Гістарычныя вытокі фарміравання беларускай тэрміналогіі

Фарміраванне беларускай тэрміналогіі непасрэдна звязана з развіццём і функцыянаваннем нацыянальнай мовы. Паколькі гісторыя беларускай мовы характарызуецца працягласцю і перарывістасцю, то ёсць усе падставы сцвярджаць, што фарміраванне беларускай тэрміналогіі таксама з’яўляецца працяглым і перарывістым. Такія экстралінгвістычныя фактары, як забарона беларускай мовы Варшаўскім сеймам у 1696 годзе і негатыўныя адносіны да яе царскага ўрада Расіі, якія выклікалі больш чым стогадовы разрыў паміж пісьмовымі традыцыямі старабеларускай і сучаснай беларускай мовы ХVІІ — ХVІІІ стст., адмоўна ўздзейнічалі на пераемнасць натуральнага фарміравання тэрміналагічнай лексікі.

Асновай фарміравання тэрміналогіі старабеларускай мовы можна лічыць намінацыі розных прадметаў і з’яў прыроды ў народным маўленні і пазней фіксацыю гэтых намінацый у пісьмовых помніках старабеларускай мовы.

Для разумення працэсу развіцця беларускай тэрміналогіі важна ўзгадаць аб узнікненні і развіцці пісьменнасці на Беларусі.

Знойдзеныя ў Смаленску, Віцебску, Мсціславе дзелавыя запісы і прыватныя лісты на бытавыя і гаспадарчыя тэмы на бяросце (берасцяныя граматы) таксама сведчаць аб шырокім выкарыстанні пісьма ў заходняй русі і з’яўляюцца сродкам фіксацыя некаторых моўных намінацый прадметаў і паняццяў рэчаіснасці таго часу, у тым ліку і намінацый тэрміналагічнага характару. Так, у тэксце берасцяной граматы, знойдзенай у 1956 годзе ў Віцебску, якая адносіцца да ХІІІ — ХІV стст., можна вылучыць наступныя словы, што ўвайшлі ў склад тэрміналагічнай лексікі старабеларускай мовы і сталі асновай для стварэння асобных тэрмінаў з розных галін гаспадарчай дзейнасці: грыўня, жыта, купіць, наяўнасць, прадаць. Калі ты прадаў адзенне, то купі мне жыта за 6 грыўняў.

ХІІІ стагоддзе ў гісторыі пісьменнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі характарызуецца значнай колькасцю помнікаў, больш разнастайным характарам іх тэматыкі, што звязана і з больш шырокім выкарыстаннем лексікі, якая служыла для намінацыі прадметаў, з’яў прыроды, паняццяў гаспадарчага і грамадскага жыцця.

Далейшае развіццё мовы беларускай народнасці адбывалася ў межах Вялікага княства Літоўскага.

У 1517 годзе вядомы беларускі асветнік Францыск Скарына з Полацка выдае ў Празе першую ва ўсходнеславянскім свеце друкаваную кнігу (“Псалтыр”) на стараславянскай мове. Затым ў Вільні ён выдае “Малую падарожную кніжыцу” і “Апостал”, у якіх у значнай ступені адлюстраваліся асноўныя рысы беларускага маўлення і ў прыватнасці — у лексіцы тэрміналагічнага характару (вызволити, даремный, дорослый, досконалый, збройный, листъ, мовца, научение, отчина, разумность, речи добрые, скарб, час).

Усходнеславянскае кнігадрукаванне прадоўжылі выдатныя кнігадрукары Б. Ваяводка, С. Будны, В. Цяпінскі, І. Фёдараў, П. Мсціславец, браты Мамонічы, В. Гарабурда, Я. Карцан, Д. Лянчыцкі, Я. і П. Кміты, С. Собаль і інш. Надрукаваная ў гэты перыяд літаратура складалася перш за ўсё з царкоўных твораў, а таксама з твораў, звязаных з грамадска-палітычнай і рэлігійнай барацьбой паміж прыхільнікамі і праціўнікамі царкоўнай уніі, паколькі большасць друкарняў належала мясцовым магнатам, праваслаўным брацтвам або езуітам і каталіцкім манастырам. Свецкі характар мела толькі некаторая частка кніг: граматыкі, слоўнікі, буквары, календары, у якіх зафіксавана значная колькасць тэрміналагічнай лексікі. У палемічных творах выкарыстоўвалася грамадска-палітычная тэрміналогія.

Да ліку фактараў, якія садзейнічалі фарміраванню як беларускай мовы наогул, так і тэрміналагічнай лексікі ў ХІV — ХVІІ стст., можна аднесці, па-першае, тое, што з другой паловы ХІV ст. пісьмовая беларуская мова стала дзяржаўнай мовай Вялікага княства Літоўскага. Гэта спрыяла развіццю поўнафункцыянальнасці старабеларускай мовы, фарміраванню яе асноўных стыляў, у тым ліку навуковага. Па-другое, як ужо адзначалася, у першай палове ХVІ ст. у Беларусі ўзнікла, а к сярэдзіне ХVІ ст. атрымала шырокае распаўсюджанне кнігадрукаванне, якое ў значнай ступені садзейнічала выпрацоўцы лексічных нормаў, расшырэнню слоўніка, замацаванню намінацый новых навуковых паняццяў у моўнай практыцы.

Найбольш развітымі (з пункту погляду натуральнага фарміравання) галінамі тэрміналогіі ў ХІV — ХVІІ стст. былі тыя, якія абслугоўвалі асноўныя напрамкі гаспадарчага, навуковага і грамадскага жыцця беларускага народа. Гэта грамадска-палітычная, юрыдычная, гандлёвая, сельскагаспадарчая, прамысловая, ваенная тэрміналогія, а таксама тэрміналогія мовазнаўства, астраноміі, матэматыкі і інш.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: