Стрылка

«Стрылка» – велікодны абрадавы карагод, занатаваны ў в. Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці (1998 год), арыгінальная мясцовая версія абраду ваджэння і пахавання «стралы» з эпіцэнтрам у Пасожжы, верагодна мае сувязь з культам Перуна, навальнічнага бога, уладара нябеснай вады і дажджавых хмар. Важэнне «стрылкі» адбываецца штогод, у першы дзень Вялікадня пасля вячэрняга набажэнства на царкоўнай плошчы. «Завадатар», функцыю якога некалькі гадоў запар выконвае адзін і той жа чалавек, расстаўляе трохвугольнікам кучкі «зырнят» з трох-чатырох малых дзетак, а жаночы карагод, не размыкаючы кола, абыходзіць «зырняты» з абодвух бакоў па крывой лініі пад традыцыйную песню, якая не мае аналагаў. Яна пачынаецца з заклінальнага звароту-стымулявання «Ты літы, літы, стрылка, // По горам, по долынам, // Ты нысы, нысы, стрылка, // Да дывоцькую красу», далей – «парабоцькую», «жаноцькую», «мужыцькую». Кожная «краса» ў нечым патанае, адпаведна – «у мыді», «у выні», «у смолі», «у горылцы», але не назаўсёды: «У воді вынырае, // Тыхо йдэ, // Тыхо йдэ». Па сваёй станоўчай функцыі вада супрацьпастаўляецца ўсім астатнім рэчывам – згубіцелям красы. Магчыма, у язычніцкай мінуўшчыне шэсце-карагод пачыналася па прамой лініі ад капішча бажаства пасля ахвярапрынашэння (матыў пагібелі «красы»), мела наступствам утварэнне крывога карагода – імітацыю вастрыя стралы, якая акаляла «зырняткі» – персаніфікаваныя сімвалы будучага ўраджаю, суправаджалася апяваннем адроджанай парнай «красы» – дзявоцкай і хлапецкай, жаноцкай і мужыцкай – і мела прадуцыравальную аграрна-магічную функцыю. Бездзежцы пазначаюць карагод як «спыванне высны». Пасля яго пачынаецца гулянне, спяваюць розныя веснавыя песні, абменьваюцца велікоднымі фарбаванымі яйкамі. Варыянт песні запісаны ў 1989 г. у в. Бярозавічы Пінскага раёна з паметай «танок водылы на Вылыкдэнь» без пазначэння графікі карагода.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: