Рэнесанс у Беларусі і яго асаблівасці

Рэнесанс і Рэфармацыя як агульнацывілізацыйныя з’явы пакінулі глыбокі след у гісторыі Беларусі. Аднак гэтыя з’явы для Беларусі былі не столькі сацыяльна-палітычнымі, сколькі духоўна-культурнымі. Гэта тлумачыцца некалькімі прычынамі:

1/ гэтыя з’явы не вынікалі з сацыяльна-палітычнага развіцця Беларусі і тых грамадскіх працэсаў, якія адбываліся ў той час;

2/ яны не вынікалі з заканамернасцяў агульнага ўнутранага жыцця беларусаў;

3/ беларуская культура не мела амаль ніякага дачынення да культуры антычнай цывілізацыі. Светапогяд беларусаў не грунтаваўся на антычнай мадэлі ўспрыняцця свету і чалавека ў гэтым свеце;

4/ у Беларусі не было такіх важных перадумаў, як наяўнасць ВНУ, не было попыту на адукаванасць, на інтэлектуальныя веды і мастацкія творы.

Сацыяльна эканамічнае развіццё Беларусі ў XV-XVI стст. таксама не спрыяла стварэнню сацыяльнай базы Рэнесансу і Рэфармацыі. У аграрным сектары эканомікі ішоў працэс запрыгоньвання сялянства. Першым актам на гэтым шляху быў Прывілей 1447 г. Заканадаўчыя нормы, што ўтрымліваліся ў Судзебніку 1466 г., Статутах 1529, 1566, 1588 гг. прадугледжвалі пошук і вяртанне сялян-уцекачоў. Гэта сведчыць аб тым, што ў дзяржаве дзейнічалі інстытуты традыцыйнага грамадства, накіраваныя супраць асноўнай часткі насельніцтва. Таму сяляне не былі носьбітамі ідэй, якія абумоўлівалі фарміраванне індустрыяльнай цывілізацыі.

Працэс урбанізацыі ў Беларусі таксама быў абмежаваны некалькімі фактарамі. Асноўная частка беларускіх гарадоў была невялікай па памерах. Гарады налічвалі ад 1,5 да 3 тысяч жыхароў. Яны належылі князю, альбо былі прыватнай уласнасцю магнатаў. Сярод “лепшых” гарадоў, адзначаных Вялікім князем Казімірам у 1444 г. былі Брэст, Віцебск, Мінск, Гродна, Полацк, Слуцк. Гэтыя гарады налічвалі ад 5 да 10 тысяч чалавек. Праз 100 гадоў колькасць “лепшых” гарадоў узрасла, але вельмі нязначна. Магдэбургскае права да канца XV ст. у Беларусі мелі толькі Брэст, Слуцк, Гродна, Полацк і Мінск.

Па нацыянальнаму складу ў гарадах жыло каля 50% беларусаў, каля 40% гараджан былі яўрэямі і 10% складала шляхта, вайскоўцы, іерархі царквы. Беларускі горад у гэты час належыў традыцыйнаму грамадству. Фактаў узнікнення мануфактурнай вытворчасці ў гэты перыяд не адзначана. Суадносна ў Беларусі не сфарміравалася саслоўе бюргерства, якое было звязана з мануфактурай і таварнай вытворчасцю.

Асноўным накірункам Рэнесансу ў Беларусі стала асветніцтва. Асветніцкая плынь Рэнесансу ў Беларусі грунтавалася на мясцовай традыцыі, закладзенай яшчэ Е.Палецкай і К.Тураўскім. Гэтая традыцыя была связана з развіццём літаратуры, кніжнай справы, развіццём ідэй асветніцтва ў асяроддзі беларускай шляхецкай і бюргерскай інтэлігенцыі.

Цэнтральнае месца ў распаўсюджанні ідэй Адраджэння належыла кнігадрукаванню і літаратурнай дзейнасці такіх асветнікаў, як Ф.Скарына, М.Гусоўскі, С.Будны, В.Цяпінскі, М.Літвін, А.Валян, Я.Казакевіч, А.Рымша, Ф.Градоўскі. З’яўленне скарынавага перакладу Бібліі на зразумелай для беларусаў мове – гэта працяг агульнацывілізацыйнай тэндэнцыі, што ахапіла Еўропу ў перыяд Рэнесансу і Рэфармацыі. У “Прадмове да ўсёй Бібліі” Ф.Скарына пісаў: “Тут галоўнае навучанне сямі навук вызваленых. Жадаешь ведаць Граматыку, ці па-нашаму кажучы грамату, якая вучыць правільна чытаць і гаварыць – звяртайся да Бібліі, чытай кнігу Псалтыр. Наважышся асвоіць логіку, што вучыць праз аргументы адрозніваць праўду ад хлусні,-чытай кнігу святога Іова або пісанне святога апостала Паўла. Задумаешь авалодаць Рыторыкай, якая ёсць само Красамоўства, чытай кнігі Саламонавы”.

Прадаўжальнік скарынавай справы Васіль Цяпінскі таксама выступаў за выданні Слова Божага на беларускай мове. Яскравы след у беларускім Адраджэнні пакінуў С.Будны. На працягу амаль 30 гадоў С.Будны выдаў такія ўнікальныя кнігі як “Катэхізіс”,”Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам”, “Аб галоўных артыкулах хрысціянскай веры”,”Аб свецкай уладзе”.

У творчасці айчынных літаратараў-гуманістаў закраналіся самыя розныя сацыяльна-палітычныя тэмы, што хвалявалі грамадства. Абапіраючыся на творы Арыстоцеля, Платона, Цыцэрона, Сенэкі, беларускія гуманісты зрабілі шэраг адкрыццяў у сферы грамадазнаўства. Яны прыйшлі да ўсведамлення таго, што найвышэйшай каштоўнасцю для кожнага чалавека з’яўляецца свабода. “З усіх рэчаў людскіх,-пісаў А.Валян,-найпершая ёсць вольнасць. Няволя ж горшая нават за смерць”.

Айчынныя асветнікі выказалі думку пра першачарговую неабходнасць стварэння прававой дзяржавы,”дзе пануюць законы, а не асобы”. Законы павінны рэгламентаваць дзейнасць людзей, гарантаваць іхнія правы і свабоды, стрымліваць злачынства. “И вчинены суть права или закон для людей злых, …абы добрии межи злыми в покои житии могли”,-пісаў Скарына.

Вялікую трывогу ў гуманістаў выклікала становішча прыгонных сялян. Да ліквідацыі ў ВКЛ жудасных формаў рабства заклікаў Міхалон Літвін.

Такім чынам карані беларускай нацыянальнай ідэі, звязаныя з барацьбой за свабоду і сацыяльную справядлівасць, фарміраваліся на глебе рэнесансна-гуманістычнай традыцыі. Гэтая традыцыя з’яўляецца неад’емнай часткай нацыянальнай духоўнасці, яна спрыяла фарміраванню беларускай народнасці.

6. Рэфармацыя ў Беларусі.

Рэфармацыя ў Беларусі была звязана з гуманістычнай ідэалогіяй і дзеячамі эпохі Адраджэння. Ідэі і этыка Ф.Скараны, С.Буднага, В.Цяпянскага, М.Літвіна нічым не адрозніваліся ад ідэй і этыкі Ф.Петраркі. Яны былі блізкімі па зместу да ідэй нямецкіх гуманістаў. Заклік Лютэра: “Праведнік вераю жыць будзе!” нічым не адрозніваўся ад вучэння С.Буднага аб адпаведнасці права і законаў жыцця вучэнню Хрыста. Гэтая ідэя Буднага была ўспрынята Л.Сапегам, які ў “Прадмове” да Статута 1588 г. пісаў: “Права з’яўляецца сапраўдным разважаннем і мудрым зрокам чалавечага разуму”.

Айчынныя мысляры - рэфарматары асуджалі тыранію і арыстакратыю. У сваім творы М.Літвін крытыкаваў магнатаў. Стан дзяржаўнай улады, “калі адзін урадавец займае 10 пасад, а іншыя аддалёныя ад дзяржаўных спраў”, ён назваў абсурдным і непатрэбным. На думку А.Воляна адносіны паміж людзьмі павінны будавацца на прынцыпах павагі і грамадскай аказнасці. Як узор ён назваў Венецыянскую рэспубліку, ”дзе ніколі не дазвалялася крыўдзіць простага чалавека”. А.Валян быў прыхільнікам тэорыі грамадскага пагаднення. “Сыны і ўнукі заслужаных продкаў нярэдка бываюць гнюсныя і лянівыя, не здатныя ні да якой рыцарскай справы”,- сцвярджаў А.Валян. Ён вітаў заканадаўства, якое дазваляе простаму чалавеку за свае рыцарскія ўчынкі здабыць шляхецтва, таму, што рыцарамі не нараджаюцца, імі становяцца, лічыў Валян. Гэтым самым закладваўся паджмурак пераходу нашай краіны да індустрыяльнага грамадства.

Аднак некаторыя погляды А.Валяна былі кансерватыўнымі. Шляхцічу, лічыў Валян, нельга займацца земляробствам, рамяством, бо гэта “навука нявольнікаў”. Таму беларускія сяляне, якія складалі да 70% дробнай шляхты, не мелі магчымасці стаць “новымі нобелямі”, засноўваць мануфактуры, гандляваць, багацець за кошт сваёй працы і ўласнай справы. Таму грамадства ВКЛ увогулле лічыла працу не пачэсным заняткам, які вядзе да працвітання асобы і грамадства, а “навукай нявольнікаў”. У выніку светапогляд палітычнай эліты Беларусі і яе дзейнасць не адпавядалі прынцыпам індустрыяльнага грамадства.

Гэтая акалічнасць накладала істотны адбітак на беларускі рэфармацыйны рух. У ім была зацікаўлена шляхецкая магнатэрыя, якая бачыла ў Рэфармацыі палітычны сродак, які дапамагаў змагацца за ўладу і багацце. Гэтым мэтам магнатаў найбольш адпавядаў кальвінізм, які радыкальна мяняў усю хрысціянскую абраднасць, рабіў царкву таннай, але пры гэтым узмацняў эксплуатацыю насельніцтва на карысць пратэстанцкіх абшчын і іх мясцовых “пратэктараў”.Адным з такіх пратэктараў быў Мікалай Радзівіл Чорны, які пабудаваў першую пратэстанцкую абшчыну ў Брэсце. У хуткім часе князі Радзівілы заснавалі такія ж абшчыны ў Нясвіжы. З іх дапамогай пратэстанты пачалі дзейнічаць у Клецку, Мінску, Віцебску, Полацку і іншых гарадах. Асаблівых праблем са стварэннем кальвіністскіх абшчын не было, таму што калі шляхціч пераходзіў у другую веру, ён звычайна змяняў і святароў у тых вёсках, мястэчках і гарадах, якія яму належылі. Беларускія сяляне, навучаныя жыццём, не бунтавалі, таму што ведалі, “моднае захапленне пана доўга не працягнецца”. Усяго ў Беларусі і Літве было створана каля 200 кальвіністскіх і некалькі дзесяткаў лютэранскіх абшчын/”збораў”/, а таксама адна лютэранская парафія. Пратэстанты будавалі ў Беларусі друкарні, выдавалі шматлікую літаратуру, асноўвалі адукацыйныя ўстановы. Пачатковыя школы былі адкрыты ў Клецку, Слуцку, Іўі, іншых гарадах. У Вільні пратэстанты спрабавалі адкрыць сваю акадэмію, але там акадэмію адкрылі іезуіты. Пратэстанты з ліку магнатаў абіраліся ў склад кіруючых органаў ВКЛ, пад іх уплывам прымаліся законы, у тым ліку і Статут 1588 г. У 60-х гг. XVI ст. у Беларусі пачалася Контррэфармацыя і ў выніку ўсе пратэстанцкія арганізацыі зноў былі перададзены касцёлу. Кальвінісцкія зборы захаваліся ў Бабруйску і Слуцку, а абшчыны лютэран у Слоніме і Мінску. Аднак членамі пратэстанцкіх абшчын у гэтых гарадах былі толькі іншаземцы: швейцарцы і немцы, якія тут жылі.

Такім чынам, Рэфармацыя ў цэлым адыграла станоўчую ролю ў развіцці беларускага грамадства.

7. Фарміраванне беларускай народнасці ў другой палове XIII- першай палове XVII стст.

Асноўнымі цывілізацыйнымі фактарамі, якія рашаючым чынам уплывалі на этна-нацыянальныя працэсы, якія праходзілі ва ўсім свеце былі:

а/ наяўнасць адзінай мовы;

б/ наяўнасць дзяржаўнага суверынітэту;

в/ наяўнасць адзінай нацыянальнай ідэалогіі;

г/ наяўнасць нацыянальна-культурных каштоўнасцей і іх носьбітаў.

Тэрыторыя, на якой адбывалася эвалюцыя старажытнага беларускага этнаса ў народную супольнасць была тая ж, што і ў IX-XIII стст. Гэта Віцебшчына, Віленшчына, Гродзеншчына, Мінска-Слуцкі рэгіён, Гомельшчына, Берасцейшчына. На працягу 400 гадоў на адзначанай тэрыторыі склалася самастояная мова, якая была адметнай прыкметай супольнасці. Сусветная практыка сведчыць, што без мовы няма ні народнасці, ні нацыі. Таму ўсе сусветныя народнасці склаліся на аснове моўнага адзінства. І беларусы тут не былі выключэннем. Колькасны склад насельніцтва быў таксама сярэдняеўрапейскім: у XIII-XVI стст. у Беларусі пражывала каля 1,5-2 млн. чалавек.

Асноўная частка беларускага насельніцтва пражывала ў вёсках. Нацыянальнае пачуццё і нацыянальная ідэалогія былі ў першую чаргу звязаны з малай радзімай, павагай да свайго народа і дзяржавы. Як пісалі летапісцы, беларусы захоўвалі “обычаи древлии”, таму што гэта забяспечвала сацыяльную стабільнасць грамадства і дзяржавы.

Нацыянальная ідэалогія фарміравалася на грунце незалежнасці і сувернітэту дзяржавы. Аднак гэтага было недастаткова, таму што ідэалогія павінна была стаць часткай самасвядомасці кожнага беларуса. Гэта знаходзіла адлюстраванне і ў барацьбе Вялікага княства Літоўскага са знешняй агрэсіяй і ў развіцці культуры. Барацьба з варожай агрэсіяй мацавала Полацкае княства, яна стала адным з фактараў утварэння ВКЛ. У гэтых адносінах нацыянальная ідэалогія была замацавана ў дзяржаўным гербе ВКЛ – “Пагоня”. Лёсавызначальныя перамогі ВКЛ у 1362 г. ў бітве на Сініх водах, бітве 1410 г. над Грунвальдам і бітве 1514 г. пад Оршай надхняліся нацыянальнай ідэалогіяй. Ідэалагічныя фактары мацавалі нацыянальную палітычную эліту, якая была падмуркам беларускай народнасці.

Моўна-культурныя фактары таксама спрыялі фарміраванню беларускай народнасці. У ВКЛ беларуская мова была агульным і адзіным сродкам межнацыянальных зносін, таму дзяржаўнасць гэтай мовы была толькі адлістраваннем гістарычнай рэчаіснасці, якая склалася ў дзяржаве. Кнігадрукаванне садзейнічала развіццю пісьмовасці беларускай мовы. Дзякуючы дзейнасці Ф.Скарыны, беларуская мова стала мовай Бібліі і несла Слова божае кожнаму беларусу. Таму імя Скарыны, яго творы, твороы іншых беларускіх гуманістаў духоўна аб’ядноўвалі ўсіх беларусаў у адзін народ. Без кнігадрукавання немагчыма было з’яўленне Статутаў ВКЛ. Гэтыя дзяржаўна-прававыя акты садзейнічалі развіццю агульнай прававой свядомасці, як сярод палітычнай эліты так і сярод ніжэйшага класа – сялянства і гараджан.

Фарміраванне народнасці забяспечвалася і развіццём эканомікі. Унутраны таварны абмен, развіццё гарадской гаспадаркі, спагнанне падаткаў садзейнічалі больш цеснаму аб’яднанню беларускіх рэгіёнаў у адно цэлае. Рэформа 1557 г. дала магчымасць сялянству атрымаць зямлю ва ўласнае карыстанне. Яна садзейнічала эканамічнаму ўздыму гаспадаркі, дзяржавы, вёскі і горада.

Сацыяльна-палітычныя працэсы, якія адбываліся ў Беларусі ў перыяд Рэнесансу і Рэфармацыі з’яўляюцца даказам таго, што беларуская народнасць паспяхова складвалася як адзінае целае, як адзін народ.


8. Этнічная свядомасць насельніцтва Беларусі ў другой палове XIII - першай палове XVII ст. Этымалогія “Белай Русі”.

Навуковае вызначэнне этнічнай самасвядомасці насельніцтва Беларусі ў XIII – першай палове XVII ст. з’яўляецца адной з самых складаных праблем беларускай гістарычнай навукі. Гэта тлумачыцца тым, што назвы “Беларусь”, “беларусы” хоць і даўнія, але яны не мясцова паходжання. Яны спачатку не мелі выразнага этнічнага характару, таму не адлюстроўваліся і не замацоўваліся ў свядомасці мясцовага насельніцтва. Назва “Белая Русь” не згадваецца ў крыніцах XII-XV стст. пачынаючы з “Аповесці мінулых гадоў”, Радзівілаўскага, Лаўрэнцьеўскага, Іпацьеўскага і іншых аўтэнтычных дакументах таго часу. Гэтай назвай няма ў беларускіх летапісах і хроніках XV-XVI стст. Назвы “Белая Русь” няма нават у Баркалабайскім летапісе, які складзены ва Ўсходняй Беларусі ў першай палове XVII ст.

Большасць назваў “Белая Русь” у другой палове XIII-XVI стст. змяшчаюцца ў замежных – нямецкіх, італьянскіх, англійскіх хроніках, геаграфічных картах, дыпламатычных дакументах, запісках розных чужаземцыў. Гэтыя крыніцы толькі вызначаюць тэрыторыю Белай Русі. Да гэтай тэрыторыі яны адносяць уласнабеларускія землі, тэрыторыі, якія ўваходзілі ў склад Пскоўшчыны, Украіны, Уладзіміра-Суздальскага княства і Маскоўскай Русі. Упершыню назва “Белая Русь” сустракаецца ў Дублінскім рукапісе, дзе змяшчаецца невялікі геаграфічны трактат пад назвай “Апісанне земляў”. Хрысціянскі месіянер, сярод іншых, згадвае і Белую Русь, разумеючы пад гэтай назвай тэрыторыю ад Турава да Пскова. Дублінскі рукапіс адносіцца да другой паловы XIII ст.

У літаратурных крыніцах сярэдзіны XVI ст. ўжо сустракаюцца ўяўленні аб Белай Русі як уласнабеларускай тэрыторыі. Падрабязна апісана Белая Русь у “Хроніцы” Мацея Стрыйкоўскага, які жыў у Беларусі. У гэтым творы сустракаецца і першае ўпамінанне беларусаў як этнасу. Этнонім беларусы, беларусцы, які з’явіўся на мяжы XVI-XVII стст., ужываўся найперш у адносінах да “негенетычных” беларусаў, г.з. ён адносіўся да той часткі русінаў, якія перасяліліся ў ВКЛ у XVI ст. з тэрыторый памежных зямель Масковіі, што адышлі да ВКЛ пры Вітаўце Вялікім. У другой палове XVII ст. этнонімам “беларусцы” сталі пазначаць мясцовых жыхароў Полаччыны і Магілёўшчыны, Гомельшчыны, якія пасля Брэсцкай уніі 1696 г. захавалі праваслаўе. У гэтым кантэксце тэрмін “беларус” з’яўляўся сінонімам тэрміна “сапраўдны рускі”/г.з. ён быў канфесіёнімам/. У гэтым кантэксце тэрмін “Біблія руская” выкарстоўваў і Ф.Скарына. Такое вызначэнне жыхароў Палаччыны было невыпадковым. У XIV-XVI стст. улады ВКЛ таксама вызначалі жыхароў Палаччыны ў якасці “русінаў”.

Аднак дакументы XVI ст. ўтрымліваюць звесткі аб тым, што грамадзяне ВКЛ пазначалі тэрмінам “беларус” і сваю нацыянальнасць. Адным з першых, хто называў сябе беларусам быў Саламон Рысінскі, вядомы беларускі выдавец і пісьменнік. У дакументах Альтдорскага ўніверсітэта за 2 снежня 1586 г. С.Рысінскі запісаны Саламон Патэрус беларус. Беларуссю С.Рысінскі называў сваю радзіму і ў лістах да навукоўцаў.

Значна пазней, ужо ў другой палове XVIII ст., імператрыца Кацярына II пачала афіцыйна называць беларусамі жыхароў Палаччыны і Магілёўшчыны. У 1796 г. Кацярына II аб’яднала гэтыя дзве губерніі ў адну са сталіцай у Віцебску. Агульная губерня атрымала афіцыйную палітычную назву “Беларускай”. Гэта была адна на ўсю Расію губерня, якая мела нацыянальную назву. Адразу пасля гэтага з’явіліся назвы беларускі край, Беларусь.

Паколькі тэрмін “беларусы” стаў эндаэтнонімам мясцовага насельніцтва толькі ў канцы XVIII ст., усе спробы вызначыць яго змест і этымалогію з’яўляюцца не столькі навуковымі, сколькі літаратурнымі. Першым гэтую спробу зрабіў расійскі гісторык В.Тацішчаў, а за ім пайшлі і астатнія. Этымалогію эпітэта “Белая” тлумачылі і тлумачаць па-рознаму: і ад Белага мора, і ад белага снегу, і як сінонім слова “вольная”,”вялікая” і г.д.

На наш погляд, эпітэт “Белая” у дачыненні да Русі замацаваўся за Беларуссю найперш па прычыне таго, што на яе тэрыторыі ажно да XV ст. захоўвалася язычніцтва. Белы колер у індаеўрапейцаў азначаў святасць. У сімволіцы старажытных арыяў белы колер належыў вышэйшаму святарству – брахманам. Азначаў белы колер і духоўную чысціню, пакорлівасць, імкненне да ўнутранага ўдасканалення чалавека. Язычніцкія жрецы захоўвалі арыйскую сімволіку ў тым ліку і ў адносінах да адзення, і ў адносінах да сэнсавага зместу белага колеру. З цягам часу гэты сэнс часткова быў замацаваны і ў беларускага бел-чырвона-белага сцягу.



Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: