Іскавая заява

аб спагнанні сродкаў на ўтрыманне бацькі

Мне 73 гады, я не працую, пенсію па старасці атрымліваю ў памеры 240 рублёў, маю матэрыяльную патрэбу, таму што іншых крыніц даходаў не маю.

Мой сын, Маракоў Яўген Сяргеевіч, 1962 г. н., матэрыяльную дапамогу мне добраахвотна не аказвае.

Адказчык працуе ў РБУ № 13 г. Гродна галоўным інжынерам, яго заработак складае 1 200 000 рублёў. Сын пражывае адзін і мае магчымасць аказваць мне матэрыяльную дапамогу.

У адпаведнасці з артыкуламі 100, 102 КабШС Рэспублікі Беларусь і артыкулам 6 ГПК Рэспублікі Беларусь

П Р А Ш У:

1. Штомесячна ўтрымліваць з адказчыка, Маракова Яўгена Сяргеевіча, сродкі на маё ўтрыманне па 300 000 рублёў штомесячна, пачынаючы з 20 лютага 2008 г. да змянення матэрыяльнага і сямейнага становішча бакоў.

Дадатак:

1. Даведка аб заработнай плаце адказчыка.

2. Даведка аб складзе сям’і адказчыка.

3. Даведка аб пенсіі істца.

4. Копія іскавай заявы.

Дата Подпіс

3. Моўныя асаблівасці афіцыйна-справавога стылю

Для напісання дакументаў, заканадаўчых актаў выкарыстоўваецца адна з разнавіднасцей літаратурнай мовы – афіцыйна-справавы стыль. Выдзяляюцца два тыпы нормаў, якія дзейнічаюць у сферы пісьмовай дзелавой мовы: 1) тэкставыя нормы, якія рэгламентуюць пабудову тэксту дакумента, г.зн. семантычную і фармальную арганізацыю ўсяго тэксту і яго частак; 2) моўныя нормы, якія рэгламентуюць магчымасць ужывання моўных адзінак. Тэкставыя і моўныя нормы замацаваны ў ДАСТах, што забяспечвае уніфікацыю і стандартызацыю службовых дакументаў. Адзначым некаторыя з іх.

Лексічны ўзровень:

1) Словы ўжываюцца толькі ў прамым значэнні.

2) Шырока выкарыстоўваюцца тэматычна абумоўленыя спецыяльныя словы і тэрміны (юрыдычныя, дыпламатычныя, ваенныя, бухгалтарскія, спартыўныя і г.д.). У прыватнасці, юрыдычная тэрміналогія служыць для перадачы прававых катэгорый і паняццяў (права, дыскрэдытацыя, апеляцыя, юрысдыкцыя, правапарушэнне, затрыманне, цялесныя пашкоджанні). У грамадска-палітычную і іншыя навуковыя тэрміналогіі ўваходзіць лексіка, звязаная з вытворчай дзейнасцю прадпрыемстваў, арганізацый, асобных работнікаў (прадукцыйнасць, нарматыў, тарыф, сабекошт, прыбытак, дакументацыя, штаты). Асобна можна вылучыць назвы працэсаў, якія патрабуюць дакументальнага афармлення (выкананне, кіраванне, браніраванне, звальненне, фінансаванне, падпарадкаванне). Сустракаюцца спецыфічна бухгалтарскія тэрміны: каштарыс, рахунак. Увогуле тэрміналагізаванасць – адна з вызначальных рыс афіцыйна-справавой мовы. Тэрміны, не маючы эмацыянальнасці і вобразнасці, абстрагаваныя ад адзінкавага і выпадковага, тут маюць канструктыўнае значэнне, з’яўляюцца неабходнымі лексічнымі сродкамі.

3) Дапускаецца выкарыстанне абрэвіятур, складанаскарочаных найменняў дзяржаўных устаноў, арганізацый, таварыстваў, партый, абумоўленае імкненнем да сцісласці: Мінфін, Мінюст, АТН, АДСС (адзіная дзяржаўная сістэма справаводства). У пісьмовай форме выкарыстоўваюцца шматлікія графічныя скарачэнні: нам. (намеснік), др. арк. (друкаваны аркуш), ф-ка (фабрыка). Некалькі слоў пра іх. Пранікненне скарачэнняў у дзелавую дакументацыю тлумачыцца трыма прычынамі: імкненнем да эканоміі месца, высокай частотнасцю асобных слоў і словазлучэнняў і жаданнем пазбегнуць паўтарэнняў доўгіх назваў. Апрача таго, неабходна помніць, што дзелавыя пісьмы не павінны быць большымі за дзве-тры старонкі машынапіснага тэксту.

Графічныя скарачэнні бываюць агульнапрынятыя, якія не патрабуюць тлумачэння, і ўмоўныя, што сустракаюцца ў спецыяльнай літаратуры, напрыклад, у слоўніках, і становяцца зразумелымі толькі пры наяўнасці спіса скарочаных напісанняў. Да агульнапрынятых адносяцца скарачэнні, якія ўжываюцца на пісьме: а) пры абазначэнні лічбамі гадоў і стагоддзяў: г., гг., ст.; б) пасля пералічэння: і г.д., і інш., і пад., г.зн.; в) пры спасылках: гл., напр.; г) іншыя скарачэнні: акад., б. – былы, зб. – зборнік, р-н, вобл.

Ёсць пэўныя патрабаванні пры графічным скарачэнні: 1) Пры скарочаным напісанні ставіцца кропка і захоўваюцца знакі і пачатковыя літары, уласцівыя поўнаму напісанню: В. – Д.к. – Волга-Данскі канал; 2)Стандартныя скарочаныя абазначэнні метрычных мер пішуцца без кропак: га – гектар, см – сантыметр, кг – кілаграм; 3) Пры спалучэнні дзвюх аднолькавых зычных скарачэнне робіцца пасля першай зычнай. А пры збегу дзвюх або некалькіх зычных – пасля апошняй зычнай: камен. вугаль – каменны вугаль, бухг. – бухгалтэрыя; 4) Нельга скарачаць на галосную літару і на й, ў, ь; 5) Скарочаныя літарныя абазначэнні складаных прыметнікаў пішуцца праз злучок: с. – г. – сельскагаспадарчы. Праз злучок пішуцца і графічныя скарачэнні назоўнікаў, калі бярэцца першая і апошняя ці дзве апошнія літары: з-д – завод, в-аў – востраў.

4) Адсутнічаюць экспрэсіўныя моўныя сродкі (назоўнікі з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі – крынічанька, мовачка і інш.), жаргонныя і дыялектныя словы.

5)Прысутнічаюць функцыянальна абумоўленыя лексічныя паўторы, якія дапамагаюць пазбегнуць няправільных тлумачэнняў (Устанаўленне, замена і перагляд нормаў працы ажыццяўляецца наймальнікам з удзелам прафсаюзаў. Аб устанаўленні, замене і пераглядзе нормаў працы работнікі павінны быць азнаёмлены не пазней за адзін месяц).

6) Ужыванне слоў, не прынятых у іншых стылях: вышэйпамянёны, вышэйадзначаны, паскаральнасць, неліквіднасць і г.д. Да іх належаць таксама ўстойлівыя словазлучэнні: касацыйная скарга, акт непадпарадкавання, падпіска аб нявыездзе, мець значэнне, займаць пасаду і інш.

7) Выкарыстоўваюцца назвы асоб па іх функцыі ў афіцыйна-справавых адносінах: арандатар, кватэранаймальнік, ісцец, сведка, падрадчык, усынавіцель, спажывец і інш.

8) Назвы дакументаў: загад, паведамленне, пратакол, інструкцыя, службовае пісьмо, даведка.

9) Абазначэнні частак дакумента (парадак дня, дадатак), разнастайных дзеянняў асоб (прысутнічалі, слухалі), службовых працэдур па ўзгадненні і зацвярджэнні: (загадваю, не пярэчу).

10) Актыўна выкарыстоўваюцца аддзеяслоўныя назоўнікі, якія надаюць выказванню стрымана-строгую, «халодную» танальнасць: уніфікацыя, утрыманне, узгадненне, захоўванне, устанаўленне, зацвярджэнне, размеркаванне.

11) Устойлівыя словазлучэнні ў афіцыйным стылі пазбаўлены вобразнасці, эмацыянальнасці; тут адлюстроўваецца імкненне да стандартызацыі маўлення. Словазлучэнні часта выкарыстоўваюцца ў назвах дакументаў (пасведчанне аб нараджэнні, атэстат аб сярэдняй адукацыі, пасведчанне аб заключэнні шлюбу), у якасці стандартных канструкцый (у мэтах забеспячэння, на аснове вышэйпададзенага, адзначаны наступныя недахопы, заслухаўшы і абмеркаваўшы).

12) Лексічную аснову афіцыйна-справавой мовы, як і іншых стыляў, складаюць нейтральныя агульнаўжывальныя лексічныя сродкі.

Марфалагічны ўзровень:

1) Шырокае ўжыванне інфінітываў (упаўнаважыць, забяспечыць, зацвердзіць, прыняць). Даволі часта пры інфінітывах ужываюцца словы неабходна, абавязаны, мае права і пад. Фінансаванне названага мерапрыемства неабходна здзейсніць за кошт сродкаў...

2) Насычанасць сказаў аддзеяслоўнымі назоўнікамі на – нне-, –ццё, з прэфіксам – не-, –ня-: выкананне, павелічэнне, развіццё, недагляд, нявыплата, недапрацоўка і інш.

3) Частае выкарыстанне дзеясловаў цяперашняга часу ў значэнні сталага дзеяння, якое неабходна выконваць (Суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці, якія ўчынілі эканамічныя правапарушэнні, нясуць (=павінны несці) адказнасць на падставе актаў заканадаўства).

4) Шырокае ўжыванне назоўнікаў са зборным значэннем: дырэкцыя, адміністрацыя, кіраўніцтва, калегія, вучоны савет, камісія і пад.

5) Пашыранае функцыянаванне колькасна-іменных спалучэнняў: шэсць супрацоўнікаў, 10 кліентаў.

6) Замест дзеясловаў ужыванне сінанімічных спалучэнняў назоўніка з дзеясловам: дапамагчы – аказаць дапамогу, праверыць – правесці праверку, адрамантаваць – выканаць рамонт.

7) Напісанне колькасных лічэбнікаў арабскімі лічбамі: Было забракавана 25 машын; парадкавыя лічэбнікі даюцца з абавязковым склонавым канчаткам: выраб 3-га гатунку.

8) Рэдка ў афіцыйным стылі ўжываюцца выклічнікі, а таксама займеннікі 1-й і 2-й асобы і адпаведныя асабовыя формы дзеяслова.

Сінтаксічны ўзровень:

1) Галоўным прынцыпам канструявання сказаў з’яўляецца прамы парадак слоў, г.зн. дзейнік знаходзіцца перад выказнікам, дапасаванае азначэнне – перад азначаемым словам, акалічнасць спосабу дзеяння – перад дзеясловам-выказнікам, прамое дапаўненне – пасля слова, да якога яно адносіцца.

2) Сінтаксіс характарызуецца падкрэсленай кніжнасцю, «халоднасцю». Сказы поўныя, апавядальныя, як правіла, двухсастаўныя.

3) Ужыванне пасіўных канструкцый: аплата працы ажыццяўляецца на аснове пагадзінных або месячных тарыфных ставак.

4) Наяўнасць канструкцый са складанымі злучнікамі і адыменнымі прыназоўнікамі: у выніку таго што, дзякуючы таму што, нягледзячы на тое што, разам з тым, з мэтай, пры дапамозе, згодна з, у святле і інш.

5) Характэрна ўжыванне стандартных складаных сінтаксічных канструкцый, клішэ. Пры неабходнасці выкарыстоўваюцца надрукаваныя бланкі і пэўныя формы, якія даюцца ў спецыяльных даведніках.

6) Звычайна ў дакументах выкарыстоўваюцца безасабовыя і інфінітыўныя канструкцыі са значэннем імператыўнасці, неабходнасці (даручыць старасце групы, неабходна павысіць, дазволіць студэнтам), а таксама залежныя звароты тыпу: кандыдатам у дэпутаты вылучаны; даклад быў выслуханы.

7) Асабовыя канструкцыі ўжываюцца толькі ў пэўных сітуацыях. Напрыклад, у даручэнні, распісцы пасля займенніка «я» неабходна назваць прозвішча, імя і імя па бацьку, месца пражывання. Пасля замены ў дзелавых тэкстах аднаго наймення прадмета або асобы другім на гэта спецыяльна ўказваецца: Кавалёў Мікалай Іванавіч, які ў далейшым называецца субпадрадчык...

8) Сказы характарызуюцца наяўнасцю аднародных членаў, адасобленых груп, пабочных і ўстаўных канструкцый: Грамадскія арганізацы, працоўныя калектывы і сходы ваеннаслужачых па воінскіх часцях могуць выступаць у падтрымку кандыдатур, вылучаных іншымі грамадскімі арганізацыямі, працоўнымі калектывамі або сходамі ваеннаслужачых па воінскіх часцях, а тасама выбіраць давераных асоб кандыдатаў у народныя суддзі.

Веданне адзначаных моўных асаблівасцей афіцыйна-справавога стылю, безумоўна, будзе садзейнічаць правільнаму афармленню дакументаў рознага тыпу.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: