Эканамічнае развіццё і сацыяльныя супярэчнасці ў ВКЛ ў сярэдзіне і другой палове XVIII ст

У XVIII ст., асабліва ў другой яго палове, некаторыя феадалы засноўвалі ў сваіх уладаннях прамысловыя прадпрыемствы мануфактурнага тыпу. Найбольш буйнымі з іх былі шклозавод у Налібоках (20-я гг. XVIII ст.), люстраная фабрыка ў мястэчку Урэчча (канец 30-х гг. XVIII ст.), Слуцкая фабрыка шаўковых паясоў князёў Радзівілаў (1751), жалезаробчы завод графа Храптовіча ў в.Вішнёва (Ашмянскі павет, 80-я гг. XVIII ст.) і інш.

Першым прадпрыемствам мануфактурнага тыпу на тэрыторыі Беларусі быў шкляны завод у Налібоках (зараз Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці), пабудаваны па загадзе жонкі канцлера Вялікага Княства Літоўскага Ганны Радзівіл у 1727 ці 1728 г. Пры вызначэнні месца будаўніцтва завода Налібокі былі выбраны невыпадкова. У тыя часы ў шкловытворчасці галоўным відам сыравіны быў паташ, які выраблялі з драўнянага попелу. Каля в.Налібокі знаходзіліся вялізныя лясныя масівы, што давала магчымасць лёгка арганізаваць вытворчасць попелу, а таксама нарыхтоўку паліва і будаўнічых матэрыялаў. Немалаважную ролю ў выбары месца будаўніцтва завода адыграла і наяўнасць даволі вялікай рэчкі Лебяжады і таннай рабочай сілы — прыгонных сялян. У вялікім драўляным памяшканні, якое называлася гутай, стаялі печы, у адной з якіх "варылася", у другой закальвалася шкло. Паблізу галоўнага памяшкання, ля самай плаціны, размяшчалася шліфавальная майстэрня, у якой на спецыяльных станках праводзілася шліфоўка пасуды, флаконаў, кубкаў і іншых шкляных вырабаў. Другая шліфавальная майстэрня была пабудавана ў пяці кіламетрах ад Налібок у в.Янковічы. Тут рэчка Шура была перагароджана плацінай, а каля яе стаяў вялікі драўляны дом, у якім шліфаваліся шкляныя вырабы. Як у першай, так і ў другой шліфавальных майстэрнях станкі прыводзіліся ў рух пры дапамозе вады.

Найбольш каштоўны шкляны посуд — вазы, кубкі, пудраніцы — упрыгожваўся разнымі ці маляванымі фарбай узорамі. Гэта рабілася ў спецыяльнай майстэрні, якая называлася рысавальняй.

Аснову кадраў прадпрыемства складалі кваліфікаваныя рабочыя — шліфавалыпчыкі, рысавальшчыкі, шкловыдзімалынчыкі і інш., якіх у розныя гады дзейнасці прадпрыемства налічвалася ад 40 да 50 чалавек.

Працавалі на заводзе прыгонныя радзівілаўскіх маёнткаў. У большасці выпадкаў яны былі з Налібок і сумежных вёсак. Паводле інвентару 1789 г., напрыклад, сяляне Налібок павінны былі адпрацаваць на заводзе 1872 чалавека-дні ў год "упряжных", а сяляне Нівок — 1454 дні "пешых". Умовы працы на заводзе былі вельмі цяжкімі. У інструкцыі, якая вызначала рэжым працы на прадпрыемстве, было сказана, што шкловыдзімалынчыкі павінны прыступаць да працы ў чатыры гадзіны раніцы і працаваць да сямі гадзін вечара з двухгадзінным перапынкам на абед (з 11 да 13 гадзін). Качагары прыступалі да працы значна раней. Такім чынам, працоўны дзень на заводзе працягваўся больш за 13 гадзін. Для асобных катэгорый рабочых і ў першую чаргу для тых, хто адбываў паншчыну, давалі норму выпрацоўкі і не адпускалі з завода, пакуль рабочы не выконваўяе. Паколькі нормы былі вельмі вялікія, часта прыходзілася працаваць да ночы. За спазненне, а таксама за заўчасны ўход з працы сурова каралі — штрафавалі, білі палкамі і інш. Нават майстры за кожны час спазнення плацілі 20 грошаў штрафу.

Другой мануфактурай на Беларусі па часе стварэння быў Урэцкі шкляны завод (Любанскі раён Мінскай вобласці), які пачаў дзейнічаць у канцы 30-х гг. XVIII ст. Урэчча было выбрана месцам будаўніцтва шклянога завода па тых жа прычынах, што і Налібоцкага. Па сваіх памерах і якасці прадукцыі гэты завод быў у той час самым буйным прадпрыемствам такога тыпу не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Калі ў Налібоках у аснбўным выраблялі просты шкляны посуд і аконнае шкло, то на Урэцкім прадпрыемстве галоўную ўвагу звярталі на вытворчасць дарагога крыштальнага посуду, дэкаратыўных шкляных вырабаў. Асабліва славіўся завод сваімі люстэркамі. Выраблялі іх тут даволі многа, розных памераў і формы. 3 дэкаратыўных вырабаў цэнтральнае месца займалі люстры з хрусталю.

Разам са шклянымі прадпрыемствамі ў маёнтках Радзівілаў былі створаны і іншыя прадпрыемствы мануфактурнага тыпу, перш за ўсё тэкстыльныя, сярод якіх на першае месца неабходна паставіць Слуцкую фабрыку шаўковых паясоў, вырабы якой атрымалі сусветную вядомасць. Гэта фабрыка была заснавана ў 1751Т. Міхаілам Казімірам Радзівілам. Для кіраўніцтва прадпрыемствам М.Радзівіл запрасіў майстроў з Персіі і Турцыі. Персы і туркі хоць і лічыліся ўмелымі майстрамі, але пад іх кіраўніцтвам фабрыка працавала дрэнна. У сувязі з гэтым у 1758 г. Радзівіл запрасіў для кіраўніцтва фабрыкай майстра са Стамбула Яна Маджарскага, які змог наладзіць і пашырыць вытворчасць. Праз некалькі гадоў яна вырабляла паясоў на суму да 10 тыс. злотых. Пасля смерці Яна Маджарскага ў 1780 г. кіраўніком вытворчасці стаў яго сын Лявон. У 1793 г. на фабрыцы працавала да 60 чалавек, у тым ліку такія мясцовьга ма^стры, як Яўфім і Ян Дубіцкія з Урэчча, Ян Канчыла і Аляксандр Лойка са Слуцка і інш. Галоўным майстрам-ткачом доўгі час працаваў беларус Васіль Барсук. Сярод рабочых было шмат дзяўчат, узятых на фабрыку са Слуцка і навакольных вёсак.

Вырабляліся слуцкія паясы да 1830 г. Пасля падаўлення паўстання 1830 — 1831 гг. царскі ўрад забараніў магнатам і шляхце насіць нацыянальнае адзенне — кунтуш і пояс. Пасля гэтага фабрыка стала вырабляць царкоўныя рызы. Паколькі вялікага попыту на гэту прадукцыю не было, яна праіснавала нядоўга і ў 1844 г. закрылася.

Апрача пералічаных вотчынных прамысловых прадпрыемстваў на Беларусі існавалі шкляныя заводы графа Салагуба ў мястэчку Ілля і гетмана Масальскага ў маёнтку Мыш (Наваградскі павет), суконныя фабрыкі Бярновіча ў мястэчку Бабоўня і Нясвіжскага бернардзінскага манастыра ў в.Падласосня, суконная і палатняная фабрыкі князя Сапегі ў мястэчку Ружаны і інш.

У другой палове XVIII ст. актыўны ўдзел у развіцці мануфактурнай вытворчасці прымаў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У 60—70-я гг. па яго загадзе літоўскі надворны падскарбій (галоўны ўпраўляючы эканоміямі, якія належалі каралю ў Літве і Беларусі) Антоній Тызенгаўз стварыў у Гарадзенскай і Берасцейскай эканоміях 21 буйное прадпрыемства мануфактурнага тыпу — залата- і шаўкаткацкую, суконную, суконна-капялюшную, тонкасуконную, палатняную, панчошную, камлотавую, паркаленабіўную фабрыкі, а таксама металургічны, гарматны, ружэйны заводы, завод металічных вырабаў і інш. У канцы XVIII ст. на Беларусі дзейнічалі звыш 50 прамысловых прадпрыемстваў мануфактурнага тыпу.

Вотчынныя мануфактуры абслугоўваліся, як правіла, прыгоннымі сялянамі, але разам з тым на іх ужывалася і праца наймітаў. Амаль усе працаўнікі разам з прадуктамі харчавання атрымлівалі пэўнае грашовае ўзнагароджанне, прычым на многіх аперацыях была ўведзена здзелЬная аплата працы. Аднак нізкая прадукцыйнасць працы і плата замежным майстрам былі прычынай высокага сабекошту мануфактурных вырабаў. Іх прадукцыя, асабліва прадметы раскошы, не мела збьггу і залежвалася на складах, у выніку чаго большасць гэтых прадпрыемстваў да канца 80-х гг. XVIII ст. закрылася.

Развіццё таварнай вытворчасці, ужыванне прымусовага найму, грашовая аплата, з'яўленне мануфактур — усё гэта сведчыла аб пачатку распаду феадальных адносін, развіцці элементаў капіталістычнай вытворчасці.

3 мэтай навядзення парадку ў гандлі ў 1766 г. былі ўведзены адзіныя для Вялікага Княства Літоўскага меры вагі, аб'ёму і даўжыні. Рабіліся спробы зблізіць іх з адзінкамі вымярэння іншых дзяржаў, у тым ліку Польшчы. Зліццю эканамічна раздробленых абласцей Рэчы Паспалітай у адно эканамічнае цэлае садзейнічала таксама паштовая рэформа 1764 г., якая паклала пачатак шырокаму развіццю паштовай сувязі паміж гарадамі.

У 1775 г. урад Рэчы Паспалітай увёў "генеральную мытную пошліну", абавязковую для ўеіх, у тым ліку для караля, магнатаў, шляхты і духавенства, а сейм Вялікага Княства Літоўскага, каб абмежаваць ліхвярства, увёў даўгавы працэнт у памеры не больш за 7 % для свецкіх і не больш за 6 % для духоўных крэдытораў.

3 развіццём унутранага і знешняга гандлю і ўцягненнем феадалаў у таварна-грашовыя адносіны пачаліся работы па паляпшэнні сухапутных дарог і ачыстцы судаходньгх рэк. У другой палове XVIII ст. былі пабудаваны дзве дарогі — Пінска-Слонімская і Пінска-Валынская.

Рост вытворчых сіл у сельскай гаспадарцы, развіццё ўнутранага і знешняга гандлю садзейнічалі аднаўленню гарадоў і мястэчак Беларусі. Яны паступова адбудоўваліся, знікалі сляды спусташэнняў і разрухі, расло гарадское насельніцтва, аднаўляліся рамяство і гандаль, хаця да канца XVIII ст. і не быў дасягнуты той узровень, які існаваў у канцы XVI — першай палове XVII ст.

Аднаўленне разбуранай эканомікі Беларусі адбывалася ў абстаноўцы разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы, ва ўмовах феадальнай анархіі, усеўладдзя магнатаў, шырокіх эканамічных і палітычных прывілеяў шляхты і жорсткай эксплуатацыі сялян і гараджан, а таму зацягнулася на доўгі час і не закончылася да ліквідацыі Рэчы Паспалітай.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: