Купала, пэеса “Тутэйшыя”

У п'есе «Тутэйшыя» выявілася вялікая трывога аўтара за духоўную спадчыну беларускага народа, яго нацыянальную свядомасць. З тутэйшасцю — беспрынцыповасцю, недастаткова развітай свядомасцю, пасіўнасцю, скоранасцю — трэба змагацца, лічыць драматург. Падкрэсліваючы трагедыйны лад п'есы, Я. Купала назваў яе «трагічна-смяшлівымі сцэнамі». Напісаны твор у 1922 г., сцэнічнае жыццё атрымаў у БДТ-1 у 1926 г. Але хутка п'еса была знята з рэпертуару як твор нацыяналістычны. Толькі ў 1982 г. пра п'есу ўспомніў Магілёўскі абласны драматычны тэатр (рэжысёр В. Маслюк). Нядоўгім было сцэнічнае жыццё п'есы і тут: пасля паказу ў Мінску яе знялі з рэпертуару. У 1988 г. твор Купалы быў надрукававы ў 9-м нумары часопіса «Полымя», а з 1990 г. ідзе на сцэне нацыянальнага тэатра імя Я. Купалы (рэжысёр М. Пінігін). Зараз п'еса «Тутэйшыя» ўведзена ў школьныя праграмы, да яе звяртаюцца шматлікія літаратураведы і публіцысты.

Падзеі ў п'есе разгортваюцца ў складаны для беларускага народа час — 1918—1920 гг., калі адна акупацыя змянялася другой. Цэнтральнай фігурай у творы з'яўляецца Мікіта Зносак (звычайны выхадзец з вёскі), які пры царызме быў калежскім рэгістратарам — ніжэйшым паводле рангу чыноўнікам. У новых умовах жыцця гэты чалавек забывае сваё паходжанне, мову, радзіму і пачынае жыць па прынцыпе: «Можна мець светапогляд адзін, думаць другое, гаварыць трэцяе, а рабіць чацвёртае». Таму для Мікіты ўсё роўна, пры якой уладзе ён жыве (польскай, нямецкай, царскай, савецкай), хто ён сам (беларус ці не беларус), абы толькі была ежа, вопратка і добрая служба. Палітычная сітуацыя ўплывае нават на імя галоўнага персанажа, які называе сябе то па-польску (Нікіціуш Знасілоўскі), то па-руску (Никитий Зносилов).

У вобразе галоўнага персанажа Я. Купала ўвасобіў тып нацыянальнага нігіліста, здрадніка. Сапраўднае сваё аблічча Мікіта Зносак выяўляе ў час гутарак з настаўнікам Янкам Здольнікам, якога ён з пагардай называе «панам дырэктарам беларускай басоты». Зносак адмаўляе ўсё беларускае, калі гаворыць пра «адзіны непадзельны рускі язык», які б ён «завёў ад Азіі да Аўстраліі, ад Афрыкі да Амэрыкі і ад Смаленску да Бэрліну».

У п'есе Я. Купала з'едліва і іранічна выкрывае не толькі Зноска, але і іншых тутэйшых: Усходняга і Заходняга вучоных, Спічыні, Насту Пабягунскую, Даму, Папа, Спраўніка, Пана і інш. Вучоныя Усходні і Заходні з'яўляюцца ў п'есе тройчы, у часы крутых паваротаў гісторыі, змены ўлады. Адзін другому яны спрабуюць даказаць, што тэрыторыя Беларусі належыць або да Расіі, або да Польшчы. Згаджаюцца вучоныя толькі ў адным: Беларусь не можа быць самастойнай. Вобразамі вучоных аўтар імкнецца паказаць згубны ўплыў на людзей невуцтва, псеўдавучонасці, нацыянальнага нігілізму.

Усіх герояў мінскай «брахалкі» можна назваць кампаніяй учарашніх гаспадароў жыцця, якіх бурлівыя падзеі выкінулі на сметнік гісторыі. Шукаючы цёплага месца пад сонцам, імкнучыся да асабістай нажывы, яны адракліся ад сваёй мовы, роднай зямлі, нават ад саміх сябе. Такія «тутэйшыя» выклікаюць не толькі насмешку, непрыязнасць, але і жаль, горыч, пакутлівы роздум аб тым, што хвароба «тутэйшасці» не вылечана і сёння. Мы настолькі звыкліся з ёй, што не заўважаем, як ганьбіцца беларуская культура, забываецца родная мова. Я. Купала ў п'есе як бы прарочыў гэту хваробу і той час, калі зноскі і спічыні стануць прадвызначаць лёс бацькаўшчыны.

Адмоўным персанажам проціпастаўляюцца ў п'есе вобразы, якія прадстаўляюць беларускі народ, — Янка Здольнік, яго вучаніца і паслядоўніца, пазней жонка Алена, яе бацька Гарошка. Кожны з іх разумее па-свойму падзеі, якія адбываюцца, і шукае сваё месца ў складаных абставінах часу. Гэтыя вобразы раскрываюць такія рысы беларускага нацыянальнага характару, як працавітасць, сумленнасць, шчырасць, мужнасць. Станоўчыя імкненні беларускага народа ўвасабляе Янка Здольнік. Гэта чалавек перадавых поглядаў, з цвёрдымі жыццёвымі прынцыпамі, які адмаўляе старыя парадкі і хоча далучыцца да грамадскай работы. Аднак у творы Здольнік — не палітычны дзеяч, а хутчэй рамантычна настроены ідэаліст, поле дзейнасці якога нешырокае.

П'еса «Тутэйшыя», напісаная больш за 70 гадоў таму назад, застаецца надзвычай актуальнай і ў нашы дні. Выкрываючы прыстасавальніцтва, лжывасць, здрадніцтва, псеўдавучонасць, яна вучыць праўдзе, выхоўвае пачуццё нацыянальнай гордасці, высокай чалавечай годнасці.

Вопрос 15. Эпічны талент Якуба Коласа. Праблема лёсу мастака і мастацтва ў паэме “Сымон-музыка”.

Паэма "Сымон-музыка" ў творчасці Якуба Коласа займае адметнае месца и прысвечана тэме мастака і мастацтва. Гэта глыбокі роздум пра лёс мастака і нацыянальнага мастацтва, праўдзівасць, бессмяротнасць і непадкупнасць народнага мастацтва, пра цярністыя шляхі абуджэння самасвядомасці беларусаў. Сапраўднае мастацтва павінна быць непарыўна звязана з роднай зямлёй і народам, з усім багаццем гукаў і фарбаў навакольнага свету.

Галоўным героем твора з'яўляецца музыка-самародак Сымон, на долю якога выпалі цяжкія жыццёвыя выпрабаванні. Ад прыроды гэта быў незвычайных здольнасцей, таленавіты хлапчук, які глыбока ўспрымаў прыроду, адчуваў яе разнастайныя з'явы і змены.
Значны ўплыў на развіццё здольнасцей хлопчыка аказаў дзед Курыла, у якім Сымон адчуў сябра, дарадцу, даверлівага субяседніка. Пасля смерці Курылы Сымону засталіся дзедавы скрыпка і смык. Жыццё ж змянілася карэнным чынам: бацькі жорстка абышліся з ім за тое, што на статак напалі ваўкі і парэзалі авечак. Без віны вінаваты Сымон з болем пакідае бацькоўскі дом, і з гэтага часу пачынаюцца яго цяжкія вандроўкі па свеце. На гэтых складаных жыццёвых дарогах Сымон сустракаецца з рознымі людзьмі (дзедам-жабраком, карчмаром, князем, Якімам, лёкаем Данілам, Ганнай), пазнае горкі хлеб жабрака, цяжкую працу найміта і панскага служкі. Спасцігаючы людзей і навакольны свет з яго шматлікімі супярэчнасцямі, Сымон не страціў дапытлівасці і цікавасці да ўсяго, не расставаўся з музыкай, якая ўносіла ў яго жыццё радасць, дазваляла выказаць сваё захапленне прыродай з яе гармоніяй і вечным аднаўленнем, перадаць разнастайную гаму чалавечых пачуццяў. Задумваючыся над сваім прызначэннем і роляй мастацтва ў грамадстве, ён паступова прыходзіць да філасофскага асэнсавання жыцця. На думку героя твора, музыка павінна прыносіць людзям радасць, "палёгку", дапамагаць ім у пошуках шляхоў да лепшага жыцця, шчасця.

Паэма "Сымон-музыка" з асаблівай яскравасцю адлюстравала псіхалагічны стан Я. Коласа ў першыя паслярэвалюцыйныя гады. Паэт бачыў, што героем часу стаў не спагадлівы, міласэрны, разняволены рэвалюцыяй чалавек, а "асоба з ружжом", якой зброя замяніла амаль усе законы і маральныя нормы. І таму аўтар як бы выключае героя паэмы з жыцця: Сымон-музыка засынае сімвалічным сном на могілках, дзе пахавана Ганна. У 1923—1924 гг. Я. Колас істотна перапрацаваў паэму. Разгортванне працэсу беларусізацыі дазволіла паэту паверыць у адраджэнне роднага краю, яго мовы і культуры, у магчымасць пабудовы незалежнай Беларусі. Аўтар паэмы абудзіў Сымона ад сну і даў яму магчымасць сваім чароўным граннем вярнуць да жыцця Ганну — жывое ўвасабленне маці-Беларусі. Гэтым паэт хацеў паказаць бязмежпыя магчымасці мастацтва. Звязанае сваімі каранямі з народным жыццём, мастацтва можа выратаваць чалавека ад самай цяжкай хваробы, нават вярнуць яму жыццё.
Вопрос 16. Максім Гарэцкі

Гарэцкі зьвяртаўся да праблемы ўзаемаадносін інтэлігента і народа, да ролі і місіі інтэлігенцыі ў нацыянальным разьвіцьці (аповесьць «Меланхолія», апавяданьні «Фантазія» і інш.). Расцэньваў ролю беларускага літаратара як надзвычай адказную і патрабавальную да грамадзянскай і нацыянальнай сьвядомасьці. Выступаў супраць правінцыйнай замкнёнасьці маладой беларускай літаратуры.

Пасьля 1917 шмат піша на тэму рэвалюцыі. У 1918—1919 у палемічных допісах рэзка крытыкуе «буржуазных беларускіх дзеячоў», услаўляе бальшавізм; адначасова, крытыкуе «новую (камуністычную) буржуазію», кладзе выразны націск на неглыбокую далучанасьць «буржуазных дзеячоў» да нацыянальнага руху.

Звяртаўся да жыцьця беларускіх перасяленцаў у Сыбіры («Сыбірскія абразкі», апавяданьні «Хадзяка», «Моцнае каханьне», «Хоцімка» і інш.).

Кнігі Гарэцкага выдаваліся на расейскай, украінскай, польскай, нямецкай мовах.

Вопрос 18.Вобраз новага чалавека у творах А. Мрыя "Запіскі Самсона Самасуя"

Раман А. Мрыя напісаны ў форме дзённіка, у якім герой шчыра і без прыхарошвання расказвае аб тых з'явах, якія былі характэрныя для савецкага грамадства ў 20-я гады. Дзённік дае большае, у параўнанні з аб'ектыўным апавяданнем, поле для выказвання героем уласных ацэнак і меркаванняў. Герой рамана дае і сваё ўласнае тлумачэнне выбару такой формы: "У маім цяперашнім пакоі я павесіў на сцяне плакат са словамі аднаго вучонага, які сказаў: "Каб мы ведалі ўсе дробязі жыцця якой-небудзь казюлькі, мы шмат якіх памылак маглі б і не зрабіць!". Такім чынам, аўтар адразу давярае свайму герою не толькі выкладанне, але і тлумачэнне фактаў. А. Мрый настолькі ўдала справіўся з задачай, што, як ён піша ў лісце "Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну", у рэдакцыю часопіса, які друкаваў "Запіскі", прыходзілі лісты з патрабаваннем выключэння з партыі "прымазанніка Савецкай улады" Самасуя. Аб ранейшым жыцці Самасуя мы даведваемся нямнога: аўтар нібы кажа чытачу, што ўсе галоўныя падзеі яшчэ наперадзе, а з мінулага Самсона паведамляе толькі тыя факты, якія сведчаць аб асноўных рысах характару героя. Самсон паходзіць з сялян, аднак да сялянскай працы ставіцца з пагардай, шукае лёгкага хлеба. "Як жа? Буду калупацца ў пясочку вашым? Няхай трошку пачакае! Якое тут жыццё?" — кажа ён бацькам. З-за гэтай рысы свайго характару і вымушаны ён рэгулярна змяняць род заняткаў. Ён любіць смачную ежу і шыкоўнае адзенне —"хварэе на пана", як трапна гаворыць пра яго бацька. На першы погляд тая рэчаіснасць, якую апісвае Самсон, выглядае абсурднай. Безумоўна, аўтар не мог абысціся без пэўных перабольшванняў, але яны выконваюць чыста мастацкую функцыю. Нельга ж адмаўляць той факт, што ў 20-я гады ў савецкай краіне сапраўды мелі месца паказушнасць і імкненне да татальнага кантролю над усімі сферамі грамадскага жыцця. На прыкладзе Самасуя А. Мрый з сарказмам апавядае аб савецкім чыноўніку, які ўзвальвае на сябе па дзесяць пасад з тым большай ахвотай, што ў выніку не адказвае ні за што. Афіцыйная прапаганда тых часоў вытлумачвала гэта недахопам кадраў для культурнай рэвалюцыі, якую хацелі правесці кавалерыйскім наскокам і якая ператваралася ў выніку ў звычайную паказушнасць і падмену канкрэтнай справы пустой балбатнёй на розных сходах, паседжаннях і маёўках. Той жа Самасуй адначасова з'яўляецца старшынёй дзіцячай камісіі, таварыства "Прэч несвядомасць", сябрам РВК і раённым інспектарам працы. "Кіпучая дзейнасць" героя не такая ўжо і бязглуздай для яго, ён мае пэўную мэту — круціцца так, каб заўважыла і ацаніла начальства, і дасягнуць гэтым больш высокага становішча ў бюракратычнай пірамідзе. Самсон разумее, што гэтая сістэма прабачыць яму ўсё, акрамя самастойнасці і непаслушэнства. "Такія людзі нам патрэбны. Часам дзірку якую заткнуць. Але яго трэба ў рукі ўзяць, тады Самасуй будзе добрай прыладай для знішчэння старога", — так кажа пра яго старшыня райвыканкама Сом. З аднаго боку, Самасуй смешны і вясёлы чалавек, поўны энергіі і жыццярадаснасці. Але ж ён малакультурны і неадукаваны, яго энергія скіравана не на стварэнне, а на разбурэнне. Мала таго, ён яшчэ і нецярпімы да іншадумства, самазадаволены і не церпіць ніякай крытыкі на свой адрас. А колькі іх было, такіх самасуяў і самасуйчыкаў, якія трымалі пад пільным наглядам грамадскае жыццё ў краіне Саветаў! Ці ж трэба здзіўляцца сёння таму культурнаму заняпаду, які мы штодня бачым на свае вочы? Такія "вінцікі", як Самасуй, былі для сталінскай таталітарнай машыны як паветра для рыбы, быць "вінцікам" азначала ні за што не адказваць. Самасуй адразу правільна схоплівае асноўныя прынцыпы дзейнасці мясцовай улады: усё старое разбураць, усе няпісаныя (г. зн. і маральныя) законы адкідвай прэч, будуй новае, і не важна што; або, у крайнім выпадку, рабі выгляд, што нешта робіш у патрэбным рэчышчы. Нават сваю мову перапрацаваў ён на новы капыл: настолькі засвоіў пратакольна-канцылярскі стыль, што нават сам да сябе звяртаецца на навамове: "з неаслабнай энергіяй вёў сваю амурную лінію", "смех у яго быў як у акулы імперыялізму", "ва ўсесаюзным маштабе дурыла ты", "пасля змагання з сваім тэмпераментам вынес рэзалюцыю" і інш. Трэба адзначыпь, што ў творы А. Мрыя няма ніводнага станоўчага персанажа. Магчыма, што аўтар зрабіў гэта наўмысна, насуперак тагачаснай вульгарызатарскай крытыцы, якая патрабавала абавязковай прысутнасці ў творы станоўчага героя. Акрамя таго, лічылася, што савецкі лад — залатая мара чалавецтва, што пры ім не можа існаваць ніякіх адмоўных з'яў. "Запіскі Самсона Самасуя" — гэта вяршыня не толькі беларускай, алеіі ўсёй савецкай сатырычнай прозы наогул. Іх адметнасць заключаецца і ў сіле мастацкага абагульнення, і ў шырокай палітры сатырычных прыёмаў, і ў выбары сатырычнага матэрыялу, формы яго падачы і стылёвай самабытнасці. Твор А. Мрыя папярэджвае аб небяспецы, імя якой — культ асобы. І проста дзіву даешся, наколькі прадбачлівым ён аказаўся, друкуючы свой раман на самым пачатку злавесных сталінскіх рэпрэсій — у 1929 годзе. Таму не было б памылкай назваць яго, як справядліва адзначае крытык Т. Мушынская, раманам сацыяльнага і палітычнага прадбачання.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: