Глава 21

СПАЛУЧЭННЕ ЗНАКАЎ ПРЫПЫНКУ

§ 64. Правілы пастаноўкі спалучэнняў знакаў прыпынку

1. Калі пытальнік, клічнік, кропка, шматкроп'е або коска ўжываюцца ў спалучэнні з працяжнікам, то працяжнік пішацца пасля пералічаных знакаў прыпынку.

Напрыклад:

«Хлопец твой ужо добра падрос?» – спытаў той прыглушана (Я. Брыль).

«Малайцы! – стрымана пахваліў Ладынін, акінуўшы вокам зжатую плошчу. – Добры пачатак» (І. Шамякін).

«Нічога. Нічога, усё пройдзе...» – паспрабавала ўсміхнуцца яна (І. Мележ).

Красуй, наш Мінск, – любімая сталіца! (М. Хведаровіч).

Дзе яшчэ нядзельку таму назад калыхаліся высокія зялёныя травы, блішчалі кветкі, над каторымі з такімі вясёлымі песнямі лёталі работніцы-пчолкі, збіраючы мядок, – там цяпер пуста (Я. Колас).

2. Калі пасля працяжніка стаяць словы, якія выдзяляюцца па адпаведных правілах коскамі (напрыклад, пабочнае слова), то коска перад ім апускаецца.

Напрыклад:

Аслу раз выдалі мандат – няйначай, памылкова (К. Крапіва).

3. Коска і працяжнік ставяцца ў наступных выпадках:

перад словам, якое паўтараецца для таго, каб звязаць з яго дапамогай даданую частку складаназалежнага, састаўную частку складаназлучанага ці частку простага сказа разгорнутай канструкцыі;

Напрыклад:

Тыя сцежкі, што ў заўтра вядуць, – тыя сцежкі аднолькавы, мусіць? (П. Трус).

У цішыні, якой не можа парушыць ні далёкая песня адтуль, дзе палі і дарогі, ні грукатанне экскаватара, што ўжо даносіцца па вадзе з таго боку, дзе Нёман, пры зорках, што неяк цьмяна прасвечваюць з высокай вышыні, і пры месяцы, які барвовым акрайцам устаў над лугам, – у такой цішыні і спакойнай паўцемры выйшлі на працу нядаўнія госці гэтых мясцін – бабры (Я. Брыль).

Сапраўды, хто яна, гэтая пеставатая прыгажунька, зіхатлівы асколак чужога, далёкага свету, недарэчным лёсам вайны закінутая ў фашысцкі канцлагер, – хто яна, каб выкладаць ёй яго балючае, што ў свой час адабрала столькі душэўнае сілы ў самога? (В. Быкаў).

у шматкампанентных складаназалежных сказах, звычайна з некалькімі даданымі часткамі перад галоўнай, якія распадаюцца на дзве агульныя сэнсавыя часткі, каб абазначыць месца гэтага падзелу;

Напрыклад:

Пакуль ён ішоў у ваду, занадта, як здавалася Толю, плёхаючы нагамі, пакуль ён пырхаў і пакрэктваў ад задавальнення, – нехта трэці, здалёк яшчэ, з-за ракі ўбачыўшы хлопцаў, падышоў да кладачкі, па якой нядаўна перабіраўся певень з чубаткамі, узышоў на востраў і пачаў падкрадацца да берага (Я. Брыль).

Колькі было людзей на сходзе, што яны абмяркоўвалі, якое там прынялі рашэнне, – нам пра гэта не казалі.

у складаных сказах з рознымі відамі сувязі, а таксама ў сказах з характэрнымі рысамі перыяду (з выразным падзелам на дзве часткі, з анафарычнай будовай першай састаўной часткі).

Напрыклад:

Калі ж асеннія навіны змянялі сад, калі з бяроз рваў лісце вецер, а мароз, наліўшы ягады рабіны, траву губіў, і мы нагой узрывалі прэлых лісцяў слой; калі патроху чырванелі чаромха, ліпа, стройны клён, а гнёзды змрочныя варон між голага галля чарнелі, і грозны вечара пажар пылаў між бура-шызых хмар; калі асенні вецер дзіка стагнаў і глуха па начах грымеў у наш жалезны дах, – тады да лета Вераніка ад нас знікала ў інстытут і не будзіла згадак тут (М. Багдановіч).

Ці коска зазвоніць у час касавіцы, ці песню дзяўчо запяе, ці неба заззяе ў агнях бліскавіцы, ці вецер у палях зазлуе, ці гром гучнабежны пракоціцца ў хмарах, ці грукне над полем пярун, – усё водгук знаходзіць у вольных абшарах, усё іх дакранаецца струн (Я. Колас).

Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор, ці запеў салавей, ці загагала гусь, – я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор, сваю матку-зямлю – Беларусь (Я. Купала).

4. У канцы пытальных сказаў, у якіх пытанне суправаджаецца эмацыянальна-экспрэсіўным адценнем, спачатку ставіцца пытальнік, а потым – клічнік.

Напрыклад:

Ці ж гэта многа?! (Я. Купала).

Хіба ж так трэба?! (І. Мележ).

Зямля Радзімы! У сэрцы боль салодкі хто не адчуў, сустрэўшыся з табой? (А. Звонак).

5.Калі ў сказе эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка суправаджаецца адценнем пытання, то ставяцца клічнік і пытальнік.

Напрыклад:

Бачыў ты?! Слова нельга сказаць!? (К. Чорны).

6. Кропка, коска, кропка з коскай, двукроп'е і працяжнік ставяцца пасля двукосся.

Напрыклад:

На ўсіх загадах у правым куточку зверху значылася: «Абсалютна сакрэтна» (П. Пестрак).

Праз тыдзень быў гатовы «твор» – тры тысячы радкоў, як лёду... (Э. Валасевіч).

Таямнічыя радыёхвалі панясуць нам весткі з усіх канцоў свету: водгаласы вайны ў Кітаі, гудзенне калгаснага трактара, зловяць

з-пад хмараў «Лявоніху», «Тройку»... (Я. Брыль).

7. Перад закрывальным двукоссем захоўваецца кропка, якая паказвае ўмоўнае графічнае скарачэнне.

Напрыклад:

У інструкцыі было напісана: «Прымяняецца для склейвання рэчаў з паперы, кардону і г.д.».

8. Калі перад закрывальным двукоссем стаіць пытальнік або клічнік, то коска ставіцца паводле кантэксту.

Напрыклад:

«Што прынясе вясна?», «Што вясна пакажа?», «Што будзе вясною?» – у прадчуванні важных падзей пыталіся людзі і ўпотайку рыхтаваліся да іх (Я. Колас).

Пятра абганялі фурманкі з больш лёгкімі паклажамі, і ён, свецячыся сваім ясным тварам і песеннымі брывамі, толькі паспяваў гаварыць: «Добры дзень, дзядзечка! », «Добры дзень, цётачка!», хоць трошкі скіроўваючы ўбок свайго гнедку, каб даць абмінуць (Я. Скрыган).

9. Пытальнік, клічнік і шматкроп'е ставяцца перад закрывальным двукоссем, калі яны адносяцца толькі да слоў, узятых у двукоссе; пасля ж закрывальнага двукосся гэтыя знакі пішуцца тады, калі адносяцца да ўсяго сказа, які заканчваецца словамі, узятымі ў двукоссе.

Напрыклад:

Хлапчук спыніўся на ўсходках і з падазронасцю паглядзеў на жанчыну. «Яна яго ведае ці гэта проста цікаўнасць, можа нават і пустая?» (К. Чорны).

На ўсім дварэ тады загаварылі: «Бач ты, гэта ж у нашае дворнічыхі сын камандзір!» (К. Чорны).

Я паслаў ёй кароткі і сціплы адказ: «Прыязджай, будзеш госцяй жаданай у нас на вялікай будоўлі...» (А. Куляшоў).

Чаму камбайн працуе не ў «Волі»? (І. Шамякін).

А ведаеш ты нашага Івана «Тарпака»? (Я. Колас).

10. Калі перад закрывальным двукоссем стаіць пытальнік, клічнік або шматкроп'е, то яны (тыя ж самыя знакі) паўторна не пішуцца пасля двукосся; неаднолькавыя ж знакі (калі яны патрабуюцца ў залежнасці ад характару адпаведных частак тэксту) ужываюцца перад двукоссем і пасля яго.

Напрыклад:

Ці вучылі вы ў школе на памяць верш Я. Купалы «А хто там ідзе?»

Вы чуеце, як мне пяюць натхнёныя паэты? Як шэпчуць закаханыя: «люблю!..»? (Э. Валасевіч).

Якая галоўная думка выказана ў вершы Я. Коласа «Асадзі назад!»?

Вучаніца выразна прачытала верш П. Броўкі «Пахне чабор».

11. Калі ў пачатку або ў канцы цытаты (тое ж адносіцца і да простай мовы) сустракаюцца ўнутранае і знешняе двукоссі, то яны павінны адрознівацца паміж сабой малюнкам (так званыя «елачкі» і «лапкі»), прычым знешняе двукоссе не павінна апускацца.

Напрыклад:

Янка Шарахоўскі аб Ф.Багушэвічу піша: «З асаблівай паўнатой станоўчая грамадска-палітычная праграма паэта і ідэал працоўнага чалавека дадзены ў вершы “Ахвяра ”».

12. Унутранае і знешняе двукоссі могуць не адрознівацца малюнкам, калі яны раздзелены клічнікам, пытальнікам ці шматкроп'ем.

Напрыклад:

«Дык вы, значыць, не любіце «Вайну і мір», «Анну Карэніну»?!» – здзіўлена ўсклікнула дзяўчына (М. Лупсякоў).

13. У межах аднаго сказа перад адкрывальнай або закрывальнай дужкай не ставіцца коска, кропка з коскай, двукроп'е і працяжнік; усе гэтыя знакі ставяцца толькі пасля закрывальнай дужкі, у залежнасці ад таго, які з гэтых знакаў павінен быць перад першай дужкай – на месцы разрыву асноўнага сказа ўстаўной канструкцыяй.

Напрыклад:

Мы, прабачце (проста сорамна гаварыць), не змаглі перабрацца за раку (С. Баранавых).

Пад брамай рог звініць прызывам (бягуць да брамы ключары), і скача рэха пералівам у лясным заснуўшым гушчары (М. Машара).

У травах лежачы (за край знікала сонца), пра будучнасць мы марылі з табой (А. Куляшоў).

Палілася печ (нанач браўся мароз); у печы скварылася свежына (К. Чорны).

Машы ўспомніўся запіс у Алесіным дзённіку (учора ён выпадкова трапіў ёй у рукі): «У чым паэзія нашага жыцця?» (І. Шамякін).

Але «малы Лондан» (без прыгарадаў) – таксама не маленькі, калі прыняць пад увагу, што ён налічвае не менш шасці мільёнаў жыхароў (К. Крапіва).

14. Кропка, пытальнік, клічнік і шматкроп'е ставяцца перад закрывальнай дужкай, калі яны адносяцца толькі да слоў, заключаных у дужкі, а пасля закрывальнай дужкі яны ставяцца тады, калі адносяцца да ўсяго сказа, які заканчваецца словамі, узятымі ў дужкі.

Напрыклад:

Калі ён увайшоў у пакой, той, што сядзеў за сталом, – з чорнай кучаравай галавою, у гімнасцёрцы вайсковага крою, – не адрываючыся ад паперы, падаў яму левую руку. (У правай ён трымаў завостраны з абодвух канцоў чырвона-сіні аловак.)(К. Крапіва).

Дзьмуць вятры, і нічым не сагрэешся. (Мы на палубе, разам з чайкамі.) А ў каютах, напэўна, старэйшыя: можа там якія начальнікі? (Х. Чэрня).

Няхай жыве наша родная Беларусь! (Усе ўстаюць. Апладысменты.)

– Ды ў цэнтры (чуў мо?) выдалі дэкрэт – на мяса здаць усіх быкоў, якім мінула дзесяць год (К. Крапіва).

А як вы нас сустрэнеце (ці пабліжэе даль?), рака імя Лаўрэнція, зялёны Манрэаль (П. Панчанка).

Нядаўна (каторы раз!) я прачытаў «Новую зямлю» (І. Шамякін).

Але:

Іншы раз рэкі двух розных басейнаў бяруць пачатак з аднаго і таго ж балота (напрыклад, рэкі Лучэса і Аршыца паміж Віцебскам і Оршай) (І. Дзяменцьеў).

Відаць, своеасаблівай цікаўнасцю часопіса да славянства тлумачыцца тое, што ён змяшчаў творы групы ўкраінскіх пісьменнікаў (Кастамараў, Аснаўяненка, Гулак-Арцямоўскі і інш.)(С. Майхровіч).

15. Калі ў канцы сказа сустракаюцца разам унутраныя і знешнія дужкі, то – у выпадку неабходнасці – дапускаецца ўжыванне дужак рознага малюнка (круглых і квадратных).

Напрыклад:

Каму хапіла сіл адолець кручы, той духам гордым стаў раднёй арлам [А. Звонак. « Кругазварот » (шэсць санетаў)].

16. Пры спалучэнні шматкроп'я з пытальнікам або клічнікам за гэтымі знакамі ставяцца яшчэ дзве кропкі.

Напрыклад:

Ганна, што з табою робіцца?.. Чаму ты такою стала?.. (К.Чорны).

Да пабачэння, родныя палеткі!.. Маленства сцежкі мілыя, бывайце!.. Бывайце, першыя трывогі сэрца!.. Расстацца з домам надышла пара (Н. Гілевіч).

Параўн.: А што ж ты цяпер рабіць будзеш?!. (Я. Брыль).

17. Пры спалучэнні шматкроп'я з коскай апошняя звычайна паглынаецца шматкроп'ем (шматкроп'е ўказвае не толькі на пропуск слоў, але і на пропуск знака прыпынку).

Напрыклад:

Валюня... слаўная мая... скажы ты мне што-небудзь, га?.. Скажы... (Я. Брыль).

І там… на дне… цвілі лілеі ў багне вечнасці … (М. Багдановіч).

Згубілі вербы каляровасць, а там снягі… снягі… снягі… (П. Трус).

18. Перад шматкроп'ем можа ставіцца двукроп'е, коска, калі ёсць неабходнасць паказаць пералік сказаў-цытат, якія прыводзяцца не поўнасцю.

Напрыклад:

У тэлеграмах паведамлялася:... ваенны пераварот у Грэцыі, рабочыя ў Францыі адмовіліся разгружаць судны з ваеннымі грузамі... (З газет).


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: