Сацыяльна-эканамічнае развіццё ВКЛ
1. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускай вёскі ў XIV-XV стст.
2. Станаўленне фальваркава-паншчыннай сістэмы. Юрыдычнае афармленне прыгоннага права.
3. Беларуская вёска ў другой палове XVІІ-XVІІІ ст. Сялянскія паўстанні.
4. Беларускі горад у XIV- першай палове XVІІ ст. Магдэбургскае права.
5. Гаспадарчае жыццё гарадоў у другой палове XVІІ-XVІІІ ст. Сацыяльныя канфлікты.
6. Станы-саслоўі феадальнага грамадства.
Першапачаткова вярхоўным уласнікам усёй зямлі лічыўся вялікі князь літоўскі, аднак паколькі ён не зрабіўся спадчынным манархам, гаспадарскія маёнткі набылі характар дзяржаўных і абслугоўвалі патрэбы не толькі велікакняжацкага двара, але і ўсёй дзяржавы.
3 канца XIV ст. побач з велікакняскай (дзяржаўнай) стала прызнавацца і прыватная ўласнасць на зямлю. Свой уласны дамен меў вялікі літоўскі князь. Яго землі былі раскіданы па ўсёй краіне і складалі аснову асабістых даходаў, якія выкарыстоўваліся на вядзенне войнаў і іншыя дзяржаўныя патрэбы. Акрамя вялікага князя, землямі на правах уласнасці валодалі прадстаўнікі старадаўніх княжацкіх родаў. Яны маглі перадаваць маёнткі ў спадчыну. Самую шматлікую групу феадалаў складала служылае баярства, якое валодала зямлёй умоўна. З цягам часу ўсе феадалы ў ВКЛ на польскі манер сталі называцца шляхтай.
|
|
Землеўласнікам у ВКЛ лічылася таксама царква. Царкоўныя (манастырскія) ўладанні ўзнікалі на вольных землях, а таксама пашыраліся за кошт падараванняў вялікіх князёў.
Паступова ўся зямля ў ВКЛ стала падзяляцца на катэгорыі ў залежнасці ад таго, хто з’яўляўся яе ўладальнікам. Была зямля дзяржаўная (гаспадарская), прыватнаўласніцкая і царкоўная. Сяляне, якія жылі на гэтых землях, адпаведна называліся дзяржаўнымі, прыватнымі, царкоўнымі.
Кожная сялянская сям’я звычайна мела зямельны надзел і вяла сваю гаспадарку. Такую сялянскую гаспадарку называлі “ дымам ”. Сяляне аднаго сяла ўтваралі абшчыну (“ грамаду ”). Некалькі суседніх абшчын – воласць. Сенажаці, лясы, выганы для жывёлы знаходзіліся ў агульным карыстанні абшчыны.
За зямлю, якую сяляне атрымлівалі ў карыстанне, яны плацілі падаткі і выконвалі розныя павіннасці. Гэта была іх “ служба ”. Падаткі ўстанаўліваліся на кожны “дым”, але адказнасць за іх своечасовую выплату ў поўным аб’ёме несла абшчына ў цэлым (“ кругавая парука ”).
Да канца XV ст. асноўнай формай рэнты было “ дзякла ” (плата збожжам, мясам, мёдам і г.д.). Сялян, якія выконвалі гэтую павіннасць, называлі “ даннікамі ”. Некаторых сялян феадалы прымушалі плаціць чынш. Такіх сялян называлі “ асаднымі ” ці “ чыншавікамі ”. Вельмі пашыранай формай рэнты была паншчына. Сялян, якія выконвалі такую павіннасць называлі “ цяглымі ”. Акрамя асноўных павіннасцей сяляне выконвалі дадатковыя: талокі – сезонныя гаспадарчыя работы, а таксама гвалты (згоны) – тэрміновыя работы, прывязаныя да пэўных выпадкаў (рамонт дарог, аблава звяроў і г.д.).
|
|
Мелася значная група сялян-слуг, якія выконвалі розныя спецыяльныя работы. Сярод іх вылучаліся “зямяне” ці “баяры” (ваенна-служылы люд), леснікі, асочнікі, бортнікі, конюхі, рыбаловы. Да слуг прымыкалі сельскія рамеснікі.
У залежнасці ад ступені асабістай свабоды сяляне падзяляліся на “ пахожых ” і “ непахожых ”. Пахожыя сяляне мелі права пераходу ад аднага ўладара да другога. Непахожыя сяляне лічыліся старажыхарамі і правам сыходу з абшчыны не валодалі. Разам з тым непахожыя сяляне не з’яўляліся асабіста залежнымі ад феадала.
Поўнай уласнасцю феадалаў была чэлядзь нявольная. Яна не вяла сваёй ўласнай гаспадаркі і жыла пры двары феадала. Крыніцы набору гэтага саслоўя былі наступнымі: купля-продаж, шлюб з нявольным чалавекам, нараджэнне ў няволі, пакаранне за злачынства. Акрамя працы на полі чэлядзь выконвала і іншыя функцыі ў гаспадарцы: апрацоўвала агароды, сады, пасвіла статкі. Утрымлівалася чэлядзь нявольная месячынай, якая была формай аплаты яе працы. Месячыну плацілі ў асноўным хлебам, які адпускаўся з запасаў гаспадарскага двара. Чэлядзь пазбаўлялася волі пераездаў і права ўладкавання свайго лёсу, яна не мела маёмасці і правоў абароны.
Важнейшымі заняткамі жыхароў беларускай вёскі з’яўляліся земляробства і жывёлагадоўля. У XІV-XV стст. на большай частцы Беларусі пашыраўся трохпольны севазварот, які дазваляў павялічыць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі. Пры гэтай сістэме ворная зямля дзялілася на тры часткі. Адна засявалася яравымі культурамі, другая – азімымі, а трэцяя заставалася не засеянай (пад папарам). Яна “адпачывала” і аднаўляла сваю ўрадлівасць. Больш прадукцыйнымі сталі сельскагаспадарчыя прылады – саха і плуг. У якасці цяглавай сілы выкарыстоўваліся коні і валы. Убіралі ўраджай сярпамі, касой-гарбушай, снапы малацілі драўлянымі цапамі. Зерне малолі ў ручных жорнах. З канца XV ст. на Беларусі пачалі распаўсюджвацца ветракі. Сярод збожжавых культур па-ранейшаму першае месца належала жыту. Сеялі таксама пшаніцу, ячмень, авёс, проса, боб, гарох, лён, каноплі. У гаспадарках расло пагалоўе жывёлы, павялічвалася колькасць свойскай птушкі.
У гаспадарчым жыцці па-ранейшаму панаваў натуральны ўклад. Сяляне самі выраблялі неабходныя ім прылады працы, будавалі дамы, ткалі палатно.