Дойлiдства

У беларускiм дойлiдстве першай паловы XVI ст. панавалi яшчэ сярэднявечныя архiтэктурныя стылi. Праваслаўныя цэрквы ў асноўным паўтаралi традыцыйны старажытнаруска-вiзантыйскi тып храма, каталiцкiя ж касцёлы ўзводзiлiся ў гатычным стылi.Нават найбольш арыгiнальныя i выдатныя помнiкi своеасаблiвага стылю, узнiкшага на Беларусi на мяжы XV–XVI стст. (цэрквы абарончага тыпу ў Сынкавiчах, Супраслi, Мураванцы), не ўтрымлiваюць ясных рэнесансных рыс i з'яўляюцца "лебядзiнай песняй" сярэднявечча ў беларускiм дойлiдстве. Толькi ў другой палове XVI ст. былi ўзведзены першыя збудаваннi рэнесанснага стылю. Для гэтага стылю характэрна зацікаўленасць культурнай спадчынай, што праявiлася ў звароце да антычнай ордэрнай сiстэмы з iнтэрпрэтацыяй антычных формаў у дачыненнi да новых гiстарычных умоў, ужываннi ордэрнага члянення сцен, арачных галерэй, каланад, зводаў, купалоў. Яны спалучалiся з рысамi готыкi: Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўi, кальвiнiсцкi збор у Асташыне на Наваградчыне, фарны касцёл у Клецку. Найбольш вядомай пабудовай беларускага рэнесансу з'яўляецца кальвiнiсцкi збор у Смаргонi, узведзены ў 1606–1612 гг. i хутка прыстасаваны пад касцёл.

У канцы XVI ст. пад уплывам рэнесансу адбылiся iстотныя змены ў традыцыйных для таго часу збудаваннях. Страчваюцца абарончыя вежы i з'яўляюцца якасна новыя дэкаратыўныя формы. Праўда, у iх архiтэктуры па-ранейшаму захоўваюцца асобныя элементы готыкi (напрыклад, Троiцкi касцёл у Чарнаўчыцах на Берасцейшчыне, комплекс кляштара бенедыкцiнак у Нясвiжы). У пачатку XVII ст. працягваецца будаўнiцтва храмаў готыка-рэнесанснага тыпу (касцёл кармелiтаў у Ружанах).

Канец XVI – першая палова XVII ст. у архiтэктуры адзначаны з'яўленнем i станаўленнем новага мастацкага стылю – барока,якi сфармiраваўся ў Рыме i распаўсюдзiўся па ўсёй Еўропе, набыўшы ў розных краiнах свае выразныя нацыянальныя рысы. Барока – адзiн з асноўных стыляў архiтэктуры XVI–XVII стст., якi атрымаў шырокае распаўсюджванне ў краiнах, дзе актыўную ролю адыгрывала феадальна-каталiцкая рэакцыя. Цесна звязанае з задавальненнем эстэтычных патрэб кіруючай арыстакратыi i царквы, мастацтва барока выпрацавала мастацкiя прынцыпы, якія адрознiвалiся ад рэнесанснага стылю. Месца гармонii i ўраўнаважанасцi, уласцiвых рэнесансу, у творах барока занялi пышнасць i дынамiка кампазiцыi, ускладнёнасць архi­тэктурных формаў, светлавыя кантрасты, багатая пластыка i нечаканыя эфекты. Замест ранейшых устой­лiвых формаў (квадрат, круг) у планах будынкаў сталi шырока вар'iравацца формы авала, элiпса ў спалучэннi з прамавугольнiкам, трапецыяй i г. д. Усе сродкi архiтэктуры, жывапiсу i скульптуры барока былi накiраваны на дасягненне тэатралiзаванага i эмацыянальнага ўспрыняцця, стварэнне патэтычна прыўзнятага пачуцця ўсяго мастацкага вобраза будынка цi ансамбля ў цэлым.

Беларуская манументальная архiтэктура, успрыняўшы стыль барока, перапрацавала яго ў адпаведнасцi з мясцовымi будаў­нiчымi традыцыямi, што прывяло да стварэння новай архi­тэк­турна-мастацкай сiстэмы – беларускага барока, якое захоўвала i развiвала традыцыi народнай культуры, удасканальвала нацыянальнае будаўнiчае майстэрства. Для ранняга беларускага барока (канец XVI – першая палова XVII ст.) характэрны арганiчны сплаў заходнееўрапейскага барока з элементамi традыцыйных для беларускага дойлiдства формаў готыкi i рэнесансу. Прасочваюцца ў iм i сувязi з архiтэктурай полацкага перыяду. У цесным узаема­дзеяннi ўсходнiх i заходнiх мастацкiх плыняў (што тлумачыцца суiснаваннем на тэрыторыi Беларусi розных рэлiгiйных культаў i iх сапернiцтвам у сферы будаўнiцтва) адбыўся своеасаблiвы сiн­тэз разнастайных формаў манументальнай мураванай ар­хi­тэк­туры.

Першы помнiк архiтэктуры барока на Беларусi – езуiцкi касцёл у Нясвiжы – узведзены iтальянскiм архiтэктарам Дж. М. Бернардонi ў 1584–1593 гг. У якасцi прататыпа ён меў галоўны храм езуiтаў у Рыме. Аднак асноўныя кампаненты яго архiтэктурнага аблiчча ў нясвiж­скім храме не былi дакладна пераняты i паўтораны, а творча перапрацаваны.

Першы твор барока паслужыў узорам для шэрагу культавых збудаванняў гэтага рэгiёна, такiх як Мiкалаеўскi касцёл у Мiры (1595–1605), бенедыкцiнскi комплекс у Нясвiжы (1590–1595), бернардзiнскi касцёл у Нясвiжы (1598), успрыняўшых пэўныя рысы новага стылю. Больш на тэрыторыi Беларусi нам невядома нiводнага збудавання ў стылi барока да канца XVI ст.

У першай палове XVII ст. гэты стыль стаў пануючым у беларускай архiтэктуры. Спачатку ўзводзiлiся культавыя пабудовы з бязвежавым фасадам (касцёл езуiтаў у Нясвiжы, касцёл бер­нардзiнцаў i францысканцаў у Гароднi, касцёлы дамiнiканцаў у Менску, францысканцаў у Гальшанах, бернардзінцаў у Друi). З другой чвэрцi XVII ст. пашыраецца будаўнiцтва храмаў з дзвюхвежавым галоўным фасадам (касцёлы брыгiтак (1642–1651) i езуiтаў (1647–1663) у Гароднi, Успенскi сабор унiяцкага манастыра ў Жыровiчах (1613–1650), касцёл дамiнiканцаў у Стоўбцах, Петрапаўлаўская царква i касцёл бернардзiнак у Менску, Багаяўленскi сабор у Магiлёве). I хаця будаўнiцтва бязвежавых храмаў працягвалася да другой паловы XVII ст., храм з двухвежавым галоўным фасадам становiцца найбольш характэрным для архiтэктуры беларускага барока, а своеасаблiвае вырашэнне галоўнага фасада з дзвюма вежамi па баках – адной з яго галоўных адметнасцей. Вытокi барочнай двухвежавасцi бе­ла­рускiх храмаў узыходзяць да абарончых збудаванняў беларускай готыкi.

Спалучэнне старых архiтэктурных стыляў з новымi пры па­наваннi першых было характэрным i для беларускага свецкага дой­лiдства XVI ст. Замест ранейшых замкаў-крэпасцяў, агуль­на­га­радскiх i агульназемскiх цытадэляў, пачалi ўзводзiцца прыват­ныя палацы беларускiх феадалаў. Характэрная асаб­лiвасць гэтых збудаванняў – спалучэнне ў адным комплексе чыста сярэдневяковых абарончых умацаванняў (земляных валаў, iрвоў i каменных сцен з вежамi) з жылым палацам, якi звычайна будаваўся ў рэнесансным стылi. Тыповым прыкладам такой архi­тэктуры з'яўляецца палац Радзiвiлаў у Мiры – выдатны помнiк беларускага сярэдневяковага дойлiдства XVI – першай паловы XVII ст.

Мiрскi замак у плане нагадвае крыху перакошаны чатырох­вугольнiк, утвораны замкавымi мурамi. Па вуглах, выступаючы за перыметр сцен, узвышаюцца чатыры магутныя вежы. Пятая – праезджая – вежа размешчана пасярэдзiне заходняй сцяны. Вежы маюць шмат байнiц. Усе яны – блiзкiя па стылю i канструкцыі, але маюць сваё iндывiдуальнае архiтэктурнае аблiчча. Iх прыгажосць i велiчнасць быццам адводзяць магутнасць сцен на другi план, ствараючы разам з iмi адзiны вобраз непаўторнага збудавання. Магутныя абарончыя прыстасаваннi знаходзiлiся i на замкавых сценах. У замкавым двары быў узведзены трохпавярховы палац, прыбудаваны да паўночнай i ўсходняй сцен. Сцены i вежы ўзведзены на масiўных падмурках, складзеных з вялiкiх камянёў.

Аб трансфармацыi пад уплывам рэнесансу замкавага будаў­нiцтва ў палацава-замкавае сведчыць i перабудова Старога замка ў Гароднi для караля Стэфана Баторыя каля 1580 г. архiтэктарам Скота з Пармы ў формах мясцовага рэнесансу.

Да лiку помнiкаў абарончага дойлiдства таго часу належаць замак Гаштольдаў у вёсцы Геранёны (цяперашнi Iўеўскi раён) на Гарадзеншчыне, мураваныя замкi ў вёсцы Iказнь (Браслаўскi раён) на Вiцеб­шчыне i ў Мядзелі на Меншчыне, Заслаўскi замак Iвана Глябовiча.

У апошняй чвэрцi XVI ст. на Беларусi шырока распаўсюджваецца новаiтальянскi тып бастыённых фартыфiкацыйных збудаванняў. Да такога тыпу замкаў належыць Нясвiжскi, якi ў 1583 г. пачаў будаваць iтальянскi архiтэктар Дж. М. Бернардонi.

У шэрагу помнiкаў замкавага дойлiдства на Беларусi першай паловы XVII ст. прасочваюцца элементы нiдэрландскага рэнесансу. Гэта тлумачыцца шырокiм прыцягненнем да iх будаўнiцтва галандскiх архiтэктараў i iнжынераў-фартыфiкатараў: Ван Лаэра, Ван Дадэна, Голанда, Валона i iнш. Замкi ў Гальшанах i Смалянах (апошнi не захаваўся) – прыклад такiх умацаванняў.

Працэс развiцця абарончага замкавага дойлiдства на Беларусi XVII ст. завяршыўся будаўнiцтвам замка ў Любчы на Гарадзеншчыне. Ён быў разбураны яшчэ ў 1655 г., сёння ад яго засталiся толькi дзве вежы.

Такiм чынам, архiтэктура Беларусi першай паловы XVI ст. развi­ваецца пад непасрэдным уплывам готыкi i старажытнаруска-вiзан­тыйскага стылю. У другой палове гэтага стагоддзя разам з готыкай у беларускай архiтэктуры распаўсюджваецца рэнесанс, што звязана з пранiкненнем iдэй Рэфармацыi i гуманiзму. Сумяшчэнне элементаў готыкi i рэнесансу стала адметнай з'явай беларускага дой­лiдства. Выкарыстаўшы заходнееўрапейскiя традыцыi, майстры, якія працавалi на Беларусi, стваралi яркiя ўзоры нацыянальнага мастацтва. На мяжы XVI i XVII стст. культавыя збудаваннi яшчэ вызначалiся стылявой рознахарактарнасцю, перавагай форм таго цi iншага архiтэктурнага стылю. Надзвычай важным перыядам у гiсторыi беларускай архiтэктуры з'яўляецца першая палова XVII ст. Усяго за паўстагоддзе ў ёй адбылiся якасныя змены, якiя зрабiлi пэўны паварот ад сярэдневяковай архiтэктуры да архiтэктуры новага часу. У гэты час пануючым становiцца стыль барока.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: