Адміністрацыйна-арганізацыйныя дакументы

У дадзеную групу дакументаў уваходзяць план, кантракт, дагавор, справаздача і некаторыя іншыя. Так, у справаздачы расказваюць, што і як выканана за адпаведны тэрмін. Гэты дакумент не мае строгай формы. Кожны, хто піша справаздачу, павінен паказаць, як выконвалася заданне, якія цяжкасці давялося пераадолець і што дала праца. У канцы справаздачы пажадана зрабіць выснову і даць свае прапановы. Як і кожная афіцыйная папера, справаздача павінна мець подпіс і дату.

Прыкладны тэкст:

Спаваздача аб педагагічнай практыцы па беларускай мове і літаратуры студэнткі 5 курса беларускага аддзялення факультэта філалогіі Смолік Надзеі Фёдараўны

Я. Смолік Надзея Фёдараўна, праходзіла педагагічную практыку па беларускай мове і літаратуры ў 9 «Б» класе школы-ліцэя № 1 г. Гродна з 30 студзеня па 25 сакавіка 2006 г.

Падчас практыкі мною была выканана наступная праца:

- І тыдзень (30. 01. – 04. 02.): наведванне ўрокаў у 9 «Б» класе, знаёмства з вучнямі; азнаямленне з задачамі вучэбнай і выхаваўчай працы;

- ІІ-УІІІ тыдзень (06. 02. – 25. 03.):

а) вучэбная праца: правядзенне ўрокаў па беларускай мове і літаратуры; правядзенне мерапрыемства па прадмеце «Беларуская мова»;

б) выхаваўчая праца: індывідуальная праца з навучэнцамі (анкетаванне, вывучэнне асобы вучня і ўсяго класа з мэтай псіхолага-педагагічнай характарыстыкі, правядзенне ўнутрыкласнага педагагічнага мерапрыемства);

в) праца ў дапамогу класнаму кіраўніку: праверка дзённікаў.

Урокі па беларускай мове і літаратуры былі праведзены па тэмах, прадугледжаных вучэбнай праграмай (па беларускай мове – праца над знакамі прыпынку ў бяззлучнікавых складаных сказах і ў сказах з рознымі відамі сувязі, па беларускай літаратуры – вывучэнне беларускй літаратуры 50 – 80-х гг. ХХ ст.).

Усяго мною праведзена 27 урокаў (14 па мове, 13 па літаратуры), сярод іх:

- 4 заліковыя ўрокі па мове і 4 заліковыя ўрокі па літаратуры;

- 1 адкрыты ўрок па мове «Працяжнік у бяззлучнікавым складаным сказе» і 1 адкрыты ўрок па літаратуры «Жыццё і творчасць А. Макаёнка».

На маю думку, самымі ўдалымі па мове былі ўрокі па тэмах «Двукроп’е ў бяззлучнікавым складаным сказе». Цяжкасці адчуваліся на ўроках, прысвечаных развіццю маўлення (у прыватнасці, пры разглядзе тэмы «Пісьмовы падрабязны пераказ мовазнаўчага артыкула»).

Па літаратуры, напэўна, найбольш паспяховымі былі ўрокі па вывучэнні твора А. Макаёнка «Зацюканы апостал», што абумоўлена актуальнасцю праблем, узнятых у п’есе. Складаным жа для вучняў пры разглядзе паэзіі 50-80 гг. ХХ ст. з’яўляецца аналіз лірычных твораў.

Трэба адзначыць, што дзеці на ўроках працавалі актыўна, імкнуліся выказваць свае думкі на тыя ці іншыя праблемы. Пры правядзенні мерапрыемстваў вучні з задавальненнем выконвалі розныя даручэнні, праяўлялі творчую ініцыятыву.

Добразычлівыя адносіны склаліся ў мяне як з класным калектывам, так і з настаўнікам па беларускай мове і літаратуры, а таксама з класным кіраўніком. Менавіта педагогі дзяліліся сваім вопытам, давалі парады і кансультацыі, аказвалі псіхалагічную дапамогу.

У заключэнні хацелася б дадаць, што практыка з’яўляецца добрым пачаткам педагагічнага вопыту, карыснага для будучай працы настаўніка.

30 сакавіка 2006 г. Н. Ф. Смолік


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: