ходам сацыяльна-гістарычнага развіцця усходніх славянскіх зямель. Беларускі гісторык і археолаг Э.М. Загарульскі пераканаўча даказвае, што мясцовыя княжанні былі ў славян яшчэ да прызвання варагаў, а таму пачатак дзяржаўнасці на Русі заклалі зусім не нарманы. На аснове археалагічных матэрыялаў ён таксама сцвярджае, што да другой паловы ІХ ст. усходнія славяне яшчэ не паспелі рассяліцца да Ільменя і Белавозера, а летапісныя крывічы – гэта балцкія плямёны. Атрымліваецца, што варагаў маглі запрасіць на Русь неславянскія народы поўначы Усходняй Еўропы. Больш таго запрашэнні на княжанне былі звычайнай практыкай у эпоху сярэднявечча і не яны вызначалі характар дзяржаўных утварэнняў.

У 882 г. Алег (па летапісу – сваяк Рурыка, які правіў пасля яго Ноўгарадам за малалетняга сына Ігара Рурыкавіча) разам з воінамі-варагамі і дружынамі славен, крывічоў, чудзі, меры, весі зрабіў паход на поўдзень, узяў Смаленск, Любеч і прыйшоў да Кіева, дзе правілі Аскольд і Дзір. Выдаўшы сябе за купца, які ідзе з таварам у Візантыю, Алег забіў іх і зрабіў Кіеў сталіцай аб’яднанай дзяржавы (“мати градом руских”). Значыць, Аскольд і Дзір былі прадстаўнікамі мясцовай дынастыі. А калі б яны былі варагамі, тады навошта з імі ваяваць, тым больш іх забіваць?

Сеўшы на прастол у Кіеве, Алег пачаў будаваць крэпасці як апорныя пункты для ўпраўлення і збора даніны, а таксама абароны рубяжоў Русі ад ворагаў. Ільменскія славене і крывічы былі абкладзены пастаяннай данінай. Алег падпарадкаваў і абклаў данінай драўлян, северан і радзімічаў, якія да гэтага плацілі даніну хазарам. Значыць, ёсць падставы гаварыць аб руска-хазарскай вайне пры Алегу.

У 907 г. ён зрабіў паспяховы паход на Візантыю. Высадзіўшыся з караблёў на бераг (флот налічваў 2000 караблёў, на кожным з якіх плыло па 40 чалавек), русы спусташылі наваколле Канстанцінопаля. Візантыйскі імператар вымушаны быў заплаціць кантрыбуцыю і даць купцам русаў гандлёвыя прывілеі.

Пасля смерці Алега кіеўскім князем стаў Ігар. Ён падавіў паўстанне супраць Кіева ў зямлі драўлян, завяршыў пачатае пры Алегу падпарадкаванне і ўключэнне ў склад Старажытнарускай дзяржавы улічаў (жылі на Дняпры, на поўдзень ад палян) і ціверцаў (жылі па Днястру да ніжняга цячэння Дуная). У 941 і 944 гадах Ігар зрабіў паходы на Візантыю. Здзяйсняліся таксама марскія паходы ў Закаўказзе, у багатыя краіны Паўднёвага і Заходняга Прыкаспія.

Апошнім актам у дзейнасці Ігара быў яго паход у зямлю драўлян за данінай. Даніна ў той час з’яўлялася асноўнай крыніцай існавання князя і яго дружыны. Сабраўшы вялікую ланіну з драўлян, Ігар, падбухтораны сваімі дружыннікамі, вырашыў, што гэтага мала. Ён адпусціў дружыну і з невялікай яе часткай вярнуўся, “желая больша именья”. Гэта выклікала абурэнне ў драўлян. Яны схапілі Ігара каля горада Іскарасцень і казнілі яго, прывязаўшы нагамі да двух сагнутых бяроз, якія, выпраміўшыся, разадралі цела Ігара на дзве часткі.

Княгіня Ольга адпомсціла драўлянам за смерць свайго мужа. Яе дружыны разбурылі і спалілі многія гарады драўлян, у тым ліку цэнтр “деревской земли” Іскарасцень, знішчылі мясцовую знаць і князя драўлян Мала. Ольга ліквідавала мясцовыя княжанні і стварыла ўсюды сваю адміністрацыю. Пры ёй збор даніны быў уладкаваны. Замест палюддзя, калі князь разам з дружынай аб’язджаў падначаленыя яму землі і збіраў з іх у неабмежаваных памерах даніну, былі устаноўлены нормы даніны – “урокі” і створаны цэнтры, дзе знаходзіліся княжацкія мужы, ведаўшыя яе зборам. Сюды прывозілася даніна насельніцтвам прылеглай акругі. Даніна бралася з “дыма” (гаспадаркі) ці “рала” (плуга).

Сын Ігара Святаслаў правіў да 972 г. Выдатны палкаводзец і буйны палітычны дзеяч свайго часу, Святаслаў усё жыццё правёў на баявым кані і амаль не ведаў паражэнняў. Пад яго кіраўніцтвам дружыны русаў ваявалі на вялікіх прасторах ад Акі да Каўказа і ад Волгі да Адрыянопаля. Ён, як правіла, не нападаў на ворага знянацку, а папярэджваў яго: “Хочю на вы ити”. Такімі, па словах летапісу, былі і яго воіны.

У выніку паходаў Святаслава на Усход Кіеў падпарадкаваў сабе вяцічаў, Волжскую Балгарыю, разграміў хазарскі каганат, пашырыў і ўмацаваў свае ўладанні на Паўночным Каўказе і ў Крыму. Ажыццяўляў паходы супраць Дунайскай Балгарыі і Візантыі, меў намер стварыць руса-балгарскую дзяржаву і перанесці сваю сталіцу на бераг Дуная. Вяртаючыся з паходу, Святаслаў быў забіты на дняпроўскіх парогах печанегамі.

Уладзімір І (“Красное Солнышко”) завяршыў падпарадкаванне Кіевам усходнеславянскіх зямель, пасадзіў сваіх 12 сыноў у гарадах усходніх славян, увёў хрысціянства на Русі, пачаў умацаванне паўднёвых граніц краіны для абароны ад вандроўнікаў. Гэта садзейнічала ўмацаванню адзінства Кіеўскай Русі. У Х ст. яна прасціралася ад Карпат на захадзе да Акі і верхняй Волгі на ўсходзе і ад Балтыйскага мора на поўначы да Чорнага мора на поўдні.

Разам з тым пастаянна адбываліся войны князёў-сваякоў за кіеўскі прастол. Спроба князёў уладкаваць свае адносіны на з’ездзе ў Любечы ў 1037 г. прывяла да фактычнага раздраблення Кіеўскай Русі. У першай палове ХІІ ст., пасля непрацяглага ўзмацнення цэнтральнай улады кіеўскага князя Уладзіміра ІІ (Манамаха), Кіеў паступова губляе сваё дамінуючае становішча. У 30-я гады ХІІ ст. Кіеўская Русь як адносна адзіная дзяржава прыпыніла сваё існаванне.

У апошні час некаторымі беларускімі гісторыкамі адмаўляецца факт існавання Старажытнарускай дзяржавы, сцвярджаецца, што ў гэтай дзяржаве не было адзінства ўсходніх славян, агульнай пісьмовай мовы, культуры, агульных дасягненняў у гаспадарчай дзейнасці, горадабудаўніцтве, духоўным жыцці. Пры гэтым спасылаюцца на незалежнасць Полацкага княства ад Кіева. Кіеўская Русь – выдумка гісторыкаў.

З гэтым нельга пагадзіцца па наступных абставінах:

а) Любое феадальнае княства, у тым ліку і Полацкае, з’яўлялася свайго роду дзяржавай, бо мела ўсе атрыбуты заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Толькі на беларускай зямлі княстваў можна налічыць больш дзесяці і кожнае з іх у пэўным сэнсе было незалежным. Міжкняжацкая барацьба з’яўлялася агульнай заканамернасцю развіцця дзяржаў Еўропы ранняга сярэднявечча. Аднак, нягледзячы на гэта, усе княствы Кіеўскай Русі як унутры яе, так і яе суседзямі ўспрымаліся як адзіная Русь. Насельніцтва гэтай Русі ў суседніх краінах называлі русамі, русінамі, русічамі, а самі русіны зваліся людзьмі рускай веры ці мясцовымі назвамі-этнонімамі – кіеўлянін, палачанін, туравец, пінянін, наўгародзец і г.д. Значыць, усходнеславянскае адзінства, адзіная дзяржава існавалі.

б) Аналіз гістарычных крыніц паказвае, што Полацкая зямля ніколі не выпадала з палітычнага жыцця Русі, была часткай Старажытнарускай дзяржавы. Разам з іншымі рускімі князямі полацкія князі ўдзельнічалі ў паходах супраць Літвы, чудзі, стэпавых вандроўнікаў, а пазней – крыжакоў. Полацкі князь Брачыслаў Ізяслававіч усё жыццё ваяваў сумесна са сваім дзядзькам Яраславам Мудрым. Сумесна з паўднёварускімі князямі ваяваў з вандроўнікаміі Усяслаў Чарадзей. Дорага абышлося палачанам іх адмаўленне ў 1129 г. ад такой акцыі. Полацкіх князёў пазбавілі княжацкіх прастолаў і выслалі ў Візантыю.

Войны ж з Кіевам нярэдка былі справакаваны самімі полацкімі князямі і не былі такімі “частымі і спрадвечнымі”, як пішуць некаторыя гісторыкі. Сярод такіх войн – разгром у 1021 г. войск Брачыслава Полацкага кіеўскім князем Яраславам Мудрым за нападзенне і спусташэнне ім Ноўгарада; пакаранне ў 1067 г. трыма Яраслававічамі князя Усяслава Чарадзея за руйнаванне ім Пскова і Ноўгарада; асада ў 1116 г. кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам Мінска за спаленне мінскім князем Глебам Слуцка. Больш таго, наследнікі Усяслава Чарадзея ваявалі адзін з адным больш, чым з Кіевам. У выніку полацкія князі страцілі ўсе заваяванні ў Прыбалтыцы, а па полацкіх вуліцах пазней прайшліся нямецкія крыжакі.

в) Пасля ўвядзення хрысціянства ў Х ст. у Кіеўскай Русі функцыяніравала адзіная праваслаўная вера, якая і сёння часткай беларусаў завецца як руская. Царква садзейнічала ўмацаванню ідэі адзінства Русі, адзіных асноў у духоўнай і палітычнай сферах, усведамленню насельніцтвам сваёй прыналежнасці да адзінага народа, сваіх адзіных каранёў і агульнага гістарычнага лёсу.

г) Практычна адзіным быў агульны тып горада, яго планіроўка, знешні і ўнутраны выгляд, лад жыцця. Адзінай для ўсіх княстваў была старажытнаруская пісьмовая мова. Дастаткова параўнаць пісьмовыя помнікі Кіева, Полацка, Турава, Ноўгарада часоў Еўфрасінні Полацкай, каб упэўніцца, што не існавала мовы крывічоў і дрыгавічоў, палачан і тураўцаў, а існавала адзіная старажытнаруская мова. А хіба тры храмы Сафіі ў Кіеве, Полацку і Ноўгарадзе не сведчаць пра ўсходнеславянскае адзінства? Пералік агульнасцей можна прадоўжыць.

Разам з тым Кіеўская Русь з’яўлялася спецыфічнай раннефеадальнай дзяржавай. Яна не была адзіным, цэнтралізаваным, маналітна злітым дзяржаўным утварэннем. Кіеўская Русь сфарміравалася як федэрацыя феадальных княстваў, кожнае з якіх захоўвала адносную самастойнасць і самабытнасць. У землях драўлян, вяцічаў, крывічоў і радзімічаў дзейнічалі мясцовыя княжацкія дынастыі. Кіеўскую Русь можна назваць феадальнай федэратыўнай дзяржавай-манархіяй з моцнай ваеннай арганізацыяй, што дазваляла абараняць яе ад спакусаў суседніх дзяржаў і набегаў з боку ваяўнічых вандроўнікаў, рабіць заваявальныя паходы ў суседнія багатыя краіны і трымаць пэўны часу падпарадкаванні мясцовых князёў і баяр, схільных да сепаратызму. Эканамічныя і этнічныя сувязі ў гэтай дзяржаве наўрад ці можна лічыць трывалымі.

§ 2. Полацкае і Тураўскае княствы – першыя раннефеадальныя дзяржавы-манархіі на тэрыторыі Беларусі

Самым буйным і магутным княствам на тэрыторыі Беларусі ў раннім сярэднявеччы з’яўлялася Полацкае княства. Яно ўтварылася ў сярэднім цячэнні Заходняй Дзвіны ў ІХ–Х стст., займала ўсю Паўночную Беларусь і межавала на поўначы з Ноўгарадскай зямлёй, на ўсходзе – са Смаленскай, на поўдні – з Турава-Пінскай, на захадзе і паўночным захадзе – з землямі літоўска-латышскіх плямён. Полацкае княства займала звыш трэці тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Прыблізна ў той час, калі на Русь былі запрошаны варагі, у Полацку існавала мясцовая княжацкая дынастыя, правы якой захоўваліся на працягу многіх пакаленняў. Пры Алегу ў ліку падданых Кіева пісьмовыя крыніцы называюць і крывічоў, на якіх ён наклаў даніну. Паход на Візантыю ў 907 г. Алег здзейсніў з удзелам крывічоў і радзімічаў. У дагаворы Алега з Візантыяй сярод іншых гарадоў, якія мелі права на даніну, упамінаецца і Полацк. Як саюзнікі Кіева, полацкая знаць і мясцовыя князі абапіраліся на вялікага кіеўскага князя.

Пры пераемніках Алега – Ігары, Вользе і Святаславе – залежнасць Полацка ад Кіева паступоава слабела. У апошняй чвэрці Х ст. княжыў Рагвалод, які “трымаў Полацкую зямлю і правіў ёй”. Гэта сведчанне адноснай самастойнасці Полацка.

Пасля гібелі вялікага князя кіеўскага Святаслава Ігаравіча паміж яго сынамі Яраполкам і Уладзімірам успыхнула барацьба за кіеўскі прастол. Першы сядзеў у Кіеве, другі – у Ноўгарадзе. Магчыма, з мэтай набыць сабе магутнага саюзніка, абодва браты – Яраполк і Уладзімір – дамагаліся рукі дачкі Рагвалода Рагнеды. Маладыя князі паслалі сватоў да полацкай княжны. Летапіс паведамляе: Рагнеда, даведаўшыся, што Уладзімір быў сынам Святаслава і нявольніцы, не захацела стаць жонкай рабыніча і з пагардай адказала так: “Не хочу разути рабынича, я за Ярополка иду”. Калі Уладзіміру перадалі адказ Рагнеды, ён у 980 г. пайшоў паходам на Полацк, разбіў полацкае войска, горад зруйнаваў, забіў Рагвалода і яго двух сыноў, а Рагнеду гвалтоўна забраў у Кіеў і прымусіў стаць яго жонкай.

Паданне гаворыць пра тое, што Рагнеда спрабавала адпомсціць Уладзіміру за сваю знявагу, смерць бацькі і братоў. Яна вырашыла забіць Уладзіміра, калі той спаў, але спроба не ўдалася. Ён раптам прачнуўся і схапіў яе за руку. Калі Уладзімір узяў меч, каб засекчы гордую палачанку, на абарону маці таксама з мячом у руках стаў іх малалетні сын Ізяслаў. Гэты маленькі абаронца так уразіў Уладзіміра, што ён пабудаваў новы горад Ізяслаў (цяпер – Заслаўе бліз Мінска) і паслаў туды Рагнеду і Ізяслава на жыхарства.

Але гэта не была толькі ссылка. Уступаючы полацкаму баярству, Уладзімір вымушаны быў аддаць Рагнедзе яе “отчину” – Полоцкую зямлю і пасадзіўць там на княжанне свайго малалетку Ізяслава. Іменна ў гэты час, пасля хрышчэння Русі кіеўскі князь накіроўваў другіх сваіх сыноў у буйныя гарады ў якасці намеснікаў. Ізяслаў стаў не толькі полацкім князем, але і заснавальнікам новай дынастыі Ізяславічаў. Разам з тым полацкіх князёў летапісы часта звалі Рагвалодавымі ўнукамі.

У ХІ ст. Кіеўская Русь падзялілася на тры часткі на чале з Кіевам, Полацкам і Ноўгарадам, якія сапернічалі паміж сабой. Фактычна ж захаваліся на Русі толькі дзве княжацкія галіны: сын Уладзіміра – Яраслаў Мудры ў Кіеве і праўнук Рагвалода – Брачыслаў Ізяслававіч у Полацку.

У той час, калі іншыя рускія землі пераходзілі паводле старшынства да нашчадкаў Яраслава Мудрага, Полацк устойліва знаходзіўся ў руках мясцовага княжацкага роду і не ўдзельнічаў у барацьбе за кіеўскі прастол. Чаму? Таму што нашчадкі Ізяслава Уладзіміравіча юрыдычна страцілі права на гэты прастол. Вядома, што ў аснове старажытнага права спадчыннасці на Русі ляжаў прынцып старэйшынства, згодна з якім княства мог наследаваць любы з Рурыкавічаў у парадку старшынства. Гэта значыць, што не сын наследаваў бацьку, а наступны па ўзросту брат бацькі. Пры гэтым старэйшы ў родзе мог заняць толькі той прастол, на якім сядзеў яго бацька. Ізяслаў памёр раней за свайго бацьку – кіеўскага князя Уладзіміра. Дзеці і ўнукі Ізяслава ўжо ніколі не маглі быць кіеўскімі князямі.

З імем Брачыслава звязана вайна з Ноўгарадам і кіеўскім князем Яраславам. У 1021 г. Брачыслаў раптоўна напаў на Ноўгарад, заняў горад, захапіў маёмасць жыхароў і палонных. Аднак на рацэ Судаміры яго чакаў з войскам Яраслаў. У бітве на рацэ Судаміры Брачыслаў пацярпеў паражэнне і збег у Полацк. Далей падзеі развіваліся даволі дзіўна. Яраслаў не пайшоў на Полацк, а запрасіў да сябе на перагаворы Брачыслава і прапанаваў яму: “Будзе же со мною за один”. Брачыслаў згадзіўся і атрымаў за гэта два гарады – Віцебск і Усвят. Кіеўскі князь, як мяркуюць даследчыкі, выступіў у ролі арбітра ў спрэчцы Полацка і Ноўгарада, носьбіта вярхоўнай улады на Русі, дзе Полацк і Ноўгарад з’яўляюцца састаўнымі часткамі адной дзяржавы і падпарадкоўваюцца яму. Магчыма, Яраславу патрэбнай была ваенная дапамога Брачыслава ў яго паходах супраць Літвы, але гэтага летапісец не ўдакладняе.

Найбольшай магутнасці Полацкае княства дасягнула пры Усяславе Брачыслававічу (1044–1101). Летапісы паведамляюць, што князь шмат працаваў дзеля дабрабыту Полацкай зямлі, забываючыся пра сон і адпачынак. Пра яго ўжо пры жыцці складалася мноства легенд і паданняў. Летапісы апавядаюць пра тое, што Усяслаў быў чарадзеем і мог перабягаць шэрым ваўком сотні вёрстаў. Хадзіла паданне, што ён і нарадзіўся ад чарадзейства з асобнай радзімай адзінкай, ад якой быццам бы залежала ўся яго незвычайная сіла. Каб “чарадзейны знак” не кідаўся людзям у вочы, князь заўсёды насіў на галаве павязку. Чарадзеем малюе Усяслава і аўтар “Слова пра паход Ігаравы”.

Пакуль быў яшчэ жывы Яраслаў Мудры, Усяслаў не думаў аб аддзяленні Полацкага княства ад Кіеўшчыны. Пасля яго смерці (1054) кіеўскі прастол заняў старэйшы сын Ізяслаў, тытулаваны на вялікага князя, чарнігаўскі – Святаслаў, пераслаўскі – Усевалад. Напачатку і з імі Усяслаў жыў у згодзе, нават прымаў удзел у сумесных паходах паўднёвых князёў супраць полаўцаў, якія ўвесь час пагражалі Кіеву. Так доўжылася да 60-х гадоў ХІ ст. З гэтага часу зноў разгараецца барацьба Полацка з Кіевам, якая не сціхае да самай смерці Усяслава.

У 1065 г. Усяслаў аблажыў Пскоў, а ў наступным годзе ўзяў Ноўгарад, забраўшы як вайсковы здабытак царкоўную маёмасць з Сафійскага сабора. У адказ тры браты – Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад – аб’ядналіся і выступілі супраць Усяслава. Першым горадам, які апынуўся на іх шляху, быў Мінск. Горад быў абложаны і ўзяты. Кіеўскія князі павялі свае войскі далей па р.Нямізе і тут сустрэліся з войскамі Усяслава. Маленькая рэчка 3 сакавіка 1067 г. “бачыла” на сваіх берагах страшную бітву. Аўтар “Слова пра паход Ігаравы” пісаў: “На Немизе снопы стелют головами, молотят цепами булатными, на току жизнь кладут, веют душу от тела. Немиги кровавые бреги не житом были посеяны, а костьми сынов русских”. Рэчкі Нямігі цяпер няма. Па яе рэчышчы праходзіць вуліца Няміга ў Мінску.

Летам 1067 г. Яраславічы, якія сталі лагерам пад Оршай, запрасілі да сябе ў шацёр для перагавораў Усяслава з двума сынамі, гарантуючы яму бяспеку, але, парушыўшы абяцанне, паланілі яго, адвезлі ў Кіеў і пасадзілі ў вязніцу. У 1068 г. кіяўляне паўсталі супраць свайго князя Ізяслава, вызвалілі Усяслава і абвясцілі яго вялікім князем Кіеўскай Русі.

Далей падзеі разгортваліся наступным чынам. Пазбаўлены кіеўскага прастола, Ізяслаў звярнуўся за дапамогай да польскага караля Баляслава; апошні з войскамі з’явіўся пад Кіевам. Насустрач яму выступіў Усяслаў з кіеўскім апалчэннем. Сярод кіяўлян была, відаць, нейкая нязгода. Не жадаючы ўблытвацца ў няпэўную справу, князь-чарадзей кінуў войска і сярод ночы ўцёк на радзіму – у Полацк.

Феадальныя ўсобіцы працягваліся. З канца 70-х гадоў ХІ ст. у барацьбу з полацкімі князямі ўключыўся Уладзімір Манамах. У яе выніку моцна пацярпелі полацкія гарады: у 1078 г. – Лагойск, Лукомль, Друцк, а каля 1084 г. – Мінск. Пасля смерці Усяслава Полацкая зямля была падзелена паміж яго сынамі (іх было 6), якія потым сталі надзяляць валасцямі сваіх дзяцей. З’явіўся шэраг асобных княстваў: Полацкае, Мінскае, Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагойскае, Стрэжаўскае, Гарадзецкае. Прастол у Полацку лічыўся галоўным. Гэты горад працягваў заставацца найважнейшым палітычным цэнтрам.

Якім быў палітычны лад Полацкага княства?

Заканадаўчая ўлада ў Полацкім княстве належала вечу, ці народнаму сходу. Веча запрашала князя на княжанне, выдавала законы, выбірала ўраднікаў (урадцаў, службоўцаў), ухваляла аб’яўленне вайны ці міру. Улада веча распаўсюджвалася не толькі на горад, але і на ўсю воласць, раскіданыя па ўсяму княству весі. У Полацкім княстве веча праіснавала да самага канца XV ст. (1488 г.), калі гораду было дадзена магдэбургскае права.

Выканаўчая ўлада ў Полацкім княстве належала князю. Часта князь з’яўляўся адным з родапачынальнікаў племені. Энергія і здольнасць, асабліва ў вайсковых справах, вылучалі яго з агульнай масы старшынь. У некаторых месцах, дзе жыццё было адносна спакойным, уладаром станавіўся князь як першы на падставе радавога старшынства па ўзросце. У Полацкім княстве князі займаліся вайсковай справай, хадзілі ў паходы са сваёй дружынай у іншыя землі. Акрамя таго, князь быў заняты адміністрацыйнай справай, вяршыў суд, ахоўваў гандлёвыя шляхі і караваны ў сваім княстве.

Высокае грамадскае становішча ў Полацку займаў епіскап. Ад імя князя і епіскапа пісаліся дагаворы, якія заключала полацкае веча, і да дакументаў прывешваліся іх пячаткі.

Другім буйным раннефеадальным княствам-дзяржавай на тэрыторыі Беларусі было Тураўскае княства, якое ўтварылася ў ІХ–Х стст. Яго тэрыторыя ў асноўным адпавядала месцам рассялення дрыгавічоў на поўдні Беларусі ў басейне Прыпяці. Палітычны цэнтр княства – Тураў, амаль сучаснік Полацка. Буйным горадам быў Пінск. Назву Турава летапісец звязваў з імем мясцовага князя Тура. Узнікненню і развіццю Турава і Пінска садзейнічала іх выгаднае размяшчэнне на водным Прыпецка-Бугскім гандлёвым шляху з Кіева і іншых рускіх зямель у заходнюю Еўропу.

У 988 г. вялікі кіеўскі князь Уладзімір Святаслававіч аддаў Тураў свайму сыну Святаполку. Паводле задумы бацькі, ён павінен быў праводзіць у Тураве паўднёвавізантыйскі ўплыў. Але Святаполк, як сведчаць летапісы, не апраўдаў спадзяванняў бацькі. Ажаніўшыся з дачкой польскага караля Баляслава, каталічцы па веравызнанню, ён сам стаў падпадаць пад заходні ўплыў. Разам з ёй у Тураў прыехаў заходні епіскап Рэйнберг, які, зблізіўшыся са Святаполкам, стаў падбухторваць яго выступіць супраць Уладзіміра. Абапіраючыся на тураўцаў, якія добра памяталі пра незалежнасць Тураўскай зямлі ад Кіева, а таксама спадзеючыся на вайсковую дапамогу свайго цесця, караля польскага Баляслава, Святаполк задумаў аддзяліцца ад Кіеўшчыны. Уладзімір, даведаўшыся пра варожыя намеры свайго старэйшага сына, неспадзявана напаў на Святаполка, схапіў яго, яго жонку і епіскапа Рэйнберга і ўсіх кінуў у вязніцу. Пасля таго як у 1015 г. памёр Уладзімір, Святаполк як старэйшы ў родзе атрымаў права заняць кіеўскі велікакняжацкі пасад. Успыхнула барацьба за кіеўскі прастол паміж Святаполкам і Яраславам. Перамог Яраслаў, а Святаполк збег у Польшчу, дзе і памёр.

Тураўскае княства было ўключана Яраславам Мудрым у склад Кіеўскага княства ў якасці воласці, на якую распаўсюджвалася ўлада непасрэдна кіеўскага князя. Воласць не мела свайго самастойнага статуса і замацаванай за ёй княжацкай лініі. Тураў мог разглядацца як буфер паміж Полацкам і Кіевам, калі мець на ўвазе агрэсіўную палітыку ў адносінах да суседзей з боку полацкіх князёў і небяспеку літоўскіх і яцвяжскіх набегаў. Пагэтаму кіеўскія князі імкнуліся трымаць Тураў пры сабе, накіроўваючы туды князямі сваіх сыноў і блізкіх сваякоў.

У 50-я гады ХІІ ст. Тураў выйшаў з падпарадкавання Кіеву, і ў ім усталявалася самастойная княжацкая дынастыя. У канцы ХІІ – пачатку ХІІІ ст. на тэрыторыі Тураўскага княства ўтварыўся шэраг дробных феадальных, “шматковых” княстваў – Тураўскае, Пінскае, Слуцкае, Клецкае, Дубровіцкае.

Такім чынам, Полацкае і Тураўскае княствы мелі ўсе атрыбуты дзяржаўнай улады – улады заканадаўчай (веча), выканаўчай (князі і дружыны) і судовай (князі і цівуны). Іх можна лічыць першымі раннефеадальнымі дзяржавамі-манархіямі на тэрыторыі Беларусь.

§ 3. Беларускія землі ў перыяд феадальнай раздробленасці

На пачатку ХІІ ст. Старажытнаруская дзяржава распалася на асобныя княствы. Землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, Пінскага, Новагародскага і часткова Смаленскага, Чарнігаўскага, Кіеўскага і Уладзіміра-Валынскага княстваў.

Чаму распалася Старажытнаруская дзяржава? Таму ёсць некалькі прычын. Першая з іх звязана з далейшым развіццём сельскай гаспадаркі, рамяства і гандлю. Гэта рабіла ў новых умовах непатрэбнай адзіную дзяржаву, якая недастаткова ўлічвала асаблівасці княстваў і не стымулявала іх сацыяльна-эканамічнае развіццё. Лічылася, што княствы маглі самастойна і лепш вырашаць складаныя гаспадарч


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: