Артыкул 12. Музейная дзейнасць

 1. Музейная дзейнасць ажыццяўляецца музеямі і ўключае ў сябе наступныя віды:

1.1. выяўленне прадметаў музейнага значэння;

1.2. камплектаванне музейных фондаў;

1.3. улік музейных прадметаў і музейных калекцый;

1.4. захоўванне музейных прадметаў і музейных калекцый, забеспячэнне іх цэласнасці і захаванасці;

1.5. вывучэнне музейных прадметаў і музейных калекцый, у тым ліку правядзенне на іх аснове навуковых даследаванняў архіўных, бібліятэчных і іншых крыніц;

1.6. навуковую інвентарызацыю і каталагізацыю музейных прадметаў і музейных калекцый;

1.7. навуковае і мастацкае праектаванне, стварэнне на аснове музейных фондаў экспазіцый і выставак;

1.8. экскурсійнае абслугоўванне наведвальнікаў музеяў;

1.9. культурна-асветніцкую дзейнасць, звязаную з музейнымі прадметамі і музейнымі калекцыямі;

1.10. папулярызацыю музейных прадметаў і музейных калекцый, у тым ліку шляхам публічнага іх прадстаўлення, публікацыі адпаведных матэрыялаў;

1.11. правядзенне навукова-практычных семінараў і канферэнцый, іншых мерапрыемстваў у сферы музейнай справы;

1.12. кансервацыю і рэстаўрацыю музейных прадметаў і музейных калекцый.

2. Юрыдычныя асобы, якія не з’яўляюцца музеямі, а таксама фізічныя асобы могуць рэалізоўваць асобныя віды музейнай дзейнасці.

  

Артыкул 13. Экспазіцыі і выстаўкі музеяў

1. У музеях на аснове ўласных музейных фондаў ствараюцца пастаянныя і часовыя экспазіцыі і выстаўкі.

2. Парадак стварэння і адкрыцця экспазіцый і выставак музеяў устанаўліваецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

  

Артыкул 14. Правы і абавязкі музеяў

1. Музеі маюць права на:

1.1. дакументаванне ўсіх з’яў айчыннай і замежнай гісторыі і культуры незалежна ад іх палітычнай, ідэалагічнай, гаспадарчай, сацыяльнай або іншай накіраванасці, за выключэннем з’яў, звесткі аб якіх з’яўляюцца дзяржаўнай або іншай ахоўваемай законам тайнай;

1.2. арганізацыю і правядзенне навукова-даследчых экспедыцый для забеспячэння камплектавання музейных фондаў, а таксама на выяўленне прадметаў музейнага значэння іншым спосабам, які не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь;

1.3. ажыццяўленне ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадпрымальніцкай і (або) іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, у тым ліку аказанне платных паслуг;

1.4. працу ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у архівах, бібліятэках і іншых арганізацыях.

2. Музеі абавязаны:

2.1. садзейнічаць рэалізацыі правоў наведвальнікаў музеяў, прадугледжаных гэтым Законам;

2.2. абслугоўваць наведвальнікаў музеяў у адпаведнасці са статутам музея або палажэннем аб структурным падраздзяленні юрыдычнай асобы;

   2.3. пашыраць доступ наведвальнікаў да музейных прадметаў і музейных калекцый;

2.4. забяспечваць цэласнасць і захаванасць музейных прадметаў і музейных калекцый;

2.5. рабіць справаздачы перад органамі дзяржаўнага кіравання ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

2.6. забяспечваць падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне квалiфiкацыi музейных работнікаў;

2.7. прадастаўляць у адпаведнасці з гэтым Законам асобным катэгорыям грамадзян права бясплатнага (ільготнага) наведвання экспазіцый і выставак, створаных на аснове ўласных музейных фондаў;

2.8. разглядаць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь звароты грамадзян.

                                 

ГЛАВА 3

АСАБЛІВАСЦІ ПРАВАВОГА СТАНОВІШЧА І ПАРАДКУ ДЗЕЙНАСЦІ НЕКАТОРЫХ МУЗЕЯЎ

                                    

Артыкул 15. Гісторыка-культурныя музеі-запаведнікі

            

1. Комплексы і ансамблі нерухомых матэрыяльных гісторыка- культурных каштоўнасцей, якія маюць асаблівае культурнае, гістарычнае, навуковае і (або) мастацкае значэнне, разам з тэрыторыяй, гістарычна і культурна звязанай з імі, па прадстаўленню Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама па прадстаўленнях іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання,

абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, узгодненых з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, ва ўстаноўленым парадку могуць быць аб’яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь або па яго даручэнню Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь гісторыка- культурнымі музеямі-запаведнікамі.

2. Межы гісторыка-культурных музеяў-запаведнікаў, асаблівасці іх прававога становішча, аховы і выкарыстання вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

3. Ахова нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія ўваходзяць у склад гісторыка-культурных музеяў- запаведнікаў, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

  

Артыкул 16. Нацыянальныя музеі

1. Музеям, зарэгістраваным як юрыдычныя асобы, маёмасць якіх знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці, можа быць прысвоены статус «нацыянальны» пры ўмове ўнясення імі значнага ўкладу ў развіццё музейнай справы Рэспублікі Беларусь.

2. Парадак прысваення, перыядычнага пацвярджэння, пазбаўлення статусу «нацыянальны» і асаблівасці прававога становішча музея з такім статусам вызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

  

Артыкул 17. Народныя музеі

1. Музеям, якія ўваходзяць у склад юрыдычнай асобы ў якасці структурных падраздзяленняў, можа быць прысвоены статус «народны» пры ўмове ажыццяўлення імі на адпаведным прафесійным узроўні музейнай дзейнасці не менш чым дзесяць гадоў.

2. Парадак прысваення, перыядычнага пацвярджэння, пазбаўлення статусу «народны» і асаблівасці прававога становішча музея з такім статусам вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

                                 

ГЛАВА 4

КАМПЛЕКТАВАННЕ МУЗЕЙНЫХ ФОНДАЎ. МУЗЕЙНЫЯ ПРАДМЕТЫ І МУЗЕЙНЫЯ КАЛЕКЦЫІ

                                    

Артыкул 18. Камплектаванне музейных фондаў

1. Камплектаванне музейных фондаў ажыццяўляецца шляхам:

1.1. набыцця прадметаў музейнага значэння;

1.2. дарэння музеям прадметаў музейнага значэння;

1.3. абмену ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь музейнымі прадметамі або прадметамі музейнага значэння, музейнымі калекцыямі;

1.4. іншымі спосабамі, якія не супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

2. Прадметы музейнага значэння, накіраваныя (перададзеныя) ва ўласнасць дзяржавы, перадаюцца дзяржаўным музеям у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

  

Артыкул 19. Асаблівасці выкарыстання і захоўвання музейных              прадметаў і музейных калекцый, распараджэння імі

1. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі ў працэсе музейнай дзейнасці  выкарыстоўваюцца ў мэтах забеспячэння агульнадаступнасці культурных каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры, выкарыстання іх для інтэлектуальнага і культурнага развіцця грамадства, у тым ліку для распаўсюджвання ведаў аб навакольным асяроддзі, гісторыі і культуры.

2. Забараняецца выкарыстанне музейных прадметаў і музейных калекцый ва ўмовах, якія ствараюць пагрозу іх захаванню і (або) могуць прывесці да іх пашкоджання, страты ці знішчэння. У мэтах забеспячэння захавання музейных прадметаў і музейных калекцый і выключэння выпадкаў іх пашкоджання, страты ці знішчэння ў музеях устанаўліваецца навукова абгрунтаваны спецыяльны рэжым  захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый, праводзяцца іх кансервацыя і (або) рэстаўрацыя.

3. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі, уключаныя ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, вывазу за межы Рэспублікі Беларусь на пастаяннае захоўванне не падлягаюць, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Часовы вываз музейных прадметаў і музейных калекцый за межы Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

4. Парадак перадачы музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных  у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, на часовае або пастаяннае захоўванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца Палажэннем аб Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь.

5. Выраб выяўленчай, друкаванай, сувенірнай і   іншай тыражаванай прадукцыі і вытворчасць тавараў народнага спажывання з выкарыстаннем выяў музейных прадметаў і музейных калекцый, будынкаў музеяў, аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыях музеяў, у тым ліку з выкарыстаннем іх назваў і сімволікі, ажыццяўляюцца толькі з дазволу музеяў.

  

Артыкул 20. Права ўласнасці на музейныя прадметы і музейныя              калекцыі

Музейныя прадметы і музейныя калекцыі могуць знаходзіцца ў дзяржаўнай або прыватнай уласнасці, за выключэннем аб’ектаў, якія ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы.

                                 

ГЛАВА 5


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: