Велiчальныя песнi

Велiчальныя песнi – жанравая разнавiднасць абрадавых, якiя выконвалiся ў межах каляднай, масленiчнай, валачобнай, юраўскай, траецкай, купальскай, жнiўнай абраднасцi беларускага земляробчага календара, у радзiнных i вясельных комплексах сямейна-абрадавага цыкла. У беларускай фалькларыстыцы вылучалi i даследавалi Г. Барташэвiч, А. Фядосiк, Н. Гiлевiч, М. Грынблат, А. Гурскi, А. Лiс, В. Новак, А. Цяпкова, Р. Кавалёва i iнш. Даследчыкì па-рознаму вызначаюць спецыфіку і жанравыя межы велiчальных песень. Улiчваючы генезіс твораў, адны вучоныя адзначалi, што жанравым паказчыкам песень-велічанняў з’яўляецца магічная функцыя. Другія выказвалі меркаванне, што велічальныя песні – наступная стадыя развіцця заклінальных песень, да якiх яны блiзкiя па сваёй абрадавай скіраванасці. Трэція акцэнтавалi функцыянальную спецыфікацыю велічальных песень – ухваленне чалавека. Чацвёртыя разглядалi іх як сродак выканаўцаў атрымаць узнагароду-падзяку. Пятыя лiчылi, што вызначальнай рысай велічальных песень з’яўляецца тэматыка. Але ўсе даследчыкі сыходзяцца на тым, што асноўным прынцыпам стварэння вобразаў велічальных песень з’яўляецца ідэалізацыя персанажаў, абрадавых чыноў, навакольнага асяроддзя, гаспадарчых поспехаў. Ухваляючы ўдзельнікаў абраду, песні стваралі абагулены, ідэальны тып: гаспадар, хлопец, жаніх самыя разумныя і багатыя; гаспадыня, паненка, нявеста незвычайна прыгожыя і працавітыя. УСЕ персанажы, адрасаты абрадавых песен, малююцца як разумныя, прыгожыя, паважаныя, надзеленыя шчаслівым лёсам людзі. Любы іх учынак мае станоўчы вынік. Ідэалізацыі персанажаў спрыяе гіпербала, эпітэты, параўнанні: дзеткі як кветачкі, гаспадыня – бы сонца, нявеста – бы калiна, надарыла шоўкам, абрусамі і цукеркамі шматлікіх гасцей; у гаспадара (або жанiха) цудоўная шуба, кашуля каштуе тысячу талераў, боцікі казловыя, рукавіцы залатыя і, галоўнае, «галава розумам насыпана». Iдэальная рыса гаспадынi або нявесты – гаспадарлівасць і працавітасць: «І ручая, рабочая, / Ды на дзела ахвочая». Асобна падкрэслìваецца выхаванасць, уменне паводзìць сябе: «Що ступіть, не похіліться, / Що скажа, не поміліться». Жанчына ў велiчальных песнях – эталон прыгажосці: «Тонкая, бы быліна, / Чірвоная, бы каліна, / Высокая, бы тополіна». Параўнанне ўзыходзìць да ўяўленняў пра сувязь са светам расліннасцì. Семантыка «калiны», «тополiны» як «шчаслівых» дрэў устойлівая ў фальклорнай свядомасцì беларусаў ì не патрабуе расшыфроўкì. Прыгажосць жанчыны/дзяўчыны – натуральная, прыродная якасць, але яна звязваецца таксама з багатай вопраткай: «На ёй сукня дарагая. / Каля вората золата, / Каля падолу серабро». Стасункі гаспадара і гаспадынi, жаніха і нявесты ідылічныя. Партрэт персанажа максімальна набліжаны да абрадавага ідэалу. Гаспадар багаты і знатны, жаніх – нават «князёў сын»: «Пад ім конік сівы, / І на ручках саколік, / А на ём шапка красна, / Як зорачка ясна». Стараста на вяселлі «вумный, / У беседи розумны.». Увага канцэнтруецца на розуме, шчырасці, стараннасці, спрытнасці персанажаў, рысах, якія садзейнічаюць найлепшаму выкананню абрадавай ролі.

Велічанне абрадавых персанажаў суправаджаецца ідэалізаваным апісаннем іх дома: «Стаўбы тачоныя, / Пазалочаныя, / Вароцiкi сярэбраныя», хата «Черчіком да й обсыпана, // Калыною да й обтыкана». Персанажы велічальных песен адчуваюць сабе ў згодзе з акаляючым светам, прыродай, людзьмі. У адзінай прасторы несупярэчліва існуюць людзі, прыродныя стыхіі, сімвалы ўрадлівасці, язычніцкія і хрысціянскія апекуны часу, прыроды, ураджаю. Гэта ўсеагульная садружнасць, супрацоўніцтва, парытэтнасць стасункаў. Стварэнню абрадавай ідылікі спрыяе ўвядзенне ў творы вышэйшых істот, якія, напрыклад, прысутнiчаюць на двары, забяспечваюць багаты ўраджай на нiвах, павелiчэнне статка жывёл у хлявах, нараджэнне здаровых дзяцей, удзельнічаюць у каравайным абрадзе: сам Бог месіць каравай, анёлы носяць ваду. У каравайніц ручкі з залатымі пярсцёнкамі, яны ўпрыгожваюць каравай залатым пер’ечкам, разразаюць яго залатым ножыкам. Ва ўсіх важных вясельных справах дапамагае Прачыстая: яна то свеціць, то накрывае нявесту хустою, то вядзе яе да вянчання.

Колькі б тэм, матываў, сітуацый ні закраналі велічальныя песні, усе яны вырашаюцца ў ідылічным ключы. Абрадавы чалавек і абрадавае асяроддзе маюць той адбітак ідэальнай якасці і дасканаласці, які забяспечвае шчасце ідылічнага існавання.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: