12.1. Аграрная рэформа 1861 г. і асаблівасці яе ажыццяўлення на тэрыторыі Беларусі.
Крызіс феадальна-прыгонніцкай гаспадаркі, які стаў відавочны ў сярэдзіне 19 ст., вымусіў царскі ўрад шукаць шляхі да рэфармавання вытворчых адносін. Неабходнасць адмены прыгоннага права стала ўсведамляцца правячымі коламі пасля паражэння Расійскай імперыі ў Крымскай вайне 1853-1856 гг., якая паказала тэхнічную адсталасць Расіі ў параўнанні з індустрыялізаванымі заходнееўрапейскімі краінамі. Шляхам адмены прыгоннага права царызм спадзяваўся стварыць умовы для тэхнічнай мадэрнізацыі гаспадаркі імперыі.
Падрыхтоўка да адмены прыгоннага права пачалася са стварэння “Сакрэтнага камітэта па сялянскіх справах” у студзені 1857 г. Урад імкнуўся правядзенне рэформы паставіць на шырокае абмеркаванне ў колах дваранства. Першым рэгіёнам, у якім меркавалася прыцягнуць памешчыкаў да рэалізацыі ідэі аграрнай рэформы, сталі землі Беларусі і Літвы. Тлумачыцца гэта тым, што памешчыкі гэтага рэгіёну былі ў большай ступені падрыхтаваны да адмены прыгоннага права, таму што іх гаспадаркі былі ўцягнуты ў таварна-грашовыя адносіны праз еўрапейскі рынак. Да вясны 1858 г. ва ўсіх губернях Беларусі і Літвы, а да канца года ў большасці губерняў Расійскай імперыі былі створаны губернскія камітэты з прадстаўнікоў дваранства, якім даручалася скласці праекты рэформы.
|
|
19 лютага 1861 г. расійскі імператар Аляксандр ІІ падпісаў Маніфест аб адмене прыгоннага права і дапасаваныя да яго “ Агульнае палажэнне ”, “ мясцовыя палажэнні ” і дадатковыя правілы, якія ілюстравалі змест аграрнай рэформы. Сутнасць праводзімай аграрнай рэформы палягала ў наступным:
1) Сяляне атрымлівалі асабістую свабоду і грамадзянскія правы: яны маглі гандляваць, набываць рухомую і нерухомую маёмасць, паступаць у навучальныя ўстановы і на службу, несці асабістую адказнасць перад судом і г.д.; памешчыкі не маглі больш прадаваць і караць сялян.
2) Памешчыкі прызнаваліся ўласнікамі ўсёй зямлі, якая належала ім да рэформы. Частка гэтай зямлі адводзілася для надзялення сялян у пастаяннае карыстанне. На працягу дзевяці гадоў сяляне павінны былі выконваць за выдзеленыя ім надзелы павіннасці на карысць памешчыка (паншчына або чынш). На гэты перыяд яны лічыліся часоваабавязанымі і не маглі пакінуць сваё месца жыхарства без дазволу памешчыка.
3) Пазямельныя адносіны паміж памешчыкамі і часоваабавязанымі сялянамі рэгуляваліся ўстаўнымі граматамі, складанне якіх даручалася памешчыкам і спецыяльна ўведзеным для гэтага чыноўнікам – міравым пасярэднікам у двухгадовы тэрмін.
4) Памеры надзелаў, якія адводзіліся сялянам, вызначаліся ў залежнасці ад мясцовых умоў. У Віцебскай і Магілёўскай, дзе панавала абшчыннае землекарыстанне, устанаўліваліся вышэйшыя і ніжэйшыя памеры надзелаў у залежнасці ад колькасці і якасці зямлі ў пэўнай мясцовасці. Вышэйшы надзел складаў 4-5,5 дзесяціны, “ніжэйшы” адпаведна 1,2-1,8 дзесяціны на душу мужчынскага полу. У выпадку, калі дарэформенны надзел быў большым, чым вышэйшы памер надзела, праводзіліся адрэзкі лішкаў зямлі на карысць памешчыка. У Магілёўскай і Віцебскай губернях у выніку адрэзкаў сяляне страцілі 25-40% зямлі. Для забеспячэння выканання сялянамі павіннасцяў у абшчынах уводзілася кругавая парука. У Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і чатырох паветах Віцебскай губерні, дзе існавала падворнае землекарыстанне, нормы сялянскіх надзелаў не вызначаліся; за сялянамі захоўваліся тыя надзелы, якімі яны карысталіся да 1861 г. Адрэзкі дапускаліся, калі ў памешчыка заставалася менш 1/3 часткі зручных зямель; у той жа час сялянскі надзел нельга было паменшыць больш як на 1/6. Пры выкананні павіннасцяў дзейнічала асабістая адказнасць селяніна.
|
|
5) Сяляне атрымлівалі права выкупу ва ўласнасць вызначаных для іх надзелаў са згоды памешчыка. Пасля ажыццяўлення выкупу часоваабавязаныя адносіны сялян спыняліся. Выкупная сума была такога памеру, каб памешчык, паклаўшы яе ў банк (пад 6% гадавых), мог атрымліваць прыбытак, роўны штогадоваму чыншу з зямлі, якая перайшла ва ўласнасць селяніна. Аднак сяляне не мелi такой сумы грошай. Дзяржава выступіла ў якасці пасярэдніка паміж памешчыкамі і сялянамі. Пры выкупе надзелаў сяляне павiнны былі заплаціць 20-25% ад выкупной сумы, а астатнюю частку атрымлівалі ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер. У выніку гэтай аперацыі сяляне павінны былі на працягу 49 гадоў плаціць дзяржаве выкупныя плацяжы, якія ўключалі ў сябе доўг і працэнты за выдзеленую пазыку.
6) Стваралася сістэма сялянскага самакіравання. Сяляне, якія пражывалі на пэўнай тэрыторыі і складалі сельскую абшчыну, на агульным сходзе выбіралі старасту, зборшчыка падаткаў і іншых службовых асоб. Некалькі сельскіх абшчын утваралі воласць. Валасны сход (сход сялян пэўнай воласці) выбіраў валасную ўправу на чале са старшынёй і валасны суд. У сваёй дзейнасці яны падпарадкоўваліся дзяржаўнай павятовай адміністрацыі.
Умовы правядзення аграрнай рэформы выклікалі незадаволенасць сялянства. У масавым парадку сяляне адмаўляліся падпісваць устаўныя граматы, выконваць павіннасці. Уздым сялянскага руху ў 1861-1863 гг. супаў па часе з польскім нацыянальна-вызваленчым паўстаннем 1863-1864 гг. Дадзеная акалічнасць стварала для царскіх улад пагрозу масавага далучэння сялян да паўстання. У падобных умовах царызм у 1863-1864 гг. пайшоў на некаторыя саступкі сялянам:
- адмена часоваабавязанага становішча для сялян беларускіх губерняў у 1863-1864 гг. і перавод іх на абавязковы выкуп;
- змяншэнне сумы выкупных плацяжоў па розных губернях ад 20% да 75%;
- вяртанне сялянам часткі адрэзаных раней зямель; у выніку сярэднія памеры надзелаў былых памешчыцкіх сялян Беларусі аказаліся вышэйшымі, чым у цэлым па Расійскай імперыі (у Беларусі 4,2-5,7 дзесяціны, у Расійскай імперыі – 3,3 дзесяціны).
У 1863 г. былі створаны камісіі, якія павінны былі праверыць памеры сялянскіх надзелаў і скласці выкупныя акты. Складанне выкупных актаў на тэрыторыі Беларусі было завершана ў асноўным да пачатку 1870-х гг.
У 1867 г. была праведзена рэформа дзяржаўных сялян. Яны пераводзіліся з аброку на выкуп зямлі і станавіліся прыватнымі ўладальнікамі зямельных надзелаў, але выкуп для іх не быў абавязковы. Дзяржаўныя сяляне ў асноўным захавалі свае надзелы, якія аказаліся вышэйшымі, чым у памешчыцкіх.
Такім чынам, адмена прыгоннага права ліквідавала асабістую залежнасць сялян ад памешчыкаў і стварыла больш спрыяльныя, чым раней, умовы для развіцця капіталістычных таварна-грашовых адносін у сельскай гаспадарцы і эканоміцы ў цэлым. Разам з тым асаблівасці правядзення рэформы, накіраваныя перш за ўсё на забеспячэнне інтарэсаў памешчыкаў і дзяржавы, абумовілі захаванне істотных феадальных перажыткаў, крыніцай якіх з’яўлялася сялянскае малазямелле, дапоўненае ўзмацненнем падатковага ціску з боку дзяржавы ў выглядзе выкупных плацяжоў.
|
|