Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча Беларусі ў другой палове XVII -пачатку XVIII ст

У другой палове XVII — пачатку XVIII ст. шляхецкая Рэч Паспалітая, у тым ліку Беларусь, якая ўваходзіла ў яе склад, знаходзілася ў стане глыбокага эканамічнага заняпаду і палітычнага крызісу. 3 сярэдзіны XVII ст. гэта дзяржава ўступіла ў паласу разбуральных войнаў і ўнутраных міжусобіц. 3 68 гадоў яе гісторыі (1648 — 1716) на ваенныя падзеі прыходзяцца 65. Войны, якім спадарожнічалі голад, эпідэміі, прынеслі велізарныя бедствы, а месцамі прывялі да поўнага разарэння сялян, цяжка адбіліся на панскай гаспадарцы, разбурылі гарады, зменшылі колькасць насельніцтва.

Разарэнне сялян дасягнула такой ступені, што нават кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір вымушаны быў даць абяцанне заняцца паляпшэннем іх становішча.

Пасля "крывавага патопу", як называлі сучаснікі падзеі сярэдзіны XVII ст., болыпая частка гарадоў таксама прыйшла ў заняпад. Так, у выніку пагромаў 1657 і 1660 гг. горад Бярэсце быў "увесь да апошняга будынка разрабаваны і спалены". Насельніцтва засталася толькі "вельмі малая жменька". Пагромы і пажары 1648, 1655 і 1660 гг. амаль цалкам знішчылі Пінск. Гараджане, "не маючы дзе прытуліцца, разышліся па розных мястэчках і вёсках".

Непазбежныя спадарожнікі вайны — неўраджаі — выклікалі катастрафічны голад. 3-за голаду і блукання абяздоленага насельніцтва пачалася эпідэмія сыпнога тыфу, якая лютавала з 1653 па 1658 г. і зноў успыхнула ў 1664 г.

Цяжкія вынікі войнаў ускладняліся захаваннем і ўмацаваннем фальваркава-паншчыннай сістэмы гаспадаркі, кансервацыяй найболып застарэлых формаў прыгонніцтва, феадальнай анархіяй і міжусобіцамі. Крызіс сельскай гаспадаркі адмоўна адбіўся на развіцці беларускіх гарадоў, рамяства, унутранага і знешняга гандлю. 3-за недахопу заказчыкаў і пакупнікоў частка гарадскога насельніцтва вымушана была перасяліцца ў вёскі або займацца сельскай гаспадаркай у горадзе. Вядома, што для вядзення войнаў урад Рэчы Паспалітай пазычаў буйныя грашовыя сумы ў магнатаў. Не маючы сродкаў для іх пакрыцця, ён раздаваў рэшткі дзяржаўных зямель. У выніку на Беларусі ўтварыліся вялізныя латыфундыі, у некалькі разоў большыя за асобныя княствы Германскай імперыі.

Развал апарату дзяржаўнай улады і феадальная анархія адмоўна адбіліся на эканоміцы Беларусі. Пастаянная міжусобная барацьба магнацкіх груповак, якая даходзіла да ўзброеных выступленняў, прычыніла вялікія спусташэнні насельніцтву. Сапраўдным няшчасцем для вёсак і мястэчкаў з'яўляліся і так званыя наезды ўзброеных шляхціцаў на маёнткі іншых, якім спадарожнічалі знішчэнне сялянскіх пасеваў, угон жывёлы, рабаванне маёмасці і інш. Свавольствы, якія вытваралі магнаты і шляхта, знайшлі адлюстраванне ў шматлікіх скаргах, пастановах павятовых і ваяводскіх сеймікаў, каралеўскіх універсалах. Кароль Аўгуст III у маніфесце, выдадзеным у 1735 г., адзначыў, што ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім узброеныя атрады, якія ўзначальвалі "некаторыя асобы", руйнуюць гарады, мястэчкі і вёскі, самавольна бяруць з іх падаткі, "чыняць вялікія насіллі і разбой". Ні мясцовыя, ні цэнтральныя ўлады не маглі не толькі спыніць, але нават і абмежаваць свавольствы ў краіне.

Узмацненне феадальнага прыгнёту выклікала далейшае абвастрэнне сацыяльных супярэчнасцяў на Беларусі. Найболын пашыранымі формамі супраціўлення з'яўляліся падача скаргаў на злоўжыванні з боку феадальнай адміністрацыі, арандатараў, адмова выконваць павіннасці, уцёкі сялян ад сваіх уладальнікаў у іншыя ўладанні, гарады, мястэчкі, а таксама за межы Рэчы Паспалітай.

Вышэйшай формай барацьбы сялян і гараджан былі ўзброеныя выступленні, якія адбыліся ў Рэчыцкім і Мазырскім паветах (1676 — 1677), Крычаўскім старостве (1690, 1696), Слуцкім княстве (1695), у ваколіцах Дуброўны і Слонімскім старостве (1701), Быхаве і Быхаўскім графстве (1702, 1740) і інш.

Адным з найбольш буйных узброеных антыфеадальных выступленняў сялян на Беларусі было Крычаўскае паўстанне 1740 — 1744 гг., якое ўзначаліў Васіль Вашчыла. Яго памочнікамі былі Карпач, Вецер, Бачко. Паўстанцы ўстанавілі ў старостве сваю ўладу, выгнаўшы за межы Крычаўшчыны ненавісных арандатараў.

У студзені 1744 г. да Крычава падышло вялікае войска з гарматамі, якое ўзначаліў уладальнік староства І.Радзівіл. Насустрач карнікам выступілі атрады паўстанцаў, але яны былі дрэнна ўзброены і не маглі ўстаяць супраць рэгулярных войскаў. Расправа над паўстанцамі была жахлівай. "Крычаў, — сведчыць адзін з дакументаў,

— увесь тады быў скрываўлены, расстаўленыя па ўсіх вуліцах і на правым беразе Сожа шыбеніцы і калы праз некалькі дзён уяўлялі страшэннае і грознае відовішча".

Барацьба не спынялася і ў наступныя гады. Так, у 1768— 1769 гг. антыфеадальныя выступленні сялян адбыліся каля Мсціслаўля, Оршы, Віцебска, у Мазырскім павеце, Гарадзенскай і Кобрынскай эканоміях і інш. Гэтыя выступленні мелі абмежаваны, стыхійны, разрознены і лакальны характар і таму былі падаўлены.

Нармалізацыя эканамічнага жыцця на Беларусі пачалася толькі з сярэдзіны XVIII ст. Пасля многіх гадоў разбурэння паступова аднаўлялася сельская гаспадарка, павялічвалася колькасць насельніцтва, развіваўся ўнутраны і знешні ган150

даль, а з ім і таварна-грашовыя адносіны. Асобныя феадалы з мэтай павелічэння прыбытковасці сваіх маёнткаў станавіліся на шлях перабудовы вядзення сваёй гаспадаркі. Так, магнат Іаахім Храптовіч у сваіх маёнтках Шчорсы ў Наваградскім і Вішнёва ў Ашмянскім паветах ліквідаваў па.ншчыну і замяніў яе чыншам. Прыгонныя сяляне былі падзелены на дзве катэгорыі. Адна, болын заможная частка сялян атрымлівала 10 моргаў (7,12 га) ворнай зямлі надвор і ператваралася ў арандатараў, якія плацілі ўласніку ці яго арандатару 90 — 100 злотых у год. Другая частка сялян, пазбаўленая палявых надзелаў, ператваралася ў агароднікаў, іх абавязвалі наймацца на працу ў фальваркі. За акрэсленую плату яны апрацоўвалі панскую зямлю, вырошчвалі і збіралі ўраджай, даглядалі жывёлу, сплаўлялі лес і інш. Іх сыны ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў для "вывучэння" сельскай гаспадаркі бясплатна працавалі ў панскім двары. Новаўвядзенні, падобныя "рэформам" Храптовіча, праводзіліся таксама Масальскім у яго маёнтках на Ігуменшчыне, княгіняй Яблонскай у маёнтку Сямяцічы і інш.

Другая група феадалаў, захоўваючы ў палявой гаспадарцы паншчыну, стала заахвочваць прыгонных сялян, якія працавалі ў найбольш прыбытковых галінах, грашовым узнагароджаннем: у Гарадзенскай каралеўскай эканоміі, напрыклад, налічвалася больш за 330 сялян, а таксама 350 рамеснікаў, якія за сваю працу атрымлівалі грошы. Такія ж парадкі былі заведзены ў Берасцейскай і Кобрынскай каралеўскіх эканоміях, што сведчыла аб пранікненні ў панскую гаспадарку элементаў новых, буржуазных сацыяльна-эканамічных адносін.

Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай вынікаў як з унутранага яе стану, так і са змен у міжнародным становішчы.

Усталяванню палітычнай анархіі перш за ўсё спрыяла адсутнасць моцнай цэнтралізаванай улады. Адмоўны адбітак накладваў той факт, што ўся ўлада ў дзяржаве канцэнтравалася, па сутнасці, у руках аднаго саслоўя — шляхецтва. У Рэчы Паспалітай двух народаў сфарміравалася спецыфічная сацыяльная групоўка, якую сталі называць "шляхецкім народам". Польская і ліцвінская шляхта валодала шэрагам прывілегій, якія ставілі яе вышэй за іншых у грамадстве. Так, толькі шляхта валодала правам зямельнай уласнасці, пры гэтым яна магла набываць зямлю і будынкі ў гарадах. Толькі шляхта мела доступ да вышэйшага духоўнага сану і да ўсіх свецкіх пасад. Шляхта плаціла толькі тыя падаткі, якія сама сабе ўстанавіла, была вольная ад усіх павіннасцяў (цягла), за выключэннем вайсковага (рыцарскага) абавязку. Шляхціц карыстаўся правам асабістай недатыкальнасці і не мог быць арыштаваны без папярэдняга судовага прыгавору. Яго неад'емным правам была таксама свабода слова. Нарэшце кожны шляхціц мог прыняць удзел у абранні караля і вялікага князя, выступіць у якасці прэтэндэнта на трон. Такім чынам, усё, што было істотным у Рэчы Паспалітай, было шляхецкім.

Гарадское саслоўе, мяшчане былі адхілены ад удзелу ў палітычным жыцці. Практычна аднасаслоўным з'яўляўся агульнадзяржаўны двухпалатны сойм, які склікаўся раз у 2 гады. У вышэйшай палаце, сенаце, засядалі магнаты і каталіцкія біскупы. Ніжэйшая, "пасольская ізба", складалася з дэпутатаў-паслоў ад павятовай і ваяводскай шляхты. Звычайна іх выбіралася па два чалавекі ад кожнага павету. Але і яны не валодалі правам свабоднага волевыказвання на вальных соймах, што з 1673 г. праводзіліся па чарзе ў Варшаве і Гародні. Кожны пасол павінен быў строга прытрымлівацца "інструкцыі", дакумента, які ўтрымліваў пажаданні-наказы павятовай шляхты сваім паслам у дачыненні да вырашэння таго ці іншага пытання. Адным з абавязковых наказаў было патрабаванне забароны ўстанаўлення новых падаткаў. Гэта не дазваляла павялічыць дзяржаўны бюджэт, а значыць, знайсці сродкі на ўмацаванне і павелічэнне войска, каб бараніць дзяржаву. Палітычная праграма беларуска-літоўскай шляхты (як і польскай) магла быць зведзена да адзгнага найгалоўнейшага патрабавання "піЬіІ поуі " — нічога новага.

Заканадаўчы аўтарытзт сойма, як і вышэйшых улад, па сутнасці, падрываўся павятовымі соймікамі, якія сталі самастойнымі органамі з шырокай заканадаўчай, адміністрацыйнай і судовай кампетэнцыяй. Агульнадзяржаўны сойм, не маючы магчымасці ўзгадніць разнародныя інтарэсы і супярэчлівыя патрабаванні дзесяткаў пасольскіх соймікаў, губляў час на абмеркаванне прыватных інтарэсаў замест таго, каб займацца агульнадзяржаўнымі праблемамі.

У абставінах, калі соймы пачалі часта зрывацца ці разыходзіцца без прыняцця рашэнняў, павятовыя соймікі сталі паступова прысвойваць сабе яго правы. Падчас знешняй небяспекі яны самі ўстанаўлівалі падаткі і прызначалі іх збіральнікаў, фарміравалі ваяводскі скарб, абвяшчалі паспалітае рушанне. Павятовая шляхта кантралявала і судовую ўладу — мясцовую і вышэйшую. Першую — шляхам выбару на сойміках кандыдатаў на пажыццёвыя пасады суддзяў, падсудкаў, земскіх пісараў і падкаморыяў; другую — у Трыбуналах, у якія яна накіроўвала сваіх "дэпутатаў".

Такім чынам, соймікі як бы падзялілі дзяржаву на павятовыя аўтаноміі. Яны падрывалі цэнтральную ўладу, дзейнічалі амаль незалежна адзін ад другога. Дэцэнтралізацыя краіны была даведзеная тым самым да небяспечнай мяжы.

У канцы XVII — пачатку XVIII ст. амбіцыі магнацкіх родаў у Вялікім Княствам Літоўскім даходзяць да ўзброенага саперніцтва, перарастаюць у грамадзянскія войны. Спачатку на неабмежаванае, роўнае вялікакняжацкаму першынство ў беларуска-літоўскай дзяржаве прэтэндуюць Сапегі, змагаючыся з Агінскімі, Вішнявецкімі і Радзівіламі. Аднак канфлікт паміж Сапегамі і іх праціўнікамі ў канцы 90-х гг. XVII ст. нельга разглядаць толькі як барацьбу паміж магнацкімі групоўкамі за ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім. Сутнасцю гэтага канфлікту была спроба з боку сапегаўскага дома (на чале з вялікім гетманам Казімірам Янам і падскарбіем Бенядыктам Сапегамі) разарваць унію з Польшчай, дабіцца незалежнасці Княства. Сапегі нават распачалі перагаворы з аўстрыйскім імператарам і іншымі манархамі Еўропы, шукаючы падтрымку ў справе аддзялення Вялікага Княства Літоўскага. Абодва бакі выкарыстоўвалі шляхту (а Сапегі яшчэ і сялянства) у сваіх інтарэсах, абапіраючыся на сілу і маніпуліруючы лозунгам абароны "шляхецкіх вольнасцяў".

Супрацьстаянне дзвюх партый дасягнула апагея ў 1700 г. Спачатку ў сутыкненні пад Ашмянамі перамаглі сапегаўцы. Але ў вырашальнай бітве пад Алькенікамі трыўмфавалі ўжо іх праціўнікі. У грамадзянскую вайну ўключыуся і Аугуст II, які намерваўся ўсталяваць у Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, а Вялікае Княства Літоўскае разглядаў як пляцоўку для яе замацавання. Невыпадкова падчас гэтай грамадзянскай вайны ўзнікае праект стварэння ў Княстве спадчыннай манархіі на чале з вялікім князем Аўгустам II як супрацьвага манархісцкім памкненням Сапегаў. Гэты праект вядомы як "Віленская пастанова" ад 29 лістапада 1700 г. У ім ліцвінская шляхта ў асобе кіраўнікоў антысапегаўскай кааліцыі адмаўлялася "ад усялякіх нікчэмных вольнасцяў польскіх" і перадавала абсалютную ўладу вялікаму князю Аўгусту II і яго спадкаемцам.

Унутрыпалітычныя праблемы Рэчы Паспалітай на пачатку XVII ст. спляліся са знешнімі, падкрэсліваючы згубную нявырашанасць першых.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: