Паняцце тэрміна. Тэрміналогія на сучасным этапе

Тэрмін - слова ці словазлучэнне, якое з'яўляецца назвай спецыяльнага паняцця якой-небудзь сферы вытворчасці, навукі, тэхнікі і інш. Як і агульнаўжывальныя словы, тэрміны падзяляюцца на ўласнамоўныя (агульнаўжывальныя словы, звязаныя з грамадствам, прыродай, раслінным і жывёльным светам): высыпанне, абалонка, тканка і іншамоўныя (словы, запазычаныя з іншых моў): грануляванне, геліялячэнне, акасцяненне. Па структуры тэрміны падзяляюцца на простыя (меліярацыя, імуналогія), складаныя (прыкладная экалогія, аднаўляльная энергія) і тэрміны ў выглядзе абрэвіятуры (ДНК, ЦНС). Не кожнае спецыяльнае слова з'яўляецца тэрмінам. Спецыфіка тэрмінаў наступная:

· тэрміны выкарыстоўваюцца толькі ў пэўнай сферы дзейнасці і з’яўляюцца эканомнымі выражэннямі паняццяў як вынік навуковай і тэхнічнай дзейнасці людзей;

· тэрмін у слоўніках не тлумачыцца, а яму даецца азначэнне;

· засваенне тэрмінаў з’яўляецца вынікам прафесійнай падрыхтоўкі;

· тэрмін пазбаўлены экспрэсіі і эмацыянальнасці. Нават калі тэрміны ўзнікаюць шляхам метафарызацыі, яны губляюць сваю эмацыянальную афарбоўку: вочны яблык, цела клеткі;

Тэрміналогія – раздзел мовазнаўства, які займаецца вывучэннем тэрмінаў, сукупнасць тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі, мастацтва, якая адлюстроўвае тую ці іншую сістэму паняццяў: юрыдычная, медыцынская, экалагічная тэрміналогіі і інш.

Як вядома, для таго каб слова з’яўлялася тэрмінам, яно павінна быць ў першую чаргу адназначным. Але сёння ў навуковай тэрміналогіі можна часта заўважыць тэрміны, якія ўступаюць у адносіны полісеміі (мнагазначныя тэрміны), аманіміі (тэрміны-амонімы), сінаніміі (тэрміны-сінонімы), антаніміі (тэрміны-антонімы). Мнагазначныя тэрміны ўзнікаюць толькі ў межах адной галіны навукі, але набываючы пры гэтым розныя значэнні (аўтагамія – самаапыленне, пападанне пылку на рыльца песціка; самаапладненне, зліццё двух ядраў у адно). У ідэале тэрмін не павінен мець сінонімаў, бо ён характарызуе розныя ўласцівасці паняццяў. Тэрміны-сінонімы, узнікаючы, адлюстроўваюць якую-небудзь адну адметную рысу зместу паняцця (калоідны раствор цытаплазмы – гэта і гіяплазма, і цытазоль, і цытаплазматычны матрыкс, і асноўная плазма). Тэрміны-амонімы (міжнавуковыя амонімы) узнікаюць у выніку распаду полісеміі, калі адно слова набывае абсалютна розныя значэнні ў межах розных галін навукі (аберацыя – апісанне скажэння адлюстравання (фізіка), змяненне становішча свяціла (астраномія), апісанне храмасомных мутацый (біялогія)). У навуковай тэрміналогіі выдзяляюцца і тэрміны-антонімы. Яны падзяляюцца на лексічныя (утвараюцца дзякуючы розным лексемам з супрацьлеглым паняццем): задні мозг – пярэдні мозг і словаўтваральныя (адрозніваюцца толькі марфемнай будовай): асіміляцыя – дысіміляцыя.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: