Чытанне як этап вывучэння мастацкага твора

Асноўным этапам вывучэння мастацкага твора з’яўляецца чытанне. Чытанне – гэта падмурак для далейшай працы над творам.

Мастацкі твор у школе чытаецца і перачытваецца. Поспех вывучэння твора ў многім залежыць ад арганізацыі першага чытання. Першае чытанне звычайна мае эмацыянальную афарбоўку, яно павінна стварыць адпаведны настрой, зацікавіць вучняў, выклікаць у іх эстэтычнае перажыванне і асалоду. Успрыманне твора на эмацыянальным узроўні характарызуецца пэўнай павярхоўнасцю, якая выяўляецца ў жаданні вучняў хутчэй даведацца, чым завяршыцца твор, а яго ацэнка абмяжоўваецца эмацыянальна-ацэначнымі ўражаннямі. Недахопы першаснага ўспрымання будуць выпраўлены пры паўторным чытанні. Першае чытанне ў класе павінна быць чытаннем уголас і абавязкова выразным, нельга падмяняць яго працай над тэхнікай чытання: для гэтага адводзіцца адпаведны час.

Чытанне бывае вольнае і мэтанакіраванае. Пры вольным чытанні вучань мае поўную свабоду, ён падуладны толькі тэксту: прымае або аспрэчвае тое, пра што напісана ў творы, хвалюецца, суперажывае, радуецца і ненавідзіць разам з аўтарам і яго героямі. Прысутнасць вольнага чытання абавязковая. “Пакуль твор не ўспрыняты душой, свабодна і непасрэдна, – адзначала вядомы метадыст Н.А. Станчэк, – вучань не адчувае патрэбнасці ў аналізе, ён можа нават супраціўляцца усім спробам прымусіць яго гаварыць” [2, с. 134]. Па гэтай прычыне першае чытанне павінны быць вольным.

Паўторнае чытанне, як правіла, мэтанакіраванае, яно праходзіць пад кіраўніцтвам настаўніка. Педагог задае вучням апераджальныя пытанні, прапануе ім выканаць падчас чытання заданні аналітычнага характару, з якіх пачынаецца аналіз твора.

Чытанне можа быць класным і дамашнім. У сярэдніх класах перавага аддаецца класнаму чытанню і, як правіла, ўголас. Чытанне ўголас больш нагляднае, яно выклікае калектыўнае суперажыванне. Акрамя таго, пры класным чытанні настаўнік ўпэўнены, што ўсе вучні ведаюць змест твора. Дамашняе чытанне мае таксама свае перавагі: яно ў значнай меры асабістае, тут няма пасрэдніка паміж чытачом і аўтарам, ніхто не аказвае ўплыву на чытача сваёй трактоўкай, сваім чытаннем уголас. Вучні сярэдняга школьнага ўзросту любяць слухаць чытанне, аднак даволі хутка стамляюцца, іх увага рассейваецца, і таму метадысты лічаць, што працягласць бесперапыннага чытання на ўроку не павінна перавышаць 25 – 30 хвілін. У V –VІ класах звычайна спалучаюцца абодва віды чытання. Больш складаныя часткі твора чытаюцца калектыўна ў класе, а прачытанае дома на ўроку толькі аналізуецца.

У старшых класах у сувязі з вывучэннем вялікіх твораў першае чытанне пераважна дамашняе, у класе зачытваюцца асобныя ўрыўкі пры аналізе твора. Выключэнне складае выкарыстанне класнага чытання на ўступных занятках, калі настаўнік ставіць задачу праз чытанне ўвесці вучняў у мастацкі свет твора.

Так, напрыклад, чытанне, а затым аналіз першага раздзела рамана Івана Мележа “Людзі на балоце” спрыяюць фарміраванню ў школьнікаў пэўных адносін да герояў, дапамагаюць вучням “ўжыцца” ў твор, у яго ідэйную задуму. Прапанаваны тэкст невялікі памерам, але кожны радок яго напоўнены паэзіяй, выразнасцю, таму патрабуе да сябе асаблівай увагі і дэталёвага разбору.

Значныя па аб’ёму творы ў старшых класах павінны быць прачытаны да пачатку іх вывучэння. Для гэтага неабходна метадычна правільна арганізаваць дамашняе чытанне. Настаўнікі імкнуцца зацікавіць вучняў у прачытанні мастацкіх твораў праз зачытванне найбольш цікавых урыўкаў з тэкстаў, знаёмства з асобнымі фактамі з біяграфіі пісьменнікаў, арганізацыю кніжных выстаў. Важна, каб вучні адчувалі пастаянны кантроль за ходам чытання з боку выкладчыка, які ажыццяўляецца ў форме віктарыны, тэсціравання, індывідуальнай гутаркі, праверачных вусных і пісьмовых заданняў. Большасць настаўнікаў-філолагаў перад летнімі канікуламі знаёмяць вучняў са спісам праграмных твораў, якія будуць вывучацца ў наступным класе.

7. 3. Вывучэнне ўспрымання мастацкага твора вучнямі

Вопытны педагог звычайна ведае, як увогуле ўспрымаецца той ці іншы твор вучнямі пасля самастойнага прачытання. У вучняў аднолькавага ўзросту выяўляецца шмат агульнага ў адносінах да мастацкай літаратуры. Узроставыя заканамернасці ўспрымання мастацкай літаратуры школьнікамі зафіксаваны ў выніку навуковых даследаванняў і працяглы час застаюцца нязменнымі. Яны вядомы настаўніку яшчэ з ВНУ. Аднак вучні адрозніваюцца адзін ад аднаго па ўзроўню чытацкай культуры, сферы інтарэсаў, па месцы жыхарства (гарадскія і вясковыя), па палавой прыналежнасці, па асаблівасцях фізіялагічнага і псіхічнага развіцця і выхаванні ў сям’і. Не існуе абсалютна аднолькавых вучняў, як няма і ва ўсім падобных класных калектываў, тым больш устаноў адукацыі. Невыпадкова многія настаўнікі пры падрыхтоўцы да ўрокаў па адной і той жа тэме ў паралельных класах часам ставяць розныя задачы і выбіраюць адрозную методыку іх правядзення.

Славесніку іншы раз даволі цяжка інтуітыўна прадбачыць, якія пытанні, асобныя эпізоды зацікавяць школьнікаў, а якія застануцца незаўважанымі. Для вызначэння аптымальнай методыкі вывучэння твора ў класе неабходна ведаць, як ён успрыняты канкрэтнымі вучнямі ў канкрэтным класе.

Псіхолаг В.Нікафарава вылучае тры асноўныя стадыі ў працэсе ўспрымання мастацкай літаратуры:

– непасрэднае ўспрыманне, якое грунтуецца на эмацыянальнай рэакцыі;

– асэнсаванне ідэйнага зместу;

– уплыў літаратуры на чытача як вынік успрымання твора [3, с. 17].

У час чытання і адразу пасля яго заканчэння найбольш праяўляецца непасрэднае ўспрыманне, якое дае магчымасць настаўніку правільна вызначыць методыку далейшай працы над творам.

Выяўленне ўзроўню першаснага ўспрымання твора вучнямі з’яўляецца абавязковым прамежкавым этапам паміж чытаннем і аналізам. Для гэтага праводзяць так званыя арыенціровачныя заняткі, на якіх настаўнік ставіць за мэту выявіць, якія эмоцыі выклікаў ў вучняў прачытаны твор, наколькі глыбока яны зразумелі змест, што засталося па-за іх увагай, а што не патрабуе дадатковых удакладненняў. Методыку правядзення такіх заняткаў настаўнік выбірае ў залежнасці ад вучэбна-выхаваўчых задач, складанасці і памеру, родавай і жанравай спецыфікі твора, колькасці гадзін, адведзеных праграмай на яго вывучэнне.

У методыцы замацавалася некалькі спосабаў выяўлення чытацкага ўспрымання. Самым пашыраным метадычным прыёмам, да якога настаўнік звяртаецца на арыенціровачных занятках, з’яўляецца пастаноўка пытанняў, накіраваных на выяўленне агульнага ўражання ад твора: “Якім настроем прасякнуты верш?”; “Якія пачуцці выклікаў прачытаны твор?”; “Які з эпізодаў апавядання вам запомніўся больш і чаму?”

Арыенціровачныя заняткі, могуць таксама праводзяцца ў форме гутаркі, інтэрв'ю, вусных паведамленняў вучняў. Пры праверцы засваення зместу твора выкарыстоўваецца складанне планаў і розныя віды пераказу. Для выяўлення эфектыўнасці арыенціровачныхзаняткаў настаўнік у час далейшай працы над творам супастаўляе першапачатковыя ўражанні з тымі, што сфарміраваліся ў час аналізу.

Іншы раз настаўнікі для выяўлення ўспрымання буйнога эпічнага твора праводзяць па-за межамі ўрока эксперыментальны зрэз у форме пісьмовага анкетавання. Пры вывучэнні ўспрымання рамана І. Мележа “Людзі на балоце вучням САШ № 35 г. Мінска было прапанавана адказаць на наступныя пытанні анкеты: “Які з вобразаў рамана І.Мележа "Людзі на балоце", на вашу думку, найбольш удаўся аўтару?”; “Як вы ставіцеся да таго, што Ганна выйшла замуж за чалавека, якога не кахала?”; “ Чым вам падабаецца Васіль і якія якасці яго характару выклікаюць ваша асуджэнне?”; “Які тып кіраўнікоў вам больш імпануе: такі, як Апейка, або як Харчаў? Ці згодны вы з думкай Харчава: "Аднаго пасадзіш – другі баяцца будзе"?”; “ Якое ўражанне склалася ў вас пра аўтара?”; “Якімі прыёмамі і сродкамі адлюстравана ў рамане аўтарская пазіцыя?”; “Якую ролю ў рамане выконвае пейзаж?”; “У чым своеасаблівасць мовы аўтара і якая яе функцыя ў раскрыцці ідэйнай задумы рамана?”

Аналіз адказаў вучняў на прапанаваную анкету даў магчымасць не толькі вывучыць успрыманне школьнікамі рамана І. Мележа, але і ўвогуле вызначыць агульныя заканамернасці ўспрымання літаратурнага твора старшакласнікамі. Выявілася, што ў цэнтры ўвагі школьнікаў пры чытанні мастацкага твора лёс яго герояў, матывы іх учынкаў. Маральнае аблічча героя становіцца для школьнікаў вызначальным у ацэнцы яго і як з'явы мастацтва. Станоўчы герой аказвае на іх вялікае выхаваўчае ўздзеянне. Адмоўныя ж персанажы, акрамя негатыўных, іншых пачуццяў не выклікаюць, хаця ў рамане І.Мележа яны выпісаны з не меншым стараннем і майстэрствам.

Дзесяцікласнікі часта не ўлічваюць рэальных гістарычных умоў, якія сфарміравалі светапогляд і характар герояў, ставяць іх побач са сваімі сучаснікамі і таму памыляюцца пры вызначэнні маральнай ацэнкі ўчынкаў і дзеянняў літаратурных персанажаў. Недастаткова глыбока разумеюць школьнікі аўтарскую пазіцыю.

Другараднае значэнне надаюць многія вучні літаратурнаму пейзажу, не бачаць усёй паўнаты моўнага багацця твора. Гэта можна растлумачыць тым, што вучням з маленства гаварылі пра так званыя "мастацкія асаблівасці" на завяршальным этапе вывучэння твора, без уліку адзінства зместу і формы.

У выніку праведзенага даследавання былі выяўлены тыповыя асаблівасці першаснага ўспрымання эпічнага твора вучнямі старшых класаў, а таксама вывучана разуменне імі канкрэтнага рамана пасля самастойнага чытання.

Ад паўнаты і глыбіні першапачатковага ўспрымання твора ў далейшым залежыць якасць яго аналізу.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: