Час вайны, міграцыі і рэвалюцыі (1914—1917)

Першая сусветная вайна, з пункту гледжання беларускіх палітычных і нацыянальных інтарэсаў, пачалася зарана. Застала яна беларускія эліты без выразнай канцэпцыі дзеяння ў выпадку парушэння існуючага геапалітычнага парадку, а само грамадства — у стадыі ўваходжання на шлях фарміравання нацыі. Вайна аказалася, аднак, каталізатарам перамен у свядомасці сялянскіх мас. Разбурыла яна іх ізаляваны ад вонкавага свету спосаб жыцця. Дамінацыя элементаў натуральнай гаспадаркі на беларускай вёсцы не прымушала сялян кантактавацца са светам, які знаходзіўся паза межамі найбліжэйшай мясцовасці. Праўда, гэтыя ўмовы ахоўвалі сялянскае асяроддзе ад уплываў чужога акружэння і яго асіміляцыйнага ўздзеяння, але адначасна перашкаджалі кантактам са сваёй інтэлігенцыяй. Вайна выгнала са сваіх сядзіб мільёны людзей, давяла да канфрантацыі з чужым светам і дасведчанасці, якой не ведалі іхныя продкі.

Беларусь з першых дзён вайны стала прыфрантавой паласой. У жніўні 1914 г. на яе тэрыторыі ўведзена было ваеннае становішча, забаронены былі публічныя сходы, гандаль газетамі і кніжкамі без дазволу ўлад. У той час арганізаваліся шматлікія патрыятычныя маніфестацыі і набажэнствы. Неўзабаве размясцілася тут паўтарамільённая расійская армія. У самым Мінску раскватаравалася 150 тыс. салдат. У армію былі прызваны сотні тысяч жыхароў Беларусі.

З увядзеннем ваеннага становішча большасць беларускіх арганізацый спыніла сваю дзейнасць. Выходзілі аднак два перыядычныя выданні — “Наша ніва” і “Беларус”.

“Наша ніва” да мабілізацыі і прагандысцкай падрыхтоўкі да вайны паставілася без энтузіязму, змяшчаючы публікацыі, якія паказвалі яе лютасць і бяссэнсавасць. Каталіцкакансерватыўны “Беларус” да дзеянняў расійскіх улад паставіўся са зразуменнем, падкрэсліваючы іх намаганні накіраваныя на запэўненне бяспечнасці краіне і яе жыхарам.

Паражэнне расійскіх армій ва Усходняй Прусіі ў канцы жніўня 1914 г. схіліла ўлады да рэвізіі палітыкі ў заходніх губернях, да змякчэння некаторых абмежаванняў ваеннага становішча і пошукаў падтрымкі з боку элітаў, прадстаўляючых паасобныя нацыянальнасці. У красавіку 1915 г. віленскія губернскія ўлады дазволілі заснаваць Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны (БТДПВ), якога маршалкам стаў Вацлаў Іваноўскі, а намеснікамі — Антон Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі. Неўзабаве аддзелы Таварыства паўсталі ў Мінску, Вілейцы, Друскеніках, Полацку, Гродне. У выдадзенай у чэрвені 1915 г. лістоўцы “Да грамадзян Беларусі” БТДПВ заклікала насельніцтва прыйсці з дапамогай асобам, якія страцілі маёмасць, сем’і, здароўе. Таварыства, як легальная арганізацыя, было таксама зручнай шырмай для вядзення нацыянальнай дзейнасці. У вялікай меры структуры БТДПВ выкарыстоўваліся беларускай інтэлігенцыяй для вядзення дзейнасці не зусім згоднай са статутам.

У выніку наступлення нямецкіх войскаў летам 1915 г. лінія фронту перасунулася на тэрыторыю Беларусі. Адступаючыя на ўсход расіяне распаўсюджвалі несапраўдныя весткі аб здзеках нямецкіх салдат над праваслаўным мірным насельніцтвам. Пад уплывам прапаганды, распаўсюджваемай таксама ў цэрквах, агромная лавіна людзей рушыла на ўсход. Сяляне загружалі вазы рухомай маёмасцю і падаваліся ў напрамку найбліжэйшай чыгуначнай станцыі ўказанай уладамі. Згодна з прынятай тактыкай спаленай зямлі, расійскія салдаты падпальвалі апусцелыя будынкі.

Невядомы дакладныя даныя аб маштабе бежанства. У палове 1916 г. на тэрыторыі Расіі прабывала 1,3 млн. чалавек з беларускіх губерняў, а ў маі 1918 г. было іх на мільён больш. Пераважную большасць бежанцаў складалі праваслаўныя жыхары Гродзенскай і Віленскай ды заходніх паветаў Мінскай губерняў. На захад ад лініі фронту, які праходзіў праз сярэдзіну Беларусі, засталіся перш за ўсё католікі і яўрэі, якія не паддаліся істэрыцы, выкліканай расійскімі ўладамі, і не пакінулі сваіх вёсак і мястэчак. Католікі, якія звычайна ў штодзённым жыцці карысталіся беларускай мовай, знаходзіліся аднак пад уздзеяннем кліру, які кіраваўся польскімі інтарэсамі, а тыя не патрабавалі пакідаць зямлю з прычыны змены акупанта.

Большасць бежанцаў з Беларусі папала ў Курскую, Разанскую, Екацерынбургскую, Харкаўскую, Саратаўскую і Самарскую губерні ды ў Маскву і Петраград (назва Пецярбурга ад 1914 г.).

Восенню 1915 г. фронт замацаваўся на лініі Дзвінск— Баранавічы—Пінск. Па абодвух баках гэтай лініі стаяла каля 2,5 млн. салдат. Наяўнасці такой колькасці войска спадарожнічалі рэквізіцыі коней, быдла, свіней, збожжа, знішчэнне пасяўной плошчы ў шырокай прыфрантавой паласе. Пагоршвала гэта становішча астаўшагася на месцы мірнага насельніцтва, якое абедзве арміі прымушалі працаваць на сваю карысць — капаць равы, будаваць дарогі, даваць падводы.

У канцы 1915 г. у нямецкай акупацыйнай зоне, нягледзячы на спрыяльную палітыку новых улад, беларускае нацыянальнае жыццё значна паслабела. Немцы падтрымоўвалі сепаратысцкія імкненні паасобных нацый, якія пражывалі ў Расійскай імперыі. На акупаваных немцамі абшарах хутка ўзнікалі структуры польскіх і літоўскіх грамадскіх, палітычных, культурных і асветных арганізацый. Беларускі рух не быў так дынамічны перш за ўсё з прычыны бежанства праваслаўнага насельніцтва. Беларусыкатолікі, інакш чым палякі, у выніку нямецкай акупацыі былі пазбаўлены кантакту з большасцю свайго народа. Частка дзеячаў БТДПВ на чале з Вацлавам Іваноўскім выехала ў Расію, у Вільні засталіся працягваць дзейнасць браты Луцкевічы, Францішак Аляхновіч, Алаіза Пашкевіч і Вацлаў Ластоўскі. У снежні 1915 г. удалося ім сарганізаваць настаўніцкія курсы, а неўзабаве адкрыць школу з беларускай мовай навучання.

Развіццю беларускага школьніцтва спрыялі распараджэнні акупацыйных нямецкіх улад, якія нерасіянам забаранялі вучыць сваіх дзяцей на рускай мове. Дзякуючы Касцёлу, памешчыкам і інтэлігенцыі павысілася перш за ўсё значэнне польскай мовы. 16 студзеня 1916 г. генералфельдмаршал Паўль фон Гіндэнбург выдаў распараджэнне, якое ўводзіла абавязак навучаць на роднай мове. У палове кастрычніка 1916 г. у Свіслачы на Гродзеншчыне была адкрыта першая настаўніцкая семінарыя, а ў Вільні аднавіла дзейнасць Беларускае выдавецкае таварыства, выйшла газета “Гоман”, якая выступала за палітычную і культурную аўтаномію для Беларусі ў складзе Расіі. Рэдактарам газеты стаў Вацлаў Ластоўскі.

У канцы 1916 г. у Вільні паўстаў Беларускі клуб — арганізацыя накшталт дыскусійнага форуму для асоб, якія прадстаўлялі розныя палітычныя погляды. Клуб перш за ўсё быў месцам абмяркоўвання спрэчных пытанняў у справе будучыні Беларусі. У 1917 г. віленскія беларусы мелі свой тэатр, якім кіраваў Францішак Аляхновіч, кнігарню і бібліятэку. Стварылі яны новыя арганізацыі — Беларускі настаўніцкі саюз, Беларускае навуковае таварыства, Таварыства дапамогі бедным дзецям.

Апрача Вільні цэнтрамі беларускага нацыянальнага руху былі школы. У канцы 1916 г. было іх толькі восем. Некалькі месяцаў пазней працавала ўжо 50 школ, з ліку якіх 46 знаходзіліся ў беластоцкагродзенскай школьнай акрузе. Аднак была гэта невялікая колькасць у параўнанні з польскім школьніцтвам, якое мела ў сваім распараджэнні сотні школ на тэрыторыі Віленшчыны і Гродзеншчыны. Развіццё беларускага школьніцтва ўдачна тармазілася каталіцкім духавенствам, якое найчасцей выказвалася за пасыланне дзяцей у польскія школы. Лік беларускіх школ павысіўся да 350 толькі ў 1918 г., калі з Расіі пачалі вяртацца праваслаўныя бежанцы і настаўнікі, якія працавалі ў расійскай асвеце да 1915 г. Семінарыя ў Свіслачы, хаця і выпусціла звыш ста настаўнікаў, не была ў змозе вырашыць кадравае пытанне беларускага школьніцтва.

19 снежня 1915 г. у Вільні выйшаў “Універсал Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага”. Быў ён надрукаваны на беларускай, літоўскай, яўрэйскай і польскай мовах. Яго аўтарамі былі браты Іван і Антон Луцкевічы. “Універсал” напісалі яны ў паразуменні з некалькімі прадстаўнікамі пералічаных народаў, а затым канцэпцыяй аднаўлення Вялікага княства Літоўскага, як самастойнай дзяржавы, прабавалі зацікавіць немцаў і цэнтры польскага і літоўскага палітычнага жыцця. Іх прапановы не знайшлі, аднак, ніякага водгуку ў адрасатаў. І палякі, і літоўцы выказваліся за аднаўленне сваіх нацыянальных дзяржаў, а немцы ў сваю чаргу дзяржаўную прыналежнасць Беларусі абумоўлівалі вынікамі вайны з Расіяй.

Беларускае пытанне ўпершыню паявілася на міжнароднай арэне ў красавіку 1916 г. падчас канферэнцыі народаў Расіі ў Стакгольме. У выніку захадаў прысутных на канферэнцыі беларускіх палітыкаў — Івана Луцкевіча і Вацлава Ластоўскага — быў вынесены пастулат палітычнай і культурнай аўтаноміі для Беларусі ў складзе расійскай дзяржаўнасці.

Сітуацыя ў Беларусі на ўсходнім баку лініі фронту была звязана з ходам падзей у Расіі. І хаця ў 1915—1916 гадах у Мінску і Петраградзе дзейнічалі структуры Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і выходзілі штотыднёвікі “Светач” і “Дзянніца”, аднак іх уздзеянне на беларускае грамадства было нязначнае. Арганізаванне месц працы, кравецкіх, пчалярскіх ці агародніцкіх курсаў для бежанцаў і гульняў для іхных дзяцей — гэта ўся дзейнасць, на якую дзеячам БТДПВ дазвалялі расійскія ўлады. З другога боку, служба ў расійскай арміі сотням тысяч беларускіх сялян прынесла паскораную палітычную адукацыю. Былі яны відавочцамі паступовага падзення аўтарытэту ўлады, арміі і расійскай дзяржавы. Лютаўская рэвалюцыя падштурхнула да дзеяння грамадскія і нацыянальныя групоўкі, якія некалькі гадоў раней далёкія былі ад ідэалаў, з якімі цяпер атаясамліваліся.

У Мінску і многіх іншых гарадах Беларусі падзенне царызму ўспрымалася энтузіястычна. Усе чакалі скорага заканчэння вайны. Антываенную атмасферу згушчаў факт прысутнасці ў Беларусі амаль паўтарамільённай расійскай арміі. Для насельніцтва знаходжанне так вялікай колькасці войска было надта значным абцяжараннем, а для расійскіх салдат вайна, пасля некалькіх спроб выгнання немцаў, цалкавіта страціла сэнс. У Мінску і наваколлі стаяла звыш 150 тыс. салдат. Пераняць кантроль над такой масай войска стараліся таксама бальшавікі, якія, так як ва ўсёй Расіі, пачалі ствараць саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Беларусь, аднак, заставалася часткай расійскага палітычнага тэатра, а беларускі нацыянальны рух, хаця пасля лютаўскай рэвалюцыі развіваўся надта інтэнсіўна, знаходзіўся ўсяго толькі на абочыне галоўнага рэчышча падзей 1917 г.

На пачатку сакавіка 1917 г., пасля дзесяцігадовага перапынку, узнавіла дзейнасць Беларуская сацыялістычная грамада. Яе адраджэнне адбылося на аснове структур БТДПВ. Найбольш прыхільнікаў адноўленай партыі знаходзілася ў Мінску, Петраградзе, Віцебску, Бабруйску. За некалькі тыдняў дзейнасці БСГ удалося згуртаваць некалькі соцень членаў, пераважна прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Спрыялі гэтаму палітычныя абставіны, а перш за ўсё атмасфера свабоды і папулярнасць лозунгаў аб праве народаў Расіі на захаванне сваёй тоеснасці. На канферэнцыі БСГ 25 сакавіка 1917 г. паўторна была вынесена прапанова ператварыць Расію ў федэратыўную дзяржаву і даць Беларусі аўтаномію з краёвай радай як органам заканадаўчай улады. Апрача таго быў сфармуляваны шэраг прапаноў па правядзенні грамадскіх рэформ — перадача сялянам памешчыцкай зямлі, адмена прымусовай ваеннай службы і замена яе народнай міліцыяй, нацыяналізацыя асветы. На канферэнцыі БСГ прысутнічалі прадстаўнікі Беларускай партыі народных сацыялістаў (БПНС) і некалькіх меншых галіновых арганізацый. Па гэтай прычыне ўдзельнікі канферэнцыі абвясцілі сябе І З’ездам беларускіх нацыянальных арганізацый і абралі выканаўчы орган — Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), які ўзначаліў памешчык Раман Скірмунт. Управу БНК складалі: Павел Аляксюк, Браніслаў Тарашкевіч, кс. Вінцэнт Гадлеўскі, Казімір Кастравіцкі, Усевалад Фальскі, Зміцер Жылуновіч, Аркадзь Смоліч, Іван Краскоўскі, Лявон Дубейкаўскі. БНК атрымаў паўнамоцтвы прымаць у свой склад прадстаўнікоў новаствораных беларускіх арганізацый.

Побач БСГ і БПНС дзейнічалі ўжо іншыя беларускія партыі, якія таксама распрацоўвалі розныя праекты наконт будучыні. У Маскве паўстала Беларуская народная грамада, у Петраградзе — каталіцкая Хрысціянская дэмакратычная злучнасць, у Віцебску — Беларускі народны саюз, у Магілёве — Беларускі нацыянальны камітэт, у Гомелі — Саюз беларускай дэмакратыі. Большасць гэтых арганізацый мела сваіх прадстаўнікоў у БНК.

У красавіку 1917 г. дэлегацыя БНК на чале з Раманам Скірмунтам падалася ў Петраград, каб прад’явіць Часоваму ўраду пастулаты наконт аўтаноміі Беларусі. Дэмакратычныя ўлады Расіі, так як і раней царскія, не лічылі, аднак, беларусаў асобным народам і адмовіліся весці перагаворы на гэтую тэму. У такой сітуацыі сацыялісты БСГ, якія пераважалі ў беларускім нацыянальным руху, пачалі шукаць паразумення з расійскімі радыкаламі — эсэрамі і бальшавікамі. Нават сваю прапагандысцкую рыторыку прыпадобнілі яны да той, якой карысталіся рэвалюцыянеры партыі Леніна.

На з’ездзе БСГ у Петраградзе ў чэрвені 1917 г. старшынёю партыі быў абраны камуніст Зміцер Жылуновіч. Сваёй канчатковай мэтай БСГ абвясціла ўвядзенне сацыялістычнага парадку ў Беларусі “цераз развіццё класавай барацьбы і сацыяльную рэвалюцыю”. Гэта абазначала раскол у беларускім руху, паколькі для часткі кіраўніцтва БНК — Скірмунта, Алексюка, кс. Гадлеўскага — чужымі былі погляды, якія прадстаўлялі сацыялісты. У атмасферы пашыраючайся радыкалізацыі грамадскіх настрояў павялічваліся палітычны капітал БСГ і лік членаў партыі. У палове 1917 г. было іх ужо больш за 5 тысяч. Некаторыя з іх былі адначасова членамі расійскіх сацыялістычных груповак. У такой сітуацыі скліканы ў Мінск 8 ліпеня 1917 г. ІІ З’езд беларускіх партый і арганізацый праходзіў пад знакам дамінацыі БСГ. З’езд распусціў Беларускі нацыянальны камітэт з прычыны ягонай кансерватыўнасці і стварыў Цэнтральную раду беларускіх арганізацый і партый, якая мела прадстаўляць “поўнасцю дэмакратычныя” арганізацыі, што ў тадышніх умовах абазначала крайне левыя групоўкі.

У пераломны момант гісторыі, калі вырысоўваліся перспектывы атрымаць хаця б аўтаномію і неабходнай была кансалідацыя ўсіх беларускіх груповак, класавыя інтарэсы ўзялі верх над нацыянальнымі.

Летам 1917 г. палітычная сітуацыя ў Мінску адлюстроўвала стан настрояў у іншых гарадах Расіі. Гаспадарчы хаос, масы дэмаралізаваных салдат, над якімі страцілі кантроль генералы і Часовы ўрад ды вострая бальшавіцкая рыторыка аб патрэбе сілай пераняць “пралетарыятам” уладу сталі прычынай далейшай радыкалізацыі грамадскіх настрояў. Уздзейнічала гэта і на беларускі рух. У верасні 1917 г. частка членаў БСГ перайшла на бальшавіцкі бок. У штораз большай ступені партыя падвяргалася грамадскім настроям і траціла нацыянальную тоеснасць. Толькі чарговы з’езд БСГ у кастрычніку 1917 г. спыніў працэс уліцця гэтай самай вялікай беларускай арганізацыі ў рэчышча ўсерасійскай рэвалюцыі. З’езд старшынёю і ягонымі намеснікамі выбраў больш памяркоўных палітыкаў — Язэпа Дылу, Аляксандра Прушынскага і Аркадзя Смоліча, якія дзеля нацыянальнага інтарэсу згодны былі вярнуцца да супрацоўніцтва з партыямі несацыялістычных напрамкаў. Неўзабаве пасля з’езда БСГ было склікана пасяджэнне Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый і партый, якая ўжо на другі дзень перайменавалася на Вялікую беларускую раду (ВБР). У ходзе пасяджэння ВБР, якое працягвалася ад 16 да 24 кастрычніка, яе састаў быў папоўнены прадстаўнікамі вайсковых і самаўрадавых асяроддзяў. Старшынёй выканаўчага камітэта стаў член БСГ Вячаслаў Адамовіч, а ў яго склад увайшлі дзеячы хрысціянскадэмакратычнай плыні — Эдуард Будзька і Павел Аляксюк. ВБР вызначыла сабе ролю вышэйшага органа часовай улады аўтаномнай Беларусі.

5 лістапада праходзіў у Мінску З’езд воінаўбеларусаў Заходняга фронту, які вырашыў падпарадкавацца ВБР і ад яе імя пачаць фарміраванне сваіх узброеных сіл. З гэтай мэтай была створана Цэнтральная беларуская вайсковая рада (ЦБВР), якая бесперашкодна працягвала дзейнасць таксама пасля захопу ўлады ў Беларусі бальшавікамі. Ва ўмовах палітычнага хаосу і бальшавіцкай дэкларацыі аб праве народаў на самавызначэнне стваранне беларускіх структур у расійскай арміі лічылася цалкам натуральнай з’явай, тым больш што мелі яны прадстаўляць Беларусь у складзе Расіі. З’езды воінаўбеларусаў праходзілі ў лістападзе і снежні 1917 г. таксама ў ваенных аркугах паза тэрыторыяй Беларусі — у Кіеве, Адэсе, Смаленску. Усюды прымаліся дэкларацыі падтрымкі для аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай расійскай дзяржаўнасці і заявы аб гатоўнасці садзейнічаць намаганням ЦБВР у справе фарміравання беларускага войска. Некаторыя камандзіры, не чакаючы дазволу расійскіх начальнікаў, самі пачыналі ствараць беларускія нацыянальныя часці.

Бальшавіцкім пераваротам у Беларусі кіравалі людзі звонку — Карл Ландар, Міхаіл Фрунзе, Вільгельм Кнорын, Аляксандр Мяснікоў. Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў практычна без барацьбы захапіў уладу ў горадзе і пераняў кантроль над мясцовымі ваеннымі гарнізонамі. У лістападзе амаль усе вайсковыя фарміраванні ў Беларусі апынуліся пад кантролем бальшавіцкага Ваеннарэвалюцыйнага камітэта Заходняга фронту. Здзейснілася гэта шляхам замены царскіх генералаў малодшымі афіцэрамі, якія былі верныя новай уладзе і атрымалі павышэнне па службе.

Вялікая беларуская рада праігнаравала бальшавіцкі пераварот і паставілася да яго як да чарговай змены ў расійскай эліце ўлады і заадно палічыла яго знакам паглыблення няўстойлівасці палітычнай сітуацыі ў Расіі. ВБР прызнала новы ўрад у Петраградзе, але адмовілася прызнаць легальнай палітычнай уладай існуючы ў Мінску Выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і фронту, якім кіраваў Аляксандр Мяснікоў. Бальшавіцкі камітэт ВБР патрактавала як палітычны твор, падпарадкаваны выключна камандзіру расійскай арміі, якая стаяла ў Беларусі. Дзеля ўпарадкавання спраў у краіне Рада рашылася склікаць 5 снежня Усебеларускі з’езд. Меў ён шырока прадстаўляць усе беларускія грамадскія і палітычныя асяроддзі. З’езд, згодна намерам ВБР, павінен быў акрэсліць парадак аўтаномнай Беларусі. Справа дзяржаўнай незалежнасці не абмяркоўвалася ніводнай сур’ёзнай беларускай палітычнай сілай.

Змаганне за сваю дзяржаўнасць


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: