Вядучую ролю ў беларускiм кнiгадрукаваннi канца XVI – першай паловы XVII ст. адыгралi брацкiя друкарнi, якiя выкарыстоўвалi пераважна кiрылаўскія шрыфты, уласцiвыя старажытнарускай, а пазней беларускай, рускай i ўкраiнскай пiсьменнасцi, друкавалi кнiгi на зразумелай народным масам мове. Нягледзячы на ўзрастаючую паланiзацыю мясцовых феадалаў i часткi мяшчанства, у беларускiм грамадстве адчуваўся першарадны ўплыў брацкiх кнiг.
Станаўленне брацкага кнiгадрукавання звязана з фармiраваннем i развiццём брацтваў – спецыфiчных нацыянальна-рэлiгiйных арганiзацый беларускага i ўкраiнскага праваслаўнага гарадскога насельнiцтва.
Троiцкае (пазней Святадухаўскае) брацтва ў Вiльнi, якое арганiзацыйна аформiлася ў 1584 г., стварыла ўласную друкарню. У сярэдзiне 1590-х гадоў вiленскае брацтва ўзначалiў актыўны працiўнiк унii, дзеяч беларускай i ўкраiнскай асветы, пiсьменнiк-палемiст Стэфан Зiзанiй. Пад яго кiраўнiцтвам брацкая друкарня ў 1595–1596 гг. выпусцiла не менш як 11 выданняў (больш за 2200 аркушаў). Да гэтага часу толькi Пражская друкарня Скарыны наблiжалася да такой iнтэнсiўнасцi выдавецкай дзейнасцi. На працягу некалькiх гадоў пасля Берасцейскай унii 1596 г. брацкая друкарня ў Вiльнi амаль не працавала. А за выданне ў 1608–1610 гг. некалькiх антыунiяцкiх палемiчных трактатаў на польскай мове (гэта былi ананiмныя выданнi М. Сматрыцкага) друкарня была закрыта, а яе вядучыя дзеячы, у тым лiку пiсьменнiк i прапаведнiк Лявонцiй Карповiч, арыштаваны.
|
|
У гэтых умовах брацтва заснавала друкарню ў мястэчку Еўе, каля Вiльнi (г. Вевiс Лiтоўскай Рэспублiкi). За час свайго iснавання (1611–1652) яна выпусцiла больш за 25 кiрылаўскіх выданняў, у тым лiку знакамiтую "Граматыку" М. Сматрыцкага. Друкарня Святадухаўскага брацтва ў Вiльнi-Еўi была буйнейшай у гiсторыi брацкага кнiгадрукавання. З канца XVI ст. Вiльня стала буйнейшым цэнтрам усходнеславянскага кнiгадрукавання.
У вынiку ўзмацнення сацыяльна-палiтычнага i нацыянальна-рэлiгiйнага прыгнёту, палiтыкi абмежавання брацкага кнiгадрукавання, якая праводзiлася ўрадам Рэчы Паспалiтай у саюзе з каталiцкай царквой, у другой чвэрцi XVII ст. назiраецца перамяшчэнне галоўных цэнтраў кiрылаўскага кнiгадрукавання з заходнiх абласцей Вялiкага княства Лiтоўскага ва ўсходнiя – у Магiлёў i Куцейна.
Адным з асноўных цэнтраў кiрылаўскага друкавання ў XVII ст. была друкарня пры Куцеiнскiм манастыры пад Оршай, заснаваная Спiрыдонам Собалем у 1630-х гадах. Яна дзейнiчала да сярэдзiны 1650-х гадоў, калi друкары пераехалi ў Iверскi манастыр пад Ноўгарадам, а яе абсталяванне было перавезена ў Маскву.
У сярэдзiне XVII ст. у сувязi з працяглымi войнамi, разарэннем брацтваў, значным пагаршэннем грамадска-палiтычных умоў спынiлася дзейнасць амаль усiх брацкiх друкарняў. У канцы XVII–XVIII стст. працягвала выпускаць кнiгi толькi Магiлёўская багаяўленская друкарня. Большую частку яе прадукцыi складалi лiтургiчныя выданнi на царкоўнаславянскай мове.
|
|
Асноўным цэнтрам лацiна-польскага кнігадрукавання ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм стала друкарня Вiленскай езуiцкай акадэмii (да 1586 г. яна належала Радзiвiлам). Аснову яе прадукцыi складалi тэалагiчныя, рэлiгiйна-палемiчныя выданнi, у якiх выразна праяўлялiся контррэфармацыйныя, паланiзатарскiя тэндэнцыi. Але паколькi друкарня належала навучальнай установе, яна выпускала таксама слоўнiкi, падручнiкi, навуковую лiтаратуру.
Такiм чынам, з канца XVI ст. царкоўнае, брацкае, прыватна-прадпрымальнiцкае кнiгадрукаванне стала пастаянным фактарам культурнага, грамадска-палiтычнага, царкоўна-рэлiгiйнага жыцця Вялiкага княства Лiтоўскага, Беларусi. У другой палове XVI – першай палове XVII ст. тут фармiруецца даволi шырокi кнiжны рынак, расце попыт на друкаваную прадукцыю. Па падлiках А. Анушкiна, друкарнi Вялiкага княства Лiтоўскага толькi ў XVI ст. выпусцiлi больш за 320 выданняў на польскай, лацiнскай, царкоўнаславянскай, беларускай, лiтоўскай i iншых мовах. Падлiчана таксама, што з 1601 па 1654 гг. у Беларусi надрукавана каля 100 назваў кiрылаўскіх кнiг.