Беларуская Народная Рэспубліка

І Усебеларускі з’езд быў скліканы ў Мінску са згоды і пры фінансавай падтрымцы Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцей, якім кіраваў Іосіф Сталін. Хаця частка дэлегатаў — 300 чалавек — сабралася 5 снежня 1917 г., афіцыйна з’езд быў адкрыты два дні пазней. З розных бакоў Беларусі, а таксама Расіі і Украіны, прыбывалі прадстаўнікі беларускіх вайсковых фарміраванняў, губернскіх земстваў, павятовых і гмінных самаўрадаў, прафсаюзаў, бежанскіх камітэтаў. Агулам да 14 снежня зарэгістраваліся 1872 дэлегаты. У іх ліку пераважалі ваенныя, настаўнікі і чыноўнікі. У з’ездзе прымала ўдзел звыш 700 афіцэраў і унтэрафіцэраў усіх расійскіх гарнізонаў. Пераважная большасць дэлегатаў выводзілася з сялянскага саслоўя. Старшынёй З’езда быў выбраны прадстаўнік Цэнтральнай вайсковай беларускай рады Іван Серада. Да 14 снежня працягваліся працэдурныя ўзгадненні паміж прыхільнікамі розных палітычных плыняў і распрацоўка дакументаў, якія мелі разглядацца З’ездам. У тым часе праводзіліся лекцыі для дэлегатаў па гісторыі і актуальнай сітуацыі краіны. У ходзе пасяджэнняў прадстаўнікі Віленшчыны, Гродзеншчыны, Віцебшчыны і Міншчыны рашуча выказваліся за палітычную аўтаномію Беларусі. Дэлегаты Магілёўшчыны, Смаленшчыны і вельмі ўплывовыя прадстаўнікі беларускіх сацыялістычных партый Петраграда выказваліся за адзінства расійскай дзяржавы і гарантаванне беларусам выключна свабоды культурнага развіцця. 17 снежня З’ездам была прынята рэзалюцыя, у якой сцвярджалася, што “замацоўваючы свае правы на самавызначэнне, абвешчанае расійскай рэвалюцыяй і прымаючы рэспубліканскі строй на абшарах Беларускай Зямлі, дзеля паратунку Роднага Краю і дзеля забеспячэння яго ад раздзелу і адлучэння ад Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі, Першы Усебеларускі З’езд ухваляе: безадкладна ўтварыць са свайго складу орган краёвай улады, у асобе Усебеларускай Рады Сялянскіх, Салдацкіх і Рабочых Дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання Краем, уступаючы ў дзелавыя зносіны з цэнтральнаю ўладаю адпаведнай перад саветамі рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў”. З’езд паспрабаваў устанавіць беларускую савецкую ўладу без ведама Абласнога выканаўчага камітэта Заходняй вобласці і фронту. 17 снежня каля поўначы будынак, у якім праводзіўся З’езд, быў ачэплены падраздзяленнямі Заходняга фронту. Па загаду Мяснікова прэзідыум З’езда быў арыштаваны, а дэлегаты — разагнаны салдатамі. Бальшавікі занялі таксама сядзібы Вялікай беларускай рады, Цэнтральнай вайсковай беларускай рады і Беларускай сацыялістычнай грамады. Беларускія вайскоўцы зусім не былі падрыхтаваны да барацьбы з расійскімі бальшавікамі. Дарэчы, раней заяўлялі яны волю супрацоўнічаць з імі.

На думку некаторых гісторыкаў, разгон З’езда бальшавікамі быў выяўленнем самавольнасці мінскіх рэзідэнтаў Савета Народных Камісараў, дзеяннем, якое супярэчыла інтэнцыям цэнтральных улад. Сапраўднай прычынай — пісаў беларускі гісторык з Варшавы Юры Туронак — было імкненне З’езда стварыць свае органы савецкай улады, замест прэтэндуючых на яе чужых камісараў, якія, так як Мураўёў ці Керанскі, не прызнавалі беларускага народа і яго права на самавызначэнне. Савецкія гісторыкі І Усебеларускі з’езд паслядоўна называлі антысавецкім, які імкнуўся ўстанавіць буржуазную рэспубліку і адлучыць яе ад Савецкай Расіі.

З’езд, яшчэ да разгону, паспеў выбраць Раду, якая засядала 18 снежня 1917 г. і стварыла пастаяннае нацыянальнае прадстаўніцтва — Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда. Старшынёй Выканаўчага камітэта і кіраўніком ведамства замежных спраў стаў Язэп Варонка, ваенныя справы былі даручаны Сымону РакМіхайлоўскаму, а ўнутраныя — Івану Сераду. У Выканкам з 11 чалавек неўзабаве былі ўключаны прадстаўнікі нацыянальных меншасцей: паляк Аляксандр Прыстар, яўрэі Гутман і Зарубавель (Віткін), літовец Мічуліс і расіянін Злобін. Такім чынам у Мінску стварыліся быццам бы два ўрады: яўны — савецкі і нелегальны — беларускі. Галоўная слабасць Выканаўчага камітэта заключалася ў адсутнасці фінансавых сродкаў на якую—небудзь дзейнасць. Выканкам не мог нават забяспечыць харчамі вайсковых падраздзяленняў, якія падпарадкаваліся яму як палітычнай уладзе ў Беларусі.

У студзені 1918 г. пачаліся сутычкі паміж раскінутымі па ўсёй Беларусі падраздзяленнямі 1-га польскага корпуса генерала Юзафа ДоўбарМусніцкага з часцямі расійскай арміі Заходняга фронту, якія кантраляваліся бальшавікамі. У бальшавіцкай прапагандзе ўсе палітычныя сілы, якія аспрэчвалі іх права на ўладу, былі абвінавачаны ў спрыянні палякам. За выдуманае супрацоўніцтва з палякамі 31 студзеня былі арыштаваны ў Мінску кіраўнікі Цэнтральнай беларускай вайсковай рады Канстанцін Езавітаў і Васіль Захарка. Гэта стала прычынай далейшай дэзарганізацыі працэсу стварання беларускіх ваенных структур. Бальшавікі распусцілі большасць беларускіх часцей у радах сваёй арміі, салдат раскінулі, разаслалі па дамах або па іншых падраздзяленнях паза тэрыторыяй Беларусі.

У лютым 1918 г. у Брэсце пачаліся мірныя перагаворы паміж Савецкай Расіяй і Нямеччынай. Па жаданні старшыні расійскай дэлегацыі Льва Троцкага прадстаўнікі беларускага Выканкама не былі немцамі ўпушчаны на мірную канферэнцыю. Справа дзяржаўнай прыналежнасці Беларусі не знаходзілася менавіта ў коле іх зацікаўленняў. Немцы патрабавалі ад Расіі хуткай сплаты кантрыбуцыі, а ў сувязі з замаруджваннем расійскімі прадстаўнікамі падпісання адпаведных абавязацельстваў, 18 лютага нямецкая армія наступіла на ўсход і дайшла да Дзвіны і Дняпра, займаючы амаль усю Беларусь.

Немцы лічылі гэты абшар часткай тэрыторыі Расіі, а часова быў ён для іх закладам за вымаганую кантрыбуцыю. І менавіта таму яны самі імкнуліся сыскаць з Беларусі частку пабораў, якія — на іх погляд — была ім вінавата Расія.

Пачуўшы пра набліжэнне нямецкіх войскаў бальшавікі ўцяклі з Мінска. Расійскае войска, паралізаванае пацыфісцкай прапагандай, нават не думала супраціўляцца немцам. У ахопленым эвакуацыйным хаосам Мінску змагацца за ўладу пачалі наспех арганізаваныя малалікія польскія падраздзяленні і астаткі беларускіх фарміраванняў. Палякі занялі пакінутыя бальшавікамі ваенныя скдады і ўзброілі некалькі соцень дабравольцаў. Вызваленым з турмы кіраўнікам Цэнтральнай беларускай вайсковай рады таксама ўдалося згуртаваць пару соцень салдат, якія былі ахвотны змагацца за стратэгічныя аб’екты ў горадзе. Нямнога большыя сілы, галоўным чынам розныя вартаўнічыя службы, былі на расійскім баку. Змаганне ўсіх з усімі, якое працягвалася больш за дзесяць гадзін, было перапынена ўваходам у сталіцу 21 лютага нямецкіх войскаў.

У гэты ж дзень Выканаўчы камітэт Рады І Усебеларускага з’езда выдаў Першую ўстаўную грамату да народаў Беларусі, у якой абвясціў сябе найвышэйшай цывільнай уладай у Беларусі. Спасылаючыся на права народаў на самавызначэнне, аўтары граматы сцвярджалі, што ўлада ў Беларусі павінна фарміравацца згодна волі народаў, якія насяляюць краіну. Гэты прынцып павінен ажыццяўляцца шляхам дэмакратычных выбараў ва Усебеларускі Устаноўчы Сойм. Выканкам стварыў Народны Сакратарыят Беларусі, а яго старшынёй прызначыў Язэпа Варонку. У згаданай грамаце ўпершыню не гаварылася пра аўтаномію і неабходнасць заставацца ў складзе расійскай федэрацыі. Яе тэкст на беларускай і расійскай мовах быў расклеены па ўсім Мінску.

Беларускія дзеянні не мелі большага значэння, паколькі ўся ўлада ў Беларусі знаходзілася ў руках камандзіраў нямецкай арміі. 22 лютага загадалі яны польскім падраздзяленням пакінуць Мінск, а беларускім — скласці зброю. Не жадаючы ўскладняць адносіны з Расіяй, немцы не прызналі беларускага ўрада, занялі сядзібу Народнага Сакратарыята, рэквізавалі ягоную маёмасць, скінулі з будынкаў беларускія нацыянальныя сцягі і забаранілі членам урада пакідаць горад. Аднак пад канец лютага дайшло да перагавораў паміж Сакратарыятам і нямецкай ваеннай адміністрацыяй, у выніку якіх акупанты прызналі ўрад Варонкі прадстаўніцтвам беларускага несельніцтва. Немцы дазволілі Сакратарыяту весці легальную дзейнасць на тэрыторыі Міншчыны, галоўным чынам у галіне арганізавання лакальнай адміністрацыі, школьніцтва і выдавецкага руху.

9 сакавіка Выканаўчы камітэт Рады І Усебеларускага з’езда выдаў Другую ўстаўную грамату, у якой сцвярджалася, што “пасля трох з паловаю вякоў няволі ізноў на ўвесь свет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць”. Выканкам абвясціў узнікненне Беларускай Народнай Рэспублікі, вызначыў яе межы і часовы лад. Беларуская дзяржаўнасць — паводле граматы — павінна расцягвацца “ў рубяжах рассялення і лічэбнай перавагі беларускага народа”. Да часу правядзення свабодных выбараў ва Устаноўчы Сойм выканаўчая ўлада мела належыць Народнаму Сакратарыяту.

Паколькі Выканкам быў легальным, прызнаным немцамі прадстаўніцтвам насельніцтва Беларусі, яго структуры пачалі хутка разрастацца. Гарнуліся да яго перш за ўсё земскія і гарадскія самаўрады, якія пабачылі рэальную сілу, здольную стрымаць грабежніцтва нямецкага войска. 9 сакавіка Выканкам абвясціў сябе Радай Беларускай Народнай Рэспублікі і ўзяў на сябе функцыі часовай заканадаўчай улады. Захоп усёй тэрыторыі Беларусі немцамі дазволіў аб’яднаць намаганні дзеячаў двух цэнтраў — віленскага і мінскага. Браты Іван і Антон Луцкевічы і Вацлаў Ластоўскі, якія ўсю нямецкую акупацыю знаходзіліся ў Вільні, канчаткова адракліся ад планаў стварэння канфедэратыўнай літоўскабеларускай дзяржавы, пасля таго як літоўцы 19 лютага аб’явілі незалежнасць. Прыклад Літвы быў таксама ўказальнікам для віленскіх беларускіх дзеячаў. Апрача таго яны меркавалі, што немцы, так як літоўцаў, будуць таксама падтрымоўваць беларусаў. 18 сакавіка Віленская беларуская рада далучылася да Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Павялічаная на прадстаўнікоў усіх зямель і асяроддзяў БНР 25 сакавіка 1918 г. абвясціла незалежнасць Беларусі. У яе састаў мела ўваходзіць Магілёўшчына, Міншчына, Віцебшчына, Гродзеншчына (з Беластокам), беларускія часткі Віленшчыны, Смаленшчыны і Чарнігаўшчыны. Палессе, згодна Брэсцкаму мірнаму дагавору, было перададзена Украіне. Рашэнне аб абвяшчэнні незалежнасці не было Радай прынята аднадушна. Многія яе члены выступалі супраць парвання сувязей з Расіяй. Аднак большасць паднялася драматычнай спробы будаваць сваю дзяржаўнасць, спадзеючыся знайсці падтрымку немцаў. 25 красавіка правадыры Рады з Іванам Серадой на чале выслалі нямецкаму кайзеру Вільгельму ІІ тэлеграму з падзякай за вызваленне Беларусі і прапановай заключыць нямецкабеларускі саюз. Апрача Серады тэлеграму падпісалі Раман Скірмунт, які быў ініцыятарам гэтай дыпламатычнай акцыі, Павел Аляксюк, Язэп Лёсік і Пётр Крачэўскі. Немцы на беларускія прапановы адказу не далі. Гвалтоўная змена арыентацыі з прарасійскай на пранямецкую выклікала востры канфлікт унутры беларускага руху. Па гэтай прычыне ў адстаўку падаўся кабінет Язэпа Варонкі, а самая вялікая беларуская арганізацыя — Беларуская сацыялістычная грамада — распалася на тры партыі: Беларускую партыю сацыялістаўрэвалюцыянераў (БПСР), Беларускую сацыялдэмакратычную партыю (БСДП) і Беларускую партыю сацыялістаўфедэралістаў (БПСФ). “Рэвалюцыянеры” выказваліся за супрацоўніцтва з Расіяй і бальшавікамі, “федэралісты” хацелі саюзу з Расіяй, але не мелі ахвоты кантактавацца з бальшавікамі, а “сацыялдэмакраты” ў сваю чаргу выразна не фармулявалі сваіх адносін да Расіі і засяродзіліся на ратаванні аўтарытэту Рады і стваранні нацыянальнага войска.

Новы старшыня Нацыянальнага Сакратарыята Раман Скірмунт гатовы быў далей шукаць шляхі паразумення з немцамі, але Рада блакіравала ўсялякія ініцыятывы ў гэтым напрамку. Немцы са свайго боку не рабілі ніякіх істотных канцэсій на карысць беларусаў. Наадварот, рашуча тармазілі ўсялякія ініцыятывы па стварэнні беларускіх вайсковых, паліцэйскіх ці ваенізаваных структур. Немцы баяліся, што могуць яны ўзмоцніць спантанны партызанскі сялянскі рух, арганізаваны з мэтай абароны ад грабяжоў маёмасці, якія праводзіліся нямецкімі салдатамі ў рамках сыскання кантрыбуцыі, наложанай на Расію ў Брэсце.

У кастрычніку 1918 г. прэм’ерміністрам урада стаў Антон Луцкевіч. З прычыны адсутнасці ўмоў для ажыццяўлення палітыкі на тэрыторыі сваёй краіны засяродзіўся ён на дыпламатычнай дзейнасці, галоўным чынам на пошуках сярод суседзяў саюзнікаў прыхільных ідэі незалежнай Беларусі. Кіраўніка ведамства вайсковых спраў палкоўніка Канстанціна Езавітава направіў ён у Коўна і Варшаву, а сам падаўся ў Кіеў. Не знайшоўшы ў сталіцах новаствораных дзяржаў ніякіх абяцанняў падтрымкі, Луцкевіч прыняў запрашэнне Леніна на перагаворы ў Маскве. Невядома як праходзілі гэтыя размовы, аднак Луцкевіч ужо больш не прабаваў дамаўляцца з бальшавікамі.

Пад канец лістапада 1918 г. немцы сталі эвакуіраваць свае войскі з Беларусі. Пакінутыя імі тэрыторыі займала Чырвоная Армія. 10 снежня бальшавікі былі ўжо ў Мінску. Два дні раней у Вільню падалася Рада БНР і ўрад Антона Луцкевіча. У Беларусі не было ніякіх войскаў, якія прабавалі б аказваць супраціўленне нешматлікім савецкім падраздзяленням, таму што немцы намнога больш паспяхова расправіліся з беларускімі вайсковымі структурамі чым бальшавікі.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: