Казацка-сялянская вайна 1648-1651 гг

Значную ролю ў тым, што была падпісана Люблінская ўнія адыграла ўкраінская шляхта. У 1569 г. яна аднадушна падтрымала ўнію. Больш таго, украінская шляхта папрасіла караля Жыгімонта Аўгуста прыняць Украіну ў склад Польшчы. Нашчадкі дзеячоў Украіны, якія ў 1569 г. здрадзілі ВКЛ, ужо вельмі хутка зразумелі, якую памылку зрабілі іх бацькі. За кароткі перыяд польская шляхта захапіла ўсе землі Украіны, багатыя чарназёмам і хлебам.

Казацкай вольнасці на Ўкраіне прыйшоў канец. Польская шляхта лупцавала нават тых казакоў, якія мелі гербы і служылі ў войску. Да сацыяльнага прыгнёту дадаўся прыгнёт рэлігійны і нацыянальны, бо народ Украіны быў праваслаўным.

Усе цэрквы Ўкраіны былі перададзены пад адміністрацыю яўрэям. Хаваць памерлых і граць вяселлі дазвалялася толькі ў начны час. За самы нязначны ўчынак супраць волі пана ўкраінца чакала толькі смерць. Такім чынам, цяжкі сацыяльны і нацыянальны прыгнёт стаў асноўнай прычынай казацка-сялянскай вайны, якую ўзначаліў Б.Хмяльніцкі.

Б.Хмяльніцкі змагаўся за стварэнне самастойнай Украіны, але весці барацьбу з дзяржавай яму было вельмі цяжка. У пастаўшых не хапала зброі, грошай, падтрымкі з боку іншых дзяржаў. Акрамя таго пастаўшыя змагаліся супраць шляхецкага панавання, але не супраць адмены прыгону. Таму сацыяльная база паўстання была абмежаванай, яно не абапіралася на ўвесь народ.

Паўстанне пачалося ў 1648 г. У шэрагу бітваў пастаўшыя атрымалі перамогу над войскамі Рэчы Паспалітай. Перамогі пастаўшых, атрыманыя ў 1648-1651 гг., спрыялі пашырэнню паўстання. У гэты перыяд паўстанне ахапіла і тэрыторыю Беларусі. Асноўныя падзеі разгортваліся на поўдні Беларусі, у раёнах, што межавалі з Украінай. Казацка-сялянскі рух ахапіў Гомель, Мазыр, Лоеў, Рэчыцу, Тураў, Пінск. Казакі авалодалі Брагіным, Бабруйскам, Чэчэрскам і іншымі гарадамі. Яны нават спрабавалі захапіць Слуцк, але безпаспяхова.

У 1649 г. у ВКЛ было створана шляхецкае войска ў складзе 10 тысяч чалавек. Войска ўзначаліў Януш Радзівіл, які ўмеў добра ваяваць. Рашаючая бітва паміж паўстанцамі і арміяй Я.Радзівіла адбылася пад Лоевым у 1649 г. У гэтай бітве 30 тысяч казакаў і сялян былі разбіты харугвамі Радзівіла.

У 1651 г. войскі Хмяльніцкага пацярпелі жорсткае паражэнне ў бітве пад Берасцечкам. Пасля гэтага была падпісана мірная дамова, згодна з якой казакі больш не мелі права знаходзіцца ў Беларусі. Гэта спыніла ваенныя дзеянні ў Беларусі, паўстанне працягвалі маленькія атрады, якія хаваліся ў лясах і балотах.

Такім чынам, казацка-сялянская вайна 1648-1651 гг. аказала значны ўплыў на сацыяльнае жыццё Беларусі, яна садзейнічала фарміраванню беларускага казацтва.

5. Трынаццацігадовая вайна і яе вынікі (1654-1667 гг).

Казацка-сялянская вайна, якая пачалася ў Рэчы Паспалітай ў 1648 г. закранала інтарэсы Расіі. Б.Хмяльніцкі неаданаразова прасіў Расію аб дапамозе зброяй і грашыма. Масква асцярожна дапамагала паўстаўшым, пачаўшы праводзіць палітыку ўзброенага нейтралітэта. Усе войскі Расіі знаходзіліся на мяжы з Рэччу Паспалітай, пагражаючы вайной, але урад цара Аляксея Міхайлавіча цярпліва чакаў – ці зможа Рэч Паспалітая атрымаць рашаючую перамогу, умацаваць сваю армію і дзяржаўную ўладу.

У 1652 г. Б.Хмяльніцкі атрымаў новую перамогу над войскам Рэчы Паспалітай. Расія пераканалася, што Рэч Паспалітая страціла сваю моц і не мае магчымасці весці новую вайну. Таму ў 1654 г. урад Расіі прыняў прапанову Пераяслаўскай Рады Ўкраіны аб далучэнні Ўкраіны да Расіі. Анэксія Ўкраіны зрабіла вайну паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй непазбежнай.

У 1654 г. 100 тыс.войска рускага цара ўвайшло на тэрыторыю Беларусі. За кароткі перыяд яно заняло амаль усе беларускія гарады, таму што 10 тыс.войска Я.Радзівіла было не ў стане атрымаць перамогу ў адкрытай бітве. Вясной 1655г. рускія арміі занялі Мінск і рушылі на Вільню, якая была захоплена і спалена.

Новая расійская адміністрацыя праводзіла ў Беларусі недальнабачную палітыку. Мясцовае насельніцтва моцна цярпела ад новай улады. Таму на занятай тэрыторыі пачалі стварацца партызанскія атрады. У 1656-1661 гг. партызанскі рух ахапіў амаль усю Беларусь. У лясы пайшла шляхта, сяляне і гараджане. Ідэя вызвалення Радзімы ахапіла ўсе насельніцтва, якое ахвяравала грошы, харчаванне і жывёлу. У выніку партызанскія злучэнні вызвалілі цэлыя ваяводствы і паветы. Напрыклад, у 1661 г. гараджане Магілёва знішчылі рускі гарнізон, які складаўся з 2 тысяч чалавек. Царская улада была ліквідавана ў Мсціславе, Себежы, Шклове, Гомелі, Глыбокім, Бешанковічах. У гэты перыяд былі вызвалены Менскі, Барысаўскі, Навагрудскі паветы.

Вясной 1660 г. Рэч Паспалітая заключыла са Швецыяй мірную дамову і накіравала свае войска на Ўсход. Пасля вызвалення Вільні рускія войскі пачалі адыход і замацаваліся на новых пазіцыях. Пазіцыйная вайна цягнулася з пераменным поспехам. Ваенныя дзяенні скончыліся ў 1667 г. калі быў падпісаны Андрусаўскі мірны дагавор. Згодна з ім Левабярэжная Ўкраіна і г.Кіеў адышлі да Расіі. Адзін з артыкулаў дагавору даваў Расіі права на заступніцтва за праваслаўнае насельніцтва Рэчы Паспалітай.

У 1686 г. кароль Рэчы Паспалітай Ян Сабескі падпісаў з Расіяй новую дамову, згодна з якой Расія брала пад свой патранат праваслаўных Рэчы Паспалітай. Гэта давала Расіі права ўмешвацца ва ўнутраныя справы суседняй дзяржавы.

Такім чынам, трынаццацігадовая вайна скончалася перамогай Расіі. Пасля гэтай вайны Рэч Паспалітая трапіла ў частковую палітычную залежнасць ад Расіі, таму што дзяржава страціла суверэнітэт над часткай свайго насельніцтва. У эканамічных адносінах вынікі 13-ці гадовай вайны былі спусташальнымі. Насельніцтва Беларусі страціла 1,5 млн. чалавек, 70% хат у вёсках стаялі пустымі, большасць беларускіх гарадоў былі спалены. Для таго, каб узнавіць гаспадарку спатрэбілася каля 25 гадоў.

6. Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай і яго наступствы.

Улада палітычнай алігархіі садзейнічала таму, што краіна трапіла ў паласу ўсеагульнага крызiсу. Палiтычны крызiс вызначаўся тым, што работа Сойма была паралiзавана знакамiтым шляхецкiм «лiберум вета». У 1652 годзе быў створаны працэдэнт, калi работа была сарвана дэпутатам ад ВКЛ. Сойм прызнаў «вета» дэпутата правамоцным і спыніў працу. З гэтага моманту і да 1764 г. было сарвана прыкладна 80% усіх Соймаў.

Акрамя таго, палітычная анархія і безладдзе ў сталіце дапаўнялася безладдзем на месцах. Павятовыя соймікі пачалі прымаць пастановы, якія давалі права шляхце не выконваць дзяржаўныя законы. Мясцовыя суды і Літоўскі трыбунал не маглі нічога зрабіць з самавольствам шляхты. На практыцы судовыя пастановы толькі тады выконваліся, калі той, хто выйграваў справу меў войска, каб выконваць рашэнне суда. А калі суд і ісцец бачалі, што з вінаватым нічога зрабіць нельга, суд аб’яўляў вінаватага выгнаннікам з Айчыны і пазбаўляў яго грамадзянства. Такую пастанову выдаваў кароль, сыходзячы з рашэнняў Трыбунала. Але гэтых рашэнняў ніхто не выконваў. Так, каронны стражнік Самуіл Лашч атрымаў 236 пастановы аб выгнанні з краіны. Але ён не толькі не пакінуў Радзіму, а працягваў займаць сваю пасаду і па-ранейшаму ваяваў са сваімі суседзямі. Такіх выпадкаў было вельмі шмат.

Крызіс праявіўся ў тым, што шляхта увесь час стварала канфедэрацыі, асабліва ў перыяд выбараў караля. На выбары караля магнаты ехалі з 20 тысячным войскам і артыллерыяй. Самі выбары рэдка праходзілі без крывавых сутычак. Як правіла, канфедэраты пісалі каралю скрагі і калі кароль іх не задавальняў, тады пачыналася грамадзянская вайна супраць улады.

Ад палітычнага крызісу асабліва цярпелі тыя сацыяльныя колы грамадства, якія не належылі ні да шляхты, ні да католікаў. У іх увогуле не было ніякіх правоў. Таму гэтая частка грамадства шукала абароны за мяжой. Пасля 13-ці гадовай вайны Расія мела права бараніць інтарэсы праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай, а ў гады Паўночнай вайны Расія атрымала магчымасць аказваць уплыў і на выбары караля.

Аднак негледзячы на знешнія пагрозы, шляхта яшчэ больш абвастрала становішча ў дзяржаве. У 1733 г. Сойм прыняў пастанову, якая пазбаўляла некатолікаў быць пасламі ў Сойме, прымаць удзел у рабоце Трыбунала і займаць грамадскія пасады.

Такім чынам, палітычны крызіс Рэчы Паспалітай садзейнічаў сацыяльнаму расколу ў грамадстве, разбураў асновы дзяржаўнасці і правапарадку, ствараў перадумову, якія прывялі да ліквідацыі гэтай дзяржавы.

7. Падзелы Рэчы Паспалітай і ўключэнне зямель ў склад Расіі.

У 1763 г. памёр Аўгуст ІІІ і магнацкія групоўкі пачалі барацьбу за ўладу. У гэты час дзяржаўнай улады ў Рэчы Паспалітай фактычна не было і яе суседзі: Расія, Аўстрыя і Прусія вырашылі выкарастаць зручны момант. Расія вырашала правесці на каралеўскі трон свайго прыхільніка, які б дапамог вырашыць пытанне аб далучэнне да Расіі тых тэрыторый, дзе жыло праваслаўнае насельніцтва. Такім прэтэндэнтам стаў Станіслаў Панятоўскі, які быў блізкім сябрам Кацярыны ІІ. Вясной 1764 г., калі чакалася скліканне выбарчага Сойму, прыхільнікі Панятоўскага стварылі канфедэрацыю ВКЛ і звярнуліся з дапамогай да Расіі. Кацярына ІІ накіравала ў ВКЛ войска. Аднак супраць расіян выступілі Радзівілы. У рашаючай бітве Радзівілы былі разбіты і пасля гэтага Панятоўскі быў абраны каралем Рэчы Паспалітай.

Але замест таго, каб дагадзіць Кацярыне ІІ, Панятоўскі пачаў праводзіць некаторыя рэформы. Гэтыя рэформы былі накіраваны на ўмацаванне ўлады і дзяржавы. Кацярына ІІ была абурана каварствам Панятоўскага. Яна вырашала дзейнічаць больш рашуча, не маскіруючы свае сапраўдныя намеры. Тым больш, што Панятоўскі запатрабаваў, каб Расія вывела свае войскі з тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

У адказ Расія, Аўстрыя і Прусія накіравалі ў Сойм патрабаванне адмяніць пастанову 1733 г. і ўраўнаваць правы католікаў і некатолікаў г.з. дысідэнтаў. У 1766 г. Сойм адмовіўся гэта зрабіць. Тады пры дапамозе Расіі і Прусіі былі створаны дзве канфедэрацыі – у Слуцку і Торуні. Пад уздзеяннем расійскай арміі, размешчанай пад Варшавай, Сойм у 1767 г. прыняў пастанову аб ураўнаванні правоў католікаў і дысідэнтаў. У адказ каталіцкя шляхта ў 1768 г. стварыла сваю канфедэрацыю ў Бары. Але ў 1771 г. барскія канфедэраты былі разбіты арміяй маладога Суворава ў мястэчку непадалеку ад Кобрына. Пасля гэтага Расія, Аўстрыя і Прусія падпісалі дагавор аб першым падзеле Рэчы Паспалітай. Згодна з дагаворам да Расіі адыходзіла Полаччына, Віцебшчына, Магілёўшчына і частка Паўднёвай Беларусі. Дзяржаўная мяжа прайшла па Заходняй Дзвіне і Дняпру.

Пасля першага падзелу Кацярына ІІ абяцала, што ў Расіі больш няма тэрытарыяльных і палітычных прэтэнзій да Рэчы Паспалітай. Але на самой справе саюзнікі пачалі весці тайныя перагаворы аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. Аднак вайна Расіі з Турцыяй і паўстанне Пугачова перашкодзілі Расіі на некаторы час.

Пасля перамогі Расіі над Турцыяй сітуацыя змянілася і для Расіі і для Рэчы Паспалітай. У Рэчы Паспалітай былі створаны перадумовы для пераадолення палітычнага крызіса і ператварэння краіны ў моцную дзяржаву. Гэтаму спрыялі рашучыя рэформы і работа Чатырохгадовага Сойма.

Сойм працаваў з 1788 г. па 1791 г. 3 мая 1791 года была прынята Канстытуцыя Рэчы Паспалітай. Гэта быў крок рэвалюцыйнага тыпу. Канстытуцыйны лад жыцця стварыў рэальныя ўмовы для хуткага развіцця дзяржавы, умацавання ўлады на сапраўды дэмакратычных пачатках.

Расія і яе саюзнікі ўбачылі ў гэтай канстытуцыі палітычную пагрозы для сябе. Яны пачалі падштурховаваць шляхту да рокаша. З гэтай мэтай у 1792 г. у Санкт-Пецярбургу была створана канфэдэрацыя шляхты, якая выступіла супраць Канстытуцыі 1791 г. Конфедэраты-здраднікі звярнуліся па дапамогу да Расіі.

У ліпені 1792 г. да гэтых канфедэратаў, якія дзейнічалі ў мястэчку Тарговіца, далучыўся кароль. Па загаду караля Канстытуцыя 1791 г. была адменена. У гэты момант Расія, Аўстрыя і Прусія накіравалі Сойму новы ультыматум. Яны запатрабавалі зацвердзіць другі падзел дзяржавы. Ультыматум саюзнікі падмацавалі дагаворам, які быў падпісаны ў Санкт-Пецярбургу.

У чэрвені 1793 г. на Сойме, скліканым ў Гродне, было зачытана патрабаванне аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. Дэпутаты моўчкі заслухалі яго. Тады пасол Расіі сказаў, што маўчанне – знак згоды і дагавор быў зацверджаны, а тарговіцкая канфэдэрацыя распушчана.

Па ўмовах дагавору да Расіі адышла Цэнтральная Беларусь і Правабярэжная Украіна.

Другі падзел РП, здрада значнай часткі шляхты выклікалі пратэст у патрыётаў Айчыны. Патрыятычнай шляхта пачала рыхтавацца да паўстання. Цэнтр падрыхтоўкі знаходзіўся ў Варшаве. Паўстанне пачалося ў 1794 г., яго ўзначаліў Т.Касцюшка. Ён разлічваў на дапамогу Францыі, падтрымку Аўстрыі і Прусіі. Сацыяльная база паўстання была вельмі вузкай. Т.Касцюшка разлічваў у асноўным на шляхту. Сярод паўстаўшых не было адзінства. Т.Касцюшка не змог стварыць моцнай і баяздольнай арміі. Надзеі паўстаўшых на дапамогу Францыі не спраўдзіліся, а Аўстрыя і Прусія выступілі супраць паўстаўшых. У выніку паўстанцы былі разгромлены арміяй фельдмаршала Суворава. Рашаючыя бітвы адбыліся ў кастрычніку – лістападзе 1794 г. 6 лістапада Варшава здалася, а Касцюшка трапіў у палон.

Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, які адбыўся ў 1795 г. Да Расіі адышла Заходняя Беларусь.

Такім чынам, у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай землі Беларусі былі далучаны да Расіі.

8. Пачатак прамысловага перавароту ў Заходняй Еўропе.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: