Лекцыя 5. Беларусь у складзе Расійскй імперыі. (другая палова XVIII – першая палова XIX ст.)

(другая палова XVIII – першая палова XIX ст.)

1. Эканамічнае і палітычнае развіццё Расіі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст. (асаблівасці цывілізацыйнага развіцця).

Тэхналагічная мадэрнізацыя краін Заходняй Еўропы, што адбылася ў канцы XVIII ст., аказала вялікі ўплыў і на цывілізацыйны лад жыцця Расіі. У Расіі гэты перыяд супаў з цараваннем Кацярыны ІІ.

Усталяванне элементаў рынку пачалося ў Расіі яшчэ ў эпоху Пятра І. Пятроўскія рэформы садзейнічалі развіццю мануфактурнай вытворчасці. У XVIII ст. у Расіі з’явіліся горныя прадпрыемствы, плавільні, буйныя ваенныя арсеналы, шаўковыя і аксамітныя мануфактуры. Адначасова ў эканоміцы захоўвалася саматужна-хатняя рамесніцкая вытворчасць.

У эканамічным развіцці Расіі назіралася барацьба дзвух тэндэнцый- з аднаго боку развіваўся гандаль, фарміраваўся пачатковы рынак, ішло станаўленне капіталістычнага ўкладу; напрыклад, у канцы XVIII ст. у Расіі працавала каля 200 горнадабываючых прадпрыемстваў, налічвалася больш за 2 тысячы прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці, каля 1700 кірмашоў. На гэтых прадпрыемствах налічвалася каля 80 тыс. работнікаў, з якіх 33,5 тыс. былі наемнымі.

Але з другога боку, у Расіі ішоў працэс узмацнення феадальнага ўціску на сялянства, узмацненне абсалютызму. Гэта праяўлялася ў тым, што сялянства ператваралася ў рабоў, якія не мелі абсалютна ніякіх правоў і павінны былі працаваць на памешчыка да 5 дзен на тыдзень. Узмацненне абсалютызму праяўлялася ў тым, што ў галіне палітыкі царызм абапіраўся толькі на памешчыкаў (да 2% насельніцтва), армію і паліцыю. Улады рашуча змагаліся з любымі элементамі лібералізму і рэфармізму, што былі накіраваны на развіццё палітычнага працэсу ў грамадстве.

Царызм праводзіў рэакцыйную ўнутраную і знешнюю палітыку, быў «жандармам Еўропы», улады Расіі змагаліся з рывалюцыйным рухам у сваёй краіне і за яе мяжамі.

Такім чынам, эканамічная і палітычная супярэчлівасць ў жыцці Расіі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст. садзейнічалі імкліваму развіццю сацыяльнага крызісу, узмацненню нацыянальна-вызваленчай барацьбы народаў Расіі, фарміраванню тайных арганізацый і рухаў.

2. Сацыяльна-эканамічная палітыка самадзяржаўя ў Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі апынуліся ў складзе Расіі. У Беларусі жыло каля 3 млн. чалавек са складу беларусаў, палякаў, яўрэяў, татар, украінцаў, народаў прыбалтыкі. Палітыка самадзяржаўя ў дачыненні да Беларусі была накіравана на паступовую яе інтэграцыю ў склад Расіі. Гэтыя палітыка праводзілася па ўсіх напрамках – адміністрацыйным, прававым, культурна-нацыянальным, палітычным і г.д.

Тэрыторыя Беларусі была падзелена на пяць губерняў: Віцебскую, Магілеўскую, Мінскую, Гродзенскую і Віленскую. Значныя змены адбыліся і ў жыцці гарадоў. Усе дробныя і сярэднія гарады страцілі свой статус і былі ператвораны ў мястэчкі, якія трапілі ва ўласнасць да прыватных асоб з ліку расійскіх царадворцаў. Цэнтры губерняў атрымалі права на самакіраванне. У 1795 г. беларускія гарады атрымалі права на арганізацыю гарадскіх дум, купцы мелі магчымасць утвараць гільдыі, весці ўнутраны і замежны гандаль.

Аднак на шляху да сацыяльнай інтэграцыі стаяла шляхта былой Рэчы Паспалітай, якая валодала велізарнымі багаццямі і палітычнай уладай на месцах. У складзе Расіі шляхта не бачыла свайго месца, таму што абсалютызм быў не сумяшчальны з тымі правамі і свабодамі, якімі валодала шляхта. Самадзяржаўе гэта добра разумела, але спачатку заахвочвала шляхту да лаяльнасці і пакорлівасці ўладам. Той шляхце, якая вяла сябе пакорліва, улады Расіі захавалі маёмасць, давалі магчымасць працаваць у дваранскіх сходах на месцах.

З той часткай шляхты, якая ўдзельнічала ў тайных таварыствах, рыхтавала і праводзіла паўстанні 1794г., 1830-1831 гг., 1863-64 гг. самадзяржаўе рашуча змагалася шляхам рэпрэсій і так званых «разбораў шляхты». Пад час «разбораў» у шляхты забіралі шляхецтва, зямельную ўласнасць і пераводзілі ў склад мяшчанства, частку шляхты высялялі ў Сібір, частку – за мяжу. У выніку ўжо ў другой палове XIX ст. шляхецкае саслоўе ў Беларусі знікла. Адначасова ўлады Расіі накіроўвалі ў Беларусь расійскіх памешчыкаў з ліку ваенных, былых палітыкаў, яны былі мясцовамі адміністратармі, кіраўнікамі ўрадавых устаноў, мясцовых судоў. Гэта былі элементы каланізацыі і русіфікацыі Беларусі.

У адносінах да сялянства Беларусі ўрад Расіі праводзіў тую ж прыгонніцкую палітыку, што і ў дачыненні да сялянства Расіі. Але ў сацыяльных адносінах прыгоніцтва дапаўнялася русіфікацыяй у галіне мовы і культуры, барацьбой з нацыянальным самавызначэннем мясцовых сялян. Гэта праявілася ў тым, што 1839 г. была ліквідавана ўніяцкая царква, а ў 1840 годзе ліквідавана дзеянне Статута 1588 г. у Беларусі. Дзеянне Статута фармальна сведчыла аб павазе царызма да мясцовых традыцый і законаў, гэта была спроба прыцягнуць шляхту на бок супрацоўніцтва з расійскімі ўладамі, захаваць у сялян веру ў «добрага цара» і кепскага мясцовага пана. Ліквідацыя прававога дзеяння Статута 1588 г. была пераходам да адкрытай палітыкі русіфікацыі.

Новым элементам палітыкі Расіі былі адносіны да яўрэйскага насельніцтва Беларусі. У самой Расіі яўрэяў, як сацыяльнай групы насельніцтва, не было. Каб стрымаць міграцыю яўрэяў у Расію, улады вызначылі «мяжу яўрэйскай аселасці». У 20-е гадах XIX ст. яўрэі былі пераселены з сельскай мясцовасці ў гарады і мястэчкі Беларусі. Яны жылі культурна-нацыянальнай аўтаноміяй і кіраваліся кагаламі.

У адносінах да ўсяго польскага ўрад Расіі праводзіў палітыку дыскрамінацыі і рэпрэій. У 30-х гадах XIX ст. было спынена выкарыстанне польскай мовы ў судовым справаводстве, адукацыі, пры правядзенні масавых мерапрыемстваў у гарадах і мястэчках пад час рэлігійных свят. З гэтай жа мэтай у Беларусі было зачынена каля паловы ўсіх каталіцкіх кляштароў і касцёлаў, а мясцовае насельніцтва пераводзілася ў праваслаўе. У выніку каля 2,5 млн. беларусаў з ліку ўніятаў і католікаў сталі праваслаўнымі.

Такім чынам, сацыяльна-эканамічная палітыка ўрада Расіі ў Беларусі ў першай палове XIX ст. была накіравана на паступовую інтэграцыю Беларусі ў склад Расіі. Метады гэтай палітыкі былі рознымі.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: