Кантрольныя пытанні і заданні

  1. Дайце характарыстыку гаспадарчага развіцця Беларусі ў другой палове ХІХ ст. у галіне прамысловасці і сельскай гаспадаркі.
  2. Прааналізуйце паўстанні 1830-1831 г. і 1863-1864 г. на землях Беларусі і складзіце аналітычную табліцу.

 

Паўстанне 1830-1831 г.   Паўстанне 1863-1864 г.
  Характар  
  Мэты  
  Асноўныя ўдзельнікі  
  Органы кіравання паўстаннем у Беларусі  
  Ахопленая тэрыторыя  
  Вынікі  

 

 

ПРЫКЛАДНАЯ ТЭМАТЫКА РЭФЕРАТАЎ

1. Асаблівасці адмены прыгоннага права ў Беларусі.

2. Роля чыгунак у развіцці эканомікі Беларусі ў другой палове ХІХ ст.

3. Фабрычная прамысловасць у Беларусі ў другой палове ХІХ ст.

 

ЛІТАРАТУРА

  1. Абезгауз З.Е. Развитие промышленности и формирование пролетариата Белоруссии во второй половине ХІХ в. − Минск, 1971.
  2. Белоруссия в эпоху капитализма: В 2 т. Т. 1. – Минск, 1983.
  3. Біч М.В. Нацыянальнае і аграрнае пытанні ў час паўстання 1863−1864 гг. //Беларускі гістарычны часопіс. − 1993. − № 3. − С. 36 − 45.
  4. Болбас М. Ф. Промышленность Белоруссии. 1860–1900. – Минск, 1978.
  5. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 4. Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец ХVІІІ – пачатак ХХ ст.). – Мінск, 2005. – С. 158 – 300.
  6. Крук У.П. Сялянскі рух на Беларусі 1864–1900 гг. – Мінск, 1993.
  7. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. − Мінск, 1997.
  8. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. − Мінск, 1994.
  9. Самбук С.М. Политика царизма в Белоруссии во второй половине ХІХ в. – Минск, 1980.
  10. Чарэвін П. Паўночна-Заходні край // Спадчына. − 1998. − № 2. − С. 52 − 83.
  11. Шыбека З. Гарады Беларусі (60-я гады ХІХ ст. – пачатак ХХ ст.). – Мінск, 1997.
  12. Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795 – 2002). – Мінск, 2003.

 

Тэма 8. Беларусь у час войнаў і рэвалюцый пачатку ХХ ст.

6. Палітычная сітуацыя ў Беларусі ў канцы ХІХ − пачатку ХХ ст. Рэвалюцыя 1905 −1907 г.

7. Сельская гаспадарка і прамысловасць Беларусі ў пачатку ХХ ст. Сталыпінская аграрная рэформа.

8. Беларускі нацыянальна-вызваленчы і культурны рух у пачатку ХХ ст.

9. Беларусь у гады Першай сусветнай вайны.

10. Грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі ў 1917 − 1921 г. Утварэнне беларускай дзяржаўнасці.

1. Палітычная сітуацыя ў Беларусі ў канцы ХІХ − пачатку ХХ ст. Рэвалюцыя 1905 −1907 г. Грамадска-палітычная і эканамічная сітуацыя ў Беларусі, як і ва ўсёй Расійскай імперыі, у пачатку ХХ ст. была вельмі нестабільнай. У адзначаны перыяд у Расійскай імперыі склалася рэвалюцыйная сітуацыя, якая вылілася ў рэвалюцыю 1905−1907 г. Сярод асноўных прычын рэвалюцыі можна вылучыць наступныя:

1) эканамiчны крызiс пачатку ХХ ст., які прывёў да беспрацоўя, рэзкага пагаршэння матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва і, як следства, да росту рэвалюцыйных настрояў сярод як гараджан, так і сялянства. Паглыбленне эканамічнага крызісу адбылося з прычыны паражэння Расіі ў руска-японскай вайне 1904–1905 г.;

2) нявырашанасць аграрнага пытання. Нягледзячы на праведзеную рэформу па адмене прыгоннага права, у Расійскай імперыі па-ранейшаму заставаліся феадальныя перажыткі: буйное дваранскае землеўладанне, сялянская абшчына, малазямелле сялян і інш. Сяляне не былі ўласнікамі выдзеленай ім у 1861 г. зямлі, паколькі працягвалі плаціць выкупныя плацяжы;

3) наяўнасць самадзяржаўя і адсутнасць дэмакратычных правоў і свабод;

4) невырашанасць нацыянальнага пытання. Расія з’яўлялася шматнацыянальнай краінай, аднак усе нацыі, акрамя рускай, не мелі ў Расійскай імперыі адпаведных умоваў, неабходных для забеспячэння нацыянальных інтарэсаў і развіцця нацыянальнай культуры;

5) нестабільнасць палітычнай сітуацыі выяўлялася ў стварэнні вялікай колькасці палітычных партый, якія ставілі розныя патрабаванні. На тэрыторыі Беларусі дзейнічала шмат сацыял-дэмакратычных арганізацый, асноўнымі з якіх былі:

· Бунд («Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі») ― самая ўплывовая рэвалюцыйная арганізацыя ў Беларусі ў канцы ХІХ − пачатку ХХ ст. Утвораны ў Вільні ў 1897 г. з мэтай арганізацыі барацьбы яўрэйскіх рабочых за паляпшэнне іх эканамічнага становішча;

· РСДРП (Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя) ―утворана ў 1898 г. у Мінску на І з’ездзе прадстаўнікоў шэрагу сацыял-дэмакратычных арганізацый. Стаяла на пазіцыях марксісцкага вучэння аб класавай барацьбе як рухаючай сіле гісторыі і рабіла стаўку на пралетарыят. У 1903 г. на ІІ з’ездзе ў РСДРП вызначыліся дзве фракцыі: бальшавікі, якія выступалі за рэвалюцыйны шлях пабудовы сацыялізму, і меншавікі, мэтай якіх было паступовае рэфармаванне грамадства;

· Эсэры (ПСР − Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў) ― гэтая партыя аформілася ў 1902 г., аб’яднаўшы народніцкія арганізацыі і групы, якія ў сваёй дзейнасці арыентаваліся на сялянства. Праграма ПСР прадугледжвала сацыялізацыю зямлі − перадачу ўсёй зямлі ва ўласнасць народа і ўраўнальнае надзяленне зямлёй без права куплі-продажу;

· ППС на Літве (Польская сацыялістычная партыя на Літве) ― утварылася ў 1902 г. у выніку адасаблення ад Польскай сацыялістычнай партыі груп, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Як і іншыя сацыял-дэмакратычныя арганізацыі, выступала за звяржэнне самадзяржаўя, усталяванне ўлады народа і пабудову сацыялізму шляхам народнай рэвалюцыі;

· БСГ (Беларуская сацыялістычная грамада) ― першая беларуская нацыянальная палітычная партыя. Утворана зімою 1902−1903 г. на аснове маладзёжных культурна-асветніцкіх гурткоў беларускай вучнёўскай і студэнцкай моладзі Пецярбурга, Мінска і Вільні як Беларуская рэвалюцыйная грамада (пазней была перайменавана). Стваральнікамі і кіраўнікамі БСГ былі прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі: Вацлаў Іваноўскі, браты Іван і Антон Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Алесь Бурбіс, Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец) і інш. У сваёй праграме мела бліжэйшую мэту (звяржэнне самадзяржаўя і ўтварэнне на тэрыторыі Беларусі незалежнай дэмакратычнай рэспублікі) і канчатковую (знішчэнне капіталізму і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытворчасці і камунікацый).

Пачатак рэвалюцыi i падзеi ў Беларусi. Рэвалюцыя пачалася 9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу з расстрэлу мiрнай дэманстрацыi рабочых («крывавая нядзеля»). У беларускiх гарадах у студзенi 1905 г. адбыліся акцыі салiдарнасцi з рабочымi Пецярбурга ― забастоўкі ахапілі 31 горад Беларусі (Мiнск, Гомель, Смаргонь, Гродна, Пiнск i iнш.). Пад уздзеяннем рабочага руху актывізаваліся таксама сялянскія і салдацкія выступленні.

Удзельнiкi рэвалюцыi былі аб’яднаны ў 3 лагеры:

1) урадавы (кансерватыўны, манархічны). Яго сацыяльнай базай былі дваранства, чыноўніцтва, буйная буржуазія. Выступаў за захаванне існуючага грамадска-палітычнага ладу і абапіраўся на армiю i палiцыю. Сярод праўрадавых палітычных партый былі «Саюз рускага народа» (чарнасоценцы) і «Русский окраинный союз»;

2) буржуазна-лiберальны лагер быў прадстаўлены большай часткай буржуазiі, перадавымі памешчыкамi, часткай iнтэлiгенцыi. Іх мэтай было ўсталяванне канстытуцыйнай манархіі і стварэнне парламента шляхам палітычных рэформ;

3) дэмакратычны (рэвалюцыйны) лагер аб’яднаў сялян, пралетарыят і дэмакратычную інтэлігенцыю. Выступалі за звяржэнне самадзяржаўя і ўсталяванне дэмакратычнай рэспублікі шляхам склікання Устаноўчага сходу, а таксама за ліквідацыю памешчыцкага землеўладання. У яго ўваходзiлi пералічаныя вышэй сацыял-дэмакратычныя партыі.

Значнага ўздыму рэвалюцыйныя падзеі дасягнулі восенню 1905 г. У кастрычніку 1905 г. працоўныя Беларусi прынялі ўдзел ва Усерасiйскай палiтычнай стачцы. 18 кастрычніка ў гарадах Беларусі быў абвешчаны Маніфест Мікалая ІІ ад 17 кастрычніка 1905 г., паводле якога ў Расіі абвяшчаліся дэмакратычныя правы і свабоды (свабода слова, друку, сходаў, веравызнання, недатыкальнасць асобы), а таксама стваралася надзеленая заканадаўчымі паўнамоцтвамі Дзяржаўная дума, пры наяўнасці якой расійскае самадзяржаўе ператваралася ў парламенцкую манархію.

Манiфест ад 17 кастрычнiка задаволіў прадстаўнікоў буржуазна-ліберальнага лагера. Яны адышлі ад рэвалюцыi, утварылі дзве палітычныя партыі ― Канстытуцыйна-дэмакратычную партыю (кадэты) і «Саюз 17 кастрычніка» (акцябрысты) ― і далучыліся да ўрадавай кааліцыі.

Прадстаўнікі рэвалюцыйных партый заклікалі не верыць Маніфесту і працягваць барацьбу за звяржэнне царызму і скліканне Устаноўчага сходу. 18 кастрычніка 1905 г. у Мінску па загаду губернатара П.Курлова быў расстраляны мітынг рабочых па абмеркаванню Маніфеста (Курлоўскі расстрэл). Сутычкі з паліцыяй адбываліся і ў іншых гарадах Беларусі. У кастрычніку 1905 г. рэвалюцыйны рух пашырыўся на 53 гарады і мястэчкі Беларусі.

Каб спыніць рост рэвалюцыйнага руху, царскі ўрад выкарыстоўваў як прымус (армію і паліцыю), так і эканамічныя (сталыпінская аграрная рэформа 1906 г.), і палітычныя агітацыі (выбары ў Дзяржаўную думу).

І Дзяржаўная дума (27.04−08.07.1906 г.). Сацыял-дэмакратычныя арганізацыі байкатавалі выбары, і большасць месцаў у Думе атрымалі кадэты. У ёй былі прадстаўлены і дэпутаты з 5 беларускіх губерняў. Найбольш актыўнай пазіцыі ў І Дзяржаўнай думе прытрымліваліся беларускія памешчыкі-католікі Р.Скірмунт, І.Друцкі-Любецкі і інш., якія патрабавалі прадастаўлення Беларусі і Літве шырокага абласнога самакіравання з правам вырашэння аграрнага пытання. Менавіта аграрнае пытанне стала асноўным у Думе. Пэўная радыкальнасць І Дзяржаўнай думы прывяла да яе роспуску царскім указам ад 9 ліпеня 1906 г.

ІІ Дзяржаўная дума (20.02.−02.06.1907 г.) дзейнічала ў 1907 г. ва ўмовах спаду рэвалюцыі, таму ўсе партыі прынялі актыўны ўдзел у выбарах. У Беларусі ў гэты перыяд выразна вызначылася барацьба дзвюх асноўных палітычных сіл: з аднаго боку, Рускага акраіннага саюза (саюза акцябрыстаў і чарнасоценцаў), які разгарнуў антыпольскую і антыяўрэйскую агітацыю, з другога ― так званых аўтанамістаў − польска-беларускіх памешчыкаў і ксяндзоў, якія праз касцёл і друк даказвалі беларускім сялянам-католікам, што яны ― палякі і павінны выбіраць у Думу тых, хто абараняе каталіцкую веру. Галоўным пытаннем у Думе па-ранейшаму заставалася аграрнае.

Вынiкi рэвалюцыi. Па свайму характару рэвалюцыя была буржуазна-дэмакратычная ― за ўсталяванне рэспублiкi i дэмакратычных свабод, але скончылася паражэннем. Стомленасць і расчараванне народных мас працяглай барацьбой і яе вынікамі прывялі да спаду рэвалюцыйнага руху, што падштурхнула царскі ўрад да рашучых дзеянняў. 3 чэрвеня 1907 г. Мiкалай II распусціў II Дзяржаўную думу i ўвёў новы выбарчы закон, па якому Дзяржаўная дума пазбаўлялася заканадаўчых паўнамоцтваў. Фактычна ў выніку так званага «трэцячэрвеньскага дзяржаўнага перавароту» ў Расіі адбылася рэстаўрацыя самадзяржаўя.

2. Сельская гаспадарка і прамысловасць Беларусі ў пачатку ХХ ст. Сталыпінская аграрная рэформа. Як ужо адзначалася, асноўным пытаннем рэвалюцыі 1905−1907 г. было аграрнае. Удзел шырокіх сялянскіх мас у рэвалюцыйных падзеях падштурхнуў царскі ўрад да свядомай ліквідацыі накаторых феадальных перажыткаў шляхам рэформ. Ініцыятарам і кіраўніком аграрнай рэформы быў старшыня Савета Міністраў і міністр унутраных спраў Расіі П.А. Сталыпін.

Мэты рэформы:

· адцягнуць сялян ад удзелу ў рэвалюцыі;

· павялічыць сярэдні слой сялянства і ўмацаваць слой сялянскай буржуазіі, якія створаць апору царскаму самадзяржаўю на вёсцы;

· даць магчымасць малазямельным і беззямельным сялянам выйсці на працу ў горад і павялічыць колькасць прамысловых рабочых;

· запэўніць паскоранае развіццё капіталізму ў вёсцы пры захаванні памешчыцкіх латыфундый.

Сталыпінская аграрная рэформа пачалася ў адпаведнасці з царскім указам ад 9 лістапада 1906 г. Асноўнымі мерапрыемствамі рэформы былі наступныя:

1) ліквідацыя сялянскай абшчыны. На тэрыторыі Беларусі гэта было асабліва актуальна для Магілёўскай і Віцебскай губерняў, дзе пераважала абшчыннае сялянскае землекарыстанне;

2) адмена выкупных плацяжоў. З 1 студзеня 1907 г. сяляне станавіліся поўнымі ўласнікамі сваіх надзелаў;

3) ліквідацыя цераспалосіцы і хутарызацыя. Узамен палосак зямлі («шнуроў»), якія сяляне атрымалі ў розных месцах паводле рэформы 1861 г., кожны селянін меў права патрабаваць выдзялення яму замест гэтых участкаў адзінага надзела ў адным месцы. Такі надзел атрымаў назву «водруб». Пры перасяленні сялянскай сям’і з вёскі на водруб гэты надзел называўся хутар;

4) прапаганда хутарызацыі. Каб паказаць сялянству перавагу хутарскога спосабу вядзення гаспадаркі, дзяржава стварала паказальныя хутары, якія забяспечваліся сартавым насеннем, пародзістай жывёлай, мінеральнымі ўгнаеннямі, удасканаленым інвентаром і інш.;

5) арганізацыя масавых перасяленняў у Сібір, Сярэднюю Азію і на Далёкі Усход. Гэтае мерапрыемства праводзілася ўрадам з мэтай змяншэння вастрыні зямельнага пытання ў еўрапейскай частцы Расіі. Каб заахвоціць сялян да пераезду, дзяржава выдзяляла сродкі на пераезд, забяспечвала спецыяльнымі цягнікамі, а таксама давала беззваротную грашовую дапамогу;

6) стварэнне Сялянскага пазямельнага банка, які выдаваў сялянам крэдыты на куплю зямлі, прычым для набыцця вялікіх участкаў пад хутары выдаваўся доўгатэрміновы крэдыт у поўным памеры іх кошту.

Вынікі рэформы. Сталыпінская аграрная рэформа садзейнічала паскарэнню развіцця капіталізму ў вёсцы:

· ліквідацыя сельскай абшчыны і выкупных плацяжоў, перадача зямлі ва ўласнасць сялян і перасяленне на хутары спрыялі інтэнсіфікацыі сялянскай гаспадаркі. Пашыраліся шматпольныя севазвароты, паглыблялася спецыялізацыя сельскай гаспадаркі Беларусі ў кірунку малочнай жывёлагадоўлі і вінакурэння, выкарыстоўваліся мадэрнізаваныя прылады працы і сельскагаспадарчыя машыны;

· адбываўся працэс дыферэнцыяцыі сялянства. З аднаго боку, павялічылася колькасць сялян-прадпрымальнікаў, якія бралі крэдыты, набывалі зямлю і стваралі гаспадаркі фермерскага тыпу. З другога боку, узрасла лічба сялян-беднякоў, якія не здолелі наладзіць гаспадарку, вымушаны былі прадаць сваю зямлю і наймаліся на працу ў якасці парабкаў або папоўнілі шэрагі прамысловага пралетарыяту. Напярэдадні Першай сусветнай вайны сялянская бедната ў Беларусі складала каля 70 %, сяляне-сераднякі ― 20 %, а сельская буржуазія ― каля 11 %;

· асаблівасцю рэформы на тэрыторыі Беларусі было ўвядзенне ў 1911 г. выбарных органаў мясцовага самакіравання ― земстваў. Земствы былі ўтвораны толькі ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губернях. З прычыны значнай перавагі сярод выбаршчыкаў католікаў у Гродзенскай і Віленскай губернях земствы па-ранейшаму не былі дазволены.

Разам з тым у самой рэформе былі закладзены некаторыя палажэнні, якія пэўным чынам стрымлівалі яе вынікі. Па-першае, паскарэнне развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Сталыпін хацеў правесці без разбурэння асноў латыфундыяльнага памешчыцкага землеўладання ― аднаго з асноўных перажыткаў феадалізму. Па-другое, працэс хутарызацыі быў не вельмі эфектыўным з прычыны беднасці і непісьменнасці большасці сялян, якія прывыклі да сваіх «шнуравых» надзелаў і баяліся высяляцца на хутары (да 1914 г. на тэрыторыі Беларусі было хутарызавана каля 13 % сялянскіх гаспадарак). Да таго ж, перасяленне сялян у Сібір, Казахстан і на Далёкі Усход не прынесла паляпшэння іх становішча: часта матэрыяльнай дапамогі было недастаткова, землі адводзіліся неўрадлівыя, у нязручных месцах (далёка ад дарог і вадаёмаў), сяляне не маглі прыстасавацца да новых прыродных умоваў і інш.

Такім чынам, нягледзячы на пэўныя станоўчыя вынікі сталыпінскай рэформы, яна не вырашыла галоўнага пытання рэвалюцыі 1905−1907 г. ― аграрнага, і ператварэнні ў вёсцы да Першай сусветнай вайны адбываліся на фоне росту сялянскіх хваляванняў.

Прамысловасць. Пасля эканамічнага крызісу 1900−1904 г. і перыяду дэпрэсіі (застою) 1904−1907 г. наступіў прамысловы ўздым. У 1908−1913 г. у Расійскай імперыі і Беларусі ў яе складзе адбываўся працэс паскоранай мадэрнізацыі і эканоміка набывала тэндэнцыю стабільнага росту. Прамысловасць Беларусі гэтага часу характарызавалася шэрагам адметных рысаў:

· канцэнтрацыя вытворчасці і стварэнне манапалістычных аб’яднанняў сталі магчымымі дзякуючы аб’яднанню капіталу (як мясцовага, так і замежнага) у форме акцыянерных таварыстваў і сіндыкатаў, а таксама дзякуючы павелічэнню рынку таннай рабочай сілы ў выніку сталыпінскай аграрнай рэформы. У 1909− 1910 г. былі арганізаваны Акцыянерныя таварыствы запалкавых фабрык, Мазырскай фанернай фабрыкі, Дняпроўскай мануфактуры, тытунёвай фабрыкі ў Гродне, ільнопрадзільнай фабрыкі «Дзвіна» і інш.;

· рост галіновай разнастайнасці мясцовай прамысловасці. Па-ранейшаму вядучае месца на тэрыторыі Беларусі займала харчовая прамысловасць. Разам з тым вялікую ролю адыгрывалі дрэваапрацоўчая і тэкстыльная галіны прамысловасці;

· вялікая ўдзельная вага рамеснай вытворчасці. У Беларусі існавалі каля 90 тыс. рамесных майстэрняў, якіх працавалі гаспадар і адзін-два рабочыя. Дробная і рамесная вытворчасць давалі больш за палову прамысловых вырабаў на ўнутраны рынак Беларусі і карысталіся вялікім попытам вяскоўцаў з прычыны таннасці тавараў;

· развіццё банкаўскай сістэмы. На пачатку ХХ ст. прамысловасць у Беларусі фінансавалі банкаўскія канторы і таварыствы ўзаемнага крэдыту. Найбольш значнымі былі канторы наступных банкаў: Дзяржаўнага, Азоўска-Данскога, Маскоўскага, Віленскага прыватнага камерцыйнага і інш.;

· у нацыянальным складзе сярод рабочага класа Беларусі выразна пераважалі яўрэі, што было наўпрост звязана з наяўнасцю на гэтых землях «мяжы яўрэйскай аселасці».

Па-ранейшаму ў межах Расійскай імперыі беларускія землі заставаліся аграрнай ускраінай, а прамысловая вытворчасць складала толькі каля 20 % нацыянальнага даходу.

3. Беларускі нацыянальна-вызваленчы і культурны рух у пачатку ХХ ст. Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух у пачатку ХХ ст. быў часткай агульнага рэвалюцыйнага руху ў Расійскай імперыі. Арганізатарам, а таксама ідэйным і палітычным натхняльнікам яго была Беларуская сацыялістычная грамада. Яна ставіла сваёй мэтай нацыянальнае адраджэнне народа, яго мовы і культуры, даказвала права беларусаў на самавызначэнне і на ўласную дзяржаўнасць. Абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці садзейнічалі шматлікія публікацыі, прысвечаныя беларускай мове, культуры, гісторыі.

Рэвалюцыйныя падзеі 1905 г. і ўвядзенне Маніфестам ад 17 кастрычніка дэмакратычных правоў і свабод адмянілі на тэрыторыі Беларусі папярэднюю цэнзуру і стварылі магчымасці для заснавання нацыянальных выдавецтваў. Першае беларускае легальнае выдавецкае таварыства было створана ў Пецярбургу ў 1906 г. і мела назву «Загляне сонца і ў наша аконца».

У верасні 1906 г. актывісты БСГ пачалі выдаваць у Вільні штотыднёвую грамадска-палітычную і літаратурную беларускую газету «Наша доля». Радыкальныя рэвалюцыйныя погляды, якія прапагандаваліся на старонках гэтай газеты, палохалі царскія ўлады, таму чатыры з шасці яе нумароў былі канфіскаваныя, далейшы выпуск газеты забаронены. Аднак у лістападзе 1906 г. у свет выйшаў першы нумар новай газеты «Наша ніва». Менавіта ёй належыць вялікая роля ў згуртаванні ўсіх нацыянальных сіл, якія на пачатку ХХ ст. змагаліся за нацыянальнае адраджэнне Беларусі. На старонках газеты друкаваліся творы Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Уладзіслава Галубка і шэрагу іншых беларускіх пісьменнікаў. Пры газеце існавала выдавецтва, якое з 1910 г. наладзіла выпуск папулярнага сярод вяскоўцаў «Беларускага календара», з 1912 г. ― сатырычнага часопіса «Крапіва», сельскагаспадарчага часопіса «Саха», літаратурнага штомесячніка для моладзі «Лучынка» і інш.

Беларускія выдавецтвы існавалі таксама і ў Мінску. У 1910 г. у Вільні выйшла кніга Вацлава Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі», якая паклала пачатак афармленню нацыянальнай канцэпцыі беларускай гісторыі. Усяго за 1906−1915 г. было выдадзена каля 160 беларускіх кніг.

Нягледзячы на пэўныя поспехі і дасягненні, у нацыянальным руху Беларусі меліся аб’ектыўныя цяжкасці. Яны былі выкліканы тым, што, па-першае, доўгі час у Расійскай імперыі не было ўмоваў для развіцця беларускай мовы. Па-другое, беларуская інтэлігенцыя, як правіла, складалася з выхадцаў з вёскі і была інтэлігенцыяй першага пакалення. Па нацыянальнаму складу беларусамі былі пераважна сяляне, якія з прычыны сваёй неадукаванасці не маглі адстойваць нацыянальную ідэю. Не было зваротнай сувязі паміж нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыяй і сялянствам. Адмоўным момантам на шляху нацыянальнага развіцця з’яўляўся таксама той факт, што генератарам нацыянальнай ідэі не мог стаць горад, паколькі сярод яго жыхароў на пачатку ХХ ст. беларусы складалі толькі каля 17 %.

Разам з тым першае дзесяцігоддзе ХХ ст. яскрава сведчыла, што насуперак розным перашкодам адбывалася згуртаванне беларускіх нацыянальных сіл. За вялікую ролю, якую ў нацыянальна-вызваленчым і культурна-асветніцкім руху ў Беларусі адыграла газета «Наша ніва», перыяд 1906−1915 г. у беларускай гісторыі атрымаў назву «нашаніўскага».

4. Беларусь у гады Першай сусветнай вайны. Першая сусветная вайна стала вынікам абвастрэння супярэчнасцей паміж вядучымі еўрапейскімі дзяржавамі за перадзел сфер уплыву, за рынкі збыту і крыніцы сыравіны. Асноўныя ваенныя сапернікі былі аб’яднаны ў два ваенна-палітычныя блокі: Антанту (Англія, Францыя, Расія) і Траісты саюз (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія), усяго ў вайну было ўцягнута 38 краін.

Вайна пачалася 1 жніўня 1914 г., а непасрэдна да тэрыторыі Беларусі фронт наблізіўся летам 1915 г. Аднак ужо ў першыя дні вайны беларускае насельніцтва выразна адчувала яе подых: беларускія губерні былі абвешчаны на ваенным становішчы. Забараняліся дзейнасць палітычных партый, правядзенне мітынгаў, маніфестацый, шэсцяў, забастовак, уводзілася цэнзура пры выданні газет і кніг. На тэрыторыі Беларусі была праведзена мабілізацыя − у армію было прызвана больш за палову працаздольных мужчын, на насельніцтва былі ўскладзены павялічаныя падаткі, людзі прыцягваліся да будаўніцтва абарончых умацаванняў. У Баранавічах размяшчалася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання расійскай арміі.

У жніўні 1915 г. пачалося нямецкае наступленне ў накірунку Коўна − Вільня, а на пачатку верасня нямецкая армія прарвала фронт у раёне в. Свянцяны і дайшла да Смалявіч (Свянцянскі прарыў). Восенню 1915 г. лінія фронту стабілізавалася ў раёне гарадоў Дзвінск − Паставы − Баранавічы − Пінск. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання была перанесена ў Магілёў.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі быў усталяваны германскі акупацыйны рэжым. Ён быў заснаваны на жорсткай сістэме падаткаў, прымусовых работ, штрафаў, рэквізіцый. У Германію вывозіліся матэрыяльныя каштоўнасці і працаздольнае насельніцтва. Пры гэтым нямецкае камандаванне рабіла пэўныя крокі па падтрымцы беларускага нацыянальнага руху. Праўда, у гэтай палітыцы Германія зыходзіла не з інтарэсаў беларускага народа, а са сваіх геапалітычных інтарэсаў − не прызнаючы права беларускага народа на самавызначэнне, разам з тым нямецкі ўрад хацеў паменшыць расійскі ўплыў на гэтых тэрыторыях за кошт падтрымкі адукацыі і культуры іншых нацыянальнасцяў, у першую чаргу беларусаў. У адпаведнасці з распараджэннем генерал-фельдмаршала Паўля фон Гіндэнбурга ад 16 студзеня 1916 г. на акупаванай тэрыторыі забаранялася навучанне па-руску і ўводзілася абавязковае навучанне дзяцей на роднай мове. У выніку на тэрыторыі Заходняй Беларусі было адкрыта каля 300 беларускіх школ, пачалося выданне газет і часопісаў на беларускай мове, ствараліся розныя нацыянальныя арганізацыі. Са згоды нямецкага ваеннага камандавання ў Вільні ў 1915 г. быў створаны каардынацыйны орган беларускіх палітычных, грамадскіх і прафесійных арганізацый − Беларускі народны камітэт, які ўзначаліў А.Луцкевіч. Сябры гэтай арганізацыі прытрымліваліся канцэпцыі стварэння Беларуска-Літоўскай дзяржавы з унутраным размежаваннем аўтаномій. З гэтай ідэяй дзеячы Беларускага народнага камітэта выступалі ў 1916 г. на Стакгольмскай і Лазанскай канферэнцыях народаў Расіі. Таксама пытанне незалежнасці Беларусі ўздымалася на старонках газеты «Гоман», галоўным рэдактарам якой быў В.Ластоўскі. Акрамя таго, у перыяд акупацыі ў Вільні дзейнічаў Беларускі клуб, пры якім існаваў аматарскі тэатр, было створана навуковае таварыства, адчынілася беларуская бібліятэка і інш.

На тэрыторыі Беларусі за лініяй фронту па-ранейшаму існаваў рэжым ваеннага становішча, працягваліся мабілізацыя, рэквізіцыі. Сітуацыя ўскладнялася тым, што адступленне расійскай арміі суправаджалася масавым бежанствам. Часткова яно было справакавана агітацыйнай палітыкай царскага ўрада, які заклікаў насельніцтва ратавацца ўцёкамі ад нямецкага гвалту, а часткова перасяленні мелі вымушаны характар, калі пры адступленні войскі спальвалі вёскі і сяляне гублялі дах над галавой. Летам 1915 г. у Мінску было створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое арганізоўвала для бежанцаў начлегі, харчаванне і дапамагала ў працаўладкаванні. Але дапамагчы ўсім не было магчымасці, бежанцаў было вельмі многа. Ваенныя ўлады выкарыстоўвалі іх як танную рабочую сілу на будаўніцтве абарончых умацаванняў і іншых ваенных аб’ектаў, але большасць вымушана была ў пошуках лепшай долі накіроўвацца далей на ўсход.

Першая сусветная вайна прынесла шмат гора беларускаму народу − Расія і Германія аспрэчвалі права гегемоніі ў Еўропе менавіта на тэрыторыі Беларусі. Ваенныя дзеянні, татальная мабілізацыя, рэквізіцыі, акупацыйны рэжым і інш. падрывалі гаспадарчы, дэмаграфічны, нацыянальны патэнцыял нашай краіны: загінулі 1 мільён 200 тыс. чалавек, сотні тысяч беларусаў не вярнуліся з эвакуацыі, амаль на 75 % скараціліся пасяўныя плошчы, былі разбураны прамысловыя прадпрыемствы і іншыя будынкі.

5. Грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі ў 1917−1921 г. Утварэнне беларускай дзяржаўнасці. Усе ваюючыя краіны спадзяваліся на «маланкавую» вайну і не былі гатовыя да працяглых ваенных дзеянняў, таму да пачатку 1917 г. у многіх з іх ва ўмовах вайны склаліся агульнанацыянальныя крызісы.

Лютаўская рэвалюцыя. 23 лютага 1917 г. з забастоўкі работніц тэкстыльных прадпрыемстваў у Петраградзе пачалася рэвалюцыя, у выніку якой было звергнута царскае самадзяржаўе, Расія была абвешчана дэмакратычнай рэспублікай. Як і рэвалюцыя 1905 – 1907 г., Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. насіла буржуазна-дэмакратычны характар. Асаблівасцю яе стала ўсталяванне двоеўладдзя: з аднаго боку, падчас рэвалюцыйных падзей рэальная ўлада знаходзілася ў руках Петраградскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, з другога боку, 28 лютага Часовы камітэт Дзяржаўнай думы абвясціў пераход да яго ўсёй улады ў краіне і стаў называцца Часовым урадам.

Насельніцтва Беларусі сустрэла звесткі аб перамозе рэвалюцыі ў Петраградзе масавымі мітынгамі і вулічнымі шэсцямі. У Беларусі таксама ўзнікла двоеўладдзе: саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў і падначаленыя Часоваму ўраду Часовыя гарадскія камітэты парадку.

Лютаўская рэвалюцыя абудзіла палітычную актыўнасць шырокіх мас насельніцтва і палітычных партый. Аднавіла сваю дзейнасць і БСГ. У сакавіку 1917 г. у Мінску адбыўся з’езд прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных арганізацый. З’езд абраў Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) на чале з Раманам Скірмунтам. Р.Скірмунту была пастаўлена задача дабівацца ад Часовага ўрада аўтаноміі Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расіі. Аднак Часовы ўрад не падтрымаў аўтанамісцкіх захадаў БНК, матывуючы гэта складанасцю ваеннага часу і неабходнасцю склікання Устаноўчага сходу для вырашэння гэтага пытання. Нягледзячы на тое, што спадзяванні на атрыманне аўтаноміі не спэўніліся, Беларуская сацыялістычная грамада падтрымлівала Часовы ўрад з надзеяй на перспектыву. Яна падзяляла ідэю вядзення вайны да перамогі, за мір без анексій і кантрыбуцый. 8–10 ліпеня 1917 г. у Мінску адбыўся ІІ з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, на якім была абрана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый на чале з Язэпам Лёсікам (пазней, пасля далучэння да яе Беларускай вайсковай Рады, была перайменавана ў Вялікую Беларускую Раду ― ВБР).

У жніўні 1917 г. галоўнакамандуючы генерал Л.Г.Карнілаў паспрабаваў усталяваць у краіне ваенную дыктатуру. Па яго загаду ў Петраград былі накіраваны войскі, каб разагнаць Часовы ўрад і Саветы. Спроба Карнілава здзейсніць дзяржаўны пераварот не атрымала падтрымкі, і мяцеж быў падаўлены.

Разам з тым асноўныя пытанні рэвалюцыі ― аб міры, аб зямлі, аб увядзенні рабочага заканадаўства, аб скліканні Устаноўчага сходу ― не былі вырашаны Часовым урадам. Такім чынам, палітыка Часовага ўрада не ліквідавала агульнадзяржаўны крызіс, а яшчэ больш абвастрыла яго, што ў выніку прывяло да яшчэ адной рэвалюцыі.

Кастрычніцкая рэвалюцыя. У ноч на 25 кастрычніка 1917 г. у Петраградзе адбылося ўзброенае паўстанне, у выніку якога ўладу ў свае рукі ўзялі бальшавікі. 26 кастрычніка на ІІ Усерасійскім з’ездзе Саветаў былі прыняты «Дэкрэт аб міры», у якім прапаноўвалася неабходнасць неадкладных перагавораў з ваюючымі краінамі для заключэння міра без анексій і кантрыбуцый, і «Дэкрэт аб зямлі», які абвясціў ліквідацыю прыватнай уласнасці і нацыяналізацыю зямлі.

Атрымаўшы паведамленне аб перамозе рэвалюцыi ў Петраградзе, 25 кастрычніка Мiнскi Савет абвясцiў сябе ўладай у Беларусi. Але процiдзеянне яму аказаў Камiтэт выратавання рэвалюцыі на чале з меншавiком Калатухiным. Супрацiўленне бальшавiкам было аказана i ў Магiлёве, дзе знаходзiлася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання. У кастрычнiку-лiстападзе 1917 г. савецкая ўлада перамагла ў Вiцебску, Гомелi, Полацку. Адносна лёгкая перамога бальшавiкоў тлумачыцца тым, што стомленае вайной і разрухай насельніцтва чакала, што з прыходам іх да ўлады будуць вырашаны многія набалелыя пытаннi.

У лістападзе 1917 г. у Беларусі былі сфармiраваны органы савецкай улады: заканадаўчы ― Аблвыканкамзах (Абласны выканаўчы камiтэт Заходняй вобласцi i фронту) на чале з А.Мяснiковым і выканаўчы ― Саўнарком (Савет Народных Камісараў) на чале з К.Ландэрам. Вялікая Беларуская Рада не прызнала гэтых органаў улады, створаных на тэрыторыі Беларусі недэмакратычным шляхам.

У адпаведнасці з выдадзенай бальшавікамі 2 лістапада 1917 г. «Дэкларацыі правоў народаў Расіі», дзе абвяшчалася права кожнага народа на самавызначэнне, ВБР пачала актыўную працу па скліканні І Усебеларускага з’езда для вырашэння пытання беларускай дзяржаўнасці. З’езд праходзіў у Мінску з 7 па 17 снежня 1917 г., і ў яго рабоце прынялі ўдзел 1 872 дэлегаты, якія прадстаўлялі ўсе колы беларускага грамадства, розныя палітычныя арганізацыі з Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай і Смаленскай губерняў. У ноч з 17 на 18 снежня ўдзельнікі з’езда прынялі рэзалюцыю, у якой абвяшчаліся ўсталяванне на тэрыторыі Беларусі рэспубліканскага ладу і ўтварэнне Усебеларускай Рады сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Дэлегаты выказаліся за аўтаномію Беларусі ў складзе Савецкай Расіі. Але гэта не ўваходзіла ў планы бальшавікоў, і па рашэнню Аблвыканкамзаха з’езд быў разагнаны сілай.

Дэлегаты з’езда ратаваліся ад арышту ў мінскім дэпо, дзе працягнулі сваю работу і выбралі Раду Усебеларускага з’езда ў складзе 56 чалавек на чале з Язэпам Лёсікам. 21 снежня 1917 г. Рада абрала Выканаўчы камітэт, які ўзначаліў Язэп Варонка. У пытанні аб дзяржаўным будучым Беларусі Рада і Выканкам перайшлі ад ідэі аўтаноміі ў складзе Расіі да ідэі поўнага суверэнітэту.

Брэсцкі мір. Абвяшчэнне БНР. У снежні 1917 г. у Брэсце Л.Троцкі сарваў перамовы з нямецкім камандаваннем аб міры, і 18 лютага 1918 г. немцы распачалі наступленне па ўсяму Заходняму фронту. 19 лютага Мінск пакінулі прадстаўнікі ўлады бальшавікоў. У такіх умовах Выканкам Рады 21 лютага 1918 г. звярнуўся да беларускага народа з 1-й Устаўной граматай, у якой абвясцiў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі. Выканкам вылучыў са свайго складу Народны Сакратарыят Беларусі (на чале з Я.Варонкам), які па сутнасці стаў першым беларускім урадам. Усе палітычныя рашэнні планавалася прыняць на Усебеларускім устаноўчым сходзе, але ўжо 25 лютага ў Мінску ўсталяваўся нямецкі акупацыйны рэжым, які не меў намеру прызнаваць іншую ўладу. У выніку зімовага наступлення немцы прасунуліся на ўсход да Дняпра.

Урад Савецкай Расіі 3 сакавіка 1918 г. падпісаў з Германіяй мір у Брэсце, па якому землi, якiя знаходзіліся на захад ад лiнii Рыга − Дзвiнск − Свянцяны − Лiда − Пружаны − Брэст, перадавалiся Германii. Але рэальна немцы заставаліся на тэрыторыі, занятай пад час зімовай кампаніі 1918 г. Пры заключэнні Брэсцкага міра беларускае пытанне нават не закраналася. Беларускія землі ў мірным дагаворы называліся «абласцямі, якія раней належалі Расіі».

Такім чынам, тэрыторыя Беларусі аказалася падзеленай на тры часткі. Заходняя Беларусь разам з Вільняй далучылася непасрэдна да Германіі і атрымала назву «Новая Усходняя Прусія». Цэнтральная Беларусь і частка ўсходніх раёнаў лічыліся тэрыторыяй, часова акупаванай немцамі. Усходняя Беларусь па сутнасці далучалася да Савецкай Расіі.

У адказ на гэта 9 сакавіка 1918 г. Выканкам Рады выдаў 2-ю Устаўную грамату, у якой абвясціў стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у межах рассялення і колькаснай перавагі беларускага народа. Да склікання Усебеларускага ўстаноўчага сойма заканадаўчая ўлада перадавалася Радзе БНР, выканаўчая ― Народнаму Сакратарыяту. Дзяржаўнымі сімваламі БНР сталі герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг.

15 сакавіка 1918 г. ІV Надзвычайны Усерасійскі з’езд саветаў ратыфікаваў Брэсцкі мір. Тады 25 сакавіка 1918 г. Рада БНР прыняла 3-ю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасць БНР і патрабавалася пераглядзець умовы Брэсцкага мiра. Рада БНР адправіла імператару Германіі Вільгельму ІІ тэлеграму з просьбай аб падтрымцы дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. Але спроба абаперціся на Германію не прынесла чаканага выніку. Дзяржавы Антанты i ЗША ва ўмовах вайны з Германіяй i грамадзянскай вайны ў Расii таксама не праявiлi зацiкаўленасцi беларускім пытаннем. Савецкая Расiя адкрыта выступала супраць БНР.

Звязаная ўмовамі Брэсцкага міра, Германія дэ-юрэ не прызнала незалежнасці БНР, але разам з тым нямецкія акупацыйныя ўлады надалі органам БНР некаторыя рэальныя паўнамоцтвы. У кампетэнцыі БНР знаходзіліся гандаль, асвета, культура, сацыяльнае забеспячэнне. Дзякуючы дзейнасці Рады БНР выдаваліся падручнікі, адчыняліся беларускія школы, быў створаны педагагічны інстытут і інш. Пасля капітуляцыі Германіі (11.11.1918) урад Расіі абвясціў аб дэнансацыі (адмене) умоваў Брэсцкага дагавора і накіраваў Чырвоную Армію ў Беларусь. Урад БНР вымушаны быў эмігрыраваць.

Абвяшчэнне БНР мела вялікае значэнне ў працэсе ўтварэння беларускай дзяржаўнасці. Урад бальшавікоў, зыходзячы з аб’ектыўных абставін рэальнай дзейнасці Рады і Народнага Сакратарыята БНР, не мог больш ігнараваць права беларускага народа на стварэнне сваёй дзяржавы і вымушаны быў пераглядзець свае пазіцыі па беларускаму пытанню.

Утварэнне БССР і ЛітБел. «Ваенны камунізм». Падзеі, звязаныя з Усебеларускім кангрэсам, сведчылі пра сур’ёзнасць беларускага пытання. У студзені 1918 г. у Петраградзе як аддзел Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцяў быў створаны Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам) (старшыня − А.Чарвякоў, сакратар − З.Жылуновіч). Белнацкам выступаў за ператварэнне Заходняй вобласці, якая была створана на тэрыторыі Беларусі ў выніку рэвалюцыйных падзей 1917 г., у беларускую аўтаномію ў складзе РСФСР. Дзейнасць Белнацкама выклікала незадаволенасць Аблвыканкамзаха, які адхіліў усялякія спробы стварэння беларускай дзяржаўнасці і перайменаваў Заходнюю вобласць у Заходнюю камуну. Толькі абвяшчэнне БНР і прэтэнзіі на беларускія тэрыторыі з боку адноўленай пасля Першай сусветнай вайны Польшчы прымусілі ўрад Савецкай Расіі пайсці на ўтварэнне беларускай сацыялістычнай дзяржавы.

Рашэнне аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі было аформлена на VІ Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі бальшавікоў, якая праходзіла ў Смаленску 30–31 снежня 1918 г. і была перайменавана ў І з’езд камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. 1 студзеня 1919 г. быў утвораны Часовы рабоча-сялянскі ўрад рэспублікі, які ўзначаліў З.Жылуновіч. У гэты ж дзень урад прыняў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. У дакуменце дэклараваліся сацыяльныя правы працоўных у новай краіне, але адсутнічалі дэмакратычныя правы і свабоды, паколькі яны не адпавядалі інтарэсам дыктатуры пралетарыяту.

Але пасутнасці ўрад БССР не меў ніякіх паўнамоцтваў, а ўсе асноўныя пытанні, якія тычыліся беларускага народа, вырашаліся ў Маскве. Так, былі зачынены ўсе беларускія навучальныя ўстановы, якія былі створаны ў час нямецкай акупацыі, было адмоўлена ў вылучэнні сродкаў на выданне камуністычнай газеты на беларускай мове. Больш за тое, 16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б), рыхтуючыся да падзелу сфераў уплыву з Польшчай, прыняў рашэнне аб вывадзе са складу БССР Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў і далучэнні іх да Расіі, а Гродзенскай і Мінскай губерням прапаноўвалася аб’яднацца з Літвой і ўтварыць адзіную дзяржаву. Зварот урада БССР у Маскву з надзеяй адмяніць гэтыя рашэнні поспеху не меў.

Беларуска-Літоўская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка са сталіцай у Вільні ўзнікла 27 лютага 1919 г. Ва ўрад новага дзяржаўнага ўтварэння не быў уключаны ніводны беларус, а ў дзяржаўным справаводстве выкарыстоўваліся руская, літоўская і нават польская мовы, акрамя беларускай. ЛітБел ССР з’яўлялася буфернай дзяржавай, якую бальшавікі стварылі з мэтай выкарыстаць яе ў якасці пагранічнай зоны паміж РСФСР і Польшчай з мэтай прадухілення адкрытай вайны. Гэтае дзяржаўнае ўтварэнне не праіснавала і двух месяцаў.

«Ваенны камунізм». Сацыяльна-эканамічнае становішча на беларускіх землях было вельмі складанае. У Савецкай Расіі бальшавікамі была ўведзена палітыка «ваеннага камунізма» (1918 − сакавік 1920), якая грунтавалася на сістэме надзвычайных мер і мела на мэце ўсталяваць дыктатуру пралетарыяту ў краіне з перавагай дробна-буржуазнага насельніцтва. Сваю назву палітыка атрымала з-за адмены таварна-грашовых адносін, свабоднага гандлю і прыватнай уласнасці і ўвядзення натуралізацыі аплаты працы. У прамысловасці была праведзена нацыяналізацыя ўсіх прадпрыемстваў, уведзены ўсеагульная абавязковая працоўная павіннасць («кто не работает, тот не ест»), а таксама цэнтралізацыя і камандна-адміністрацыйны стыль кіравання прамысловасцю.

Найбольш цяжкая сітуацыя склалася ў сельскай гаспадарцы. Для таго, каб пракарміць армію, рабочых і непрацаздольнае насельніцтва гарадоў, улада ўвяла манаполію хлебнага гандлю і харчразвёрстку. Сяляне абавязаны былі здаваць дзяржаве ўсе лішкі хлеба і іншых прадуктаў па фіксаваных цэнах. На самай справе ў сялян забіраліся не толькі лішкі, але і частка неабходных для спажывання прадуктаў. У большасці выпадкаў іх забіралі ў доўг, або за папяровыя грошы, якія не мелі ніякай пакупной здольнасці. Праводзілі харчразвёрстку спецыяльныя харчатрады і прадстаўнікі мясцовых саветаў. Тых, хто адмаўляўся падпарадкавацца, хаваў збожжа, аказваў супраціўленне, па ўмовах ваеннага часу чакаў расстрэл. У Беларусі палітыка «ваеннага камунізму» ажыццяўлялася на тэрыторыі, якая ў той час кантралявалася бальшавікамі.

У выніку гэтай палітыкі за два гады была зруйнавана гаспадарка былой Расійскай імперыі. Пагаршэнне становішча насельніцтва выклікала сацыяльную напружанасць у грамадстве і прыводзіла да антыбальшавіцкіх выступленняў сялян і салдат.

Беларусь у перыяд савецка-польскай вайны (1919−1920). Пачатак 1919 г. быў перыядам дзяржаўна-тэрытарыяльнай перабудовы пасляваеннай Еўропы і часам спадзяванняў для многіх еўрапейскіх народаў на стварэнне ўласных незалежных дзяржаў. Беларусь чарговы раз апынулася ў сферы спаборніцтва геапалітычных інтарэсаў Расіі і Польшчы. Прэтэнзіі прадстаўнікоў урада БНР на незалежнасць не былі падтрыманы на Версальскай канферэнцыі ў студзені 1919 г. Для барацьбы з савецкай уладай вядучыя краіны Еўропы і ЗША пайшлі на палітычны саюз з А.Калчаком, які на той час з’яўляўся кіраўніком белага руху ў Расіі, і выказаліся толькі за магчымасць аўтаномій народаў у складзе Расіі.

З другога боку, Юзаф Пілсудскі, кіраўнік адноўленай польскай дзяржавы, чарговы раз агучыў ідэю польскага нацыянальна-вызваленчага руху ХІХ ст. ― аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У адозве «Да насельніцтва былога Вялікага княства Літоўскага» Ю.Пілсудскі запэўніваў, што «польскае войска нясе ўсім вольнасць і свабоду». Насельніцтва Беларусі, якое ў большасці было незадаволенае палітыкай «ваеннага камунізму», мабілізацыяй у Чырвоную Армію і рэквізіцыямі (у Расіі ішла грамадзянская вайна), з пэўным энтузіязмам успрыняло абяцанні Ю.Пілсудскага.

Наступленне польскай арміі на беларускія землі пачалося ў лютым 1919 г. і мела вельмі імклівы характар: у сакавіку палякі ўжо кантралявалі тэрыторыю на захад ад лініі рэк Піна − Ясельда, 21 красавіка была занята Вільня, у жніўні ― Мінск, а ў верасні польскае войска апынулася на лініі Дзвінск − Полацк − Барысаў − Любань. Лідэры ўрада БНР спадзяваліся на магчымасць аднаўлення рэспублікі, аднак незалежная Беларусь не ўваходзіла ў планы Ю.Пілсудскага. На захопленай тэрыторыі быў усталяваны польскі акупацыйны рэжым: ліквідаваны органы мясцовага кіравання, аднаўлялася памешчыцкае землеўладанне, праводзіліся рэквізіцыі, а многія дзеячы беларускага нацыянальнага руху апынуліся ў турмах.

Такая палітыка польскіх уладаў выклікала масавы рух супраціву, які ўзначаліла самая ўплывовая на той час партыя на тэрыторыі Беларусі − БПС-Р (беларускія эсэры). Супраціўленне польскім акупантам арганізоўвалі таксама і бальшавікі. 14 мая 1920 г. Чырвоная Армія пад камандаваннем М.Тухачэўскага перайшла ў контрнаступленне. Пасля вызвалення Мінска 31 ліпеня 1920 г. адбылося другое абвяшчэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ). У жніўні 1920 г. быў вызвалены Брэст. Апанаванае ідэяй «сусветнай рэвалюцыі» войска М.Тухачэўскага рушыла далей на Захад, але было спынена пад Варшавай і вымушана было адступаць.

Адначасова на беларускіх землях актывізаваўся антысавецкі ўзброены рух. На Палессі дзейнічаў атрад генерала С.Булак-Балаховіча, а ў лістападзе 1920 г. адбылося ўзброенае паўстанне на Случчыне. 14−15 лістапада 1920 г. адбыўся І беларускі з’езд Слуцка і Случчыны, які выказаўся за прызнанне ўлады БНР. Была створана Першая Слуцкая брыгада стральцоў войск БНР, якая налічвала каля дзесяці тысяч добраахвотнікаў і ўтрымлівала ўладу ў 15 валасцях Слуцкага і Бабруйскага паветаў у перыяд з 27 лістапада па 28 снежня 1920 г. Паўстанні адбыліся таксама ў Койданаўскім, Ігуменскім і іншых паветах.

Ва ўмовах польскага контрнаступлення і ўзмацнення антысавецкага руху на тэрыторыі Беларусі ўвосень 1920 г. савецкі ўрад пайшоў на мірныя перагаворы з Польшчай. 18 сакавіка 1921 г. у Рызе быў падпісаны мірны дагавор, па якому да Польскай дзяржавы адыходзіла тэрыторыя Заходняй Беларусі з насельніцтвам 4,6 млн. чалавек, савецка-польская мяжа праходзіла ў 30 км ад Мінска. Такім чынам, у складзе абвешчанай 31 ліпеня 1920 г. ССРБ засталіся толькі шэсць паветаў былой Мінскай губерні, у якіх пражывала 1,5 млн. чалавек. На перамовы ў Рызе, дзе вырашалася тэрытарыяльнае пытанне Беларусі, беларускую дэлегацыю нават не запрасілі. Усходняя Беларусь засталася ў складзе РСФСР.

Падводзячы вынікі, неабходна адзначыць, што першае 20-годдзе ХХ ст. стала часам выпрабаванняў для беларускага народа. У складаны перыяд войн і рэвалюцый абуджалася беларускае грамадства, паскараліся працэсы самаідэнтыфікацыі беларусаў. Беларуская нацыя прайшла шлях ад непрызнання яе існавання ў складзе Расійскай імперыі, а потым і РСФСР, да ўтварэння нацыянальнай дзяржавы (БНР, БССР). Аднак Рыжскі мір, які замацаваў падзел Беларусі і ўваходжанне яе частак у склад розных у палітычных, эканамічных і ідэалагічных адносінах дзяржаваў ― Расіі і Польшчы, чарговы раз штучна затрымаў працэс кансалідацыі беларускай нацыі.

 

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ

Акупацыйны рэжым − сістэма эканамічных, палітычных, ваенных, ідэалагічных мерапрыемстваў, накіраваных на ліквідацыю існуючага грамадскага і дзяржаўнага ладу, рабаванне нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, зняволенне насельніцтва.

Акцыянернае таварыства − форма арганізацыі гаспадарчай дзейнасці прадпрыемстваў, пры якой капітал утвараўся з грашовых укладаў шэрагу прадпрымальнікаў і існаваў у форме акцый, якія свабодна прадаваліся і купляліся.

Анексія − далучэнне з дапамогай сілы адной дзяржавай усёй тэрыторыі або часткі другой дзяржавы.

Ваеннае становішча − спецыяльны прававы рэжым, які ўводзіцца дзяржавай у надзвычайных абставінах і выяўляецца ў пашырэнні паўнамоцтваў ваенных улад і ўвядзенні абмежаванняў для насельніцтва.

Водруб − адасоблены надзел, вылучаны з сельскага абшчыннага землекарыстання ў асабістую ўласнасць сялянскай сям’і паводле сталыпінскай аграрнай рэформы.

Дыктатура − сістэма неабмежаванага палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага, духоўнага панавання на чале з лідэрам-дыктатарам. Характарызуецца палітычным тэрорам, юрыдычным абмежаваннем палітычных правоў і свабод.

Кантрыбуцыя − грошы або матэрыяльныя каштоўнасці, якія дзяржавы-пераможцы спагнаюць з краін, пацярпеўшых паражэнне.

Манаполія − прадпрыемства або саюз прадпрыемстваў, якія кантралююць выпуск і продаж тавараў у адной галіне прамысловасці ці сельскай гаспадарцы.

Рэвалюцыя − карэнны пераварот у жыцці грамадства, звязаны з пераходам ад аднаго грамадска-палітычнага ладу да другога шляхам актыўных насільных дзеянняў.

Сіндыкат − форма аб’яднання прадпрымальнікаў для рэгулявання аб’ёмаў вытворчасці і адзіных коштаў на прадукцыю.

Устаноўчы сход − найвышэйшы дэмакратычна выбраны орган улады, які мае паўнамоцтвы для вырашэння пытанняў дзяржаўнага і грамадскага будаўніцтва краіны.

Хутарызацыя − аграрная палітыка падчас сталыпінскай рэформы, накіраваная на стварэнне аднадворных сельскіх паселішчаў ― хутароў.

ВАЖНЕЙШЫЯ ПАДЗЕІ

Лістапад 1906 г. − пачатак сталыпінскай аграрнай рэформы.

1906−1915 г. − «нашаніўскі» перыяд.

01.08.1914 − 11.11.1918 г. − Першая сусветная вайна.

23 лютага 1917 г. − пачатак Лютаўскай рэвалюцыі ў Петраградзе.

25 кастрычніка 1917 г. − Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Расіі.

7 − 17 снежня 1917 г. − Першы Усебеларускі з’езд (кангрэс) у Мінску.

3 сакавіка 1918 г. − падпісанне Брэсцкага міра.

25 сакавіка 1918 г. − абвяшчэнне незалежнасці БНР.

1 студзеня 1919 г. − абвяшчэнне БССР.

27 лютага 1919 г. − утварэнне ЛітБелССР.

31 ліпеня 1920 г. − другое абвяшчэнне БССР.

27.11. − 28.12. 1920 г. − Слуцкае паўстанне.

18 сакавіка 1921 г. − падпісанне Рыжскага міра.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: