Кантрольныя пытанні і заданні

1. Вызначце характэрныя рысы феадалізму і назавіце асноўныя віды феадальнай рэнты.

2. Дакажыце, што Полацкае княства з’яўлялася дзяржавай.

3. Вызначце асноўныя напрамкі знешняга гандлю беларускіх зямель у ІХ – ХІІІ ст.

4. Дакажыце, што на першым этапе феадальная раздробленасць спрыяла развіццю гаспадаркі асобных земляў і росту гарадоў, а затым стала тормазам на шляху эканамічнага развіцця.

5. Вызначце ўплыў хрысціянства на развіццё культуры беларускіх зямель.

 

ПРЫКЛАДНАЯ ТЭМАТЫКА РЭФЕРАТАЎ

1. Шлях «з варагаў у грэкі» – асноўная гандлёвая артэрыя Полацкага княства.

2. Гандаль і грашовае абарачэнне на беларускіх землях у перыяд ранняга феадалізма.

3. Хрысціянская культура на землях Беларусі ў перыяд ранняга сярэднявечча.

ЛІТАРАТУРА

1. Алексеев Л.В. Полоцкая земля в ІХ–ХІІІ вв. – М., 1966.

2. Арлоў У.А. Таямніцы полацкай гісторыі. – Мінск: Беларусь, 1994.

3. Галубовіч В.І. Эканамічны стан, побыт і гандаль Старажытнай Беларусі (ІХ – ХІІІ стст.). – Мінск: Экаперспектыва, 1997.

4. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: Ад пачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. – Мінск: Экаперспектыва, 2000.

5. Гісторыя сялянства Беларусі: У 3 т. Т. 1. Гісторыя сялянства Беларусі ад старажытнасці да 1861 г. – Мінск: Беларуская навука, 1997.

6. Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в ІХ – ХІІІ в. – Минск., 1989.

7. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. – Мінск: Экаперспектыва, 1997.

8. Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVІІІ стагоддзя. – Мінск, 2001.

9. Штыхаў Г.В. Шматукладнае грамадства ІХ – ХІ стст. і пытанні перыядызацыі раннесярэдневяковай гісторыі Беларусі // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён. – Мінск: Выд-ва БДУ, 1992.

10. Штыхов Г.В., Лысенка П.Ф. Древнейшие города Белоруссии. – Минск.: Наука и техника, 1966.

11. Штыхаў Г.В. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. – Мінск, 1999.

 

Тэма 3. Вялікае княства Літоўскае (другая палова ХІІІ – першая палова ХVІ ст.)

1. Прычыны ўтварэння Вялікага княства Літоўскага.

2. Цэнтралізатарская палітыка вялікіх князёў.

3. Дзяржаўны лад і органы кіравання ў ВКЛ. Судовая сістэма.

4. Сацыяльная структура грамадства ВКЛ.

5. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе ВКЛ.

6. Гарады Беларусі ў ХІV–ХVІ ст.

1. Прычыны ўтварэння Вялікага княства Літоўскага. У пачатку ХІІІ ст. дзяржаваўтваральныя працэсы на землях Беларусі перамясціліся з Полацка на тэрыторыю Наваградскай зямлі. Аб’яднанне вакол яго самастойных удзельных княстваў паклала пачатак з’яўленню новай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ).

Сярод асноўных прычын, якія знаходзіліся ў аснове працэса ўтварэння адзінай цэнтралізаванай дзяржавы, можна вылучыць наступныя:

1) унутрыпалітычную: феадальная раздробленасць, якая панавала ў Полацкім княстве з пачатку ХІІ ст., і працяглыя міжусобныя войны паступова прывялі да негатыўных наступстваў у гаспадарчым і палітычным жыцці. У канцы ХІІ ст. на ўсходнеславянскіх землях рэзка зменшылася эканамічнае значэнне гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі». Гандаль паміж краінамі Балтыйскага і Міжземнага мораў стаў ажыццяўляцца вакол Еўропы, што атрымлівалася хутчэй і танней, чым з выкарыстаннем шляху «з варагаў у грэкі» з яго маруднай і складанай працэдурай волакаў. Разам з тым рост гарадоў, развіццё рамёстваў, удасканаленне сельскай гаспадаркі і паглыбленне грамадскага падзелу працы патрабавалі ўнутрыпалітычнай стабільнасці і тэрытарыяльнай кансалідацыі.

У перыяд феадальнай раздробленасці паглыбілася сацыяльная дыферэнцыяцыя грамадства, абвастрыліся супярэчнасці як паміж саслоўямі, так і сярод феадалаў у барацьбе за панаванне. Усё гэта сведчыла пра неабходнасць усталявання моцнай улады, якая магла б заканадаўча абмежаваць разбуральныя працэсы, аб’яднаць усе сілы грамадства для ўмацавання дзяржавы;

2) знешнепалітычную: разрозненыя і аслабленыя беларускія землі з пачатку ХІІІ ст. сталі аб’ектам нападу знешніх ворагаў, асабліва мангола-татараў і крыжакоў.

Мангола-татарскія орды пад кіраўніцтвам Чынгісхана з’явіліся ва Усходняй Еўропе вясной 1223 г. (з 1237 г. іх узначальваў хан Батый). За няпоўныя два дзесяцігоддзі яны падпарадкавалі сабе ўсходнерускія княствы, над якімі больш чым на дзвесце гадоў было ўсталявана мангола-татарскае ярмо, Галіцка-Валынскую зямлю, а ў 1240 г. разбурылі Кіеў. З 1240 г. мангола-татары пачалі перыядычна здзяйсняць набегі на паўднёвыя землі Беларусі. Яны праследавалі эканамічную мэту – захоп багацця: палонных, золата, збожжа, футра і інш. Мангола-татары былі качэўнікамі і ніколі не жылі на падпарадкаваных тэрыторыях.

Іншая справа была з крыжакамі-рыцарамі з Заходняй Еўропы, якія кіраваліся ў сваёй дзейнасці хрысціянскімі ідэямі прапаведніцтва. У 1186 г. адзін з першых нямецкіх місіянераў на ўсходнеславянскіх землях манах Мейнард звярнуўся да полацкага князя Уладзіміра з просьбай дазволіць хрысціць падкантрольныя Полацку плямёны ліваў і латгалаў. У 1201 г. місіянеры заснавалі ў вусці Заходняй Дзвіны крэпасць Рыгу і тым самым зачынілі Полацку выхад у Балтыйскае мора.

Услед за крыжам місіянера ішоў меч заваёўніка, і ў 1202 г. быў заснаваны Ордэн мечаносцаў (Лівонскі ордэн), а ў 1228 г. – Тэўтонскі ордэн. Крыжацкія Ордэны былі добра арганізаванымі ваеннымі структурамі. Іх афіцыйнай задачай была абвешчана абарона заснаванага на землях балтаў Каталіцкага касцёла і пашырэнне хрысціянства, але сапраўднай мэтай рыцараў была палітычная – захоп і падпарадкаванне новых зямель. Галоўнымі даходамі Ордэна была даніна з мясцовага насельніцтва, таму нямецкія рыцары імкнуліся замацавацца на захопленых тэрыторыях.

Першым цяжар барацьбы з крыжакамі прыняло на сябе Полацкае княства. На пачатку ХІІІ ст. Полацк вымушаны быў саступіць ім дзве асноўныя крэпасці на Заходняй Дзвіне — Кукейнос (1208 г.) і Герцыке (1209 г.) і тым самым аслабіў свае пазіцыі ў Падзвінні.

Такім чынам, у сярэдзіне ХІІІ ст. перад беларускімі землямі востра паўстала праблема захавання самастойнасці і неабходнасці арганізацыі дзейснага адпору знешнім ворагам. Ажыццявіць гэта ва ўмовах феадальнай раздробленасці было немагчыма, і таму сярод кіраўнікоў удзельных княстваў і зямель усё большую прывабнасць пачала набываць ідэя аб’яднання. Перавага палітычных прычын над эканамічнымі адрознівала працэс аб’яднання на беларускіх землях ад аналагічных працэсаў у Заходняй Еўропе.

У гэтых умовах палітычны цэнтр беларускіх зямель перамяшчаецца з Полацка ў Наваградак, на той час самы значны горад Панямоння.

У ХІІ-ХІІІ ст. адбыўся хуткі эканамічны росквіт Наваградка. Асновай эканамічнай магутнасці Наваградчыны сталі развітое земляробства і рамяство, а таксама актыўны гандаль. Па Нёману наваградскія купцы траплялі ў Балтыйскае мора і далей — у гарады Паўночнай і Заходняй Еўропы. Праз развітую сістэму волакаў можна было трапіць у Днепр і Заходнюю Дзвіну, а адтуль адпаведна ў Чорнае і Балтыйскае моры. Пра шырокія гандлёвыя сувязі Наваградскай зямлі сведчаць знаходкі на яе тэрыторыі скарбаў з арабскімі, візантыйскімі і заходнееўрапейскімі манетамі.

Узвышэнне Наваградка ў значнай ступені было абумоўлена геапалітычным становішчам — ён размяшчаўся ў пэўнай адлегласці ад асноўных маршрутаў крыжацкіх захопаў і мангола-татарскіх набегаў. Гэта спрыяла прытоку на Наваградчыну славянскага насельніцтва з больш небяспечных тэрыторый і, як следства, узнікненню і ўмацаванню гарадоў (Слоніма, Ваўкавыска, Свіслачы, Зэльвы і інш.).

Такім чынам, у сярэдзіне ХІІІ ст. Наваградскае княства мела высокі эканамічна-культурны патэнцыял, што, несумненна, уплывала на павелічэнне палітычнай вагі княства сярод суседніх усходнеславянскіх і балцкіх зямель, якія мелі трывалыя ваенна-палітычныя і эканамічныя сувязі з крывічамі. Таму не выпадкова, што ідэя неабходнасці аб’яднання выспела менавіта сярод наваградскай знаці і атрымала падтрымку купцоў і рамеснікаў. Так Наваградак стаў цэнтрам новага дзяржаваўтваральнага працэсу, у выніку якога з’явілася адна з самых буйных дзяржаў тагачаснай Еўропы — Вялікае княства Літоўскае.

Праблема ўтварэння ВКЛ канчаткова не вырашана ў гістарыяграфіі, аб чым сведчыць наяўнасць многіх канцэпцый. Іх узнікненне было звязана з рознай палітычнай кан’юнктурай і недакладнай лакалізацыяй Літвы летапіснай. Тэрмін «Літва» ўпершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах пад 1009 г. Большасць беларускіх даследчыкаў лічаць, што Літва летапісная знаходзілася на балцка-славянскім памежжы і займала тэрыторыю паўночнага захаду сучаснай Беларусі і паўднёвага ўсходу сучаснай Літвы.

Утварэнне ВКЛ як моцнай цэнтралізаванай дзяржавы было заканамерным этапам у развіцці не толькі ўсходнеславянскіх, але і балцкіх зямель, гэта быў жыццёва неабходны сімбіёз для двух бакоў. ВКЛ узнікла і развівалася на шырокай тэрытарыяльна-этнічнай аснове і стала калыскай утварэння многіх народаў.

Важны ўклад у станаўленне дзяржавы зрабіў літоўскі князь (з Літвы летапіснай) Міндоўг. У 1235 г. упершыню ў летапісах упамінаецца «Літва Міндоўга». У літоўскай гістарыяграфіі прапагандуецца канфрантацыйная версія пачатковага перыяду ВКЛ, якая сцвярджае, што Наваградская зямля была захоплена Міндоўгам. Але даследаванні беларускіх вучоных сведчаць, што, верагодна, наваградская знаць для здзяйснення сваіх кансалідацыйных планаў спецыяльна запрасіла Міндоўга на наваградскі трон, ведаючы здольнасці гэтага князя і жадаючы выкарыстаць яго ў сваіх палітычных мэтах. На карысць гэтай версіі гаворыць факт прыняцця Міндоўгам у 1246 г. праваслаўнай веры як неабходнай умовы абрання на пасаду наваградскага князя. Традыцыя запрашэння на княжанне магутных правадыроў з дружынамі была вядома на землях усходніх славян значна раней (Рурык, Рагвалод).

Міндоўг хутка аб’яднаў вакол Наваградскай зямлі тэрыторыю Верхняга Панямоння, і першапачаткова гэтая дзяржава называлася па-рознаму: «Літва», «Літоўскае княства», «княства Літоўскае і Наваградскае» ці нават «Вялікае княства Наваградскае».

Становішча маладой дзяржавы было вельмі хісткім і небяспечным у суседстве з больш моцным Галіцка-Валынскім княствам. Так, паўднёвыя князі ў 1252 г. арганізавалі кааліцыю і спустошылі Наваградскую зямлю. Яны імкнуліся спыніць тут працэс дзяржаваўтварэння. Каб адстаяць сваю незалежнасць у барацьбе з гэтым ворагам, Міндоўг вымушаны быў заключыць саюз з Лівонскім ордэнам, пагадзіўся прыняць каталіцтва і ў 1252 г. (паводле іншых звестак, у 1253 г.) каранаваўся ў Наваградку. Актам каранацыі Міндоўг хацеў дабіцца міжнароднага прызнання ВКЛ.

Такім чынам, новае дзяржаўнае ўтварэнне, якое стала магчымым дзякуючы ваенна-палітычнаму саюзу славянскага горада Наваградка з балцкім кунігасам (князем) Міндоўгам, перамагло ў барацьбе з галіцка-валынскімі князямі. Падначаленне невялікіх княстваў Верхняга Панямоння адзінай уладзе спыніла працэс феадальнай раздробленасці і садзейнічала інтэграцыі жыхароў розных княстваў Беларусі ў рамках адзінай дзяржавы.

Стабільнасць і магутнасць новай дзяржавы дасягаліся не толькі выгадным геапалітычным становішчам, а таксама дыпламатыяй, сілай і крывёю. Пачатковы перыяд утварэння ВКЛ характарызаваўся жорсткай барацьбой за ўладу. Так, шляхам забойства з гістарычнай арэны ў 1263 г. быў выдалены Міндоўг. Расправіўшыся са змоўшчыкамі і забойцамі бацькі, сваю ўладу ў Наваградку ўсталяваў сын Міндоўга Войшалк (1264−1267). Ён заключыў саюз з галіцка-валынскімі князямі і, зыходзячы з палітычных інтарэсаў, у 1267 г. перадаў уладу свайму сваяку галіцкаму князю Шварну (1267−1270). Але сам ён у гэтым жа годзе быў забіты па загаду галіцка-валынскага князя Льва Данілавіча.

Пасля смерці Шварна ўладу ў ВКЛ атрымаў Трайдэн (Трайдзень) (1270−1282). Падчас яго кіравання значна пашырыўся знешнепалітычны ўплыў Княства. Трайдэн разарваў саюз Літвы з галіцка-валынскімі князямі, супрацьдзейнічаў ваенным паходам татар на землі ВКЛ, даў прытулак уцекачам ад крыжацкай агрэсіі з Прусіі. Такім чынам, Трайдэну ўдалося стабілізаваць унутрыпалітычную сітуацыю ў Княстве і на некаторы час прыпыніць пасягненні ворагаў на незалежнасць ВКЛ.

2. Цэнтралізатарская палітыка вялікіх князёў. Вялікую ролю ва ўмацаванні ВКЛ адыграла цэнтралізатарская палітыка вялікіх князёў Віценя (1295–1316), Гедыміна (1316–1341) і Альгерда (1345–1377).

Віцень змагаўся за ўнутранае адзінства Вялікага Княства. Пра яго палітыку ў летапісах гаворыцца: «Зямлі прыбавіў да княства многа, аж да Буга». Пры ім у 1307 г. да ВКЛ было далучана Полацкае княства, а ў 1315 г. — Берасцейская зямля. Ён вёў актыўную знешнюю палітыку: выступаў супраць палякаў, змагаўся з крыжакамі.

З часоў Віценя (1296) бярэ пачатак і гістарычны герб Беларусі — Пагоня: «Измысли себе герб и всему княжеству печать: рыцер збройны на коне з мечем, иже ныне наричут погоня». Пагоня стала гербам дынастыі вялікіх князёў літоўскіх і дзяржаўным гербам ВКЛ. Лёс Віценя, як і многіх іншых князёў ВКЛ, быў трагічны. Праўда, паводле летапісных звестак, загінуў ён не ад рук палітычных супернікаў, а ад удару маланкі.

Такім чынам, сярэдзіна ХІІІ – пачатак ХІV ст. былі часам станаўлення і ўмацавання ВКЛ. Пры Віцені гэты працэс стаў незваротны. З пачатку ХVІ ст. адбываўся імклівы рост ВКЛ у геаграфічнай і палітычнай прасторы Еўропы. Вялікую ролю ў гэтым адыграў Гедымін.

Гедымін. У час княжання Гедыміна ў складзе ВКЛ былі аб’яднаны беларускія землі да Дняпра. Аднак у гэты перыяд неаднойчы спустошаны ў другой палове ХІІІ – пачатку ХІV ст. галіцка-валынскімі князямі і крыжакамі, Наваградак прыйшоў у заняпад. Таму Гедымін вырашыў перанесці сталіцу з Наваградка ў Вільню, што і было зроблена ў 1323 г. Ёсць сведчанні, што Вільня была заснавана крывічамі, з 1070-х г. з’яўлялася цэнтрам Віленскага ўдзела Полацкага княства і да пачатку ХІV ст. стала значным палітыка-эканамічным цэнтрам.

Знешняя палітыка Гедыміна мела два асноўныя накірункі: пашырэнне межаў Вялікага Княства і барацьба з крыжацкай агрэсіяй. У адпаведнасці з першай задачай, Гедымін шляхам дынастычнага саюза далучыў да ВКЛ у 1320 г. Віцебскае княства, у 1326 г. – Менск, а пазней – Тураў і Пінск.

Разам з тым з мэтай умацавання дзяржавы і больш паспяховай барацьбы супраць крыжакоў ён у 1325 г. заключыў саюз з польскім каралём Уладзіславам І і загадаў распачаць будаўніцтва магутных умацаванняў у ВКЛ – замкаў па лініі Трокі – Вільня – Меднікі – Крэва – Ліда – Наваградак.

Вялікую ролю ў барацьбе з крыжакамі адыграў знакаміты палкаводзец Давыд Гарадзенскі (1283–1326). Аб павазе да яго з боку вялікага князя гаворыць той факт, што Гедымін аддаў яму ў жонкі сваю дачку Біруту. Давыд Гарадзенскі быў паплечнікам Гедыміна, яны неаднаразова разам выступалі супраць крыжакоў і нават арганізавалі паход войска ВКЛ на крыжацкую крэпасць Брандэнбург (1326 г.). Падчас гэтага паходу Давыд Гарадзенскі быў па-здрадніцку забіты падкупленым немцамі мазавецкім рыцарам і, па паданню, быў пахаваны каля Каложскай царквы ў Гародне. Сам Гедымін таксама загінуў пры аблозе нямецкай крэпасці Баербург у 1341 г.

Роля Гедыміна ва ўмацаванні ВКЛ вельмі вялікая: ён не толькі здолеў абараніць дзяржаву ад ворагаў, але і запрашаў рамеснікаў, гандляроў, адукаваных людзей з еўрапейскіх краін на сталае месцажыхарства ў ВКЛ, што ў значнай ступені садзейнічала гаспадарчаму і культурнаму росквіту краіны.

Шляхі ўключэння беларускіх зямель у склад ВКЛ. Пашырэнне тэрыторыі ВКЛ ажыццяўлялася рознымі шляхамі.Найбольш значным быў добраахвотна-дагаворны шлях, які даваў тэрыторыям пэўную аўтаномнасць пры ўваходжанні ў склад новай дзяржавы. Далучэнне да больш моцнага Наваградка і ўмацаванне дзяржаўнай улады гарантавала надзейную абарону ад ворагаў і стварала ўмовы для стабільнага развіцця сельскай гаспадаркі і рамёстваў. Асноўнымі рысамі аўтаномнасці былі наступныя:

· намеснікі і ваяводы прызначаліся толькі са згоды мясцовага насельніцтва;

· існавала мясцовая судовая сістэма;

· на пасады мясцовага кіравання магло быць прызначана толькі мясцовае баярства.

На такіх умовах у 1307 г. у склад ВКЛ увайшла Полацкая зямля, а ў 1320 г. − Віцебскае княства.

Віцебск быў далучаны да ВКЛ на падставе шлюбных сувязяў. Віцебскі князь Яраслаў Васількавіч у 1318 г. выдаў сваю дачку замуж за сына Гедыміна Альгерда. Пасля смерці Яраслава князем у Віцебску стаў Альгерд і Віцебскае княства ўвайшло ў склад ВКЛ.

Яшчэ адным шляхам пашырэння тэрыторыі ВКЛ быў ваенна-палітычны. Напрыклад, у жорсткай барацьбе з галіцка-валынскімі князямі ў першай чвэрці ХІV ст. пад уладу князёў ВКЛ трапіла Берасцейская зямля.

Феадальныя княствы-дзяржавы, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі, з развітой эканомікай, сістэмай улады, культурай уносілі свае багатыя традыцыі ў новую дзяржаву. Усе народы, якія прымалі ўдзел у палітычным, эканамічным і культурным будаўніцтве Вялікага княства Літоўскага, а найперш беларускі і літоўскі, з’яўляюцца гістарычнымі спадкаемцамі гэтай дзяржавы.

Паколькі на ўсходнеславянскія землі, у тым ліку і беларускія, пісьменнасць прыйшла разам з хрысціянствам у канцы Х ст. (у адрозненне ад большасці літоўцаў, якія да 1386 г. заставаліся язычнікамі і пісьменнасці не мелі), старабеларуская мова выконвала ролю дзяржаўнай мовы ў ВКЛ. На ёй складаліся дакументы вялікакняжацкай канцылярыі, судовыя справы і іншыя афіцыйныя дакументы. Таму з улікам гэтага, ёсць усе падставы пры вызначэнні дзяржаўнасці ВКЛ ужываць тэрмін «Беларуска-Літоўскае гаспадарства».

Альгерд. Сваім пераемнікам Гедымін прызначыў аднаго з малодшых сыноў ― Яўнуція, які ў 1345 г. страціў вярхоўную ўладу ў выніку змовы сваіх братоў Альгерда і Кейстута. Хаця вялікім князем быў абвешчаны Альгерд, па сутнасці ў краіне склалася двоеўладдзе. Альгерд кіраваў усходняй часткай Княства з цэнтрам у Вільні і забяспечваў бяспеку краіны з усходу. Пад кіраўніцтвам Кейстута знаходзілася заходняя частка ВКЛ з рэзідэнцыяй у Троках, і, адпаведна, на яго ўскладваўся абавязак барацьбы з крыжакамі. Браты працягвалі справу Гедыміна, павялічылі тэрыторыю дзяржавы ў два разы пераважна за кошт далучэння да Княства славянскіх зямель: Валыні (1352), Браншчыны (1355) і Смаленшчыны (1357). Пасля перамогі войска Альгерда над татарамі ў бітве на рацэ Сінія Воды (1362) да ВКЛ былі далучаны Кіеўшчына і Падолле, а таксама Чарнігаўска-Северская зямля. Пры Альгердзе завяршылася аб’яднанне ў складзе ВКЛ беларускіх зямель.

Такім чынам, дамінуючым у дзяржаве стаў усходнеславянскі элемент − 9/10 тэрыторыі і 4/5 насельніцтва былі «рускімі». «Рускімі» ў той час называліся ўсходнеславянскія землі ВКЛ (сённяшнія беларускія, украінскія, часткова рускія), а іх насельніцтва − «руссю», «русінамі». Суседнюю Маскоўскую дзяржаву называлі Масковіяй, а яе жыхароў − «маскалямі», або «маскавітамі».

Як ужо адзначалася, паўднёва-ўсходні накірунак быў галоўным у знешняй палітыцы Альгерда, і менавіта ў час яго кіравання найбольш выразна праявіліся супярэчнасці ў адносінах з усходнім суседам ― Маскоўскім княствам. Першыя супярэчнасці ўзніклі на рэлігійнай глебе яшчэ пры Гедыміне, калі ў 1317 г. была абвешчана Літоўская мітраполія з цэнтрам у Наваградку.

Пасля смерці сваёй жонкі, віцебскай князёўны Марыі Яраслаўны, вялікі князь Альгерд ажаніўся з дачкой цвярскога князя Ульянай, а паколькі Цвер і Масква ў той час вялі барацьбу за першынство ў аб’яднанні ўсходнерускіх зямель, то, натуральна, Альгерд дапамагаў свайму цесцю ў гэтай барацьбе. У 1368, 1370 і 1372 гадах ён здзейсніў тры знакамітыя паходы на Маскву. Падчас першага паходу Альгерд з часткай сваіх рыцараў і знаці ўехаў на тэрыторыю Маскоўскага замака са словамі: «Княжа вялікі маскоўскі, памятай, што дзіда літоўская стаяла пад Масквою». Маскоўская дзяржава тады не мела значнай ваеннай сілы, і справы былі вырашаны мірным шляхам. Усходняя мяжа ВКЛ была ўсталявана каля Каломны і Мажайска.

Але гэта быў толькі пачатак супрацьстаяння. На працягу наступных дзесяцігоддзяў Вільня і Масква вялі палітыку «збірання ўсіх рускіх праваслаўных зямель». Сутыкненне паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам было непазбежным, паколькі абодва бакі прэтэндавалі на адны і тыя ж тэрыторыі, населеныя праваслаўнымі жыхарамі.

Ягайла. Пасля смерці Альгерда ў ВКЛ пачалася дынастычная барацьба, прычынай якой стала прызначэнне Альгердам сваім спадкаемцам на вялікакняжацкім прастоле не старэйшага сына ад першай жонкі − Андрэя Полацкага, а сына ад другой жонкі − Ягайлы. З гэтым не пагадзіўся Кейстут, які меў вялікі аўтарытэт у Княстве. Па загаду Ягайлы ў 1382 г. Кейстут быў забіты, і да барацьбы за трон ВКЛ далучыўся яго сын і стрыечны брат Ягайлы Вітаўт. Барацьба скончылася перамогай Ягайлы, а Вітаўт атрымаў ва ўладанне Берасце і Гародню і згадзіўся на мір.

Вялікае Княства па-ранейшаму знаходзілася перад пагрозай крыжацкай агрэсіі, і для стрымання захопніцкіх памкненняў ворага ішоў актыўны пошук саюзнікаў. Найлепшым спосабам было заключэнне выгаднага шлюбу. На гэтым шляху ў Ягайлы было два варыянты: або ажаніцца з польскай каралевай Ядзвігай, або ― з дачкой Дзмітрыя Данскога. Перспектыва парадніцца з маскоўскім князем выглядала зусім нядрэннай, асабліва пасля перамогі Дзмітрыя Данскога на Куліковым полі (1380). Аднак Масква запатрабавала, каб Ягайла прызнаў сябе васалам («малодшым братам») Дзмітрыя Данскога, а таксама ахрысціў у праваслаўе ўсю Літву. Гэта не ўваходзіла ў планы Ягайлы, ён адмовіўся ад ідэі саюза з Масквой і пачаў перамовы з польскімі пасламі.

У 80-я гады ХІV ст. унія Вялікага Княства і Кароны адпавядала інтарэсам абедзвюх дзяржаў, паколькі дазволіла б аб’яднаць сілы для барацьбы з самым галоўным агульным ворагам ― Тэўтонскім ордэнам. У гэтым саюзе быў зацікаўлены і каталіцкі касцёл, які атрымаў бы магчымасць мірным шляхам ахрысціць па лацінскаму ўзору жамойтаў − апошні язычніцкі народ у Еўропе.

Крэўская унія. 14 жніўня 1385 г. была заключана Крэўская унія, згодна з якой Ягайла атрымаў права ўзяць шлюб з польскай каралевай Ядзвігай, але для гэтага павінен быў выканаць шэраг умоў:

· перайсці ў каталіцтва;

· ахрысціць паводле каталіцкага абраду ўсіх язычнікаў-літоўцаў;

· стварыць унію (саюз) Вялікага Княства і Кароны.

Крэўская унія была дынастычна-персанальнай, калі дзве дзяржавы аб’ядноўваліся праз асобу манарха, у дадзеным выпадку Ягайлы. Потым па праву пераемнасці ўзначаліць краіну павінен быў яго прамы нашчадак ад шлюбу з Ядзвігай. Асноўныя пытанні, якія тычыліся двух бакоў, вырашаліся сумесна, але пры гэтым кожная дзяржава захоўвала асобныя органы ўлады, войска і скарб.

Ягайла прыняў каталіцтва і стаў каралём Польшчы Уладзіславам ІІ. У 1387 г. ён выдаў прывілей, паводле якога феадалы ВКЛ каталіцкага веравызнання атрымлівалі неабмежаваныя правы па распараджэнню сваімі землямі і вызваляліся ад шэрагу дзяржаўных павіннасцей. На праваслаўную знаць ВКЛ, якая колькасна значна пераважала католікаў, дзеянне гэтага прывілея не распаўсюджвалася. Натуральна, што гэта выклікала незадаволенасць праваслаўных феадалаў, якія ўбачылі ва ўчынках караля не толькі наступленне на свае правы, але і пэўную пагрозу незалежнасці ВКЛ. Таму ў асяроддзі праваслаўнай (беларускай, украінскай, рускай) знаці ВКЛ пачалі распаўсюджвацца сепаратысцкія настроі, якія ў 1389 г. перараслі ў адкрытую ўзброеную барацьбу супраць Ягайлы. Узначаліў гэтае змаганне Вітаўт.

Вітаўт. Трохгадовае супрацьстаянне Вітаўта з Ягайлам скончылася падпісаннем у 1392 г. Востраўскага пагаднення (ад маёнтка Вострава пад Лідай). Згодна з гэтай дамовай, Ягайла прызнаў Вітаўта вялікім князем ВКЛ, хоць намінальна яшчэ захоўваў свой вярхоўны сюзерэнітэт. Такім чынам, з падпісаннем Востраўскага пагаднення унія Кароны і Вялікага Княства стала саюзам дзвюх раўнапраўных дзяржаў.

На пасадзе вялікага князя Вітаўт заняўся ўмацаваннем улады і цэнтралізацыяй краіны, ператвараючы яе ў магутную еўрапейскую дзяржаву. Летапісы слушна называлі яго Вітаўтам Вялікім. Пры ім ВКЛ дасягнула найбольшай магутнасці і тэрытарыяльных памераў, стала самай буйной дзяржавай у Еўропе «ад мора да мора» (ад Балтыкі да Чорнага мора).

Для ажыццяўлення сваіх планаў ён у якасці саюзніка вырашыў выкарыстаць татарскага хана Тахтамыша, які ўцёк з Залатой Арды і са згоды вялікага князя пасяліўся ў ВКЛ, пад Лідай. Да таго ж, у 1398 г. Вітаўт заключыў новы саюз з Тэўтонскім ордэнам.

Але грандыёзныя намеры вялікага князя значна паменшыліся пасля разгрому арміі ВКЛ татарскім войскам пад кіраўніцтвам ханаў Цімура і Едзігея на рацэ Ворскле ў 1399 г. Пасля гэтай трагедыі становішча ВКЛ увогуле і ўлада Вітаўта ў прыватнасці значна пахіснуліся. Узбунтаваліся Смаленск, Ноўгарад і іншыя гарады. Вітаўт разумеў, што гэтая сітуацыя з’яўляецца вельмі прыдатнай і для ўзмацнення крыжацкай агрэсіі на землі ВКЛ, і таму вырашыў змяніць вектар знешняй палітыкі з усходняга на заходні.

У гэтых умовах Вітаўт пайшоў на аднаўленне саюза з Польшчай. У 1401 г. была заключана Віленска-Радамская унія, паводле якой пацвярджалася палітычная самастойнасць Вялікага Княства. Улада ў ВКЛ прызнавалася пажыццёва за Вітаўтам, а пасля яго смерці павінна была перайсці да Ягайлы ці ягоных нашчадкаў. Калі б Ягайла памёр бяздзетным, то польскія феадалы павінны былі б узгадніць кандыдатуру караля з Вітаўтам.

Важным пунктам гэтага пагаднення было абавязацельства абедзвюх дзяржаў дзейнічаць разам супраць знешніх ворагаў, галоўным з якіх на той час заставаўся Тэўтонскі ордэн. З кожным годам крыжацкая агрэсія набірала сілу, і было зразумела, што справа дойдзе да адкрытых ваенных дзеянняў.

Перыяд 1409 – 1411 гг. увайшоў у гісторыю пад назвай Вялікай вайны ВКЛ і Кароны супраць Ордэна. Княства імкнулася вярнуць сабе Жамойцію, а Карона − Памор’е. Для забеспячэння тылу яны заключылі пагадненне з Маскоўскай дзяржавай. Ордэн таксама шукаў падтрымку ў Еўропе ― у Венгрыі і Чэхіі.

Цэнтральнай падзеяй Вялікай вайны стала Грунвальдская бітва, якая адбылася 15 ліпеня 1410 г. каля вёскі Грунвальд (сёння ― Ольштынскае ваяводства Польшчы) паміж аб’яднаным войскам ВКЛ і Польскай Кароны, з аднаго боку, і арміяй Тэўтонскага ордэна, з другога. Саюзным войскам кіраваў Ягайла, але асабіста ўдзел у бітве не прымаў, у адрозненне ад Вітаўта, які ўзначальваў войска ВКЛ непасрэдна на полі бою. Войскамі Ордэна кіраваў вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген. Грунвальдская бітва скончылася поўнай перамогай саюзнай арміі над крыжакамі. Тэўтонскі ордэн страціў сваю былую веліч і славу і больш не здолеў яе ўзнавіць. Такім чынам, у выніку бітвы пад Грунвальдам не толькі была спынена двухсотгадовая агрэсія нямецкіх рыцараў на ўсход, але і былі зменены агульныя суадносіны сіл ва Усходняй Еўропе на карысць славянскіх народаў.

Гарадзельская унія. Перамога надала ўпэўненасці Вялікаму княству Літоўскаму, і Вітаўт яшчэ больш імкнуўся да пашырэння самастойнасці ВКЛ. Межы Княства сягалі ад Балтыкі да Чорнага мора і ад Смаленска да Беластока, і ў канцы ХІV – пачатку ХV ст. тэрыторыя ВКЛ складала каля 900 тыс. кв. км.

Але з другога боку, Ягайла хацеў замацаваць васальнае становішча Вялікага Княства і рабіў захады да аднаўлення уніі. У кастрычніку 1413 г. у Гарадзельскім замку над Бугам адбыўся з’езд польскіх феадалаў і феадалаў ВКЛ каталіцкага веравызнання ў прысутнасці манархаў дзвюх краін. Вынікам гэтага з’езда стала падпісанне трох прывілеяў, якія і склалі акт новай Гарадзельскай уніі.

Паводле асноўных яе палажэнняў, правы на дзяржаўныя пасады і іншыя правы (напрыклад, права ўдзельнічаць у выбарах вялікага князя, мець родавыя гербы, свабодна распараджацца сваёй зямлёй і інш.) належалі ў ВКЛ выключна каталіцкай знаці. З мэтай найбольш шчыльнага збліжэння Кароны і ВКЛ 47 феадалаў-католікаў Вялікага Княства прынялі гербы польскай шляхты і тым самым утварылі гербавае братэрства. На пераважную большасць шляхты ВКЛ, якая заставалася праваслаўнай, прывілеі Гарадзельскай уніі не распаўсюджваліся. Гэтая падзея яшчэ больш абвастрыла адносіны паміж каталіцкай і праваслаўнай шляхтай ВКЛ і, каб забяспечыць свае інтарэсы, прымусіла апошнюю або пераходзіць у каталіцтва, або змагацца за свае правы і шукаць падтрымкі ў праваслаўнай Маскоўскай дзяржаве.

Вітаўт разумеў складанасць становішча. Каб пазбегнуць унутранага антаганізму ў дзяржаве на рэлігійнай глебе і спыніць на сваіх землях, асабліва на ўсходзе, узрастаючы ўплыў Масквы, ён у 1415 г. стварыў самастойную праваслаўную мітраполію з цэнтрам у Наваградку, а таксама агучыў ідэю аб магчымасці заключэння уніі праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёла ў ВКЛ. Але унія не адбылася, супрацьстаянне каталіцызма і праваслаўя не было ліквідавана, і менавіта гэта стала прычынай грамадзянскай вайны ў дзяржаве ў 30-я гады ХV ст.

У 20-я г. ХV ст. Вітаўт стаў палітычным лідэрам Усходняй Еўропы: у Залатой Ардзе кіравалі яго стаўленнікі, праз яе ўплываў на справы Маскоўскай Русі. Ён прадпрыняў спробу каранацыі на літоўскага караля. Аднак яна была сарвана праціўнікамі ўзмацнення ВКЛ.

Грамадзянская вайна ў ВКЛ (1432 − 1436). Пасля смерці Вітаўта ў 1430 г. на з’ездзе знаці ў Вільні пры падтрымцы праваслаўнага баярства вялікім князем ВКЛ быў абраны малодшы брат Ягайлы Свідрыгайла, які выступаў за ўмацаванне дзяржавы з апорай на праваслаўную шляхту. Унутранае становішча ў ВКЛ пачало змяняцца — дзяржаўныя пасады ў краіне пераходзілі да прадстаўнікоў магутных праваслаўных родаў (Хадкевічаў, Друцкіх, Корсакаў і інш.), якія і вырашалі галоўныя пытанні дзяржаўнага развіцця.

Па сутнасці, Свідрыгайла не ўлічыў памылкі папярэдняга перыяду, і яго палітыка не вяла да ліквідацыі рэлігійна-палітычнага антаганізму сярод вышэйшых колаў ВКЛ, а, наадварот, яшчэ больш яго ўзмацняла. Каталіцкая арыстакратыя не хацела мірыцца са стратай палітычнай магутнасці ў Княстве, што прывяло да арганізацыі змовы супраць вялікага князя. 1 верасня 1432 г. быў здзейснены замах на жыццё Свідрыгайлы, але ён здолеў уратавацца ўцёкамі ў Полацк. У выніку на віленскі трон уступіў брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч, якога прызналі Літва, Берасцейская і Менская землі, а таксама Прынёманскія воласці. Астатнія тэрыторыі захавалі вернасць Свідрыгайлу.

Такім чынам, на некаторы час ВКЛ распалася на два дзяржаўных утварэнні: Вялікае княства Літоўскае з цэнтрам у Вільні, на чале якога стаяў Жыгімонт, і Вялікае княства Рускае з цэнтрам у Полацку, якое ўзначальваў Свідрыгайла. Паміж імі пачалася феадальная вайна, якая доўжылася чатыры гады.

Жыгімонт зрабіў важныя палітычныя крокі, калі ў 1432 і 1434 гадах выдаў два прывілеі, паводле якіх праваслаўнае баярства было ўраўнавана ў правах з каталіцкім, акрамя права ўдзелу ў вялікакняжацкай Радзе. У выніку Свідрыгайла згубіў шмат сваіх прыхільнікаў і ў верасні 1435 г. пацярпеў канчатковае паражэнне ― яго войска было разбіта пад Вількамірам, а сам Свідрыгайла ў чарговы раз ратаваўся ўцёкамі, у гэтым выпадку на Валынь. Але феадалаў ВКЛ не задавальняла і палітыка Жыгімонта. Супраць яго ў сакавіку 1440 г. была арганізавана змова, і Жыгімонт быў забіты ў Троцкім замку.

Гаспадаром ВКЛ быў абраны малодшы сын Ягайлы Казімір Ягелончык (1440 − 1492). Пасля смерці свайго брата, польскага караля Уладзіслава ІІІ, з 1447 г. Казімір адначасова стаў і каралём Польшчы. Пры гэтым з усіх кіраўнікоў абедзвюх краін ён заставаўся, бадай, адзіным, хто клапаціўся і дбаў пра дзяржаўныя інтарэсы ВКЛ. Пры ім у 1447 г. быў выдадзены прывілей, які замацоўваў суверэнітэт ВКЛ і гарантаваў, што землі і дзяржаўныя пасады ў ВКЛ будуць атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Казімір імкнуўся ліквідаваць рэлігійны антаганізм у Вялікім Княстве, садзейнічаў будаўніцтву царквоў і праваслаўных манастыроў. Да таго ж, пашыраліся правы праваслаўнай царквы ВКЛ, якая ў 1458 г. канчаткова вызвалілася з-пад улады маскоўскага мітрапаліта і падпарадкавалася непасрэдна канстанцінопальскаму патрыярху. У перыяд кіравання Казіміра Ягелончыка быў выдадзены першы кодэкс крымінальнага права ў ВКЛ, напісаны на старабеларускай мове, ― Судзебнік 1468 г.

У той жа час Казімір быў схільны перадаць Польшчы Падолле і Валынь, што прывяло да арганізацыі ў 1481 г. змовы праваслаўных феадалаў ВКЛ супраць манарха. Але змова была раскрыта, а вінаватыя пакараны смерцю.

Пры кіраўніцтве Казіміра Ягелончыка Вялікае Княства не вяло, як раней, актыўнай знешняй палітыкі, накіраванай на пашырэнне тэрыторыі дзяржавы і аб’яднанне ўсходнеславянскіх зямель. Гэтую ідэю пераняў усходні сусед ВКЛ — Маскоўскае княства, якое заключыла саюз з Крымскім ханствам і праз паўстагоддзя ператварылася ў галоўнага палітычнага праціўніка ВКЛ.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел ВКЛ. У ХІІІ-ХІV ст. адміністрацыйны падзел ВКЛ заставаўся ў асноўным у старых межах, якія існавалі паміж асобнымі княствамі да ўваходжання іх у склад адзінай дзяржавы. У сярэдзіне ХІV ст. ВКЛ было падзелена паміж Альгердам і Кейстутам на дзве ваенна-адміністрацыйныя акругі: Віленскую і Трокскую, якія з 1413 г. сталі называцца ваяводствамі.

У канцы ХІV − пачатку ХV ст. Вітаўт ліквідаваў княжацкія пасады ў Полацку, Віцебску і Наваградку і прызначыў у гэтыя землі сваіх намеснікаў. На працягу ХV ст. намесніцтвы называліся староствамі або паветамі.

У 1565–1566 г. у ВКЛ была праведзена адміністрацыйная рэформа, у адпаведнасці з якой было ўтворана 13 ваяводстваў і 30 паветаў, з якіх на беларускіх землях Княства было 8 ваяводстваў (Віленскае, Трокскае, Полацкае, Наваградскае, Віцебскае, Берасцейскае, Мсціслаўскае, Менскае) і 16 паветаў. Гэты адміністрацыйны падзел быў замацаваны Статутам Вялікага княства Літоўскага 1588 г. і захаваўся да канца ХVІІІ ст.

3. Дзяржаўны лад і органы кіравання ў ВКЛ. Судовая сістэма. Палітычны лад ВКЛ прайшоў шматвяковую эвалюцыю, аб’яднаўшы рысы іншаземных сістэм кіравання і традыцыі, якія існавалі ў Полацкім і іншых беларускіх княствах. З самага пачатку свайго існавання ВКЛ складвалася як неабмежаваная феадальная манархія. На чале дзяржавы стаяў вялікі князь ― гаспадар. У яго кампетэнцыю ўваходзілі:

· камандаванне ўзброенымі сіламі;

· выданне заканадаўчых актаў;

· прызначэнне на вышэйшыя дзяржаўныя пасады;

· паўнамоцтвы вышэйшага суддзі;

· абвяшчэнне вайны і заключэнне міра;

· вызначэнне накірункаў знешняй палітыкі;

· распараджэнне дзяржаўнымі фінансамі і інш.

У ХІІІ–ХІV ст. многія важныя дзяржаўныя пытанні ён вымушаны быў узгадняць з васальнымі князямі і найбольш уплывовымі феадаламі, якія ажыццяўлялі выканаўча-распарадчую і судовую ўладу на месцах. У выніку пры князі ўзнік дарадчы орган, які атрымаў назву Рада Вялікага княства Літоўскага (Паны-рада). Першапачаткова яе склад вызначаўся гаспадаром па яго ўласным выбары. Але роля Рады паступова ўзрастала, а з увядзеннем практыкі займання князямі ВКЛ адначасова і трона Польскай Кароны, частымі сталі ад’езды манарха ў Польшчу. Па закону, знаходзячыся па-за межамі ВКЛ, гаспадар не меў права кіраваць дзяржаўнымі справамі Княства.

У такіх умовах у 1492 г. новаабраны князь Аляксандр (1492−1506), сын Казіміра Ягелончыка, выдаў прывілей, па якому абмяжоўваліся правы вялікага князя і пашыраліся правы Паноў-рады. Згодна з прывілеем, вялікі князь не меў права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя разам з Радай. Больш за тое, яе пастановы, прынятыя большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вялікім князем. Такім чынам, Рада паступова стала заканадаўчым, выканаўча-распарадчым, судовым і кантралюючым органам, які юрыдычна абмяжоўваў уладу вялікага князя.

У склад Рады ўваходзілі: віленскі біскуп, ваяводы, кашталяны, некаторыя старосты, маршалак земскі, канцлер, падскарбі земскі, гетман, іншыя прыдворныя чыны, а таксама некаторыя буйныя феадалы па асабістых запрашэннях. Ваяводы ўзначальвалі адміністрацыйныя, гаспадарчыя, ваенныя і судовыя органы ваяводства; гетман адказваў за камплектаванне войска ВКЛ і камандаваў усімі ўзброенымі сіламі дзяржавы ў выпадку, калі іх не ўзначальваў сам вялікі князь; канцлер загадваў дзяржаўнай канцылярыяй і захоўваў дзяржаўную пячатку, пад яго наглядам афармляліся ўсе пастановы і прывілеі; кашталян камандаваў войскам галоўнага замка ваяводства, а пры адсутнасці ваяводы ― усімі ўзброенымі сіламі ваяводства; маршалак земскі − адна з вышэйшых службовых пасад у ВКЛ, старшыня на пасяджэннях сойма і Рады, сачыў за этыкетам і парадкам падчас афіцыйных цырымоній; падскарбі загадваў дзяржаўнымі фінансамі і даглядаў скарб, вёў дакладны ўлік прыбыткаў і выдаткаў; староста ― кіраўнік адміністрацыі ў павеце.

На пасяджэннях Рады вырашаліся пытанні дзяржаўнага кіравання, міжнародных зносін, прызначэння на кіруючыя пасады, падрыхтоўкі важнейшых заканадаўчых актаў, разглядаліся некаторыя судовыя справы. У поўным складзе Рада збіралася некалькі разоў у год. Бягучыя справы кіравання дзяржавай вырашала так званая Пярэдняя Рада, у якую ўваходзілі маршалак земскі, канцлер, падскарбі земскі, гетман, ваяводы і кашталяны.

Для вырашэння найбольш важных дзяржаўных справаў (выбары князя, пытанні вайны і міра, арганізацыя абароны, прызначэнне надзвычайных падаткаў і інш.) з ХV ст. пачаў збірацца вальны сойм. Ён з’яўляўся органам саслоўна-прадстаўнічай дэмакратыі ў ВКЛ. Першапачаткова сістэмы прадстаўніцтва не існавала, і на сойм, як правіла, запрашалася ўся шляхта. Але з 1512 г. было ўведзена ў практыку вылучэнне на вальны сойм па 2 дэпутаты (паслы) ад кожнага павета. Акрамя таго, на соймы асабіста запрашаліся вярхі каталіцкага і праваслаўнага духавенства, службовыя асобы цэнтральнага і часткова мясцовага кіравання. Найчасцей соймы збіраліся ў Вільні, а таксама ў Гародні, Наваградку, Берасці, Менску. Яны праводзіліся як у закрытых памяшканнях (замках, гаспадарскіх дварах), так і на плошчах гарадоў.

У пачатку ХVІ ст. вальны сойм набыў значэнне заканадаўчага і кантралюючага органа. Галоўнымі яго функцыямі былі:

· выбары вялікага князя;

· прызначэнне падаткаў на войска;

· абвяшчэнне вайны і заключэнне міра;

· разгляд крымінальных справаў вышэйшых дзяржаўных асобаў і знатных паноў.

Саслоўна-прадстаўнічымі органамі ў ваяводствах і паветах былі соймікі, на якіх абмяркоўваліся мясцовыя і агульнадзяржаўныя справы, выбіраліся дэпутаты на вальны сойм, выпрацоўваліся інструкцыі, хадайніцтвы і просьбы да вялікага князя.

У адпаведнасці з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам ВКЛ, які канчаткова аформіўся ў ХVІ ст., мясцовае кіравнне выглядала наступным чынам: ваяводства ўзначальваў ваявода, павет ― староста, воласцю кіраваў сельскі войт, а ў вёсцы на чале сельскай абшчыны быў старац.

Асобнае месца ў сістэме кіравання ВКЛ займалі гарады, якія мелі магдэбургскае права. Упершыню яно ўзнікла ў ХІІІ ст. у Еўропе, а з 80-х гадоў ХІV ст. атрымала распаўсюджанне на землях ВКЛ. Першым горадам, які атрымаў магдэбургскае права ў Княстве, была Вільня (1387), затым Берасце (1390) і інш. Прывілеі на магдэбургскае права гарадам давалі ўласнікі — вялікія князі або прыватныя феадалы.

Магдэбургскае права давала гарадам судовы імунітэт, падатковыя льготы, права валодання зямлёй, ільготы ў рамеснай і гандлёвай дзейнасці, вызваляла ад воінскай павіннасці. У адпаведнасці з прывілеем, у гарадах ствараўся выбарны орган самакіравання − магістрат. Ён складаўся з гарадской рады і лавы. На чале магістрата стаяў войт, якому належала вышэйшая судовая і выканаўчая ўлада ў горадзе. Пасада войта не была выбарнай: ён прызначаўся вялікім князем з ліку буйных феадалаў.

Гарадская рада, на чале якой стаялі бурмістры, разглядала маёмасныя і грамадзянскія справы мяшчан. Лава выконвала судовыя функцыі, а войтаўска-лаўніцкі суд (лаву) узначальваў войт. Засядаў гарадскі магістрат у спецыяльным будынку − ратушы, якая звычайна размяшчалася ў цэнтры горада.

Такім чынам, па форме кіравання Вялікае княства Літоўскае можна вызначыць як саслоўна-прадстаўнічую манархію, што разам з наяўнасцю магдэбургскага права ў гарадах цалкам адпавядала традыцыям тагачасных еўрапейскіх дзяржаў.

Судовая сістэма ВКЛ спалучала дзве сістэмы судоў: агульнасаслоўныя суды і саслоўныя.

1. Агульнасаслоўныя суды. Найвышэйшым судом у ВКЛ быў гаспадарскі (вялікакняжацкі) суд. Вялікі князь быў вярхоўным суддзёй па ўсіх справах, што заканадаўча было замацавана ў Судзебніку 1468 г. Ён разглядаў апеляцыі на рашэнні саслоўных судоў, справы аб дзяржаўных злачынцах, аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя і інш. З 1581 г. вышэйшай судовай інстанцыяй стаў Трыбунал Вялікага княства Літоўскага.

Агульнасаслоўным судом быў таксама замкавы (гродскі) суд. Суд разглядаў крымінальныя злачынствы шляхты, мяшчан і сялян, якія былі затрыманы на месцы злачынства («па гарачым учынку»). Суддзямі былі ваяводы, старосты і дзяржаўцы.

2. Саслоўныя суды. У паветах існавалі: земскі суд, які разглядаў грамадзянскія іскі і крымінальныя справы шляхты, і падкаморскі суд, у кампетэнцыю якога ўваходзіла прыняцце рашэнняў па спрэчках землеўладальнікаў па зямельных пытаннях.

Як ужо адзначалася, у гарадах з магдэбургскім правам галоўным быў войтаўска-лаўніцкі суд, які разглядаў крымінальныя і грамадзянскія справы, а таксама бурмістраўскі, у якім разбіраліся спрэчкі паміж мяшчанамі і нязначныя правапарушэнні.

Справы простых людзей у воласці, а таксама ў гарадах, якія не мелі магдэбургскага права, разглядаў копны суд − суд сельскай або гарадской грамады. Суддзямі былі простыя жыхары, якія дзейнічалі пад наглядам дзяржаўнай або панскай адміністрацыі. Капа разглядала грамадзянскія справы, межавыя спрэчкі, дробныя крадзяжы і сваркі, чараўніцтва. Копны суд дзейнічаў на падставе звычаёвага права.

Вялікае значэнне з ХV ст. набываў вотчынны суд. Прывілеем 1447 г. было рэгламентавана судовае права феадалаў, а залежнае ад яго насельніцтва было пазбаўлена магчымасці шукаць абароны ў дзяржаўных органах. Галоўным суддзёй у вотчынным судзе быў сам феадал ці яго службовыя асобы.

Такім чынам, судовая сістэма Вялікага княства Літоўскага грунтавалася на двух відах права: на звычаёвым праве − сістэме няпісаных прававых нормаў, якія ўзніклі непасрэдна з грамадскіх дзеянняў і былі заснаваны на даўнасці дзеяння (традыцыі, звычаі), і на прававых дзяржаўных актах. Вышэйшай ступенню судовага заканадаўства ў дзяржаве сталі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588 г.

4. Сацыяльная структура грамадства ВКЛ. Усё насельніцтва ВКЛ належала да чатырох асноўных саслоўяў – сацыяльных супольнасцяў, прадстаўнікі якіх мелі аднолькавае прававое становішча: шляхты, духавенства, мяшчан і сялян. Шляхта і духавенства адносіліся да «шляхетнага стану», былі прывілеяванымі саслоўямі і вызваляліся ад выплаты дзяржаўных падаткаў. Мяшчане і сяляне ў дакументах называліся «людзі простага стану», былі непрывілеяванымі саслоўямі і асноўнымі падаткаплацельшчыкамі.

Шляхта. Слова «шляхта» паходзіць ад старажытнанямецкага slahta, што азначае род, парода. У ВКЛ шляхта займала пануючае становішча, эканамічнай асновай гэтага была феадальная ўласнасць на зямлю. Па свайму маёмаснаму становішчу і палітычнай ролі ў жыцці дзяржавы шляхецкае саслоўе не было аднародным:

магнаты (паны) ― прадстаўнікі радавітай арыстакратыі, якія мелі княжацкія тытулы (Радзівілы, Сапегі, Тышкевічы, Астрожскія, Хадкевічы, Друцкія, Алелькавічы, Гальшанскія і інш.). Яны валодалі вялікімі зямельнымі ўладаннямі і займалі важныя пасады ў дзяржаўным апараце;

баяры (шляхта) – ваенна-служылыя людзі ў ВКЛ. У ХІV–ХV ст. гэта была асноўная маса феадалаў (сярэднія і дробныя землеўласнікі), якія за валоданне зямлёй павінны былі несці ваенную службу пад харугвамі вялікага князя ці буйнога зямельнага ўласніка, удзельнічаць у паспалітым рушэнні. Узаемаадносіны паміж рознымі групамі шляхты грунтаваліся на прынцыпах феадальнай іерархіі, што абумовіла эканамічную залежнасць малазаможнай і незаможнай шляхты ад магнатаў.

Прадстаўнікі шляхецкага саслоўя мелі шэраг палітычных і асабістых правоў:

· выключнае (манапольнае) права валодання зямлёй (прывілеі 1387, 1432, 1434 гадоў гарантавалі права ўласнасці на выслужаныя ў вялікага князя вотчыны);

· права судовага імунітэту (не маглі быць пазбаўлены свабоды без суда);

· права выбіраць і быць выбранымі ў органы кіравання;

· права мець свой герб і інш.

Шляхта была вайсковым саслоўем, удзельнічала ў войнах, адыгрывала вялікую ролю ў палітычным, гаспадарчым і культурным жыцці. У ХVІ ст. колькасць шляхты, якая мела землі на тэрыторыі Беларусі, складала каля 9 % ад агульнай колькасці насельніцтва.

Духавенства − прафесійныя служачыя культу, якія прадстаўлялі ў ВКЛ розныя канфесіі: хрысціянскія (праваслаўную, каталіцкую, пратэстанцкую і уніяцкую), мусульманскую і іудзейскую. Унутры канфесій сярод духавенства таксама існавала іерархія:

· праваслаўнае духавенства ў ВКЛ узначальваў кіеўскі мітрапаліт, на чале епархій стаялі архіепіскапы і епіскапы, прыходамі кіравалі настаяцелі (святары);

· на чале каталіцкага духавенства ВКЛ стаяў арцыбіскуп, яму былі падначалены біскупы, парафіямі кіравалі ксяндзы;

· у іудаізме духавенства не мела разгалінаванай структуры. Яўрэйскія абшчыны (кагалы) выбіралі равінаў, якія выконвалі рэлігійныя функцыі;

· рэлігійныя функцыі ў мусульманскіх прыходах ажыццяўлялі мулы (імамы) і іх памочнікі − муэдзіны.

Па свайму сацыяльна-юрыдычнаму статусу вышэйшае хрысціянскае духавенства належала да шляхты.

Мяшчане. Тэрмін «мяшчане» (ад слова «места» − горад) за жыхарамі гарадоў ВКЛ быў замацаваны ў другой палове ХV ст., а юрыдычна аформлены ў Статутах ВКЛ у ХVІ ст. Мяшчанства дзялілася на тры асноўныя групы:

· патрыцыят, у які ўваходзілі гарадская адміністрацыя, вышэйшае духавенства і буйныя купцы;

· сярэдні слой, які складалі рамесныя майстры, уладальнікі лавак, гандляры, неэлітнае духавенства, дробныя службовыя асобы;

· гарадскі плебс («чорныя людзі») – каморнікі, гультаі, парабкі.

Мяшчане былі непрывілеяваным саслоўем і выконвалі павіннасці на карысць дзяржавы.

Сяляне. Самай вялікай сацыяльнай групай феадальнага грамадства былі сяляне. Катэгорыі сялян вызначаліся па наступных прыкметах:

· у адпаведнасці з тым, на чыёй зямлі жылі сяляне, іх падзялялі на дзяржаўных, прыватнаўласніцкіх і царкоўных;

· у залежнасці ад выканання асноўных павіннасцей вызначаліся сяляне даннікі (давалі даніну), чыншавікі (плацілі чынш), цяглыя (адпрацоўвалі паншчыну) і сяляне-слугі, асноўным абавязкам якіх было выкананне павіннасцей, што патрабавалі спецыяльных навыкаў (цівуны, пушкары, півавары, асочнікі, бортнікі і інш.). Сяляне-слугі былі ў дзяржаўных, прыватных і царкоўных уладаннях, а іх сацыяльны статус быў больш высокі, чым іншых катэгорый сялян;

· па ступені забяспечанасці зямлёй і сродкамі вытворчасці, акрамя вышэйпералічаных катэгорый, якія мелі ў карыстанні зямлю і плацілі падаткі, вылучаюць «людзей лёзны» (асобы без пэўных абавязкаў, пастаяннага месца жыхарства, якія не займаліся карыснай працай), агароднікаў (сяляне, якія сяліліся на невялікіх надзелах зямлі і выконвалі вызначаныя павіннасці); бабылёў-кутнікаў або халупнікаў (беззямельныя сяляне, некаторыя мелі хаты, часам жывёлу і агароды, іншыя нічога не мелі, жылі ў чужых хатах, займаючы кут або камору).

Гісторыю сялянства Беларусі ў складзе ВКЛ вучоныя падзяляюць на два перыяды:

1) ХІІІ – сярэдзіна ХVІ ст. (да валочнай памеры). У гэты час сяляне ў асноўным плацілі даніну вырабамі прадукцыі сельскай гаспадаркі і промыслаў і па свайму становішчу падзяляліся на «людзей пахожых» (мелі права пераходу ад аднаго феадала да другога пасля збору ўраджаю і выплаты ўсіх падаткаў), «людзей непахожых» (страцілі волю і належалі феадалу на аснове вотчыннага права і не маглі яго пакінуць) і «чэлядзь нявольную» (хатніх рабоў);

2) сярэдзіна ХVІ ст., калі, з аднаго боку, пачала шырока выкарыстоўвацца рэнта грашыма, а з другога – паскорыўся перавод сялян на адпрацовачныя павіннасці і юрыдычна аформілася прыгоннае права.

Этапы запрыгоньвання сялянства:

1) ХІІІ−ХV ст. ― канцэнтрацыя зямельнай уласнасці ў руках феадалаў і ўзмацненне гаспадарчай залежнасці сялян ад іх;

2) 1447 г.Прывілей Казіміра Ягелончыка. Паклаў пачатак юрыдычнаму афармленню прыгоннага права. Забараняў феадалам прымаць «чужых» (збеглых) сялян і даваў права феадалам судзіць залежнае насельніцтва;

3) 1468 г.Судзебнік Казіміра Ягелончыка. Сяляне пазбаўляліся права свабоднага пераходу ад аднаго феадала да другога. Прадугледжвалася суровае пакаранне асоб, якія садзейнічалі ўцёкам «чэлядзі нявольнай» і залежных сялян;

4) 1529 г.Першы Статут Вялікага княства Літоўскага. Уведзены 10-гадовы тэрмін земскай даўнасці − «пахожыя» сяляне, якія 10 гадоў пражылі на зямлі аднаго феадала, станавілся «непахожымі». На працягу 10 гадоў дазвалялася вяртаць збеглых «непахожых» людзей у феадальныя маёнткі;

5) 1557 г. ― у адпаведнасці з аграрнай рэформай (валочнай памерай) адбылося пашырэнне фальваркава-паншчыннага спосабу гаспадарання. Паводле «Уставы на валокі» ад 1 красавіка 1557 г., уведзенай Жыгімонтам Аўгустам, селянін і яго маёмасць прызнаваліся ўласнасцю феадала;

6) 1588 г.Трэці Статут ВКЛ. Завяршыў працэс юрыдычнага афармлення прыгоннага права. Сяляне страцілі асабістую свабоду і ператварыліся ў прыгонных («людзей непахожых»).

Такім чынам, у сацыяльнай структуры ВКЛ прывілеяванае становішча мелі свецкія і духоўныя феадалы, яны карысталіся палітычнымі і эканамічнымі правамі. Сярод людзей простага стану ў лепшым становішчы знаходзіліся мяшчане, асабліва заможныя. Сяляне, якія складалі асноўную групу насельніцтва і неслі галоўны цяжар павіннасцей на карысць дзяржавы і феадалаў, фактычна былі бяспраўнымі. Пераход простых людзей у прывілеяваны стан шляхты быў магчымы ў выключных выпадках толькі для багатых сялян і мяшчан, якія неслі ваенную службу.

5. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе ВКЛ. Эканамічнай асновай феадальнага грамадства была сельская гаспадарка, а адносіны, якія ўзнікалі ў сферы дачыненняў да асноўнага сродку вытворчасці ― зямлі, былі галоўнымі фактарамі, якія вызначалі стан эканомікі ў дзяржаве.

Вярхоўным уласнікам усёй зямлі ў ВКЛ лічыўся вялікі князь. Яму належалі так званыя гаспадарскія землі – вялікакняжацкі дамен, які ў ХVІ ст. складаў амаль палову тэрыторыі краіны. Вялікакняжацкі дамен фарміраваўся шляхам далучэння да старых вотчын Гедымінавічаў заваяваных і канфіскаваных зямель, а таксама вымарачных маёнткаў, уладальнікі якіх не пакінулі прамых нашчадкаў па мужчынскай лініі. У другой палове ХVІ ст. з дзяржаўных зямель былі выдзелены сталовыя эканоміі – уладанні, даход з якіх ішоў на ўтрыманне вялікакняжацкага двара («на стол»). На тэрыторыі Беларусі гэта былі Берасцейская, Кобрынская, Гарадзенская і Магілёўская эканоміі.

Да ліку дзяржаўных зямель адносіліся таксама староствы і дзяржавы уладанні, якія звычайна аддаваліся вялікім князем у часовае трыманне феадалам за выкананне пэўнай дзяржаўнай службы з абавязкам выплаты ў скарб чацвёртай часткі даходу – кварты.

Значную ўдзельную вагу ў феадальным землеўладанні ВКЛ мела прыватнае землеўладанне ― уласнасць свецкіх феадалаў (магнатаў, шляхты). Існавала таксама і царкоўная зямельная ўласнасць ― маёнткі каталіцкага касцёла і праваслаўнай (пазней і уніяцкай) царквы і манастыроў. Рост феадальнага землеўладання ў ХІV – першай палове ХVІ ст. адбываўся рознымі шляхамі: вялікакняжацкімі падараваннямі, наданнямі з боку феадалаў васалам і царкве, купляй-продажам, залогам і г. д.

У ХІV – першай палове ХVІ ст. асновай эканамічнага жыцця ВКЛ была сельская гаспадарка. Галоўнымі заняткамі насельніцтва па-ранейшаму заставаліся земляробства і жывёлагадоўля; дапаможнымі ― бортніцтва, паляванне, рыбалоўства, рамяство. Удасканальвалася агратэхніка, двухполле змянялася трохполлем. Асноўнай сельскагаспадарчай культурай было жыта, ураджайнасць якога была сам-3, сам-4, рэдка на добра ўгноеным ворыве ― сам-5. Шырока былі распаўсюджаны ячмень, авёс, проса, грэчка, лён, каноплі.

Сялянская гаспадарка мела назву «дым» і з’яўлялася адзінкай падаткаабкладання. Значную ролю ў сялянскім жыцці адыгрывала абшчына (грамада). Яна арганізоўвала сялянскае землекарыстанне і выплату феадальнай рэнты. Кіравалі абшчынай старцы, якія выбіраліся на сельскім сходзе. Адказнасць абшчыны забяспечвалася кругавой парукай («адзін за ўсіх і ўсе за аднаго»). У абшчынным землекарыстанні былі выганы, лугі, сенажаці, рыбныя ловы і інш. У некаторых выпадках абшчына абараняла сялян ад сваволля феадалаў, вырашала спрэчныя пытанні абшчынным («копным») судом.

За карыстанне зямельнымі надзеламі сяляне абавязаны былі выконваць шматлікія павіннасці, характар і доля якіх мяняліся па меры развіцця феадальных адносін. Асноўныя віды феадальнай рэнты: даніна, чынш, паншчына;дадатковыя віды адпрацовачных павіннасцей: талокі, гвалты, шарваркі, падводная павіннасць і інш.

У канцы ХV ст. з развіццём таварна-грашовых адносін і павелічэннем на рынках попыту на сельскагаспадарчую прадукцыю пачалася рэарганізацыя гаспадаркі феадалаў, пры якой частка сялян пераводзілася з даніны на паншчыну, а другая – на грашовыя плацяжы (чынш).

6. Гарады Беларусі ў ХІV–ХVІ ст. У сацыяльна-эканамічных працэсах, якія адбываліся ў разглядаемы перыяд на землях Беларусі, важную ролю адыгрывалі гарады. У выніку грамадскага падзелу працы, росту абмену прадукцыяй сельскай гаспадаркі і рамеснымі вырабамі, спецыялізацыі і пашырэння рамеснай вытворчасці і развіцця гандлю роля гарадоў узрастала. У першай палове ХVІ ст. на землях Беларусі адбывалася ўрбанізацыя – хуткі рост гарадоў і павелічэнне ў іх колькасці насельніцтва. Гарадское насельніцтва папаўнялася як у выніку натуральнага прыросту, так і за кошт сялян-уцекачоў, якія за гарадскімі сценамі атрымлівалі абарону з боку магістрата. З мэтай павелічэння ўласных прыбыткаў феадалы таксама перасялялі сваіх прыгонных рамеснікаў у гарады. Такім чынам утвараліся юрыдыкі – асобныя кварталы, якія знаходзіліся ва ўласнасці феадала і на якія не распаўсюджваліся паўнамоцтвы магістрата.

У першай палове ХVІ ст. у Беларусі было каля 40 гарадоў, якія можна падзяліць на тры групы:

1) буйныя гарады з насельніцтвам больш за 10 тыс. чалавек (Полацк, Віцебск, Берасце, Магілёў, Слуцк);

2) сярэднія гарады з колькасцю насельніцтва ад 3 да 10 тыс. чалавек (Менск, Гародня, Орша, Быхаў);

3) малыя гарады, у якіх пражывала ад 1,5 да 3 тыс. жыхароў (Бабруйск, Барысаў, Слонім, Кобрын).

Своеасаблівым тыпам паселішчаў у ВКЛ з’яўляліся мястэчкі. Яны займалі прамежкавае становішча паміж сельскімі населенымі пунктамі і гарадамі. У мястэчках звычайна налічвалася менш за 1,5 тыс. чалавек, і, у адрозненне ад гараджан, людзі ў іх займаліся пераважна сельскай гаспадаркай. Разам з тым неад’емнай часткай эканамічнага жыцця мястэчак з’яўляліся рамяство і гандаль. У ХVІ ст. на землях Беларусі было звыш за 400 мястэчак, пераважная большасць з якіх былі ўтвораны на землях феадалаў і з’яўлялася цэнтрамі феадальных маёнткаў.

Па-ранейшаму гарады выконвалі шмат функцый, галоўнай з якіх была гандлёва-рамесная. З мэтай абароны сваёй вытворчасці ад канкурэнцыі іншаземных купцоў і рамеснікаў феадальных юрыдык майстры адной ці сумежных спецыяльнасцей у магдэбургскіх гарадах аб’ядноўваліся ў саюзы, якія назваліся сотні, брацтвы, а з канца ХVІ ст. – цэхі. У цэх прымалі людзей «дабрачынных ды жанатых», якія не былі «п’яніцамі ці гульцамі ў косці». На чале цэха стаялі майстры-прафесіяналы, якія мелі свае рамесныя майстэрні. Акрамя іх, у цэх уваходзілі іх вучні, якія працавалі на майстра «за хлеб і навуку», а таксама падмайстры, якія ўжо авалодалі пэўнымі навыкамі, і, каб стаць майстрамі, ім неабходна было зрабіць так званую «штуку» («шэдэўр»). Цэхі рэгламентавалі выпуск, якасць, кошты і збыт прадукцыі. Рамеснікі, якія не ўваходзілі ў цэх, называліся партачамі, і іх вырабы прадаваліся па вельмі нізкіх коштах.

Падводзячы вынікі, неабходна заўважыць, што развіццё аграрных адносін, рост гарадоў, а таксама грамадскія працэсы на землях Беларусі сведчылі аб параўнальна высокай ступені сацыяльна-эканамічнага развіцця тагачаснай Беларусі.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ І ПАНЯЦЦІ

Гвалты – пільныя неадкладныя работы, выкліканыя стыхійнымі бедствамі, пажарамі, паводкамі і інш.

Дзяржавы – дзяржаўныя зямельныя ўладанні, як правіла, невялікіх памераў, якія здаваліся скарбам у трыманне розным асобам на вызначаных умовах.

Магдэбургскае права – права горада на самакіраванне, якое ўзнікла ў ХІІІ ст. у горадзе Магдэбург і дзейнічала ў гарадах Усходняй Германіі, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Прыгоннае права − сістэма юрыдычных норм, якія замацоўвалі пазямельную, судовую і асабістую (пазаэканамічны прымус) залежнасць сялян ад феадалаў і дзяржавы. Прыгонныя сяляне надзяляліся зямлёй, за што выконвалі на карысць феадала павіннасці і былі пазбаўлены палітычных правоў.

Сталовыя эканоміі – буйныя дзяржаўныя ўладанні ў ВКЛ, даход з якіх ішоў на забеспячэнне вялікакняжацкага двара і асабістыя патрэбы князя («на стол»).

Староствы – дзяржаўныя маёнткі ў ВКЛ, якія князь даваў у часовае карыстанне феадалам за службу.

Талака – народны звычай калектыўнай працы, які быў выкарыстаны феадаламі для прыцягнення сялян да тэрміновай прымусовай працы ў час жніва, касьбы, ворыва.

Урбанізацыя – працэс павелічэння колькасці гарадскога насельніцтва і ў цэлым ролі гарадоў у жыцці грамадства.

Цэх – аб’яднанне рамеснікаў адной або сумежных спецыяльнасцяў у сярэднявечных гарадах для абароны сваіх прафесійных інтарэсаў.

Шарваркі – работы па рамонту і будаўніцтву дарог, мастоў.

 

ХРАНАЛОГІЯ ПАДЗЕЙ

1246 г. – Міндоўг прыняў праваслаўе і стаў Наваградскім князем.

1362 г. – разгром Альгердам мангола-татар на рацэ Сінія Воды.

1368 г., 1370 г., 1372 г. – ваенныя паходы Альгерда на Маскву.

1385 г. – заключэнне Крэўскай уніі.

1399 г. – паражэнне войска ВКЛ ад татар у бітве на рацэ Ворскле.

1409–1411 г. ­– «Вялікая вайна» ВКЛ і Польскага каралеўства супраць Тэўтонскага ордэна.

1410 г. – Грунвальдская бітва ― асноўная бітва «Вялікай вайны», якая скончылася паражэннем Тэўтонскага ордэна.

1413 г. – заключэнне Гарадзельскай уніі.

1432–1436 г. – грамадзянская вайна ў ВКЛ.

1447 г. – Прывілей Казіміра Ягелончыка, які замацаваў шырокія правы баяр ВКЛ у палітычным, сацыяльным і эканамічным жыцці дзяржавы.

1468 г. – першы кодэкс крымінальна-працэсуальнага права ў ВКЛ, складзены на аснове мясцовага звычаёвага права і судова-адміністрацыйнай практыкі.

КАНТРОЛЬНЫЯ ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Вызначце па ступені значнасці і ахарактарызуйце прычыны ўтварэння Вялікага княства Літоўскага.

2. Складзіце табліцу «Дзейнасць вялікіх князёў літоўскіх у другой палове ХІІІ–ХV ст.» па ўзору:

 

Вялікі князь Гады кіравання Асноўныя дасягненні ва ўнутранай палітыцы Асноўныя накірункі і падзеі знешняй палітыкі
       

 

3. Прадстаўце ў выглядзе схем:

а) органы дзяржаўнага кіравання ВКЛ;

б) грамадскую структуру ВКЛ;

в) катэгорыі залежных сялян.

 

ПРЫКЛАДНАЯ ТЭМАТЫКА РЭФЕРАТАЎ

 

1. Гістарыяграфічныя канцэпцыі ўтварэння ВКЛ.

2. Грашовая і крэдытная сістэмы ў ВКЛ у ХІV–ХVІ ст.

3. Эвалюцыя дзяржаўнага ладу Вялікага княства Літоўскага ў ХІV–ХV ст.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Беларускія летапісы і хронікі. – Мінск, 1997.

2. Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. – Мінск, 1998.

3. Ермаловіч М.І. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. – Мінск, 2000.

4. Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в ХVІ ­– первой половине ХVІІ вв. – Минск, 1966.

5. Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. – Мінск, 1998.

6. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. – Мінск, 1994-1995.

7. Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. – Мінск, 1993.

8. Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVІІІ стагоддзя. – Мінск, 2001.

9. Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. – Мінск, 1992.

 

Тэма 4. Эканамічнае, палітычнае і культурнае развіццё Беларусі

ў ХVІ – першай палове ХVІІ ст.

1. Палітычная сітуацыя ў ВКЛ у першай палове ХVІ ст.

2. Лівонская вайна. Люблінская унія і ўтварэнне Рэчы Паспалітай.

3. Валочная памера ― аграрная рэформа сярэдзіны ХVІ ст.

4. Уплыў ідэй Адраджэння на культуру Беларусі ў ХVІ ст. – першай

палове ХVІІ ст.

5. Рэфармацыя ў Беларусі і Берасцейская царкоўная унія.

6. Палітычная сітуацыя на землях Беларусі ў першай палове ХVІІ ст.

1. Палітычная сітуацыя ў ВКЛ у першай палове ХVІ ст. Канец ХV – пачатак ХVІ ст. характарызаваўся абвастрэннем унутрыпалітычнай сітуацыі ў ВКЛ. Краевугольным каменем заставалася рэлігійнае пытанне. Гэта ярка праявілася падчас мецяжу Міхала Глінскага (1508). Міхал Глінскі з’яўляўся дарадцам вялікага князя Аляксандра, а пасля яго смерці страціў свой уплыў пры двары Жыгімонта Старога (1506−1548). Нежаданне мірыцца з другарадным становішчам стала асноўнай прычынай мецяжу. У пошуку прыхільнікаў Глінскі рабіў стаўку на праваслаўных феадалаў, незадаволеных пракаталіцкай палітыкай урада. Ён распаўсюджваў чуткі, што ўсіх праваслаўных гвалтоўна будуць пераводзіць у каталіцтва. Глінскі атрымаў падтрымку з боку маскоўскага князя Васіля ІІІ. І хоць мяцеж быў падаўлены, а яго ўдзельнікі жорстка пакараны, аднак ён чарговы раз засведчыў небяспеку нявырашанасці рэлігійнай праблемы ў ВКЛ.

Унутраныя супярэчнасці ўскладняліся напружаным знешнепалітычным становішчам. У першай палове ХVІ ст. небяспеку для ВКЛ прадстаўлялі крымскія татары. Каб адкупіцца ад іх набегаў, ВКЛ выплочвала Крымскаму ханству спецыяльны падатак − ардыншчыну, але гэта не ратавала паўднёвыя і ўсходнія землі Княства. У 1502 г. беларуска-літоўскае войска разбіла татар на рацэ Уша, у 1503 г. − каля Давыд-Гарадка, а ў 1506 г. нанесла паражэнне пад Клецкам. Усяго за першую палову ХVІ ст. крымскія татары здзейснілі каля 50 набегаў на землі ВКЛ.

Галоўным накірункам знешняй палітыкі ў ХVІ ст. стала зацяжная ваенна-палітычная барацьба з Маскоўскай дзяржавай за дамінаванне ва Усходняй Еўропе. З канца ХV ст. Маскоўскае княства ўзяло на сябе ролю спадкаемцы Кіева, а пасля жаніцьбы Івана ІІІ на дачцэ візантыйскага імператара абвясціла сябе і заступнікам усіх праваслаўных хрысціян ва Усходняй Еўропе. У 80–90-я г. ХV ст. на бок Маскоўскай дзяржавы перайшлі шмат праваслаўных феадалаў ВКЛ разам са сваімі ўдзеламі, а на пачатку ХVІ ст. пачалося адкрытае супрацьстаянне Масквы і Вільні. У першай палове ХVІ ст. адбыліся чатыры вайны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай (1500–1503; 1507–1508; 1512–1522; 1534–1537). Ініцыятарам ваенных канфліктаў было Маскоўскае княства, якое і


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: