ІІ. Апавядальныя крыніцы

____________________________________________________________________

Летапісы і хронікі

Агульная характарыстыка

Летапіс – гэта гістарычнае апавяданне, у якім звесткі размяшчаюцца пад пэўнымі гадамі. У розных народаў у самой назве такой формы гісторыка-літаратурнага твора ляжыць уяўленне аб пагадовым асвятленні падзей: усходнеславянская (руская) – «летапісанне» (па гадах); польская – «рочнік» (ад слова «рок» – год); у рымлян і раманскіх народаў – «аналы» (ад annus – год). Прыкладна з XIV ст. на ўсходнеславянскіх землях пры захаванні ў цэлым пагадовай сеткі ўсё большае значэнне пачаў набываць сюжэт гістарычнага апавядання. Гэта часам вымушала летапісца адступаць ад запісу па гадах, што прыводзіла да ператварэння летапісу ў хроніку (у хроніцы пераважае сюжэт, аднак мяжа паміж летапісам і хронікай умоўная).

Першыя летапісы да нашага часу не захаваліся, і, па сутнасці, гісторыкі сёння маюць справу не з летапісамі, а з летапіснымі зводамі – гісторыка-літаратурнымі творамі, складзенымі на падставе папярэдніх летапісных запісаў (у далейшым, аднак, дзеля скарачэння будзем называць іх проста летапісамі). Летапісныя зводы дайшлі да нас дзякуючы таму, што яны шмат разоў перапісваліся (спісваліся – адсюль «спісы»). Пры гэтым больш познія летапісныя зводы не толькі з'яўляюцца спісамі папярэдніх, але і змяшчаюць дадатковыя гістарычныя звесткі. Супастаўленне розных спісаў дазваляе вызначыць пратограф – першапачатковы арыгінал, з якога яны спісваліся.

Пры рабоце з летапісамі пісцы часам рабілі памылкі. Калі тэкст перапісваўся ў пэўнай мясцовасці ці шмат разоў, то ўзнікалі спісы з характэрнымi недакладнасцямі і скажэннямі – ізводы (напрыклад, існуе Наўгародскі першы летапіс малодшага і старэйшага ізводаў). У асобных выпадках пад уплывам змяненняў палітычных ці іншых абставін летапіс свядома перапрацоўваўся. Так узнікалі новыя рэдакцыі летапісных зводаў. Калі ж у асобны летапісны звод злучаны розныя рэдакцыі, то даследчык будзе мець справу ўжо з іншым летапісным помнікам.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: