Народніцкі рух на Беларусі

Нявырашанасць аграрнага пытання выклікала ў парэформеннай Расіі шырокі рух разначыннай інтэлігенцыі, які атрымаў назву народніцтва. Ідэалогія народніцтва шукала шляхі сацыяльнай перабудовы Расіі, зыходзячы з асаблівасцяў яе развіцця. Вера ў магчымасць непасрэднага пераходу, мінуючы капіталізм, да сацыялістычнага ладу праз сялянскую абшчыну састаўляла галоўны змест тэорыі рускага ўтапічнага сацыялізму наогул і народніцтва ў прыватнасці. Роданачальнікамі гэтай тэорыі былі А.І.Герцэн і М.Г.Чарнышеўскі. Спрадвечна ў народніцтве прысутнічалі дзве тэндэнцыі: рэвалюцыйная і рэфарматарская. Радыкальна настроеная інтэлігенцыя ўспрымала ідэі сялянскага сацыялізму як заклік да непасрэднага рэвалюцыйнага руху, а больш памяркоўная яе частка – як праграму паступовага прасоўвання наперад праз рэформы. Найвышэйшага пад’ёму рэвалюцыйнае народніцтва дасягнула ў 70-я – пачатку 80-х гг. і праявілася тэарэтычна і практычна ў трох праграмах: прапагандысцкай (П.Л.Лаўроў), бунтарскай (М.А.Бакунін), змоўніцкай (Л.Н.Ткачоў). Народніцтва як ідэалогія і грамадскі рух знайшло сваё распаўсюджванне і ў Беларусі сярод перадавой беларускай моладзі.

Народнікі Беларусі былі ідэйна і арганізацыйна звязаны з рускім народніцтвам. Ідэі Герцэна і Чарнышэўскага былі знаёмы К.Каліноўскаму, В.Урублеўскаму, З.Серакоўскаму і іншым будучым кіраўнікам і ўдзельнікам паўстання 1863 – 1864 гг. Так, у канцы 1862 г. у склад “Зямлі і волі” поўнасцю ўвайшоў “Камітэт рускіх афіцэраў” у Польшчы, 40% членаў якога складалі ўраджэнцы беларуска-літоўскіх губерняў. Сярод вядомых прапагандыстаў – удзельнікаў “хаджэння ў народ” на пачатку 70-х гг. былі ўраджэнцы Беларусі С.П.Кавалік, М.К.Судзілоўскі, К.Н.Брэшка-Брэшкоўская і інш. У 1874-1884 гг. зямляцтвы і нелегальныя групы беларускіх студэнтаў існавалі ў многіх вышэйшых навучальных установах Расіі. Члены гэтых арганізацый нярэдка былі кіраўнікамі народніцкіх гурткоў у Мінску, Магілёве, Віцебску, Пінску, Гродне, Слуцку і іншых гарадах Беларусі. Як правіла, пераважна гэта былі гурткі навучэнцаў, якія займаліся самаадукацыяй, вывучалі забароненую літаратуру і рабілі спробы весці агітацыю ў сялянскім асяроддзі. Гэтыя няспелыя ў палітычных адносінах гурткі дзейнічалі цалкам у русле агульнарасійскіх народніцкіх арганізацый. Нават такія вядомыя дзеячы агульнарасійскага рэвалюцыйнага руху, выхадцы з Беларусі, як Г.Ісаеў, А.Зундзілевіч, С.Гаховіч, М.Янчэўскі, І.Гецаў і інш., не маглі ўбачыць гістарычных, сацыяльных асаблівасцяў Беларусі.

З узнікненнем у Пецярбергу арганізацыі “Зямля і воля” (1876) народніцкі рух у Беларусі развіваецца пад яе непасрэдным уплывам. Цэнтрам руху становіцца Мінск, дзе найбольш актыўна дзейнічаў гурток М.Вэлера, створаны ў 1877 г.

Рэпрэсіі ўрада супраць членаў “Зямлі і волі” прымусілі народнікаў перагледзець тактыку барацьбы з самаўладствам. У 1879 г. адбыўся раскол “Зямлі і волі” на дзве арганізацыі - “Чорны перадзел” і “Народная воля”. Адмовіўшыся ад палітычнай барацьбы, чорнаперадзельцы лічылі галоўнай мэтай ажыццявіць перадзел зямлі памешчыкаў паміж сялянамі. “Народная воля” адстойвала неабходнасць узмацнення палітычнай барацьбы супраць самаўладства і стаяла за індывідуальны тэрор. Раскол знайшоў адлюстраванне і сярод беларускіх арганізацый “Зямлі і волі”. Вялікая частка беларускіх народнікаў пайшла за чорнаперадзельцамі. Гэтаму садзейнічалі прыезды Г.В.Пляханава ў Мінск, дзе пасля правалу ў Пецярбургу была арганізавана ў 1881 г. нелегальная друкарня “Чорнага перадзелу”. Аднак арышты чорнаперадзельцаў у Маскве і Пецярбургу, разгром друкарні ў Мінску, вымушаная эміграцыя яе кіраўнікоў адмоўна адбіліся на настроі чорнаперадзельцаў Беларусі, большая частка якіх перайшла на пазіцыі “Народнай волі”. Аўтарытэт “Народнай волі” асабліва павысіўся пасля 1 сакавіка 1881 г., калі бомбай, кінутай ураджэнцам Мінскай губерні І.Грынявіцкім, быў забіты Аляксандр II. Пераходу чорнаперадзельцаў на бок “Народнай волі” садзейнічаў таксама прыезд у Беларусь маскоўскіх нарадавольцаў Р.Апельберга, І.Лампе, М.Грачэўскага, М.Аўчыннікава і інш. Задача заключалася ў стварэнні з разрозненых мясцовых народніцкіх гурткоў адзінай рэгіянальнай арганізацыі Беларусі і Літвы. У пачатку 1882 г. такая арганізацыя пад назвай “Паўночна-Заходняя арганізацыя “Народнай волі” была створана. Яе кіруючы цэнтр – Цэнтральная група – знаходзіўся ў Вільні. Арганізацыя аб’ядноўвала народніцкія гурткі Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губерняў. Яе дзейнасць была накіравана на стварэнне новых груп, збор сродкаў для партыі, на арганізацыю падпольнай друкарні. Нарадавольцы Беларусі актывізавалі таксама работу “Ваеннай арганізацыі”, “Народнай волі” у гарнізонах беларускіх гарадоў.

Аднак у хуткім часе паліцыі ўдалося напасці на след Цэнтральнай групы і арыштаваць яе членаў. Да канца 1882 г. Цэнтр фактычна перастаў існаваць. Тым не менш мясцовыя гурткі не былі выкрыты і існавалі ў Гродне, Віцебску, Мінску, Пінску, Магілёве, Горках і вялі працу сярод навучэнцаў, рамеснікаў і інш.

У пачатку 80-х гг. была зроблена спроба стварыць цэнтр беларускіх народнікаў у Пецярбургу. Ініцыятарам выступіла беларускае зямляцтва пры Пецярбургскім універсітэце. Яно аб’ядноўвала прадстаўнікоў усіх напрамкаў народніцтва. У 1881 г. зямляцтва звярнулася са зваротам “Да беларускай моладзі”, у якім заклікала беларускую інтэлігенцыю і студэнцтва да грамадскай дзейнасці на карысць Беларусі ў рамках існуючага ладу. Блізкія да іх шырокія ліберальна-асветніцкія погляды былі выказаны ў 1882 г. у ананімных гектаграфаваных “Лістах аб Беларусі” за подпісам Данілы Баравіка. У адказ з’явілася ананімнае “Пасланне да землякоў-беларусаў” (1884), у якім аўтар (“Шчыры Беларус”) палемізуе з рэфарматарскімі палажэннямі “Лістоў” і заклікае да звяржэння самадзяржаўя ў саюзе з усімі рэвалюцыйнымі сіламі Расіі.

У пачатку 1884 г. з ініцыятывай аб’яднання ў агульную арганізацыю ўсіх народніцкіх гурткоў Беларусі выступіла група “Гоман”, у якую ўваходзілі беларускія студэнты, навучэнцы пецярбургскіх навучальных устаноў. Імі былі надрукаваны два нумары перыядычнага выдання пад назвай “Гоман”. Члены групы (А.Марчанка, Н.Ратнер і інш) прызнавалі праграму “Народнай волі”, але лічылі неабходным аб’яднаць усе рэвалюцыйныя сілы Расіі для звяржэння самадзяржаўя.

Вельмі выразна гоманаўцы паставілі нацыянальнае пытанне. Зыходзячы з прынцыпу раўнапраўя ўсіх народаў, члены “Гомана” абвяшчалі права беларускага народа на нацыянальную самастойнасць. Гоманаўцы ўпершыню ў гісторыі Беларусі заявілі аб існаванні беларускай нацыі. Будуючы вольную ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту Расію яны ўяўлялі як федэрацыю самакіравальных абласцей на чале з Устаноўчым сходам. “Беларуская сацыяльна-рэвалюцыйная група”, як называлі сябе гоманаўцы, мела сувязі са студэнцкімі арганізацыямі Расіі, гурткамі Віцебска, Магілёва і Мінска. Аднак стварыць адзіную арганізацыю ўсёй Беларусі гоманаўцы так і не змаглі. Гэта было абумоўлена тым, што беларускае рэвалюцыйнае народніцтва, як і расійскае, перажывала крызіс і зыходзіла з гістарычнай сцэны, уступаючы дарогу марксізму.

У 1884-1890 гг. пануючым кірункам у народніцтве становіцца ліберальнае. Адмовіўшыся ад рэвалюцыйнай барацьбы з урадам, ліберальныя народнікі сканцэнтравалі ўвагу на ўмацаванні сялянскага землеўладання, спадзяючыся тым самым затрымаць працэс абеззямельвання сялян. Яны прапаноўвалі ўзмацніць абшчыннае землеўладанне, даць сялянам ільготныя крэдыты, развіваць пад апекай урада сялянскія промыслы. Беларускія народнікі віталі праект адмены сервітутаў і чыншавую рэформу, адчынілі ў Мінску аддзяленне сялянскага Пазямельнага банка. Погляды беларускіх ліберальных народнікаў аказалі грунтоўны ўплыў на развіццё інтарэсаў інтэлігенцыі да нацыянальнай гісторыі і культуры Беларусі.

8. Распаўсюджванне марксізму ў Беларусі. Першыя сацыял-дэмакратычныя арганізацыі.

Пад’ем рэвалюцыйнага руху ў 80-я – пачатку 90-х гг. садзейнічаў абуджэнню інтарэсу рабочых да палітычнага жыцця, распаўсюджванню сярод іх марксісцкіх ідэй.

Знаемства з марксісцкай літаратурай у Беларусі адносіцца яшчэ да сярэдзіны 70-х гг., калі ў асобных народніцкіх гуртках разам з работамі Дарвіна і Ласаля вывучаліся працы К.Маркса і Ф.Энгельса. Многае для распаўсюджвання ў Беларусі зрабілі польска партыя “Пралетарыят” (1882) і асабліва група “Вызваленне працы” (1883), у дзейнасці якой актыўна ўдзельнічалі беларускія народнікі А.Трусаў і С.Пяўкоў, пісьменнік і рэвалюцыянер А.Гурыновіч. У другой палове 80 – пачатку 90-х гг. у Мінску (Э.Абрамовіч, Л.Гурвіч, С.Трусевіч), Гродне (Н.Дзем’яновіч, С.Галюн), Віцебску (М.Сакоўкін-Заслаўскі і яго жонка П.Дубінская), Гомелі (А.Поляк) былі арганізаваны марксісцкія гурткі і групы, у якіх вывучаліся працы К.Маркса і Ф.Энгельса. Першыя марксісцкія гурткі ў Беларусі былі нешматлікімі і слаба звязанымі з масавым рабочым рухам.

Якасна новы этап марксізму пачынаецца з сярэдзіны 90-х гг., калі ў выніку стварэння ў Пецярбургу “Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа” (1895) рабочы рух Беларусі злучаецца з агульнарасійскім сацыял-дэмакратычным рухам. Членамі “Саюза барацьбы” былі ўраджэнцы Беларусі Л.Лепяшынскі, М.Левашкевіч, Т.Максімаў і інш. Вялікае значэнне для развіцця рэвалюцыйнага руху ў Беларусі меў прыезд У.І.Леніна ў Вільню для перагавораў з мясцовымі сацыял-дэмакратамі і аказання дапамогі зборніку “Работнік”, у якім друкаваліся паведамленні аб сацыял-дэмакратычным і рабочым руху ў гарадах Літвы і Беларусі. У другой палове 90-х гг. сацыял-дэмакратычныя арганізацыі ўжо існавалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Смаргоні, Ашмянах, Брэст-Літоўску, Гродне, Пінску. Яны праводзілі палітычную агітацыю сярод рабочых, распаўсюджвалі лістоўкі і рэвалюцыйную літаратуру. Пад непасрэдным уздзеяннем сацыял-дэмакратаў з другой паловы 90-х гг. актывізуецца стачачны рух беларускіх рабочых.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: