Калектывізацыя

У 1925 г. падчас XIV З’езда ВКП(б) Сталін заявіў, што для канчатковай перамогі сацыялізму ў свеце неабходнай з’яўляецца індустрыялізацыя Савецкага Саюза. Мілітарысцкія планы Сталіна вызначалі галоўныя напрамкі развіцця прамысловасці. У асноўным планавалася разбудова машынабудавання і металаапрацоўкі, неабходных для тэхнічнага абсталявання арміі, якая мела падтрымоўваць “пралетарскія рэвалюцыі” ў свеце. Планаваныя гіганцкія гаспадарчыя мерапрыемствы патрабавалі мабілізацыі сродкаў унутры СССР, паколькі немагчымымі былі крэдыты ад замежнага капіталу, супраць якога меў быць выкарыстаны гэты мілітарны патэнцыял. Падаткавая абцяжаранасць прыватных прадпрымальнікаў у 1926—1928 гадах хутка давяла да заняпаду гэтага сектара гаспадаркі. Шматкратнае павышэнне сялянам нормаў абавязковых паставак збожжа, якое экспартавалася дзеля атрымання валюты неабходнай для закупкі машын і абсталявання, давяло да змяншэння зацікаўлення сялян прадукцыйнасцю працы, а гэта ў сваю чаргу адмоўна паўплывала на валавую вытворчасць у сельскай гаспадарцы. Выкананне планаў Сталіна, значанае чарговымі пяцігодкамі, патрабавала ўвядзення прынцыпу дармовай працы, рабскай сістэмы, свабоднага перамяшчэння рабочай сілы па ўсёй тэрыторыі СССР па загаду кіруючых цэнтраў, якія каардынавалі бальшавіцкую гаспадарчую стратэгію. Вынікам гэтага была крайняя аб’ектывацыя грамадства і чалавечай адзінкі.

У 1930—1940 гадах у Беларусі паўстала звыш тысячы новых прадпрыемстваў, з ліку якіх каля 400 працавала на карысць ваеннапрамысловага комплексу Савецкага Саюза. Вытворчасць астатніх толькі часткова прызначана была для спажывецкіх мэт. Большасць накіроўвалася на рэалізацыю чарговых інвестыцый або замарожваліся ў якасці мілітарных рэзерваў.

Другой мэтай індустрыялізацыі, апрача будовы ваеннапрамысловага комплексу, была змена структуры грамадства шляхам павелічэння колькасці рабочага класа за кошт зненавіджванага камуністамі сялянскага асяроддзя. На працягу дзесяці гадоў індустрыялізацыі колькасць рабочых у Беларусі павялічылася ў тры разы. У 1939 г. рабочыя разам з сем’ямі складалі 22 працэнты жыхароў рэспублікі. Былі гэта перш за ўсё сяляне, якіх з вёсак выгнала палітыка калектывізацыі.

Становішча рабочага класа ў СССР у перыяд індустрыялізацыі — адна з найменш вывучаных тэмаў гісторыі гэтай краіны. За вялікім прапагандысцкім матэрыялам амаль не відаць праўды. Нізкія заработныя платы рабочых у БССР прымушалі жанчын таксама паступаць на працу. Прапанаваліся ім перш за ўсё месцы ў галіне машынабудавання і металаапрацоўкі. Камуністычная прапаганда стварыла асаблівую мадэль раўнапраўя і эмансіпацыі савецкай жанчыны, якая працуе ў традыцыйна лічаных мужчынскімі прафесіях. Жанчына з кавальскім молатам або за рулём калгаснага трактара мела сімвалізаваць роўнасць савецкіх грамадзян у доступе да ўсіх прафесій. У такі спосаб рыхтаваліся таксама кадры для прамысловасці ў выпадку аб’яўлення ўсеагульнай мабілізацыі.

Раптоўны наплыў вясковага насельніцтва ў гарады ў трыццатых гадах выклікаў узнікненне вялікіх жыллёвых праблем. Новых рабочых пасялялі ў бараках, дзе ў адным памяшканні найчасцей кватараваліся па дзве сям’і. Пры разбудаванай сістэме пастаяннага нагляду за грамадзянамі забяспечвала гэта органам НКУС поўны кантроль рабочага асяроддзя.

У трыццатых гадах, у перыяд сталінскай мадэрнізацыі савецкай гаспадаркі, найбольш пацярпела сялянства. Калектывізацыя стала другім этапам грамадзянскай вайны, якая ў гэтым выпадку вялася супраць самай вялікай групы ўладальнікаў. У Беларусі калектывізацыя пачалася напрыканцы 1929 г. Большасць беларускіх камуністаў, у тым ліку народны камісар сельскай гаспадаркі Дзмітрый Прышчэпаў, не была прыхільнікамі сталінскай сельскагаспадарчай рэформы. Па гэтай прычыне калектывізацыя дасягнула тэмпаў толькі пасля іх арышту і прыгавору за добразычлівасць да “нацыяналдэмакратызму”. У палове 1929 г. толькі 1,4% сельскагаспадарчых угоддзяў належала калгасам і саўгасам. Да канца года гэты паказчык павялічыўся да 10% — у выніку добраахвотнай перадачы сялянамі зямлі ў саўгасы, якім мадэрную інфраструктуру прыдбала дзяржава. На працягу некалькіх месяцаў савецкая прапаганда пераканала частку сялян у тым, што праца ў саўгасах будзе лягчэйшай і больш прыбытковай чым на сваіх уласных гаспадарках.

Ад пачатку 1930 г. новыя камісары БССР, якімі былі прысланыя з Масквы дзеячы або павышаныя правінцыйныя партыйныя актывісты, шчыра выконвалі найбольш абсурдныя дырэктывы Крамля. У лютым 1930 г. Бюро ЦК КП(б)Б вырашыла калектывізаваць да веснавой сяўбы 80% сялянскіх гаспадарак. Быў гэта адказ правячых Беларуссю бальшавікоў на пастанову ЦК ВКП(б) “Аб тэмпе калектывізацыі і мерах дапамогі дзяржавы калгаснаму будаўніцтву”. Новыя ўлады БССР намерваліся за месяц поўнасцю змяніць структуру зямельнай уласнасці на тэрыторыі рэспублікі і дасягнуць такія тэмпы калектывізацыі, якіх нават не чакаў маскоўскі цэнтр. Шляхам насілля і тэрору да сакавіка 1930 г. канфіскавана было 58% сялянскай зямлі. Разам з зямлёй канфіскаваўся ўвесь інвентар — коні, каровы, свінні, а нават свойскія птушкі. Натуральнай рэакцыяй сялян сталі масавы зарэз жывёлы і хаванне запасаў мяса. Улады неўзабаве такія паводзіны прызналі праявай кулацкай контррэвалюцыі, што пацягнула за сабой усе паслядоўнасці, якія вынікалі з прынятых уладамі надзвычайных мер.

Рэквізаваная сялянская жывёла ў саўгасах і калгасах таксама падвяргалася масаваму зарэзу па прычыне адсутнасці корму і адпаведных будынкаў. У першых трох месяцах 1930 г. БССР страціла чвэрць усяго пагалоўя коней, кароў і свіней. Шэсць тысяч сялян, якія пратэставалі супраць калектывізацыі, былі сасланы ў Сібір. Далейшае фарсіраванне палітыкі калектывізацыі ў намечаным тэмпе пагражала развалам савецкай гаспадаркі і таму на пачатку красавіка 1930 г. у маскоўскай “Праўдзе” з’явіўся артыкул Сталіна, у якім партыйныя актывісты абвінавачваліся ў “здрадзе бальшавіцкім прынцыпам па аграрным пытанні”. Сталін асуджаў прымус і адсутнасць усведамлення сялян у мэтазгоднасці калектывізацыі. Крыху пазней, спасылаючыся на павучэнні Сталіна, да памылак і перагібаў прызнаўся Цэнтральны Камітэт ВКП(б). Кампанія асуджэння метадаў і людзей, якія нанеслі ўрон сельскай гаспадарцы на пачатку 1930 г., выклікала чарговую, непрадугледжаную бальшавікамі з’яву. Сяляне і партыйны апарат у глыбінцы ўспрынялі яе як згоду на выхад з калгасаў і саўгасаў. У красавіку і маі больш за 370 тыс. раней калектывізаваных гаспадарак вярнулася ва ўладанне сялян. У чэрвені дзяржаве або сельскагаспадарчым камунам належала толькі 11% угоддзяў у Беларусі. Аднак немагчыма было ў хуткім часе аднавіць пагалоўе свойскай жывёлы.

Савецкія ўлады аднак не адмовіліся ад калектывізацыі і рашылі яе ажыццявіць метадамі, якія не руйнавалі ўсёй гаспадаркі. Летам зноў сталі заганяць сялян у калгасы. Спачатку састаўляўся спіс інвентара, які потым рэквізаваўся разам з зямлёй. У снежні 1930 г. працэнт калектывізаванай зямлі павялічыўся да 15%, галоўным чынам за кошт найбольшых і самых прадукцыйных гаспадарак, а ў наступным годзе — да 50%. У ліпені 1931 г. ЦК КП(б)Б назначыў канчатковы тэрмін завяршэння калектывізацыі беларускай вёскі на снежань 1932 г. IV З’езд партыі бальшавікоў Беларусі назваў калгаснікаў галоўнай апорай савецкай улады.

Разам з ходам калектывізацыі нарастала супраціўленне сялян, якія стараліся абараніць сваю маёмасць. Многія земляробы мелі ўжо нагоду спазнаць умовы жыцця і працы калгаснікаў. Таму бараніліся яны ад лёсу, да якога прыгаварыла іх савецкая ўлада. У 1932 г., нягледзячы на безупынны націск улад, плошчы калгаснай і саўгаснай зямлі не павялічыліся. Для ажыццяўлення планаў бальшавіцкай партыі былі патрэбны іншыя меры. З 1933 года пачаліся праследаванні аднаасобнікаў. Падвяргаліся яны штрафаванням па розных выдуманых прычынах, вобыскам кватэр, арыштам без прад’яўляння прычын. Гэтыя метады, праўду кажучы, прымусілі частку сялян уступіць у калгасы або ўцячы ў горад, але былі заслабым стымулам каб гэтыя з’явы ўчыніць масавымі.

Разам з ходам калектывізацыі хутка падала прадукцыйнасць сельскагаспадарчай вытворчасці як у галіне вырошчвання збожжавых культур, так і ў жывёлагадоўлі. Дзяржава, ажыццяўляючы план развіцця машынабудаўнічай прамысловасці, патрабавала дарэмных харчоў. Часта з калгасаў забіралі нават тое зерне, якое было прызначана на пасяўны матэрыял. Зарплата калгаснікаў, якая пераважна выдавалася натурай, не дазваляла нават на біялагічнае праіснаванне сялянскай сям’і, пазбаўленай кавалка сваёй зямлі. Таму крадзеж харчоў стаў масавай з’явай. Каб прадухіліць празмернае змяншэнне нацыяналізаванай маёмасці, 7 жніўня 1932 г. Савет Народных Камісараў СССР прыняў пастанову “Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванні грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці”, якую падпісаў Сталін. Згодна з пастановай савецкага ўрада, за крадзеж калгаснай уласнасці суды павінны былі абвінавачаных прыгаворваць да расстрэлу з канфіскацыяй усёй маёмасці. У паасобных выпадках кара магла быць змякчана, але мінімальны прысуд не павінен быў быць ніжэй за 10 гадоў турэмнага зняволення. Паколькі прыгаворы да вышэйшай меры пакарання выносіліся за крадзеж некалькіх каласкоў збожжа на дзяржаўным полі, пастанова бальшавіцкіх камісараў паўсюдна называлася “законам пяці каласкоў”. У адпаведнасці з гэтым законам у Беларусі ў 1933—1934 гадах засуджаных было амаль 11 тыс. чалавек.

Паралельна з уступленнем у сілу “закона пяці каласкоў” павялічаны былі кантынгенты харчоў з калгасаў і ад аднаасобнікаў. Грамадскі кошт сталінскай аграрнай рэформы ў Беларусі быў папраўдзе меншы чым у Расіі і Украіне, дзе ад голаду памерла некалькі мільёнаў людзей, аднак і тут пацярпела некалькі тысяч ахвяр, а метады калектывізацыі шматлікіх яшчэ ўпорных сялянскіх аднаасобных гаспадарак сталі больш жорсткімі. Згодна з указаннямі бальшавіцкага кіраўніцтва, для паскарэння калектывізацыі ў вёскі былі накіраваны найбольш фанатычныя партыйныя работнікі і камсамольцы — прадстаўнікі рабочага класа. Прызначаліся яны на кіраўнічыя пасады ў калгасах і саўгасах і карысталіся шырокімі кампетэнцыямі, уключна з правам накіроўваць у суд іскавыя заявы з патрабаваннем пакараць абвінавачаных у парушэнні савецкага заканадаўства. Іх агратэхнічныя веды былі надта сціплыя, а рашэнні часта супярэчылі прынцыпам рацыянальнага гаспадарання.

Дзеля ўдасканалення калектывізацыйных працэсаў на раённым узроўні былі створаны палітычныя аддзелы КП(б)Б, якія мелі наглядаць за ўсімі ўстановамі, абавязанымі садзейнічаць паўставанню калгасаў. У снежні 1934 г. больш за 72% зямлі належала калгасам, а год пазней — 85%. У выніку ўведзеных рэформаў ураджайнасць збожжа з аднаго гектара на калгасным полі ўпала ў 1936 г. да 4,5 цэнтнера. Масавыя рэпрэсіі ахапілі самых багатых і найбольш прадпрымальных сялян. Іх ссылка ў канцэнтрацыйныя лагеры толькі адмоўна паўплывала на харчовы баланс краіны. У 1939 г. усё яшчэ 10% сельскагаспадарчых угоддзяў знаходзілася ва ўладанні аднаасобных сялянскіх гаспадарак.

У 1937—1938 гадах калгаснікам былі выдзелены невялікія зямельныя ўчасткі для вырошчвання бульбы і гародніны. Ураджай з гэтых участкаў не раз дазваляў праіснаваць сялянскім сем’ям. Зарплата калгаснікаў у 1928 г. складала 12 рублёў і была ўтрая ніжэйшая за аклад рабочых у прамысловасці.

Калектывізацыя давяла да таго, што юрыдычнае становішча сялян нагадвала сітуацыю да адмены прыгонніцтва ў Расійскай імперыі ў 1861 г. Бальшавікі напрыканцы трыццатых гадоў вярнулі амаль усе элементы расійскага феадальнага права. Сяляне былі пазбаўлены права на зямлю, пашпартоў, права на свабодную змену месцажыхарства. Тысячамі вывозілі іх у назначаныя месцы прымусовай работы. Розніца заключалася толькі ў тым, што распарадчыкамі іхнага лёсу былі не феадалы, а толькі партыйныя суды, якія аб’яўлялі прыгаворы “ад імя працоўнага народа гарадоў і вёсак”.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: