КрынIЦЫ ГIсторыI БеларусI
(спроба гiсторыка-генетычнага
i кампаратыўнага агляду)
Мінск
Навуковы рэдактар – доктар гістарычных навук, прафесар У.Н.Сідарцоў
Рэцэнзенты: Ю.Л.Казакоў, кандыдат гістарычных навук,
дацэнт кафедры гісторыі Беларусі старажытнага
часу і Вялікага княства Літоўскага
А.Г.Каханоўскі, кандыдат гістарычных навук,
дацэнт кафедры гісторыі Беларусі новага
і навейшага часу
Зацверджана Саветам гiстарычнага факультэта “__” ___________ 199 г.,
пратакол № ___.
Ходзiн С.М.
Крынiцы гiсторыi Беларусi (спроба гiсторыка-генетычнага i кампаратыўнага агляду). — Мн: Белдзяржунiверсiтэт, 1998. — с.
У прапануемым выданнi на аснове гiсторыка-генетычных, кампаратыўных метадаў дадзены сцiслы агляд асноўных тыпаў i вiдаў крынiц па гiсторыi Беларусi. Поўная адпаведнасць структуры i зместу праграме курса “Крынiцазнаўства” дазваляе выкарыстаць яго ў якасцi падручнiка па гэтаму прадмету для студэнтаў гiстарычных факультэтаў. Выданне можа быць цiкава шырокаму колу чытачоў, усiм тым, хто захапляецца гiсторыяй Беларусi i крынiцамi яе вывучэння.
|
|
© С.М.Ходзiн, 1998
Прадмова.
Прапануемае выданне не з'яўляецца ні даследаваннем, ні падручнікам у дакладным сэнсе гэтых паняццяў, а спробай кампаратыўнага (гісторыка-параўнальнага) агляду пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі з невялікім тэарэтычным уступам. Гэта толькі імкненне наблізіцца да асэнсавання той велізарнай спадчыны, якая засталася нам "ад прадзедаў спакон вякоў", і якую мы павінны захоўваць, прымнажаць і вывучаць.
Азначаная праца не з'яўляецца першым вопытам вывучэння ці выкладання крыніцазнаўства гісторыі Беларусі. Яшчэ ў 1920-я гг. у БДУ Д.І.Даўгяла чытаў адпаведны курс. Рэпрэсіі закранулі не толькі асабіста выкладчыка. але і курс крыніцазнаўства. У 1930 - першай палове 1950-х гг. стаў больш модным другі курс, "Кароткі курс гісторыі ВКП(б)". Вельмі доўга беларускіх даследчыкаў прывучвалі да таго, што ёсць "першакрыніцы" – творы класікаў марксізма-ленінізма, партыйныя праграмы, рэзалюцыі і г.д., а ўсё астатняе – толькі тое, што іх падцвярджае.
Па-за межамі Беларусі, БССР становішча пачало змяняцца з пачатку 1960-х гг. Распрацоўваюцца тэарэтычныя праблемы крыніцазнаўства, пераасэнсоўваецца погляд на крыніцы савецкага часу. Па-за межамі Беларусі ствараў сваю выдатную працу М.М.Улашчык ("Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода". М.,1973). На Беларусі ж адсутнічаў не толькі адпаведны навучальны курс, але і адпаведныя навуковыя структуры. Не хацелася б гаварыць аб поўнай адсутнасці крыніцазнаўчых распрацовак па гісторыі Беларусі ў гэты час. Па крупінках збіраліся яны З.Ю.Капыскім, В.І.Мялешкам, братамі А.П. і В.П.Грыцкевічамі, Л.С.Абецадарскім і многімі іншымі.
|
|
Акрамя агульнага курса "Источниковедение истории СССР" з канца 1970-х гг. пачаў чытаць грунтоўны спецкурс па крыніцазнаўству гісторыі БССР А.П.Iгнаценка. У 1990-я гг. створана і кафедра крыніцазнаўства на гістфаку БДУ і адпаведны сектар у Інстытуце гісторыі НАН РБ. І ўсё ж трэба прыкласці вельмі шмат намаганняў, каб перадолець адставанне.
|
Аўтар выказвае шчырую падзяку за падтрымку і парады Г.Я.Галенчанку, П.А.Лойку, С.В.Марозавай, а таксама С.Б.Кауну за ўдзел у падрыхтоўцы рукапісу да выдання.
Разумеючы недасканаласць першай спробы, аўтар будзе ўдзячны за ўсе прапановы і крытычныя заўвагі, якія будуць безумоўна ўлічаны пры падрыхтоўцы наступнага выдання.