Этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы. 2.1. Дзяржаўны статус беларускай мовы ў ВКЛ

2.1. Дзяржаўны статус беларускай мовы ў ВКЛ

(XIV–XVІ стст.)

У XIV ст. Беларусь уваходзіць у склад Вялікага княства Літоўскага. На працягу XIV – XVІ стст. складваецца беларуская народнасць з уласцівай ёй мовай – беларускай (у тыя часы беларуская пісьмовая мова мела назву “руский языкъ” – ад назвы “Русь”, якой у шмат-нацыянальным Вялікім княстве Літоўскім абазначалася ўсходне-славянскае насельніцтва. Назва “беларуский” язык пачала ўжывацца толькі ў сярэдзіне XVІІ ст. у Рускай дзяржаве).

Беларуская мова становіцца дзяржаўнай мовай ВКЛ, таму ўсё справаводства стваралася на ёй: дзелавое пісьменства, шматлікія акты, дагаворы, Статуты ВКЛ трох рэдакцый (1529, 1566, 1588 гг.), Метрыка ВКЛ, дзе змяшчаюцца дакументы ад XIV да канца XVІІІ стст., вядзецца дакументацыя ў гарадскіх управах, судах, магістратах, магдэбургіях. Беларуская мова выкарыстоўваецца ў дыпламатычнай і прыватнай перапісцы. Такім чынам, беларуская мова становіцца канцылярскай мовай ВКЛ.

Пішацца на беларускай мове і свецкая мастацкая літаратура: летапісы, гістарычныя запіскі мясцовага характару, перакладныя раманы і аповесці, хронікі і інш. З’яўляюцца пераклады на беларускую мову і рэлігійных твораў. У гэтым кірунку дзейнічаў беларускі першадрукар, асветнік Ф. Скарына, які на працягу 1517 – 1520 гг. пераклаў і надрукаваў 23 кнігі Старога Запавету. Захаваўшы царкоўнаславянскую аснову, ён насыціў свой пераклад беларускімі рысамі.

З сярэдзіны XVI ст. з’яўляюцца на беларускай мове і арыгінальныя творы рэлігійнага прызначэння. С. Будны ў 1562 г. у Нясвіжы на беларускай мове выдаў дзве кнігі – “Катэхізіс” і “Апраўданне грэшнага чалавека перад богам”. У 1580 г. В. Цяпінскі выдае “Евангелле” пара-лельна на царкоўнаславянскай і беларускай мовах.

На працягу канца XVI – першай паловы XVII стст. выдаецца шмат кніг рэлігійнага і свецкага характару.

Вядзецца навучанне на беларускай мове, хаця не захавалася ні падручнікаў, ні слоўнікаў з тых часоў.

У Статут 1566 года быў уключаны пункт аб ужыванні ў справаводстве толькі беларускай мовы, які быў захаваны і ў Статуце 1588 г.

Такім чынам, у XVI – першай палове XVII стст. старабеларуская літаратура дасягнула найвышэйшага ўзроўню свайго развіцця.

2.2. Стан беларускай мовы ў Рэчы Паспалітай

(XVI – канец XVIII стст.)

Аб’яднанне ВКЛ з Каралеўствам Польскім у Рэчы Паспалітай (Люблінская унія 1569 г.) прывяло да звужэння сферы выкарыстання беларускай мовы.

Усё большыя пазіцыі пачынае займаць польская мова. Часта адбывалася так, што адзін і той жа дакумент пісаўся на дзвюх мовах. А ў 1696 годзе Сойм Рэчы Паспалітай прыняў пастанову пісаць усе дзелавыя паперы па-польску, а не па-беларуску. Юрыдычна было замацавана тое, што практычна склалася на некалькі дзесяцігоддзяў раней.

На тэрыторыі Беларусі дзяржаўнай мовай становіцца польская мова. Адбываецца заняпад беларускай мовы. Звужаецца ўжыванне беларускай мовы не толькі ў афіцыйным справаводстве, але і ў свецкай і рэлігійнай літаратуры. Друкарні перасталі друкаваць беларускія кнігі. Адукацыя ў гэты час пераводзіцца на польскую і часткова на лацінскую мову. Беларуская мова выкарыстоўвалася толькі ва ўніяцкіх школах і жыла ў вусных гаворках беларускага народа. На беларускай мове складаліся фальклорныя творы – казкі, легенды, паданні, вершы, песні і інш., якія распаўсюджваліся вусным шляхам.

Адбываецца паланізацыя беларускай мовы (уплыў польскай мовы на беларускую).

2.3. Беларуская мова ў Расійскай імперыі

(канец XVIII – 1917 г.)

У канцы XVIII ст. (1795 г.) у выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспа-літай Беларусь была далучана да Расіі.

Беларусь адыходзіць да Расіі, і дзяржаўнай мовай становіцца руская мова, хаця яшчэ доўгі час у справаводстве і школах карыстаюцца польскай мовай. Беларуская мова ўжываецца ў вуснай форме ў дыялектных разнавіднасцях і адчувае ўплыў на сабе рускай мовы (русіфікацыя). Аднак у XIX ст. ідзе працэс складвання новай літара-турнай беларускай мовы, які звязаны з нацыянальным адраджэннем беларускага народа і ўздымам нацыянальна-вызваленчага руху.

Беларуская літаратура ў гэты час цесна звязана з фальклорам (вер-шы Яна Чачота, які шмат увагі надаваў вывучэнню фальклору і мовы беларусаў). Найбольш буйной фігурай гэтага часу з’яўляецца В. Дунін-Марцінкевіч, ад якога фактычна і пачынаецца шлях новай беларускай літаратуры.

Важную ролю ў працэсе фарміравання беларускай літаратурнай мо-вы адыгрывала публіцыстыка. У 1963 годзе К. Каліноўскім выдавалася нелегальная беларуская газета “Мужыцкая праўда”. У гэты час пачаў сваю дзейнасць і Ф. Багушэвіч. Ён адзін з першых сярод беларускіх пісьменнікаў загаварыў пра беларускую мову як найважнейшы элемент нацыянальнай культуры. (зборнікі вершаў “Дудка беларуская” і “Смык беларускі” былі выдадзены не на радзіме, а за яе межамі).

Пачатак XX ст. вызначыўся новым уздымам нацыянальна- вызваленчага руху. Рэвалюцыйныя падзеі 1905 – 1907 гг. прымусілі царскі ўрад выдаць закон аб свабодзе друку (24.11.1905), які дазваляў друкаваць творы беларускай літаратуры. Было заснавана беларускае выдавецтва, дзе выходзілі творы беларускіх пісьменнікаў (Я. Купалы, М. Багдановіча) і пераклады з іншых моў на беларускую мову. Пачалі выдавацца газеты “Наша доля” і “Наша ніва”, часопісы “Лучынка”, “Раніца” і інш.

Актывізацыя літаратурнага жыцця садзейнічала далейшаму ўдасканаленню беларускай мовы. Найбольшы ўклад у распрацоўку беларускай мовы ў дарэвалюцыйны час зрабіў акадэмік Я. Карскі – заснавальнік беларускага мовазнаўства і беларускай філалогіі. У сваёй 3-томнай працы “Беларусы” ён апісаў гісторыю беларускага народа і беларускай мовы, навукова абгрунтаваў і даказаў самастойнасць беларускай мовы, паказаў, што беларуская мова мае сваю сістэму, якая развівалася і ўдасканальвалася гістарычна.

Але было шмат разнабою ў правапісе, вымаўленні, ужыванні форм слоў. Неабходна было скласці нарматыўную граматыку беларускай мовы. Па прапанове Я. Купалы над такой граматыкай у 1913 годзе пачаў працаваць Б. Тарашкевіч.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: