Анекдоты

Анекдоты займаюць адметнае месца ў сістэме жанраў народнай прозы, абумоўленае іх тэкставай спецыфікай. Тэкст анекдота фіксаваны і ў працэсе свайго функцыяніравання не ствараецца кожны раз нанова, а ўзнаўляецца. Па вызначэнні Е. Я. Шмялёвай і А. Дз. Шмялёва, якія даследавалі анекдот у якасці маўленчага жанру, гэта «квазінаратыўны маналагічны тэкст... з двухчасткавай структурай: больш доўгі зачын, потым кароткі і нечаканы канец, які вымушае слухача пераінтэрпрэтаваць пачатак анекдота. У неадпаведнасці пачатку і канца анекдота – яго соль» [Шмелёва, Е. Я., Шмелёв, А. Д. Русский анекдот: Текст и речевой жанр. М., 2002., с. 131].

Жорстка зададзеная схема анекдота, якая імкнецца ўкласціся ў мінімальны аб’ём тэксту, абумоўлівае асаблівасці будовы яго мастацкага свету, таксама абмежаванага да мінімуму. Таму часцей за ўсё анекдатычныя сітуацыі абагулена схематычныя, а персанажы падкрэслена безасабовыя і ўяўляюць сабой маскі: пан, войт, мужык, баба, кум ці проста чалавек: «Да войта прынесла баба піражкоў. Ён ёй кажа: “І навошта было несці? Твае дзеткі зласавалі б”. – “Ды ешце, пане начальнік, – адказвае бабка, – я дзеткам скажу, што свіння паела ”».

Мадэліраванне мастацкага свету анекдота адбываецца адпаведна вызначанай схеме, якая, згодна з працай Е. Я. і А. Дз. Шмялёвых, мае наступны выгляд: «Спачатку задаецца пэўная сітуацыя, кантэкст дзеяння (гэта неабавязковая частка), потым расказваецца гісторыя, падобная на задачу, якая мае некалькі рашэнняў, затым ў апошняй фразе даецца нестантартнае, «гумарыстычнае» рашэнне гэтай задачы» [тамсама, с. 27]. Пры гэтым акцэнт жанравым мысленнем стваральнікаў робіцца менавіта на нечаканасці, парадаксальнасці і дасціпнасці «рашэння”, якое і змяшчае ў сабе «соль» анекдота: «“ Ці не бачыў, васпан, бягучага зайца?” – пытае паляўнічы аратая. “Ага, бачыў”. – “Ці даўно бег?” – “А ўжо, пэўна, тыдні два будзе ”». Важнай характарыстыкай мастацкага свету анекдотаў з’яўляецца таксама наяўнасць у якасці матэрыялу для сюжэтнай будовы ўнутрыкультурных стэрэатыпаў самага рознага кшталту: сацыяльнай іерархіі і адпаведных паводзін, гендэрных і сямейных узаемаадносін, працоўных норм і інш.

Мастацкі свет анекдотаў мадэліруецца жанравым мысленнем носьбітаў вусна-паэтычнай традыцыі адметным чынам: акцэнт робіцца на сутыкненні розных светаразуменняў герояў або героя і апаведача, моманце неадпаведнасці, які ўскрывае схаваны сэнс і вымушае слухача пераінтэрпрэтаваць змест анекдота. Своеасаблівы дыялог прынцыпова розных поглядаў на вызначаную сітуацыю або розных адносін да жыцця фарміруе мастацкі свет анекдота і структуру яго тэксту, ён жа з’яўляецца вызначальным і для стылю мастацкага выказвання гэтага жанру: «“ Уставай, стары, пеўні ўжо крычаць!” – “Не трэба нам у гэту справу ўмешвацца...”» Жанравае выказванне анекдота імкнецца да мінімізацыі маўленчых сродкаў і можа быць зведзена да «рытарычнай мяжы”, у якасці якой выступае «камічная апафегма, г. зн. дасціпны выраз”: «“ Кума, як ты думаеш, што раній було – яйко ці курыца?” – “Э, кумэ, раній усё было ”».


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: