Унутраны свет персанажа. Псіхалагізм

У персанажы (як і наогул у любой з’яве, рэчы і г. д.) вы­лу­ча­ец­ца ўнут­ранае і знешняе.

Унутраны свет персанажа, які ўключае ў сябе памкненні, дум­кі, усвя­домленыя пачуцці, а таксама сферу падсвядомага, адлюст­роў­ваецца ў лі­таратурных творах па-рознаму.

На ранніх этапах развіцця літаратуры (старажытнасць, ся­рэд­ня­­веч­ча) унутраны стан персанажа перадаецца больш апасрод­ка­ва­на, ускосна, а не прама і адкрыта. Творы гэтага часу ўзнаўляюць пе­ра­­важна ўчынкі пер­санажаў і толькі ў вельмі нязначнай ступені ўнут­раныя, псі­ха­ла­гіч­ныя матывы гэтых учынкаў. Перажы­ванні ге­роя амаль што поўнасцю за­ле­жаць ад разгорт­вання падзей і па­да­юц­ца галоўным чынам праз знеш­нія праявы. Пры­чым пісьменік ак­цэн­туе ўвагу, як правіла, на адным якім-небудзь па­чуцці, што запа­ланяе ўсю душу персанажа.

Пэўныя зрухі ў адлюстраванні літаратурай унутранага свету пер­­са­на­жаў (як у плане ўзбагачэння непасрэднай гамы перажы­ван­няў, так і ў пры­ёмах і сродках яе перадачы) прынесла эпоха Ад­ра­джэн­ня. Асабліва не­абходна адзначыць у сувязі з гэтым творчасць У. Шэкс­піра, пер­са­на­жы п’ес якога характарызуюцца надзвычай ба­га­тым душэўным жыццём. Менавіта да іх ужо можна з поўным пра­вам прымяняць тэрмін-азна­чэн­не «псіхалагічна напоўненыя».

Пасля некаторага перапынку, звязанага з класіцыстычнай ад­на­лі­ней­на­сцю вобразаў-персанажаў, псіха­лагізм зноў актывізаваўся ў еў­ра­пей­скай літаратуры. Гэта адбылося ў другой палове ХVІІІ ст. у твор­часці пісь­меннікаў-сентыменталістаў («Юлія, ці Новая Элаі­за» Ж.Ж. Русо, «Сен­­тыментальнае падарожжа па Фран­цыі і Італіі» Л. Стэрна і інш.).

Яшчэ большы імпульс развіццю псіхалагізму ў літаратуры на­даў ра­ман­тызм. Пісьменнікі-рамантыкі імкнуліся ўзнаўляць скла­да­ныя, часам над­звычай супярэчлівыя перажыванні сваіх герояў. Ад­нак і на іх твор­ча­сці яшчэ ляжыць пэўны адбітак адналінейнасці па­чуц­цяў (напрыклад, паэ­мы Дж. Байрана, ранніх А. Пушкіна і М. Лермантава).

Аб другой палове ХІХ ст. ужо можна весці гаворку як аб часе поў­на­га і ўсебаковага ўсталявання псіхалагізму ў літаратуры. Асаб­лі­ва шмат у мас­тацкае даследаванне «дыялектыкі душы» сваіх пер­са­нажаў унеслі Л. Тал­стой і Ф. Дастаеўскі. У іх раманах і аповесцях з не­бывалымі да гэ­та­га паўнатой і канкрэтнасцю ўзноў­лены пра­цэ­сы фарміравання думак, па­­чуццяў, намераў чалавека, іх пе­ра­пля­цен­не і ўзаемадзеянне, часам над­звы­чай складанае і супярэчлівае. Ме­на­віта ў гэты час у літаратуры за­ма­ца­валася «рэфлексуючая» асоба (В. Халізеў), якую можна знайсці прак­тыч­на ў любым буйным рэа­ліс­тычным творы.

Пра ХХ ст., пры ўсім тым, што псіхалагізм к гэтаму часу ўжо ста­ла ўвай­шоў у сусветную літаратуру і замацаваўся там, нельга га­ва­­рыць як аб часе яго поўнага і непадзельнага панавання. Справа ў тым, што спа­чат­ку еўрапейская мадэрнісцкая эстэтыка (асабліва ў гэ­тым плане вы­зна­чы­ліся футурысты), а затым і радыкальная са­вец­кая (А. Луначарскі, пра­лет­культаўцы і інш.) з рэзкай крытыкай па­ча­лі ад­носіцца да перадачы пісь­меннікамі нюансаў складанага ду­хоў­нага стану асобы, прызываючы звяр­таць больш увагі на ад­люст­ра­ванне ма­тэрыяльнага свету.

Псіхалагізм, для перадачы якога ў літаратуры намнога болей маг­чы­мас­­цей у параўнанні з астатнімі відамі мастацтва з-за слоў­най воб­раз­на­сці пры­гожага пісьменства, апеліруючай не толькі да па­чуц­цяў, але і не­па­с­рэд­на да розуму чалавека, яго інтэлекту, шмат­стай­ны ў асаблівасцях свай­го выяўлення ў творах. Абазначым яго найбольш важныя раз­на­від­на­­сці, формы выяўлення, а таксама канкрэтныя прыёмы і срод­кі.

Па-першае, псіхалагізм, паводле В. Халізева, можа быць яў­ным, ад­кры­тым, «дэманстратыўным» і прыхаваным, «тайным», «пад­тэкс­та­вым» [101]. Першую разнавіднасць прадстаўляюць творы Ф. Дас­таеў­скага, Л. Тал­стога, У. Фолкнера, К. Чорнага, І. Мележа і інш; другую — І. Тур­ге­­нева, А. Чэхава і некат. інш. аўтараў.

Калі браць формы псіхалагічнага адлюстравання, то іх адзін з су­час­ных расійскіх даследчыкаў псіхалагічнага пісьма А. Есін вы­лучае тры: пра­­мую, ускосную і сумарна-абазначальную. Пер­шая ўтва­ра­ецца ў вы­ні­ку паказу ўнутранага свету персанажаў шля­хам не­па­с­рэд­най аўтарскай пе­радачы-расповеду аб тым, што тво­рыцца ў душах ге­ро­яў. Другая ўзні­кае тады, калі адлюст­роў­ва­ец­ца ўнутраны свет пер­са­на­жаў «праз знеш­нія сімптомы» [102], г. зн. праз пе­радачу мімікі, жэстаў, асаб­лі­васцей рухаў і інш. І трэцяя на­ра­джа­ец­ца ў выніку паведамлення аб дум­ках і пачуццях ге­рояў «з да­па­мо­гай называння, гранічна сціслага аба­зна­чэння тых пра­цэ­саў, што пра­цякаюць ва ўнутраным свеце» [103].

У межах названых форм існуе шмат канкрэтных прыёмаў і сродкаў псі­халагічнага пісьма. Да найбольш рас­паў­сю­джа­ных адно­сяц­ца: 1) апа­вя­данне ад першай асобы; 2) апавяданне ад трэцяй асобы; 3) няў­ласна-прос­тая ўнутраная мова; 4) сумеснае ўжы­ванне апавя­дання ад пер­шай асо­бы і апавядання ад трэцяй асо­бы з іх чарга­ваннем, а так­са­ма па­ра­лель­ным выкарыстаннем няў­лас­на-простай унутранай мовы; 5) псі­ха­ла­гіч­ны аналіз і самааналіз (па­дзел складанага душэўнага стану на пэўныя эле­менты-часцінкі); 6) унут­раны маналог (пры ўмове да­вя­дзен­ня яго да сва­ёй лагічнай мя­жы ён можа перарастаць у «плынь свя­до­ма­сці»); 7) «дыя­лектыка ду­шы»; 8) «мэтавае» псіха­лачна-адцяняючае і па­раў­наль­нае вы­ка­рыс­­танне партрэтных і пейзаж­ных дэталей, а таксама дэ­та­лей рэ­чыў­нага свету.

Як бачна, канкрэтных прыёмаў і сродкаў адлюстра­ван­ня ду­шэўнага ста­ну персанажа, стварэння ўнутранай псіха­ла­гіч­най карціны да­волі мно­га. Галоўнае, каб пісьменнік умела і твор­ча карыстаўся імі.

Наогул жа, практыка выкарыстання ўсяго арсеналу сродкаў, прыё­маў і спосабаў псіхалагічнага пісьма досыць індывідуальная.

Кожны з літаратурных родаў валодае сваімі магчымасцямі псі­ха­ла­гіч­нага адлюстравання. Так, у лірыцы псіхалагізм носіць экс­прэ­­сіўны ха­рак­тар: лірычны герой ці непасрэдна выказвае свае па­чуц­ці, ці імкнецца да самааналізу, ці, урэшце, аддаецца лірычным раз­вагам-медытацыям. Дра­матургічныя творы пэўным чынам аб­ме­жа­ваны ў плане маг­чы­ма­сцей адлюстравання ўнутранага стану пер­са­нажа: гэта дасягаецца толькі праз маналог, жэстыкуляцыю, ін­та­на­цыйнае афармленне гаворкі. Самыя ж вя­лікія патэнцыі псі­ха­ла­гіч­нага пісьма ў эпічным родзе.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: