Беларусь у складзе Расіі

Навейшая гісторыя Беларусі

Мірановіч Яўген

Уступ

У польскай гістарыяграфіі гісторыя Беларусі на фоне іншых суседзяў Польшчы займае выключна мала месца. У школьных падручніках Полацкае княства, якое паспяхова супраціўлялася інтэграцыі з сярэдневяковай дзяржавай Кіеўскай Русі, нават не згадваецца. На працягу некалькіх стагоддзяў Беларусь уваходзіла ў састаў Рэчы Паспалітай. У свядомасці палякаў Вялікае княства Літоўскае часта атаясамліваецца выключна з дзяржавай літоўцаў, хаця літоўцамі ў XVI стагоддзі называлі беларускіх князёў і баяраў, а старабеларуская мова лічылася нацыянальнай і на ёй вялося ўсё справаводства. У ХІХ стагоддзі тэрмін “Рэч Паспалітая” абазначаў тое ж што і “Польшча”, таму ўзнікненне на пераломе ХІХ і ХХ стагоддзяў беларускага нацыянальнага руху пераважнай большасцю польскіх элітаў успрымалася як ненатуральная з’ява і расійская інтрыга. Падобным чынам да гэтага пытання ставіліся расійскія ўлады, бачачы ў ім польскую выдумку.

Падзеі 1918—1920 гадоў надта выразна паказалі, што беларускія і польскія нацыянальныя інтарэсы ўзаемна выключаюцца. Беларускія нацыянальныя і палітычныя памкненні таксама нельга было пагадзіць з расійскімі імперскімі інтарэсамі, якія прадстаўлялі бальшавікі.

Узніклая ў 1918 г. беларуская дзяржаўнасць у большай ступені заіснавала як ідэя, чым рэальная палітычная з’ява. Аднак у свядомасці беларускіх элітаў набыла яна трывалы характар. На падзеленай у выніку Рыжскага дагавора тэрыторыі стварыліся розныя ўмовы нацыянальнага развіцця. Большасць беларускіх палітычных арганізацый, якія дзейнічалі ў ІІ Рэчы Паспалітай, не адмовіліся ад думкі пра незалежную і аб’яднаную Беларусь. Некалькі гадоў ліберальнага бальшавіцкага праўлення ў дваццатых гадах прычыніліся да таго, што на тэрыторыі Савецкай Беларусі ўзнікла амаль беларуская нацыянальная дзяржава. Беларускія дзеячы, са згоды цэнтральных савецкіх улад, маглі ажыццяўляць найбольш смелыя планы, аб якіх марылі падчас І Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 г. Іх дасягненняў у галіне беларусізацыі не ўдалося поўнасцю зніштожыць у трыццатых гадах, калі знішчаліся ўсе, хто меў якоенебудзь дачыненне да беларускай нацыянальнай ідэі.

У Беларусі ад некалькіх дзесяткаў гадоў змагаюцца між сабою два погляды на форму нацыянальнага існавання. Кожная канцэпцыя дзяржаўнай і нацыянальнай самастойнасці ідзе ўразрэз з мацнейшай прарасійскай арыентацыяй, якая працягвае існаваць у нязмененай форме ад часоў стваральніка ідэі “заходнерусізму” Міхаіла Каяловіча. Рускаправаслаўную супольнасць ставіў ён вышэй за беларускую нацыянальную. Па вядомых прычынах прарасійская арыентацыя падтрымоўвалася маскоўскімі ўладнымі цэнтрамі. Праяўлялася гэта ў кадравай палітыцы, прапагандзе і асабліва ў выхаванні маладых пакаленняў беларусаў. У дванаццацітомнай Беларускай савецкай энцыклапедыі дарма шукаць прозвішчаў людзей, якія ў любы спосаб выказаліся за незалежную Беларусь. Гэтыя людзі не згадваюцца таксама ў школьных падручніках, іх імёнамі не называліся ні вуліцы, ні гарадскія плошчы.

У свядомасці грамадзян рэспублікі замацаваўся такі вобраз свету, у якім усё добрае прыходзіць з усходу, а дрэннае — з захаду. Феадалізм, войны, голад, расстрэлы прыносілі палякі, французы, немцы і толькі супольнае змаганне з расійскім народам дазваляла беларусам скінуць чужое панаванне. Такую ідэю прапагандаваў самы папулярны аўтар падручнікаў па гісторыі Лаўрэнцій Абэцэдарскі. Пасля некалькіх дзесяцігоддзяў унушэнняў нават калгас станавіўся апорай грамадскага і цывілізацыйнага парадку — даваў працу, неабходныя для жыцця сродкі і бяспеку.

Ідэалізаваная прапагандай і школай карціна савецкай улады давяла да таго, што напрыканцы васьмідзесятых гадоў большасць беларусаў з недаверам успрыняла паведамленні прэсы аб сталінскім генацыдзе, свядомым нішчэнні беларускай мовы і культуры камуністычнымі героямі, імёны якіх упрыгожвалі назвы вуліц, заводаў, калгасаў. Крытыка камунізму пасля 1990 г. для мільёнаў савецкіх грамадзян паказалася аспрэчваннем дасягненняў іхнага жыцця.

Узнікаючая дэмакратыя была творам Захаду. Разам з яе надыходам апусцелі паліцы магазінаў, з’явіліся няпэўнасць заўтрашняга дня, палітычны хаос, разбурэнне ўсёй іерархіі неаспрэчных каштоўнасцей.

У склаўшайся сітуацыі беларускім нацыянальным элітам удалося дасягнуць значна больш, чым іх папярэднікам у 1918 г. Беларусь дэюрэ стала незалежнай дзяржавай, якой суверэнітэт быў паўсюдна прызнаны ў свеце. Аднак ужо некалькі гадоў працягваюцца ўцёкі беларускага грамадства ад нежаданай свабоды, некалькі гадоў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка намагаецца абмежаваць суверэнітэт дзяржавы. Ліквідаваць становішча, якое склалася ў 1991 г., да гэтай пары не ўдалося. Беларусь фармальна далей з’яўляецца незалежнай дзяржавай, хаця гэта не заслуга яе грамадзян, але галоўным чынам сітуацыі ў Расіі і міжнароднай кан’юнктуры.

Беларусь у складзе Расіі

У канцы XVIII стагоддзя большасць беларускай шляхты падвярглася паланізацыі. Хаця прадстаўнікі гэтай грамадскай праслойкі называлі сябе ліцьвінамі — насельнікамі Вялікага княства Літоўскага — аднак думалі палітычнымі катэгорыямі Рэчы Паспалітай, так як мазавецкая ці малапольская шляхта. Каталіцкае веравызнанне, мова, культура ўчынялі іх падобнымі да польскай эліты і заадно адрознівалі іх ад мясцовага народу. Старабеларуская літаратурная мова, на якой калісьці былі створаны статуты Вялікага княства Літоўскага, у сапраўднасці стала мовай мёртвай. Рознымі беларускімі гаворкамі карысталіся сялянства, маламестачковае насельніцтва і дробная шляхта. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння ўсіх беларускіх зямель да Расіі ў 1795 г., афіцыйна дзяржаўнай мовай стала руская, але фактычна да 1863 г. у публічным ужытку пераважала польская. Грамадскае павышэнне асоб плебейскага паходжання найчасцей рабіла іх палякамі або расіянамі.

Многае ўказвае на тое, што ў перыяд паўстання 1863 г. у колах польскіх элітаў панавала даволі распаўсюджанае перакананне, што беларусы з’яўляюцца ўскраінным (kresowym) польскім людам. Царская адміністрацыя ў сваю чаргу прыняла тэзіс, што беларусы — гэта “истинно русский народ”, і рабіла многа намаганняў, каб гэтая тэорыя стала рэчаіснасцю. Не абазначае гэта, што ў ІІ палове ХІХ ст. не існавалі паняцці “беларус”, “беларусы”, “беларуская мова”. Наадварот, гэтымі тэрмінамі ахвотна карысталіся не толькі расійская адміністрацыя, але і навука, культура і асвета. Беларускасць, аднак, выступала ў гэтым выпадку ў кантэксце акрэсленай геаграфічнакультурнай прасторы, выключна як адзін з рэгіянальных кампанентаў расійскай супольнасці.

Беларуская пісьменнасць ХІХ стагоддзя, асабліва перыяду паўстання 1863 г., стваралася галоўным чынам у асяроддзі каталіцкай шляхты, ссылалася на польскую традыцыю змагання з Расіяй, ідэалізавала каталіцызм і колішнюю Рэч Паспалітую, прапагандавала супольнасць палітычных інтарэсаў Польшчы і Беларусі ў якасці яе правінцыі. Гэтая творчасць уздзейнічала аднак выключна на каталіцкае насельніцтва, якое складала ўсяго 20 працэнтаў ад агульнай колькасці жыхароў Беларусі. Адначасна непрыхільны тон тадышняй публіцыстыкі аблягчаў расійскім уладам мабілізацыю мясцовых праваслаўных элітаў да процідзеяння гэтым тэндэнцыям.

У другой палове ХІХ ст. развіваліся дзве беларускія інтэлектуальныя плыні, якія адлюстроўвалі тадышнія рэлігійныя падзелы. Паколькі католікі і праваслаўныя жылі быццам бы ва ўзаемнай духовай адасобленасці, падтрымоўванай, дарэчы, палітыкай расійскіх улад, таму нацыянальная ідэя гэтых двух канфесійных асяроддзяў развівалася рознымі шляхамі. Сярод праваслаўных вельмі папулярнай была ідэя заходнерусізму, вельмі блізкая царскай дактрыне расійскага народа, які складалі “велікарусы” (расіяне), “маларусы” (украінцы) і “заходнерусы” (беларусы). Галоўны ідэолаг гэтага руху — Міхаіл Каяловіч — патрабаваў увесці беларускую мову ў дзяржаўныя школы і ўрадавыя ўстановы ў Беларусі. Прапанаваў ён таксама правядзенне радыкальнай аграрнай рэформы, а ў яе выніку — падзел вялікай зямельнай уласнасці і перадачу зямлі сялянам. Гэты апошні пастулат Каяловіча не быў доказам яго грамадскага радыкалізму, а толькі вынікам разважанняў “заходнерусаў” вакол нацыянальных пытанняў. Зыходзілі яны з перадумовы, што вялікая зямельная ўласнасць у Беларусі знаходзіцца перш за ўсё ў руках палякаў, а тых лічылі чужаземцамі, якія непрыхільна, а нават варожа ставяцца да беларусаў. Разглядалася нават — асабліва ў час паўстання 1863 г. — магчымасць перасялення палякаў “у Польшчу”, значыць, у межы Варшаўскага герцагства. Палякамі — паводле Каяловіча — лічыліся ўсе пражываючыя ў Беларусі католікі. Не дапускаў ён магчымасці ўзнікнення нацыянальнай катэгорыі беларусаўкатолікаў. “Заходнерусы” лічылі, што беларусы, якія перайшлі на каталіцызм, самі адракліся ад сваёй нацыянальнасці і сталі палякамі.

Пасля пацыфікацыі паўстання 1863 г. “заходнерускі” рух, па прычыне свайго грамадскага радыкалізму, аказаўся не надта выгадным саюзнікам для царскіх улад і таму скора быў ён выведзены на абочыну грамадскапалітычнага жыцця. Аднак выступаў ён ад імені больш за 70 працэнтаў жыхароў Беларусі і гэты факт асноўным чынам паўплываў на працэс фарміравання беларускай нацыянальнай ідэалогіі ў канцы ХІХ ст. Заходнерусізм прадрашыў таксама аб тым, што каталіцкія эліты перасталі думаць аб Беларусі ў катэгорыях традыцыі Рэчы Паспалітай і стаў прычынай адарвання беларускай ідэі ад псіхалагічнакультурнага польскага кантэксту.

Крыніц беларускага нацыянальнага адраджэння ў каталіцкім асяроддзі трэба шукаць, так як і ў праваслаўным, у палове ХІХ ст. Найчасцей пачыналася яно з зацікаўнення сыноў апалячанай шляхты гісторыяй сваіх родаў, мясцовасці, даследаваннем культуры мясцовага насельніцтва. Паводле іх меркаванняў, аспрэчванне тэзісу аб асіміляцыі беларускай шляхты абазначала б адабрэнне тэорыі “заходнерусаў”, якая ўсіх католікаў на беларускай зямлі лічыла чужым элементам. Многія інтэлігенты шляхецкакаталіцкага паходжання, якія пачыналі даследаваць мінулае, усведамлялі сабе наяўнасць блізкіх культурнамоўных сувязей уласнага роду з мясцовым сялянствам. Не пераставалі яны быць палякамі, але яшчэ больш ахвотна спасылаліся на легенды Вялікага княства Літоўскага, міфы аб “тутэйшасці”, “краёвасці”. Вінцэнт ДунінМарцінкевіч (1808—1884) пісаў, што адчуваў ён сябе чалавекам польскай культуры і адначасна быў свядомы свайго літоўскага (беларускага) паходжання. Будучы шляхціцам, ён не быў у змозе ўвайсці ў тую сферу культуры, у якой апынуліся сялянскія масы. Такіх праблемаў не было ў інтэлігенцыі, якая адарвалася ад засценка і ягонай традыцыі. Францішак Багушэвіч (1840—1900), хаця не адчуваў ніякіх эмацыянальных сувязей з узнікаючай нацыянальнай ідэяй, аднак з прычыны салідарнасці з сялянскім асяроддзем напісаў вядомы заклік да беларусаў: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”. Багушэвіч, падобна як і ДунінМарцінкевіч, пісаў на беларускай мове, але ў адрозненні ад Марцінкевіча гэтую мову лічыў “сваёй”.

У канцы ХІХ ст. з’явілася новае пакаленне беларускай інтэлігенцыі, нацыянальная свядомасць якога склалася не ў выніку працяглых роздумаў, а толькі шляхам выхавання ў сямейным асяроддзі. У 1898 г. вучні мінскай гімназіі Іван і Антон Луцкевічы арганізавалі нефармальную групу з мэтай вывучэння гісторыі, этнагарфіі і беларускай грамадскай думкі. Супольна з пісьменнікам Казімірам Кастравіцкім збіралі яны кніжкі і ўсялякія іншыя публікацыі на згаданыя тэмы. Іх бацька — Іван Луцкевіч — сябраваў з ДунінымМарцінкевічам і часта гасцяваў у яго доме. Аб беларускасці маладых Луцкевічаў, будучых дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, прадрашыў выбар іхных бацькоў.

На пачатку васьмідзесятых гадоў ХІХ ст. беларускія студэнты, якія вучыліся ў Пецярбургу, заснавалі некалькі гурткоў сацыялістычнага і рэвалюцыйнага характару. Найчасцей былі яны беларускімі структурамі ў расійскім нарадавольніцкім руху. У 1883—1884 гадах пецярбургскія студэнты выпусцілі некалькі адозваў, адрасаваных жыхарам Беларусі. Напісаны яны былі на рускай мове, а іх загалоўкі — “Да беларускай моладзі”, “Да беларускай інтэлігенцыі”, “Пасланне да землякоўбеларусаў” — сведчаць аб эвалюцыі нацыянальных поглядаў у коле “заходнерусаў”. Аўтары гэтых публікацый, якія падпісваліся псеўданімамі “Шчыры беларус” ці “Даніла Баравік” пераконвалі беларусаў, што ў беларускага народа ёсць свае інтарэсы, іншыя чым у расіян і палякаў, што Беларусь як краіна мае свае прыкметы, такія як этнаграфія, мова, менталітэт і культура насельніцтва. У адозве “Да беларускай інтэлігенцыі”, што распаўсюджвалася ў Беларусі пад канец 1883 г., яе аўтары пісалі, што народ, які калісьці страціў сваю эліту і выстаяў паланізацыю і русіфікацыю, заслугоўвае таго, каб стаць свабодным ад чужых паноў і манархаў. У выдадзеных беларускімі нарадавольцамі ў 1884 г. двух нумарах часопіса “Гоман” былі сфармуляваны іх палітычныя і нацыянальныя пастулаты. Будучыню Беларусі бачылі яны ў дэмакратычнай Расіі, якая была б федэрацыяй шматлікіх нацый. Беларусы — адзін з элементаў гэтага саюза народаў, мелі атрымаць права “вырашаць аб сваім лёсе”. Пастулат аўтаноміі для Беларусі ў складзе расійскай дзяржаўнасці рашуча аспрэчваўся расійскімі сацыялістамі з “Народнай волі” як недарэчны, які стварае новую нацыю — беларускую.

Зусім іншую пазіцыю ў адносінах да беларускіх нацыянальных памкненняў прадстаўлялі польскія сацыялісты. Згодна рашэнням ІІІ З’езда Польскай сацыялістычнай партыі (ПСП) ад чэрвеня 1895 г., гэтая партыя намервалася падтрымоўваць сепаратысцкія рухі народаў, якія насялялі Расійскую імперыю. Пры дапамозе ПСП удалося ў Кракаве ў 1896 г. выдаць і пераправіць кантрабандай у Беларусь другое выданне “Дудкі беларускай” Францішка Багушэвіча — своеасаблівай ідэалагічнай інструкцыі для беларускага нацыянальнага руху.

На пачатку ХХ стагоддзя сталіцай беларускага інтэлектуальнага жыцця быў Пецярбург. У вышэйшых школах сталіцы Расіі вучылася многа маладых беларусаў. Большую частку іх складалі людзі шляхецкага паходжання. Атмасфера ў расійскім студэнцкім асяроддзі спрыяла ўзніканню розных арганізацый, якія адмоўна ставіліся да тадышняй рэчаіснасці. Апрача згаданых беларускіх нарадавольцаў, якія прадстаўлялі адзін з варыянтаў заходнерусізму, неўзабаве з’явіліся нефармальныя групоўкі, гуртуючыя студэнтаў з каталіцкага асяроддзя. Так як і нарадавольцы, былі яны сацыялістамі. Ад папярэднікаў розніліся яны тым, што не праяўлялі энтузіязму для любой формы сувязі Беларусі з Расіяй.

У 1902 г. па ініцыятыве Вацлава Іваноўскага была створана Беларуская рэвалюцыйная партыя (БРП). Нямнога вядома аб праграме гэтай арганізацыі. З адозвы БРП “Да інтэлігенцыі”, выдадзенай восенню 1902 г. на польскай мове вынікае, што партыя аддавала перавагу асветнай працы з беларускім народам. Прыметнік “рэвалюцыйная” ў назве арганізацыі перш за ўсё адлюстроўваў моду, якая панавала ў студэнцкім асяроддзі, паколькі ніякага перавароту гэтая партыя рабіць не намервалася. Неадкладнай задачай прызнана было пашырэнне асветы на роднай мове і ведаў пра мінулае свайго народа. У 1903 г. сузаснавальнікі БРП, браты Іван і Антон Луцкевічы, давялі да расколу ў партыі і стварылі сваю арганізацыю — Беларускую рэвалюцыйную грамаду (БРГ). Вацлаў Іваноўскі ў сваю чаргу заснаваў Круг беларускай народнай прасветы і культуры і даў пачатак сістэматычнаму выдаванню літаратуры на беларускай мове.

І З’езд БРГ, які адбыўся ў Вільні ў снежні 1903 г. прыняў праграму набліжаную да расійскай партыі сацыялістаўрэвалюцыянераў (эсэраў), якая вырасла на глебе нарадавольніцкай традыцыі. Нацыянальнае пытанне ставілася ў праграме не надта выразна. Партыя патрабавала, каб усе народы Расіі атрымалі свабоду, але не акрэслівала, так як зрабілі выдаўцы “Гоману”, межаў гэтай свабоды. Пастулат аўтаноміі для Беларусі да 1905 г. БРГ не прапагандаваўся. Гэтая справа раздзяляла БРГ і ПСП. Польскія сацыялісты выказваліся ў той час за нейкую форму самастойнага дзяржаўнага існавання Беларусі, вядома, у саюзе з Польшчай. Узнікненне БРГ і яе праграма ўказваюць на загладжванне адрозненняў паміж рэвалюцыйнай плынню, выцекшай з заходнерусізму, і беларускімі рэвалюцыянерамі каталіцкашляхецкага паходжання. На пачатку ХХ ст. у беларускім руху выразна дамінавала прарасійская арыентацыя.

Аднак найбольш пякучай справай у Беларусі было не столькі нацыянальнае, колькі аграрнае пытанне. Правадыры БРГ бачылі ў сялянстве сілу, якая магла б ажыццявіць нацыянальныя ідэі. Справа будучай уласнасці зямлі раздзяляла БРГ не толькі ад ПСП, але таксама і ад расійскіх эсэраў. Польскія сацыялісты, свядомыя таго, што вялікая зямельная ўласнасць у большасці належыць палякам, не ўзнімалі гэтай праблемы. Яе раздзел паміж сялян прапанавалі разгледзець у больш спрыяльных палітычных умовах. Эсэры, так як і ў выпадку ўсёй Расіі, выказваліся за перадачу зямлі сялянскім камунам. Дзеячы Беларускай рэвалюцыйнай партыі былі прыхільнікамі перадачы яе ў карыстанне паасобным земляробам.

Рэвалюцыя 1905 г. у Расійскай імперыі прынесла верыфікацыю ўплываў паасобных сацыялістычных партый на тэрыторыі Беларусі. Беларуская рэвалюцыйная грамада, якая ў канцы 1904 г. памяняла назву на Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), вяла сваю дзейнасць перш за ўсё ў сялянскім асяроддзі. У гарадах Беларусі дамінавалі расійскія, яўрэйскія і польскія сацыялістычныя арганізацыі. У 1905 г. БСГ вярнулася да гоманскай ідэі аўтаноміі для Беларусі ў складзе дэмакратычнай і федэратыўнай Расіі. Кожны народ, які састаўляе федэрацыю — паводле БСГ — павінен мець свой парламент, выбіраць сабе чыноўнікаў, гаварыць і пісаць на сваёй мове. Выкананне гэтага апошняга пастулата дапамагло партыі заснаванне ў Мінску ў канцы 1905 г. сваёй друкарні.

У студзені 1906 г. ІІ З’езд БСГ далейшае кіраванне партыяй даручыў Вацлаву Іваноўскаму, Аляксандру Бурбісу і братам Луцкевічам. Новая праграма гэтай арганізацыі прадугледжвала змаганне за пераўтаварэнне Расіі ў дэмакратычную і федэратыўную рэспубліку і за дзяржаўную аўтаномію Беларусі, у складзе гэтай структуры, з парламентам у Вільні.

17 кастрычніка 1905 г. цар Мікалай ІІ адмяніў усе рэстрыкцыі, якія тармазілі развіццё нацыянальных моў у Расійскай імперыі. Для арганізаваных палітычных структур у Беларусі адкрываліся шырэйшыя магчымасці прапагандаваць свае ідэі ў народзе. 1 верасня 1906 г. з’вілася першая легальная беларуская газета “Наша доля”. Выйшла яна тыражом 10 тыс. экземпляраў, у тым ліку 6 тыс. было надрукаваных кірыліцай для праваслаўных і 4 тыс. — лацінкай для католікаў. Першы нумар выклікаў сенсацыю і вялікае зацікаўленне сярод віленскіх элітаў. За два дні ў Вільні было прададзена 3 тыс. паасобнікаў, 5 тыс. — трапіла на правінцыю, а рэшту канфіскавала паліцыя. Таксама чарговыя нумары выдання канфіскаваліся з прычыны радыкалізму прапагандаваных на яго старонках поглядаў на грамадскія справы. Толькі два з ліку шасці выйшаўшых нумароў дайшлі да чытачоў. Неафіцыйна “Наша доля” была органам БСГ, а рэдагавалі яе лідэры партыі — Іван і Антон Луцкевічы, Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец), Алаіза Пашкевіч (Цётка), Францішак Умястоўскі і, праўдападобна, Вацлаў Іваноўскі. Прадбачваючы заняпад газеты, браты Луцкевічы спярша прабавалі змякчыць тон больш радыкальных публікацый уласнымі палемічнымі артыкуламі, а пасля заснавалі новы легальны беларускі штотыднёвік “Наша ніва”, накіраваны ў большай ступені на прапагандаванне асветнай працы з народам, чым інструкцый для рэвалюцыянераў. “Наша ніва”, становячыся цэнтрам масавай грамадскай інфармацыі, дала пачатак сапраўднаму рэнесансу інтэлектуальнага жыцця ў Беларусі, інспіравала творчасць цэлай плеяды пісьменнікаў беларускага адраджэння — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Міхася Арла, Сяргея Палуяна, Змітрака Бядулі. Штотыднёвік у 1906—1915 гадах быў найбольш значным асяродкам беларускага нацыянальнага жыцця. У рэдакцыі працавалі самыя выдатныя беларускія літаратары, публіцысты і палітычныя дзеячы. Іх творчасць даходзіла ва ўсе куткі Беларусі, а нават да беларускіх эмігрантаў у Амерыцы. Выданне да 1912 г. друкавалася кірыліцай і лацінкай, пазней — выключна кірыліцай. Беларуская ідэя дзякуючы “Нашай ніве” пераставала быць элітарнай з’явай і станавілася паўсюднай. Рэдакцыя ў сваю чаргу паслядоўна прапагандавала канцэпцыю беларускай нацыянальнай, культурнай і духовай супольнасці, асобнай ад польскай і расійскай.

Пасля 1910 г. пачалі ўзнікаць іншыя беларускія перыядычныя выданні: з сатырычным ухілам — “Пялун”, “Крапіва” або адрасаваныя да сялян, напрыклад, “Хатка”, выдаваная Аляксандрам Уласавым. Ідэалагічную канкурэнцыю для сацыялістычнай “Нашай нівы” стараўся стварыць заснаваны ў 1913 г. каталіцкі штотыднёвік “Беларус”, які фінансава падтрымоўвала княгіня Магдалена Радзівіл. “Беларус” паклаў аснову пад будову фундаментаў беларускай кансерватыўнай думкі, якая была адказам на пашырэнне сацыялізму сярод моладзі. Па прычыне пазнейшых палітычных здарэнняў працэс гэты быў спынены.

Выбары ў расійскую Думу ў 1907 г. сталі паказчыкам уплываў і папулярнасці розных партый, якія дзейнічалі ў Беларусі. Апрача ўсерасійскіх прыхільных ураду груповак, такіх як “Саюз 17 кастрычніка”, сваіх кандыдатаў вылучыла таксама заснаванае ў 1906 г. “Рускае ўскраіннае таварыства”, якое з’яўлялася новай формай заходнерусізму. Гэтым групоўкам дасталася ў Беларусі 36 дэпутацкіх мандатаў (80,5%). Паражэнне на выбарах пацярпеў блок сацыялістычных партый, які складалі БСГ, ПСП, Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз (Бунд) і Расійская сацыялдэмакратычная рабочая партыя (РСДРП). Сацыялісты не атрымалі ніводнага мандата.

Выбарчае паражэнне стала прычынай спынення дзейнасці Беларускай сацыялістычнай грамады. Сяляне, у якіх беларускія сацыялісты шукалі падтрымкі, прагаласавалі за заходнерускія групоўкі. БСГ гуртавала пераважна людзей, якія выводзіліся са шляхецкіх і чыноўніцкіх колаў. Не ўмелі яны паўплываць на свядомасць вясковага насельніцтва, якое заставалася пад уздзеяннем Праваслаўнай царквы і ўрадавай прапаганды, распаўсюджваемай школай, арміяй, установамі і лаяльнымі ў адносінах да царызму заходнерускімі арганізацыямі. Большасць лідэраў БСГ абмежавала сваю актыўнасць да асветнай працы з народам.

У 1906—1907 гг. у пецярбургскай выдавецкай суполцы “Загляне сонца і ў наша ваконца” выйшлі друкам тры падручнікі па беларускай мове. У 1907 г. паўсталі першыя прыватныя школкі, у якіх навучанне вялося на беларускай мове. Немагчыма вызначыць памеры гэтай з’явы, але гэта не былі адзіночныя выпадкі. Восенню 1907 г. адбыўся з’езд настаўнікаў гэтых школ, які заснаваў нелегальны Беларускі настаўніцкі саюз.

У Пецярбургу, Вільні, Мінску паўставалі многія новыя арганізацыі — літаратурныя, культурныя, асветныя, выдавецкія суполкі. У 1907—1912 гг. адна толькі рэдакцыя “Нашай нівы” выпусціла 31 кніжку, у тым ліку 12 надрукаваных лацінкай. У Вільні неўзабаве паўсталі новыя выдавецтвы — “Наша хатка”, “Палачанін” і Беларускае выдавецкае таварыства (БВТ). Гэтае апошняе, якім загадваў Вацлаў Іваноўскі, адкрыла нават сваю кнігарню — адмысловы асяродак распаўсюджвання беларускай літаратуры.

Апрача прыгожага пісьменства, гістарычнай літаратуры і падручнікаў БВТ рыхтавалася друкаваць кніжачкі для набажэнства і Свяшчэннае Пісанне на беларускай мове.

Актыўнасць нешматлікай беларускай інтэлігенцыі была настолькі відавочнай, што выклікала процідзеянне расійскіх нацыяналістычных груповак. Расійскія газеты, якія выдаваліся ў Мінску і Вільні — “Белорусский вестник”, “Минское слово” і заходнеруская “Белорусская жизнь” (з 1911 г. — “СевероЗападная жизнь”), вялі пастаянную ідэалагічную вайну з “Нашай нівай”. Выдаўцы “СевероЗападной жизни”, праўду кажучы, не аспрэчвалі існавання беларускай нацыянальнасці, але беларускай літаратурнай мовай, культурнай мовай беларусаў — пераконвалі — з’яўляецца мова Гогаля і Пушкіна. Друкаванне кніжак і перыядычных выданняў на беларускай мове называлі яны польскакаталіцкай інтрыгай.

Беларускія нацыянальныя імкненні таксама з недаверам успрымаліся некаторымі польскімі асяроддзямі. “Кур’ер літэўскі” (“Kurier Litewski”), “Пшэглёнд віленьскі” (“Przegląd Wileński”), а таксама іншыя польскія перыядычныя выданні не раз унушалі, што “Наша ніва” і кніжкі на беларускай мове выдаюцца за дзяржаўныя грошы, а канчатковай мэтай гэтых старанняў з’яўляецца русіфікацыя народу, які мае схільнасці да польскай культуры. “Сумніўнай ёсць справа, — пісаў В. Чачот, — ці сённяшні люд ацаніў бы дабрадзейства, якое хочуць яму аказаць нацыяналісты, вучачы яго іх уласнай гаворкі замест культурнай польскай мовы”. Беларускую мову ў польскім віленскім друку часта называлі “грубай мовай”, а яе распаўсюджванне — “адцягваннем простанароддзя ад польскасці”. Польскія публіцысты беларусаўкатолікаў прынцыпова прылічалі да польскага народа. Паўсюднай была боязь, што развіццё беларускага руху можа пагражаць польскай зямельнай уласнасці ў Беларусі.

Саюзнікамі беларускай інтэлігенцыі не былі таксама сяляне, ад імя якіх рэвалюцыянеры і пазітывісты фармулявалі свае пастулаты. Слабасць беларускіх эканамічна прывілеяваных слаёў — мяшчанства, памешчыкаў і інтэлектуальнай эліты, якія звычайна былі істотнай умовай развіцця культуры і нацыянальнай ідэалогіі, была прычынай кволасці беларускіх патрабаванняў на фоне інтэнсіўна змагаючыхся польскіх і расійскіх уплываў. Плебейскі характар беларускай грамадскасці стаў прычынай таго, што грамадскія пытанні, а не нацыянальныя, вызначалі яе свядомасць.

Насельніцтва Беларусі ў пачатку ХХ стагоддзя

У 1897 г. быў праведзены першы перапіс насельніцтва Расійскай імперыі. Яго вынікі былі аб’яўлены толькі ў 1905 г. У пяці губернях ПаўночнаЗаходняга краю — Магілёўскай, Мінскай, Віцебскай, Віленскай і Гродзенскай — пражывала 8 518 247 чалавек, у тым ліку 5 408 420 беларусаў (63,5%), 1 202 129 яўрэяў (14,1%), 492 921 расіянін (5,8%), 424 236 палякаў (5,0%), 377 487 украінцаў (4,4%), 288 921 літовец (3,4%), 272 775 латышоў (3,2%), 27 311 немцаў (0,3%), 8 448 татараў (0,1%), 19 658 прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей (0,2%). Амаль 480 тысяч беларусаў жыло паза межамі пяці названых губерняў, галоўным чынам на Смаленшчыне і Чарнігаўшчыне. Беларускай мовай у найбольшай ступені карысталася насельніцтва Магілёўскай (82,4%) і Мінскай (76%) губерняў. На гэтай мове размаўляла 56% жыхароў Віленскай, 52% Віцебскай і 42% Гродзенскай губерняў. Рассяленне беларускамоўнага насельніцтва было таксама нераўнамернае і ў паасобных губернях. У Віленскай губерні, напрыклад, у Вілейскім павеце складалі яны 86,9% жыхароў, а ў Віленскім павеце — толькі 26%. Таксама і ў Сакольскім павеце Гродзенскай губерні беларускамоўнае насельніцтва складала 83,9% ад агульнай колькасці жыхароў, а ў суседнім Беластоцкім павеце гэтая катэгорыя насельніцтва займала трэцяе месца (26,1%) за палякамі (34,2%) і яўрэямі (28,3%). Беларускай мовай карысталася амаль 90% насельніцтва Краснага павета Смаленскай губерні і 70% Сумскага павета Чарнігаўскай губерні.

Рэлігійная структура насельніцтва Беларусі ў пэўнай ступені адрознівалася ад моўнай. Праваслаўныя складалі 70,4% усіх жыхароў, католікі — 13,5%, яўрэі — 14,0%, а прадстаўнікі іншых канфесій — 2,1%.

Пераважная большасць беларускага насельніцтва — 85,5% — жыла на вёсцы. Астатнія найчасцей былі жыхарамі малых мястэчак. У губернскіх цэнтрах жыло толькі 2,6% беларусаў. У гарадах на тэрыторыі Беларусі дамінавала яўрэйскае насельніцтва, якое складала 53,5% усіх гараджан.

Паводле перапісу ад 1897 г. найбольш палякаў пражывала ў Гродзенскай і Віленскай губернях, а ў некаторых паветах складалі яны большасць жыхароў. Але ўжо ў Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях іх удзел у агульнай структуры насельніцтва складаў толькі 2,3%. Рашучую большасць польскамоўнага насельніцтва, асабліва ў выпадку названых губерняў, складала шляхта. З ліку 153 тыс. чалавек, якія належалі да гэтай грамадскай праслойкі, 43,3% палічыла сваёй роднай мовай беларускую, 33,8% — польскую і 19,1% — рускую. Сярод амаль паўмільённай масы расіян толькі 5% складалі земляробы, а чыноўнікі і іх сем’і — 51,8%. Рускую мову роднай прызналі 61,5% працэнта праваслаўных, астатнія ўказалі на беларускую.

У ліку 5,4 млн. чалавек, якія размаўлялі на беларускай мове, 81% складалі праваслаўныя, 18,5% — католікі, 0,4% — стараверы, 0,03% — лютэране. Амаль 40% чыноўнікаў і 60% настаўнікаў усіх тыпаў школ назвалі сябе беларускамоўнымі. Можна меркаваць, што значная частка духоўных, чыноўнікаў, настаўнікаў сваю беларускасць разумела ў катэгорыях заходнерусізму, а не паводле канцэпцыі прапагандаванай “Нашай нівай”. У выпадку шляхты моўны крытэрый праўдападобна не прадрашаў пытання нацыянальнай свядомасці асоб, якія належалі гэтай грамадскай праслойцы.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: