Літаратура. 1. Карухіна, В.А. Урокі беларускай літаратуры ў 8 класе : вучэб.-метад

1. Карухіна, В.А. Урокі беларускай літаратуры ў 8 класе: вучэб.-метад. дапам. для настаўнікаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі, з беларус. і рус. мовамі навучання / В.А. Карухіна, П.І. Лявонава, І.М Слесарава. — Мінск: Маст. літ., 2006.

2. Методыка выкладання беларускай літаратуры: вучэб. дапам. / Л.В. Асташонак, Г.С. Гарадко, Г.М. Ішчанка і інш.; Пад рэд. В.Я. Ляшук. — Мінск: ТАА “Аар”, 2002.

3. Руцкая, А.В. Методыка выкладання беларускай літаратуры: вучэб.-метад. дапам. / А.В. Руцкая, М.У. Грынько. — Гродна: ГрДУ, 2004

8.4. Вывучэнне драматычных твораў

Драматычныя творы з’яўляюцца, напэўна, самымі складанымі для вывучэння ў школе. Гэта абумоўлена перш за ўсё іх сцэнічным прызначэннем, спецыфікай драмы як літаратурнага роду. Рэчаінасць у драматычных творах адлюстроўваецца ў своеасаблівых тэатральных формах, патрабуе ад чытача багатага ўяўлення. Усё вышэйпералічанае патрабуе выкарастання спецыяльнай методыкі пры вывучэнні п’ес.

“Драма (ад грэч. drama – дзеянне) – род літаратуры, у аснове якога – паказ напружанага, скразнога дзеяння, вырашэнне канфліктанай сітуацыі” [1, с. 43]. У творах адлюстроўваюцца вострыя супярэчнасці жыцця, не бачна аўтара, які свае пачуцці, думкі перадавярае дзеючым асобам. Характары герояў выяўляюцца праз мову і ўчынкі, таму неабходна звярнуць увагу вучняў на маналогі, дыялогі, рэмаркі. Ёсць меркаванне, што драма выйшла са старажытнага абраду.

Упершыню школьнікі звяртаюцца да драматычных твораў у V класе. Вывучаецца п’еса А. Гаруна “Датрымаў характар”, увага звяртаецца перш за ўсё на раскрыццё характараў герояў, ролю у гэтым дыялогаў, рэплік, аўтарскіх рэмарак. Вучні асэнсоўваюць асаблівасці драматычных твораў, прычым яны маюць лакальны характар, мэтай з’яўляецца – азнаямленне з разнастайнасцю твораў.

У VI класе вывучэнне п’с звязваецца з біблейскімі сюжэтамі, батлейкай. Вучні даведваюцца пра асаблівасці існавання тэатральнага мастацтва на Беларусі. Неабходна адзначыць, што вывучэнне драматургіі ў V – VІ класах мае на мэце знаёмства з творам як відам славеснага мастацтва.

Іншы характар знаёмства з драматургіяй набывае ў VIII класе, калі для вывучэння твораў складаецца сістэма ўрокаў. На гэтым этапе знаёмства варта даць кароткія гістарычныя звесткі пра асноўныя драматычныя жанры: камедыю, трагедыю, драму. На ўступных занятках неабходна настроіць вучняў на ўспрыманне, азнаямленне з адметнасцю драматычнага роду можна арганізаваць па-рознаму: спачатку пазнаёміць з артыкулам з падручніка, пачаць з дэманстрацыі невялікага тэатральнага эцюда. Калі вучні азнаёміліся з творам папярэдне, то варта пацікавіцца першасным успрыманнем твора. Увага канцэнтруецца на родавых асаблівасцях адлюстравання рэчаіснасці ў творы.

Аналізаваць драматычны твор можна рознымі шляхамі: “следам за аўтарам”, павобразны, праблемна-тэматычны, камбінаваны. У залежнасці ад колькасці гадзін настаўнік выбірае найбольш мэтазгодны падыход да асэнсавання твора. Напрыклад, пры вывучэнні камедыі Янкі Купалы “Паўлінка” можна пачаць аналіз шляхам”следам за аўтарам”, затым зрабіць павобразны аналіз, завяршыць разгляд высветліўшы асноўныя праблемы твора. Неабходна звярнуць увагу на дынаміку развіцця вобразаў, растлумачыць уплыў часу, калі была створана п’еса, а таксама звярнуць увагу на некаторы біяграфізм твора: бацькі былі супраць шлюбу маці Янкі Купалы. Вучням трэба паказаць сродкі, пры дапамозе якіх ствараюцца вобразы, прааналізаваць мову дзеючых асоб, выявіць як яна дапамагае раскрываць характар. Пасля прачытання твора можна паглядзець спектакль па творы, затым узгадаць першаснае ўражанне, прасачыць наколькі змянілася яно пасля аналізу.

Пры разглядзе драматычных твораў варта акцэнтаваць увагу на тыпажах герояў, што дазволіць узняцца пры аналізе да абагульненняў, вывесці агульначалавечыя тэмы.

Жыццёвы канфлікт выяўляецца праз сутыкненне характараў, супрацьпастаўленне персанажаў, пры наяўнасці некалькіх сюжэтных ліній абавязкова ёсць дзеянне, якое іх аб’ядноўвае.

Прачытанне камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта” (ІХ клас) варта пачаць з вызначэння фарс-вадэвіля як камедыйнага жанра. П’еса акрамя асноўнай лініі мае некалькі сюжэтных, даволі значных для разумення твора ў канцэптуальным занчэнні. Прасачыўшы падзеі твора шляхам “следам за аўтарам”, варта разгледзець яго праблемна-тэматычным. Акрамя выкрыцця духоўнай абмежаванасці шляхты, канфлікта паміж бацькамі і дзецьмі, значнае месца займае і выкрыццё царскага чыноўніцтва. Неабходна звярнуць увагу на час напісання твора: пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. неабмежаваную ўладу атрымала чыноўніцтва. Аўтар выкарыстоўвае мову сваіх герояў дзеля стварэння трапных вобразаў, значную ролю адыграываюць і аўтарскія рэмаркі, а апошняя сцэна паказвае бясконцаць канфлікта, адлюстраванага ў п’есе. Настаўнік павінен падрабязна спыніцца на самой сцэне суда, якая з’яўляецца кульмінацыйнай у раскрыцці фактычна ўсіх сюжэтных ліній. Дзеля ўзмацнення ўражання варта прачытаць яе па ролях, можна таксама прадэманстраваць запіс асобных сцэн спектакля. Так як фарс-вадэвіль актыўна ставіцца сучаснымі тэатрамі, можна таксама паглядзець спектакль, а затым параўнаць з першапачатковым уражаннем і праглядам ранейшай пастаноўкі.

Драматычныя творы вывучаюцца і ў Х класе, прычым яны адносяцца да розных перыядаў, што дае магчымасць аднавіць веды, узгадаўшы папярэднепрачытаныя, і прасачыць адрозненне канфліктаў, праблем.

Пры вывучэнні камедыі К. Крапівы “Хто смяецца апошнім”, разгледзеўшы канфлікт п’есы, варта акцэнтаваць увагу на вобразах, правесці параўнальную характарыстыку, прасачыць эвалюцыю вобраза Тулягі. Вучням дапаможа зразумець сутнасць канфлікта, маштабнасць вобразаў, аналіз маналогаў і дыялогаў твора. Чытанне па ролях дадасць яскравыя фарбы ў самі вобразы. Затым можна ўзнавіць веды, атрыманыя ў ІХ класе, праз параўнанне невукаў з фарс-вадэвіля В.Дуніна-Марцінкевіча і К.Крапівы правесці аналогіі паміж часам, вобразамі Кручкова і Гарлахвацкага.

Разгляд твораў А. Макаёнка варта пачаць з вызначэння паняццяў “сатырычная камедыя”, “трагікамедыя”, узгадаць “камедыя”, сутнаснае адрозненне можна замацаваць пасля разгляду п’есы. Аналізуючы канфлікт, вобразы, праблематыку, неабходна адзначыць падкрэсленую абагульненасць, алегарычнасць вобразаў як тэндэнцыю ў тагачаснай літаратуры.

У ХІ класе вучні знаёмяцца з сучаснай драматургіяй. Уводзячы паняцце “гістарычнай драмы”, варта узгадаць вызначэнне драмы як жанра, растлумачыць зварот да гісторыі. П’еса “Князь Вітаўт” выкрывае маральна-эстэтычны бок канфлікту, праблему асабістага шчасця, а “Чорная панна Нясвіжа” спалучае рэальнае з умоўна-фантастычным. Пры аналізе вобразаў варта звярнуць увагу на абгрунітаванасць паводзін герояў, іх учынкаў, таму што менавіта яны раскрываюць характары герояў. Настаўнік павінен звяруць увагу на новыя тэндэнцыі ў развіцці драматургіі другой паловы ХХ стагоддзя. Пазней пры разглядзе літаратуры з 1980 года варта спыніцца на тэматыцы п’ес, праблемах, якія ўзнімаюць сучасныя драматургі, паказаць, што пранаваныя творы – частка працэсу развіцця драматургіі. Можна прапанаваць пасля прачытання твораў паглядзець іх увасабленне на сцэне. Неабходна таксама звярнуць увагу на развіццё драматургіі для дзяцей, адаптацыі сюжэтаў старажытнай літаратуры.

Пад час работы над зместам твора можна выбіраць розныя метады і прыёмы. Адным з плённых з’яўляецца каменціраванае чытанне, якое дапаможа зразумець ідэйны змест, асаблівасці падачы матэрыялу. Выбарачны пераказ, пераказ ад імя аднаго з персанажаў дадуць магчымасць зразумець настаўніку адносіны вучняў да твора. Праблемная дыскусія дапаможа высветліць праблемы, узянтыя ў творы. Выключнае месца займае чытанне па ролях і інсцэніраванне. Для актывізацыі вучнёўскіх уяўленняў можна выкарыстаць распрацоўку мізансцэн.

Апошнім этапам работы над творам стане абагульненне назіранняў: тэкстуальны аналіз, вылучэнне праблем і вобразаў, раскрыццё падтэксту, сутнасці п’есы. На заключных занятках павінна прагучаць вызначэнне жанравай спецыфікі твора, вызначэнне падзей і ролі канкрэтнага героя ў іх.

Падагульненнем працы над драматычнымі творамі з’яўляецца прагляд спектакляў і абмеракаванне ўражанняў ад п’есы.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: