Кантрольныя пытанні да тэмы№20

Пастанова ЦК ВКП(б) «Аб часопісах «Звязда» і «Ленінград»; «нацыяналізм» і «касмапалітызм»; дыскусія па мовазнаўству 1950 г.; усеагульнае сямігадовае навучанне; “сацыялістычны рэалізм”; ансамбль Плошчы Перамогі; манументалізм – “сталінскі ампір”; генпланы рэканструкцыі гарадоў; рэабілітацыя дзеячаў навукі і культуры; “адліга”; фундаментальныя даследаванні ў навуке; гістарычная праблематыка ў літаратуры; кінастудыя «Беларусьфільм»; беларуская школа балета; вакальна-інструментальныя ансамблі; мемарыяльныя ансамблі; фестывалі мастацтваў; культура беларускага замежжа.

Лекцыя 20. Культура Беларусі ў другой палове ХХ стагоддзя

ТЭМА 20. КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ XX СТАГОДДЗЯ

Кантрольныя пытанні да тэмы№19

1. Чым характаразуюцца першыя пасляваенныя гады ва ўнутранным жыцці БССР?

2. Хто такі Цанава і чым ён вядомы ў гісторыі Беларусі?

3. Дзеля чаго БССР было дазволена выходзіць на міжнародныя зносіны?

4. Калі быў асуджаны культ асобы Сталіна?

5. Калі беларускую партыйную арганізацыю пасля перапынку ўзначаліў беларус? Хто гэта быў?

6. Якія дадатковыя правы набылі рэспублікі ў 1950-1960-я гады?

7. Калі была прынята Канстытуцыя развітога сацыялізму і чым яна адрознівалася ад іншых?

8. У чым была сутнасць палітыкі “перабудовы”?

9. Калі на Беларусі прайшлі першыя выбары на безальтэрнатыўнай аснове ў Вярхоўны Савет БССР?

10. Дзеля чаго ў канцы 1950-х ствараліся саўнаргасы? Які вынікі мела гэта рэформа?

11. У чым была сутнасць гаспадарчых рэформ А.М.Касыгіна? як яны праявіліся ў БССР?


Асноўныя паняцці:

За гады 2-й сусветнай вайны была знішчана амаль уся матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў навукі і культуры, не прыйшлі з вайны многія адукаваныя і прафесійна падрыхтаваныя людзі. У такіх умовах адразу пасля вызвалення пачынаецца культурнае аднаўленне БССР.

Але першыя пасляваенныя гады адзначыліся новай хваляй шырокамаштабных рэпрэсій на Беларусі, звязаных з дзейнасцю паплечніка Берыі Я.Цанавы. На 25 год лагероў была асуджана Ларыса Геніюш. Зноў арыштаваны пісьменнікі А.Александровіч, Б.Мікуліч, А.Пальчэўскі, С.Грахоўскі, С.Шушкевіч, А.Звонак і інш. У аснову кампаніі супраць інтэлігенцыі была пакладзена пастанова ЦК ВКП(б) Аб часопісах " Звязда ” і “ Ленінград ” (1946) і інш. Для актывізацыі барацьбы з “ нацыяналізмам ” і “ касмапалітызмам ” у БССР быў прысланы прадстаўнік ЦК кампартыі М.Гусараў. Крытыкаваліся як асобныя творцы (М.Танк, К.Буйло), так і цэлыя выданні. У скажэнні жыцця беларускай вёскі быў абвінавачаны і зняты з пасады рэдактара часопіса “Маладосць” аўтар аповесці “Дабрасельцы” А.Кулакоўскі. Наступленне накіроўвалася і на дзеячаў беларускай навукі. Ад яго пацярпелі прэзідэнт АН БССР А.Жэбрак (1947), славуты генетык, які не падтрымліваў лысенкаўскія метады ў біялогіі; наркам асветы П.Саевіч (1951), абвінавачаны ў “югаслаўскім шпіянажы”. Ішоў працэс падпарадкавання партыі ўсіх сфер жыцця. Рэальную ўладу ўтрымлівалі партыйныя камітэты. Узмацняліся русіфікатарскія тэндэнцыі ў палітыцы цэнтральных органаў улады, гэтаму спрыяла дзейнасць на Беларусі прысланых з Масквы партыйных і савецкіх работнікаў, асабліва пасля дыскусіі па мовазнаўстве ў 1950 г.

Але адбывалася аднаўленне сістэмы адукацыі. Да 1950 г. ўдалося аднавіць даваенную сетку агульнаадукацыйных школ, ішло павелічэнне колькасці сярэдніх школ. Да сярэдзіны 50-х гг. быў завершаны пераход да ўсеагульнага сямігадовага навучання. У 1944-1945 гг. працавалі 22 ВНУ. Хутка адраджалася акадэмічная навука, флагманам якой стала аднавіўшая сваю работу ў 1944 г. АН БССР. К канцу 1950 г. ў рэспубліцы дзейнічала 77 навуковых устаноў.

Развіццё беларускай літаратуры ішло ў вельмі складаных умовах. Дыктат камуністычнай партыі, перавага стылю “ сацыялістычнага рэалізму ” прывёў да таго, што многія літаратурныя творы вызначаліся бесканфліктнасцю і ідэалізацыяй савецкага ладу (раманы А.Стаховіча, М.Паслядовіча і інш.). Галоўная тэма беларускай літаратуры – гэта вайна (І.Мележ, М.Лынькоў, І.Шамякін і інш). Гэтаму ж былі прысвечаны і першыя пасляваенныя п’есы К.Крапівы, А.Маўзона, А.Кучара.

Тэатральнае мастацтва таксама адчувала на сабе ўціск партыйнага кіраўніцтва. Калі ў сезоне 1944-45 гг. у БССР працавала 12 тэатраў, то ў 1950 г. іх засталося толькі 8. У касмапалітызме былі абвінавачаны тэатральныя рэжысёры В.Галаўчынер, Я.Рамановіч. Пачаліся нападкі на п’есы А.Макаёнка, оперу Я.Цікоцкага “Алеся”, кампазітара П.Падкавырава. У той жа час на сцэне ззялі таленты актораў Б.Платонава, Г.Глебава, Л.Ржэцкай, Л.Аляксандроўскай.

Адной з галоўных тэм мастацтва становіцца гераізм савецкіх людзей у гады вайны, увасабленне героя з багатым унутраным светам. Героіку савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны ўвасабляюць мастакі Я.Ціхановіч, І.Давідовіч, Я.Зайцаў, В.Волкаў. З пачатку 50-х гадоў пачынаюць набываць папулярнасць жанравыя карціны (Г.Бржазоўскі, А. і І.Ткачовы, П.Гаўрыленка). Ярка праявіўся талент скульптара З.Азгура. Ён стварае цэлую серыю партрэтаў гістарычных дзеячаў і герояў сучаснасці. Значным дасягненнем стаў ансамбль Плошчы Перамогі (1954), створаны З.Азгурам, А.Бембелем, А.Глебавым, С.Селіханавым.

Манументалізмам адзначаецца і пасляваенная архітэктура (кампазіцыі праспекта Скарыны, Прывакзальнай плошчы). Пануе так званы імперскі стыль – “ сталінскі ампір ”. Ствараюцца генпланы рэканструкцыі гарадоў. Значная ўвага надаецца аднаўленню прамысловых прадпрыемстваў і жылога фонду (пераважна малапавярховыя дамы). Такім чынам, асаблівасцю пасляваеннага развіцця культуры стаў партыйны дыктат, барацьба з прагрэсіўнай інтэлігенцыяй, русіфікацыя. Але важна адзначыць, што адбылося аднаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы адукацыі, навукі і культуры.

Супярэчлівы характар насіла культурнае жыццё рэспублікі і ў далейшы перыяд: 50-80 гады ХХ ст. З аднаго боку, ішла дэмакратызацыя, звязаная з наступленнем “ адлігі ”, рэабілітацыя дзеячаў навукі і культуры, аслабленне партыйнага ўціску, а з другога, – русіфікацыя ўсіх сфер жыцця, абгрунтаваная тэзісам аб пабудове камуністычнага грамадства, дзе будуць зліты мовы і культуры ўсіх савецкіх народаў, ваяўнічы атэізм, шаблоннасць. У адукацыі ў гэты час праходзіць некалькі рэформ. У 1958 г. адбываецца пераход да ўсеагульнага 8-гадовага навучання і ўвядзенне ў сярэдняй школе адзінаццацігадовага тэрміну з вытворчым навучаннем. Дзесяцігадовае навучанне вярнулася ў
1964-1984 гг., а ў 70-я гг. была ўведзена ўсеагульная сярэдняя адукацыя моладзі. У прафесійна-тэхнічнай адукацыі стваралася адзіная сістэма гарадскіх і сельскіх прафесійна-тэхнічных вучылішчаў. У 1950 г. ў БССР працавала больш за сто тэхнікумаў, 29 ВНУ. Але вышэйшая і сярэдняя спецыяльная адукацыя адзначалася экстэнсіўнасцю, калі пры пастаянным павелічэнні колькасці выпускнікоў не заўсёды захоўвалася якасць іх навучання.

Адной з адмоўных рыс адукацыі таго часу стала звужэнне сферы выкарыстання беларускай мовы. У БССР не было ніводнай сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай навучання. Бацькі атрымалі права вызваляць дзяцей ад вывучэння беларускай мовы ў школе. Дапускалася выкладанне беларускай мовы па-руску. У сярэдзіне 80-х гг. усяго каля 19% дзіцячых садкоў і 23% школ працавалі на беларускай мове. У выніку такой моўнай палітыкі стварыліся вельмі неспрыяльныя ўмовы для развіцця беларускай культуры.

Навука гэтага перыяду характарызуецца станаўленнем фундаментальных даследаванняў. У сістэме АН БССР адкрываюцца інстытуты фізікі і матэматыкі, генетыкі, цепла- і масаабмену і інш. Ствараюцца цэлыя навуковыя школы (у галіне звычайных дыфференцыяльных ураўненняў — школа Н.П.Яругіна, спектраскапіі і лазераў – Б.І.Сцяпанава, цепла- і масапераносу – А.В.Лыкава, тэарэтычнай фізікі – Ф.І.Фёдарава, антрапагенэзу – Г.І.Гарэцкага, кардыялогіі – Г.І.Сідарэнкі, вылічальнай матэматыкі – У.І.Крылова, геалогіі і тэктонікі – Р.Г.Гарэцкага). Шырока вядомымі ў свеце сталі біёлаг В.Купрэвіч, матэматык У.Платонаў, фізік М.Барысевіч. Пераважнае развіццё ў рэспубліцы атрымалі тэхнічная і фізіка-матэматычная навукі, што звязана з развіццём навукова-тэхнічнага прагрэсу. Аднак толькі нямногія навуковыя распрацоўкі знаходзілі прымяненне на практыцы.

У беларускім рэчышчы развіваецца літаратура. Узмацняецца яе сувязь з жыццём. Але захоўваецца партыйнае кіраўніцтва, цэнзура, асабліва пашыраныя ў другой палове 60-х гг. У якасці вядучага жанру прозы ўсталёўваецца раман. Галоўнай застаецца тэма мінулай вайны, але зараз мастакі слова большую ўвагу надаюць раскрыццю ўнутранага свету чалавека ў такіх экстрэмальных умовах (раманы А.Адамовіча, В.Быкава, І.Навуменкі, І.Чыгрынава, дакументалістыка С.Алексіевіч і інш.). Гістарычная праблематыка таксама прыцягвае да сябе пільную ўвагу (раманы Л.Дайнекі, В.Іпатавай, У.Караткевіча, К.Тарасава, п’есы А.Макаёнка, А.Петрашкевіча).

Шмат твораў прысвячалася праблемам сацыялістычнай рэчаіснасці (Я.Брыль, Г.Далідовіч, К.Крапіва, І.Мележ, І.Шамякін). Паэзія адзначана творамі Р.Барадуліна, П.Броўкі, Н.Гілевіча, П.Глебкі, П.Панчанкі і інш. Беларускія літаратары цесна супрацоўнічалі з кінастудыяй “ Беларусьфільм ”, якая аднавіла сваю работу ў 1944 г. Кожны год на ёй выпускалася каля 70 фільмаў розных накірункаў. Сярод найбольш вядомых – мастацкія стужкі “Міколка-паравоз”, “Белыя росы”, “Крушэнне імперыі”, “Альпійская балада”.

З 60-х гг. беларускія тэатры захапляюцца маральна-этычнай праблематыкай. Ставяцца п’есы беларускіх драматургаў (А.Дударава, А.Макаёнка, М.Матукоўскага), рускіх і сусветных класікаў, савецкіх аўтараў. Сусветнае прызнанне атрымлівае балетная трупа Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета пад кіраўніцтвам В.Елізар’ева, свайго роду заснавальніка беларускай школы балета ("Стварэнне свету" А.Пятрова і інш.). К сярэдзіне 80-х гг. у БССР працавалі 2 музычныя, 6 лялечных, 9 драматычных тэатраў, але толькі тры з іх былі беларускамоўныя.

У музычным мастацтве развіваюцца жанры сімфоніі і інструментальнай музыкі (кампазітары У.Алоўнікаў, М.Аладаў, А.Багатыроў, І.Лучанок, У.Мулявін, П.Падкавыраў, Я.Цікоцкі). Наладжваецца цеснае супрацоўніцтва з тэатрамі (оперы М.Аладава, Дз.Лукаса, Р.Пукста, Дз.Смольскага, Ю.Семянякі). Кампазітары звяртаюцца да ваенна-патрыятычнай тэматыкі, увасаблення вобразаў рэальных гістарычных асоб. Большасць кампазітараў працуе ў розных жанрах. У 70-80-я гг. з’яўляюцца новыя тыпы музычных і танцавальных калектываў (вакальна-інструментальныя ансамблі “Песняры”, “Верасы”, “Сябры”, фальклорна-харэаграфічны ансамбль “Харошкі”).

Дзяржава садзейнічае масаваму развіццю самадзейнай мастацкай творчасці: многія аматарскія калектывы сталі вядомы далёка за межамі рэспублікі. У 1983-1985 гг. у БССР было створана 652 калектывы мастацкай самадзейнасці, якія аб’ядноўвалі 18 тысяч удзельнікаў.

У гады “адлігі” пачалі сваю працу таленавітыя мастакі А.Кішчанка, Я.Шчамялёў, Г.Вашчанка, У.Стальмашонак, М.Савіцкі. Пашыраецца так званы “суровы стыль”, які праўдзіва адлюстроўвае жыццё (М.Савіцкі — цыкл “Лічбы на сэрцы” і інш. работы). Пераважае ваенная (М.Данцыг, В.Грамыка) і гістарычная (А.Марачкін, Я.Шчамялёў) тэматыка. Ствараюцца цэлыя серыі партрэтаў знакамітых людзей Беларусі (З.Паўлоўскі, У.Стальмашонак, І.Ахрэмчык, В.Сахненка). У 50-60 гг. набывае папулярнасць новы жанр гарадскога пейзажа (П.Масленікаў, М.Данцыг), развіваецца нацюрморт (В.Жалток, Я.Радзялоўская, С.Каткова). Але некаторыя мастакі, нязгодныя з стэрэатыпнасцю ў жывапісе, вымушаны былі пакінуць краіну і набылі шырокую вядомасць за яе межамі (В.Баброў, А.Ісачоў, Н.Паўлоўскі, г.Хацкевіч). У выяўленчым мастацтве замацавалася сістэма творчых заказаў, што, безумоўна, зніжала ўзровень мастацкіх твораў. Беларуская графіка гэтага часу прадстаўлена серыямі па гісторыі і сучаснасці, з выкарыстаннем розных прыёмаў (работы У.Басалыгі, С.Геруса, В.Шаранговіча).

Значныя змены адбываюцца ў гэты час у архітэктуры. Пачынаецца масавае будаўніцтва жылля; распрацоўваюцца генпланы забудовы гарадоў, у якіх плануецца месца пад цэлыя жылыя раёны і мікрараёны. Распаўсюджваецца буйнапанэльнае будаўніцтва. Хуткія тэмпы, імкненне да зніжэння кошту жылля прывялі да тыпізацыі забудовы; гарады страцілі сваё адметнае аблічча. У 70-я гг. паступова пераадольваецца жорсткі рацыяналізм, выкарыстоўваюцца новыя праекты на аснове блок-секцыйных метадаў. Знешні выгляд гарадоў вызначаюць буйныя прамысловыя комплексы. Новым аб’ектам для беларускіх будаўнікоў становіцца сталічны метрапалітэн (з 1977 г.). Архітэктары працуюць над стварэннем мемарыяльных ансамбляў і комплексаў (манумент “Мінск — горад- герой”, комплексы “Хатынь”, “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Прарыў”).

У той жа час у сярэдзіне 50-х гг. узмацнілася палітыка канфрантацыі дзяржавы ў адносінах да рэлігіі і вернікаў, што звязана з ідэяй пабудовы на працягу аднаго пакалення ў краіне камунізму, дзе рэлігіі няма месца. Пасля пастановы СМ СССР (1961 г.) пачалася кампанія па масавым закрыцці і нават знішчэнні храмаў, рэпрэсіі ў адносінах да служыцеляў культаў.

Культура БССР сярэдзіны 50-80 гг. была цесна звязана з культурамі саюзных рэспублік і краін сацыялістычнага лагера. Ладзіліся тыдні і дэкады культуры Беларусі ў іншых краінах, фестывалі мастацтваў (“Дружба народаў”, “Беларуская музычная восень” і інш.), на гастролі выязжалі славутыя беларускія творцы, умацоўваліся сувязі творчых саюзаў і мастацкіх калектываў.

Неад’емнай часткай агульнай беларускай культуры з'яўляецца культура беларускага замежжа. Далёка ад радзімы працуюць таленавітыя навукоўцы і творцы: нобелеўскі лаўрэат, вучоны І.Прыгожын, літаратары Н.Арсеннева, М.Сяднёў, М.Галіна (родны брат Я.Коласа), У.Дудзіцкі, Р.Жук-Грышкевіч, архітэктар і мастак М.Навумовіч, гісторыкі Я.Запруднік, В.Жук-Грышкевіч, літаратуразнаўца З.Кіпель, дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку В.Кіпель і многія іншыя.

Такім чынам, беларуская культура перыяду 40-80 гг. прайшла вельмі складаны і цяжкі шлях праз празмернае партыйна-савецкае кіраўніцтва, класавы падыход. Абмяжоўвалася свабода творчасці, і, што найбольш цяжка для нацыянальнай культуры, выцісканне беларускай мовы было ўведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Культура, навука і адукацыя не атрымлівалі дастатковага фінансавання, што сур’ёзна адбілася на іх узроўні і якасці. У той жа час увесь свет ведае нашых навукоўцаў, літаратараў, мастакоў, акцёраў, што сведчыць аб глыбіні і высокім прафесійным узроўні культуры.

1. Якая пастанова 1940-х гадоў была пакладзена ў аснову праследвання савецкай інтэлігенцыі?

2. Як у 40-я гады адбывалася адраджэнне сістэмы адукацыі?

3. Якая тэма ў беларускай літаратуры 1940-1950-х гадоў была галоўнай?

4. Якая тэма была галоўнай у вяўленчым мастацтве пасляваеннага дзесяцігоддзя?

5. Якія адмоўныя рысы наглядаліся ў развіцці беларускай культуры 50-60-х гадоў?

6. Хто распрацоўваў гістарычную праблематыку ў беларускай літаратуры 70-80-х гадоў?

7. Які стыль панаваў у манументальных пабудовах пасляваеннага дзесяцігоддзя?

8. Які вядучы жанр прозы акрэсліўся ў 1960-я гады?

9. Якія вакальна-інструментальныя ансамблі з’явіліся ў 70-80-я гады?



Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: