Футурызм

Футурызм (ад лац. futurum — будучае) — адна з самых ранніх плы­ней нерэалістычнага характару ў літаратуры ХХ ст. Найболь­шае рас­паў­сю­джанне футурызм атрымаў у Італіі і Расіі. Яго ідэі, якія пер­ша­па­чат­ко­ва аформіліся ў прасторавых мастацтвах (ар­хі­тэк­ту­ры, жывапісе), знай­шлі пазней сваё прымяненне і ў літаратуры, а так­сама ў тэатры, музыцы, кі­нематографе.

У 1909 г. убачыў свет «Маніфест італьянскага футурызму» Ф. Ма­­ры­нэці. У ім пракламаваўся поўны разрыў з традыцыйнай куль­турай. Ад­вяргалася як сухасць акадэмічнага мастацтва, так і сен­ты­мен­таль­насць мастацтва салоннага. У роўнай ступені футу­рыс­ты не прымалі і імп­рэ­сіянізм, і сімвалізм. У сваёй творчай прак­ты­цы яны арыентаваліся на адлюстраванне сучаснага «машын­нага» све­ту, абгрунтоўвалі эстэтыку ін­дустрыяльнай урбаніс­тычнай цыві­лі­зацыі з яе дынамікай і без­аса­бо­ва­сцю.

Мэтай мастацтва футурысты аб’явілі стварэнне «новай рэаль­на­сці», пры­зываючы «скінуць класіку з парахода сучаснасці» (У. Мая­коўскі). Так, напрыклад, італьянскія футурысты заклікалі да раз­бурэння музеяў, біб­ліятэк, тэатраў і іншых асяродкаў культуры. Іх рускія аднадумцы імк­ну­ліся да поўнага рэфарматарства паэтыч­най мовы, ратуючы за «са­ма­ві­тае» слова.

Наогул, эвалюцыю футурызму, і ў першую чаргу італьянскага, мож­на было прадбачыць. Пачаўшы з эстэтычнай агрэсіі супраць кан­сер­ва­тыў­ных густаў і традыцый, італьянскія футурысты (Ф. Ма­ры­­нэці, Дж. Се­верыні, У. Бачоні і інш.) закончылі праслаў­леннем куль­ту сілы, апа­логіяй вайны — «гігіены свету».

Рускі літаратурны футурызм узнік амаль адначасова з італь­ян­скім і ад­чуў яго пэўны ўплыў (культ сучаснага індустрыялізму і тэх­ні­кі, ад­маў­лен­не традыцыйнай культуры). «Але ў цэлым ён рашуча ад­розніваўся ад італь­янскага з яго ідэямі насілля і агрэсіі» [267].

У агульным рэчышчы расійскага футурызму існавала некалькі гру­по­вак, якія амаль што варагавалі паміж сабой. Гэта «Гілея» (ку­ба­­фу­ту­рыс­ты), якую прадстаўлялі В. Хлебнікаў, Дз. і М. Бурлюкі, У. Мая­­коўскі, А. Кру­чоных і інш.; «Асацыяцыя эгафутурыстаў» (І. Се­вяранін, К. Алім­паў і інш.); «Мезанін паэзіі» (Хрысанф, В. Шар­­шаневіч і інш.); «Цэн­тры­фу­га» (Б. Пастэрнак, М. Асееў, С. Баб­роў і інш.).

У пошуках «першаасноў» слова рускія футурысты звярталіся да на­цыя­нальнай міфалогіі і народнага мастацтва (лубка, раёшніка і інш.). Г. зв. «сімваляціне» яны супрацьпастаўлялі «першапачатко­вае» — тое, што не было «заплямлена» цывілізацыяй. Разам з тым рус­кія футурысты ары­­ентаваліся на мову вуліц, на плакат, рэкламу. Шу­каючы новыя фор­мы мастацкага выражэння, рускія футурысты вы­карыстоўвалі гу­ка­пе­рай­манне альбо сумесь дысаніруючых гукаў, экс­перыментавалі над паэ­тыч­най графікай, сінтаксісам і г. д. Творы іх па­значаны рэзкімі кант­рас­та­мі трагічнага і камічнага, фантастыкі і га­зетнай паўся­дзённасці, што пры­водзіла даволі часта да гратэс­ка­ва­га змяшання стыляў. Пры на­яў­на­сці раз­бу­ральнага і адмоўнага ў эс­тэтыцы і паэтычнай практыцы рускія фу­­турысты разам з тым, па сцвяр­джэнні Н. Кубаравай, «прыўносілі ў мас­­тацтва прадчуванне рэ­валюцыйных змен, абнаўляючы змест і фор­мы, адкрывалі шлях іду­чым за імі плыням у літаратуры і мастацтве» [268].

Футурызм не быў, так бы мовіць, навінкай у асяроддзі мас­тац­кі аду­ка­ваных людзей Беларусі як у дарэвалюцыйны, так і ў пасля­рэ­ва­лю­цый­ны час. Перыядычны друк даволі рэгулярна пісаў аб ім. У 1914 г. у Мін­ску нават быў арганізаваны літаратурны вечар футу­рыс­таў з удзелам Дз. Бур­люка і У. Маякоўскага. Уплыў футурызму ад­чула на сабе група К. Ма­левіча «Сцвярджальнікі новага мас­тац­тва» (кубафутурызм). Як вя­до­ма, крыху пазней Малевіч заснуе но­вую плынь у выяўленчым мас­тац­тве, якую назаве супрэматызмам, а ў больш шырокіх колах яна па­імя­ну­ец­ца абстракцыянізмам. Апош­няму як мастацтву, дзе кожны з рэ­цы­пі­ен­таў можа ўкладваць у твор любую думку і досыць адвольна трак­та­ваць формы, будзе на­ка­навана доўгае жыццё. У сваіх розных ма­ды­фі­ка­цы­ях (поп-арт, оп-арт, кінетычнае мастацтва і інш.) абстракцыянізм пра­існуе да­во­лі доўга, ледзь не да самага канца ХХ ст.

У беларускай літаратуры футурызм не аформіўся (ды і наўрад ці змог бы аформіцца) у самастойную плынь. Аднак яго асобныя тэн­дэнцыі ў пэў­най ступені паўплывалі на творчасць П. Шукайлы, Я. Ві­дука (Я. Скры­гана). Большасць жа беларускіх літаратараў да­во­­лі крытычна ста­вілася да футурызму, абвінавачваючы яго ў пад­ме­не мас­тацтва ра­мес­ніц­твам.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: